|
|
№
3(37)/2006
Галерэя
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ
З жыцця Касцёла
На шляху веры
Haereditas
In memoriam
На кніжнай паліцы
Паэзія
Проза
Кантэкст
З архіваў часу
Мастацтва
|
Ксёндз Язафат Жыскар нарадзіўся ў 1868 годзе. Ягоным бацькам быў француз, католік, а маці – немка, пратэстантка. У Пецярбургскім кадэцкім корпусе, куды яго аддалі вучыцца, ён стаў наведваць лекцыі па каталіцкай рэлігіі. Лекцыі гэтак захапілі яго, што 18-гадовы юнак пасля заканчэння кадэцкага корпуса паступае ў Пецярбургскую духоўную семінарыю, якая належала да Магілёўскай архідыяцэзіі. Пасля заканчэння семінарыі Жыскар служыць вікарным ксяндзом пры касцёле святой Кацярыны ў Пецярбурзе. Там ён стварае прытулак для ўбогіх дзяцей, якіх сам вучыць ды корміць. Але за актыўную дзейнасць на карысць каталіцкай веры сярод расейцаў кс. Жыскар па загадзе паліцыі высылаецца з Пецярбурга. З правінцыі ён здолеў выехаць за мяжу і дабрацца да Папы Льва XIII, якому распавёў пра цяжкасці служэння каталіцкай веры ў Расійскай імперыі і раіў даручыць гэтую справу езуітам. З Ватыкана кс. Жыскар, усцешаны разуменнем ягонай дзейнасці Святым Пасадам, нелегальна вярнуўся ў Пецярбург, дзе стаў праводзіць патаемную катэхізацыю. У 1896 годзе, згодна з маніфестам з нагоды каранацыі Мікалая II, які між іншым абвяшчаў амністыю і тым, «хто правінаваціўся перад пануючай верай», кс. Жыскар быў амніставаны і накіраваны пробашчам у Дэрпт (сучасны г. Тарту ў Эстоніі). Там, нягледзячы на шматлікія службовыя абавязкі, ён знаходзіў час на патаемныя выезды на Міншчыну ды Падляссе дзеля рэлігійных паслугаў «недабіткам былых уніятаў»1. Аднойчы ноччу, падчас аказання ў леснічоўцы рэлігійных паслугаў «упартым», кс. Жыскара арыштаваў паліцыянт, але адданыя святару вернікі вызвалілі яго ды схавалі. Пасля гэтага ён патаемна прыехаў у Вільню, дзе ў келлі былога бэрнардынскага кляштара абсталяваў каплічку, куды дзеля рэлігійных паслугаў пацягнуліся уніяты з усяго краю. У Вільні ён пасяліўся ў сваёй маці, якая жыла з дачкою, што была замужам за праваслаўным афіцэрам. Кс. Жыскар паведаміў ім пра тое, з якой мэтаю з’явіўся ў Вільні, і, нягледзячы на рознасць у веравызнаннях, атрымаў разуменне і пэўную дапамогу. Аднак у хуткім часе кс. Жыскар быў ізноў высачаны паліцыяй, і яму давялося ўцякаць за мяжу. У Італіі, паблізу Рыма, ён заснаваў таварыствы святых Юзафата ды Юзафатак, каб рыхтаваць місіянераў для працы ў Расейскай імперыі сярод уніятаў. Але хутка гэтыя таварыствы з-за нястачы сродкаў перасталі існаваць. Сам жа кс. Жыскар у цывільнай вопратцы вярнуўся ў Расійскую імперыю і зноў распачаў місійную дзейнасць сярод уніятаў. Але ў хуткім часе ён быў арыштаваны ў Дынабургу (Дзвінску) і зняволены ў Варшаўскай цытадэлі. Неўзабаве кс. Жыскар атрымаў чарговы прысуд: 5 гадоў выгнання ў аддаленыя губерні Расіі. Ён адбываў пакаранне у Валагодскай губерні, служыў ксяндзом у Кастрамской, а потым у Чарнігаўскай губернях, і ўрэшце ўлады дазволілі яму выехаць на Каўказ. Там, у Сухум-Кале, ля Чорнага мора, ён напісаў кнігу ўспамінаў «Polacy w rozproszeniu. Tułacz tułaczom poświąca. Wspomnienia z piętnastu lat prac kapłańskich w Cesarstwie». Прадмову да яе ён падрыхтаваў яшчэ ў Іркуцку, дзе служыў пробашчам. А ўспаміны пабачылі свет у 1909 г. у Пецярбурзе. У 1908 г. кс. Жыскар2 звярнуўся да якуцкага губернатара з просьбай даць звесткі пра састарэлых сасланых туды паўстанцаў 1863–1864 гг., «якія жадалі б паехаць на радзіму і там бязбедна і ціхамірна правесці апошнія гады свайго жыцця», і якім «ён адразу вышле грошы, неабходныя на дарогу»3. Потым кс. Жыскар ізноў служыў у Дэрпце. Пра іркуцкі перыяд свайго жыцця ён апавёў у артыкулах «Obrazki z Syberyi» — «Przegląd Katolicki» №№ 3, 4, 5, 8, 17, 19 за 1912 г. Напісаў таксама брашуру «Kilka słów o szukaniu chleba na obszczyżnie». Пасля таго як адбылася пілігрымка да Чэнстаховы з Пецярбурга, Міншчыны і Магілёўшчыны кс. Жыскар надрукаваў кніжку «Wspomnienia z pielgrzymki z Mohylewskiej archidiecezji do Częstochowy w 1912 r. [W-wa, 1912]». Успамінаючы пілігрымаў з Магілёўшчыны, кс. Жыскар піша: «Выдатак 16 руб., які плаціўся за гэтую пілігрымку, быў нялёгкім для беднага селяніна. Па сёння яшчэ стаіць у маёй памяці ўбогая кабета, якая прынесла ў бруднай анучцы медзякі і прамовіла: «Papunieczku (гэтак тут называюць святара), zrachuj hroszy, toż ja usio prodala i mleko i jajka i masło i chsteczku i nia wiedaju skoli tamaczka jeść?» А ўвесь яе мазольны капітал заледве складаў 8 руб. 40 кап. І хто ж бы ня меў сэрца не забраць яе?». З вялікім замілаваннем піша кс. Жыскар пра жыхароў вёскі Фашчаўка (цяпер у Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці), з якой у пілігрымку да Чэнстаховы выправілася 13 чалавек. «Люд вакол не гаворыць па-польску, а захаваў чыстую сваю беларускую мову. Вялікія намаганні прыклалі езуіты, каб не страцілі яны сваёй беларускай мовы. Выдалі ім беларускі катэхізм, прамаўлялі да народу казанні ў ягонай мове, у касцёле вялі беларускія спевы. І сёння яшчэ кожны селянін дасканала ўмее спяваць беларускую песню «Ах, мой Божа! Веру Табе», і сапраўднае глыбока велічнае ўражанне робіць, калі аграмадная сціжма народу, што ідзе на фэст, як бы адною груддзю заспявае, а гэтая пекная мелодыя напаўняе і цвінтар, і святыню. Фашчаўка да таго захавала свой нацыянальны беларускі характар, што да сёння яе жыхары апранаюцца ў беларускі строй. Спадніца з простай саматканкі, белая кашуля з вышыванкай, уласцівы спосаб павязвання хусткі на галаве — вось тыповы строй кабеты з Фашчоўкі, якія адрозніваюцца амаль ад усіх сваіх суседак»4. Па прыбыцці да Яснай Гары пілігрымы магілеўчане заспявалі па-беларуску. «О мой Божа, веру Табе...»5 У Дэрпсе кс. Жыскар распачаў разам з кс. Д. Банчкоўскім6 з Луцка — Жытомірскай дыяцэзіі7 – працу над апісаннем усіх касцёлаў, якая павінна была ахапіць «польскія» касцёлы нават Паўночнай Амерыкі. Кс. Жыскар апрацаваў матэрыял пра магілёўскія, віцебскія і мінскія касцёлы, і гэтыя звесткі выходзілі асобнымі сшыткамі, напрыклад, «Nasze kościoły. Djecezja Mińska. Pod redakcją ks. Józałata Źyskara». (W-wa, 1913). У іх, апрача цікавых фотаздымкаў касцёлаў і каталіцкіх дзеячаў, было змешчана шмат этнаграфічных здымкаў беларускага народа, пададзены цікавы гісторыка-этнаграфічны матэрыял. Гэтыя сшыткі склалі агульны том: «Nasze kościoły. Opis wszystkich kościołów i parafij znajdujących się na obszarach dawnej Polski i ziemiach przyległych. Tom I. Archidjecezja Mohylowska. Ułożyli i wydali ks. D. Bącykowski i ks. J. Źyskar». (Warszawa-Peterburg, 1913). На жаль, далейшай працы ў гэтым кірунку перашкодзіла Першая сусветная вайна. Пад псеўданімам Агасфер кс. Жыскар выдаў кнігу пра сасланых у Сібір ксяндзоў: X. Ahaster «Tunka. Opowiadanie o wsi Tunka, dzie było na wygnaniu przezlo 15-gtu ksęкży, oparte na wspomnieniach naocznych świadków i odnośnzch dokumentach» (Poznań, 1914). Калі ў лістападзе 1915 г. пры польскім Камітэце ў Маскве ўтварыўся Аддзел апекі над помнікамі мастацтва пад старшынствам М. Радзівіла, то ў яго кіраўнічы склад увайшоў кс. Жыскар, які вышукваў па чыгуначных пакгаўзах ды складах лому Галоўнай управы артылерыі вывезеныя з раёна ваенных дзеянняў каталіцкія званы. А калі ў красавіку 1917 г. утварыўся Звяз польскіх арганізацый апекі над помнікамі польскага мастацтва і культуры (куды ўваходзіў і мінскі аддзел), кс. Жыскар стаў намеснікам яго старшыні. Паводле інструкцыі, у кола зацікаўленняў звязу ўваходзілі «прадметы мастацтва, помнікі архітэктуры (збіранне фотаздымкаў), антыкварныя музейныя, бібліятэчныя, этнаграфічныя, рэлігійныя зборы, старыя польскія строі, вайсковыя мундзіры, зброя і г. д.8. Памёр кс. Жыскар у 1917 г. у Маскве на пасадзе вікарыя пры новым касцёле «на Грузінах»9.
Гл. таксама:
|
|
|