|
|
№
3(93)/2020
Жыццё Касцёла
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
«ХТО Ж ЯК БОГ!» Слова на пачатак перэгрынацыі фігуры святога Арханёла Міхала ў інтэнцыі Беларусі Год Яна Паўла ІІ
Тэалогія
Спадчына
Пераклады
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Успаміны
Паэзія
Проза
Прэзентацыя
Нашы святыні
|
Наша хаціна, якую пабудаваў тата для жыцця ў любові, утварыла абрад самаспалення, пайшла ў нябёсы, заўсёды святыя, недасяжныя і таямнічыя. Сярожа Ільін, муж мае дачкі Вікторыі, разгубіўся, адчыніў дзверы ў палаючую хату... Самы моцны ў нашай сям’і, глынуў угарнага дыму і страціў прытомнасць — ён не быў гатовы да самаспалення, але спаліўся, пакупаўшыся перад гэтым у Нёмане. Я не па-касцёльнаму ацэньваю падзеі, гэта мае наіўныя думкі. Там, дзе мы нарадзіліся і былі шчаслівымі пры бедным жыцці, у нас засталіся нябёсы над полем і лесам, якія ахоўвае бусел. І тая чысціня ўзаемаадносін, шчырасць і прастата, празрыстасць нашага жыцця ў любові паміж намі і ўсім светам нейкім чынам, невідочна, затрымалася светлымі ўспамінамі.
* * * Ніхто з нас не жыве для сябе, ніхто для сябе не памірае, жывем і паміраем для Бога.
Касцёл Перамянення Пана стаяў на выспе паміж ракой Гаўяй і каналам, выкапаным, каб на ім паставіць млын у Залейках. Забралі ксяндза, вывезлі, пасля высылкі ён да нас не вярнуўся. Касцёл ператварылі ў склад мінеральных угнаенняў. Нехта падпаліў усё разам… Калі касцёл зачынілі, званы забралі ў Мялёгава. Ужо ў дзевяностыя гады званы вярнулі ў бердаўскі касцёл. Харугвы, іншыя сакральныя рэчы перанеслі да Стася Сайковага, у крайнюю ад могілак хату… Вёска стала касцёлам. Могілкі. Крыжы на скрыжалях пясчаных гасцінцаў, асабліва той крыж на ўскрайку лесу, які паставілі ўсёй вёскай у вайну. Найглыбейшыя малітоўныя перажыванні мы адчувалі ў дзяцінстве на маёвых вечаровых малітвах пад тым крыжам. Набегаўшыся па кустах, нагуляўшыся «ў хованкі», наскакаўшыся каля вогнішча, якое хлопцы раскладвалі непадалёку, пакуль нашы мамы даілі кароваў ды кармілі свіначак і курэй, з якім хваляваннем мы складалі Богу малітвы, удзельнічалі ў Ружанцовых разважаннях і Літаніі Ларэтанскай. Разыходзіліся, намоленыя, супакоеныя, узаемна прабачыўшы адзін другому ўсе непаразуменні тлумнага дня… Хлопцы на Ружанец збіраліся, сталыя мужчыны прыходзілі не ўсе. Незалежна ад палітычнага становішча ў свеце і ў гэтай Краіне, вёска Біскупцы збіралася пад крыжам на ўскрайку лесу на Ружанец, як католікі, так і праваслаўныя. І цяпер некалькі жанчын збіраюцца на Маёвае набажэнства пад крыж у цэнтры вёскі. Малітоўны май у маім дзяцінстве запоўніў маё эстэцтва глыбокім адчуваннем таго, што я на сваёй зямлі, сярод гэтых людзей, шуму лесу, клёкату буслоў і квакання жабаў на балоце, сярод усяго бязладдзя музыкі, з Богам і бацькамі, тут маё месца.
Калі я пісала гэтыя радкі, мне патэлефанавала сястра Геня, дачка цёткі Яніны. Яна жыве ў вёсцы Біскупцы ў сястры Яніны Карабан. Мужоў яны пахавалі. Геня доўга хварэла на сухоты. І цётка яе Марыя памерла ад сухотаў маладой. А бацьку Міхала забіў вясковы бандыт з самапала. Геня і Яня выхоўваліся з мамай пры дзеду Юзуку, пра іх мой аповед «Свіронак». Але да мяне толькі сёння ў размове з Геняй дайшло, што аберагаў іх цудоўны абраз. Калі касцёл згарэў, дзед Юзук пайшоў на папялішча і знайшоў там абраз Маці Божай Вастрабрамскай з галоўнага алтара. Абраз на дошцы, у глыбокай рамцы, зашклёны, упрыгожаны кветкамі, пацеркамі, вотамі. У Маці Божай Вастрабрамскай на гэтым абразе вейкі паднятыя, вочы расплюшчаныя. Тым ён адрозніваецца ад усіх Вастрабрамскіх абразоў. Абраз, які не згарэў разам з касцёлам, павесілі на покуце, і з Маці Божай Вастрабрамскай перажылі на ўскрайку лесу не адну страляніну, хваробы, няшчасці. Калі Геня выходзіла замуж за Мечыслава Ліхарада ў Дакудава, абраз забрала з сабой. Рамка струхлела. Прыйшлося зрабіць новую драўляную рамку. Залатыя зоркі паадклейваліся ад промняў, шкада, але пагубляліся. Карона, анёлы на скронях, шата, месячык, пацеркі, крыжык на грудзях — захаваліся. Толькі перасталі быць залатымі, таму што ўвесь аклад, зоркі, промні, сонейка, анёлкі, карона і маладзічок былі выразблены з дыхты і пазалочаныя. Такі вынаходлівы мастак ствараў гэты цуд! Абраз тутэйшага наіву! Сёстры мае церпяць хваробы старасці: Геня слепне, а Маці Божая ўглядаецца на іх цярпенне, аберагае іх. Мае дарагія цёткі, сярод якіх я добра сябе адчувала, святымі не былі, злавалі, сварыліся… Праўда, яны не блюзнерылі, ужываючы імя Пана Бога надарэмна. Яны святкавалі святыя дні. Адзінае, што маглі дазволіць сабе пасля паўдня, схадзіць у лес ці на луг, нарваць снапок лекавых зёлак для ўцехі душы. Гэткая карціна стаіць перад вачамі, як цётка Яніна ясна выходзіць з нашага лесу са снапком сардэчніку ці купальніку. Яна ішла ад сваёй хаты да нашай не сцежкай, не гасцінцам, а праз Глінішча, краем лесу, думала пра сваё, малілася, збірала гэтыя лясныя зёлкі і слухала музыку птахаў. Нашы продкі так уладкавалі свой сялянскі быт, што ўсё жыццё праходзіла ў Божай ласцы. Пачыналі сялянскую працу на полі, на лузе з малітвай і канчалі таксама з малітвай. Хіба так нашы продкі святкавалі дажынкі, як святкуе цяпер усё яшчэ савецкая Беларусь? І забыліся ўсе пра такое прыгожае прывітанне: «Памагай вам Бог!», «Божа, памажы дажаць да мяжы!» Нават тое жартоўнае, што казалі ў адказ: «Казаў Бог, каб і ты дапамог!» — нічога блюзнерскага ў ім няма. Што з намі адбылося? Я жыву на горачцы з прыёмнічкам, у якім пераважна гучыць з Торуня «Радыё Марыя». Пачула, што ў іх, у Польшчы, ствараецца такая малітоўная супольнасць «Ружанец маці за дзяцей». Малітва мацнее, калі яе ўтвараюць супольна. Магчыма, і ў касцёлах Беларусі ёсць такі рух, а я прапусціла? Нашы мамы і самотна, і сабраўшыся разам, маліліся за нас, пакуль мы, грэшныя, канчалі савецкія вузы, вучэльні без Касцёла. Марылька, мама мая, у нядзельку надта раненька ўходжвалася, падрыхтаваўшы ў суботу ўсё, каб накарміць сям’ю і скацінку, якая таксама была сям’ёй. Садзілася перад абразамі, брала ў рукі ружанец і малітоўнік. Яна не ўмела нават распісацца, пакуль унучка Віка яе не навучыла, але чытала малітоўнічак, нібы спецыяльна для яе вачэй выразным шрыфтам надрукаваны. Тата ўмеў і чытаць і пісаць, але ў час малітвы ён займаў дапаможнае месца. Мама складала малітву за нас і за ўвесь свет. Я выхоўвалася і падрастала ў сямейнай святасці. Я падрастала наіўная, у бацькоўскай любові, не падрыхтаваная да жыццёвых выпрабаванняў, не практычная, без скуры. Пакуль бацькі былі, я стамлялася ад мітусні не майго жыцця, у якое мне прыйшлося акунуцца, нібы Нехта мяне штурхаў, кідала ўсё і ехала да іх, да маіх галоўных настаўнікаў, да вытоку любові, і за адну ноч зараджала святасцю сваё сэрца ад іх, як ад акумулятара. Пасля тату і маму замяняла сястра Рэня. Цяпер яны пад бярозкамі, пад крыжамі чакаюць мяне…
* * * Святасць жыцця — Ахвяраванне Езуса ў святыні. Нашы дзеці належаць Пану Богу. Наш страх таксама належыць Пану Богу.
Трэба было мне з гэтай цішы пайсці ў свет услед за Нёманам, маім правадніком па жыцці, Нёман не мог мне замяніць маму і тату. Пад казачным дубам над Нёманам сінім… Гэта засталося там, на нашым лузе, дзе Гаўя ўпадае ў Нёман… Пісьменнікі Аляксей Карпюк і Васіль Быкаў узялі мяне за рукі і павезлі ў сталіцу, каб пахваліцца, што вось у іх ёсць такая Дануся. Гэта не зусім праўда казаць, што былі яны мне старэйшымі духоўнымі братамі. Мы розныя. У іх за спінамі быў вопыт вялікай страшнай вайны, зусім не такі, як у мяне, якая перажыла вайну, хаваючыся за комінам, нібы мышка, пад сталом ці ў цётчыным склепе з гарачым вуголлем у чыгунку. Яны ўцягнулі мяне ў літаратурнае жыццё, крыху падмануўшы сваёй сяброўскай апекай. Мяне натхнялі здабыткі айчыннай літаратуры, культура вёскі, песні маіх цётак і сёстраў, паэмы Адама Міцкевіча і песні польскага Касцёла.
* * * «Калі любіш у Эўхарыстыі Цела Езуса, то не будзеш пажадліва глядзець на цела чалавека» (Папа Бэнэдыкт XVI).
Калі я прыязджала ў сталіцу, мае равеснікі праяўлялі да мяне залішнюю цікавасць, бо сталічныя сяброўкі былі ўвесь час побач, а тут з’явілася з глухой правінцыі, «яна ж нават у інстытуце вучылася ў Горадні!» Калі канчаліся пасяджэнні, я вярталася ў гатэль, за мной ішло некалькі чалавек, праводзілі да дзвярэй, пыталіся, у якім нумары я спынілася, але тут узнікаў Аляксей Карпюк або Васіль Быкаў і казаў: «Не хвалюйцеся, я давяду яе да нумара». Кожная апека аднойчы заканчваецца. І трэба мець свой розум у светлай галоўцы. А дзе ж яго ўзяць, калі ні таты, ні таго Аляксея Карпюка ўжо няма? У маіх вершах стала праяўляцца тэма балота, аж Алесь Дзянісаў, саліст гурта «Людзі на балоце», пачаў складаць музыку на мае «балотныя словы». Калі я адчула, што балота мяне зацягвае і трэба ратавацца, я вырашыла вызваліцца ад залежнасці «настаўнікаў», але перад тым набрала некалькі тэлефонаў сталічных паэтаў, якіх паважала. За іх адказвалі жанчыны, такія ж старэнькія, як і я цяпер, яны прымалі мяне за суперніцу і не клікалі да тэлефона сваіх мужчын. Але паэт, які некалі вылучаў мяне на Дзяржаўную прэмію імя Янкі Купалы, за што яму ўдзячна, выслухаў мяне з усёй павагай і спакоем, а калі я з ім развітвалася, сказаў звычайнае: «Цалую ў вушка!». Гэтая «фішка» дапамагла зразумець, што Карпюк і Быкаў прымалі мяне зусім не ў гэтую творчую супольнасць, што той ужо няма, таму што ўсе памерлі, а я жыву. І мая супольнасць — гэта мой Касцёл, тая незямная вышыня, дзе Езус вачамі ўздымае сэрца да Святога Духа, дзе святар адпускае правіны ў Імя Езуса і ачышчае белым хлебам Эўхарыстыі. На Эўхарыстыі побач могуць сядзець знаёмыя, сёстры па Ружанцу, па Легіёне Марыі, а могуць быць і незнаёмыя людзі. Промень міласэрнага Сэрца Езуса ў касцёле мяне знойдзе і сагрэе, ўзніме ў бязважкасць, да святых нябёсаў.
|
|
|