|
|
№
2(16)/2001
Дакументы
Мастацтва
Сведчаць архівы
У свеце Бібліі
Юбілеі
Проза
Нашы святыні
Паэзія
Пераклады
Кантрапункт
Постаці
Мастацтва
|
Алаіза Пашкевіч. Цётка… Яе талент i грамадзянскi подзвiг цесна злучаны з беларускім нацыянальным космалогасам, а пасіянарная творчасць уяўляе сабой адметную частку ўсёй літаратурнай спадчыны. Унікальнасць асобы Цёткі яшчэ і ў тым, што сваімі мэтанакіраванымі дзеяннямі ў справе міжнароднага асветніцтва (Вільня-Пецярбург-Кракаў), міратворнасці і гуманізацыі грамадства слынная беларуска засведчыла самадастатковасць, хараство і гістарычную правамоцнасць беларускай нацыянальнай ідэі. На працягу доўгага часу асоба і творчасць Цёткi разглядаліся даволi аднамерна, а менавiта як мастацкае ўвасабленне рэвалюцыйнага iдэалу. Аднак жа феномен Цётчынай спадчыны грунтуецца на мностве аспектаў, асэнсаваць якія можна толькi з улiкам агульнаеўрапейскай лiтаратурнай сiтуацыi, пры якой на пачатку ХХ стагоддзя ў шэрагу маладых лiтаратур пачала актывізавацца дзейнасць iнтэлiгентаў-адраджэнцаў, у творчасці якіх адметныя авангардысцкія формы перапляталіся з пабуджальна-заклiкавымi iмпульсамi. Антон Луцкевіч, разважаючы пра тагачасныя падзеі, пісаў: «У рэвалюцыйным катле кiпiць душа беларуса. Агульны размах i гон цягнуць за сабой уперад, а разам з гэтым творыцца новая народная псiхалогiя, кшталтуецца новы народны светапогляд i развiваюцца народныя iдэалы, якiя беларускi народ выказвае вуснамi сваiх лепшых сыноў – песняроў…». Жыццёвы і творчы шлях слыннай Пашкевічанкі па сутнасцi з'яўляецца часава-прасторавай бiяграфiяй усяго адраджэнцкага руху, таго апантанага пакалення, што падаравала Беларусi цэлую галерэю асобаў, сярод якіх святлом неўмiручасцi ззяюць iмёны такіх годных беларусаў, як Янка Купала і Змітрок Бядуля, Карусь Каганец і Ядвігін Ш., Вацлаў Іваноўскі і браты Луцкевічы, Францішак Умястоўскі і Зоська Верас, Алесь Бурбіс і Канстанцыя Буйла. У гэтым шэрагу пачынальнікаў Цётка найперш – вялікая нацыянальная паэтка-будзіцелька, паэтка-асветніца. І карані яе светапогляднага менталітэту варта шукаць найперш у краіне маленства. Як піша вядомы бiблiёграф Цёткi Ю.Бiбiла «Ез прычыны таго, што ў сям'i дзяцей было многа, а бацькi мусiлi шмат працаваць, Алаізу разам з яе малодшым братам аддалi гадаваць дзядам Пашкевiчам, якiя жылi ў фальварку Тарэсiн сярод густых лясоў у пяцi вярстах ад бацькоў». Лiзанька, да якой уся сям'я адносiлася з вялiкай пяшчотай, адразу ж вызначылася надзвычай здольнай да навукi i даволi хутка навучылася ў бабулi пiсаць па-польску, пачынаючы i завяршаючы кожны дзень словамi малiтвы, звернутай да Пана Езуса. Моц малiтвы дапаўнялася жывой сiлай вобразна-метафарычнай народнай песнi i казкi, на якiя такой багатаю была скарбонка бабулiнай памяцi. А яшчэ ў малечыя сны i мроi заляталi звонкiя галасы птушак, густы, часам пагрозлiвы шум лясных вяршалiн, перазвон сонечных струнаў, нацягнутых мiж небам i зямлёю. Гэтая мелодыя маленства хоць i па-рознаму, але пастаянна гучала ў Цётчынай творчасцi. З маленства ведала Алаiза цяжкую фiзiчную працу. З маленства ўведала таксама яшчэ адзін нялёгкі клопат: працу душы, якая заўсёды суправаджае разгортванне дараванага Богам таленту. Вось чаму парог касцёла пасля першай Святой Камуніі ў свае адзiнаццаць гадоў пераступiла ўжо дзяўчынка, якая ўнутрана адчувала ў сабе прысутнасць магутнага Святла. Гэты, дараваны небам, асаблiвы знак беларускасцi, быў заснаваны на скрыжаваннi трох сцежак (з Пешчына, Тарэсiна i Старога Двара), што заўсёды вярталі Цётку дахаты нават з самых дальніх вандровак. Новы круг жыцця пачаўся ў 1892 годзе, калі ва ўзросце васемнаццацi гадоў Алаiза паступіла ў чацвёрты клас сямікласнага вучылішча Веры Прозаравай. Па сведчаннi аднакурснiц, гiмназiстка Алаiза са Старога Двара авалодвала навукаю ўпарта i пакутлiва; iмкнучыся да самастойнасцi, часам давала ўрокi шкалярам, каб аплацiць жыллё i харчаванне. А начамi ў маладыя сны курсісткі ўлятала зорка з высокага Стара-Дворскага неба, i яна зноў вяла коней у начное, iмчалася на любiмым гнедым… Ажно да самай Лябёдкi, дзе сябравала з мiлымi, усмешлiвымi братамi Iваноўскiмi – Юркам, Тодарам, Вацакам. I цi не Вацак упершыню запалiў у яе самасвядомасцi свечку-iдэю Беларусi. Беларускi Знак Алаiзы ўжо кранулi яго палкія словы i шчырая вера ў будучыню, яго гатоўнасць самаахвяравацца ў беларускае змаганне. Дома маладую настаўнiцу чакалi бацькi i радня, лiпеньскi сад i маладжавы кравец, каб зняць меркi для новай сукенкi… Пакідаць Вільню Алаіза, аднак, не спяшалася: яшчэ прыгажэйшымi выдавалi касцёлы святой Тэрэзы, катэдральны сабор пад Замкаваю гарою, касцёл святых Пятра i Паўла на Антокалi, Вастрабрамская вулiца з абразом Мацi Божай… Гэта пад яе – Мацi Божай Вастрабрамскай – апекаю Алаiза правучылася ў Вiльнi некалькi гадоў. Яшчэ не ўсвядомiўшы дарэшты ў сабе магутную сiлу беларускага знаку, чула, як праходзячы каля помніка Мураўёва-вешальніка, рэагуе на прысутнасць варожай сілы не толькі моцным сардэчным біццём, але і тым уздымам пачуццяў, што нараджалі першыя бунтарскія радкі. Час шпігуноў мацнеў і шырыўся, і гэта ўскосна сведчыла, што блізіцца нечуваны дасюль народны бунт. І ў гэтым мораку трывогі і самаахвярнасці ценька звінела нягучная мелодыя маладога сэрца. Але яна перамагала ўсе iншыя гукi, была мацней за свiст нагаек i стогны, мацней за стрэлы i грукат ботаў па брукаванцы. Беларускi знак Цёткi ўжо нараджаў у душы прадчуванне новай эпохi i таго, што ў гэтай эпосе і абноўленай прасторы роднай Беларусі яна павiнна заняць сваё, велiчнае i годнае, месца. Лета 1902 года, калi маладая шляхетная дзяўчына з Лiдчыны ступіла з прыступак душнага вагона на перон Пецярбургскага вакзала, стала пераломным. I не толькi ў жыццi Алаiзы Пашкевiч. Вызначальным сталася яно i для тае справы, якую нашчадкі назвалi беларускiм Адраджэннем. На жаль, пасведчання аб сканчэннi сямiкласнага вучылiшча для паступлення ў Пецярбургскi унiверсiтэт было замала. Выбар лёг на iншае: вучобу давялося працягваць у даволi папулярным сярод прыезджых дзяўчат асяродку курсаў выхавацелек i кiраўнiц фiзiчнай адукацыi, наладжаных вядомым вучоным, прафесарам Пятром Францавiчам Лесгафтам. Праграма курсаў уключала такiя прадметы, як фiзiка, астраномiя, матэматыка, хімія, прыродазнаўства, усеагульная гiсторыя, гiсторыя лiтаратуры. Прываблiвала i бунтарная асоба кiраўнiка курсаў, а пазнанне «медыцынскага» зрэзу жыцця, цесна злучанага з сацыяльнымi i палiтычнымi праблемамi, паступова дапамагло ўявiць абрыс таго «шкiлету», якi называўся Расiйскай iмперыяй пачатку ХХ стагоддзя, уявiць усе бугры на гэтым «целе» самадзяржаўя, сточанага хваробамi паразiтызму i славаблуддзя, iлжывай палiтыкай нацыянальнага i палiтычнага ўцiску. Ці не таму беларускi знак Цёткі, якая ўжо ступіла на шлях барацьбы, рабiўся больш празарлiвым i адкрытым да сяброўскiх стасункаў. Пецярбургскi перыяд сыграў у лёсе i светапоглядзе Цёткi выключную ролю. Менавiта ў гэты перыяд нацыянальны дух Пашкевiчанкi мацнее, а ў асяродку «гэтай усё больш распальванай моладзi» (выраз Сцяпонаса Кайрыса) маладая паэтка адразу ж пачулася «як у сябе дома». Гэта яна, Алаіза Пашкевічанка, разам з Антосем і Іванам Луцкевічамі і Вацлавам Іваноўскім яшчэ ў 1902 годзе стаяла на чале стварэння пецярбургскага «Круга беларускай народнай асветы і культуры», а таксама – Беларускай рэвалюцыйнай (затым – сацыялістычнай) грамады; гэта яна ініцыявала стварэнне спачатку падпольнага, а потым і легальнага беларускага друку. Гэта яна была далучана да выхаду першых паэтычных і празаічных твораў і зборнікаў для беларускага чытача, першых падручнікаў для беларускіх школ. Высокародныя, мужныя i самаахвярныя рамантыкi ўзялiся стварыць групы з мэтаю працы над моваю, асаблiва граматыкай, а таксама краязнаўствам, гiсторыяй, лiтаратурай. Гэта была адчайная, прыгожая моладзь самых першых гадоў новага стагоддзя, якая ўзводзiла «будынак» дзяржаўнай беларускай iдэi, замешваючы «цэмент» трываласцi на непахiснай любовi да роднай зямлi i самаахвярнасцi. Самаахвярнасці ў імя будучыні. Паступова і вучоба на курсах П.Ф.Лесгафта, дзе вальнадумства спалучалася з высокiм узроўнем маральнай, эстэтычнай i прафесiйнай патрабавальнасцi, удзел у працы «Круга…» выхоўвалі ў Пашкевічанцы новыя, больш актыўныя паводзiны, фармавалі абвостраны грамадзянскі светапогляд. Менавiта ў гэты перыяд Цётка становiцца свядомай дзяячкай нацыянальна-вызваленчага руху, што супадае з рэвалюцыйнымi падзеямi, якія разгортваліся і мацнелі з кожным месяцам. Аднак засталi яны Алаiзу ўжо далёка ад Пецярбурга. Цётку клiкала Вiльня, дзе яе чакалі сябры, у асяродку якіх паэтка адразу ж уключылася ў актыўную працу, «укладаючы ў яе непачаты край энергii i шмат захаплення». На палiцы ў сцiплым пакоi яе братоў, пэўна, ляжалi ўжо «Калядная пiсанка» за 1903 год з вершам «Мужык не змянiўся» i «Велiкодная пiсанка» на 1904 год, дзе былi змешчаны два яе вершы: «Нямаш, але будзе» i «Музыкант беларускi». Аднак жа задумаемся над пытаннем: чаму пасярод грозных, а часам i крывавых вiхураў раптам зайграў «Музыкант беларускi»? Цi не таму, што ён, падобна Дудару Францішка Багушэвіча, сапраўды беларускi, сын роднае зямлi, за якую i аддавалiся ўсе сiлы, дзеля якое i чынiўся магутны вызвольны наступ?.. Рэчаiснасць набрыняла крывёю нявiнных ахвяраў. I не толькi пасля знакамiтага Курлоўскага растрэлу. Ад цэнтра крывавыя хвалi расплывалiся па ўскраiнах, выклiкаючы адпаведнае стаўленне абуджанага народа да чыноўнiкаў i «сыцылiстаў». Станавілася відавочным: у момант, калі захiсталiся асновы, здавалася б, вечнага i непарушнага самадзяржаўя, беларусам трэба было б скарыстаць зручныя абставіны для таго, каб нарэшце зрабіць свой рашучы крок наперад. I гэта мог бы быць крок гiстарычны, лёсавызначальны. Вось чаму цiхая, спакойная i зусiм нядаўна правiнцыйна затарможаная шляхцянка рэзка мяняецца, прымушае сябе скiнуць прыгожы вяночак вясковай летуценнасцi, адразу ж схоплены бурным цячэннем часу. І ў цэнтры ўвагі Цёткі і яе сяброў апынулася найперш справа легальнага друку, выдання першай беларускай газеты «Наша доля». Наколькi апантанай i самаахвярнай змагаркай праявiла сябе Цётка ў перыяд 1905 года, наколькi востра разгортвалiся падзеi ў той жа Нова-Вiлейцы, дзе яна пачала працаваць фельчаркай псіхіятрычнай лячэбніцы, даволi падрабязна i грунтоўна засведчана ў шматлікіх абвінаваўчых актах Віленскай Судовай Палаты, скіраваных супроць арганiзацыi ў Нова-Вiлейцы рэвалюцыйнага таварыства. Яны дапамагаюць узнавiць тагачасную абстаноўку i тую небяспеку, якая навiсла над Алаiзай Пашкевiч. Яна часта выступала тады і як прадстаўнiца Беларускай сацыялiстычнай грамады, і як аратарка-паэтка. Найбольш вядомыя творы Цёткі таго перыяду захавалiся найперш у так званых «лятучых лiстках», што стваралiся не за пiсьмовым сталом у пакоi, а, здаецца, запiсвалiся на бруку гарачых вiленскiх вулiц, напоўненых апантаным узрушаным людам. Але толькi нямногiя чулi ў гэтым хаосе, названым Элізай Ажэшкай «балем у чортавай кузнi», тoны стварэння. Што да Алаiзы Пашкевiчанкi, то ў посвісце навальнічнага ветру паэтцы чуўся найперш заклiк да барацьбы за беларускую дзяржаўную iдэю. Да рашучасці клікала і надзея перавесцi рэвалюцыйныя падзеi на рэйкi нацыянальна-вызвольнага змагання. Менавiта беларуская, дзяржаўнага кшталту iдэя незалежнасцi і стала самым трывалым грунтам Цётчынай грамадскай дзейнасцi i яе палымянай творчасцi. Такія яе вершы, як «Хрэст на свабоду», «Мора (рэвалюцыя народная)» сапраўды адпавядаюць тагачаснай рэчаіснасці. І найперш па сваёй праўдзіва-рэпартажнай форме. Адсюль – перанасычанасць даведкамi i падзейнай хронiкай усяго, што адбывалася, да прыкладу, у перыяд знакамітай «Крывавай нядзелi». «А цар сыпнуў, як бы з неба, / Тысяч куляў – так i трэба. / Дурняў хрысцiць на свабоду. / Цар навуку даў народу…» I далей: «Народ чуе голас з неба, / што больш цара не патрэба». Паглыбляючы галоўную iнтанацыю, Цётка часта звярталася да вобраза буры як сiмвала барацьбы, звязваючы з гэтым натхнёным вобразам усю сваю творчасць: «Такi бой вякамi жджэцца, / Такi бой гiгантаў дасць…» Абрыс бунтарнага часу як бы супаў з профілем паэткі-змагаркі. Менавiта пра гэты момант бiяграфii Пашкевiчанкi перыяду масавага ўздыму 1905–1906 гг. згадвае Юлiяна Вiтан-Дубейкаўская: «…перад намi была аратарка, якая з вялiкай сiлай i пераконваннем усiм сваiм сэрцам будзiла ў слухачоў запал i любоў да прыгнечанага работнага люду й беларускага сялянства, за вызваленне й лепшую долю якога трэба ахвяраваць усе свае сiлы й жыццё. Слухаючы Ал. Пашкевiч, я зразумела, што яна запраўды тое адчувае, да чаго ўсiх заклiкае, i таму, што гэта было ў яе ад душы, яна мела вялiкi ўплыў на ўсю аўдыторыю». Дарэчы, актыўным удзельнікам апісаных падзей стане ў хуткім часе герой Цётчынай «Чытанкі…» Вінцуль. Пасталеўшы, гэты беларускі вясковы юнак не толькі пойдзе паперадзе грамады, але стане нават ахвярай рэвалюцыі: «Пахіснуўся Вінцуль, / Штандар цісне ў руках. / Тут падскочыў патруль / і падняў на штыках. / Калі брызне з грудзей / Кроў гарача цурком, / Як крапідлам, людзей / Ахрысціла кругом» (верш «Пад штандарам»). Азначаная тэма ахвярнасці і самаахвяравання – адна з самых улюбёных і дзейсных у Цётчынай творчасці... Выбуховы момант рэвалюцыі 1905 года сапраўды патрабаваў «фатаграфаваць», фіксуючы словамі нават дэталі. Аднак важна іншае. Важна ўсвядоміць, што герой Цёткі, Вінцуль, па волі лёсу закінуты ў горад, не толькі ідзе паперадзе скіраванай да праўды і волі грамады, але і прымае за яе пакутніцкую смерць, пранізаны вострым штыком-дзідаю. І яшчэ. Якой унутранай творчай логікай ці генетычнай інтуіцыяй кіравалася Алаіза, падключыўшы да расшыфроўкі сваіх сюжэтаў найперш такі пабуджальны штуршок: «Гасудар, ці наеўся ты слёз? Ці напіўся крыві, ці накрыўдзіўся нас?» Царскія тыраны паднялі беларуса-Вінцуля на штыках. Значыць – узнеслі на «хрэст», на той крыж пакутаў, адкуль «кроў гарача цурком, як крапідлам, людзей ахрысціла кругом…» Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што паэтка ўключылася ў тагачасную рэвалюцыйную дзейнасць найперш таму, што спадзявалася на рэалiзацыю галоўнай iдэi ўсяго свайго жыцця. I гэтая iдэя – вызваленне Беларусі і пашырэнне беларускай культуры і асветы. Упершыню менавіта Цётка асэнсавала і велiзарнае значэнне палiтычна-асветнiцкай працы ў асяродку жанчын, зразумела вызначальную ролю жаночай грамадскасцi ў справе барацьбы за незалежнасць роднага краю. Гэта быў выключна прагрэсiўны крок. Спалучыўшы ў сабе палымяную рашучасць змагаркi за вызвольныя iдэi свайго народу з новым асэнсаваннем развiцця грамадства, Цётка вылучалася з тагачаснага, у тым лiку жаночага беларускага асяродку, і рашучым характарам барацьбiткi, i еўрапейскiм поглядам на шляхi развiцця нацыянальна-патрыятычнай iдэi. I гэтая стрыжнёвая iдэя выбару, свядомага асэнсавання народам шляху да свабоды была выказана ёю, да прыкладу, у вершы «Сiрацiнка», звернутым найперш да беларускай моладзі:
З тым, каб болей не ахвяраваць нікому сваёй бацькавіны, і выступае ў бой народная сіла, прамаўляючы добрыя весці вуснамі паэткі: «Над кожнай хатай, у кожным месцы / Шчабечуць птушкі нам а свабодзе…» і далей: «Ах, браце, крэпка сіла ў народзе! / Добрыя весці зусюль ідуць, / Бо то мільёны разам у згодзе / Да лепшай долі смела ідуць». Як вядома, сутнасць і пачатак агульнага народнага паўстання пачатку ХХ стагоддзя паэтка асэнсоўвае ў найбольш значным сваім вершы «Хрэст на свабоду». Стыхія вышыні (неба і нябесны трон) у вершы даволі далёкая ад рэлігійных поглядаў аўтаркі і сімвалізуе абагоўленага манарха Расійскай імперыі. Разгортваючы ў творы сімвалічны бой паміж «морам» і «нябесным тронам», аўтарка ў выніку кіруецца да новае эстэтыкі ўзвышанага: «Такі бой вякамі жджэцца… / Такі бой гігантаў дасць…» Цётка сапраўды была ў сваёй апантанасці з «жалеза» і «са сталі…» Нават аб папараці-кветцы паэтка ўмела пісаць як «аб кветцы «перуновай», што красуе крывава-вогністым колерам… Крыху пазней, зазіраючы ў сваю трывожную маладосць, яна ўкладвае ў памяць і вусны лірычнага героя балючыя згадкі-ўспышкі нядаўняй фантасмагорыі. Згадкі, звязаныя і з жахлівай руска-японскай вайной, і з рэвалюцыйнай рэальнасцю: «Хаджу па хаце, як атруты, / У жылах чую зімны лёд. / З кутоў глядзяць мярцоў шкілеты, / Па косткі плюшчыць цёпла кроў». («Перад Новым Годам», Снежань. 1905). Праз радкі праступае ўжо Цётчына прарочая відушчасць:
Такія пераднавагоднія прывіды прыбачыліся паэтцы ў цяжкія хвіліны роздуму над лёсам бацькавіны. І ўсё ж: «Як я раздумаў – будуць плёны, / Будзе добры ўраджай. / Біце ў звоны, біце ў звоны! / Новы год, народ, страчай!» Праца Цётчынага музыканта, аднак, была разлічана не столькі на скупое вуха «сытага», колькі на выкананне той «звыш-задачы», што была прынята да дзейнасці ўсёй кагортай пачынальнікаў беларускай літаратурнай класікі: «Музыкант галосіць, / Скрыпка не махлюе, / Хутка «хамску» песню / ўсенек свет пачуе». Гэтая творчая звышзадача сталася своеасаблівым Цётчыным наказам для многіх будучых пакаленняў. А космалогас яе творчасці ўрэшце сімвалізуе выхад да агульнанацыянальнай ідэі, да той лучнасці нацыі, што асабліва вобразна і дакладна сведчыцца Цётчыным творам да ўсіх нас!
Зварот паэткі адрасаваны менавіта суседзям, родным людзям, аднавяскоўцам, магчыма, з яе Старога Двара: «Ад вякоў мы, братцы, спалі, / А тут разам заспявалі». Разам заспяваць для паэткі азначае менавіта аб'яднацца ў агульным памкненні, зліцца «ў адзін тон» дзеля самага важнага для ўсіх беларусаў патрабавання, скіраванага ў абарону сваіх чалавечых правоў, свае нацыянальнае годнасці. Такі наказ паэткі Будзіцелькі. Такі яе Беларускі Знак.
|
|
|