Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(16)/2001
Дакументы
Мастацтва

ЦУДАДЗЕЙНЫ І СТАРАЖЫТНЫ

РОСПІСЫ БЕЛАРУСКІХ КАСЦЁЛАЎ

РОСПІСЫ БУДСЛАЎСКАГА КАСЦЁЛА
Сведчаць архівы
У свеце Бібліі

ТАЯМНІЦА СТВАРЭННЯ
Юбілеі

БЕЛАРУСКІ ЗНАК ЦЁТКІ

НАД НЁМАНАМ
Проза

АПАВЯДАННІ

АПОШНІ ПЕРШЫ СНЕГ
Нашы святыні

НАША «ЕЗУІЦКАЕ» БАРОКА
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Пераклады

ВЕРШЫ
Кантрапункт
Постаці

ВЯРТАННЕ
Мастацтва

Галіна СІНІЛА

ТАЯМНІЦА СТВАРЭННЯ

Благаславі, душа мая, Пана!
Пане, Божа мой, велічны Ты надзвычайна,
Прыгажосцю й хараством ахінуўся;
Агорнуты святлом, як плашчом,
Распасцёр нябёсы, як заслону;
Накрывае водамі верхнія пакоі свае,
Хмары робіць калясніцаю сабе,
Крочыць на крылах ветру...
Ён усталяваў зямлю на асновах яе,
Не пахіснецца на вякі вякоў.
(Пс 104 /103, 1–3, 5)

На пачатку біблійнага канона стаяць пяць эпічных і заканадаўчых кніг, звязаных з імем вялікага прарока Майсея, – Пяцікніжжа Майсеева, альбо Тора, як яны завуцца ў юдэйскай традыцыі. Тора ў перакладзе з іўрыта значыць «Закон», і гэтая назва найлепей адпавядае сутнасці і прызначэнню Пяцікніжжа: тут даецца Закон Божы, запаведзі, якія дапамагаюць чалавеку застацца чалавекам перад Тварам Усявышняга і перад іншымі людзьмі. Але, акрамя маральнага Закону, тут дадзены і той Закон, што прывёў у рух Сусвет, даў імпульс жыццю на Зямлі. Тора распавядае перш-наперш пра пачатак свету і суадносіць яго з пачаткам сапраўднага Саюза-Запавету паміж Богам і чалавекам: маральныя законы людзей павінны арганічна зыходзіць з светавога цэлага, з яго першапачатку. Вось чаму Пяцікніжжа адкрываецца падвойным пачаткам – пачаткам свету як цэлага і пачаткам народа, які першым свядома заключыў Запавет з Адзіным Богам. Гэтаму сіметрычна адпавядаюць дзве першыя кнігі біблійнага канона – Кніга Быцця і Кніга Зыходу. Але і сама Кніга Быцця нясе ў сабе два роўнавялікія пачаткі – пачатак свету, усяго чалавецтва і пачатак выбранага роду Пана Бога. Гісторыя выбранага роду, гісторыя Запавету разгортваецца з 12-га раздзела Кнігі Быцця. У першых жа адзінаццаці раздзелах даецца асаблівае асэнсаванне ўзнікнення свету і чалавека, пачатку драматычнай гісторыі чалавецтва.

Кніга Быцця... У самой гэтай назве ёсць нешта надзвычай важкае, урачыстае, глыбінна звязанае з быццём у філасофскім, анталагічным сэнсе слова. Адкуль жа яна з'явілася? Славянская назва прыйшла з грэцкага перакладу Старога Запавету, або Септуагінты як старажытная калька элінскага слова генэзіс – «паходжанне», «нараджэнне». Габрэйскія мудрацы-кніжнікі, што выканалі ў Александрыі гэты пераклад, зыходзілі ўжо з элінскай традыцыі – называць творы ў адпаведнасці з іх асноўным сэнсам (дарэчы, часта гэта выглядае даволі ўмоўна, асабліва калі тэкст вельмі складаны). Але ў выпадку з Кнігай Быцця інтуіцыя не падманула іх: назва Генэзіс добра перадае сутнасць кнігі, што распавядае пра нараджэнне свету і чалавецтва, іх генеалогію, і здабыта яна непасрэдна з тэксту – з радка, што з'яўляецца свайго кшталту рэзюмэ: «Вось паходжанне (нараджэнне) неба ды зямлі пры стварэнні іх...» (Быц 2, 4; тут і далей пераклад наш. – Г. С.). Грэцкае генэзіс дастаткова дакладна адпавядае габрэйскаму толедот – «паходжанне», «радаслоўе», «нараджэнне». Дарэчы, ужо гэты радок вельмі яскрава выяўляе спецыфіку біблійнай ментальнасці ў параўнанні з суседнімі старажытнымі культурамі: апошнія бачылі паходжанне свету менавіта як нараджэнне (пры гэтым катэгорыі і ўяўленні чалавечага свету аўтаматычна пераносіліся ў Боскую сферу); Біблія ж, ідучы нібыта тым жа шляхам – «вось нараджэнне неба ды зямлі», – тут жа ўнесла істотную папраўку: «пры стварэнні іх». Гэта значыць, што ў Кнізе Быцця мы не ўбачым нараджэння свету ў паганскім сэнсе, але станем сведкамі яго ўзнікнення ў працэсе Боскага Стварэння.

Такім чынам, Кніга Быцця ёсць Кнігаю Нараджэння, Радаслоўя – адкуль пачалі быць увесь свет, неба і зямля, людзі... Але ў першапачатковым (габрэйскім, або юдэйскім) каноне кніга мела і мае іншую назву – адпаведна першаму значнаму слову, як таго патрабавала старажытная месапатамская традыцыя (яшчэ шумеры называлі свае творы першым радком тэксту). Слова ж, якое адкрывае сабою тэкст Кнігі Быцця і ўсёй Бібліі, – асаблівае: Берэшыт, што літаральна значыць У-Пачатку (у арыгінале, на іўрыце, гэта адно слова). Першы верш біблійнага тэксту гаворыць: «Берэшыт бара Элогім эт-га-шамаім вэ-эт-га-арэц» – «У пачатку стварыў Бог неба і зямлю» (Быц 1, 1). Дарэчы, на думку большасці габрэйскіх каментатараў, дакладней усё ж лічыць бара назоўнікам, утвораным ад дзеяслова, бо само слова берэшыт патрабуе кіравання – «у пачатку чаго-небудзь». І тады больш дакладным перакладам будзе наступны: «У пачатку стварэння Богам неба і зямлі, калі зямля была пустая і хаатычная...» Такім чынам, Кніга У-Пачатку, што можа быць зразумета прынамсі траяка: кніга пачынаецца словам «У-Пачатку»; яна стаіць на пачатку Святога Пісання; яна распавядае пра Пачатак свету і чалавецтва. Сам жа Пачатак – вельмі важная катэгорыя нашага мыслення, кожнай міфалагічнай сістэмы. Пачатак заўсёды нясе ў сабе пэўную заканамернасць наступнага, нездарма ж і народ кажа: «Які пачатак, такі й канец». Таму трэба асабліва ўгледзецца ў гэты Пачатак вялікай Кнігі У-Пачатку.

Безумоўна, першыя раздзелы Кнігі Быцця можна разглядаць як свайго кшталту касмаганічны эпас, бо тут разгортваецца велічная карціна ўзнікнення сусвету з небыцця, упарадкавання хаосу і ператварэння яго ў космас. Улічваючы ж, што проза, якой напісаныя старажытныя тэксты Пяцікніжжа, моцна рытмізаваная і ў гэтым сэнсе даволі адрозніваецца ад сучаснай, перад намі сапраўдная касмаганічная паэма. А гэты жанр з'яўляецца тыпалагічна агульным, роднасным амаль усім старажытным літаратурам. Але ж менавіта на фоне агульнасці выяўляецца фенаменалогія біблійнай касмагоніі, яе унікальнасць, яе непадабенства астатнім. Так, практычна ва ўсіх паганскіх міфалагічных сістэмах свет нараджаецца з нейкай першароднай бездані, найчасцей воднай. У шумерскіх касмаганічных паданнях Намму – першародная багіня-бездань – нараджае Гару Зямлі і Неба (Ан-Кі), гэта значыць багоў Зямлі і Неба, якія аўтаматычна бяруць шлюб і нараджаюць уладара ветру (паветра) Энліля, а ўжо ён падзяляе Неба (Ана) і Зямлю (Кі), забірае сабе апошнюю (ізноў настойліва паўтараецца тыповы для паганскай свядомасці матыў касмаганічнага інцэстуальнага шлюбу), і пасля гэтага працягваецца працэс упарадкавання свету – праз нараджэнне новых і новых багоў, адказных за той ці іншы ўчастак светабудовы. Нешта падобнае мы бачым і ў егіпецкай міфалогіі: сусветны акіян – Нун – спараджае вогненны востраў, з якога (альбо з кветкі лотаці, што вырасла на востраве) нараджаецца бог Ра. У тым жа шэрагу, што Намму, Нун, стаіць і элінскае паняцце Хаос, але без спасылкі на ваду, – проста «бездань», «зеўра». У першых радках Кнігі Быцця гэтаксама прафігуруе бездань, але ў зусім іншай якасці, у іншым сэнсе, у іншым кантэксце. Здаецца, найбольш выяўляе спецыфіку біблійнага падыходу да праблемы паходжання свету параўнанне з акадскай (вавілонскай) касмаганічнай «Паэмай аб стварэнні свету», як умоўна называюць яе даследчыкі, ці, у адпаведнасці з пачаткам першага радка тэксту, «Энума эліш» – «Калі ўверсе...» Гэтае супастаўленне паказальна па дзвюх прычынах: перад намі дзве лексічна і стылістычна блізкія літаратурныя традыцыі, і на фоне гэтай блізкасці тым больш уражвае розніца ў разуменні сутнасці Боскіх сіл і саміх механізмаў стварэння свету і чалавека. У вавілонскай паэме, якая адыгрывала ролю культавага эпасу, услаўляла магутнасць і першынство бога Мардука, заступніка Вавілона, свет пачынаецца таксама з бездані, дакладней, – з касмаганічнага шлюбу: Тыямат («бездань» па-акадску) і Апсу (трансфармаванае шумерскае Абзу – «бездань») «зліваюць у адно свае воды». У выніку нараджаюцца адна за адной новыя пары багоў і працягваецца касмагенэз. Нарэшце, ад бога мудрасці Энкі нараджаецца Мардук (яму надаецца шумерская генеалогія), які пераўзыходзіць усіх багоў сілаю і розумам. Менавіта ён вырашае ісці на бойку супраць пакалення старэйшых багоў, якія надумалі знішчыць малодшых (традыцыйны для паганскіх міфалогій матыў – суперніцтва ды бойкі пакаленняў багоў, што яскрава паказаны ў элінскім сюжэце тытанамахіі). Кульмінацыйны момант паэмы – бойка Мардука з Тыямат, якая ўзначальвае полчышча пачвараў і выступае супраць маладых багоў пасля гібелі свайго мужа Апсу. Мардук перамагае Тыямат, а таксама забівае яе візіра Кінгу і авалодвае таямнічымі «табліцамі лёсу», якія даюць уладу над светам. І пасля гэтага пачынаецца вельмі важны акт стварэння зямнога свету і чалавека. Мардук рассякае цела Тыямат на дзве часткі: з верхняй ён робіць неба і зачыняе яго на засаўку, каб вада з яго не сачылася ўніз, а потым з ніжняй часткі стварае зямлю. Такім чынам, мы бачым тут нешта падобнае аддзяленню неба ад зямлі ў біблійным тэксце, але ў апошнім няма аніякага заамарфізму, антрапамарфізму і натуралізму, уласцівага паганскаму міфу. Пасля аддзялення неба ад зямлі Мардук прымаецца за стварэнне чалавека: ён вылеплівае яго з гліны, змяшанай з крывёю забітага Кінгу. Дарэчы, у паэме сказана, што «Мардук у сэрцы сваім задумаў вобраз», але як далёка гэта па сутнасці ад біблійнага «адпаведна вобразу і падабенству Божаму».

Характэрна, што ў першых вершах Кнігі Быцця гучыць слова з тым жа коранем і лексічным значэннем, што і Тыямат, – тэом, «бездань», ёсць нават указанне, што гэта вадзяная бездань: «Зямля ж была пустая ды хаатычная, і цемра над безданню; і Дух Божы лунаў над вадою» (Быц 1, 2). Але вобраз гэты цалкам страчвае свае натуралістычныя рысы: гэта сімвал неўпарадкаванай, неструктураванай стыхіі, што ўяўляе сабою першапачатковы свет у стане тогу ва-богу – ідыёма, якую нельга перакласці дакладна і якая азначае невымоўны і невыразны хаос. Біблія нібыта захоўвае «памяць» пра тое, што вадзяная бездань звязана з пачаткам свету, але цалкам пераасэнсоўвае паганскае ўяўленне пра нейкую першасную, першародную бездань, з якой спантанна нарадзілася ўсё і якая існавала спрадвеку. Пытанне аб тым, што было да бездані, нават не ўздымаецца ў старажытных усходніх міфалогіях. Тут жа, у Кнізе Быцця, даецца дакладны адказ на пытанне, што існавала да бездані: ёй папярэднічае Адзіны Бог, Ён і ёсць Першапачатак, Першакрыніца усяго, Ён стварае свет (і бездань у тым ліку) з самога сябе, з паўнаты сваіх творчых сіл. Упершыню ў Бібліі мы бачым Стварэнне ex nihilo – «з нічога», а дакладней – са стваральнай энергіі Бога, якую Ён перадае свету. Нездарма ж першы дзеяслоў, які гучыць у першым радку біблійнага тэксту – бара – нясе ў сабе асаблівае лексічнае значэнне, якое не мае адпаведнікаў у іншых мовах: бара азначае «стварыў з нічога», «стварыў нешта, чаго не было раней», «стварыў якасна новае» (ён вылучае тры галоўныя моманты касмагенэзу: стварэнне свету як цэлага, потым – жывога жыцця, потым – чалавека). Паводле больш позняга каментару, Творца, што абдымае сабою ўсё, прысутнічае ва ўсім, сціскае сябе (паняцце цымцум у містычнай кабалістычнай традыцыі), каб вызваліць месца свайму ўлюбёнаму стварэнню. Дарэчы, Стварэнне «з нічога» найлепей стасуецца з сучаснай фізічнай тэорыяй «вялікага выбуху», ці «першапачатковага выбуху», згодна з якой сусвет, што не існаваў раней, узнік з нейкай першапачатковай кропкі, у якой патэнцыяльна ўтрымліваліся матэрыя, энергія, час, прастора. Вось чаму сучасная фізіка праяўляе такую вялікую цікавасць да загадкавага тэксту першай кнігі Бібліі, углядаецца ў таямніцы яго, услухоўваецца ў сімвалы, праз якія Творца гаворыць з намі. Нездарма ж і знакаміты А. Эйнштэйн казаў у свой час, што, чым больш ён углядаецца ў сусвет, тым больш бачыць на ім палец Усявышняга. Само ж таямнічае найменне Усявышняга, якое ўжываецца ў першым апавяданні пра Стварэнне свету (Быц 1), – Элогім, найменне, якое мае адценне множнасці (множны лік ад Элоаг – «божышча», ад кораня Эль – «сіла»), але выкарыстоўваецца толькі ў сэнсе адзіночнага ліку (так званая множная вялікасць), магчыма, і нясе ў сабе ідэю аб'яднання ў Першакрыніцы свету, гэта значыць у самім Богу, усіх вядомых нам сіл. Так, сучасны хрысціянскі экзэгет і арыгінальны паэт і мысляр Д. Шчадравіцкі піша: «Форма множнага ліку паказвае на сукупнасць усіх сіл і энергій, што дзейнічаюць у свеце»1 . Ужо старажытныя габрэйскія каментатары пісалі пра тое, што гэтае асаблівае найменне Бога (у юдэйскай традыцыі яно ашчадна закрываецца крыху змененай формай – Элокім) нясе ў сабе ўказанне на Бога як на выток усіх творчых сіл, энергіі і прыгажосці ўсяго існага. Так, выдатны габрэйскі рэлігійны філосаф ХХ стагоддзя рабі Ёсэф Салавейчык піша пра першыя два раздзелы Кнігі Быцця: «У кожным з гэтых раздзелаў Бог завецца рознымі імёнамі. У першым Ён Элокім, у другім – Ашэм Элокім (Ашэм, ці Гашэм, традыцыйная замена невымаўляльнага Тэтраграматону – таямнічага імя, якое ў пісьмовай традыцыі складаецца з чатырох літар, што абазначаюць чатыры зычныя гукі. – Заўвага наша. – Г. С.). Традыцыйныя крыніцы тлумачаць, што гэтая «змена імя» адлюстроўвае розныя атрыбуты Творцы. Элокім выяўляе Бога як канструктара свету і як крыніцу энергіі, што яго жывіць. Юдаізм заўсёды падкрэсліваў незвычайную значнасць Адкрыцця і ідэю, згодна з якой кожны атрыбут Творцы можа адкрыцца чалавеку. Чалавек можа сустрэць Элокіма ўсюды, дзе ён адкрывае для сябе прыгажосць і жыццё. У кожнай кроплі вады, у кожнай кветцы і ў кожнай травінцы можна знайсці Элокіма. Ён – у прыродзе, а не ў чалавеку. Псалмаспеўца цудоўна перадае гэты момант: «Калі я бачу неба, працу Тваіх пальцаў, месяц, зоркі, якія Ты стварыў, (я пытаю): што такое чалавек, што Ты павінен памятаць пра яго?»2. Паслядоўнік рабі Салавейчыка, сучасны ізраільскі даследчык Пінхас Палонскі, піша пра Божае найменне Элогім, якое ў тэксце Бібліі спалучаецца толькі з дзеясловам у адзіночным ліку: «Гэтая граматычная анамалія сімвалізуе множнасць найвышэйшых сіл, што дзейнічаюць як адзінае цэлае, гэта значыць гармонію свету; яно сімвалізуе Бога, які праяўляецца ў гармоніі ўсіх прыродных натуральных сіл. ...У якімсьці (вельмі недакладным) сэнсе Элокім з'яўляецца праяўленнем Бога ў катэгорыі «душа свету», гэта значыць узроўня, адказнага за натуральны парадак рэчаў»3.

Такім чынам, згодна з Кнігай Быцця, з першым жа яе вершам, існуе Найвышэйшая Крыніца Быцця, якая папярэднічае і сусвету, і неаформленай бездані, што на нашых вачах трансфармуецца ў цэласны і стройны космас. Гэтая Першакрыніца – Адзіны Бог. Толькі тут, у Кнізе Быцця, мы бачым касмагонію, вольную ад тэагоніі: Бог, паводле вызначэння, не можа спараджаць новых багоў, не можа сысціся з імі ў касмаганічнай бойцы ці ў касмаганічным шлюбе. Не можа быць аніякай іншай, роўнай Яму Боскай сутнасці, з якой Ён можа зліцца, нараджаючы свет, як Апсу з Тыямат, ці выступіць у фізічным сэнсе супраць пачварнай істоты, як Мардук выступае супраць Тыямат, што на акадскіх выявах выглядае як гідра (вадзяная змяя) ці сямігаловы дракон (у «Энума эліш» яскрава выяўлены так званы драконаборчы архетып, калі бог ці герой перамагае дракона, што ўвасабляе хаос або сусветнае зло). У Бібліі застаўся толькі ўспамін пра міфалагічную бездань, якой процістаіць Бог, упарадкоўваючы свет, але не можа быць аніякай пачвары, якая раскрывае пашчу, каб заглынуць суперніка. Цалкам адкінуты, элімінаваны натуралізм, уласцівы паганскаму міфу, нібыта забаронена ўсялякае перанясенне працэсаў і якасцяў нашага цялеснага свету ў сферу Боскага. Яшчэ дакладней кажучы, перад намі няма й касмагоніі ў непасрэдным сэнсе гэтага слова: свет не нараджаецца, як гэта ўяўлялася ў паганскіх міфалогіях, а ствараецца воляю Бога. У сувязі з гэтым вельмі важна заўважыць яшчэ адно кардынальнае адрозненне ў разуменні ўзнікнення свету паганскай і монатэістычнай свядомасцю: згодна з першай, ён спантанна нараджаецца з сусветнага акіяну, першароднай бездані ці касмічнага яйка, згодна з другой – свет ёсць вынікам свядомага працэсу, вынікам Боскай задумы, свабоднай волі, розуму і любові Творцы.

Касмагенэз паўстае ў Бібліі як паступовае ўзыходжанне ад ніжэйшага да вышэйшага, ад неарганічнай матэрыі да арганічнай – жывога жыцця да найвышэйшай праявы апошняга – чалавека. Такім чынам, тут можна ўбачыць указанне на пэўны эвалюцыйны працэс, але, вядома, вялікі тэкст нельга лічыць падручнікам па біялогіі ці антрапалогіі. Да таго ж, ён не ва ўсім стасуецца з эвалюцыйнай тэорыяй, хутчэй – з тэорыяй крэацыянізму, якая мае на ўвазе нязменнасць створаных Богам відаў жывых істот, бо сказана, што кожную з іх Ён стварыў «адпаведна роду яе». У арыгінале стаіць слова мін, што значыць «раздзел», «разнастайнасць», і гэта, магчыма, паказвае на немагчымасць трансфармавання аднаго біялагічнага віду ў другі. Пры гэтым Бог не выступае ў якасці дэміурга – непасрэднага творцы ў фізічным сэнсе слова. Паказальна, што дэміургамі ў Старажытнай Грэцыі называлі рамеснікаў, скульптараў, кавалёў – тых, хто рабіў формы сваімі рукамі. Традыцыйна слова дэміург стала выкарыстоўвацца для вызначэння галоўных багоў, стваральнікаў свету і людзей у паганскіх міфалогіях. Дзе-нідзе ў навуковых працах і ў дачыненні да Бога Бібліі ўжываюць гэтае слова. Але падкрэслім яшчэ раз, што гэта, па сутнасці, вялікая памылка: Ён не дэміург, бо нічога не робіць, як рамеснік, сваімі рукамі, ды й разважаць пра Яго рукі можна толькі ў метафарычным сэнсе (гэтыя метафары-антрапамарфізмы – «рука Божая», «твар Божы», «вусны Божыя» – даволі часта сустракаюцца ў біблійным тэксце, але яны ёсць толькі ўказаннем на Бога як Жывую Асобу). Здаецца, у Кнізе Быцця свядома элімінаваны, забаронены – у вялікай спрэчцы з паганскай свядомасцю – усялякі напамін пра фізічную працу Бога, бо сам Бог – чыстая духоўнасць. Таму і працэс Стварэння выглядае як акт скрозь духоўны, які шматкратна пераўзыходзіць па сваёй важнасці і складанасці работу фізічную. Як жа адбываецца, паводле Кнігі Быцця, працэс Стварэння? Тут, безумоўна, мы назіраем (калі можна ўжыць падобнае слова ў дачыненні да гэтага тэксту) адну з найвялікшых таямніцаў свету і самой Бібліі – таямніцу Боскай творчай дзейнасці, якую, напэўна, нельга акрэсліць ніякім чалавечым словам, акрамя сімвалічнага. Дарэчы, пазней у юдэйскай традыцыі (падыход гэты сфармаваўся даволі рана, у апошнія стагоддзі да Н. Х.) першыя раздзелы Кнігі Быцця атрымалі асаблівую назву – Ма'асэ Берэшыт, што можна прыкладна перакласці як Дзеянне У-Пачатку, і былі палічаныя адным з самых герметычных месцаў Пісання, звязаных, як і Ма'асэ МеркаваДзеянне Калясніцы (першы раздзел у Кнізе прарока Езэкііля), як і Шыр га-ШырымПесня Песням, з патаемнымі, запаветнымі ведамі, якія Пан Бог адкрывае не кожнаму, да якіх патрэбна цярплівае і цяжкае духоўнае ўзыходжанне – узыходжанне ў Сад сакральных ведаў. Так нарадзіўся містычны падыход да Святога Пісання, вельмі значны для хрысціянскай традыцыі, асабліва для каталіцкай. Нягледзячы на разыходжанне канфесій у разуменні Бібліі, сутнасць містычнага падыходу застаецца адзінай – спроба дасягнуць unio mystica, містычнага саюзу з Богам, або, паводле вызначэння Томаса Аквіната (Тамаша Аквінскага) – cognitio Dei experimentalis, эксперыментальнага (пачуццёвага) спасціжэння Бога. Гаворка ідзе пра тое, што да Яго немагчыма наблізіцца толькі рацыянальным шляхам. Праз рацыянальны пачатак чалавека яму не адкрываюцца шляхі Божага Провіду, не адкрываецца таямніца Стварэння, якая застаецца вялікай таямніцай творчасці.

Як жа – ізноў зададзім гэтае пытанне – адбываецца працэс Стварэння? Што служыць асноўным яго інструментам? Здаецца, дастаткова Усявышняму сказаць адно слова – Егі! – «Будзе!», ці «Хай будзе!» – і нешта ўзнікае: «І сказаў Бог: хай будзе святло. І стала святло» (Быц 1, 3); «І сказаў Бог: хай будзе купал (скляпенне, прастора) унутры вады, і хай аддзяляе ён ваду ад вады. ...і стала так» (Быц 1, 6, 7) і г.д. Такім чынам, тая ці іншая частка Стварэння пачынае быць дзякуючы волевыяўленню Бога, якое выказваецца праз формулу «Хай будзе!». У арыгінале, як ужо было адзначана, гэта адно слова, і не роўнае свайму лексічнаму значэнню: гэта асаблівае Слова, праз якое энергія Творцы перадаецца свету, што на нашых вачах перажывае станаўленне, гэта формула эманацыі (выцячэння) Боскай энергіі ў свет. Канцэпцыю эманацыянізму ўпершыню распрацаваў Філон Александрыйскі, які жыў на мяжы эр у Александрыі і ўзначальваў александрыйскую габрэйскую абшчыну. І ён жа першым прапанаваў разумець Боскае «Хай будзе!» як прыналежнае да таго свету, які грэцкі філосаф Платон назваў «светам эйдасаў» (ідэй), а далейшую формулу – «і стала так» – як імгненнае ажыццяўленне Боскага Слова ў свеце канкрэтных з'яў. Пазней кабалісты назавуць свет, што ўзнікае як ідэя ў Слове Божым, берыа – «свет першапачатковага стварэння», а тое, што «стала» («і стала святло») вызначаць як фенаменалізацыю думкі і волі Бога. Ужо ў самых старажытных пісьмовых культурах Месапатаміі (шумерскай, акадскай) Боскаму слову надавалася асаблівая стваральная моц. Але ў абсалютна чыстым выглядзе Стварэнне свету праз Слова зафіксаванае толькі ў Кнізе Быцця, і Слова гэтае ёсць адначасова самым вялікім Дзеяннем, самаю вялікаю Сілаю. Вялікі прарок Ерэмія, разважаючы пра Творцу і таямніцу Стварэння, напісаў: «Ён стварыў зямлю сілаю сваёй, усталяваў сусвет мудрасцю сваёй, і розумам сваім распасцёр нябёсы» (Ер 10, 12). Так, Слова Божае ёсць Сілаю, Мудрасцю, Розумам (Думкаю). Усе адценні гэтага незвычайнага, таямнічага Слова даволі добра перадае элінскі Логас, што гучыць на пачатку Дабравесця ад Яна. Евангеліст нібыта вяртае нас на новым вітку спіралі да вялікага Пачатку, углядаецца ў яго, услухоўваецца ў тое Слова, што было У-Пачатку і само было Пачаткам, а разам з тым спрабуе зразумець і ўласныя таямніча-цьмяныя словы: «У пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам. Яно было ў пачатку ў Бога. Усё праз Яго пачало быць, і без Яго нічога не пачало быць, што пачало быць. У ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей, і святло ў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго» (Ян 1, 1–5). Менавіта над гэтымі радкамі Дабравесця ад Яна Ё.Гётэ прымусіць упарта біцца свайго Фаўста, каб перакласці іх на нямецкую мову і адшукаць дакладнае значэнне слова Логас, каб яно, гэтае значэнне, адпавядала стану Фауставай душы:

Напісана: «Было спачатку Слова
Ці так? Ці ясна? Ці не памылкова?
Лічу, для Слова гонару зашмат, –
Перакладу я лепш на іншы лад,
Натхнёны згадкаю магічнай.
«Была спачатку Думка!» – Так лагічней.
Але без спеху толькі, з першых фраз
Каб я ў бяссэнсіцы не ўграз, –
Бо хіба ж Думка што-небудзь тварыла?
Скажу ясней: «Была спачатку Сіла
Пішу, а сэрца кроіць пачуццё,
Што не, не Сілай творыцца быццё.
Чакай, – мо Воля, Розум, Дзеянне, Парыў?
Так, «Дзеяннем сусвет пачаты быў!» 4

Безумоўна, гэты радок – «Дзеяннем сусвет пачаты быў!» – спатрэбіўся Гётэ, каб падкрэсліць дзейсную натуру героя, які стаміўся ад безлічы схаластычных і мёртвых слоў, ад таго, што, кажучы словамі іншага слыннага класіка, усё – «словы, словы, словы...» Але на самай справе фаустаўскі (гётэўскі) пераклад знакамітага радка з Дабравесця ад Яна мае рацыю, ды яшчэ якую, бо сцвярджае, што Слова Божае, з якога пачаўся свет, было адначасова і найвялікшым Дзеяннем. Дарэчы, тое ж непарыўнае адзінства Слова-Дзеяння, якое павінна быць парадыгмаю і для чалавека, сцвярджае назва ў юдэйскім каноне пятай з Кніг Майсеевых – Дэварым, альбо Дварым (множны лік ад давар), што можна перакласці адначасова як «словы» і як «дзеянні», і нават як «рэчы» (можа, таму, што апошнія нараджаюцца як вынік дзеяння?). А пачынаецца тэкст гэтай вельмі важнай у заканадаўчых адносінах кнігі з радка: «Вось словы, якія казаў Майсей усяму ізраілю за іарданам у пустэчы Арава...» (Дрг 1, 1). Вялікі ж прарок, вядома, паўтараў і тлумачыў тыя словы, што пачуў ад Самога Бога. Трэба зазначыць, як дзівосна некаторыя мовы перадаюць гэтае непарыўнае адзінства слова і дзеяння: іўрыцкае давар, беларускае дзеяслоў, рускае высокае глагол. Адразу ўсплываюць як напамін радкі славутых паэтаў: «Глаголом жги сердца людей!» (А.С. Пушкін. «Прарок»); «Прорезал тьму Глагол...» (і.А. Бунін. «Самсон»). Апошні напісаны не пра Стварэнне, але ж дае магчымасць адчуць моц Боскага Дзеяслова, што калісьці прарэзаў цемру і змрок першапачатковага хаосу, каб усталявалася святло. Цікава, што менавіта гэты радок – «І сказаў Бог: няхай будзе святло. І стала святло» (Быц 1, 3) працытаваў невядомы аўтар познеантычнага (элінскага) трактату «Аб узвышаным» (40-я гады І ст.), прыводзячы яго як найлепшы прыклад узвышанага.

Такім чынам, свет ствараецца Словам Божым, але гэты працэс выглядае не толькі як непасрэдны (у адказ на Боскае «Будзе!» узнікаюць найважнейшыя структурныя часткі светабудовы), але і як апасродкаваны: Бог перадае энергію стыхіям – зямлі, вадзе, а тыя ўжо самі спараджаюць жыццё. Напрыклад: «І сказаў Бог: хай вырасціць зямля зеляніну, траву семяносную, дрэва пладаноснае, што ўтварае згодна з родам сваім плод, у якім семя ягонае на зямлі. І стала так» (Быц 1, 11). Альбо: «І сказаў Бог: хай утворыць зямля істоты жывыя згодна з родам іх, і скаціну, і гадаў, і звяроў зямных згодна з родам іх. І стала так» (Быц 1, 24). З гэтага можна зрабіць выснову, што ў тэксце Бібліі закладзеная ідэя самаразвіцця свету, які, адказваючы на Божы імпульс, атрымліваючы Боскую энергію, перажывае самастанаўленне. Абсалютна новым у параўнанні з іншымі касмаганічнымі паданнямі з'яўляецца тое, што кожную частку касмагенэзу Бог суправаджае этычнай ацэнкай, якая выказваецца праз простае іўрыцкае слова тов – «добра»: «І ўбачыў Бог, што гэта добра» (Быц 1, 10, 12, 18, 21, 25, 31). Здаецца, гэтае выказванне паўтараецца так настойліва дзеля таго, каб мы не прамінулі яго, абавязкова прыкмецілі. Да таго ж, «добра» сказана першы раз, калі Бог стварыў святло. Тым самым нам даецца зразумець, што свет ствараецца Усявышнім як абсалютнае дабро, больш таго – Дабро пакладзена ў фундамент гэтага свету, пранізвае яго, як сусветны закон (заўважым: тым вастрэй надалей паўстае пытанне аб крыніцах і паходжанні зла). Вельмі важна ўсвядоміць, што найгалоўнейшыя этычныя законы – і перш-наперш дабрыня, імкненне да добрага – пакладзеныя Богам у аснову светабудовы, а гэта значыць – і ў аснову чалавечага жыцця. І гэтаксама чалавек павінен толькі тады пераходзіць да новай справы, калі ён упэўнены, што ўсё зробленае – не дрэннае, а добрае. Побач з дзеясловамі, звязанымі агульнай семай стварэння, у першым раздзеле Кнігі Быцця настойліва паўтараецца яшчэ адзін дзеяслоў, які абазначае адно з найважнейшых дзеянняў Бога пры Стварэнні: «І ўбачыў Бог святло, што яно добрае; і аддзяліў Бог святло ад цемры» (Быц 1, 4); «І зрабіў Бог купал; і аддзяліў ваду, якая пад купалам, ад вады, якая над купалам» (Быц 1, 7). Такім чынам, свет быў створаны напачатку адзіным і непадзельным, але неструктураваным, аморфным згусткам энергіі, аднак пасля Бог аддзяліў яго істотныя часткі, надаў яму дакладную структуру. Да таго ж, у гэтым найістотнейшым дзеянні Бога задаецца найвялікшая парадыгма для чалавека: як Створца «аддзяліў», чалавек павінен будзе бясконца «аддзяляць» – светлае ад змрочнага, чыстае ад нячыстага, добрае ад злога, патрэбнае Богу для здзяйснення Яго задумы ад непатрэбнага, ад агіднага. Наконт гэтага С. Аверынцаў піша: «Пачатак свету ёсць ... сімвалічным правобразам закону; а ў чым сутнасць закону, як не ў аддзяленні патрэбнага ад непатрэбнага, дазволенага ад забароненага, сакральнага ад прафаннага? Бог «аддзяліў», і таму чалавек павінен «аддзяляць», павінен «адрозніваць», як гаворыцца ніжэй у заканадаўчым тэксце Торы: «Гэта статут вялікі для пакаленняў вашых, каб вы ўмелі адрозніваць паміж святым і мірскім, і паміж брыдотаю і чыстым» (Лев 10, 9–105. Пра тое, што ўжо ў глыбокай старажытнасці славуты пачатак Кнігі Быцця разумелі не толькі ў прамым сэнсе, але і ў алегарычным, сведчаць Кумранскія рукапісы, або Скруткі Мёртвага мора. Духоўныя настаўнікі есейскай секты, якая ўзнікла ў II ст. да Н. Х., тлумачылі, што Бог, стварыўшы святло, тым самым стварыў праведнасць, а потым аддзяліў святло ад цемры, гэта значыць ад усяго нячыстага, ад граху. Старажытны юдэйскі каментар да Кнігі Быцця – Берэшыт Раба (не пазней за III ст. да Н. Х.) лічыць, што славутае «І назваў Бог святло днём, а цемру ноччу» сказана таму, што Бог злучае імя сваё толькі са святлом. Гэта азначае, што толькі светлыя душой людзі, толькі праведнікі, ці тыя, хто хаця б свядома імкнецца да святла і дабрыні, любыя Яму. Які ён складаны, чалавек, створаны Богам! Нездарма ж Давід-Псалмаспеўца, звяртаючыся да Створцы, кажа: «Ухваляю Цябе, таму што адмыслова зроблены я. Дзівосныя справы Твае, і душа мая цалкам ведае гэта» (Пс 139/138, 14). Вельмі цяжка вызначыць чалавека, апісаць яго (уласна кажучы, гэтым і займаюцца ўвесь час літаратура, мастацтва, філасофія). Але, памятаючы сэнс пачатковага тэксту Кнігі Быцця, мы можам сказаць проста: чалавек – істота, якая можа «аддзяляць», рабіць маральны выбар, адрозніваць дабро ад зла. Гэтая здольнасць чалавека, якая вызначае яго як істоту незвычайную з усіх жывых істотаў, вынікае з дзеянняў Бога на пачатку Стварэння. Безумоўна, невыпадковым з'яўляецца і тое, што свет створаны Дзесяццю Словамі, Дзесяццю Волевыяўленнямі Бога: гэта сіметрычна адпавядае іншым Дзесяці Дзеясловам – тым, што будуць выразаныя на Скрыжалях Запавету. Так сцвярджаецца глыбінны сэнс біблійнага тэксту: маральныя законы людзей арганічна звязаныя з законамі сусвету, вынікаюць з яго пачатку. Як слушна кажа С. Аверынцаў, «на дзесяці выказваннях стаіць свет, на дзесяці выказваннях стаіць закон»6.

Паводле біблійнага тэксту, свет быў створаны, благаславёны і прыведзены ў стан найвышэйшай гармоніі за Сем Дзён. Канкрэтна само Стварэнне ўсяго існага адбылося за Шэсць Дзён, а Сёмы Дзень мае асаблівы сэнс. Напэўна, немагчыма адназначна разумець гэтыя дні як ідэнтычныя нашым суткам, але, безумоўна, мы падзяляем наш каляндар на тыдні (сядміцы) навечна ў памяць пра тыя самыя Сем Дзён Стварэння, у якіх заключана асаблівая таямніца. Якія былі яны ў параўнанні з нашым разуменнем часу? Можа, гэткія ж кароткія, як успышка звышновай зоркі, а можа – такія ж даўжэзныя, як Мезазойская ці Палеазойская эры. Прынамсі, да свайго ўзнікнення ў канцы Шостага Дня чалавек не мог усведамляць час, тым больш што і гэтае ўсведамленне псіхалагічна вельмі адноснае. А што такое Божы час? У Бібліі пра гэтае сказана: «У Бога адзін дзень, як тысяча гадоў, і тысяча гадоў, як адзін дзень» (2 П 3, 8). Нездарама ўжо ў старажытных экзэгетаў існаванне цывілізацыі было вызначанае ў шэсць тысяч гадоў, а пасля – у сёмым – адбудзецца нешта надзвычайнае, як надзвычайным быў Семы Дзень. Стварэнне згодна з азначэннем адбываецца ў часе, але Сам Бог непадуладны часу, ён па-за часам. Час быў створаны ім, калі Ён аддзяліў святло ад цемры: «І назваў Бог святло днём, а цемру назваў ноччу. І быў вечар, і была раніца: дзень адзін» (Быц 1, 5). Час з'яўляецца, такім чынам, тварным, як і ўсё астатняе, размешчанае ў прасторы. Аб тварнасці часу пісаў апостал Павел: «Ні сённяшняе, ні будучыня, ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не можа адлучыць нас ад любові Божай» (Рым 8, 38–39). Сённяшняе і будучыня – гэта час, вышыня і глыбіня – прастора. Такім чынам, ужо тут сцвярджаецца прысутнае ў Кнізе Быцця адзінства часу і прасторы, што і было адкрыта Эйнштэйнам (паводле тэорыі адноснасці, час – адно з вымярэнняў прасторы). «І быў вечар...» – гэта гучыць як напамін пра тое, што свет пачаўся з пераадолення цемры і вылучэння святла. А як напамін пра менавіта такі парадак слоў Усявышняга – «і быў вечар, і была раніца» – адлік новага дня ў старажытнай юдэйскай традыцыі пачынаецца з вечара, калі згасаюць апошнія промні сонца і першая зорка выходзіць на небасхіл. Таму і святы прынята адзначаць з вечара. Напэўна, няма нічога больш таямнічага, чым Першы Дзень быцця сусвету. І, напэўна, каб падкрэсліць, што ніводнага дня яшчэ не было да яго і ніякага іншага на той момант пасля яго, пра гэты дзень сказана з дапамогай не парадкавага, а якаснага лічыльніка: «Дзень адзін» (Быц 1, 5). Заўважым, што ў Першы Дзень было створана менавіта святло, бо дакладней перакласці першы радок тэксту наступным чынам: «У Пачатку Стварэння Богам неба і зямлі, калі зямля была пустая і хаатычная, і цемра над безданню, і дух Божы лунаў над вадою, сказаў Бог: хай будзе святло. І стала святло».

Дзень Другі, названы ўжо сваім парадкавым нумарам, стаў часам канчатковага афармлення нябеснага купалу (небасхілу) і аддзялення атмасферы, з аднаго боку, ад беспаветранай прасторы, з другога – ад сусветнага акіяну. Сказана пра гэта даволі загадкава: «І сказаў Бог: хай будзе купал унутры вады, і хай аддзяляе ён ваду ад вады. І зрабіў Бог купал; і аддзяліў ваду, якая пад купалам, ад вады, якая над купалам. І стала так. І назваў Бог купал небам. І быў вечар, і была раніца: дзень другі» (Быц 1, 6–8). Словам «купал» (у традыцыйным рускім перакладзе – «твердь») мы дазволілі сабе перакласці тое, што ў арыгінале названа як ракіа – ад дзеяслова рака са значэннем «расцягваць», «распасціраць». Такім чынам, ракіа – «тое, што распрасцёрта». Як лічыць Д. Шчадравіцкі, гэта можна перакласці як «прастора». Гэтую «прастору» можна патлумачыць як атмасферу, а, у сваю чаргу, воды, што над «прасторай» («верхнія воды») – як абалонку з пары, якая, згодна з навуковымі дадзенымі, атачала першапачаткова Зямлю і не прапускала шкодныя для ўсяго жывога выпраменьванні; «ніжнія воды» – як акіян, што пакрываў усю зямлю. На Трэці Дзень паводле волі Усявышняга «ніжнія воды» збіраюцца ў адно месца і на паверхню выходзіць суша (згодна з навуковымі дадзенымі кантыненты сапраўды падняліся са дна акіяну). Як можна зразумець з біблійнага тэксту, суша першапачаткова была адзіным кантынентам, які меў круглую форму і толькі пазней распаўся на часткі (ізноў жа, паводле вядомай гіпотэзы, Еўразія злучалася з Амерыкай легендарнай Атлантыдай, што ў выніку нейкай катастрофы – можа, Патопу – пайшла пад ваду). Цэнтрам сушы з самога пачатку прызначалася быць Святой зямлі, на якой павінна прагучаць Слова Божае.

Пасля падрыхтоўкі вады і сушы настае час стварэння жывога жыцця, і ў гэтым працэсе вялікую ролю адыгрываюць самі зямля і вада, якія кіруюцца воляю Бога. Спачатку зямля спараджае раслінны свет. Звяртае на сябе ўвагу, што і тут адзначаныя якасна новыя этапы ўзнікнення гэтага свету: перш-наперш з'яўляецца дэшэ – зеляніна, дробная расліннасць (магчыма, самыя прымітыўныя раслінныя формы); потым – эсэв – «трава» (магчыма, таксама і першабытная папараць); і нарэшце – эц – «дрэва». І толькі пасля стварэння раслінаў апісваецца стварэнне сонца, месяца, зорак. Чаму так? Ужо даўно старажытныя каментатары адзначалі, што Тора часта распавядае той ці іншы сюжэт не ў элементарнай лагічнай паслядоўнасці, але так, каб гэта лепш зразумеў і ўспрыняў чалавек. Як слушна заўважае сучасны каментатар рабі М. Вайсман, «мэта Торы не ў тым, каб навучыць нас гісторыі: парадак яе раздзелаў усталяваны Усемагутным, каб навучыць нас, як нам жыць»7 . Мы маглі б дадаць: тым меней мэтаю Пісання з'яўляецца навучанне людзей біялогіі, эвалюцыйнай тэорыі, касмалогіі, геалогіі і г. д. Таму і святло ствараецца раней за ўсё, каб мы зразумелі, што жыццё бяздушнаму сусвету надае толькі Святло Божае, што пачатак Стварэння – духоўнае святло, сэнс. Але ж ёсць і навуковыя падыходы, што тлумачаць магчымасць з'яўлення на небасхіле сонца і месяца менавіта ў Чацвёрты Дзень. Так, вядомы фізік Н. Авіэзер выказаў наступную думку: гаворка ідзе пра тое, што ў пэўны час, звязаны з нахілам арбіты Зямлі, Сонца і Месяц занялі сваё месца на небасхіле, што Пісанне падкрэслівае каляндарную ролю Сонца і Месяца, а яна ўсталявалася пасля фіксацыі зямной арбіты8. Д. Шчадравіцкі лічыць, што пасля таго, як атмасфера, дзякуючы вялікай колькасці раслінаў, была насычана кіслародам, сталі бачныя на небасхіле сонца, месяц, зоркі, і таму пра іх стварэнне напісана пазней. Самі нябесныя целы існавалі яшчэ да стварэння Зямлі: так, у Кнізе іова гаворыцца, што краевугольны камень зямлі быў закладзены пры агульным трыумфаванні ранішніх зорак (іоў 38, 4–7). Бог вызначае новую ролю сонца, месяца, зорак – не толькі свяціць на зямлю, але і вызначаць час, «і кіраваць днём і ноччу, і аддзяляць святло ад цемры» (Быц 1, 18). Нездарма для апісання стварэння сонца і месяца выкарыстана не першапачатковае бара (нагадаем – «стварыў нешта якасна новае»), а больш простае аса – «зрабіў адно з другога», «прыстасаваў» да новай ролі.

На Пяты дзень былі створаныя рыбы, земнаводныя, птушкі (гэта таксама вельмі добра суадносіцца з дадзенымі біялогіі і палеанталогіі). Тэкст падкрэслівае, што, у адрозненне ад раслінаў, жывёлы маюць асаблівую «душу» – нэфеш (гэтаксама вызначаецца і наогул кожная жывая істота). Менавіта ім – рыбам, земнаводным, птушкам – Бог упершыню дае асаблівае благаслаўленне: пру у-рву – «пладзіцеся і размнажайцеся». Гэта значыць, што з кожным відам жывых істотаў будзе воля Божая, якая не дасць яму згаснуць. Ужо старажытныя каментатары так тлумачылі падвойны імператыў Божага дабраславення: калі б было сказана толькі «пладзіцеся», то кожная пара жывёлінаў змагла б нарадзіць толькі адно дзіця, а «размнажайцеся» дае магчымасць у шмат разоў павялічваць колькасць жывёлінаў, падтрымліваць той ці іншы від.

На Шосты Дзень былі створаныя зямныя жывёліны і – як вяршыня Божага Стварэння – чалавек. Пра чалавека сказана, што ён задуманы быў як істота асаблівая, выдзеленая з усяго жывога: «І сказаў Бог: створым чалавека паводле вобраза Нашага, паводле падабенства Нашага...» Чаму тут стаіць загадкавая форма множнага ліку – «створым»? Наконт гэтага ёсць розныя меркаванні (мы пагаворым пра гэта падрабязней у асобным артыкуле), але ж самае глыбокае і слушнае наступнае: ці не запрашае тым самым Бог сваё найгалоўнейшае стварэнне да сумеснай творчасці, ці не дае ўказанне на свабоду выбару, якую ён падорыць чалавеку? і што азначае «паводле вобраза Божага»? Коратка скажам – гэта ўказанне на асаблівую іскру Божую, на свет духоўны, што дадзены толькі чалавеку і нікому больш з зямных істотаў. Бог дае ў валоданне чалавеку ўвесь свет, ставіць яго панаваць над усёй прыродай. І разам з тым аповед пра стварэнне свету ў першым раздзеле Кнігі Быцця ўключае чалавека ў шэраг усяго жывога, гаворыць аб ім як аб частцы ўладкаванага і гарманічнага космасу. Ды вось што звяртае на сябе ўвагу: хоць Творца і чалавеку – мужчыну і жанчыне – кажа: «пладзіцеся і размнажайцеся», у дачыненні да чалавека не гучыць славутае тов – «добра». Можна толькі сумна ўсміхнуцца: можа, Святы, Благаславёны, Ён з самага пачатку разумеў, што не ўсё будзе вельмі добра і гладка з асаблівай істотай, якой Ён – па літасці сваёй найвышэйшай – падараваў самы каштоўны і ў той жа час небяспечны падарунак – свабоду волі? Зразумела, што толькі чалавек будзе сваімі ўчынкамі парушаць гармонію Боскага Стварэння. Але, з другога боку, менавіта пасля таго, як быў створаны чалавек, Бог і палічыў усю вялікую сваю працу завершанай, прыведзенай у стан найвышэйшай раўнавагі. Паказальна, што цяпер, аглядаючы створанае, Бог вымаўляе: тов мэод – «добра вельмі».

Што ж было на Сёмы Дзень? Сказана, што ў гэты Дзень Бог адпачываў ад сваёй вялікай і таямнічай працы і асобна благаславіў яго. І калі ўсе астатнія дні на іўрыце завуцца іх парадкавымі нумарамі, то Дзень Сёмы атрымаў асаблівую назву – Шабат – «адпачыванне», таму што напісана: «І благаславіў Бог дзень сёмы, і асвяціў яго, бо ў гэты дзень адпачываў (шабат) ад усёй працы сваёй, якую стварыў, робячы» (Быц 2, 3). Шабат – тое ж слова субота, вядомае нам праз пасрэдніцтва старажытнагрэцкай мовы. Вядома, адпачынак Бога не трэба разумець у вульгарным фізічным сэнсе, бо, як памятаем, прырода Яго наскрозь духоўная. Таму і Дню Сёмаму нададзены асаблівы духоўны змест: як тлумачылі старажытныя каментатары, вылучыўшы суботу з будняў, Усявышні тым самым стварыў само паняцце «святасць», і субота дадзеная чалавеку дзеля таго, каб ён набліжаўся да святасці, каб ніколі не страчваў сваёй найвялікшай здольнасці «аддзяляць». Вось чаму ў адной з Дзесяці Запаведзяў, што атрымаў Майсей на Сінаі, сказана: «Памятай дзень суботні, каб свяціць яго. Шэсць дзён працуй і рабі ўсялякую справу сваю, а дзень сёмы – субота – Пану Богу твайму: не рабі аніякай справы ні ты, ні сын твой, ні дачка твая, ні раб твой. Ні рабыня твая, ні скаціна твая, ні прышэлец твой, які каля варот тваіх. Таму што ў шэсць дзён зрабіў Пан Бог неба й зямлю, мора і ўсё, што ў іх, і адпачыў у дзень сёмы» (Зых 20, 8–11). Заўважым, што ўпершыню ў старажытнасці з'явіўся строга фіксаваны на тыдні дзень адпачынку, які, да таго ж, мае асаблівы духоўны сэнс. З запаведзі Божай на Скрыжалях вынікае вельмі важны ў юдэйскай традыцыі звычай – бадай што, самы старажытны ў культуры гэтага старажытнага народа, пранесены праз бездань больш чым трох тысячагоддзяў – звычай сустрэчы і праводзінаў суботы. Суботу сустракаюць запальваннем суботніх свечак у напамін пра тое, што першым было створана святло, якое разлілося па прасторы сусвету. У суботу не можа быць аніякіх сварак, мір і згода павінны ўсталявацца ў сям'і, у душы чалавека. Субота – астравок гармоніі ў свеце чалавечай мітусні, дадзеная Богам магчымасць набліжацца да першапачатковай гармоніі Дня Сёмага. І хаця законы Суботы святыя для кожнага юдэя, традыцыя гаворыць, што іх можна і нават неабходна парушыць, калі трэба прыйсці на дапамогу чалавеку, выратаваць жыццё. Тут дзейнічае правіла пікуй нэфеш – «выратавання душы (жыцця)». Так і Езус кажа: «Не чалавек дзеля суботы, але субота дзеля чалавека...» Дарэчы, першыя хрысціяне таксама святкавалі суботу (і сёння ў хрысціянстве ёсць суботнікі, адвэнтысты Сёмага дня). Толькі пазней дзень адпачынку, звязаны з уваскрэсеннем Хрыста, быў перанесены на першы дзень юдэйскага тыдня – на нядзелю, бо, згодна з евангельскімі тэкстамі, Езус, які быў укрыжаваны ў шосты дзень юдэйскага тыдня, уваскрэс на трэці дзень пасля смерці. «Вось гэтае і не падзялілі – які дзень лічыць днём адпачынку», – сумна жартаваў калісьці Марк Шагал. Але Субота застаецца – хаця б з прычыны неадменнасці слоў і абяцанняў Божых – паняццем важным і для хрысціянскай свядомасці. Ва ўсведамленні еўрапейскай культуры гэта – амаль недасягальная гармонія, да якой мы несупынна крочым, ды ўсё не можам дакрочыць. Вось чаму рускі паэт Мікалай Гумілёў піша: «Смотрю в века, живу в минутах, / Но жду Субботы из Суббот...» Увесь свет чакае гэтай Суботы, што сімвалізуе Валадарства Божае на зямлі. Вось як піша пра гэта прарок Ісая, гаворачы пра надыход Месіянскай эры – эры любові і літасці, эры вечнай гармоніі: «Бо, як новае неба і новая зямля, якія Я ствару, заўсёды будуць перад тварам Маім, гаворыць Пан Бог, так будзе й семя ваша й імя ваша. Тады з месяца ў месяц і з суботы ў суботу будзе прыходзіць усялякая плоць перад твар Мой на пакланенне, гаворыць Пан Бог» (іс 66, 22–23). Старажытныя экзэгеты пісалі, што менавіта Сёмае тысячагоддзе ад Стварэння свету будзе Суботнім Тысячагоддзем, прынясе ўсяму свету спакой і гармонію. Згодна са старажытным біблійным лічэннем часу, цяпер ідзе 5761 год. Можа, усё спраўдзіцца?

А аповед пра Стварэнне, чым больш мы яго чытаем, тым больш пакідае загадак. Пра стварэнне свету і чалавека апавядаецца двойчы, і кожны раз па-рознаму. І калі ў першым аповедзе чалавек паўстае як частка светабудовы, то ў другім – як яе цэнтр. Чаму так? Як звесці тут канцы з канцамі? Пра гэта мы пагаворым асобна. А цяпер на заканчэнне скажам, што ў геніяльна кароткую, сціслую і напоўненую неверагодна глыбокімі сэнсамі біблійную паэму пра стварэнне свету, будуць услухоўвацца людзі, як услухоўваліся на працягу тысячагоддзяў, будуць захапляцца прыгажосцю і адмысловасцю Божага Стварэння разам з аўтарам псалма: «Якія шматлікія справы Твае, Божа! Усё мудрасцю стварыў Ты, поўная зямля стварэннямі Тваімі. ...Пашлеш Дух Твой – ствараюцца яны, і аднаўляеш Ты твар зямлі» (Пс 104/103, 24, 30).


  1. Щедровицкий Д.В. Введение в Ветхий Завет: В 8 т. Т. 1. Книга Бытия. М.: Теревинф, 1994. – С. 25.
  2. Соловейчик Й.Б. Община Завета. Иерусалим: Швут Ами, 1989. – С. 24.
  3. Полонский П. Две истории сотворения мира. Иерусалим: Маханаим, 1999. – С. 108.
  4. Гётэ Ё.В. Выбраныя творы. Мн.: Беларускі кнігазбор, 1999. – С. 188.
  5. Аверинцев С.С. Древнееврейская литература // История всемирной литературы: В 9 т. Т. 1. М., 1983. – С. 279.
  6. Тамсама.
  7. Вайсман М. Мидраш рассказывает: В 5 т. Т. 1. Иерусалим: Швут Ами, 1990. – С. 18.
  8. Гл.: Авиэзер Н.В начале: Сотворение Мира – Тора и наука. Тель-Авив: Издательство Бар-Иланского ун-та, 1995.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY