Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(16)/2001
Дакументы
Мастацтва

ЦУДАДЗЕЙНЫ І СТАРАЖЫТНЫ

РОСПІСЫ БЕЛАРУСКІХ КАСЦЁЛАЎ

РОСПІСЫ БУДСЛАЎСКАГА КАСЦЁЛА
Сведчаць архівы
У свеце Бібліі

ТАЯМНІЦА СТВАРЭННЯ
Юбілеі

БЕЛАРУСКІ ЗНАК ЦЁТКІ

НАД НЁМАНАМ
Проза

АПАВЯДАННІ

АПОШНІ ПЕРШЫ СНЕГ
Нашы святыні

НАША «ЕЗУІЦКАЕ» БАРОКА
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Пераклады

ВЕРШЫ
Кантрапункт
Постаці

ВЯРТАННЕ
Мастацтва

Чэслаў Мілаш нарадзіўся 30 чэрвеня 1911 года на Віленшчыне. Скончыў юрыдычны факультэт універсітэта імя Стэфана Баторыя. У 1937 годзе пераехаў з Вільні ў Варшаву, дзе прабыў усю нямецкую акупацыю.

Пасля вайны быў аташэ па культуры ў польскай амбасадзе ў Парыжы. У 1951 годзе адмовіўся вярнуцца ў Польшчу і праз некалькі гадоў выехаў у Злучаныя Штаты. У 1980 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Супрацоўнік выдавецтва "Maisons Laffitte" ў Парыжы. Доктар honoris causa Мічыганскага універсітэта. Прафесар Каліфарнійскага універсітэта. Цяпер жыве то ў Бернлі, то ў Парыжы, то ў Кракаве. Часта бывае на Беласточчыне, супрацоўнічае з месячнікам "Czasopis".

ОДА НА ВАСЬМІДЗЕСЯЦІГОДДЗЕ
ЯНА ПАЎЛА ІІ
Прыходзім да Цябе, людзі слабой веры,
Каб умацаваў нас прыкладам свайго жыцця
І вызваліў ад трывогі
Пра наступныя дзень і год. Тваё дваццатае стагоддзе
Славутае прозвішчамі магутных тыранаў
І ператварэннем у нішто іх драпежных дзяржаваў.
А што гэтак будзе, Ты ведаў. І навучаў надзеі:
Бо толькі Хрыстус ёсць Панам гісторыі.

Іншаземцы не адгадалі, адкуль прыхаваная сіла
У клерыка з Вадавіцаў. Малітва, прароцтва
Паэтаў, не прызнаных прагрэсам і грашыскамі,
Хоць былі роўнымі каралям, чакалі Цябе,
Каб замест іх абвясціў urbi et orbi,
Што не хаос надыходзіць, але шырэе гармонія.

Пастыр пасланы наш, калі адыходзяць багі!
І ў імгле над местам блішчыць Залатое Цяля.
Бягуць безабаронныя тлумы, складаюць ахвяры
Уласнымі дзецьмі крывавым экранам Малоха.
І жах у паветры, немы лямант:
Бо замала хацець верыць, каб здолець паверыць.

І раптам нібы звана чысты гук на ютрань,
Твой знак супраціву цуду падобны,
Калі б хто спытаў: як такое магло быць,
Што славяць Цябе маладыя з няверуючых краінаў
Тлумна і цесна на пляцах, галава ля галавы,
І чакаюць ад Цябе Навіны, якой дзве тысячы гадоў,
І прыпадаюць да ног Намесніка,
Які агарнуў міласцю племя людское.

Ты з намі, і адгэтуль заўжды будзеш з намі.
Калі адгукнуцца сілы хаосу,
А трымальнікі праўды пазачыняюцца ў касцёлах,
І адны ў сумневе вернікі застануцца,
Твой партрэт у нашым доме кожны дзень нагадае,
Што можа адзін чалавек і як уплывае святасць.

У ПАРАФІІ
Калі б не быў такі крохкі, у сярэдзіне пераламаны,
Не думаў бы пра другіх – як я, пераламаных у сярэдзіне.
Не выбіраўся б на пагорак, на цвінтар каля касцёла,
Каб пастарацца пазбыцца літасці над сабой.
Шалёныя Зоські,
Прайграўшы ўсе бітвы Казюкі,
Зацкаваўшыя самі сябе Агаты
Ляжаць пад крыжамі з годам нараджэння і смерці. І хто ж
За іх цяпер скажа? Іх прычытанні, плачы, надзеі, слёзы, пакаянні?
Тыя самыя яны ў макраце, у паху мачы,
У шпітальным сораме перакручаных целаў.
І цяпер вечнасць. Не да ўжытку. Непрыстойная.
Як дом лялек, па якім воз праехаў коламі, як слон, які топча хрушча,
Як акіян, які затапіў востраў.
Ісцінна, дзіцячая глупота ўсіх нас
Не адпавядае насамрэч астатняй праўдзе.
Не мелі часу, каб хоць што зразумець
З побыту адзінак, калі кожны сам па сабе,
З principium individuationis,
І я не разумею, але не маю на тое рады.
Замкнёны ўсё жыццё ў скарлупе арэха,
Дарэмна хацеў зрабіцца нейкім зусім іншым.

А цяпер ідзем у зямлю, парафіяне.
З надзеяй, што трубы Суду выклічуць кожнага па імені.
Замест вечнасці зелень і рух аблокаў,
Паўстаюць тысяча за тысячай Зосяў, Кацярынаў, Бартламеяў,
Марысяў, Агатаў, Браніславаў,
Каб нарэшце даведаліся,
Дзеля чаго тое было і навошта.

МАЛІТВА
Дажываю пад дзевяноста, але яшчэ з надзеяй,
Што скажу, выкажуся, выцісну з сябе.

Калі не перад людзьмі, то перад Табой,
Хто карміў мяне мёдам і палыном.

Саромлюся, бо мушу верыць, што вёў Ты і бараніў мяне,
Як быццам меў я перад Табой выключныя заслугі.

Падобны быў я да лагернікаў, якія дзве галінкі сасновыя
звязвалі крыжам – і маліліся да яго ноччу ў бараку на нарах.

А я прыходзіў з просьбай эгаіста, а Ты рачыў яе выканаць
Дзеля таго, каб сам я ўбачыў глупоту тае просьбы.

Але калі з літасці для іншых маліў я пра цуд,
То маўчалі, як заўжды, што зямля, што Неба.

Маральна падазроны з прычыны веры ў Цябе,
Дзівіўся я няверюучым, іх прастадушнай упартасці.

Які з мяне танцор перад Веліччу,
Калі маю рэлігію за добрую для слабых – як я?

Самы ненармальны ў класе ксяндза Хомскага,
Ужо тады віраваў у сток прызначанага лёсу.

Цяпер паволі замыкаеш на ключ пяць маіх пачуццяў,
А я стары чалавек, які ляжыць у цемры.

Аддадзены таму, што мяне так прыгнятала,
І я апярэджваў самога сябе, уцякаў у складанне вершаў.

Вызвалі мяне ад віны, сапраўднай і мройнай.
Дай мне ўпэўненасць, што працаваў я на Тваю хвалу.

А ў час мае агоніі хай будзе са мной цярпенне Тваё,
Якое не можа свет ацаліць ад болю.

DAEMONES
Набліжаецца споведзі час.
Адкрываецца праўда ў нас.
І з жыцця свайго ў хлусні
Маеш ты паказаць усе дні.
Вось прыйшла хвіліна такая,
Ад якой любы ўцякае,
Сорам паліць, плача сумленне,
Калі зноў стаіш ты на сцэне
Над скупіскам людзей абыякавых,
Без трагедыі ў скрусе разляпаных.
Я шаную тваю адвагу
І яе апускаю на вагу,
Бо ты выбраў цярпець, каб бачылі,
Не хаваўся ў іронію з плачам.
А дарэчы, і ў позняй старасці
Наша доля прасцее, хістаецца,
Прападаюць убранні багатыя,
І пакуту адбыць хацелася б,
І труны баішся, і кратаў,
І трасецца грэшнае цела.

Наш уклад да канца дажывае.
І не спыніш захаду сонца.
Абяцаў – то зрабіць тое маеш.
Не за так жывеш, не бясконца.
А ўсе творы твае выбраныя
Слава – як той хваляй! – злізала,
ўзнагароды, заслугі, пашаны
Ты прыгадваеш – іх замала:
І звініць ланцуг залаты,
Бо сябе любіць маеш ты.

– Шкада! О, панове д'яблы,
Няхай на мяне б вы зляцелі,
Здабычы вам будзе мала,
Не накорміце душы спацелыя.
Тая форма мне ногі стрыножыць.
А гульня даўно пачалася.
І з адвагай усёй, як з ношай
На плячах, не магу ўцякаць я.
Не адкінуць ні рыфмы, ні рытму.
А ні ў сутнасць адну зарыцца.

Бег я ўздоўж тых змрочных катэдраў.
Невядомыя сілы мяне сцераглі
У тым попеле, дыме, адчаі, няверы,
І караць не хацелі мяне, хоць маглі,
Бо я жыў у памяці – і чарніла
Даліваў у вершы, каб праўда была,
Але кім я быў, то скажа магіла,
Але не пісанкі з майго стала.
Альбо ў воблака, зменнае і зніклівае,
Калі будзе хто вілы ўбіваць свае,
То за ўсё стагоддзе трэба рупліва
Спавядаць калеку – бо ён жыве?

– Кепска быць! Прызнаеш з пакорай,
Але не тым, за каго нас маюць.
Бо штодзённа ўкрываюць роспач з дакорам,
Бо штодзённа мошак з вачэй не змываюць,
А з надзеяй ходзяць, што з нас не смяюцца,
А трывога найбольшая, што гляну ў сярэдзіну
І замяню Справядлівасць на шалёнае ego,
Бо ў адным нязменная белая крэйда:
Каб сабе прыпісаць вагу і значэнне.

– Хіба не меў я ніякай падсвядомасці.
Не ведаю, як грашыў болей, душой альбо целам?
Не веру глыбіням псіхааналітыкі.
Проста д'яблы мучаць мяне,
Нічога не маю з таго прагрэса.
Баранюся замовай, як малітвай.
А замест споведзі ноччу спісваю строфы.
Толькі таму я разумны, бо засцянковы.
Бо ў крэсовым засценку вырас.

ПА ЎСІМ
Зляцелі з мяне погляды, перакананні, вераванні,
думкі, ацэны, пастулаты, прынцыпы,
правілы, звычкі.

Ачухаўся голы на ўскрайку цывілізацыі,
падалася яна мне камічнай, незразумелай.

Скляпенні залаў постезуіцкай акадэміі,
дзе калісьці даходзіў да навукі,
не былі б з мяне задаволеныя.

Хоць і захаваў я ў памяці
некалькі сентэнцый на лацінскай мове.

Далей цякла рака скрозь сасновыя бары і дубровы.

Стаяў я ў траве да грудзей і ўдыхаў дзікі пах
жоўтых кветак.

І аблокі. Як заўжды над гэтай зямлёй.
Аблокі. Адны аблокі. Толькі аблокі.

ПРАМЕННІ ЯСНАСЦІ
Тут ясныя нябёсы
У праменнях, ззяюць росы,
Дапамагайце ўсім, хто ў Краю
Сваёй зямлі шукае.

А сэнс жыцця і скону
Схаваны за заслонай.
Бяжым, пакуль жывыя,
Шчаслівыя і злыя.

Бо ведаем – бег скончыцца
І будзе ўсё, што хочацца.
З душою цела – у адным.
Вось і канец на тым.

Над Віліяй, 1999

Пераклаў з польскай мовы Алесь ЧОБАТ
Паводле: Czesław Miłosz "TO", wydawnictwo Znak, Kraków, 2000


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY