|
|
№
2(16)/2001
Дакументы
Мастацтва
Сведчаць архівы
У свеце Бібліі
Юбілеі
Проза
Нашы святыні
Паэзія
Пераклады
Кантрапункт
Постаці
Мастацтва
|
У літаратурнай спадчыне Янкі Лучыны (Івана Неслухоўскага), нечым падобнага па сваёй жыццёвай драме да біблейскага Іова (параліч на трыццатым годзе жыцця і цяжкая інваліднасць), выявіліся нацыянальна самабытныя матывы, характэрныя для нашай літаратурнай класікі. Яны дазваляюць аналізаваць яго творчасць не толькі як этап станаўлення нацыянальнай літаратуры, але ў кантэксце універсальных архетыпаў агульнаеўрапейскай хрысціянскай цывілізацыі. Думаецца, што Янка Лучына выспяваў як беларускі паэт на творчасці У. Сыракомлі, яго сябра і паслядоўніка В. Дуніна-Марцінкевіча, наогул на традыцыі беларускай літаратуры, якая склалася да Ф. Багушэвіча. У ёй ёсць усведамленне самабытнасці беларускага народа, яго мовы і культуры. Але яшчэ не хапае беларускай перспектывы – нацыянальнай ідэі як светапогляднай дамінанты, лаканічна-вобразнай і дакладна абвешчанай Багушэвічам у прадмове да сваёй праграмнай кнігі «Дудка беларуская». Зусім верагодна, што на светапогляд Янкі Лучыны паўплывалі ідэалы паўстанцаў 1863–1864 гадоў і асветная праграма беларускіх народнікаў. Гэтае меркаванне пацвярджаецца перакладзеным з польскай на беларускую мову нарысам «З крывавых дзён: эпізод з паўстання 1863 года на Міншчыне», упершыню апублікаванага асобнай брашурай у Кракаве (1889) і падпісаным крыптанімам «S». Даследчыкі (А. Мальдзіс, У. Мархель) лічаць, што гэты твор пра гераізм і ахвярнасць паўстанцаў, іх змаганне супраць «ненавіснага, прыніжальнага ярма» Расійскай імперыі напісаў Я. Лучына. У ХIХ ст. беларуская народная культура і нацыянальная літаратура выявілі біблейска-хрысціянскія матывы Лазара Беднага і яго багатага брата, Раю і Пекла – універсальныя архетыпы еўрапейскай мастацкай культуры. Паводле Евангелля ад Лукі, прыпавесць пра багацце і беднасць распавёў Езус Хрыстус сваім вучням. Вось яе пачатак: «Нейкі чалавек быў багаты, апранаўся ў парфіру і вісон (дарагія шаўковыя тканіны – У.Б.) і кожны дзень банкетаваў раскошна. Быў таксама нейкі жабрак на імя Лазар, які ляжаў каля варотаў і еў тое, што падала са стала багацця...». Пасля заканчэння зямнога быцця Лазар быў узяты ў Рай, а багаты грэшнік трапіў у Пекла. У пякельных пакутах багаты грэшнік просіць праайца Абрагама паслаць да яго Лазара: «каб умачыў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў язык мой, бо я пакутую ў полымі гэтым». На гэта медыятар (пасрэднік) паміж Небам і Зямлёю патрыярх Абрагам адказаў: «Дзіця! Згадай, што ты атрымаў ужо добраснае тваё ў жыцці тваім, а Лазар ліхое; і цяпер ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш. І звыш таго, паміж намі і вамі пакладзена вялізная прорва, так што тыя, хто хочуць перайсці адсюль да вас, не могуць, гэтаксама і адтуль да нас не прыходзяць» (Лк 16, 19–26). Унікальны ў агульнаеўрапейскай культуры беларускі феномен: арфічныя матывы Чароўнага Музыкі, архетыпы Раю і Пекла, Лазара Беднага і яго брата не толькі арыгінальна выявіліся ў нашым фальклоры і народнай культуры; яны часта аб'ядноўваюцца паміж сабою ў матывы Чароўнага Музыкі і Лазара Беднага, спалучаюцца ў вобразе вандроўнага жабрака – дудара, гусляра, выканаўцаў калісьці папулярных у народзе лазаравых песняў. Часткова непасрэдна праз Новы Запавет, а найбольш апасродкавана праз народную культуру гэтыя архетыпы перайшлі ў літаратуру ХІХ – пачатку ХХ ст. У літаратурным кантэксце прыпавесць пра Лазара Беднага набыла значэнне універсальных сімвалаў багацця і беднасці, праўды і крыўды, трансфармавалася ў сацыяльна-этычную і палітычную праблему. У сваю чаргу арфічныя матывы чароўнай музыкі і песні ў рамантычнай беларускай літаратуры ўвасобілі ідэю выратавальнай місіі мастацтва ў грамадстве, дзе пануюць сацыяльны прыгнёт і нацыянальная няроўнасць. Архетып чарадзейнага песняра трансфармаваўся ў вобраз песняра-паэта, прарока Новай гісторыі. Гэтае спалучэнне матываў Лазара Беднага і Чароўнага Музыкі ёсць у пачынальнікаў новай беларускай літаратуры і зафіксавана ў загалоўках твораў і кніг: «Зайграй, зайграй, хлопча малы...» П.Багрыма, «Лірнік вясковы» («Ліра мая ты спеўная! З чароўнага дрэва...») У. Сыракомлі, «Дудар беларускі» («Dudarz Biełaruski»; 1857) В. Дуніна-Марцінкевіча, «Дудка беларуская» і «Смык беларускі» Ф. Багушэвіча. У пачатку ХХ ст. былі «Скрыпачка беларуская» Цёткі, «Жалейка» і «Гусляр» Янкі Купалы, «Песні-жальбы» і «Сымон-музыка» Якуба Коласа. Пазней былі «Песні працы і змагання» Цішкі Гартнага, «Мая ліра» Казіміра Сваяка. Матывы Чароўнага Музыкі і Лазара Беднага ў беларускай класічнай літаратуры даследаваліся намі ў ранейшых публікацыях1. Янка Лучына, мусіць, ведаў гэтую фальклорную і літаратурную традыцыю. Зусім верагодна, што яна абудзіла яго да беларускай паэзіі. Яго папярэднікамі і настаўнікамі былі тут У. Сыракомля і В.Дунін-Марцінкевіч. Пра вучобу ў Сыракомлі сведчаць пераклады на беларускую мову вершаў літаратурнага настаўніка і прысвечаны памяці Сыракомлі верш «Лірнік вясковы» – паэтычны дыялог з аднайменнай Сыракомлевай ідыліяй, дзе кожная частка пачынаецца з рэфрэна: «Ліра мая ты спеўная! З чароўнага дрэва...». Успомнім цыкл беларускіх чарадзейных казак пад агульнаю назвай «Чароўная дудка», успомнім і славутую оперу В.А. Моцарта «Чароўная флейта» (1791) і пераканаемся ва універсальнасці арфічнага архетыпу Чароўнага Музыкі. Дарэчы, у заключнай частцы лірычны герой паэмы У.Сыракомлі абяцае «памерці, пеючы на ліры», стаць легендай у народзе. Поўная аналогія з лёсам антычнага Арфея! Як і ў паэме У.Сыракомлі, у гэтым творы Я. Лучыны адбылася сустрэча архетыпаў Чароўнага Музыкі і евангельскага Лазара Беднага:
У другой частцы твора ліра паэта параўноўваецца з міфалагічным правобразам славянскага песняра і музыкі:
У мінорных інтанацыях вобраз Радзімы як Лазара Беднага паэт намаляваў у вершы «Роднай старонцы» (1891).
Партрэт бяздольнага селяніна дамаляваны ў вершы «Што думае Янка, везучы дровы ў горад». На кантрастным фоне калядных гульняў і банкетаў «багатых братоў» у горадзе ён з калымагаю і надарванаю кабылкай сапраўды нагадвае Лазара Беднага. Але мужык-беларус у позняй лірыцы Янкі Лучыны усвядоміў сябе гаспадаром краіны і не хоча пакінуць яе, бедную, неўраджайную. Міжволі згадваецца верш «Мая хата» Ф. Багушэвіча, дзе лірычны герой таксама ўсведамляе сваю беднасць, але мае гонар сказаць: «Ды мне даражэйшы вугал гэты гнілы, / Камень пры дарозе, пясок ля магілы, / Як чужое поле, Як дом мураваны, / Не аддам за сурдут каптан свой падраны». У вершы Я. Лучыны «Роднай старонцы» гучыць той жа матыў нацыянальнай годнасці: «І непраглядную хату з пажыткамі, / І поле скупое, выган без пашы / Мы, апрануўшыся старымі світкамі, / Любім і цэнім – бо яны нашы». Лірычны герой паэта спакваля перамагае комплекс Лазара Беднага, спадзяецца на прагрэс, навуку. У вершы «Роднай старонцы» паэт ужо спрачаецца з сваім рускамоўным вершам «Не ради славы иль расчета» (1886), апублікаваным у дэмакратычнай газеце «Минский листок». У гэтым рускамоўным вершы падавалася праграма інтэлігента-народніка, які абяцае: «Служить стране, глухой забитой, / Где мрак невежества царит, / В лачуге, где, соломой крытой, / Мужик печально дни влачит...» Там вобраз евангельскага Лазара пераносіцца на ўсю сялянскую Беларусь, занадта згушчаны цёмныя фарбы. У «Роднай старонцы» лірычны герой упэўнены, што яго народ будзе жыць «добраю доляй – доляй шчасліваю!» Ён ужо паверыў у рэальнасць райскай гармоніі на гэтым, блізкім свеце, а не толькі ў свеце далёкім, нябесным, куды паводле евангельскай прыпавесці, узняўся яго архетып Лазар Бедны. У селяніне прабудзілася ўсведамленне сваёй унікальнасці і непаўторнасці. Арфічную тэму лірніка вясковага паэт абазначыў, пераклаўшы верш-споведзь У. Сыракомлі. «Не я пяю – народ Божы...», якім пачынаецца пасмяротнае выданне вершаў творцы ў зборнічку «Вязанка» (1908). Сапраўды, арганічная злітаванасць песняра з краінай і народам – прыкмета паслядоўнікаў антычнага Арфея:
Гэты матыў паўтараецца ў арыгінальным вершы Янкі Лучыны «Пагудка», што, мусіць, рыхтаваўся як уводны да няздзейсненнага прыжыццёвага выдання беларускіх вершаў. Пра сваю паэзію творца сказаў сціпла: «Назбіралась вязаначка на дар маёй браці / Сярод нашых палей, лясоў, сярэдзь сенажаці. / Не для зыску збіралася і не дзеля хвалы, / Так – папросту, як збіраеш зелле ў дзень Купалы...» Элегічныя медытацыі «З гісторыі жыцця і песні» на польскай мове – гэта споведзь паэта, народжаная творчасцю Дантэ. Як у далёкага італьянскага папярэдніка, у нашага паэта рамантычныя ідэалы і рыцарскае каханне разбіліся хвалямі будзённай прозы. І ўсё ж толькі ідэалы ратуюць ад пякельнага жаху. «Багіня зноў, мая Беатрычэ, / Прыйшла і кажа змагацца, жыць». Ад зямных пакутаў лірычны герой паднімаецца да райскай зоркі – цэнтральнага сімвалу трэцяй часткі Дантавай «Боскай камедыі», прысвечанай Раю. Следам і наш паэт уводзіць матыў Беатрычэ і Раю: «Глянь! – кажа пані, – / У душу не горка, / У прорве, у твані / Бліскоча зорка, / Яна лагодна / Табе заззяла, / Была паходняй / І ідэалам». Рамантычны верш Янкі Лучыны «Голас натоўпу» – пра несумяшчальнасць спеву лірніка (сімвал паэзіі, роднай песні, мастацкай творчасці) з прозай гэтага свету, які шануе толькі «прыбыткі». Тут паэт спалучае біблейскія і антычныя матывы:
Голасам, які гукае ў пустыні, назваў сябе Хрыстовы прарок і Папярэднік Ян Хрысціцель (Ян 1, 23). Парнаская святыня – горны масіў у Грэцыі, каля падножжа яе быў храм Апалона – бацькі Арфея. А на Парнасе жылі музы-апякункі мастацтваў. Янка Лучына карыстаўся беларускай народнай міфалогіяй пераважна ў эстэтычных мэтах, дзеля метафарычнасці стылю і адэкватнага выяўлення народнага жыцця ў фальклоры, абрадах. Ягоныя песні-жальбы, пафас суперажывання роднай старонцы і беларускаму селяніну (евангельскі архетып Лазара Беднага) ідуць поруч з надзеяй на выратавальную місію чароўнай музыкі, гэтага сімвала сугестыўнасці мастацтва (арфічныя матывы) сведчаць пра першы, базісны, сацыяльна-псіхалагічны этап беларускай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі пісьменніка. Ян Неслухоўскі быў інжынерам, чалавекам дакладных ведаў, служыў ва ўправах цуду ХІХ стагоддзя – паравоза і чыгункі. Паводле поглядаў – народнік і дэмакрат. Сваю паэзію ацэньваў занадта сціпла, у лісце да М.Ф. Доўнар-Запольскага называў свае вершы «белорусскими стихоплётными начинаниями». Аддаваў перавагу сваім перакладам твораў У. Сыракомлі. Празмерная памяркоўнасць, але найперш ранняя смерць і адсутнасць беларускага друку перашкодзілі яму цалкам выявіцца ў паэзіі. Ён добра ведаў народную культуру, быў карэспандэнтам вядомага фалькларыста П. Шэйна, дасылаў яму запісы народнага лялечнага тэатра (батлейкі). У сваёй творчасці развіваў найперш традыцыі У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча, паасобныя матывы паэзіі М. Някрасава. Біблейскія матывы ў яго творчасці – сімволіка і мастацкая экспрэсія, але таксама – прывязка да універсальных архетыпаў культуры. Пазней лірнік вясковы У. Сыракомлі і Янкі Лучыны трансфармуецца ў дудара, гусляра, прарока Янкі Купалы, у Сымона-музыку Якуба Коласа, а пакутнік Лазар Бедны ў Купалавай драме «Раскіданае гняздо» пачне склікаць свой народ на Вялікі Сход...
|
|
|