|
|
№
3(93)/2020
Жыццё Касцёла
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
«ХТО Ж ЯК БОГ!» Слова на пачатак перэгрынацыі фігуры святога Арханёла Міхала ў інтэнцыі Беларусі Год Яна Паўла ІІ
Тэалогія
Спадчына
Пераклады
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Успаміны
Паэзія
Проза
Прэзентацыя
Нашы святыні
|
Місія Касцёла <...> Сёння патрэбна велізарная праца Касцёла. Асабліва патрэбна апостальства свецкіх, тое, пра якое кажа Другі Ватыканскі Сабор. Абавязкова неабходна паглыбленая місійная свядомасць. Касцёл у Еўропе і на ўсіх кантынентах павінен усведамляць, што ён усюды і заўсёды з’яўляецца Касцёлам місійным (in statu missionis). Місія ўласцівая яго прыродзе настолькі, што ніколі і нідзе, нават у краінах з угрунтаванаю хрысціянскаю традыцыяй, Касцёл не можа не быць місійным. Гэтую свядомасць, адноўленую на Другім Ватыканскім Саборы, паглыбляў на працягу пятнаццаці гадоў свайго Пантыфікату Павел VІ пры дапамозе Сіноду Біскупаў. Так узнікла, напрыклад, папская адгартацыя Evangelii nuntiandi. Я таксама з першых тыдняў мае паслугі стараўся гэта працягваць. Пра гэта сведчыць першы дакумент Пантыфікату, энцыкліка Redemptor hominis. У гэтай місіі, якую Касцёл атрымаў ад Хрыста, ён павінен быць нястомны. Павінен быць пакорным і мужным, такім, як сам Хрыстус, і такім, як Яго апосталы. Нават калі натыкаецца на пратэсты, калі бывае рознымі спосабамі абвінавачаны, напрыклад, у празелетызме або ва ўяўных спробах клерыкалізацыі грамадскага жыцця, Касцёл не павінен расчароўвацца. Найперш жа ён не можа не абвяшчаць Евангелля. Ужо св. Павел усведамляў гэта, калі пісаў да свайго вучня: «Прапаведуй слова, будзь настойлівы ў спрыяльны і неспрыяльны час, аспрэчвай, папраўляй, заахвочвай з усёй цярплівасцю ў навучанні» (2 Цім 4, 2). Адкуль бярэцца гэты ўнутраны імператыў, пра сілу якога сведчаць іншыя Паўлавы словы: «Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля» (1 Кар 9, 16). Ясна адкуль! Бярэцца ён з таго ўсведамлення, што не было нам дадзена іншага імя пад небам, у якім бы людзі маглі быць збаўленыя, толькі гэта адно: Хрыстус (гл. Дз 4, 12). «Хрыстус — так, Касцёл — не!» — заяўляюць некаторыя сучаснікі. У гэтай праграме, нягледзячы на заяву пратэсту, здаецца, праяўляецца нейкая адкрытасць на Хрыста, якую выключала асвета. Аднак гэта ілюзорная адкрытасць, бо Хрыстус, калі Яго сапраўды прымаюць, заўсёды фармуе Касцёл, які з’яўляецца Яго містычным Целам. Няма Хрыста без уцелаўлення, няма Хрыста без Касцёла. Уцелаўленне Сына Божага ў людскую натуру мае з Яго волі свой працяг у супольнасці людскіх істотаў, якую Ён сам устанавіў і якой гарантаваў сваю пастаянную прысутнасць: «І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20). Зразумела, Касцёлу як людской установе патрэбны пастаяннае ачышчэнне і аднова. Гэта прызнаў з поўнай адвагі шчырасцю Другі Ватыканскі Сабор (гл. Lumen gentium, 8; Gaudium et spes, 43; Unitatis redintegratio, 6). Аднак жа Касцёл як Цела Хрыстова — гэта ўмова Хрыстовай прысутнасці і дзейнасці ў свеце. Можна сказаць, што ўсе думкі, якія былі тут выказаныя, выяўляюць (непасрэдна ці апасродкавана) змест ініцыятываў, праяўленых у сувязі з урачыстасцямі заканчэння другога тысячагоддзя ад Нараджэння Хрыста і пачаткам трэцяга. Я казаў пра гэта ў двух апостальскіх лістах, якія скіраваў да Касцёла, а таксама (у пэўным сэнсе) да ўсіх людзей добрай волі ў сувязі з гэтай падзеяй. Як у Tertio millennio adveniente, так і ў Novo millennio ineunte, я падкрэсліваў, што Вялікі Юбілей быў падзеяй, якая датычыла ўсяго роду людскога ў раней нябачанай ступені. Хрыстус належыць гісторыі ўсяго чалавецтва і гэтую гісторыю творыць, ажыўляе яе адпаведным Яму чынам на падабенства евангельскай рошчыны. Бо было спрадвеку запланавана Богам пэўнае абагаўленчае пераўтварэнне чалавека і свету ў Хрысце. І гэта пераўтварэнне пастаянна ажыццяўляецца, таксама і ў наш час. Бачанне Касцёла, якое падала Дагматычная канстытуцыя Lumen gentium, вымагала як бы дапаўнення. Гэта вельмі добра адчуваў ужо Ян ХХІІІ, які ў апошнія тыдні перад сваёю смерцю вырашыў, што Сабор будзе працаваць над асобным дакументам пра Касцёл у сучасным свеце. Гэта праца аказалася вельмі плённаю. Душпастырская канстытуцыя Gaudium et spes як бы адкрыла Касцёл на ўсё тое, што месціцца ў паняцці «свет». Вядома, што гэта паняцце ў Святым Пісанні мае два значэнні. Калі, напрыклад, гаворыцца пра «дух гэтага свету» (гл. 1 Кар 2, 12), то маецца на ўвазе ўсё тое, што ў свеце адводзіць чалавека ад Бога. Сёння мы маглі б змясціць гэта ў паняцці так званага вызвалення ад касцёльнага ўплыву, гэта значыць свецкай секулярызацыі. Аднак гэта негатыўнае значэнне свету ў Святым Пісанні кампенсуецца пазітыўным значэннем: свету як тварэння Божага, свету як збору багаццяў, якія былі чалавеку дадзены і зададзены Творцам, каб ён свядома і адказна ўключаўся ў яго тварэнне. Гэта свет, які з’яўляецца тэатрам гісторыі людскога роду, пазначаны слядамі яго намаганняў, яго пройгрышаў і перамогаў. Свет быў скажоны грахом чалавека, але таксама быў адкуплены ўкрыжаваным і ўваскрослым Хрыстом і чакае свайго спаўнення таксама дзякуючы актыўнасці чалавека (гл. Канстытуцыя Gaudium et spes, 2). Можна было б, перафразуючы св. Ірэнэя, сказаць: Gloria Dei mundus a homine secundum amorem Dei excultus — Хвалою Бога свет, які чалавек дасканаліць, згодна з Божаю любоўю.
Адносіны Касцёла да дзяржавы <...> У Душпастырскай канстытуцыі Gaudium et spes чытаем: «Палітычнае згуртаванне і Касцёл аўтаномныя і незалежныя. Аднак і палітычнае згуртаванне, і Касцёл, хоць і на розных падставах, служаць асабістаму і грамадскаму пакліканню адных і тых жа людзей. Сваё служэнне дзеля агульнага дабра яны будуць несці тым эфектыўней, чым лепш яны будуць развіваць здаровае супрацоўніцтва паміж сабою, беручы пад увагу таксама акалічнасці месца і часу. Бо чалавек не абмяжоўваецца адным толькі зямным парадкам, але, жывучы ў людской гісторыі, цалкам захоўвае сваё пакліканне да вечнага жыцця» (н. 76). Такім чынам, значэнне, якое надае Сабор паняццю «аддзяленне Касцёла ад дзяржавы», вельмі далёкае ад таго, якое намагаліся надаць яму таталітарныя сістэмы. Несумненна, гэта было нечаканасцю, а таксама пэўным выклікам для многіх краінаў, асабліва для тых, якімі кіравалі камуністы. Зразумела, гэтыя ўрады не маглі адпрэчваць такой пазіцыі Сабору, але разам з тым яны ўсведамлялі, што яна меціць у іх разуменне аддзялення Касцёла ад дзяржавы, паводле якога свет належыць выключна дзяржаве, а Касцёл мае ўласную сферу, у пэўным сэнсе — пазасветавую. Саборавае бачанне Касцёла «ў свеце» пярэчыць такой пазіцыі. Свет для Касцёла — гэта заданне і выклік. Такі ён для ўсіх хрысціянаў, і асабліва для свецкіх католікаў. Сабор ясна паставіў пытанне апостальства свецкіх, гэта значыць актыўнай прысутнасці хрысціянаў у грамадскім жыцці. Аднак гэта сфера, паводле марксісцкай ідэалогіі, павінна была стаць выключна сфераю дзяржавы і партыі. Пра гэта варта нагадваць, бо і сёння існуюць партыі, якія хоць і маюць дэмакратычны характар, праяўляюць усё большую схільнасць да інтэрпрэтацыі прынцыпу аддзялення Касцёла ад дзяржавы, згодна з уяўленнем, якое мелі камуністычныя ўрады. Зразумела, сёння грамадства валодае адпаведнымі сродкамі самаабароны. Яно павінна толькі хацець іх выкарыстоўваць. Менавіта ў гэтай сферы выклікае насцярожанасць пэўная абыякавасць, якую можна назіраць у паводзінах веруючых грамадзянаў. Узнікае ўражанне, што некалі было больш жывым іх перакананне ў сваіх правах у сферы рэлігіі, а ў выніку — большая гатоўнасць абараняць іх, выкарыстоўваючы магчымыя дэмакратычныя сродкі. Сёння ўсё гэта выглядае нейкім чынам аслабленым і нават затарможаным, магчыма, таксама з прычыны недастатковай падрыхтоўкі палітычнай эліты. У ХХ стагоддзі зроблена шмат для таго, каб свет перастаў верыць, каб адкінуў Хрыста. Напрыканцы стагоддзя і разам з тым напрыканцы тысячагоддзя гэтыя дэструктыўныя сілы аслабелі, пакідаючы, аднак, пасля сябе вялікую спустошанасць. Гэта датычыць спустошанасці ў людскіх душах з разбуральнымі наступствамі ў сферы маральнасці, як асабістай і сямейнай, так і ў сферы сацыяльнай этыкі. Пра гэта найлепш ведаюць душпастыры, якія штодня спрычыняюцца да духоўнага жыцця чалавека. Калі мне даводзіцца размаўляць з імі, я нярэдка чую сведчанні, якія ўражваюць. На жаль, Еўропу на пераломе тысячагоддзяў можна акрэсліць як кантынент спусташэнняў. Адны толькі палітычныя праграмы, скіраваныя найперш на эканамічнае развіццё, не залечаць гэтых ранаў. Яны могуць іх нават яшчэ паглыбіць. Тут адкрываецца агромністае поле працы для Касцёла. Евангелічнае жніво ў сучасным свеце сапраўды вялікае. Трэба толькі прасіць Пана, моцна прасіць Яго, каб паслаў работнікаў на жніво, якое чакае збору ўраджаю.
Пераклад Крыстыны Лялько. Паводле: Ян Павел ІІ,
|
|
|