Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(16)/2001
Дакументы
Мастацтва

ЦУДАДЗЕЙНЫ І СТАРАЖЫТНЫ

РОСПІСЫ БЕЛАРУСКІХ КАСЦЁЛАЎ

РОСПІСЫ БУДСЛАЎСКАГА КАСЦЁЛА
Сведчаць архівы
У свеце Бібліі

ТАЯМНІЦА СТВАРЭННЯ
Юбілеі

БЕЛАРУСКІ ЗНАК ЦЁТКІ

НАД НЁМАНАМ
Проза

АПАВЯДАННІ

АПОШНІ ПЕРШЫ СНЕГ
Нашы святыні

НАША «ЕЗУІЦКАЕ» БАРОКА
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Пераклады

ВЕРШЫ
Кантрапункт
Постаці

ВЯРТАННЕ
Мастацтва

Юры ТУРОНАК

З ПАЧЫНУ ПРАЛАТА
СТЭФАНА ДЭНІСЕВІЧА

На пачатку ХХ стагоддзя беларускамоўныя каталіцкія кніжкі былі надзвычайнай рэдкасцю. Першая з іх, з апрабацыяй духоўных і свецкіх уладаў, была надрукавана ў 1835 г. у Вільні пад загалоўкам «Krótkie zebranie nauki chrześcijałskiej dla wieśniaków mówiących językiem polsko-ruskim wyznania rzymsko-katolickiego». Акрамя польскага загалоўка і некаторых малітваў на польскай мове, большая частка гэтай катэхізмоўкі была напісана па-беларуску.

Пасля доўгага перапынку ў 1861 г. у Варшаве выйшла невялікая (8 стар.) брашура – «Песні набожныя», якая змяшчала вядомую беларускую песню «О, мой Божа, веру Табе» і перакладзены на беларускую мову польскі патрыятычны гімн «Boże, coś Polskę». Урэшце праз год (у 1862 г.) там быў надрукаваны «Элемэнтаж для добрых дзетак каталікоў», які, нягледзячы на загаловак, быў новым выданнем катэхізіса. Усе гэтыя кніжкі выдаваліся лацінкай.

Аб іх выдавецкай інспірацыі, прызначэнні і распаўсюджванні не раз выказваліся даследчыкі гісторыі кнігі. З'яўленне гэтых выданняў заслугоўвае ўвагі і грунтоўнага вывучэння, аднак для нашай тэмы больш важна высветліць прычыны такой мізэрнай эдыцыі беларускамоўнай каталіцкай літаратуры: тры сціплыя кніжачкі за ўсё ХІХ стагоддзе!..

Даследчыкі звычайна спасылаюцца на тагачасны нізкі ўзровень пісьменнасці, асабліва сялянства, і на забарону расійскіх уладаў друкаваць у другой палове ХІХ стагоддзя беларускія кніжкі лацінскім алфавітам. Гэта былі важныя прычыны, але не выключныя, на што паказваюць здзяйсненні Марыяна Абрамовіча, Аляксандра Ельскага, Францішка Багушэвіча і Вацлава іваноўскага, якія абыходзілі гэтую забарону, друкуючы свае выданні за межамі Расійскай імперыі. Яшчэ больш актыўна працавалі літоўскія выдаўцы, якія друкавалі рэлігійныя кніжкі ва Усходняй Прусіі і распаўсюджвалі іх нелегальна.

Больш істотнай прычынай выдавецкай стагнацыі была, на нашу думку, нераспрацаванасць беларускай мовы, тэрміналогіі, адсутнасць слоўнікаў і іншых дапаможнікаў для яе вывучэння. Дзіўна і сумна, што нашыя хвалёныя адраджэнцы ХІХ стагоддзя, якія закладалі падмурак сучаснай беларускай літаратуры, не парупіліся, прыкладам літоўцаў, апрацаваць і выдаць звычайны беларускі буквар. Напомнім, што першы «Беларускі лемантар» з'явіўся толькі ў 1906 годзе, а граматыка – аж у 1918 годзе.

Вось таму, калі ў снежні 1904 г. царскім указам былі нарэшце адменены абмежаванні друку, на беларускай выдавецкай ніве па-ранейшаму існавалі вялікія цяжкасці, перш за ўсё з-за адсутнасці уніфікаваных граматычных і лексічных нормаў, правапісу і нават адзінага алфавіту. Не было і вопыту арганізаванай выдавецкай працы, і, вядома, сродкаў. Усё ж, карыстаючы з свабоды друку, з 1905 г. пачалі паўставаць выдавецкія суполкі, галоўным чынам у Пецярбургу і Вільні.

Біскуп Дэнісевіч
Ініцыятарам выдання беларускай каталіцкай літаратуры быў пралат Стэфан Дэнісевіч. Ён нарадзіўся ў 1836 г. у Чарэйскай парафіі на Магілёўшчыне, скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1859 г.) і Духоўную акадэмію ў Пецярбургу (1863 г.). Пасля атрымання святарскага пасвячэння (1863 г.) доўгі час працаваў на парафіях у Оршы, Магілёве і Смаленску, быў дэканам магілёўскім і клімавіцка-мсціслаўскім, а з 1895 г. – членам кансісторыі Магілёўскай архідыяцэзіі, сядзіба якой знаходзілася ў Пецярбургу. Пасля смерці мітрапаліта Казлоўскага з 1903 да 1910 г. з кароткімі перапынкамі выконваў абавязкі адміністратара Магілёўскай архідыяцэзіі. У 1908 г. атрымаў годнасць біскупа. Памёр у 1913 г. ва ўзросце 77 гадоў.

Біскуп Дэнісевіч, беларус па паходжанні, быў прыхільнікам выкарыстання беларускай мовы ў душпастырскай працы. Да гэтага падчас візітацыі парафій Магілёўшчыны ў 1910 г. заахвочваў духавенства ды і сам нярэдка прамаўляў па-беларуску. Пры гэтым ён разумеў, што ўсе заахвочванні застануцца толькі прыгожым пажаданнем, пакуль духавенства і вернікі не атрымаюць адпаведнай літаратуры – малітоўнікаў, дапаможнікаў да катэхізацыі і іншых.

Кс. Ф. Будзька.
Аднак на пачатку ХХ стагоддзя такой літаратуры не было, а нешматлікія выданні папярэдняга стагоддзя ўжо сталі рэдкасцю і не адпавядалі патрабаванням новага часу. Усё трэба было ствараць ад пачатку. Патрабаваліся маладыя кадры – энтузіясты справы, якіх таксама амаль не было. Праўда, у 1906 г., калі Дэнісевіч пачаў ажыццяўляць свае выдавецкія планы, у Пецярбургскай семінарыі вучылася некалькі маладых беларусаў, але толькі адзін з іх, Францішак Будзька, захапіўся ініцыятывай архіпастыра і стаў перакладаць на беларускую мову рэлігійную літаратуру.

Такім чынам, першыя гады пасля абвяшчэння свабоды друку на гэтай ніве працавалі толькі 70-гадовы, абцяжараны рознымі адміністрацыйнымі абавязкамі, пралат Дэнісевіч і малады клерык, а з 1907 г. – ксёндз Францішак Будзька. Абодва працавалі без граматыкі, правапісу і слоўнікаў, самастойна стваралі беларускую касцельную тэрміналогію.

Аналіз апрацаваных імі тэкстаў паказвае на тое, што Дэнісевіч прыспешваў Будзьку хутчэй рыхтаваць матэрыялы да друку. Магчыма, ён прадчуваў хуткі канец свайго адміністравання архідыяцэзіяй і імкнуўся своечасова даць сваю неабходную апрабацыю на друк перакладаемых Будзькам кніг. Аднак, каб не траціць часу, у 1906 г. ён асабіста перапрацаваў і перавыдаў у Пецярбургу з сваёй апрабацыяй стары варшаўскі «Элемэнтаж для добрых дзетак каталікоў».

Не марудзіў і кс. Будзька, які ў 1906 г. І ў першай палове 1907 г. перапрацаваў і пераклаў на беларускую мову тры кнігі: Філяхоўскага «Кароткі катахізм для прыспасабленьня дзяцей да першай Споведзі і Камуніі Сьвятой», I. Шустара «Кароткая гісторыя сьвятая» і Банчкоўскага «Кароткае выясьненьне абрадаў Р.– Каталіцкаго касьцёла», якія выдаваліся пад крыптанімам перакладчыка «Х». Аб тэмпе працы кс. Будзькі сведчаць даты апрабацыі ягоных перакладаў пралатам Дэнісевічам: кнігі Філяхоўскага і Шустара былі дазволены ім 24.01.1907 г., а Банчкоўскага – 12.06.1907 г.

Апрабацыя Дэнісевіча дазваляла духавенству карыстацца і распаўсюджваць перакладзеныя Будзькам кнігі, але не вырашала справу іх друку – пра гэта павінны былі клапаціцца выдаўцы. Першая ў 1907 г., г.зн. неўзабаве пасля апрабацыі, была надрукавана вялікім тыражом (10000 экз.) катэхізмоўка Філяхоўскага. Выдадзена яна, магчыма, на сродкі Дэнісевіча. Затое пераклады Шустара і Банчкоўскага ляжалі ў рукапісе аж да 1914 г., г.зн. 7–8 гадоў, і чакалі на ласкавасць лёсу.

У 1908 г. кс. Будзька выехаў з Пецярбурга ў Полацк, дзе да 1912 г. працаваў вікарыем, аднак не спыніў працы над чарговымі кнігамі. Тут ён пераклаў кніжку Яна з-над Буга (кс. Яна Урбана) «Бл. Андрэй Баболя» і апрацаваў «Некалькі слоў аб пакуце», якая атрымала апрабацыю новага магілёўскага арцыбіскупа В. Ключынскага. Аднак і гэтым кнігам давялося доўга чакаць выдання.

Нястача сродкаў стрымлівала выпуск падрыхтаваных да друку кніг. Пасля выдання ў 1907 г. катэхізму Філяхоўскага да 1912 г. уключна, г.зн. на працягу пяці гадоў, выйшла толькі адна перакладзеная Будзькам невялікая кніжачка пра Баболю (Вільня, 1911 г.), якую, відаць, сфінансаваў сам яе перакладчык. Таму неабходна было знайсці іншыя магчымасці.

Так узнікла задума арганізаваць выпуск першага каталіцкага штотыднёвіка «Беларус», вакол якога гуртавалася б патрыятычнае духавенства і свецкая інтэлігенцыя, што паслядоўна спрыяла б распаўсюджванню не толькі штотыднёвіка, але і кніжных выданняў. На працягу 1912 г. Будзька закончыў неабходныя фармальнасці, арганізаваў склад рэдакцыі і аказаў ёй напачатку пэўную грашовую дапамогу.

«Беларус» выходзіў у Вільні са студзеня 1913 г. да паловы 1915 г. Першым яго рэдактарам быў Антон Бычкоўскі, якога праз некалькі месяцаў змяніў а. Баляслаў Пачопка. Газета выклікала значнае зацікаўленне беларускага каталіцкага грамадства і мела многіх супрацоўнікаў, а ў іх ліку такіх прадстаўнікоў духавенства, як Аляксандр Астрамовіч, ільдэфонс Бобіч, Генрык Бэта, А. Жукоўскі (з іркуцка), Язэп Рэшаць, Адам Станкевіч, Канстанцін Стаповіч, Люцыян Хведзька. У 1913 г. «Беларус» атрымаў папскае благаслаўленне, што ўзвышала яго маральны аўтарытэт у вачах духоўных і свецкіх чытачоў.

Спадзяванні Будзькі на прыбытковасць «Беларуса» і на магчымасць выпуску кніг апраўдаліся не адразу. Праўда, дзякуючы росту падпіскі і ахвяраванням некаторых святароў газета выходзіла рэгулярна, аднак яе рэдактары не раз непакоіліся пра тое, што наяўных грошай хопіць на выпуск усяго аднаго-двух чарговых нумараў. З прычыны нялёгкага фінансавага становішча рэдакцыя ў 1913 г. змагла выдаць толькі адну кніжыцу – Казіміра Сваяка (кс. Канстанціна Стаповіча) «Алкаголь» як першы нумар планаванай бібліятэчкі «Беларуса».

Відаць, кс. Будзька пачаў траціць надзею на магчымасць выдання сваіх перакладаў, якія ўжо некалькі гадоў ляжалі ў рукапісе. У прыватнасці, ён імкнуўся даць членам паўсталага ў 1912 г. у Пецярбургскай духоўнай акадэміі Беларускага гуртка новыя выданні, у сувязі з чым напрыканцы 1913 г. вырашыў выдаць за свой кошт пераклад кнігі Шустара «Кароткая гісторыя сьвятая», якая выйшла ў студзені 1914 г. у Пецярбургу.

Выпуск штотыднёвіка «Беларус» і першых каталіцкіх кніг з радасцю вітала княгіня Магдалена Радзівіл – прыхільніца беларусізацыі душпастырскай працы і развіцця нацыянальнай каталіцкай культуры. Яна дапамагла Беларускаму гуртку ў Пецярбургскай акадэміі заснаваць сваю бібліятэку і, відаць, напрыканцы 1913 г. абавязалася пакрываць фінансавы дэфіцыт рэдакцыі «Беларуса». Так з'явіўся доўгачаканы спонсар каталіцкага выдавецкага руху, што паслядоўна адкрывала перад ім большыя магчымасці.

Калі за ўвесь 1913 г. рэдакцыя «Беларуса» здолела выпусціць толькі адну кнігу, то ў 1914 г. выдала шэсць і ў першай палове 1915 г. яшчэ дзве (гл. змешчаны ніжэй спіс неперыядычных выданняў). Летам 1915 г. у сувязі з ваеннымі падзеямі выпуск «Беларуса» спыніўся, што адмоўна паўплывала на выданне кніг.

За час свайго існавання рэдакцыя «Беларуса» выпусціла агулам дзевяць кніг. Нарэшце дачакаліся выдання перакладзеныя Будзькам «Кароткае выясьненьне абрадаў» Банчкоўскага і «Некалькі слоў аб пакуце». Выйшлі літаратурныя творы А. Зязюлі (кс. А. Астрамовіча) «З роднага загону», Г. Бэты (ананімна) «Бэтлейка», Баляслава Пачопкі (пад крыптанімам Б.Л.) «Мятавыя лісточкі» і «Чалавек на вышыні сваёй годнасьці», публіцыстычныя нарысы К. Сваяка (К. Стаповіча) «Алкаголь», П. Простага (кс. І. Бобіча) «На што беларусам газеты?» і Аляксандра Ельскага «Жыцьцё сьв. п. папежа Піуса Х» у перакладзе Б. Пачопкі.

Айцец БаляслаЎ Пачопка. 30-я гады.
Важным здзяйсненнем Пачопкі была апрацоўка і выданне ў 1915 г. першага беларускага малітоўніка «Бог з намі». Ён быў надрукаваны ў Вільні, але дазвол на яго выданне і карыстанне магілёўскі арцыбіскуп Ян Цепляк даў 7 студзеня 1915 г. пасля праверкі цэнзарам Арцыбіскупскай курыі кс. Фабіянам Абрантовічам. Малітоўнік быў выдадзены асобна, а не ў рамках бібліятэчкі «Беларуса».

Цікавым выданнем, аб якім нядаўна пісала ірына Багдановіч на старонках «Нашай веры», была «Кантычка, або Сабраньне набожных песень для ўжытку каталікоў беларусаў». «Кантычка», апрацаваная з удзелам Янкі Купалы, не дачакалася апрабацыі Віленскай біскупскай курыі і была выдадзена ў 1914 г. Беларускім выдавецкім таварыстам у Вільні без дазволу духоўных уладаў. Такім чынам, яна не магла афіцыйна выкарыстоўвацца ў касцельных набажэнствах.

У верасні 1915 г. Вільня апынулася ў зоне нямецкай акупацыі. Некаторыя дзеячы выдавецкага руху былі пакліканы ў расійскую армію, а іншыя эвакуяваліся ў Расію. У Вільні засталіся нямногія, і яны гуртаваліся вакол Вацлава Ластоўскага. У выніку яго намаганняў выдавецкая праца ва ўмовах нямецкай акупацыі не заціхла: выходзіў штотыднёвік «Гоман», падручнікі для ўпершыню адкрытых беларускіх школаў і іншыя кніжкі. У 1916 г. выдавецтва «Гоман» выпусціла кніжку Б. Пачопкі «Сьвяты Ёзафат Кунцэвіч», а праз год была перавыдадзена кніга Шустара «Кароткая гісторыя сьвятая».

У 1918 г. беларуская каталіцкая літаратура ў Вільні не выдавалася. На гэта значна паўплываў выезд Баляслава Пачопкі, найбольш актыўнага яе аўтара і выдаўца. У 1916 г. ён быў прызначаны выкладчыкам беларускай і лацінскай моў у адкрытай нямецкімі ўладамі Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Свіслачы. На пачатку 20-х гадоў Пачопка прыняў усходні абрад, скончыў Львоўскую грэка-каталіцкую семінарыю і ў 1926 г. быў прызначаны мітрапалітам Шэптыцкім парахам уніяцкай царквы ў Бабровічах на Палессі. Святар і надалей займаўся выдавецка-публіцыстычнай працай, прапагандаваў ідэю царкоўнай уніі. Памёр у Целяханах у снежні 1940 года.

Ваенныя падзеі не спрыялі развіццю выдавецкай працы ў Петраградзе, дзе працавалі галоўным чынам Люцыян Хведзька, Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі і некаторыя іншыя. Усе яны супрацоўнічалі з прызначаным для католікаў штотыднёвікам «Светач», які ў лістападзе і снежні 1916 г. выдаваўся ў Петраградзе. У 1917 г. Хведзька заснаваў там сваё выдавецтва, якое выпусціла «Касьцельныя песьні», апрацаваныя дырыжорам катэдральнага хору і настаўнікам спеваў у Духоўнай семінарыі і акадэміі Вінцэнтам Гажэльняскім. Акрамя яе, выйшла чарговая кніжачка А. Зязюлі (кс. Аляксандра Астрамовіча) «Слова праўды аб мове і долі беларуса», была заснавана Хрысціянска-Дэмакратычная Злучнасць – першынец беларускай хадэцыі, пачала выходзіць «Крыніца». Далейшае развіццё гэтай працы спыніла бальшавіцкая рэвалюцыя.

Так з пачыну біскупа Дэнісевіча на працягу 1906–1917 гг. узнікла беларуская каталіцкая літаратура. Пераважную яе частку складалі творы, прысвечаныя рэлігійнай адукацыі і касцельнай практыцы (катэхізм, абрады, малітоўнік, песеннікі, гісторыя касцёла, філасофскія пакуты і іншыя). У астатніх выданнях асвятляліся пытанні хрысціянскай грамадскай этыкі і нацыянальнай культуры.

Стваральнікамі гэтай літаратуры (аўтарамі, перакладчыкамі, выдаўцамі) былі ў асноўным прадстаўнікі першай генерацыі беларускага каталіцкага духавенства – Дэнісевіч, Астрамовіч, Бобіч, Будзька, Бэта, Стаповіч і Хведзька. Баляслаў Пачопка быў на той час свецкай асобой, хоць два гады вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі, а пазней стаў грэка-каталіцкім святаром. Вынікам іх працы было 20 кніг, з якіх палову складалі арыгінальныя творы, а астатнюю частку – пераклады і перавыданні.

Трэба заўважыць, што тыя выданні, якія патрабавалі дазволу духоўных уладаў правяраліся і ўхваляліся цэнзарамі і пастырамі Магілёўскай архідыяцэзіі Дэнісевічам, Ключынскім і Цеплякам. Затое ніводная кніга не атрымала апрабацыі Віленскай біскупскай курыі, дзе быццам не было людзей, якія разумелі беларускую мову. Пра гэта сведчыў сумны вопыт «Кантычкі», які адлюстроўваў непрыхільныя адносіны віленскіх цэнзараў да каталіцкай літаратуры на беларускай мове.

Сціплымі былі тэхнічныя параметры выдавецкай прадукцыі. 14 кніг, або 2/3 агульнай іх колькасці, налічвалі не больш за 50 старонак, і толькі 6 з іх мелі большы аб'ём. Да таго ж пераважная колькасць кніг (17) выпускалася малым фарматам 16° і толькі дзве – фарматам 8°, які прыблізна адпавядае сучаснаму фармату А5*. У залежнасці ад прызначэння кнігі выпускаліся рознымі накладамі, якія не заўсёды падаваліся на іх вокладках. Паводле дадзеных выдаўцоў, агульны тыраж 13 кніг склаў 38060 асобнікаў, г.зн. у сярэднім 2930 асобнікаў. Калі гэты паказчык прыняць для ўсіх 20 кніг, іх агульны наклад можа скласці 55–60 тысяч экзэмпляраў, а гэта ўжо было не так мала.

Прыклад каталіцкіх духоўных і свецкіх дзеячаў, якія стварылі вартую ўвагі бібліятэчку беларускіх рэлігійных кніг, не вабіў іх праваслаўных калег. Яны не толькі пры расійскай уладзе, але і пад нямецкай акупацыяй доўгі час задавальняліся літаратурай на рускай і царкоўна-славянскай мовах. Пэўны зрух на праваслаўнай выдавецкай ніве адбыўся толькі ў 1918 г., калі ў Вільні выйшаў пераклад кнігі расійскага святара Васіля Раманава «Першыя малітвы і пазнанне хрысціянскай праваслаўнай веры» (31 старонка). Парадаксальна, што выдаў яе каталік Вацлаў Ластоўскі, да таго ж лацінкай.

Калі такім спосабам В. Ластоўскі імкнуўся паўплываць на запачаткаванне выпуску беларускамоўнай праваслаўнай літаратуры, то ў нейкай меры ён дасягнуў свае мэты. Лацінкавае выданне кнігі Раманава не адпавядала праваслаўнай кірылічнай традыцыі і выклікала абурэнне духавенства. Паступова яно было перавыдадзена ў Мінску кірылічным алфавітам. У тым жа 1918 г. у Вільні з'явілася другое праваслаўнае выданне – пераклад кнігі Рыгора Чальцова «Аб'ясненьне сімвала веры, малітваў і запаведзяў», адобраны пратаіерэем Міхаілам Галянкевічам. На жаль, далейшы выпуск беларускай праваслаўнай літаратуры спыніўся да паловы 20-х гадоў.

Ніжэй змяшчаем спіс каталіцкай літаратуры, выдадзенай у 1906–1917 гг. у Пецярбургу і Вільні на беларускай мове. Усе выданні падаюцца ў храналагічным парадку, па магчымасці, з улікам поўнай бібліяграфічнай інфармацыі. Усе яны былі надрукаваны лацінкай і падаюцца ў кірылічнай транслітарацыі.


Спіс неперыядычных каталіцкіх выданняў
на беларускай мове
(1906–1917 гг.)
  • 1906. Элемэнтаж для добрых дзетак каталікоў, Пецярбург, 8°, 24 с.
  • 1907. Філяхоўскі Р. кс., Катахізм для прыспасабленьня дзяцей да першай Споведзі і Камуніі Сьвятой, пераклад і перапрацоўка (кс. Ф. Будзькі), Вільня, 16°, 32 с., 10000 экз., апрабацыя вікарыя Магілёўскай капітулы пралата С. Дэнісевіча.
  • 1911. Ян з-над Буга (кс. Ян Урбан), Бл. Андрэй Баболя мучанік, пераклад Х (кс. Ф. Будзькі), Вільня, 16°, 36 с., 3000 экз.
  • 1913. Сваяк Казімір (кс. Канстанцін Стаповіч), Алкаголь, Вільня, 16°, 14 с., 3000 экз., выданне «Беларуса» № 1.
  • 1914. Зязюля А. (кс. Аляксандр Астрамовіч), З роднага загону. Вясна (вершы), Вільня, 16°, 32 с., 3000 экз., выданне «Беларуса» № 2.
  • 1914. Некалькі слоў аб пакуце, пераклад Х (кс. Ф. Будзькі), Вільня, 16°, 15 с., 2060 экз., выданне «Беларуса» № 3, апрабацыя магілёўскага арцыбіскупа В. Ключынскага.
  • 1914. Б.Л. (Баляслаў Пачопка), Мятавыя лісточкі (апавяданні), Вільня, 16°, 31 с., 2000 экз., выданне «Беларуса» № 4.
  • 1914. Банчкоўскі Д. кс., Кароткае выясьненьне абрадаў Р.– Каталіцкаго касьцёла, пераклад Х (кс. Ф. Будзькі), Вільня, 16°, 64 с., 5000 экз., выданне «Беларуса» № 5, апрабацыя вікарыя Магілёўскай капітулы пралата С. Дэнісевіча.
  • 1914. Просты П. (кс. Ільдэфонс Бобіч), На што беларусам газеты? Вільня, 16°, 15 с., выданне «Беларуса» № 6.
  • 1914. Ельскі А., Жыцьцё сьв. п. папежа Піуса Х, пераклад Б. Пачопкі, Вільня, 16°, 15 с., 1000 экз., выданне «Беларуса» № 7.
  • 1914. Шустар І. кс., Кароткая гісторыя сьвятая, пераклад Х (кс. Ф. Будзькі), Пецярбург, 16°, 79 с., 3000 экз. апрабацыя вікарыя Магілёўскай капітулы пралата С. Дэнісевіча.
  • 1914. Кантычка, або Сабраньне набожных песень для ўжытку каталікоў беларусаў, Вільня, 16°, 62 с., 2000 экз., выданне Беларускага выдавецкага таварыства ў Вільні.
  • 1915. (Бэта Г.), Бэтлейка. Сцэнічная штука ў пяці з'явах, Вільня, 16°, 23 с., выданне «Беларуса» № 8.
  • 1915. Пачопка Б., Чалавек на вышыні сваёй годнасьці, Вільня, 16°, 85 с., 1000 экз., выданне «Беларуса» № 9.
  • 1915. П-ка Б. (Пачопка Б.) Бог з намі. Беларускі мадлітэўнік, Вільня, 24°, 264 с., 3000 экз., апрабацыя магілёўскага арцыбіскупа Я. Цепляка.
  • 1916. Б.П. (Пачопка Б.), Сьвяты Ёзафат Кунцэвіч, Вільня, 16°, 16 с., выданне газеты «Гоман».
  • 1917. Шустар І. кс., Кароткая гісторыя сьвятая, пераклад Х (кс. Ф. Будзькі), Вільня, 8°, 66 с., перадрук з першага выдання 1914 г.
  • 1917. Гажэльняскі В., О, мой Божа, веру Табе. Касцельная беларуская песьня. Петраград, 16°, 4 с., ноты.
  • 1917. Гажэльняскі В., Касьцельныя песьні, Петраград, 16°, 30 с., ноты, выданне «Л. Хведзька і суполка», апрабацыя магілёўскага арцыбіскупа Я. Цепляка.
  • 1917. Зязюля А. (кс. Аляксандр Астрамовіч), Слова праўды аб мове і долі беларуса (вершам), Петраград, 16°, 15 с.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY