|
|
№
3(93)/2020
Жыццё Касцёла
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
«ХТО Ж ЯК БОГ!» Слова на пачатак перэгрынацыі фігуры святога Арханёла Міхала ў інтэнцыі Беларусі Год Яна Паўла ІІ
Тэалогія
Спадчына
Пераклады
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Успаміны
Паэзія
Проза
Прэзентацыя
Нашы святыні
|
Звычайна мастаком лічаць чалавека, які мае дакумент пра заканчэнне адпаведнай навучальнай установы і прафесійныя навыкі, што дазваляюць яму больш-менш якасна працаваць у сферы, дзе запатрабаванае ўменне валодаць алоўкам, пэндзлем ці скульптурскай стэкай. Ёсць яшчэ мастакі самадзейныя, інакш кажучы — дылетанты, якія да ўсяго дайшлі без сістэмнай адукацыі, сваім розумам, прыродным талентам і высокай працаздольнасцю. Калі-нікалі іх работы нават не адрозніш ад тых, што робяць адукаваныя прафесіяналы, але ў мастацтве рамяство — толькі першая прыступка. Мастаком жа, калі гэта слова пісаць з вялікай літары, насамрэч з’яўляецца той, хто здолеў узняцца ад рамесніцтва да творчасці. І вось тут пачынаецца таямніца… Па-першае, ёсць творцы, якія ўвогуле і маляваць «па-людску» не ўмелі. Да прыкладу, нашы землякі Марк Шагал ці Хаім Суцін, ды, бадай, і ўся так званая «Парыжская школа» пачатку мінулага стагоддзя, што ўмоўна аб’яднала таленавітых дылентатаў з усёй Еўропы. Сярод тых «парыжанаў» я найбольш шаную геніяльнага італьянца Амедэа Мадыльяні. Па-другое, карціна, скульптура ці графічны аркуш бываюць зроблены так, што майстэрства нават зашкальвае, а ўсё адно, як сказаў бы Станіслаўскі: «Не веру!». Глядзіш на такую работу з захапленнем, а адышоў і забыўся. Гэты доўгі ўступ да гаворкі пра творчасць Аляксея Марачкіна патрэбны мне дзеля таго, каб для сябе самога высветліць і іншым патлумачыць, чаму гэтаму мастаку я заўжды веру, хоць і не заўжды бываю з ім згодны, і чаму, сцвердзіўшы сябе ва ўжо далёкія 70-я ў якасці творцы, здольнага пераканаўча сфармуляваць нацыянальную ідэю сродкамі выяўленчага мастацтва, ён і ў свае 80 гадоў застаецца ў гэтай справе лідарам, прытым, што за гэты час у Беларусі змянілася некалькі пакаленняў мастакоў...
Я не схільны пераацэньваць ролю асобы ў гісторыі, у тым ліку і ў гісторыі мастацтва, але для мяне відавочна, што постаці, якія называюць знакавымі і параўноўваюць з зоркамі першай велічыні, з’яўляюцца на нацыянальным небасхіле невыпадкова. Тут мусіць адбыцца збег, супадзенне акалічнасцяў на асабістым, лакальным і глабальных узроўнях. У згаданыя 70-я наша Беларусь даспела для таго, каб выйсці з той культурніцкай рэзервацыі, межы якой былі акрэслены савецкай ідэалогіяй і нацыянальнай палітыкай Крамля. Дарэчы, тое самае адбывалася, бадай, ва ўсіх саюзных рэспубліках з Расіяй уключна. Мяне нельга залічыць у радыкальныя крытыкі савецкай эпохі: я знаходжу ў ёй станоўчыя рысы і з’явы, але нікуды не падзенешся ад таго факту, што Масква навязвала беларусам комплекс непаўнавартасці. Па тым часе ні ў перыядыячным друку, ні ў навуковых доследах нельга было засведчыць нешта станоўчае пра Беларусь, яе гісторыю і культуру, не зрабіўшы перад гэтым рытуальнага паклону ў бок так званага «старэйшага брата». Дык вось Марачкін быў і застаўся сярод тых, хто сродкамі мастацтва імкнуўся знішчыць гэту заганную, абразлівую для нацыі завядзёнку, прычым у яго гэта добра атрымліваецца. Творчасць Аляксея Марачкіна 70–80-х гадоў мела найперш асветніцкі змест. Ягоныя тагачасныя карціны можна лічыць свайго роду ілюстрацыямі для яшчэ не напісанага праўдзівага падручніка па гісторыі Беларусі. Дарэчы, не напісаны ён і дагэтуль, бо пасля так званага «рэферэндума», які пазбавіў нашу дзяржаву гістарычнага сцягу і герба, а беларускую мову статусу адзінай дзяржаўнай, у тых падручніках па гісторыі нашай Краіны, паводле якіх вучаць у беларускіх школах, каледжах і ВНУ, відавочна не стае беларускасці.
У 1986 годзе грымнуў Чарнобыль, які падзяліў гісторыю краіны на «да» і «пасля», як калісьці ўжо было «да вайны» і «пасля вайны», «да рэвалюцыі» і «пасля рэвалюцыі». Сацыяльны чыннік зыходна прысутнічае ў творчасці Аляксея Марачкіна. Між тым асветніцтва патрабуе ад чалавека, які шчыруе ў гэтай справе, выразнай грамадзянскай пазіцыі, але менавіта мастакоўскае асэнсаванне чарнобыльскай бяды зрабіла спадара Аляксея творцам нацыянальнага маштабу. Мы памятаем, што савецкая дзяржава аказалася няздольнаю справіцца з наступствамі трагедыі, і гэта акалічнасць наблізіла «дэмантаж» СССР. А яшчэ Чарнобыль змусіў многіх атэістаў звярнуцца да Бога, узгадаць біблійную Зорку-Палын. Аляксею Марачкіну заўжды было блізкім хрысціянскае бачанне свету, таму і не дзіўна, што ў шэрагу твораў ён выбудоўвае паралелі Зорка-Палын і Чарнобыль, міфічны Апакаліпсіс і рэальная ядзерная трагедыя, што можа паставіць крыж на фізічным існаванні беларускай нацыі. Найбольш значныя творы ў гэтым раздзеле творчасці Марачкіна — карціна «Планета Палын» і ікона Божай Маці ахвяраў Чарнобыля. Першая работа выканана ў сюррэалістычнай стылістыцы, другая — у традыцыях беларускага сярэднявечнага жывапісу. Спадар Аляксей — адзін з ініцыятараў стварэння ў 1990 годзе сёння ўжо легендарнай творчай суполкі «Пагоня». Яна аб’яднала мастакоў, якія, незалежна ад эстэтычных прыхільнасцяў і тэматычных перавагаў, уважаюць за найвышэйшую каштоўнасць незалежнасць Беларусі. Сябры суполкі аператыўна рэагуюць творчымі акцыямі і выставачнымі праектамі на палітычныя падзеі, што пагражаюць суверэнітэту Краіны, а таксама ладзяць выставы ў гадавіны значных гістарычных падзей і ў юбілейныя даты славутых беларусаў. У выставах «Пагоні» бралі ўдзел не толькі сябры суполкі, але і тыя, хто падзяляе дэклараваныя «пагонічамі» ідэі. Як вядома, мастакі паводле вызначэння індывідуалісты. Мастакі шыхтамі не ходзяць, таму той факт, што суполка ў наступным годзе адсвяткуе трыццацігоддзе, падаецца ўнікальным. Быў момант, калі мне падавалася, што вялікай патрэбы ў такім творчым аб’яднанні ўжо няма. Суверэнная Беларусь рэстаўруе замкі і палацы; ставяцца помнікі, пра якія ў савецкі час нават марыць не даводзілася; сумленныя навукоўцы пішуць сумленныя кнігі па нашай гісторыі, Беларуская Народная Рэспубліка, адна згадка пра якую выклікала ў камуністаў істэрычную рэакцыю, ужо разглядаецца як важны этап у фармаванні беларускай дзяржаўнасці. Падавалася, што нарэшце дзяржава выконвае праграму «Пагоні». І яшчэ мне думалася, што ў шэрагу твораў спадара Аляксея просталінейнасць мяжуе з карыкатурнасцю, што для творцы такога маштабу наўрад ці добра. Я пра гэта нават пісаў і Аляксею Антонавічу гэтае меркаванне выказваў. Ён не пагаджаўся і, як высветлілася, у выніку аказаўся правым. У нашым мастацтве ўсё яшчэ запатрабаваныя і даволі радыкальная «Пагоня», і яе нефармальны лідар Аляксей Марачкін. І запатрабаваныя менавіта такімі, якімі яны ёсць...
У верасні ў сталічным Палацы мастацтва адбылася персанальная выстава Аляксея Марачкіна, прымеркавная да ягонага 80-годдзя. На ёй былі прадстаўленыя творы, якія сам аўтар лічыць знакавымі, этапнымі, пачынаючы са студэнцкіх часоў да апошняга часу. Гэта карціны, дзе ёсць і гісторыя Краіны, і жыццяпіс самога мастака. Выстава мела назву «Армагедон» — месца апошняй бітвы Дабра са Злом напярэдадні прышэсця Месіі. На думку мастака, гэта бітва адбываецца «тут і цяпер», а ўся драматычная гісторыя Беларусі рыхтавала беларускую нацыю да гэтай глабальнага маштабу падзеі, прычым мы разумеем, што Армагедон адбываецца не ў рэальнай прасторы, не ў канкрэтнай геаграфічнай кропцы, а ў чалавечых душах. Карцінаў усяго было выстаўлена 80, па адной на кожны год жыцця мастака. Сярод іх можна вылучыць «Малітву за Беларусь» і «Запавет Яна Паўла ІІ. Не згубіце Беларусь», прысвечаныя найноўшай гісторыі хрысціянства ў нашай Краіне і рэаліям духоўнага жыцця ў Беларусі. Сёння, калі ўлады абражаюць вернікаў, не пускаючы на Радзіму мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, а падзеі на нашых вуліцах і ў месцах зняволення змушаюць узгадаць Юдэю часоў царавання Ірада, запавет Папы Яна Паўла ІІ гучыць вельмі надзённа. Карціна «Сённяшнія Курапаты» таксама з гэтага шэрагу, бо заклікае да абароны нацыянальнай святыні ад агрэсіўнага, беспрынцыпнага бізнесу — фактычна гэта карціна пра выгнанне гандляроў з храма... «Вільня. 22 лістапада 2019 г.» Гэты твор заняў на выставе ганаровае месца і задаў танальнасць усёй экспазіцыі. Святая Вострая Брама ў квецені бел-чырвона-белых сцягоў, а над ёю ў атачэнні нашых нацыянальных колераў — партрэт Кастуся Каліноўскага. Урачыстае пахаванне Каліноўскага і ягоных паплечнікаў. Аднаўленне гістарычнай справядлівасці. Велічна і высока...
Ёсць пэўная сімволіка ў тым, што нібы сама зямля адкрыла астанкі герояў якраз тады, калі ўжо няма Расійскай імперыі, супраць якой было скіраванае славутае паўстанне; няма і Савецкага Саюза, які ў пэўным сэнсе быў пераемнікам тае імперыі, калі Беларусь і Літва, за свабоду якіх змагаўся Кастусь Каліноўскі, набылі дзяржаўны суверэнітэт. Год назад, у дзень пахавання паўстанцаў, беларускіх сцягоў у Вільні было столькі, што здзіўленыя былі і віленчукі, і самі беларусы, якія прыехалі ў гэты дзень у нашу агульную з літоўцамі старажытную сталіцу. А тое, што сённяшняе кіраўніцтва Рэспублікі Беларусі гэтую звышпадзею свядома праігнаравала, было цалкам прадказальна. Мне нават падаецца, што тыя ўрачыстасці па духоўнай арганізаванасці і ўзнёслым настроі былі для нас рэпетыцыяй масавых акцый пратэсту, якія цяпер адбываюцца ў беларускіх гарадах. ...На сустрэчы з гледачамі сваёй выставы Аляксей Марачкін з жалем адзначаў, што ягоныя творы 10-15-гадовай даўнасці актуальныя і сёння. І гэта сведчыць не толькі пра відавочны талент мастака, ягоную здольнасць бачыць у з’явах і падзеях пазачасавы сэнс, але і пра тое, што ў Беларусі гістарычны час у пэўным сэнсе спыніўся, хоць Краіна, нібыта, дынамічна развіваецца... Дадам яшчэ, што самая аптымістычная, на маю думку, карціна той знакавай выставы таксама фактычна прысвечана Кастусю Каліноўскаму: гэта «Плошча Каліноўскага», дзе галоўны герой — беларуская моладзь пад беларускім сцягам.
|
|
|