Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(16)/2001
Дакументы
Мастацтва

ЦУДАДЗЕЙНЫ І СТАРАЖЫТНЫ

РОСПІСЫ БЕЛАРУСКІХ КАСЦЁЛАЎ

РОСПІСЫ БУДСЛАЎСКАГА КАСЦЁЛА
Сведчаць архівы
У свеце Бібліі

ТАЯМНІЦА СТВАРЭННЯ
Юбілеі

БЕЛАРУСКІ ЗНАК ЦЁТКІ

НАД НЁМАНАМ
Проза

АПАВЯДАННІ

АПОШНІ ПЕРШЫ СНЕГ
Нашы святыні

НАША «ЕЗУІЦКАЕ» БАРОКА
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Пераклады

ВЕРШЫ
Кантрапункт
Постаці

ВЯРТАННЕ
Мастацтва

---

СУПОЛЬНАЯ ДЭКЛАРАЦЫЯ ПАПЫ ЯНА ПАЎЛА ІІ І ПРАВАСЛАЎНАГА АРЦЫБІСКУПА АФІНАЎ ХРЫСТАДОЎЛЁСА

Гэты нумар «НВ» рыхтуецца да друку паміж дзвюма гістарычнымі пілігрымкамі Святога Айца Яна Паўла ІІ. Першая з іх – слядамі св. апостала Паўла ў Грэцыю, Сірыю і на Мальту ўжо адбылася 4–9 мая, другая – на Украіну, яшчэ чакаецца 23–27 чэрвеня. Абедзве яны выклікалі неадназначнае стаўленне ў самых розных грамадскіх і рэлігійных колах. Але Папа, выконваючы Божую волю, часта ідзе насуперак жаданням гэтага свету, пераадольваючы, здавалася б, непераадольныя бар'еры і перашкоды, прыходзіць са словам Любові і Міру менавіта туды, дзе гэтае слова найбольш патрэбна. І свет, бачачы такую знаёмую, сагнутую болем і цярпеннем, постаць Наступніка св. Пятра, адчуваючы яго веру, пакору і мудрасць, таксама, хоць на нейкі час, становіцца лепшым і мудрэйшым...

Пра 93-ю па ліку пілігрымку Святога Айца ў Грэцыю, Сірыю і на Мальту ўжо шмат напісана як у саміх гэтых краінах, так і па-за іх межамі.

Першы візіт Галавы рымскага Касцёла ў Афіны, першы з часу раз'яднання хрысціянскіх Усходу і Захаду ў 1054 г.; словы перапрашэння (такія чаканыя і разам з тым нечаканыя), якія Папа скіраваў да грэцкай праваслаўнай Царквы; гістарычнае наведванне Святым Айцом мусульманскай мячэці Амайядаў у Сірыі; малітва Яна Паўла ІІ аб міры сярод руінаў праваслаўнай царквы ў Кунэйтры, беатыфікацыя першых у гісторыі мальтыйцаў і многія іншыя моманты пілігрымкі – усё гэта зярняткі Любові, кінутыя з надзеяй на будучы плён дабра і згоды ў гэтым свеце...

Прапануем увазе нашых чытачоў тэкст супольнай дэкларацыі Папы Яна Паўла ІІ і праваслаўнага Арцыбіскупа Афінаў і Усяе Грэцыі Хрыстадоўлёса, прачытанай на афінскім Арэапагу.

Рэд.

Мы, Папа Ян Павел ІІ, Біскуп Рыма, і Хрыстадоўлёс, Арцыбіскуп Афінаў і Усяе Грэцыі, стоячы перад бімаю (подыумам) Арэапагу, з якога св. Павел, Вялікі Апостал Народаў, «пакліканы Апостал, выбраны дзеля абвяшчэння Евангелля Божага» (Рым 1, 1) абвяшчаў афінянам Адзінага Праўдзівага Бога, Айца, Сына і Духа Святога і заклікаў іх да веры і пакаяння, разам заяўляем:

1. Дзякуем Пану за нашу сустрэчу і паразуменне паміж намі, тут, у слаўным месце Афіны, Сталіцы Апостальскай праваслаўнай Царквы Грэцыі.

2. Паўтараем адным голасам і адным сэрцам словы Апостала Народаў: «Малю вас, браты, імем Пана нашага Езуса Хрыста, каб не было паміж вамі падзелаў: каб вы былі аднаго духу і адной думкі» (гл. 1 Кар 1, 10). Молімся, каб увесь хрысціянскі свет паслухаў гэтага закліку, так, каб настаў спакой для тых, «хто прызывае імя Пана нашага Езуса Хрыста на кожным месцы» (гл. 1 Кар 1, 2). Асуджаем усялякае прымяненне насілля, празелітызму і фанатызму ў імя рэлігіі. Моцна верым, што адносіны паміж хрысціянамі ва ўсіх сваіх праявах павінны вызначацца ўзаемапавагаю, разважнасцю і веданнем справы.

3. Зазначаем, што развіццю грамадства і навукі не спадарожнічае сёння паглыбленае вывучэнне сэнсу і каштоўнасці жыцця, якое ў кожнай хвіліне свайго існавання ёсць дарам Божым, ані прызнанне адзінай у сваім родзе годнасці чалавека, створанага на вобраз і падабенства Створцы. Больш за тое, эканамічнае і навукова-тэхнічнае развіццё не служыць у роўнай ступені ўсяму чалавецтву, але дадзена ўсяго толькі малой яго частцы. Паляпшэнне ўмоваў жыцця не выклікала адкрыцця людскіх сэрцаў для тых, хто церпіць голад і нястачы.

Мы закліканы да супрацоўніцтва, каб запанавала справядлівасць, прыйшло суцяшэнне да тых, хто яго чакае, і каб звярталася бачная ўвага на тых, хто церпіць, памятаючы словы св. Паўла: «Валадарства Божае – гэта не ежа і піццё, але справядлівасць, спакой і радасць у Духу Святым» (гл. Рым 14, 17).

4. З болем заўважаем, што войны, разня, мукі і пакуты – гэта штодзённая рэальнасць для мільёнаў нашых братоў, і таму абавязваемся дзейнічаць, каб усюды запанаваў мір, каб шанаваліся жыццё і годнасць чалавека і каб праяўлялася салідарнасць з усімі, хто знаходзіцца ў патрэбе. З радасцю далучаем наш голас да шматлікіх галасоў, якія ў свеце выказваюць надзею, звязаную з Алімпійскімі Гульнямі ў Грэцыі, запланаванымі на 2004 год, на ажыўленне старажытнай грэцкай традыцыі Алімпійскага Перамір'я, якая наказвае спыніць усялякія войны і пакончыць з тэрарызмам і насіллем.

5. Уважліва і занепакоена мы сочым за так званаю глабалізацыяй. Прагнем, каб яна дала добры плён. Аднак хочам падкрэсліць, што яна прынясе згубныя наступствы, калі не наступіць штосьці, што можна назваць «глабалізацыяй братэрства» ў Хрысце. (...)

6. Мы радуемся поспеху і развіццю Еўрапейскай Уніі. Інтэнцыяй яе пачынальнікаў была еднасць еўрапейскага кантыненту ў адзіным грамадзянскім арганізме без страты народамі іх самасвядомасці, традыцыі і тоеснасці. Аднак бачная тэндэнцыя да перафармавання некаторых еўрапейскіх краінаў у зсекулярызаваныя дзяржавы, без якога-кольвечы звароту да рэлігіі – гэта рэгрэс і адмаўленне іх духоўнай спадчыны. Мы закліканы да ўзмацнення ўласных намаганняў, каб магло наступіць аб'яднанне Еўропы. Мы зробім усё, што ў нашых сілах, каб хрысціянскія карані Еўропы і яе хрысціянская душа захаваліся непарушнымі. Праз гэтую супольную заяву мы, Папа Ян Павел іі, Біскуп Рыма, і Хрыстадоўлёс, Арцыбіскуп Афінаў і Усяе Грэцыі, уздымаем голас: «Сам Бог, Айцец наш і Пан наш Езус Хрыстус няхай пакіруе шлях наш да вас! А вас няхай Пан напоўніць і ўзбагаціць узаемнай любоўю да ўсіх, якую і мы маем да вас; каб умацаваць сэрцы вашыя беззаганнымі ў святасці перад Богам і Айцом нашым у прыйсце Пана нашага Езуса Хрыста з усімі святымі Яго» (гл. 1 Фес 3, 11–13). Амэн.

З Арэапагу ў Афінах 4 мая 2001 года.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY