Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(93)/2020
Жыццё Касцёла
Год Яна Паўла ІІ
Тэалогія
Кшыштаф ПАЛЫС ОР
ПЕРАМОЖАНЫЯ БОГАМ
Спадчына

ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ
Пераклады
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Успаміны

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ

ЦІХУТКАЙ МАЛІТВАЮ
Проза
Прэзентацыя
Нашы святыні

ЮРАВІЦКІ ЕЗУІЦКІ КАСЦЁЛ

ЗБАЎЦА НА ГАЎБЦЫ

Кс. Стасіс ІЛА

ЛЮДЗІ І ЗВЯРЫ

З успамінаў вязня канцлагера


Стасіс Іла (1908–1983) — літоўскі ксёндз, пісьменнік, акадэмік Каталіцкай Акадэміі навук Літвы. Да вайны здзяйсняў душпастырскае служэнне, працаваў у рэдакцыях часопісаў, выкладаў у Каўнаскім універсітэце. Быў увязнены гітлераўцамі разам з групай літоўскай інтэлігенцыі ў канцлагеры Штутгаф (цяпер Польшча). Пасля «вызвалення» савецкімі войскамі грамадзянаў СССР пагналі на пакуты ў ГУЛАГ. Стасіс Іла здолеў вырвацца на Захад, дзе працягваў служэнне і творчую працу.
 

Вокладка кнігі
кс. Стасіса Ілы
«Людзі і звяры»,
1951 г.

Першыя дні

Калі грузавікі, што везлі нас, спыніліся каля Штутгафа, мы ўрэшце адчулі сябе амаль як на сваім месцы. Дзесяць дзён, што мы прабылі ў чатырох турмах (у Каўнасе, Тыльзіце, Каралёўцы, Марыенбургу) надта стамілі нас і многаму навучылі. Мы яшчэ не ведалі, куды нас вязуць і што нас чакае.

Да нас набліжаліся чатыры ўзброеныя эсэсаўцы. Калі яны падышлі, нехта загадаў нам сшыхтавацца па чацвёра. Яны павялі нас па добра выбрукаванай дарозе паўз чырвоны будынак «гатэля».

Калі мы ўжо стаялі на двары і чакалі, да нас падышлі два афіцэры — адзін малы, напалеонаўскага выгляду, другі высокі, з крывымі нагамі і апалымі плячыма. Яны агледзелі нашу групу, цішком гаворачы нешта пра нас, як мы маглі зразумець па іхніх позірках і жэстах, пастаялі і пайшлі паміж баракамі.

Мы не ведалі, хто гэта, і, паводле звычаю вольных людзей, не павіталіся з незнаёмцамі. Аказалася, што гэта былі сапраўдныя нашы валадары — камендант канцлагера маёр СС Хопэ і ягоны намеснік, альбо загадчык адміністрацыйнай справы лагера, капітан СС Маер.

Праз некаторы час мы заўважылі паміж баракамі нейкага старэйшага падафіцэра СС. Высокі, падобны з твару на капітана Маера, ён ішоў да нас лёгкімі крокамі, трымаючы тэчку пад пахай, крыху ссутуліўшыся, апусціўшы галаву. Махнуўшы рукой, ён загадаў нам сшыхтавацца перад ім. Падняўшы вочы, ён разглядаў кожнага па чарзе, і не адзін з нас падумаў тады: «Гэты — сапраўдны д’ябал». Ягоны твар нібыта меў прыгожыя формы, але быў страшны, асабліва вочы. Ён распытваў нас грубым тонам і ўвесь час зласліва ўсміхаўся.

— Ты хто? — ён паказаў пальцам на маю каларатку.

— Ксёндз, — адказаў я.

Не падымаючы галавы, ён пажартаваў:

— Ксяндзам тут няма чаго рабіць. Хіба што ў крэматорыі.

Прамінула яшчэ каля трох гадзін, як раптам на галоўнай надбрамнай вежы загучала труба. Потым пачуліся гукі аркестра. Каля брамы мы заўважылі групу людзей з музычнымі інструментамі. Яны ігралі паходны марш, і мы падумалі — будуць маршыраваць эсэсаўцы.

Калона наблізілася да нас, але людзі не былі падобныя да салдатаў. Яны вярталіся, як армія, што пацярпела страшную паразу, — запыленыя, згорбленыя, панурыўшы галовы. За калонай вялі пад рукі тых, хто сам ужо не мог ісці. Ззаду ехалі двое колаў, на якіх былі скінуты памерлыя. Іхнія галовы гайдаліся, рукі звісалі з бартоў, як вяроўкі. Вазніцы не праяўлялі ніякай пашаны да памерлых: яны размаўлялі паміж сабой і час ад часу лаяліся.

Марш сцішыўся, і нам было незразумела, для чаго гэта ўсё было патрэбна: каб ушанаваць мёртвых або каб парадаваць жывых? У жывых мы не заўважылі ні ценю радасці, хаця танальнасць маршу зусім не была marche funebre1.

…Нямецкае гестапа абвінаваціла нас у супраціўленні: абвінаваціла за вочы, без следства, без суду. Падрыхтавалі ўсім тую самую фармулёўку: «War taetig in Widerstandsbewegung» (быў актыўным у руху супраціву). Гэта азначала, што нас прыраўнялі да польскіх падпольшчыкаў і расейскіх партызанаў, якіх належала неадкладна расстрэльваць.

Нас павінны былі расстраляць у Каўнасе. Пра гэта даведаўся генерал Юстас, ён звярнуўся да камандуючага нямецкага ўсходняга фронту, які быў бліжэйшы да Літвы, і папрасіў адкласці выкананне нашага смяротнага прысуду. Намаганні Юстаса, здаецца, падзейнічалі. Нас не расстралялі ў Літве.

У Нямеччыне наш лёс быў у руках Гімлера. Без ягонага подпісу смяротны прысуд не мог быць выкананы. (Напрыканцы 1944 г. гэтае права атрымалі таксама і гаўляйтэры.) Аднак абвінавачванні засталіся ў сіле, з імі нас і везлі па турмах у Штутгаф.

Ego te absolvo2...

Аднойчы, праз некалькі першых дзён, мы вярталіся па асфальтаванай дарозе з берага Віслы. Падаў дробны дожджык. Ісці трэба было пару кіламетраў. З рыдлёўкамі на плячах, з пануранымі галовамі, мы ішлі і думалі аб тым, колькі вытрываем у гэтым рабстве.

І вось ксёндз Альфонсас Ліпнюнас падышоў да мяне, тузануў за рукаў, даючы знак, каб мы крыху адсталі, і папрасіў выслухаць і паспавядаць яго.

Без знака крыжа, каб ахоўнікі нічога не заўважылі, ён пачаў.

У мяне затрымцелі рукі, сціснулася сэрца. Як бадзягі, як зняважаныя ўсімі стварэнні, ксяндзы сустрэліся ва ўрачыстым акце споведзі.

Даючы яму разграшэнне, я папрасіў, каб ён мяне таксама паспавядаў.

Гэта было першае выкананне святарскага абавязку, якое мы здзейснілі. Камунію мы атрымаць не спадзяваліся, бо хто ж нам яе мог даць, акрамя анёлаў з нябёсаў.

Вярнуўшыся ў баракі, мы былі шчаслівыя, што можам прылегчы. Маё месца было на трэцім ярусе, пад самаю столлю, і там было невыносна душна. Я злез з трэцяга яруса і пайшоў пашукаць вады. Ведаў, што ва ўмывальні і ва ўсім лагеры вада была брудная і яе нельга было піць. Хацелася толькі намачыць вусны і скроні. Ледзь валочачы ногі, я ўвайшоў ва ўмывальню. Гляджу, нехта ляжыць на каменнай падлозе. Ледзь чутна стогне. Высветлілася, што са спальнага бараку сюды вынеслі паміраючага чалавека, каб ён хутчэй сканаў.

Хаця я ўжо пабачыў шмат паміраючых і забітых, але гэтым разам мною ўпершыню авалодала жаданне выканаць свой святарскі абавязак і дапамагчы яму. Я наблізіўся і ўгледзеўся ў яго. Ён рабіў апошнія ўздыхі. Вочы ўжо застылі, і ў святле слабой сіняй лямпачкі ён выглядаў яшчэ больш жахліва.

— Ты хто, паляк? — спытаў я.

Ледзь чутным голасам ён прамармытаў, што так.

— Я ксёндз, — сказаў я. — Разумееш? — я сціснуў ягоную руку. — Пакайся, я дам табе разграшэнне.

Я ўзняў рукі над ягоным халадзеючым ілбом і прамовіў словы разграшэння.

Нейкая цеплыня разлілася ў маіх грудзях. Я вярнуўся на сваё месца на нарах і некалькі хвілін думаў пра шчасце таго чалавека, якога толькі што нечакана знайшоў ксёндз. Ён жа маліўся ўсё жыццё, просячы Бога паслаць яму ксяндза ў гадзіну смерці. І з тысяч памерлых і паміраючых тут ён адзін дачакаўся гэтай ласкі.

На дыярэю першым з нашых захварэў эканаміст Вітаўтас Мэйлус. Ён ляжаў на другім ярусе яшчэ з адным літоўцам. Раніцай ён хацеў пайсці ў бальніцу. Надвячоркам ён прыслаў свайго сябра да нашых нараў, дзе мы ляжалі з Піліпам Наручысам, і папрасіў пабыць гэтую ноч з ім. Мы з Мэйлусам былі землякі і вучыліся ў той самай гімназіі ў Укмергесе. Я меркаваў, што ён хоча паразмаўляць з блізкім чалавекам, паскардзіцца на цяжкасці. А ён сказаў мне:

— Ксёндз Стасіс, выслухай споведзь, бо мне засталіся лічаныя дні.

Мы ляглі побач, каб ніхто не заўважыў, і пачалі падарожжа па ягоным жыцці.

Доўгай была тая споведзь і шчырай. Спяшацца нам не было куды, толькі насустрач смерці, дык чаму ж не адкласці ўсе клопаты дзеля справаздачы, якая магла быць апошняй у ягоным жыцці. Гэтым разам я не адчуваў укусаў вошай, якія мучалі нас, калі мы клаліся на нары.

У бальніцу ён, як высветлілася, не патрапіў, а быў пераведзены ў барак для калек і паміраючых. Ён ужо амаль нічога не мог есці і высах, як трэска. Потым, не ведаю якім чынам, ён усё ж папрасіўся ў бальніцу і паціху ачуняў. Ласка, што прыйшла са споведдзю, умацавала ягоныя апошнія сілы і надала імпэт духу.

Першыя смерці

На чацвёртую нядзелю посту нам наладзілі другі «хрост»3, і тады першым зламаўся маёр юрыдычнай службы Стасіс Пуоджус. Ён захварэў на запаленне лёгкіх, але некалькі дзён яго выганялі на працу. Мы вялі яго пад рукі і туды і назад. Мы імкнуліся, каб яго прызначалі на працу каля вадакачкі, а там хавалі яго паміж складзеных плітаў, на сонейку, і ён сядзеў там да самага вяртання з працы. Праз некалькі дзён ён зусім страціў сілы і раніцай атрымаў дазвол ісці ў бальніцу. Я выйшаў з ім на двор з 6-га блока, дзе мы тады жылі. Я вёў яго пад руку і бачыў, у якім ён безнадзейным стане.

— Стасіс, — сказаў я яму, — я хацеў бы выканаць для цябе свой святарскі абавязак. Тваё змаганне будзе цяжкім, сам разумееш. Ці хочаш ты?

Ён зірнуў на мяне, нібыта не разумеючы словаў.

Месца для споведзі не было. Адчуваючы, што яму засталіся лічаныя дні, я адразу даў яму разграшэнне. Убачыў, як ягоныя вочы напоўніліся слязьмі. Ён сабраўся з сіламі, і твар ягоны прасвятлеў. Ён паціснуў мне руку. У ягоных вачах я прачытаў падзяку.

Праз некалькі дзён, 14 красавіка — у сераду перад Пальмовай нядзеляй — а 7-й раніцы ён памёр — першы з нас, 46-ці. Калі 17 красавіка (увечары напярэдадні Пальмовай нядзелі) я сам трапіў у бальніцу, іншыя нашы хворыя распавялі, як Пуоджус перад смерцю трызніў і голасна крычаў. Нават у іншых палатах было чуваць, як ён паўтараў па-нямецку: «Прашу справядлівасці… Прашу запрасіць да мяне ксяндза Ілу».

Чаму ён клікаў ксяндза? Мабыць, уражанне ад разграшэння кранула яго, таму ён хацеў яшчэ раз паспавядацца ва ўсім. Гэтая думка мусіла быць вельмі глыбокай, калі нават у трызненні ён не пакінуў яе.

У падполлі з Богам

Нас было толькі двое ксяндзоў сярод 46-ці літоўцаў, якія трапілі ў Штутгаф 25–26 сакавіка 1943 г. За два гады да нас далучылі яшчэ некалькі сотняў літоўцаў. Але ксяндзоў сярод іх не было. Сярод палякаў былі двое — Ян Гайкоўскі і Невядомы. Апошні хаваў сваё сапраўднае прозвішча і святарства; працуючы ў руху супраціву, ён быў арыштаваны немцамі, таму хацеў застацца «Невядомым».

Катэгорыя «святары» ў Штутгафе не была выдзелена асобна, як у Дахаў. Тут яны з першых дзён былі ўлучаны ў масу зняволеных, і больш пра іх ніхто не ведаў. Яны разам з усімі выконвалі тую ж працу; іх білі тымі ж палкамі, бізунамі і кулакамі, што і ўсіх іншых.

Як жа ў гэтым пекле было магчыма заставацца ксяндзом? Ім не было дазволена маліцца, як і ўсім астатнім зняволеным. Нельга было служыць Імшу або слухаць споведзь, бо ўсё гэта было забаронена. Тут у іх забралі ружанцы, Брэвіярыі, катэхізісы. Ім нічога не дазвалялася рабіць, калі б яны нават захацелі. <…>

Аднойчы раніцай, калі мы былі ў гаражы і чакалі ранішняга шыхтавання, прагучалі ціхія словы малітвы. Гэта здарылася ўпершыню.

«…Цяжар працы вытрываем ахвярна і рашуча, у любові і добрым настроі. З Табою, Пане, не будзе цяжкаю ніякая ахвяра, не будзе непераадольным ніякае выпрабаванне. Будзьма спакойнымі, як дух нашага народа, і яснымі, як нябёсы над нашым народам…»

Усе схілілі галовы, прыціснуліся грудзьмі да нараў, запанавала ціша. Той, хто казаў малітву, скончыў свае словы, але астатнія не рушылі з месцаў. Мабыць, словы кранулі сэрцы, ды й самі яны вырваліся з сэрцаў як заклік вытрываць, перанесці ўсё, не страціць унутранага спакою і яснасці нябёсаў над нашай Айчынай, што жыла пад чуйным вокам Пана.

То быў пачатак рэлігійнага служэння ў нашым жыцці. Малы пачатак.

— Давайце будзем маліцца штодня! — прапанавалі некаторыя з сяброў, наблізіўшыся да ксяндза. — Трэба далучыць іншых.

У гэтым быдлячым стойле яшчэ цепліўся дух.

Увечары таго дня, калі сябры ляглі на нары і размаўлялі між сабою, наш сакратар Наракас прыўстаў на нарах і сказаў:

— Сябры, памолімся!

Усе селі, як цені, схіліліся. Ззаду, з дратоў агароджы, ззялі лямпы, і іх святло падала праз маленькае акно нам на плечы.

«Пане, дай спакой нашым душам, стомленым і змучаным. Выбач нам нашы сумневы і ўздыхі адчаю. Мы верым у Тваё наканаванне і прымаем выпрабаванні за правіны нашага жыцця, на карысць для Айчыны і нашых блізкіх. Благаславі, Пане, нашых сяброў, якія ў смутку, дай ім трываласці, а тым, хто адышоў ад нас страшнаю смерцю, дай вечны супакой. Пане, Табе давяраем нашых блізкіх, што засталіся на радзіме, і сяброў па барацьбе. Твае спакой і ласка няхай прыйдуць у іхнія сэрцы. Ойча наш…»

Хор сцішана азваўся: «Хлеба нашага штодзённага…»

Галасы змоўклі. Кожны паглыбіўся ў сябе. Альбо думаў пра блізкіх, альбо перасяліўся ў свет мараў.

Ніхто не загадваў маўчаць пасля малітвы — яно так выйшла само сабою. І нашым правілам стала штовечар звяртаць апошнія словы да Бога. Штораніцы — перад размеркаваннем на працы, таксама звярталіся да Бога.

Распачаць гэтую малельную практыку, як памятаю, было нялёгка. Ксёндз заўсёды кіруецца пачуццём — не адштурхнуць таго, хто думае інакш. <...>

Вызваленне

На золку было незвычайна ціха. Ні сірэнаў, ні стрэлаў, ні нейкага руху. Няўжо пры браме няма ахоўнікаў? А за загароджаю не стаяць эсэсаўцы?

Настаў час мне пайсці да настаяцеля. Я агледзеўся, выйшаў праз шчыліну ў агароджы, крочу паўз копы саломы, азіраюся. Дакладна, ніводнага эсэсаўца! Нейкая групка сунецца. Падобныя да зняволеных. Але ніхто не крычыць «Стой!».

— Мы вольныя! — чую далёкія крыкі.

— Эсэсаўцы ўцяклі, мы вольныя!

Ніводнага з гэтых людзей я не ведаю асабіста. Я не паспеў падысці бліжэй, як яны пачалі абдымаць і цалаваць мяне.

— Мы вольныя, разумееш! Вольныя!

Мы цалаваліся, сціскаючы адзін аднаго. Мы не падзяляліся больш на палякаў, расейцаў або габрэяў.

На двары збіраліся зняволеныя. Азіраючыся, яны нерашуча набліжаліся адзін да аднаго. Я прыспешыў крок. Выйшаў на вуліцу. Яна была зусім пустая. Як і пляцоўка ўдалечыні.

У сакрыстыі я знайшоў настаяцеля, які рыхтаваўся да Імшы.

— Я дамовіўся… — пачаў ён, нават не павітаўшыся. — Але сёння становішча змянілася. Нікога з тых людзей не будзе. Усе ўцяклі. У хуткім часе тут будуць расейцы… Пасля Імшы я вас завяду да добрай парафіянкі. Ксёндз вас ласкава прыме, і тая верніца — таксама.

Я вярнуўся ў хлеў. Сябры яшчэ зграбалі салому.

— Немцаў ужо няма! — сказаў я ім. — Мы вольныя.

— Вольныя?! — нібыта не разумеючы, зірнулі яны адзін на аднаго.

Мяшкі адразу паляцелі ўгару. Такой была першая рэакцыя сяброў.

— А цяпер — у касцёл, — сказаў я. — Потым будзем шукаць, дзе прытуліцца.

Пераклаў з літоўскай мовы
Валеры Буйвал.

Паводле: Stasys Yla.
Žmonės ir žvėrys. Dievų miške.
Kaceto pergyvenimai. —
Kaunas, 1991 г.


  1. Пахавальны марш (франц.).
  2. Адпускаю табе грахі (лац.).
  3. Так эсэсаўцы блюзнерскім спосабам называлі здзекі з хрысціянскіх вернікаў, прымушаючы іх выконваць цяжкія і бессэнсоўныя працы.


Валеры Буйвал — мастацтвазнаўца, перакладчык. Нарадзіўся ў 1955 г. Закончыў Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Рэпіна ў Санкт-Пецярбургу (1977). Даследуе беларускае і заходнееўрапейскае мастацтва. Пераклаў на беларускую мову асобныя творы М. дэ Сервантэса, Г. Г. Маркеса, Ж. Амаду, Б. Бiёрнсана, А. Стрындбэрга, Дж. Вэргі, К. Чапэка і інш.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY