Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(93)/2020
Жыццё Касцёла
Год Яна Паўла ІІ
Тэалогія
Кшыштаф ПАЛЫС ОР
ПЕРАМОЖАНЫЯ БОГАМ
Спадчына

ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ
Пераклады
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Успаміны

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ

ЦІХУТКАЙ МАЛІТВАЮ
Проза
Прэзентацыя
Нашы святыні

ЮРАВІЦКІ ЕЗУІЦКІ КАСЦЁЛ

ЗБАЎЦА НА ГАЎБЦЫ

Андрэй КРАСОЎСКІ

ГІСТОРЫЯ АБРАЗА ПАННЫ МАРЫІ З ФАШЧАЎКІ


Галерэя - дадатак да артыкула

Найвялікшай каштоўнасцю рыма-каталіцкай парафіі ў Фашчаўцы быў абраз Панны Марыі, які навакольныя жыхары лічылі цудадзейным. Гісторык касцёла кс. Язафат Фрыдэрык Жыскар (Józefat Fryderyk Żyskar, 1868–1919), які быў добра знаёмы з жыццём гэтай парафіі, адзначаў у каталіцкай энцыклапедыі «Nasze Kościoły» наступнае: «Фэсты ў фашчаўскім касцёле збіраюць цэлыя натоўпы пабожных людзей нават з адлеглых месцаў — так далёка разышлася пашана Найсвяцейшай Панны Марыі Фашчаўскай»1.

Паводле кс. Алаізія Фрыдрыха SJ (Alojzy Fridrich, 1850–1927), для якога збіранне звестак пра цудадзейныя абразы Багародзіцы стала справай усяго жыцця, людзі прыбывалі ў Фашчаўку за семдзясят і болей вёрстаў, каб папрасіць у Каралевы Неба дапамогі ў цяжкія моманты жыцця2.

Пашырэнне каталіцкай веры ў гэтай мясцовасці пачалося пасля таго як у 1612 г. пяць вёсак3 з магілёўскай каралеўскай эканоміі4, згодна з прывілеем караля Жыгімонта ІІІ Вазы, былі вылучаныя на фундуш аршанскага калегіума езуітаў. Фашчаўка да XVII ст. называлася Чарніца і ўжо ў той час славілася праз абраз Панны Марыі5.

Вядомы пісьменнік, палеміст і гісторык кс. Альберт (Войцех) Віюк-Каяловіч SJ (1609–1677) сабраў у адной са сваіх працаў па гісторыі хрысціянства ў Вялікім Княстве Літоўскім звесткі пра шэраг цудадзейных абразоў. У гэтай кнізе (1650 г.), упершыню згадваецца і абраз з Чарніцы: «Ласкі, якія апекаю Найсвяцейшай Панны перад Яе абразам, які знаходзіцца ў капліцы гэтага сяла, даруе тым, хто звяртаецца, Божая Веліч, робяць мясцовасць знакамітай, так што не толькі верннікі, але і схізматыкі6 з бліжэйшых мясцінаў збіраюцца ў вялікай колькасці і адчуваюць на сабе незвычайныя, звышнатуральныя ласкі»7.

У Марыйным атласе баварскага езуіта кс. Вільгельма Гумпенберга SJ (Wilhelm Gumppenberg, 1609–1675) таксама знаходзім звесткі пра чарніцкі абраз. Для збору інфармацыі кс. Гумпенберг у 1652 г. прасіў усіх еўрапейскіх правінцыялаў ордэну езуітаў, каб у кожнай правінцыі быў чалавек, які падрыхтуе матэрыялы пра цудадзейныя абразы. Просьбы пра звесткі былі накіраваныя таксама ўсім езуіцкім рэктарам у Еўропе8. Адным з інфарматараў у ВКЛ быў той самы кс. Віюк-Каяловіч, які пераказаў вядомую яму гісторыю абраза: «Да пачатку заснавання аршанскай калегіі Таварыства Езуса, у год Хрыстовы 1612, наш служка касцёла намаляваў гэты абраз Багародзіцы для галоўнага алтара святыні. Але калі ў наступныя гады з’явілася больш каштоўная выява, гэты абраз у суседнюю вёску, у маёнтак, што належыць калегіі, быў перанесены. Ён стаў цудадзейным у 1630 годзе, калі шляхецкі хлопчык, які быў спаралізаваны з улоння мацеры, каля гэтага абраза, паклікаўшы Панну, вылечыўся і нарэшце ўстаў на ногі. Найбольш павялічыліся гэтыя ласкі з 1638 года, і месца стала больш знакамітым з-за сходу саміх схізматыкаў. Так мне паведаміў вельмі шаноўны пан Альберт Каяловіч, рэктар Віленскага Таварыства Езуса, які дадаў, што цуды настолькі вялікія, што ён сам, калі з прычыны вайны будзе магчыма, хутка і ход усёй гэтай гісторыі, і самі цуды, ужо правераныя, а не паводле чутак, абвесціць»9.

Хаця атлас кс. Гумпенберга быў надрукаваны толькі ў 1672 г., сведчанне паходзіць з 1654–1655 гг., бо кс. Віюк-Каяловіч быў рэктарам10 Віленскай акадэміі езуітаў у 1653–1655 гг., а з цытаты вынікае, што вайна Рэчы Паспалітай з Маскоўскаю дзяржаваю (1654–1668 гг.) ужо пачалася. Зважаючы на папярэднюю публікацыю кс. Віюка-Каяловіча, дзе ён называў толькі адну цудадзейную выяву, якая знаходзілася ў Чарніцы, у гэтым урыўку гаворка, бясспрэчна, ідзе пра чарніцкі абраз.

У гісторыі Літоўскай правінцыі езуітаў кс. Станіслаў Растоўскі SJ (1711–1784) са спасылкаю на рукапісную «Гісторыю аршанскага калегіума» (Historia Collegii Orsensis) у кантэксе падзеяў 1643 г. расказвае пра эпізод, звязаны з абразом Багародзіцы ў Чарніцы: «У Аршанскім павеце Белай Русі ў ліпені гэтага года быў каменны град. На абшары ў дваццаць міль з неба сышла такая жахлівая навальніца, што паўсюль пазносіла стрэхі і пастухоў на пашах са статкамі пабіла. Вялікае спусташэнне адбылося ў гарадах, лясах і вёсках. Калі навальніца адступіла, то там, дзе хмары разышліся і заззяла яркае сонца, убачылі дзіўную і поўную жаху рэч: у асобных снежных зацвярдзелых на марозе камяках памерам з лімон знаходзіліся вострыя камяні, у многіх — касцяныя выявы нейкіх галоў, нібыта нябёсамі зробленыя. Калі пра гэта даведаліся, большасць людзей ахапіў жах, такім жудасным быў гэты камнепад. Кожны баяўся за сябе: звяртаўся ў святыні па сродкі ратунку. Акрамя таго, адбыўся яшчэ адзін цуд: вёска аршанскага калегіума Чарніца — месца, вядомае праз абраз Благаслаўлёнай Панны Марыі і ласкі — нягледзячы на згубу, што рабілася навокал, засталося зусім некранутым, калі там маліўся народ. Расказваюць, што камяні, якія былі ў [снежных] камяках, пабіўшы некаторых, прынеслі ім смерць. Кажуць, некалькі камянёў доўга захоўваліся ў бібліятэцы нашага аршанскага дома. Услед за каменным градам пачаліся хваробы, але памерлі ўсяго некалькі каталікоў, хоць у горадзе гінулі юдэі і схізматыкі»11.

Кс. Растоўскі з недаверам ставіўся да аповеду пра каменны град і лічыў, што яго пісаў нехта недасведчаны. Відавочна, што гэты запіс быў зроблены значна пазней за самі падзеі: пра гэта сведчыць хаця б спасылка на тое, што некалькі камянёў захоўваліся ў бібліятэцы калегіума, але толькі па чутках.

У еўрапейскіх кампедыумах абраз Панны Марыі згадваецца ў 1702 г., калі Чарніца ўжо мела назву Фашчаўка. У атласе нямецкага географа езуіта Генрыха Шэрара SJ (Heinrich Scherer, 1628–1704), адзін з сямі тамоў якога аўтар прысвяціў цудадзейным абразам і статуям Маці Божай, Фашчаўка проста пазначаная сярод тых месцаў ВКЛ, дзе знаходзіліся цудатворныя выявы Панны Марыі12. Звесткі пра чарніцкі абраз у гэтым выданні перадрукаваныя асобна ад фашчаўскага з атласа кс. Гумпенберга, бо аўтар не мог ведаць, што за паселішчам замацавалася новая назва.

Трэба звярнуць увагу, што навакольная мясцовасць пацярпела падчас вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскаю дзяржаваю ў 1654–1668 гг. Захаваліся звесткі пра спусташэнне некаторых вёсак фашчаўскага маёнтка маскоўскімі войскамі13. Маёнтак пацярпеў больш за іншыя езуіцкія ўладанні каля Оршы. Як пісаў гісторык езуіт кс. Станіслаў Залэнскі SJ (Stanisław Załęski, 1843–1908), год 1708 быў сапраўды страшны — ушчэнт разрабаваны не толькі маёнтак, але і фашчаўскі касцёл: забралі касцёльнае срэбра, апараты14 і нават васковыя свечкі15.

Ці перажыў усе гэтыя катаклізмы абраз Панны Марыі? Адназначнага адказу няма. Выявы ці апісання абраза пакуль не знойдзена, таму немагчыма вызначыць, ці быў вядомы па крыніцах XIX–XX стст. абраз Панны Марыі Фашчаўскай арыгінальным ці толькі копіяй страчанага ў час войнаў.

Нешматлікія сведчанні пра шанаванне Фашчаўскай Багародзіцы знаходзім у розных дакументах 1-й паловы XVIII ст. Так, у пачатку XVIII ст. адбыўся канфлікт паміж аршанскімі езуітамі і троцкім ваяводаю Міхалам Казімірам Катлом (1644–1722). Справа датычылася прыгоннага селяніна Івана Курыковіча16, які ўцёк з в. Навасёлкі17 маёнтка Ганута Ашмянскага пав. у Фашчаўку. У 1705 г. гэты васпан прасіў выдаць свайго падданага разам з жонкаю, якую той займеў у Фашчаўцы, і прапанаваў езуітам за жанчыну куніцу18 памерам у 10 бітых талераў. Рэктар аршанскага езуіцкага калегіума кс. Крыштаф Шульц (1660–1717) пісаў, што ён пагадзіўся аддаць уцекача, не патрабуючы платы за сваю падданую сялянку, а «толькі, калі будзе ласка Яго Міласці [пана Катла], даць ахвяру на фашчаўскі касцёл, Найсвяцейшай Панне там цудамі слаўнай, то будзе гэтая ахвяра з падзякамі і малітвамі прынятая»19.

У 1713 г. Рэгіна Кулакоўская — удава настаяцеля царквы св. Мікалая ў м. Дуброўна Аршанскага пав. пратапопа Кандрата Палікарповіча — у сваім тастамэнце20 загадвала дзецям зрабіць ахвяру на хвалу Панны Марыі Фашчаўскай: «Гарантую тым жа тастамэнтам маім, што з тых уладанняў маіх Кулакоўшчыны і Кавалеўшчыны на касцёл фарны 250 злотых, паводле рашэння яшчэ нябожчыка бацькі дабрадзея майго, павінны дзеці мае выплаціць, каб лямпа праз век жыцця чалавечага не згасаючы [гарэла] перад абразом Найсвяцейшай Панны Маці Божай Фашчаўскай, цудамі слыннай, за што Веліч Сына Свайго за душы нашыя прасіць будзе»21.

Касцёл, дзе мясціўся цудадзейны абраз Фашчаўскай Багародзіцы, у тастамэнце называецца фарным, г. зн. парафіяльным, але ў той час фашчаўскі касцёл быў філіяй аршанскай парафіі22. Верагодна, што простыя вернікі не ведалі асаблівасцяў касцёльнай структуры. Наяўнасць копіі фашчаўскага абраза ў суседнім парафіяльным касцёле падаецца малаверагоднай.

У працы па гісторыі Таварыства Езуса кс. Залэнскі пісаў, што за будаўніцтва новага мураванага касцёла ў Фашчаўцы, якое пачалося ў 1738 г. і працягвалася з перапынкамі да 1754 г., плаціў не толькі аршанскі калегіум езуітаў, але выкарыстоўваліся і ахвяраванні пілігрымаў, якія тысячамі сыходзіліся да слыннага цудамі абраза Маці Божай23. Цяжка праверыць, ці адпавядае гэтая інфармацыя рэчаіснасці, але захаваліся некалькі дакументаў, паводле якіх у 1730-я гг. некаторыя заможныя асобы давалі ахвяры дзеля Панны Марыі Фашчаўскай. Напрыклад, навасельскі стараста Юзаф Міхалоўскі запісаў «на хвалу цудоўнай Найсвяцейшай Маці Фашчаўскай» права спагнання пазыкі памерам 1250 злотых, якія ягоны бацька Марцін Міхалоўскі пазычыў у 1730 г. Яну Людвіку Рэуту24. У 1735 г. Ян Францішак Гедмонт, «захацеўшы паспрыяць хвале Божай і гонару Цудадзейнай у абразе фашчаўскім Найсвяцейшай Маці», запісаў на касцёл суму 1362 коп грошаў літоўскіх, бо спадзяваўся, што гэтым учынкам дапаможа душы ў Богу спачылай сваёй жонкі Яанны, пахаванай у фашчаўскім касцёле. Як і папярэдні ахвярадаўца, пан Гедмонт не даваў гатовых грошай, а толькі перадаваў аршанскім езуітам права спагнаць пазыку25. 4 чэрвеня 1735 г. пан Гедмонт даслаў ліст панам Ежы і Яну Парадням, дзе пісаў, што сума, якую іх продкі Ян і Грыгор Парадні павінны былі аддаць паводле судовых і трыбунальскіх пастановаў яшчэ ў сяр. XVII ст., цяпер «аддадзеная касцёлу Найсвяцейшай Маці, слыннай цудамі, якая знаходзіцца ў Фашчаўцы», і прасіў гэтыя грошы выплаціць26.

У 1737 г. аршанскі мечнік Казімір Турчын перадаў фашчаўскаму місіянеру кс. Яўстаху Базылевічу SJ (1687–1744) паўнамоцтвы на атрыманне 440 злотых, якія яго брат нябожчык Міхал Турчын пазычыў Тамашу Храпавіцкаму27 ў 1709 г. 26 жніўня 1737 г. Казімір Турчын пісаў кс. Базылевічу з Чачэрска, што мае даручэнне «ад светлай памяці дабрадзея брата свайго, каб вяльможнаму дабрадзею [кс. Базылевічу] на карысць Маці Найсвяцейшай Фашчаўскай аддаў» гэтае права28.

Апісаны толькі адзіны выпадак цуду праз фашчаўскі абраз: кс. Залэнскі апісаў ацаленне ў 1787 г. шляхціца Пацэвіча, які дарэмна шукаў паратунку ў шклоўскага лекара29. Больш падрабязна гэтую гісторыю расказаў кс. Фрыдрых, які спасылаўся на езуіцкі litterae annuae30 за 1787 г. і пачынаў свой аповед кароткаю цытатаю адтуль: «Найсвяцейшая Багародзіца, якая славіцца амаль два стагоддзі нязмернымі ласкамі і цудамі ў сваім фашчаўскім абразе, паказала ў гэтым годзе незвычайнае сведчанне сваёй матчынай любові»31.

Шляхціц Пацэвіч доўга хварэў і нарэшце накіраваўся на лячэнне да лекара ў Шклоў. Лекар ужываў усе магчымыя сродкі, але дапамагчы не здолеў. Хвароба ўзмацнілася да такой ступені, што хворы страціў прытомнасць і здавалася, што набліжаецца апошняя хвіліна ягонага жыцця. Апрытомеўшы, шляхціц даверыў апеку пра сябе Панне Марыі Фашчаўскай з найвялікшаю, на якую быў здольны, упэўненасцю, пасля чаго заснуў. Абудзіўшыся, ён расказаў, што сасніў Багародзіцу, і Яна вылечыла яго. Папрасіў есці, устаў з ложка і хацеў адразу ж накіравацца ў Фашчаўку. Лекар быў супраць, таму Пацэвіч толькі на трэці дзень пасля ацалення прайшоў пешшу двухмілёвую пілігрымку32.

Самае даўняе і найбольш падрабязнае з апісанняў Фашчаўскай Багародзіцы знаходзім у пратаколе генеральнай візітацыі фашчаўскага касцёла пад датаю 6 верасня 1805 г.: «Першы — галоўны [алтар], у якім [знаходзіцца] слынны цудамі абраз Найсвяцейшай Панны з часткова вызалачанаю срэбнаю шатаю, з дзвюма каронамі і шчодра вызалачаным жазлом, з рамамі і некалькімі складанымі срэбнымі часткамі на іх. Каля абраза з абодвух бакоў у медных, пакрытых срэбрам шатах — два херубімы, якія трымаюць рамы абраза. Над алтаром, у той жа самай што і абраз нішы, [знаходзіцца] цудоўна ўпрыгожаная вялікая карона ў шчодра вызалачаным покрыве, якое спускаецца, нібы намёт, з абодвух бакоў. Вышэй — вялікі абраз Святой Тройцы, над якім манаграма імя Марыі разбярскай працы ў вызалачаных прамянях, якая завяршае зверху алтар»33.

У падаўчым інвентары фашчаўскага касцёла пад датаю 15 чэрвеня 1828 г. абраз Панны Марыі таксама называецца цудадзейным, але яго апісанне не адрозніваецца ад папярэдняга — новыя звесткі толькі пра шату на абразе: «Шата Найсвяцейшай Панны ў меншай частцы срэбная, чацвёртай пробы, а ў большай частцы медная. Зняць гэтую шату, каб узважыць яе ці аддзяліць медзь, немагчыма»34. Тут маецца на ўвазе лотавая проба, а гэта значыць, што матэрыял шаты меў толькі ¼ частку срэбра.

Змены ў размяшчэнні абраза ў касцёле і яго аздабленні на працягу XIX ст. не зафіксаваныя. У інвентары касцёла пад датаю 13 мая 1903 г. апісанне адрозніваецца ад папярэдніх толькі дэталямі: «Між калонамі ў нішы над алтаром – цудадзейны абраз Найсвяцейшай Багародзіцы з дзвюма каронамі і дзвюма фігуркамі анёлаў. Абраз Багародзіцы пакрыты шатаю, якая ў большай частцы [з] чырвонай медзі пасярэбраная, а ў меншай срэбная. На абразе павешаны залаты крыж без пробы, упрыгожаны каштоўнымі камянямі. Памянёны абраз засланяецца іншым абразом, выяваю Найсвяцейшай Панны Марыі. Над абразам Маці Божай — абраз Сэрца Езуса, а ўверсе — абраз Св. Тройцы, ператлелы ад пажару»35.

У падаўчым інвентары пад датаю 10 ліпеня 1899 г. яшчэ не адзначалася, што шанаваны абраз засланяўся іншай іконай Панны Марыі36. Магчыма, канструкцыю, якая дазваляла хаваць абраз, зрабілі паміж 1899 і 1903 гг., калі адміністратарам касцёла быў кс. Павел Карповіч (1900–1901 гг.) ці кс. Тамаш Чайкоўскі (1902–1903 гг.). Прыкладна з таго часу паходзіць і адзіны фотаздымак Панны Марыі Фашчаўскай, упершыню надрукаваны ў 1911 г. у манаграфіі кс. Фрыдрыха. Побач з фотаздымкам падаецца апісанне: «Як даўней, так і цяпер ласкамі слаўны абраз Марыі месціцца ў галоўным алтары. Найсвяцейшая Маці, паказаная больш як у палову роста, трымае на левай руцэ Боскае сваё Дзіця, а ў правай — жазло. Абраз аздоблены срэбным адзеннем і такімі ж каронамі. Акрамя таго, над абразом месціцца вялікая срэбная карона. На шыі Найсвяцейшай Панны знаходзіцца багата ўпрыгожаны срэбны крыж з часцінкамі Святой Зямлі»37.

У фашчаўскай парафіі дагэтуль захаваўся маленькі аркушык, на адным баку якога — фатаграфічная выява Панны Марыі Фашчаўскай, а на адваротным — ананімны польскамоўны гімн «Pieśń o Najświętszej Pannie Marji Faszczowskiej»:

O nadziejo nas strapionych,
Zewsząd nędzą uciśnionych,
Panno w Faszczowskim obrazie,
Ratuj że nas w ciężkim razie!
My Twej łaski doznajemy
Pod Twą pieczą wszak żyjemy;
Tyś łaskawa, miłosierna,
Twoja dobroć wciąż niezmierna.
A gdy grzechy niebacznymi,
Twego Syna gniew wzniecimy,
Wstrzymaj nam rozgniewanego,
Przemień Go w miłosiernego!
Niech powietrze nie grasuje,
Niechaj powódź ustępuje;
Głodu, ognia dekret srogi
Odwróć — i wojenne trwogi.

Гэты гімн існуе ў фашчаўскай парафіі да цяперашняга часу з некаторымі адхіленнямі ад арыгіналу. Фота Фашчаўскай Багародзіцы на аркушыку ідэнтычнае выяве ў кнізе кс. Фрыдрыха. Аўтар адзначаў, што частку вестак ён атрымаў ад фашчаўскага плябана кс. Антонія Мацулевіча, які ўзначальваў парафію ў 1909–1911 гг. Магчыма, такія аркушыкі з Багародзіцай друкавалі для пілігрымаў ці для парафіянаў, і адзін экзэмпляр кс. Мацулевіч даслаў кс. Фрыдрыху. Сам кс. Фрыдрых не мог наведаць Фашчаўку, бо ў той час закон забараняў езуітам прыязджаць у Расійскую імперыю.

Выява Багародзіцы на фотаздымку належыць да іканаграфіі Божай Маці Адзігітрыі: Панна Марыя трымае Хрыста на левай руцэ, пальцы правай рукі Езуса складзены ў благаслаўляльным жэсце, у левай руцэ Ён трымае Евангелле.

Польскі даследчык кс. Канстанты Марыя Жукевіч OFM (Konstanty Maria Żukiewicz, 1874–1948) у 1921 г. залічваў Фашчаўскую Багародзіцу да іканаграфічнага зводу Багародзіцы Снежнай (Salus Populi RomaniПаратунак Рымскага Народа) — галоўнага багародзічнага абраза Рыма, які захоўваецца ў базыліцы Санта Марыя Маджорэ38. Некаторыя польскія даследчыкі таксама прытрымліваюцца гэтага меркавання, называючы фашчаўскі абраз копіяй Багародзіцы Снежнай з Дэрпта (Тарту), які пазней, магчыма, быў перанесены ў касцёл латгальскага сяла Ужвальд (Izvalta)39. З такім меркаваннем цяжка пагадзіцца. Падабенства Панны Марыі Фашчаўскай і Панны Марыі Снежнай вынікае з прыналежнасці да агульнага іканаграфічнага тыпу Адзігітрыя, але рысы, уласцівыя іканаграфічнаму зводу Багародзіцы Снежнай, не прасочваюцца ў фашчаўскім абразе.

Іншыя фотаздымкі ці выявы Фашчаўскай Багародзіцы на сённяшні дзень не вядомыя, але нават у тым выглядзе, у якім паказаны абраз на маленькім папяровым аркушыку, ніхто з нашых сучаснікаў Панну Марыю Фашчаўскую не бачыў, бо ў 1912 г. фашчаўскі касцёл абрабавалі і сярод іншай маёмасці скралі аздобу з абраза.

21 мая 1912 г. Магілёўская рыма-каталіцкая духоўная кансісторыя паведамляла арцыбіскупу, што 29 красавіка, паводле выяўленых слядоў, злодзей у час набажэнства залез пад касцёльныя скляпенні і хаваўся там на гарышчы, пакуль святыню не замкнулі. У рапарце адзначалася, што шанаваны абраз Панны Марыі, калі не адбываецца набажэнства, закрыты іншым абразом з выяваю Беззаганнага Зачацця Багародзіцы, напісаным на палатне. Гэты другі абраз з дапамогаю вяроўкі, перакінутай праз блок, падымаецца ці апускаецца для закрыцця ці адкрыцця цудадзейнага абраза. Злодзей не ведаў, як дабрацца да схаванага абраза, таму прарэзаў палатно вонкавага абраза знізу і справа ўздоўж рамы. З цудадзейнага абраза зніклі абедзве вызалачаныя кароны (вялікая і малая), срэбнае жазло і ўпрыгожаны каштоўнымі камянямі залаты крыж. Злодзей вылез па вяроўцы праз акно, падняўшыся па лесвіцы, якую знайшоў у касцёле40.

Пра гэтае злачынства ў віленскай газеце «Kurjer Litewski» выказаўся кс. Жыскар: «У процілегласць іншым парафіям Магілёўшчыны, дзе каталікамі з’яўляюцца пераважна шляхта і дваране, вакол Фашчаўкі жыве каталіцкі народ — сяляне беларусы. Хаця народ гэты небагаты, аднак дбае пра сваю святыню, найвялікшую амаль на Белай Русі. Яшчэ нядаўна за грашовыя ўнёскі зрабілі новы арган, а некалькі гадоў таму, калі пробашчам быў кс. Карповіч, з дапамогаю іншых ваколіцаў, за дабравольныя ўнёскі купілі дзве кароны да цудоўнага абраза Маці Божай з Дзіцяткам Езусам. Срэбныя кароны былі вызалачаныя, крыжык і жазло з каштоўнымі камянямі. Нямала грошай пайшло на гэты дар пабожных душаў.

Народ дужа шануе гэты абраз. Пасля Бялынічаў, ужо даўно для нас страчаных, сюды найбольш сыходзіцца народ і ўражліва выглядаюць пабожныя пілігрымкі.

Красавіка 29 дня (12 мая), пасля набажэнства ў нядзелю, пасля замкнення касцёла, укрыліся злодзеі ў нейкай схованцы, якіх шмат у старым збудаваным айцамі езуітамі касцёле. Уначы забралі яны з касцёла што толькі маглі і ўцяклі праз акно. Скрадзены кароны з цудоўнага абраза, два келіхі і пушка з сакрыстыі, скарбонка з ахвярамі на суму каля 8 рублёў. Да цяперашняга часу на след злодзеяў не выйшлі»41.

Заўважым, што кароны, жазло і крыж на абраз не былі прыдбаныя ў час, калі парафіяй апекаваўся кс. Карповіч (1900–1901 гг.). Кароны і жазло згадваюцца ўжо ў апісанні за 1805 г., а залаты крыж — з 1880 г.

Асаблівых звестак пра шанаванне фашчаўскага абраза Панны Марыі ў ХІХ ст. пакуль не знойдзена, але асобныя эпізоды сведчаць, што народ бесперапынна лічыў яго цудадзейным. 3 студзеня 1842 г. фашчаўскія парафіяне напісалі ліст у Магілёўскую рыма-каталіцкую духоўную кансісторыю з просьбаю пакінуць у Фашчаўцы кс. Віктара Варпуцянскага OFM — манаха ордэну бэрнардынаў, які ўзяўся за аднаўленне занядбанага за дваццаць гадоў пасля выгнання езуітаў касцёла і плябаніі. Ліст пісалі ад імя ўсіх сялян-гаспадароў былога езуіцкага маёнтка, а за непісьменных падпісаўся валасны пісар Міхал, сын Каэтана Давідовіч. Парафіяне спадзяваліся, што дзякуючы руплівай працы кс. Варпуцянскага вернуцца і цуды Маці Божай42.

На працягу ХІХ ст. павялічвалася колькасць вотаў43 каля абраза, што сведчыць пра шанаванне Фашчаўскай Багародзіцы. У 1805 г. каля галоўнага алтара і ў іншых месцах віселі 26 срэбных ватывак і два срэбныя рублі44. Колькасць срэбных ватываў рознай пробы ў 1828 г. была ўжо 82 адзінкі45, агульнай вагою ~2,5 кг. У 1911 г. срэбных вотаў рознай формы, велічыні і пробы налічвалася 109 адзінак46. У пач. ХХ ст. гэтыя ахвяры мясціліся ў дзвюх драўляных шафках каля галоўнага алтара. На адной фігурцы 1807 г., якая была зроблена ў форме хворага чалавека, што ляжыць на ложку, быў надпіс па-польску «P. Jelern». Яшчэ адна ватыўка з 1819 г. мела надпіс па-руску: «За здароўе слугі Пятра». Срэбная табліца, ахвяраваная, верагодна, некалькімі асобамі, мела вершаваную гравіроўку па-польску са зваротам да Багародзіцы: «Mieszczą się tu dary, mieści jęk człowieczy: Месцяцца тут дары, месціцца стогн чалавечы: O Panno Łaskawa, miej nas w swojej pieczy. О Ласкавая Панна, май нас у сваёй апецы».

Большасць ватывак была без подпісаў47.

Шанаванне Фашчаўскай Багародзіцы мела ўздзеянне і на праваслаўнае насельніцтва. У этнаграфічным зборніку Еўдакіма Раманава (1855–1922) знаходзім замову48, запісаную, як можна меркаваць з кантэксту, ад праваслаўных сялянаў Любініцкай воласці Горацкага павета: «…поможи и отвярни отъ лукаваго Божжа Матарь у Хвощовцы и янгели храницели, поможиця и сохраниця…» Тут жа згадваюцца сведчанні са старадрукаў пра тое, што ў першай палове XVII ст. абраз збіраў вялікія натоўпы праваслаўных.

У пачатку ХХ ст. кс. Жыскар з вялікай экспрэсіяй апісаў выпадак, калі вернікі сталі на абарону Багародзіцы і свайго касцёла. Аўтар піша, што ў 1876 г. улады пастанавілі ліквідаваць фашчаўскі касцёл. Сабраныя гукам касцёльных званоў, парафіяне атачылі храм жывым мурам. На трэці дзень прыбыў спраўнік (ці начальнік павета) з паліцыяй і ўбачыў касцёл атачоным людзьмі, якія спявалі пабожныя песні і малітвы. Спраўнік прасіў сялянаў разысціся, але яны адказвалі: «Мы прыйшлі бараніць наш касцёл, каб не бралі. Цераз нашыя трупы да Маткі Божай хіба пойдзеш»49.

Вядома, што магутная хваля скасавання касцёлаў узнялася пасля паўстання 1863–1864 гг. Тагачасны фашчаўскі пробашч кс. Андрэй Кржыжаноўскі і арганіст Стэфан Івашкевіч дапамагалі паўстанцам, за што ў 1864 г. іх выслалі ў Томскую губерню50. Акрамя таго, як адзначае гісторык С. Г. Цытовіч (1886–1963), горацкі павятовы спраўнік Валяр’ян Піліпавіч Савіцкі пасля скасавання касцёла ў Горках хадайнічаў перад уладамі, каб былога горацкага пробашча кс. Камянецкага прызначылі ў Фашчаўку, але ў той жа час прапанаваў ліквідаваць і фашчаўскі касцёл, бо мясцовых католікаў, на ягоную думку, можно было лёгка навярнуць у праваслаўе ці далучыць да шклоўскай каталіцкай парафіі51. Фашчаўскі арганіст Антоні Жывін у лісце да біскупа Яна Цепляка (1857–1926) ад 23.VII.1917 г. апісаў такі эпізод: «У 1907 годзе, меўшы 18 год, я быў запрошаны праз кс. Уладзіслава Міржвінскага на пасаду арганіста ў Улу52, з Улы перабраўся з кс. Міржвінскім у Фашчаўку. У Фашчаўцы, акрамя абавязкаў арганіста і канцылярыста, працаваў у якасці народнага настаўніка. На жаль, нядоўга, бо праз год у адзін восеньскі дзень прыехалі стражнікі, каб забраць кс. Міржвінскага. Баючыся гвалту над асобаю ксяндза з боку п’яных стражнікаў, я сабраў парафіянаў і мы вырашылі яго не аддаваць, а стражнікаў разагналі. За гэта, як ініцыятара, мяне асудзілі на два месяцы турмы і загадалі выехаць з Магілёўскай губерні. Таксама распачалася судовая справа за патаемнае навучанне дзяцей»53

Выкажам меркаванне, што кс. Жыскар мог наўмысна перанесці вядомыя яму падзеі на некалькі дзесяцігоддзяў раней, каб не ставіць пад пагрозу новых ганенняў іх удзельнікаў.

Фашчаўскі абраз Багародзіцы перажыў ваенныя і рэвалюцыйныя завірухі пач. ХХ ст. і надалей знаходзіўся ў галоўным алтары касцёла. 18 мая 1922 г. у лісце да біскупа фашчаўскі адміністратар кс. Аляксандр Сак прасіў індульт на адпраўленне Імшы з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту і апеляваў да існаваўшай некалі традыцыі, звязанай з фашчаўскім абразом: «Фашчаўскі касцёл мае прыгожы абраз Маці Божай, які далёка навокал славіцца як цудоўны. Даўней, як расказваюць, на ўсе ўрачыстасці Маці Найсвяцейшай у Фашчаўцы адпраўлялася перад цудоўным абразом урачыстае набажэнства з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту. Цяпер гэты звычай, на жаль, я не заспеў. Відавочна, нехта з маіх папярэднікаў занядбаў просьбу пра абнаўленне індульту на адпраўленне ўрачыстых набажэнстваў з выстаўленнем»54.

Сляды арыгінальнага абраза Панны Марыі Фашчаўскай губляюцца ў міжваенным часе. Савецкая ўлада неаднаразова намагалася скасаваць касцёл. 9 чэрвеня 1937 г. быў арыштаваны фашчаўскі пробашч кс. Пётр Януковіч (1863–1937). Абраз жа, паводле адной з версій, скралі з галоўнага алтара 13 чэрвеня 1937 г., на ўрачыстасць св. Антонія Падуанскага, калі парафіяне бралі ўдзел у традыцыйнай пілігрымцы ў Магілёў55.

Вядома, што, акрамя арыгінальнага абраза Панны Марыі Фашчаўскай, існавалі яшчэ і спісы. Згодна з пратаколам візітацыі ўніяцкай царквы св. Мікалая ў в. Мяніца56 Бабыніцкага дэканата (Лепельскі пав. Віцебскай губ.) у 1822 г. у галоўным алтары гэтага храма знаходзіўся абраз Найсвяцейшай Панны Марыі Хвашчаўскай. Ніякай інфармацыі пра матэрыял асновы твора і накладную аздобу не падаецца57. Лёс гэтага спісу невядомы. Пра іншы спіс, які паходзіць з другой паловы ХІХ ст., кс. Фрыдрых пераказваў досыць цікавую гісторыю: «Адзін святар расказваў мне, што каля трыццаці гадоў таму (прыкладна ў 1880 г. — А. К.) ён сасніў Маці Божую Фашчаўскую ў надта бедным і брудным адзенні. Ніколі ён не бачыў гэтага абраза і не чуў пра яго. Прачнуўшыся, пачаў пытацца пра абраз і вырашыў паехаць у Фашчаўку, каб зразумець, што гэты сон можа азначаць. Прыбыўшы на месца, пазнаў у абразе Найсвяцейшую Панну, якую сасніў, і пераканаўся, што абраз патрабаваў рэстаўрацыі, намагаўся яго узнавіць і аздобіць. А ў 1883 г. даў зрабіць копію фашчаўскага абраза для парафіяльнага касцёла ў Пустыні Віцебскай губерні»58.

Вельмі падобна на тое, што імя святара, які стаў ініцыятарам стварэння копіі Багародзіцы Фашчаўскай, — Адольф Малахоўскі. Ён нарадзіўся ў 1841 г., паходзіў з дваранаў Ковенскай губерні. Да 1859 г. вучыўся ў Панявежскай гімназіі, у 1860–1861 гг. — у Цяльшэўскай рыма-каталіцкай дыяцэзіяльнай семінарыі, у 1861–1862 гг. — у Магілёўска-Мінскай рыма-каталіцкай семінарыі, а ў 1862–1866 гг. — у рыма-каталіцкай духоўнай акадэміі ў Санкт-Пецярбурзе. Па заканчэнні атрымаў ступень магістра багаслоўя. Высвечаны ў святарскі сан 12 сакавіка 1866 г. У 1866–80 гг. кс. Малахоўскі працаваў на розных пасадах у рыма-каталіцкай акадэміі. У 1873 г. ездзіў за мяжу на чатыры месяцы для пакланення святым месцам у Палестыне. 6 снежня 1879 г. «паводле ўласнага жадання звольнены ад усіх пасадаў, якія займаў у акадэміі, і прызначаны ў Фашчаўку»59.

Ужо ў сакавіку 1880 г. кс. Малахоўскі з прычыны слабога здароўя прасіў звольніць яго60. Мітрапаліт гэтую просьбу выканаў, але справа зацягнулася, таму кс. Малахоўскі толькі ў кастрычніку 1880 г. пакінуў Фашчаўку61. Ускосна пацвярджаецца інфармацыя пра аздабленне абраза Маці Божай. За той час, пакуль кс. Малахоўскі узначальваў фашчаўскую парафію, на абразе з’явіўся срэбны вызалачаны крыж з камянямі62. Пазнейшыя крыніцы сведчаць, што крыж меў у сабе часцінкі Святой Зямлі63. Зважаючы на тое, што кс. Малахоўскі здзейсніў туды падарожжа і нават напісаў пра гэта кнігу, крыж можна лічыць ягонай ахвяраю. У снежні 1880 г. кс. Малахоўскага прызначылі ў Выбарг, а 1 снежня 1883 г. — у Пустынь, дзе ён служыў да 1 студзеня 1888 г., а пасля яшчэ некалькі гадоў у суседніх парафіях64.

Такім чынам, лірычны аповед кс. Фрыдрыха пацвярджаецца дакументальна. Што датычыцца копіі фашчаўскага абраза, то падаўчы інвентар пустыньскага касцёла пад датаю 1 снежня 1888 г. мае спіс рэчаў — 72 пункты, якія з’явіліся за 4 гады, пакуль адміністратарам быў кс. Малахоўскі, але сярод абразоў Панна Марыя Фашчаўская не згадваецца.

«Абразы
   1. Божай Маці з Немаўляткам Езусам на руках, металічны, у агні вызалачаны, вытанчанай працы. Дыядэмы са штучных камянёў зробленыя ў Ліёне. У жазле пярсцёнак залаты з бірузой.
   2. Таксама Божай Маці, добрай працы, пісаны на палатне.
   …
   59. Хатнія рэчы, якія пакінуў п[ачэсны] к[анонік] М[алахоўскі], абразы святых, партрэты ў рамах пад шклом – сорак восем»
65.

Да сённяшняга дня ў касцёле латгальскага сяла Пустынь66 захаваўся абраз, які адпавядае апісанню ў пункце 1. Пацвярджае гэта і лацінская гравіроўка на шаце: «У год Панскі 1883 Адольф Ст. Малахоўскі, пачэсны канонік Магілёўскі, пасля шчасліва скончаных паломніцтваў па святынях у гонар Найсвяцейшай Панны, якія славяцца цудамі ў Літве, Польшчы, Аўстрыі, Італіі і Францыі, з пакораю падараваў гэты абраз у гонар Благаслаўлёнай Маці нашаму пустыньскаму касцёлу».

Аднак няма ніякіх прычынаў, каб атаясамліваць менавіта гэты пустыньскі абраз з Фашчаўскай Багародзіцай— кампазіцыя адрозніваецца, шмат якія дэталі не супадаюць, надпіс нічога не паведамляе пра Фашчаўку. Пэўна ж, сярод 50-ці абразоў, якія пакінуў у Пустыні кс. Малахоўскі, мог быць і фашчаўскі, але цяпер у Пустыні няма падобных на вядомы па фотаздымку абраз Панны Марыі Фашчаўскай.

У цяперашні час у праваслаўным храме Святой Тройцы сяла Вялікія Будзішчы Дзіканьскага р-на Палтаўскай вобл. Украіны знаходзіцца абраз Багародзіцы з надпісам «Изображенiе Прстыѧ Бдцы Фощовской». На першы погляд, праводзіць нейкія паралелі ці шукаць сувязь гэтага абраза з Фашчаўскай Багародзіцай падставаў няма, бо выява адрозніваецца ад фашчаўскай, а мясцовасць вельмі аддаленая ад таго рэгіёна, дзе шанаваўся фашчаўскі абраз. Аднак у «Палтаўскіх епархіяльных ведамасцях» ёсць артыкул «Фощовская икона Божіей Матери» пад датаю 17.VIII.1903 г. аўтарства колішняга настаяцеля гэтай Троіцкай царквы а. Віталія Касцецкага, паводле якога ўкраінскі абраз паходзіць з Магілёўскай губерні. Святар цытуе ліст ад старога чалавека, які піша, што сам перадаў абраз у царкву с. Вялікія Будзішчы пасля смерці бацькоў. З расказу вынікае, што першапачаткова цэнтральная дошка абраза належала католіку з Магілёўскай губерні Паўлу Нядзведзкаму, які прыходзіўся дзядзькам гэтаму старому (братам маці). Павел нібыта ў студэнцкія гады разам з двума сябрамі знайшоў абраз у лесе на дрэве, прыкладна ў 1808–1812 гг. Хлопцы рассеклі яго на тры часткі, і Паўлу дасталася цэнтральная. Так гэта было ці не, але малады чалавек перадаў сваю частку абраза роднай сястры, якая пасля выйшла замуж за расійскага афіцэра Нікіціна. Жанчына хутка аўдавела, жыла ў Чарнігаве, выйшла замуж за будучага бацьку інфарматара. Муж прырабіў да іконы новыя бакавыя дошкі і аддаў абраз мастаку (куму жонкі), каб той дамаляваў адсутныя часткі выявы. Калі мастак запытаўся, як падпісаць абраз, маці інфарматара разгубілася, а пасля ўспомніла, як нібыта сасніла, што гэта «...изображеніе иконы „Фощовской“ Божіей Матери». А. Касцецкі адзначае, што абраз мае невялікі памер, прыкладна 33х25 см, і надпіс «из. ч. Фощовскія Богоматери»67.

Хаця ў арыгінале аповед перанасычаны звышнатуральнымі сведчаннямі (цудоўнае атрыманне, нечаканыя смерці сяброў Паўла Нядзведзкага, якія рассеклі абраз, хвароба і цудоўнае ацаленне самога Паўла, прарочныя сны дзейных асобаў апявядання і інш.), але трэба адзначыць вартыя ўвагі дэталі: прасочваецца сувязь менавіта з католікамі Магілёўскай губерні Нядзведзкімі. Паводле метрычных запісаў XVIII–XIX стст., шляхцяне Нядзведзкія былі парафіянам фашчаўскага касцёла; абраз рэстаўравалі і панаўлялі з прычыны таго, што захавалася толькі цэнтральная дошка, таму вядомая на сённяшні дзень выява можа ў значнай ступені адрознівацца ад першапачатковай; надпіс на абразе можна растлумачыць як «изображение части», што ўскосна пацвярджае грунтоўнае аднаўленне іконы і пераклікаецца з аповедам.

Дзеля справядлівасці адзначым, што на палатне пад абразом быў надпіс, які зрабіў у 1883 г. святар Троіцкай царквы а. Іаан Касценка, паводле якога азначаную выяву царкве падаравалі есаул Іван Андрэевіч Аліфераў з жонкаю Аляксандраю Фролаўнай у 1849 г., што супярэчыць прыведзенаму вышэй аповеду. Такім чынам, без дэталёвага вывучэння ўкраінскага абраза дакладна пацвердзіць сувязь з Фашчаўскай Багародзіцай немагчыма.

Адраджэнне парафіяльнага жыцця ў Фашчаўцы пачалося ў 1990-я гг. Увесну 1996 г. калгас выдзеліў для вернікаў хату, якую прыстасавалі пад капліцу. 31 мая 1996 г. адбыўся першы пасля 1937 г. фэст на свята Адведзінаў Найсвяцейшай Паннай Марыяй св. Альжбеты. У гэтым жа годзе на аснове згаданага вышэй чорна-белага фотаздымка зрабілі копію абраза Маці Божай Фашчаўскай. Абраз асвяцілі 19 жніўня 1996 г. і змясцілі ў фашчаўскай капліцы. Асвячэнню папярэднічала навэнна перад выстаўленым у магілёўскім катэдральным касцёле абразом68.

У 2015 г., дзякуючы намаганням кс. Дзмітрыя Іванова — былога шклоўскага пробашча, які апекаваўся і Фашчаўкай, парафія займела новую копію абраза Панны Марыі Фашчаўскай, якую напісала мастачка Вольга Куваева. 30 мая 2015 г. перад Эўхарыстыяй адбылося асвячэнне новага абраза. На ўрачыстасці ў Фашчаўцы сабраліся святары Магілёўскага і Аршанскага дэканатаў, вернікі з Княжыцаў, Шклова, Магілёва і Мінска. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Юры Касабуцкі. Набажэнства адбывалася ў новай капліцы69.


  1. «Nasze Kościoły» / ks. D. Bącykowski, ks. J. Żyskar — T. 1 (archidiecezja Mohylowska). — Warszawa–Peterburg: 1913.— S. 54
  2. «Historye cudownych obrazów Najświętszej Maryi Panny w Polsce» / zebrał według autentycznych żródeł ks. Alojzy Fridrich T. J. — T. 4. — Kraków: czcionkami drukarni A. Koziańskiego w Krakowie, 1911. — S. 33.
  3. Фундуш складаўся з вв. Чарніца (цяпер Фашчаўка), Княжычка (цяпер Княжыцы), Чална (цяпер Саськаўка), Чамаданы (цяпер Старыя Чамаданы) і Крывель. У 1634 г. далучаная в. Дубраўка. Пазней на землях фашчаўскага маёнтка ўзнікла в. Слабодка. Усе паселішчы зараз знаходзяцца на тэрыторыі Фашчаўскага і Гарадзецкага с/с Шклоўскага р-на.
  4. Магілёўская эканомія — дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ у XVI–XVIII стст. У пач. XVII ст. эканоміяй кіравала каралеўская адміністрацыя Магілёўскага замка; у склад эканоміі ўваходзіла больш за 190 вёсак.
  5. Красоўскі А. В. «Да пытання ўзнікнення рыма-каталіцкага асяродка і парафіі ў вёсцы Фашчаўка Шклоўскага раёна» // Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць: зборнік навуковых прац удзельнікаў Х Міжнароднай навуковай канферэнцыі, 25–26 мая 2017 г. — Магілёў: МДУХ, 2017. — С. 247–252.
  6. У гістарычным кантэксце таго часу: вернікі — католікі, схізматыкі — праваслаўныя.
  7. Alberto Wiiuk Koiałowicz «Miscellanea rerum ad statum ecclesiasticum in Magno Lituaniae Ducatu pertinentium». – Vilnae: typis academicis, 1650. — Р. 36.
  8. Annick Delfosse «L’Atlas Marianus, une entreprise collective» // Marie mondialisée: l’Atlas marianus de Wilhelm Gumppenberg et les topographies sacrées de l’époque moderne. — Éditions Alphil-Presses universitaires suisses, 2014. — Р. 135.
  9. Guilielmo Gumppenberg «Atlas Marianus quo sanctae dei genetricis Mariae imaginum miraculosarum origines duodecim historiarum centurijs explicantur». — Monachii: typis&impensis Ioannis Iaecklini, 1672. — Р. 559.
  10. «Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy 1564–1995» [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: http://jezuici.krakow.pl/Bibl/enc.htm
  11. Stanislao Rostowski «Litvanicarum Societatis Jesu historiarum provincialium pars prima». — Vilnae: typis S.R.M&Republicae academicis Societatis Jesu, 1768. — Р. 623.
  12. Henrico Scherer S.J. «Atlas Marianus sive geographia Mariana (Atlas Marianus sive praecipvae totius orbis habitati imagines et statuae magnae Dei Matris beneficiis ac prodigiis inclytae succincta historia propositae et mappis geographicis expressae)» — Monachii: typis Mariae Magdalenae Rauchin Viduae, 1702. — Р. 122.
  13. «Акты, относящіеся къ исторіи Южной и Западной Россіи». — т. 3 (1638– 1657 гг.). — Санкт-Петербургъ: въ типографіи П.А. Кулиша, 1861. — С. 539.
  14. Літургічнае адзенне каталіцкіх святароў.
  15. Ks. Stanisław Załęski T.J. «Jezuici w Polsce». — T. IV. — cz. 3. — Kraków: drukiem i nakładem drukarni W.L.Anczyca i sp., 1905. — S. 1063.
  16. У дакументах сустракаецца таксама іншы варыянт прозвішча — Курыка (польск. Kuriko).
  17. Цяпер в. Новае Сяло, Войстамскага с/с, Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.
  18. У гэтым кантэксце — плата за нявесту, якая ішла замуж за падданага іншага пана.
  19. Российский государственный архив древних актов (РГАДА), ф. 1603, оп. 12, д. 25, лл. 5–5об.
  20. Тастамэнт — пісьмовае распараджэнне пра асабістую маёмасць на выпадак смерці.
  21. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ), ф. 1731, воп. 1, спр. 6, арк. 1048–1049.
  22. Victorinus Hryncewicz «Synodus dioecesana vilnensis ab illustrissimo, excellentissimo ac reverendissimo domino D. Michaele Joanne Zienkowicz Dei&apostolicae sedis gratiâ episcopo vilnensi in ecclesia cathedrali sua, anno Dni MDCCXLIV. diebus 10. 11. 12. m. febr: celebrata». — Vilnae, 1744. — Р. 127.
  23. Ks. Stanisław Załęski T.J. «Jezuici w Polsce». — T. IV. — cz. 3. — Kraków: drukiem i nakładem drukarni W.L.Anczyca i sp., 1905. — S. 1065.
  24. РГАДА, ф. 1603, оп. 7, д. 413, л. 4.
  25. РГАДА, ф. 1603, оп. 7, д. 411, лл. 29–30.
  26. РГАДА, ф. 1603, оп. 7, д. 411, л. 28.
  27. РГАДА, ф. 1603, оп. 7, д. 412, л. 6 об.
  28. РГАДА, ф. 1603, оп. 7, д. 412, л. 7.
  29. Ks. Stanisław Załęski T.J. «Jezuici w Polsce». — T. V. — cz. 1. — Kraków: drukiem i nakładem drukarni W.L.Anczyca i sp., 1906. — S. 352.
  30. Litterae annuae (лац. штогадовы ліст) — гісторыя езуіцкага калегіума ці дома, якая запісвалася кожны год, а раз на тры гады дасылалася правінцыялу і генералу ордэна езуітаў.
  31. «Historye cudownych obrazów Najświętszej Maryi Panny w Polsce» / zebrał według autentycznych żródeł ks. Alojzy Fridrich T. J. — T. 4. — S. 30.
  32. «Historye cudownych obrazów Najświętszej Maryi Panny w Polsce» / zebrał według autentycznych żródeł ks. Alojzy Fridrich T. J. — T. 4. — S. 30.
  33. НГАБ, ф. 1781, воп. 26, спр. 1387, арк. 34 адв.
  34. НГАБ, ф. 1781, воп. 2, спр. 361, арк. 4.
  35. НГАБ, ф. 1781, воп. 5, спр. 15, арк. 5.
  36. НГАБ, ф. 1781, воп. 26, спр. 1486, арк. 34 адв.
  37. «Historye cudownych obrazów Najświętszej Maryi Panny w Polsce» / zebrał według autentycznych żródeł ks. Alojzy Fridrich T. J. — T. 4. — S. 33.
  38. Konstanty Marja Żukiewicz «Cudowny obraz Matki Boskiej Rózancowej, w kościele Krakowskich Dominikanów». — Kraków: odbito czcionkami druk. Głosu Narodu, 1921. — S. 26–28.
  39. A. Bieś SJ, L. Grzebień SJ «Obrazy Matki Bożej Śnieżnej (Salus Poluli Romani) w Polsce na przełomie XVI i XVII wieku. Legendy i fakty». — Kraków: wydawnictwo WAM, 2016. — S. 116–117.
  40. Российский государственный исторический архив (РГИА), ф. 826, оп. 1, д. 427, лл. 62–62 об.
  41. «Kurjer Litewski» — №111. — 7(30).05.1912.
  42. НГАБ, ф. 1781, воп. 2, спр. 2452, арк. 32–32 адв.
  43. Ватыва (лац. votivus) — ахвяра паводле абяцання. Часцей за ўсё – маленькія срэбныя вырабы рознай формы, якія мацуюцца на абраз.
  44. НГАБ, ф. 1781, воп. 26, спр. 1387, арк. 35 адв.
  45. НГАБ, ф. 1781, воп. 2, спр. 361, арк. 6 адв.
  46. НГАБ, ф. 1781, воп. 26, спр. 1500, арк. 166 адв.
  47. «Historye cudownych obrazów Najświętszej Maryi Panny w Polsce» / zebrał według autentycznych żródeł ks. Alojzy Fridrich T. J. — T. 4. — S. 32–33.
  48. Е.Р. Романовъ «Бѣлорусскій сборникъ». — вып. 5 (заговоры, апокрифы и духовные стихи). — Витебскъ: типо-литографія Г. А. Малкина, 1891. — С. 6.
  49. «Nasze Kościoły» / ks. D. Bącykowski, ks. J. Żyskar — T. 1 (archidiecezja Mohylowska). — S. 53–54.
  50. НГАБ, ф. 3256, воп. 2, спр. 22, арк. 11 адв–12 адв.
  51. С. Г. Цытовіч «1863 год у Горы-Горках быўш. Магілёўскай губ. Падзеі паўстання». — Менск: 1929. — С. 122.
  52. Цяпер аг. Ула Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.
  53. РГИА, ф. 826, оп. 1, д. 427, л. 66.
  54. РГИА, ф. 826, оп. 1, д. 427, лл. 78–78 об.
  55. Кс. К. Тамэцкі, К. Бендаў «Гісторыя каталіцкага касцёла ў Фашчаўцы». — Мсціслаў, 2002. — С. 13.
  56. Цяпер в. Мяніца Вароніцкага с/с Полацкага р-на Віцебскай вобл.
  57. РГИА, ф. 824, оп. 2, д. 178, л. 84.
  58. «Historye cudownych obrazów Najświętszej Maryi Panny w Polsce» / zebrał według autentycznych żródeł ks. Alojzy Fridrich T. J. — Т. 4. — S. 32.
  59. НГАБ, ф. 1781, воп. 25, спр. 242, арк. 10–18 адв.
  60. НГАБ, ф. 2375, воп. 1, спр. 51, арк. 6.
  61. Іbid, арк. 13.
  62. НГАБ, ф. 2398, воп. 1, спр. 1, арк. 6 адв.
  63. «Historye cudownych obrazów Najświętszej Maryi Panny w Polsce» / zebrał według autentycznych żródeł ks. Alojzy Fridrich T. J. — Т. 4. — S. 33.
  64. НГАБ, ф. 1781, воп. 25, спр. 242, арк. 21–22.
  65. НГАБ, ф. 1781, воп. 4, спр. 156, арк. 11–11 адв.
  66. Цяпер Pustiņas-Robeznieki, Краслаўскі край, Латвія.
  67. «Фощовская икона Божіей Матери» \\ «Полтавскія епархіальныя вѣдомости» — № 26. — 10.09.1903 г. — С. 1115–1119.
  68. Кс. К. Тамэцкі, К. Бендаў «Гісторыя каталіцкага касцёла ў Фашчаўцы» — Мсціслаў, 2002. — С. 17–18.
  69. «Асвячэнне іконы Маці Божай адбылося ў Фашчаўцы» [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: http://mohylev-katolik.by/index.php/item/200-asvyachenne-ikony-matsi-bozhaj-adbylosya-fashcha-tsy


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY