|
|
№
2(16)/2001
Дакументы
Мастацтва
Сведчаць архівы
У свеце Бібліі
Юбілеі
Проза
Нашы святыні
Паэзія
Пераклады
Кантрапункт
Постаці
Мастацтва
|
«Бібліяй для непісьменных» назваў роспісы храмаў адзін з рымскіх папаў. Праз фрэскі, мазаікі і абразы, якія з'явіліся ўжо ў «катакомбныя часы» хрысціянства, вернікі эмацыйна, пачуццёва ўспрымалі Святое Пісанне. Абразы разглядаліся не як ілюстрацыі, але як увасабленне тых, хто быў на іх паказаны. Дарэчы, у VІІІ–ІХ стст. Рым пазбегнуў іканаборства, перажытага Канстанцінопалем. Візантыйскія майстры распаўсюдзілі мастацтва фрэскі і мазаікі на многія суседнія краіны. Манументальны жывапіс дасягнуў высокага ўзроўню ў Заходняй Еўропе. На жаль, няма звестак пра роспісы першых касцёлаў у ВКЛ, заснаваных каралём Ягайлам і вялікім князем Вітаўтам, не захаваліся і будынкі (пераважна драўляныя), аднак дастаткова згадаць так званыя візантыйска-рускія фрэскі ў гатыцкіх касцёлах Любліна, Сандаміра, Вісліцы, Кракава, каб паверыць, што і сцены віленскай катэдры ці касцёла св. Яна не маглі застацца пустымі. Польскія даследчыкі тлумачылі візантыйскі стыль тагачасных фрэсак тым, што Ягайла хацеў бачыць і ў Польшчы такое ж мастацтва, на якім быў выхаваны ў сябе на радзіме. Таму, напэўна, раннія роспісы касцёлаў у Вільні, Наваградку, Гародні, Бярэсці мелі тыя ж візантыйскія іконаграфічныя і стылістычныя рысы, што і ў тутэйшых праваслаўных цэрквах. Новы перыяд манументальнага мастацтва, пазначаны засваеннем еўрапейскай готыкі і рэнесансу, пачаўся, верагодна, у часы Жыгімонта і Старога (1506–1548). Нядаўна віленскія рэстаўратары выявілі пад пазнейшымі слаямі тынку на скляпеннях катэдры роспісы ХVІ ст. у гатыцкім стылі. Магчыма, гэта рэшткі вялікай працы па аднаўленні катэдры біскупам Паўлам Гальшанскім (філяры, сцены і скляпенні былі аздоблены маляваннем, разьбой і гіпсатурай). Падобныя знаходкі трапляліся ў старэйшых віленскіх касцёлах бернардынцаў і св. Яна. Архіўныя дакументы сведчаць пра тое, што быў размаляваны і вядомы помнік готыкі на Наваградчыне – касцёл Св. Тройцы ў Ішкалдзі, пабудаваны Мікалаем Неміровічам у 1471–1472 гадах. Ад сярэдзіны ХVІ ст. да 1630-х гг. ён быў у руках пратэстантаў, якія прынцыпова не аздаблялі свае святыні ні жывапісам, ні скульптурай. Такім чынам, касцёл быў размаляваны хутчэй за ўсё ў 1-й палове ХVІ ст. Святыня была моцна пашкоджана ў час вайны 1654–1667 гг. Так, самы ранні з захаваных інвентар 1675 г. сведчыць: «у сярэдзіне самога касцёла сцены аздоблены старым маляваннем, але з-за агню ад непрыяцеля закураны». Тады ж былі спробы паднавіць роспісы, пра якія яшчэ раз згадваецца ў інвентары 1782 г.: «сцены, скляпенні, слупы былі калісьці аздоблены маляваннем розных асобаў, фігураў, кветак і г.д. Аднак у большасці сцерліся, запыліліся, ад зацёку вады пазелянелі». Вельмі важнае сведчанне пра тое, што апрача дэкаратыўных «кветак», у роспісах былі «асобы і фігуры», гэта значыць – зместавыя сюжэты. У 1837 г. пра роспісы ўжо паведамляецца як пра сцёртыя, але і ў 1856 г. візітатар запісаў: «па ўсім скляпенні заўважныя колеравыя плямы, якія даказваюць, што ён быў размаляваны» 1. Не выключана, аднак, што дзесьці пад слаямі пазнейшага тынку ў Ішкалдзі яшчэ знаходзяцца фрагменты старадаўніх фрэсак, надзвычай важных для гісторыі сакральнага мастацтва на Беларусі. Перыяд Рэфармацыі, калі большасць магнатаў ВКЛ перайшла ў кальвінізм, стаў відавочным прабелам у сакральным мастацтве. Падобна да таго, што нашы пратэстанты не зведалі такога іканаборчага запалу, які быў у Нідэрландах ці Германіі, але і не мелі патрэбы ў абразах ці роспісах. Трэба адзначыць, што і ранні этап Контррэфармацыі, вельмі плённы для манументальнай разьбы і скульптуры ў Вялікім Княстве Літоўскім, не пакінуў значных помнікаў манументальнага жывапісу. Толькі ў апошняй чвэрці ХVІІ ст. з'яўляюцца роспісы ў капліцы св. Казіміра і касцёле камедулаў у Пажайсці. Аднак і ў гэты час і на працягу першай паловы наступнага стагоддзя скульптура трымала першынство: згадаем віленскія касцёлы Пятра і Паўла і трынітарскі са штукавай ляпнінай, разьбяныя алтары ў Гродне і Пінску. Нечаканы раптоўны ўздым манументальнага жывапісу ў касцёлах назіраецца ў сярэдзіне ХVІІІ ст., на схіле эпохі барока. Ствараецца ўражанне, што ў гэты час Асветніцтва (а яго пачатак, на думку А. Мальдзіса, прыпадае на 1740 гады), адыходзіць ад барокавага эстэтычнага прынцыпу «ўразіць, здзівіць» і вяртаецца да рэнесансавага імкнення «растлумачыць, пераканаць». А для гэтай мэты значна больш падыходзіць апавяданне сродкамі жывапісу, чым скульптурнай пластыкі, тым больш для Беларусі, дзе не было трывалай традыцыі сюжэтных рэльефных кампазіцый. Найбольш значны цыкл манументальных роспісаў эпохі барока (звыш 40 сюжэтаў) быў створаны ў нясвіжскім езуіцкім касцёле, відавочна, па ініцыятыве яго апекуноў – Міхала Казіміра Радзівіла і Уршулі (з Вішнявецкіх) у 1751–1752 гг. у працэсе рэстаўрацыі касцёла-ўсыпальніцы, дзе роспісы выкананы (як лічаць) прыдворным мастаком Радзівілаў Ксаверыем Дамінікам Гескім з памочнікамі (іконаграфічная праграма і мастацкія асаблівасці нясвіжскіх роспісаў грунтоўна разгледжаны Ю. Хадыкам і В. Гаршкавоз 2). Адначасова з нясвіжскімі (але больш сціплыя і іншага кшталту) узніклі роспісы ў гродзенскім касцёле езуітаў. На ветразях купала тут размешчаны выявы евангелістаў, а чатырнаццаць сцэнаў па перыметры святыні прысвечаны місіянерскай дзейнасці апекуна касцёла Францішка Ксаверыя, бліжэйшага паплечніка ігнацыя Лаёлы. Гродзенскія фрэскі ўсебакова даследавала мастацтвазнаўца В. Гаршкавоз, якая, у прыватнасці, разгледзела праблему аўтарства і ўказала графічныя першаўзоры роспісаў – ілюстрацыі Мельхіёра Хафнера з жыційнай біяграфіі Францішка Ксаверыя, надрукаванай у 1681 г. у Інсбруку 3. Верагодна, тая ж крыніца (і нават раней, чым у Гродне) была выкарыстана ў роспісах езуіцкага касцёла св. Францішка Ксаверыя ў Магілёве, вядомых цяпер, на жаль, толькі з архіўных фатаграфій 1945 г. 4. Самае дзіўнае тое, што роспісы не былі затынкаваны ці забелены ў тыя часы, калі касцёл пасля 1833 г. з'яўляўся Уваскрасенскай царквой. На ўсходзе Беларусі, дзе манументальны жывапіс быў наогул значна больш пашыраны, чым на захадзе, яго ў 3-й чвэрці ХVІІІ ст. Інтэнсіўна развівалі кармеліты, звязаныя сваім паходжаннем з Усходам. Амаль адначасова ствараліся роспісы кармеліцкіх мураваных касцёлаў у Бялынічах (1761), Магілёве (1765–1767), Мсціслаўлі (каля 1768). Яны вывучаліся В. Церашчатавай, Ю. Хадыкам і Н. Трыфанавай 5–6. Не дайшлі да нашага часу роспісы драўляных касцёлаў, але пра іх ёсць архіўныя і літаратурныя звесткі. Так, у Радашковічах быў размаляваны велічны касцёл Св. Тройцы і св. Стэфана з дзвюхвежавым фасадам, трансептам і вялікім цэнтральным купалам, пабудаваны ў 1736 г. І кансэкраваны ў 1750 г. Як і ў Нясвіжы, тут праглядваецца тэма Эўхарыстыі. У купале з алтарнага боку знаходзілася «Тайная вячэра», злева і справа – «Мельхізэдэк з ахвярай хлеба» і «Ахвяра Аўраама». Над «Тайнай вячэрай» да самага верху купала змяшчалася выява манстранцыі пад балдахінам, два анёлы па баках трымалі ў руках фестоны. Сцены і столь касцёла былі размаляваны сюжэтнымі сцэнамі, не пазней за 1782 г. 7. У канцы ХVІІІ і пачатку ХІХ ст. шэраг драўляных касцёлаў аздабляецца так званымі алтарамі, «маляванымі на оптыку»: у Койданаве, Волме, Пяршаях, Пагосце, Камаях, Беразіно, Давід-Гарадку, Уздзе, Омнішаве, Ігумене – толькі ў Мінскай дыяцэзіі 8. У гэты ж час мураваныя касцёлы будуюцца часта прамавугольнымі ў плане і на плоскай алтарнай сцяне малююцца «на оптыку» архітэктурна-прасторавыя перспектывы формаў, вядомыя з трактата Андрэа Поцца. Такі роспіс можна ўбачыць у гальшанскім па-францішканскім касцёле св. Яна Хрысціцеля, пабудаваным Паўлам Сапегам у 1618 г. У апошняй трэці ХVІІІ ст. касцёл быў цалкам перабудаваны з аднанававага ў трохнававы і адначасова зменена яго арыентацыя: уваходная плоская сцяна стала апсіднай. На сцяне была намалявана манументальная, на ўсю вышыню і шырыню, ілюзіяністычная барокавая кампазіцыя, якая стварае ўражанне паўцыркульнай апсіднай сцяны з архітэктурным алтаром, нібы завершанай купалам 9. Алтар мае перспектыўную пабудову з карынфскіх калон і пілястраў на флангах, з познебарокавым верхам, утвораным шматслойным карнізам складанага профілю (на ім сядзіць і піша Евангелле апостал Ян). Рэальны раскрапаваны карніз галоўнай навы мае намаляваны працяг, над якім бачны ілюзорны купал на круглым барабане, расчлененым вокнамі і калонамі. Адпаведна «прадоўжана» паўцыркульнае скляпенне з аркамі і блакітным плафонам – прарывам у неба. Размалёўка вытрымана ў халоднай «грызайлевай» шэра-вохрыстай колеравай гаме, дапоўненай інтэнсіўным малінавым колерам сцяны і купала. У цэнтры – сцэна «Вадохрышча», традыцыйнай кампазіцыі. Такім шляхам было як бы падоўжана жыццё барока ў часы класіцызму. Найбольш разгорнуты комплекс такіх «аптычных» роспісаў захаваўся да нашага часу ў Будславе.
Глядзі таксама:
|
|
|