Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(93)/2020
Жыццё Касцёла
Год Яна Паўла ІІ
Тэалогія
Кшыштаф ПАЛЫС ОР
ПЕРАМОЖАНЫЯ БОГАМ
Спадчына

ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ
Пераклады
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Успаміны

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ

ЦІХУТКАЙ МАЛІТВАЮ
Проза
Прэзентацыя
Нашы святыні

ЮРАВІЦКІ ЕЗУІЦКІ КАСЦЁЛ

ЗБАЎЦА НА ГАЎБЦЫ

Кс. Пётр ТАТАРЫНОВІЧ

ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ

Зацемкі з падарожжа ў Рым

Працяг. Пачатак у №1.

«Новая галерэя Ватыканскай бібліятэкі ў Рыме».
Гравюра XIX ст.

Дык куды цяпер?

Паснедаўшы хутка ў першай лепшай кавярні — на цэлы дзень да Ватыканскіх Музэяў. Агледзелі згары, агледзім і ўнутры слаўную гаспадарку, каб з тым большай пашанай ісці пасля да самога Найдастайнейшага Гаспадара. Але ці ж хопіць на гэта дня? Веку чалавечага мала для пазнання належнага тых бясцэнных скарбаў гістарычных, навуковых і артыстычных.

Хто маніцца зведаць скарбы тыя, вякамі награмаджаныя ў калекцыях пад агульным назовам «Ватыканскіх Музэяў», звычайна распачынае ад Бібліотэкі.

Уявіце сабе цэлае мноства музэйных высокіх, як нашы касцёлы, цудоўна разкрашаных цвятным мармурам ды штукатэрыяй, заляў, больш чым кілёмэтравай хіба даўжыні, з неканчатнымі стройнымі радамі стылёвых, з бразылійскага дзерава шафаў, змяшчаючых у сабе блізу паўмільёна люксусова апраўленых томаў з калекцыямі ўсялякіх старадаўнасцяў з косці сланёвае, бронзу, серабра, золата ды навейшых геніяльных твораў: вазаў ды іншага рожнаякага з дарагіх мэталяў знадоб’я; збярэце з усіх краёў, з усіх вякоў, з усіх галін жыцця літаратурныя ды навуковыя творы; злічэце і злажэце ў ідэальным найдаступнейшым для кожнага вока парадку ўсё тое, што на працягу гісторыі людзтва вытварылі воля, рукі, мазгі чалавечага генія — а будзеце мець паняцце аб тым, што называецца «Ватыканскай Бібліотэкай» ці «Музэем»!

Тут усёсветная скарбніца веды, культуры і мастацтва. Тут вечны вулей навуковае працы, куды з цэлаго свету роем злятаюцца смакуны навуковае праўды.

Тут Саборы знаходзілі тэксты Айцоў Хрысціянства (вучняў Апостальскіх) дзеля нормавання рэлігійнага духа паводле Хрыстовай, апостальскай думкі; кананісты — аўтэнтычныя лісты найвыбітнейшых Папежаў законадаўцаў; багасловы і філосафы — дакумэнты, якія прычыніліся да росквіту схолястыкі; вучоныя (лінгвісты, матэматыкі, гісторыкі) усіх часоў і галін веды — навучныя творы, даючыя магчымасць нястрыманага поступу ў доследах і мэтодах; мастакі — клясычныя ўзоры.

Ужо ад першых вякоў існавання Касцёла рымскія Папежы з натугай працавалі над сабраннем і ўладжаннем кнігасховаў і архіваў, патрэбных ім у іхніх высокіх трудных абавязках духовага кіравецтва светам.

Вось адкрываецца перад намі даўжэзная (больш 300 м) Клемэнсавая галярэя. На сценах цудоўнай красы — эпізоды мучаніцтва папежа Клемэнса і з дзеяў няволі Францускай Пія VII.

Наступная Александрава заля маляўніча змяшчае часы Пія VI. У залях Паўлавых маляр з VII в. прадставіў сцэны з эпохі Паўла V ды шмат іншых сцэн з дзеяў вялікіх бібліотэкаў.

Уходзім пасля да выгромністае бібліотэкі вялікага аднавіцеля Ватыкану Сыкстуса V. Праз шкляныя вітрыны бачымо многа старых манускрыптаў, а прадусім грэцкую Біблію з ІV в., творы Віргінія з ІV і V веку з партрэтам паэта. Далей аўтографы св. Тамаша з Аквіну, Пэтраркі, Міхала Анёла, Лютра, Гэнрыка VІІІ, Эванэліі ды іншыя ў драгацэнных аправах. Іскрацца радульнымі колерамі два кандэлябры з слаўнай порцэляны сэврскай, што дадавалі калісь сплендору слаўнай каранацыі Наполеона, які пасля спрэзэнтаваў іх Пію VІІ-му. Далей з тое ж порцэляны артыстычнага значэння вазы і babtisterium, зробленыя ў той жа слаўнай сэврскай фабрыцы, спецыяльна на хрост царэвіча, Наполеонавага сына.

Мінуўшы яшчэ некалькі заляў, уходзім у так званы «Хрысціянскі Музэй», аснованы Бэнэдыктам XIV у 1756 г. для згрупавання гістарычных дакумэнтаў з першых вякоў Хрысціянства. Бачым тут многа старадаўнасцяў катакумбовых, святых літургічных судзін і знадоб’я. Далей следуе габінэт папірусаў ды заля юбілейных адрасоў каталіцкага свету Лявону ХІІІ і Пію Х-му. Направа — залі старадаўніх фрэскаў. Урэшце, дасягнуўшы малое каплічкі Пія V ды двух пакоікаў з адрасамі каталіцкага свету Пія ІХ і ХІ, канчаем бібліотэкі.

Ёсць аддзел у гэнай скарбніцы навуковай і для нашай літаратуры беларускай: кнігі і дакумэнты вялікага Княства Літоўска-Беларускага ды навейшыя творы нашых пісьменнікаў і вучоных знайшлі там сабе месца. Адзін з нашых студэнтаў расказваў мне, што там іменна выкапаў усе патрэбныя дакумэнты гістарычныя да свае навуковае расправы аб Уніі на Беларусі.

Апартамэнты Борджыа. Заля Тайніц.

Агледзіўшы бібліотэку, уходзім у апартамэнты Борджыа ды Рафаэляву Ложу.

Радрыга Борджыа ў 1426 г. быў пасля слаўнага Інакенція выбраны на папежа пад імем Александра VІ і хоць ня надта заслыў у гісторыі понтыфікату, то аднак выбітна адзначыўся ў дзеях мастацтва. Умела выкарыстаў ён для дэкорацыі фрэскамі слаўнага маляра Пінтурыкія, які цудна размаляваў 5 заляў, а найцудней залю Сыбіллі, у каторай скляпенні, падпёртыя дванаццацю фігурамі Сыбіллі і прарокаў, раскрашаны астрономічнай сымболікай ды 12-цю бандэролямі апостальскіх артыкулаў веры. Чым далей ідзём, тым большая цікавасць. Затрымоўваемся ў залі «Вольнага Мастацтва» пад блакітным скляпеннем з пазалочанай орнамэнтыкай. На сценах красуецца ў сямі фрэсках глёрыфікацыя мастацтва, паказваючая падставовыя прынцыпы ў сярэднявечных школах навучання: граматыкі, рэторыкі, дыялектыкі, арыфмэтыкі, гэомэтрыі і астраноміі.

У «Залі Святых» на сценах — сцэны біблійныя і сцэны з жыцця хрысціянскага, як, напрыклад, гісторыя нявіннай Зузанны, дыспута св. Кацярыны Александрыйскай, св. Антоні і Павал на пустыні, мучэнне св. Сцяпана.

Але артыстычны конфорт і элеганцыя дасягае зэніту ў Залі Тайніц, дзе Пінтурыкія ўвекавечніў гэніальнымі малюнкамі жыццё Хрыста і Найсвяцейшай Дзевы: Звяставанне, Народзіны Хрыста, Адорацыя Магаў, Унебаўшэсце, Зыход Св. Духа і г. д.

Нельга паасобна захапляцца кожным фрэскам. Што за цудная прыстойнасць, напрыклад, у Мадонне! Што за простадушнасць дзіцячая ды пакора пастушкоў, паклоннікаў Бэтлеемскіх; што за рэалізм у постаці папежа, адоруючага згробуўсталага Хрыста!.. Папеж у цяжкай багатай капе кленчыць, згарнуўшы рукі, а ля яго каштоўная тыара з золата і пэрлаў, распырскваючых быстрыя касулі ясныя на цёмную зелень газону.

Ня выходзіў бы, здаецца, з гэнага зачараванага свету красак, каб ня сіла цікавасці, якая нават і тут ня можа даволі насыціцца і ўспакоіцца, а наадварот — становіцца штораз неспакайнейшай. Ці дзеля таго, што прачувае блізка новыя, большыя дзівы?

Аслепленыя гэніем слаўнага Пінтурыкія, уходзім у новы рай мастацкі, у Ложу Рафаэля Санці з Урбіна, дзе гэты несмяротны гэній малярскі, удатна выкарыстаны праз энэргічнага папежа Юлія ІІ, увекавечніў слаўную апостэозу людзкое і Божае веды, а такжа ў абшырных гістарычных ды алегорычных сцэнах, чаруючых гожасцю велічы і гармоніі, прастаты і роўнавагі малюе вымоўную глёрыфікацыю папества.

Найбольш, аднак, гэній умбрыйскага тварца увыдатніўся ў залі Папескага Трыбуналу: пад скляпеннем відны сымболічныя фрэскі — Справядлівасць і Тэологія, Філёзофія і Паэзыя. Пад цнотай справядлівасці, трымаючай меч і вагу, Рафаэль згрупаваў растаропнасць, сілу ды мяркоўнасць. Пад Паэзыяй умясціў Парнаскага Аполёна. На проціўлеглых сценах прыгожа расцілаюцца: пад Філёзофіяй — Афінская школа з апотэозай грэцкай мудрасці, а пад Тэологіяй — Трыумф Эўхарыстыі, тая працудоўная сцэна, поўная спакойнай светазарнасці, у якой так дзіўна гармонізуецца рэлігійная сынтэза ваюючага і трыумфуючага Касцёла з незраўнаным палётам мастацтва.

Рафаэль упрыгожыў гэну залю вылучна для высоказаслужанага ў дзеях папества Юлія ІІ.

Многа і іншых твораў аставіў несмяротны Санці, але ці ж льга ўсё тут апісаць?

А хто ж тут утуліўся скромненька з сваім сапраўды надземным гэніем у малой зальцы, малёванай для Мікалая V? Во тут то праўдзівая райскасць! Авявае цябе нейкая таёмная анельская атмосфэра, калі рассмакованае далікатнымі Рафаэлявымі лініямі вока затрымаеш на фрэсках даўнейшага ораторыум пабожнага Мікалая. Што за чыстата надпрыроднага ідэалізму! Што за моц, што за пэўнасць ды ўдатнасць композыцыі, паказваючая, як грунтоўна знаў і любіў надпрыродную атмосфэру пакорны аўтар іх — пабожны законнік з Фьезоле (з-пад Флёрэнцыі) Frater Angelicus! Найбольш хватаюць за сэрца эпізоды з жыцця двух дыяканаў мучанікаў: св. Сцяпана і Лаўрэна.

Сыкстынская капэла.

Але ўвага! Стаімо вось на парозе наймагутнейшых мастацкіх чараў, на парозе святыні Мастацтва і Рэлігіі — слаўнай «Сыкстыны». Распешчанае раскошнай Рафаэлявай далікатнасцю вока затрымоўваецца прагавіта ў экстатычным аслупленні на «Страшным Судзе» Міхала Анёла. Можна сабе ўявіць сілу контрасту! Удараная сілай тытанічных помыслаў уява аж енчыць пад грамавым уражаннем! Як жа маленькім, слабым, ніштожным пачуваешся, дарагі наглядчыку! Магутная таёмная сіла калоціць волатна цэлым светам агромністых рыдваноў людзкіх постацяў. Навокал Хрыста, грознага Суддзі і Мсціцеля, разыгрываецца і нейкай страшэннай фурыяй анатомічнай апошняя патрасаючай драма людзтва. Добрыя і злыя духі важна і грозна дзеляць, парадкуюць выбраных і праклятых! Які ж удараючы контраст на тварох адных і другіх!

Але не замазвайма рэзкасці контураў гэнай вялікай паэмы гразы і сілы апісаннем дробязяў. Спрабуйма ахапіць вокам цэласць капліцы. Аднанавовая, даўжынёю ў 40 мэтраў, 13 шырынёю і 26 вышынёю. Выглядала б яна вельмі простай, каб не багацтва фрэскаў. Працавалі тут першарадныя малярскія сілы, а ў першай меры Мікеланджэла.

На правай сцяне — гісторыя вызвалення Ізраэля з няволі Егіпскай; на левай — жыццё Хрыстуса, вызваляючага людзтво з няволі граху. Дзевяць сцэнаў, прадстаўляючых стварэнне свету, першы грэх (змей кусіцель, тут з галавою жанчыны), гісторыю Ноя і г. д. ідуць адна за другой, над імі на склонах скляпенняў — магутныя фігуры Прарокаў і Сыбілляў, а ў луках над вокнамі — Хрыстовы продкі. Адным словам — жывая Біблія.

Эх, каб папалі сюды якім цудам нашы самадуры баптысты — застыдаліся б напэўна свайго неразумнага абразобурства! Як бо магчыма адкідаць тую, Богам створаную, сілу малярскага гэнія, так дабітна прадстаўляючую нам Божую Праўду!?

А каб жа яны мелі шчасце быць прысутнымі падчас понтыфікальных цэрэмоніяў, калі па смерці папежа пад «Страшным Судом» з тысячных грудзей духавенства загрыміць, будзячы сапраўды апокаліптычнае рэха, магутнае «Dies Irae» і «Requiem», або, калі новавыбраны папеж, паважны белы старэц у грамадзе дастойных пурпуратаў, арцыбіскупаў, біскупаў ды іншых дастойнікаў, моліцца ў гадаўшчыну свае каранацыі! Разслязіліся б напэўна ад сукрухі, згінаючы калені прад Хрыстовым Намеснікам. Няма месца на свеце, дзе б мінуўшчына так гармонійна злівалася з сучаснасцю, зямля з засветам, выклікаючы сапраўднае адчуванне несканчатнасці!..

О, як вялікія справы твае, Госпадзе!

Даволі, даволі! Галава і сэрца бы кондэнсатар наладаваны натоўпам уражанняў да апошняе застаўкі! Больш нічога ня лезе. А шкада. Яшчэ астаўся музэй старадаўнасцяў, а ў ім таксама многа мастацкіх чараў. Успомнім толькі Бэлвэдэрскага Аполёна, Юнону і слаўнага Ляокоона, якога Мікеланджэла назваў «мастацкім цудам».

Архібазыліка св. Яна на Лярэтане.

* * *

Другі дзень распачынаем юбілейным набажэнствам у Архібазыліцы св. Яна на Лярэтане. Гэта другая значэннем артыстычным і гістарычным патрыярхальная святыня Рыму. Уважаецца яна за матку ўсіх рымскіх святыняў. Да XIV веку была яна рэзыдэнцыяй папежаў. Многа тут старадаўных памятак.

Тут, напрыклад, прахаваўся стол, на якім Збавіцель адпраўляў з апосталамі Апошнюю Вячэру (першую Імшу св.).

У старым папескім палацы, прылягаючым да касцельных муроў, знаходзіцца шмат старадаўнасцяў, асабліва катакомбавых.

Тут у 1925 г. адбывалася вялікая выстава місыйная.

Тут 11 лютага 1929 г. быў падпісаны трактат між Апостальскай Сталіцай ды Італійскім урадам.

Проці гэнай архібазылікі стаіць каплічка, у якой месцяцца памятныя сходы святыя, па якіх ступаў калісь Хрыстус, ідучы да Пілата на суд. Перавезены яны з Палестыны ў Рым падчас крыжовых паходаў. Недалёка ў тэй жа часці гораду — базыліка св. Крыжа, дзе сапраўдныя кавалкі Хрыстовага крыжа перахованы разам з крыжамі разбойнікаў. Нават адзін кавалак лотравага крыжа даволі вялікі, тры аршыны даўжынёю, звычайнай грубіні. Толькі вельмі ж спарахнелы.

Годна ўвагі такжа базыліка св. Паўла. Пяць абшырных нават разгранічаны радамі калюмнады. Але ж, сапраўды — лес калюмнаў! У вялікім алтары, цэнным з боку архітэктонічнага, спачывае цела св. Апостала народаў. На цвінтары звяртае на сябе ўвагу вялізарная статуя гэнага Вялікага Волата Духа і волі: з пяруновай закатнай гразой на твары і мечам у правай, курчава шчэмленай, далоні — стаіць у гарачым задуменні, гатовы да змагання з ворагамі душы.

На дзядзінцы кляшторным за базылікай — прыгожы агародзец з цудоўнаю студзёнкай, абнесены кругом галерыяй. А калюменкі ў той галерыі — гэта цуд багацтва архітэктонічнага помыслу, кожная ў іншым стылю, розніцца ад свае суседкі, аднак становіць гармонійную цэласць: еднасць у прыгожай рожнароднасці.

Душа сапраўды ліпне да гэных шляхотных геніяльных людзкіх вытвараў, але мус цікавасці адрывае і гоніць далей…

Праз румовішчы паганскага Рыму, Forum Romanum, слаўны Калізей, асвечаны кроўю мучанікаў ды глядыатараў, ахвяр шалёнай дзікасці і распусты цэзараў — праз слаўную Мамэртынскую турму, дзе сядзелі ў ланцугох св. Пётра і Павал ды Сенкевічава Лігія. Над развалінамі паганскіх святынь і Палатынатам, колішняй пышнай цэзаравай рэзыдэнцыяй, дзе шалела калісь збыткоўнасць і цынічная распуста, — паспяшэмо ў Катакомбы.

* * *

Хрысціяне! Перажагнайся ў душы, спамінаючы аб гэных дарагіх сэрцу нашаму сакрарыах, дзе ў крывавых конвульсыях мук цярпенняў, у гарачых малітвах ды бязсонні, у духовым узмацненні словам апостальскім ды Целам Хрыстовым радзіўся малады непераможны хрысціянскі дух (Касцёл) — адрадзіцель заморанага ашалелым паганізмам чалавецтва. Гаворым і чытаем звычайна аб гэтых святых памятках з такім плыткім зацікаўленнем, як аб найпрасцейшых рэчах і патрэбах будняга дня. А хай толькі стане нага твая на першай ступені, вядучай у цёмныя падземныя нетры пяцісоткіломэтравай даўжыні, становячыя быццам падземны горад, сплецены вуліцамі-завулкамі, усыпаны касцьмі святых у Хрысце братоў і сёстраў, — мімаволі задрыжыць табе ступа, а душою скалыхне пабожная трывога ў пачуцці нягоднасці таптаць гэныя святыя месцы. Кожная грудка зямлі ёсць тут рэліквіяй! Сколькі ж тужных ды ўзрушаючых успамінаў з далёкай слаўнай крывавай даўнасці хрысціянскай лезе ў душу і сэрца!..

Трывожна мігаціць полымя свечкі ў руцэ, ледзь разсвятляючы кожнаму дарогу, сноўдаецца па цёмных туфавых сценах, заглыбах, дзе былі гробы мучанікаў, адсланяе хоць слаба маляваныя або рытыя сымболі на сценах каменных плітах; тут галубок з аліўнаю галінкаю ў дзюбцы (сымболь супакою, жаданага для мучаніка), там рыбка (ціхая пакора хрысціянская), там зноў размоленая ў экстатычнай позе постаць з рукамі, узнесенымі да неба, а там вун у закратаванай пячуры — нейкія косці.

Раптам зямны калідор разшыраецца ды разгаліняецца на многа іншых калідораў і крыпт. Я, разчуляны відам ды слёзнымі ўспамінамі, ня вытрымаў: інтоную «Святы Божа, Святы моцны, Святы несмяротны! Зжалься над намі!»… За мною — усе. Божа! Што за настрой! На блядых, ледзь прыкметных тварах відны слёзы. І паняслася па ўсіх тых закутках святых панурым рэхам таёмная пабожная наша суплікацыя, суплікацыя хрысціян дваццатага веку, выклікаючы сабе здаецца да ўтуру жудасны водгук далёкіх крывавых вякоў, малебны водгук першых хрысціян… Ці даляціць ён да трону Найвышэйшага? Ці адверне злавесную гразу нанова адроджанага паганізму?..

Нігдзе і ніколі так жыва і выразна не малюецца загадковая сучаснасць, як у тым перапоеным крывавай гісторыяй санктуарыуме. Як жывая стала ў памяці маей повесць аднаго з новачасных пісьменнікаў, аснованая на апокаліптычнай візыі св. Яна Эванэлісты, які ў грозных жудасных абразох малюе канец свету.

Творыцца пекла на зямлі. З’яўляецца публічна Антыхрыст. У Маскве, Бэрліне найвышэйшая рада аглашае ўрэшце вайну. Маскоўская армія пры помачы пякельнай выдумкі «чырвоных касуляў смерці» пераступае граніцу. У кароткім часе ўсе за малымі выняткамі арміі аддаюцца Антыхрысту. Арганізуецца вялікі паход праз Эўропу на Рым. Антыхрыст маніцца рашуча сцерці з твару зямлі Хрыстовага Намесніка ды ўстанавіць непадзельнае ўсесветнае сваё валадарства.

І вось настае трагічная хвіліна: армія Антыхрыстава, бы старадаўны вандалізм, акружае Рым. Папеж Пётра ІІ-гі, жадаючы адхіліць кровапраліцце, сам на чале ўрачыстае працэсыі ідзе ў абоз Антыхрыста. І спатыкаюцца два волаты, дзве праціўные сілы, дзеля апошняга разрахунку.

— Пахвалёны Езус, — звяртаецца з годнасцю і моцай Пётра, гледзячы ясным праніклівым вокам на Антыхрыста. А той, ухмыляючыся іронічна:

— Ты яго хваліш, ня я!

— Кожны, хто толькі прышоў на гэты свет, павінен хваліць Яго.

— У крыві і паніжэнні!?

— У тужнай любові.

У канцы перамагае Хрыстус: «чырвоныя праменні», зіяючыя з пражэктара, бы з пякельнай пасці, ніяк ня могуць зжэрці папежа, трымаючага Найсвяцейшы Сакрамэнт. Антыхрыст чарнее са злосці. Хрыстус перамагае! Але гэта ўжо канец свету, валячагася катастрофальна ў грузы. Адчыняюцца гробы. Сын Божы ззывае на суд жывых і памёршых…

Повесць фантастычная. Ніхто з нас ня ведае, калі прыдзе Дзень Госпадаў. Дык трудна з цэлай пэўнасці прадугледзіць у гэнай повесці зарок блізкага канца свету, аднак павінна зацікавіць нас фантазія аўтара, які жадае ўвідавочніць нам цэлую гразу сучаснасці, так падобную да тых праракаваных апокаліптычных хвілін Суднага Дня.

Сучасная грамадзкая душа сапраўды так разбіта, так загонена ў падзямелле… Цемень пякельная запанавала ў яе глыбіні. З светлага чала свайго з шалёным скрыготам сарвала анельскі дыадэм свайго Божага пасланства. Адкрыта выраклася выжэйшых ідэалаў і дасягненняў. З думак сваіх вымазала залацістую пячаць Божай красы. Ашляглыя крылля свае ледзь валочыць па загаслых румовішчах успамінаў светазарных, традыцыяў, пачуванняў, ды ідэйных лятуценняў; паскудзіць іх у зманнай трагічнай брыдзе распуснай жады і сораму, афарбованага пакостам самазваннае псэўдокультуры. Нейкая чорная моц абматала ейныя думкі і жаданні ды выкалеіла іх з шляхоў думак і жаданняў хрыстыанічных. Атравілі яе заразай матэрыялізму, сумніваў нэгацыі ды атэізму. Прывучаюць яе да бязглузднага культу дня, культу маны-моды, пад якой таіцца жабраства духа. Словам, спаганела дашчэнту. Таму-то і крызысы ў палітыцы і гаспадарцы. Няроўна вага між вонкавым, а ўнутраным духовым жыццём мусяць давесці да аканчальнай катастрофы. Так было калісь у старадаўных Грэкаў і Рымлян, так у эпоцы Рэформацыі, да таго даходзіць і ў нашых часах. Перажываем падобную лёгкадумнасць і недаспеласць моральную, як калісь перажывалі Грэкі і Рымляне. Аддаляемся ад Бога — Ідэалу несканчатнага, і дзівімся, чаму нам штораз цясней робіцца на гэтым свеці…

Дык ці ж на гэнай напурай асноведзі такіх думак фантазыя выжэй за цытаванай повесці Альшакоўскага здавацімецца нам далёкай ад сапраўднасці? Ці ж сянняшняе Хрысціянства не ўцякаціме зараз у катакумбы?..

Сумна-слёзным ды надта ж вымоўным сымболем сучаснай хрысціянскай душы ёсць статуя ў катакумбовай крыпце Сыкстуса.

На цёмнай асноведзі туфовай сцяны ляжыць з падрэзанай шыяй, моў лілія снежна-беленькая, скошаная брутальнай рукою, стыдліва схаваўшы нявінны твар у землю, як бы ўзгардліва не хацела глядзець на тое пекла сваечаснага паганізму, якога сталася нявіннай ахвярай. Два пальцы правай рукі, выцягнутай між кален, стройненька зложаны ў знак датрыманай Хрысту прысягі. Нельга вока адарваць ад гэнага чаруючага і саграваючага суровую атмосфэру катакумбовую дзіва гэроічнай нявіннасці!

Але выйдзьма з гэных панурых падзямелляў ды разважанняў і вярнемся слаўнай дарогай праз трыумфальныя вароты Константына Вялікага зноў у Рым новы. Сюдой калісь вяртаўся той слаўны ваяк з пераможнай вайны проці Максэнцыя, выводзячы за сабою з катакумбовай няволі хрысціянства, святазарны знак якога — крыж, даў яму перамогу над азвярэлым паганізмам. Константынавым «Эдыктам Мэдыолянскім» хрысціянства аглашаецца рэлігіяй дзяржаўнай. Малады, поўны Божага Духа, Касцёл, атрымаўшы свабоду, хутка ачышчае атмосфэру струпянэлага паганізму, падымае чалавечу годнасць, вызначаючы ёй надземныя ідэалы ды паказваючы дарогу да іх. Якія ж разлеглыя горызонты адкрываюцца для зануджанага тандэтай паганскай духа! Аўторытэт, абдараны неабмыльнасцю ўлады, расце. Расце і пашанаванне таго аўторытэту. Ня трэба ўжо жалезнага тэрору, Мамэртынскіх вязніц да ўтрымання ладу, рэгулятарам бо ўсяго сталася ўзгадованае на хрысціянскай любові і справядлівасці сумленне. <...>

Заканчэнне будзе


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY