Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(93)/2020
Жыццё Касцёла
Год Яна Паўла ІІ
Тэалогія
Кшыштаф ПАЛЫС ОР
ПЕРАМОЖАНЫЯ БОГАМ
Спадчына

ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ
Пераклады
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Успаміны

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ

ЦІХУТКАЙ МАЛІТВАЮ
Проза
Прэзентацыя
Нашы святыні

ЮРАВІЦКІ ЕЗУІЦКІ КАСЦЁЛ

ЗБАЎЦА НА ГАЎБЦЫ

Зміцер ДАВІДОЎСКІ

ЮРАВІЦКІ ЕЗУІЦКІ КАСЦЁЛ

Пачатак XVII стагоддзя. Вёска Юравічы. На Вадолічах, крыху ніжэй за руіны княжацкага замка ХІІІ стагоддзя, на грушы з’явіўся абраз Маці Божай. Па вузкай сцяжынцы ішла маладая кабета Амелія, якая жыла побач з замкам. Шмат гадоў яна хадзіла гэтай дарогай на сяло і назад, асабліва калі там ладзіўся кірмаш, на якім можна было набыць тканіну на сукенку, гладышы, чыгункі і іншыя прылады для гаспадаркі.

Амелія была маладая і незамужняя жанчына, якой усё неабходна было рабіць самой. Вось ідзе яна з кірмашу дамоў і заўважае цудоўнае з’явішча — на грушы, міма якой яна хадзіла мноства разоў, невядома адкуль з’явіўся абраз Маці Божай. І з’явіўся ён менавіта тады, калі Амелія хадзіла па кірмашы. Што рабіць? Не доўга думаючы, пабегла яна да айца Марціна з гэтай навіной. Той уважліва выслухаў дзяўчыну і сказаў, што сам хоча глянуць на гэта здарэнне.

Прывяла Амелія айца Марціна да той самай грушы і паказала абраз Маці Божай на ёй. Манах, доўга не разважаючы, сказаў так: «Давайце паназіраем за Яе паводзінамі. Гэта Маці Божая, і Яна павінна сама сабе абраць месца жыхарства». Так і вырашылі. Назаўтра гэты абраз з’явіўся на шасце, які забыўся, відаць, нейкі падарожны. Шэст быў уваткнуты ў зямлю на гары, якая знаходзілася на левым баку ірва, што раздзяляў адну гару на дзве — правую і левую. Правая — з рэшткамі замка Вадолічы і хатай Амеліі, левая — з мястэчкам Юравічы.

У далёкай старажытнасці гэта была адна гара, але прырода зрабіла сваю справу: ляднік і найвялікшыя паводкі падзялілі яе на дзве, і паміж імі ўтварыўся вялікі і вельмі глыбокі роў. Сёння з гэтага ірва зроблена дарога Юравічы — Хойнікі — Брагін, але і цяпер юравічане кажуць: «Я пайшоў у роў па арахі». Там расце шмат ляшчыны. Праўда, існуе легенда аб тым, што замест ракі Прыпяць некалі існавала вялікае мора. І калі яно пачало адыходзіць, узнік найвялікшы бурны паток, які і падзяліў адну гару на дзве. А з таго мора з’явілася вялікая і магутная рака Прыпяць.

Юравічы. Ілюстрацыя з кнігі «Живописная Россия».

Менавіта ў мястэчку стаяў шэст таго падарожніка, на які за ноч «перабралася» Маці Божая. Некалькі разоў вярталі абраз на тую грушу, а ён упарта вяртаўся на шэст. Урэшце было вырашана, што маладыя і незамужнія жанчыны павінны зрабіць жывую сцежку ад грушы да таго шаста і па ёй павінна прайсці дзіця-інвалід, якое на выцягнутых руках пранясе абраз ад грушы да шаста. Так і зрабілі: з маладых незамужніх жанчынаў утварылі жывую сцежку, па якой прайшла сляпая ад нараджэння дзяўчынка, — яна і замацавала на тым шасце абраз Маці Божай… І як толькі яна скончыла сваю працу… у яе адкрыліся вочы і з’явіўся зрок, прычым гэта быў добры зрок здаровага дзіцяці. Такім чынам усе зразумелі найвялікшую сілу Багародзіцы. І ў выніку абраз Маці Божай асвяцілі як цудадзейны — гэта каранаваная Адзігітрыя. На ім Маці Божая намаляваная ў паясным варыянце, а Езус Хрыстус у выглядзе хлопчыка. Карона вянчае галаву Багародзіцы. Гэта вельмі рэдкі для Беларусі іканапіс.

Пасля гэтага каталіцкае духавенства пачало думаць, як пабудаваць пастаяннае «жытло» для цудадзейнага абраза Маці Божай Юравіцкай. Спачатку пабудавалі невялічкую драўляную каплічку, у якую ўрачыста ўнеслі цудадзейны абраз. Адначасова з гэтым ішло будаўніцтва значна большай драўлянай капліцы на каменным фундаменце. І ў 1673 г. абраз перанеслі ў новую капліцу, а старая была збурана.

На шчасце, у Юравічы неўзабаве прыйшлі езуіты, якія пачалі будаваць каменны касцёл з калегіумам і васьмікутнай, вышынёй 2,5 м, агароджай. Будаўніцтва распачалося прыкладна ў 1710 г.

Роспіс касцёла працягваўся ажно да 1756 г. У тым жа 1756 г. пры касцёле адкрыліся школа, дзіцячы тэатр і бібліятэка, фонд якой складаў больш за 200 кніг XVI–XVIII стст.. Святочнаю працэсіяй унеслі ў новую святыню цудадзейны абраз Маці Божай Юравіцкай. Там ён знаходзіўся ажно да 1865 г.

У 1778 годзе на тэрыторыі касцёла пачаў дзейнічаць калегіум, а комплекс усіх будынкаў атрымаў статус мужчынскага езуіцкага кляштара. Вядома, што езуіты вельмі клапаціліся і аб адукацыі. І таму ў 1757 г. школа была перароблена імі ў звычайную сярэднюю, якую аднолькава наведвалі і дзеці вышэйшага і сярэдняга саслоўяў, і дзеці простых сялянаў. Платная школа была толькі для дзяцей заможных бацькоў, а для сялянскіх дзяцей адукацыя была бясплатная, і менавіта з гэтай прычыны сяляне Юравічаў, Барбарова, Глінішчаў і іншых бліжніх вёсак былі адукаванымі людзьмі. Праўда, калі ў Юравічах пабудавалі народнае вучылішча, мужчынскую і жаночую гімназіі, былая касцёльная школа была перароблена ў езуіцкі калегіум з 18-цю жылымі і 14-цю нежылымі памяшканнямі, і адбылося гэта ў 1778 г.

Юравіцкі касцёл,
перабудаваны
ў праваслаўную царкву.
Фота пач. ХХ ст.
Група святароў і вернікаў
перад юравіцкай святыняй. Фота пач. ХХ ст.

Калі пачалося паўстанне 1830–1831 гг., манахі падтрымалі паўстанцаў, а некаторыя нават і прынялі ў ім непасрэдны ўдзел. Дакладных звестак ні пра ўдзел, ні пра падтрымку не было, але ўлады прынялі рашэнне зачыніць кляштар, як кажуць, на ўсякі выпадак. Да 1842 г. у памяшканнях касцёла і калегіума стаялі расійскія вайскоўцы, якія зрабілі дакладны план касцёла і калегіума з такімі ж дакладнымі вонкавымі і ўнутранымі памерамі. Менавіта па іх сёння вядзецца аднаўленне комплексу — такім чынам, самі таго не ўсведамляючы, вайскоўцы зрабілі добрую справу.

У 1842 г. улады ўрэшце вярнулі ўвесь архітэктурны комплес католікам, але не ў якасці кляштара, а як парафіяльны храм.

У 2008 г. падчас раскопак археолагі знайшлі рэшткі капліцы, якая знаходзілася над стаянкай першабытнага чалавека (26,5–30 тыс. гадоў да н. э.). Яна была пабудавана на месцы той самай грушы, на якой з’явіўся цудадзейны абраз Маці Божай Юравіцкай. Груша была распілаваная па благаслаўленні ксяндза на кавалкі і падзеленая паміж усімі жыхарамі мястэчка. Кожны такі кавалак быў даўжынёй каля 2 см і таўшчынёй не больш за 0,5 см. Перадаваліся яны ў спадчыну ад пакалення да пакалення. Такі грушавы кавалак быў і ў маёй бабулі Паўліны. І па сённяшні дзень захаваўся гэты прыродны земляны выступ, на якім расла груша, а пазней была пабудавана капліца для Маці Божай. На гэтым месцы былі знойдзены рытуальныя шкляныя чашы, пячныя ізразцы, кавалкі керамічнага посуду і г.д. Усе гэтыя знаходкі цяпер захоўваюцца ў Нацыянальнай Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь.

Аднак вернемся зноў у ХІХ стагоддзе... Пасля ліквідацыі ордэну езуітаў у 1820 г. іх змянілі мазырскія бэрнардыны, якіх пазней змянілі дамінікане.

Пасля падзеяў 1863–1864 гг. — паўстання Кастуся Каліноўскага, паўтарылася тая ж гісторыя, што і пасля паўстання 1830–1831 гг. Зноў знайшоўся «дабрадзей», які данёс графу Мураўёву аб тым, што быццам бы католікі былі на баку паўстанцаў. І хоць дакладных звестак не было, але гэта паслужыла дадатковаю прычынаю, каб каталіцкія храмы перабудаваць на праваслаўныя.

Не мінуў гэты горкі лёс і юравіцкі езуіцкі касцёл. Праўда, неабходна аддаць належнае графу-вешальніку за тое, што ён у тым загадзе аб перабудове святыні асобным пунктам забараніў кранаць цудадзейны абраз Маці Божай Юравіцкай, таму што ён быў аднолькавай святыняй як для католікаў, так і для праваслаўных вернікаў: на паклон да Маці Божай Юравіцкай ішлі вернікі з усяго наваколля.

Працаю па гвалтоўнай перабудове касцёла ў праваслаўную царкву кіраваў Іван Іваноў, які быў выхадцам з тых мясцінаў і перабудаваў езуіцкі касцёл у так званым псеўдарускім стылі, зацверджаным у 1830–1840 гг. Гэта быў цалкам штучны стыль.

У выніку да касцёла дабудавалі адзін вялікі купал над алтаром і яшчэ 8 купалаў рознага памеру. Атрымалася нейкая эклектычная спаруда з 12-ці купаламі, шчыльна прыстаўленымі адзін да аднаго...

Але гэта было не самае горшае з таго, што ў далейшым чакала юравіцкі езуіцкі комплекс.

У 1919 г. ён быў зачынены, былі зняты званы, купалы, але ўсе абразы мясцовыя жыхары разабралі на захаванне. І яны былі схаваныя так добра, што савецкія атэісты не змаглі іх адшукаць. Многія прадметы інтэр’ера былі размеркаваныя паміж мазырскім і калінкавіцкім музеямі, таму яны захаваліся і сёння займаюць свае месцы ў адноўленым будынку касцёла. Толькі званам не пашанцавала — іх пераплавілі. Але сёння адліваюць новыя званы, якія вяртаюць на адноўленую званіцу, каб іх галасы радавалі парафіянаў сваім звонам. На паўночнай вежы касцёла быў гадзіннік, які адбіваў гадзіны і нават чвэрці — ён таксама будзе вернуты на сваё месца. Вяртаюцца і абразы, але ў большасці гэта спісы з арыгіналаў, зробленыя ў XVII — сярэдзіне XVIIІ ст.

Што ж такое здарылася з будынкам касцёла, які перажыў усе войны, і на яго тэрыторыі, нават у яго наваколлі, не ўпала ні маленькага аскепка міны, снарада ці бомбы. Якая ж навала давяла гэты будынак да такога жудаснага стану, што ён патрабуе поўнага аднаўлення? Адказ адзін — людзі. У 1950 г. будынак езуіцкага калегіума быў перададзены дзіцячаму дому, а ў 1958 г. старшыня мясцовага калгаса даў загад разабраць касцёл на цэглу. І доўжылася гэтае злачынства да 1970 г., калі новы старшыня забараніў далейшае разбурэнне касцёла. Але ўсё роўна ажно да 1980 г. працягвалася патаемнае марадзёрства, у выніку якога будынак разабралі на трэць...

У 1991 г. Савецкі Саюз распаўся. Дзіцячы дом быў выселены. У 1993 г. адбылася перадача комплексу былога езуіцкага касцёла з калегіумам Тураўскай епархіі, і гэта выратавала цудоўны помнік архітэктуры ад канчатковай гібелі. Спачатку у гэтых будынках размяшчаўся жаночы манастыр, а з 2006 г. — мужчынскі.

Цудадзейны абраз Маці Божай Юравіцкай.
З кракаўскага касцёла (злева і ў цэнтры) спіс абраза,
які захоўваецца ў юравіцкай царкве.

З 2006 г. пачалося і аднаўленне помніка па дакументах зробленых расійскімі вайскоўцамі ў ХІХ ст. На месца вяртаюцца абразы, Царская брама, алтар і іншыя элементы інтэр’ера. Не хапае толькі самай галоўнай святыні — цудадзейнага абраза Маці Божай Юравіцкай першай паловы XVII ст.

Што ж здарылася з ім? Куды ён падзеўся? Справа ў тым, што калі пачалася гвалтоўная перабудова езуіцкага касцёла ў праваслаўную царкву ў ХІХ ст., мастачка Кіневіч з суседняй вёскі зрабіла вельмі ўдалы спіс з арыгінала. Яго памясцілі ў такую ж шату, у якой быў і арыгінальны цудадзейны абраз Маці Божай Юравіцкай, і асвяцілі як цудадзейны, а сапраўдны цудадзейны абраз Маці Божай Юравіцкай вывезла ў 1881 г. у Кракаў Габрыэля Горват, якая перадала яго ў езуіцкі касцёл святой Барбары ў 1885 г., незадоўга да сваёй смерці. Для гэтага абраза была пабудавана асобная каплічка, у якой ён цяпер і знаходзіцца. Габрыэля Горват перадала абраз з умоваю, што ён будзе вернуты на Радзіму, як толькі дазволяць абставіны.

Тут неабходна аддаць належнае палякам: яны зрабілі копію мазаічнага абраза Езуса Хрыста, які змясцілі над уваходнай брамай агароджы, што таксама ўжо амаль поўнасцю адноўлена. Пакрысе юравіцкая святыня вяртае сваё першапачаткавое аблічча. Нікога не пакідае надзея на тое, што ў рэшце рэшт цудадзейны абраз Маці Божай Юравіцкай зойме сваё пачэснае месца ў адноўленым касцёле. Такая падзея толькі б зблізіла абодва народы.

 

А цяпер раскажам пра таямніцы езуіцкага касцёла, якія пачынаюцца з першага падзямельнага паверха. У ім знаходзіцца пахавальня, дзе стаяць вялікія, збітыя з дошак труны, але чый прах у іх спачывае, невядома. Кажуць, што там ляжаць рэшткі тых людзей, якія былі знойдзены пры пабудове храма. А можа, гэта рэшткі таго самага князя, гаспадара замка на Вадолічах, руіны якога захаваліся і па сённяшні дзень. Далей размешчаны келлі манахаў, якія выкарыстоўваліся імі падчас нападу ворагаў як абарончыя памяшканні. Каля іх былі зроблены склепы для запасу прадуктаў.

Але старажытная лесвіца спускаецца яшчэ на паверх ніжэй, і перад нашымі вачыма адкрываецца падземны ход, які быў пабудаваны Горватамі ў 1650–1746 гг. з вёскі Барбароў у Юравічы, а па легендзе ён цягнецца аж да старажытнага Турава. Калі гэта праўда, то яго даўжыня складае больш за 200 км.

Тут просіцца пытанне: а для чаго ён быў пабудаваны? Напэўна, найпершаю мэтаю была абарончая. У яго пачатку таксама створаны склепы, у якіх быў запас прадуктаў. Калі ворагі бралі ў аблогу касцёл з калегіумам, манахі спускаліся ў гэты падземны ход і маглі жыць у сваіх загадзя пабудаваных келлях. Але ён не толькі быў абарончым збудаваннем: ён служыў і для спрашчэння зносінаў жыхароў дзвюх вёсак — Барбароў і Юравічаў. Для пераправы вялікіх грузаў з Барбарова на юравіцкі бераг існаваў паром, на якім цяжкія грузы везлі ў Юравічы і, наадварот, з Юравічаў у Барбароў.

Галоўная таямніца гэтага падземнага хода ў тым, што пабудаваны ён быў у 1650–1746 гг. Як жа тагачасным будаўнікам, у якіх не было спецыяльных праходчых шчытоў, удалося зрабіць пад ракою Прыпяць падземны ход? Як, не маючы адпаведнай спецтэхнікі, людзі здолелі пабудаваць такі складаны аб’ект? Ды не проста пабудаваць, а зрабіць яго на стагоддзі прыдатным для карыстання. Пад пясчаным дном Прыпяці знаходзіцца вельмі моцны гранітны пласт, і толькі дзіву даешся, як тагачасныя будаўнікі здолелі зрабіць такі цуд. Праз гэты ход можна прайсці і сёння, але неабходна браць з сабою парасон, бо зверху капае вада, і гэта не дзіўна, бо прайшло каля трох стагоддзяў з часу яго пабудовы, а дакладней — 275 гадоў...

Аднаўленне юравіцкай святыні сёння вядзе Гомельскае аддзяленне Белрэстаўрацыі разам з валанцёрамі і спонсарамі, якія не толькі дапамагаюць грашыма, але і самі працуюць на аднаўленні храма. Няхай дапаможа ім Бог.

Літаратура

  1. Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1993.
  2. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. — Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1986—1988).
  3. Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мінск: Ураджай, 2001.
  4. Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007.
  5. Ісаенка У. Юравічы над Прыпяццю. — Менск: УП «Арты-Фэкс», 2000.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY