|
|
№
3(93)/2020
Жыццё Касцёла
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
«ХТО Ж ЯК БОГ!» Слова на пачатак перэгрынацыі фігуры святога Арханёла Міхала ў інтэнцыі Беларусі Год Яна Паўла ІІ
Тэалогія
Спадчына
Пераклады
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Успаміны
Паэзія
Проза
Прэзентацыя
Нашы святыні
|
У літоўскім прыватным зборы доктара Яніуса Гумбіса (Вільнюс), супрацоўніка вядомай міжнароднай адвакацкай кампаніі Valiunas Elkex, знаходзіцца малавядомы партрэт пэндзля Пётры Сергіевіча. Для беларускіх католікаў ён мае, несумненна, вялікую каштоўнасць, бо гэта выява ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага (1888–1942) — вядомага рэлігійнага і грамадскага дзеяча Касцёла на Беларусі. Яго найбольш поўную біяграфію («Ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі», выд. Янушкевіч. — Мінск, 2018) выдаў два гады таму гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч. Згадаем некаторыя найбольш важныя звесткі з яго жыцця. Ксёндз уваходзіў у плеяду каталіцкай моладзі з беларускіх вёсак (Вінцэнт Гадлеўскі нарадзіўся ў 1888 годзе ў вёсцы Поразава Ваўкавыскага павета Гродзенскай вобласці), якія атрымалі вышэйшую тэалагічную адукацыю ў сталіцах краю: у Вільні, у каталіцкай духоўнай семінарыі і ў Пецярбургу ў рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі, а потым вярнуліся ў свой Край і хацелі весці службу на роднай мове. З 1916 года В. Гадлеўскі служыў вікарыем пры катэдральным касцёле ў Мінску, пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ўдзельнічаў у працы беларускіх культурна-адраджэнскіх, рэлігійных і палітычных арганізацый. Пасля Рыжскай дамовы 1921 года, калі заходнебеларускія землі адышлі да Рэчы Паспалітай, пераехаў на Віленшчыну. У касцёле ў Жодзішках у 1921 годзе ён пачаў весці службу па-беларуску, за што быў вызвалены ад абавязкаў пробашча парафіі. Некаторы час выкладаў у Нясвіжскай беларускай семінарыі. Займаўся перакладам на беларускую мову Новага Запавету, карыстаючыся крыніцамі на сямі мовах. У 1925 і 1927 гадах арыштоўваўся польскімі ўладамі «за нацыяналістычную дзейнасць»; у 1927 годзе быў асуджаны на паўтара гады турмы. Адзін з заснавальнікаў і лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, рэдагаваў газету «Крыніца». Гадлеўскі быў нібыта альтэр эга яшчэ аднаго славутага дзеяча — святара Адама Станкевіча. Яны разам стваралі Беларускую хрысціянскую дэмакратыю ў 1920-я. Вінцэнт Гадлеўскі вёў значную культурную дзейнасць — узначальваў Інстытут гаспадаркі і культуры, друкарня якога выдала больш за палову беларускамоўных кніг у Заходняй Беларусі. Ідэалісты і рамантыкі, яны пранікліся сацыялістычнымі ідэямі і выбралі сабе цяжкі шлях ахвярнага служэння свайму народу, на якім шмат каго, у тым ліку і ксяндза Гадлеўскага, чакала пакутніцкая смерць.
Верагодна, Пётра Сергіевіч пазнаёміўся з Вінцэнтам Гадлеўскім у 1920-я гады, яшчэ падчас вучобы ў Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя, дзе ён вёў актыўную грамадскую дзейнасць і нават рэдагаваў студэнцкія беларускія часопісы, пішучы для іх артыкулы ў захапленні ідэямі хрысціянскай дэмакратыі. Пётра Сергіевіч па выхаванні і перакананні быў шчырым католікам і старанна выконваў усе рэлігійныя абрады. Ідэі хрысціянскіх дэмакратаў ствараць нацыянальнае беларускае мастацтва як адзіны падмурак, адзіную глебу для ўсіх мастакоў беларусаў былі засвоены ім у тыя гады і на ўсё жыццё. Сярод яго блізкіх сяброў падчас студэнцтва і пазней у польскай Вільні было шмат ксяндзоў, якія даручалі яму роспісы ў каталіцкіх храмах: гэта былі Адам Станкевіч, Станіслаў Глякоўскі, Казімір Сваяк, Вінцэнт Гадлеўскі. Ксёндз Адам Станкевіч напісаў пра Пётру Сергіевіча і яго першую персанальную выставу ў Вільні захапляльны артыкул у беларускім часопісе, дзе назваў яго «сапраўдным нацыянальным мастаком», і ўдзячны мастак не ўпускаў магчымасці напісаць партрэты сваіх духоўных настаўнікаў. Дакладная дата напісання партрэта кс. Вінцэнта Гадлеўскага невядомая. Літоўскія мастацтвазнаўцы датуюць яго 1935–1940 гадамі. Гэта быў перыяд найвышэйшага росквіту творчасці П. Сергіевіча, калі ён уступіў у віленскае Таварыства артыстаў-пластыкаў і атрымаў афіцыйны сацыяльны статус, прызнанне калегаў па цэху. Гэтае датаванне пацвярджаецца і фотаздымкамі кс. Гадлеўскага, якіх захавалася ў дастатковай колькасці. Цалкам магчыма, што і партрэт гэты пісаўся па вядомай групавой фатаграфіі лідараў Хрысціянска-дэмакратычнай партыі сярэдзіны 1930-х гадоў, дзе мы бачым кс. Вінцэнта Гадлеўскага сярод аднадумцаў — ксяндзоў Леваша, С. Глякоўскага, А. Станкевіча і Я. Германовіча. У П. Сергіевіча ўжо тады склалася канцэпцыя афіцыйнага партрэта, галоўнымі рысамі якога былі невялікі фармат, фізічнае падабенства і стрыманасць у колерах. Калі ён не меў магчымасці доўга працаваць з «мадэллю», яму даводзілася выкарыстоўваць фотаздымкі. Так былі напісаныя партрэты стваральніка Беларускага музея ў Вільні Івана Луцкевіча і Францішка Багушэвіча, але кс. Гадлеўскага мастак мог пісаць з натуры — тым не менш ён выкарыстаў і гэты фотаздымак. Мастак крыху змяніў позу ксяндза, даўшы ёй лёгкі разварот. Ён выбраў невялікі пагрудны фармат.
Партрэт просты, лаканічны па кампазіцыі, з адценнем афіцыйнай прэзентацыі: кс. Гадлеўскі намаляваны на нейтральным фоне ў стрыманай «музейнай» вохрыстай гаме. У такой жа манеры П. Сергіевіч напісаў і другі партрэт ксяндза Глякоўскага (1935). Верагодна, Сергіевіч ствараў свой партрэтны цыкл — галерэю аднаго фармату вядомых каталіцкіх дзеячаў. Мы, нашчадкі, ведаючы фінал лёсу ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, успрымаем яго асобу як трагічную. Сергіевіч увасобіў у партрэце сярэдзіны 1930-х гадоў сваю павагу да гэтага чалавека, падкрэсліўшы яго годнасць. Ні мастак, ні ксёндз не ведалі, праз якія выпрабаванні праз некалькі гадоў ім давядзецца прайсці… Загінуў ад рук гестапа ксёндз Станіслаў Глякоўскі, памёр у Азёрлагу ў 1949 годзе ксёндз Адам Станкевіч, а ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі быў расстраляны нямецкімі карнікамі ў Трасцянцы ў 1942 годзе. Мастак Пётра Сергіевіч нейкім цудам ацалеў і ў гады вайны, і ў пасляваенныя гады сталінскіх рэпрэсій, яму нават удалося вызваліць сям’ю сваёй сястры, якую выслалі ў Казахстан. З усталяваннем савецкай улады ў Літве многае змянілася, і Сергіевіч быў вымушаны хаваць свае былыя знаёмствы і перакананні — гэта было небяспечна... З сярэдзіны 1940-х ён ужо не дэманстраваў сябе адкрыта як верніка, не расказваў пра свае роспісы ў касцёлах у 1930-я гады, але гэта выявілася ў час яго 5-гадовай выкладчыцкай працы ў Літоўскай акадэміі мастацтваў у 1950 годзе. З яго ўласных словаў (у пераказе пляменніка) аднойчы падчас заняткаў ён нахіліўся над мальбертам свайго вучня — студэнта-камсамольца і перакананага атэіста, які ўбачыў у выкладчыка выскачыўшы з-пад кашулі нацельны крыжык і напісаў данос у рэктарат. Праз некаторы час была знойдзена прычына звольніць Сергіевіча як «неблагонадёжного». Была і іншая прычына: Пётра Сергіевіч прытрымліваўся акадэмічнага рэалістычнага жывапісу, які ў пасляваеннай Літве не вельмі ўспрымаўся, таму літоўскія мастакі лічылі яго «адсталым традыцыяналістам». Акрамя таго, Сергіевіч ганарыўся сваім беларускім паходжаннем і пісаў карціны на тэматыку беларускага сялянства, за што новае пакаленне літоўскіх мастакоў аднесла яго да «чужынцаў» у літоўскім мастацтве. Аднак дзякуючы старым сябрам мастакам у 1962 годзе, да свайго 60-годдзя, Пётра Сергіевіч быў уганараваны званнем заслужанага мастака Літоўскай ССР, якога ад роднай Беларусі ён так і не дачакаўся.
Партрэты былых сяброў Пётра Сергіевіч хаваў у сваёй майстэрні (калі не перадаваў у падарунак сваім «мадэлям»). Ён марыў аб адраджэнні Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні і нават захоўваў шыльду зачыненага музея. З партрэтаў святароў цудам захаваўся нядаўна знойдзены ў Поразаве ў доме сваячкі партрэт ксяндза Глякоўскага. Як ацалеў партрэт ксяндза Гадлеўскага, пакуль невядома: магчыма, ён знаходзіўся ў сястры ксяндза, якая пасля вайны з’ехала ў Польшчу. Магчыма і другое: пасля смерці жонкі Сергіевіча Станіславы ў канцы 1990-х гадоў кватэра мастака была прададзена, а яго спадчына часткова вывезена ў Польшчу жончынаю сястрою, а часткова перададзена на захаванне сябрам сям’і ў Вільнюсе. Галоўнае, што гэты партрэт з’явіўся з прыватнага збору практычна адначасова з выхадам кнігі-біяграфіі А. Вашкевіча як падарунак усім вернікам, якім дорага імя славутага беларускага інтэлектуала, святара і патрыёта.
|
|
|