Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(16)/2001
Дакументы
Мастацтва

ЦУДАДЗЕЙНЫ І СТАРАЖЫТНЫ

РОСПІСЫ БЕЛАРУСКІХ КАСЦЁЛАЎ

РОСПІСЫ БУДСЛАЎСКАГА КАСЦЁЛА
Сведчаць архівы
У свеце Бібліі

ТАЯМНІЦА СТВАРЭННЯ
Юбілеі

БЕЛАРУСКІ ЗНАК ЦЁТКІ

НАД НЁМАНАМ
Проза

АПАВЯДАННІ

АПОШНІ ПЕРШЫ СНЕГ
Нашы святыні

НАША «ЕЗУІЦКАЕ» БАРОКА
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Пераклады

ВЕРШЫ
Кантрапункт
Постаці

ВЯРТАННЕ
Мастацтва

Насценныя роспiсы касцёла ў Будславе мала вядомыя нават у навуковай лiтаратуры. Упершыню адна з фрэсак – «Укрыжаванне» на паўночнай сцяне – была апублiкавана Н. Высоцкай у альбоме «Жывапiс Беларусi XII–XVIII стагоддзяў» і датавана прыблізна канцом ХVІІІ ст. Там жа паведамляецца пра наяўнасць у касцёле фрэсак 9 алтароў, фрэсaк верхняга яруса (без азначэння сюжэтаў), 14 пакутаў Хрыста i чатырох евангелiстаў на купале 1.

У манаграфii В. Церашчатавай «Старажытнабеларускi манументальны жывапiс XI–XVIII cтcт.» будслаўскiя роспiсы не згадваюцца. У «Зборы помнiкаў» лаканiчна гаворыцца, што сцены касцёла размаляваны 2. У трэцiм томе шасцiтомнай «Гiсторыi беларускага мастацтва» будслаўскiм роспiсам прысвечаны кароткi абзац: «на мяжы двух стагоддзяў мастаком А. Анташэўскiм выкананы роспiс касцёла Ушэсця ў в. Будслаў Мядзельскага раёна. Велiчную i манументальную архiтэктуру iмiтуе роспiс у тэхнiцы грызайль. У цэнтры яго алтарны абраз «Укрыжаванне». Яго фланкiруюць iлюзорна напiсаныя калоны карынфскага ордэра i нiбы скульптурныя постацi Маткi Боскай i Марыi Егiпецкай» 3. На подпiсе пад iлюстрацыяй падаецца дата – 1783 год (вiдавочна, паводле вядомай даты асвячэння касцёла, але, як убачым далей, правільная), упершыню названа прозвiшча мастака Анташэўскага (на жаль, без спасылкi на крынiцы).

Пералiк фрэскавых алтароў, а таксама згадка пра фiгуры апосталаў i роспiсы на тэму гiсторыi цудатворнага абраза Мацi Божай змешчаны ксяндзом-магiстрам Уладзіславам Завальнюком у гiстарычна-рэлiгiйным выданнi «Sanktuarium na Białorusi Budsław» 4. Гэтым пакуль што вычэрпваецца спiс лiтаратуры, якая датычыць роспiсаў будслаўскага касцёла.

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыi Панны кляштара бернардынцаў у Будславе пабудаваны ў 1767–1783 гг. (даты апублiкаваны яшчэ даваеннымi вiленскiмi гiсторыкамi мастацтва i пацвярджаюцца шматлiкiмi архiўнымi крынiцамi) пры гвардыяне Канстанцiне Пенсе. Да апошняга часу лiчылася, што ён жа быў i аўтарам праекта, аднак нядаўна супрацоўнiкам Iнстытута мастацтва Польскай Акадэмii навук Войцахам Баберскiм выказана абгрунтаваная гiпотэза, што на самай справе праект будслаўскага касцёла належыць Юзафу Фантана (1716 – перад 1773). Фантана належаў да вядомай сям'i варшаўскiх архiтэктараў, быў жанаты з сястрой Канстанцiна Пенса i даволi шмат працаваў на паўночным усходзе Беларусi (ён, у прыватнасцi, быў архiтэктарам унiяцкага Успенскага сабора ў Вiцебску i парафiяльнага касцёла ў Кублiчах). Няясная роля Пенса i як наглядчыка за ходам будаўнiчых работ у Будславе, таму што (ва ўсякiм разе на заключным этапе) па звестках кляштарнай хронiкi такую функцыю, здаецца, выконваў у 1778–1781гг. Ян Кадын (Joannes Kadyn), манах-архiтэктар з вiленскага бернардзiнскага кляштара («Architecto de Ordine nostro Observantium». Далейшыя архiўныя звесткi пра будаўніцтва і роспісы касцёла ўзяты пераважна з гэтай хронiкi 5).

Будаўнiчыя работы ў iнтэр'еры былi закончаны ў 1781 г., а ў 1782 г. касцёл атынкавалі, пры гэтым ужо мелася на ўвазе далейшае маляванне «аптычных» алтароў. 7 верасня 1783 г. касцёл быў урачыста асвечаны бiскупам суфраганам Троцкiм Францiшкам Алойзам Гзоўскiм. У 1782 г. заключаны i, як можна меркаваць па тэксце хронiкi, рэалiзаваны кантракт з Казiмiрам Анташэўскiм, прыдворным мастаком мсцiслаўскага кашталяна Лапацiнскага, на маляванне аптычных (iмiтуючых архiтэктуру) алтароў: галоўны алтар – (коштам 80 злотых), алтар св. Францішка (за 70 злотых), алтар Укрыжаванага Езуса (за 70 злотых), алтары св. Антонiя i св. Ганны (за 40 злотых), алтары св. Барбары, св. Юзафа i св. Тадэвуша (за 20 злотых). Алтар св. Казiмiра, свайго нябеснага апекуна, Анташэўскi паабяцаў зрабіць бясплатна. У тым жа годзе мастаку выплацілі 280 злотых, што сведчыць пра выкананне кантракту ў поўным аб'ёме. Алтары працы Анташэўскага згадваюцца ў iнвентарах 1827 г., 1837 г., 1839 г., 1851 г. i 1929 г. Згодна з iнвентаром 1837 г. усе алтарныя карцiны бакавых алтароў (апрача Укрыжаванага Езуса) былi намаляваны на палатне i змяшчалiся ў пазалочаных рамах. Вiдавочна, у гэты час абраз на палатне закрываў i фрэску ў алтары св. Францішка. Увесь комплекс «аптычных» алтароў захаваўся да нашага часу (здаецца, без пазнейшых перамалёвак).

Галоўны алтар намаляваны на плоскай сцяне прэзбiтэрыя. Ён уяўляе з сябе iлюзiянiстычную перспектыўную выяву паўцыркульнай у плане апсiды з двух'ярусным архiтэктурным прысценным алтаром, у цэнтры якога ў нiжнiм аконным праёме (згодна з iнвентаром 1822 г.) знаходзiлася драўлянае «Укрыжаванне» (не выключана памылка вiзiтатара, таму што ў iнвентары 1837 г. – «у акне нiжнiм Езус на крыжы»). Цяпер разьбянае «Укрыжаванне» размешчана ў праёме другога яруса, а ўнiзе – паўтор на палатне фрэскавай кампазiцыi з алтара Укрыжаванага Езуса на паўночнай сцяне.

Алтар св. Антонiя Падуанскага, намаляваны на сцяне ў канцы паўночнай (левай) навы, мае выгляд увагнутай у плане эдыкулы са здвоенымі калонамi на флангах і завяршэннем накшталт картуша ў разарваным франтоне, характэрным для апошняй трэцi ХVІІІ ст. (Гальшаны, Нясвiж, Жодзiшкi). Абраз св. Антонiя з Дзiцем Езусам (ХIХ ст., палатно, алей) мае тыповую кампазiцыю i не вылучаецца высокім жывапiсным майстэрствам.

Алтар св. Ганны (у канцы паўднёвай навы) – абсалютна падобная iлюзiянiстычная прасторавая архiтэктурная кампазiцыя ў шэра-вохрыстых танах. Адзначым (як водгук сентыменталiзму эпохi Асветнiцтва) пару галубкоў на кнiзе, намаляваных на завяршальным картушы.

Алтар св. Казiмiра, размешчаны на паўднёвай сцяне побач з алтаром св. Ганны, паказвае аб'ёмны порцiк з тройкамi калонаў па баках, завершаны шматпрофiльным гзымсам i картушам, якi ахоплiвае аконны праём. Алтарная карцiна вылучаецца добрым малюнкам i сакавiтым каларытам.

Алтар св. Юзафа (размешчаны насупраць, на паўночнай сцяне, побач з алтаром св. Антонiя) мае такi ж выгляд.

Алтар Укрыжаванага Езуса, намаляваны на паўночнай сцяне трансепта, паказвае архiтэктурны перспектыўны алтар накшталт эдыкулы-каплiцы з парамi калонаў на флангах. У цэнтры намаляваны Укрыжаваны Езус; каля падножжа Крыжа – Марыя Магдалена; памiж калонамi – «скульптурныя» фiгуры Марыi i Марыі Егіпецкай(?). Алтар завяршаецца разарваным паўцыркульным франтонам з воблачнай глёрыяй, у прарыве якой намалявана палаючае сэрца з крыжам – адзін з сiмвалаў францішканскага (i бернардынскага) ордэна.

Насупраць алтара Езуса, на паўднёвай сцяне трансепта, – алтар св. Францішка Асiзскага. У аналагiчным архiтэктурным абрамленнi ў цэнтры паказаны св. Францішак у момант завяршэння зямнога жыцця. Ён сядзiць за сталом перад раскрытай кнігай. На руках – стыгматы, позiрк звернуты да неба, дзе анёл з музычным iнструментам пяе хвалу заснавальнiку ордэна мiнарытаў (ад якога адгалінавалiся бернардзінцы). Воддаль прысеў манах у карычневым габіце (магчыма, Антоні з Падуі). Гэтая найбольш развiтая ў кампазiцыйным сэнсе сцэна, выкананая ў тонкiм халаднаватым каларыце, сведчыць пра бясспрэчны талент мастака-манументалiста. Дасканала, праз узаемадзеянне святла і ценю, абмалявана архітэктурная структура. Паміж бакавымі калонамі роспісам імітаваны скульптуры св. Банавентуры, першага біёграфа Францішка Асізскага, і невядомага святога біскупа з посахам і кнігай.

Алтары св. Юды Тадэвуша i св. Барбары намаляваныя адпаведна на паўночнай i паўднёвай сценах каля арганных хораў (палатно, алей, 210 x 115 cм).

Другая група роспiсаў у тэхнiцы грызайля («Крыжовы Шлях Збаўцы» ў прамавугольных ляпных рамах i размешчаныя пад імі адзiночныя фiгуры апосталаў на бакавых сценах i пiлонах) выканана каля 1801 г. не названым па iменi мастаком, аб чым ёсць запiс у хронiцы: «8 мая 1801 г. за абразы на муры – маляваныя стацыi i апосталаў мастаку i архiтэктару ўсiх гэтых твораў заплачана 200 злотых». Тэкст сведчыць пра ўдзел у працы двух майстроў – мастака i архiтэктара; апошнi, вiдавочна, перш за ўсё вызначыў кампазiцыйнае размяшчэнне сюжэтаў у iнтэр'еры i задаў іх агульныя памеры.

Сцэны Крыжовага Шляху Хрыста пачынаюцца ад правага боку галоўнага алтара і ідуць уздоўж бакавой навы ў накірунку да выхаду, як бы па ходу сонца. З імі прасторава звязаны самастойны паралельны рад апосталаў, так стацыі І (Хрыстус перад Пілатам) суседнічае апостал Павел, стацыі ІІ – невядомы апостал. На сценах паўднёвай навы, справа ад алтара св. Казiмiра, – «Невядомы апостал», уверсе – стацыя III (Падзенне пад крыжам), за алтаром св. Барбары – «Апостал з сякерай» (Мацвей?), уверсе – стацыя IV, на бакавых сценах трансепта ў нiшах паказаны евангелiст Ян і Ян Хрысцiцель (сядзіць на тумбе, засланай вярблюджым футрам).

Кальварыйскі цыкл працягваецца на сценах паўночнай навы, пачынаючы ад уваходу: справа ад алтара св. Тадэвуша – «Невядомы апостал», над iм – стацыя V, на бакавых сценах трансепта, абапал алтара Езуса, – «Евангелiст Марк», «Евангелiст Лука»), над апошнiм – стацыя VI, злева ад алтара св. Юзафа, у нiшы з паўцыркульным завяршэннем, – «Апостал Андрэй», над iм – стацыя VII. Далей, за алтаром св. Антонiя, – «Апостал Варфаламей» (над iм – стацыя VIII) i «Апостал Сымон». Чатыры стацыі (VІІІ–ХІІ) і, адпаведна, апосталы намаляваны на міжнававых слупах.

Да гэтай «грызайлевай» групы ў стылёвых адносiнах наблiжаюцца восем сюжэтаў роспiсаў над міжнававымі аркамi на тэмы цудаў будслаўскага абраза Мацi Божай. У кляштарнай хронiцы пра iх маецца толькi згадка як пра ўжо засведчаныя ў iнвентары 1822 г. Абраз, які цяпер знаходзiцца ў галоўным алтары і ў апошнія гады зноў атрымаў шырокае прызнанне, быў прывезены з Рыма ў 1598 годзе мiнскiм ваяводам Янам Пацам i пасля яго смерці падараваны будслаўскаму кляштару, дзе ён хутка праславiўся цудамi i стаў адным з найбольш вядомых у Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм. У 1650 г. гвардыян кляштара Элеўтэры Зеляевiч надрукаваў у Вільні кнiжку «Zwierzyniec na ziemi niebieski...» з апiсаннем гiсторыi абраза i яго цудаў. Верагодна, гэтая кнiжка, а таксама вусныя цi запiсаныя гiсторыi складаюць лiтаратурную аснову разглядаемай групы роспiсаў. Канкрэтызаваць сюжэты досыць цяжка, таму што ўсе яны апавядаюць пра ацаленні ад той цi iншай хваробы з дапамогай малiтоўнага звяртання да абраза i не вылучаюцца кампазiцыйнай разнастайнасцю. Абмежаваныя зверху i з бакоў прамымi рамамi, унiзе сцэны маюць паўцыркульную форму, на сярэдзiне шырынi кампазiцыя сiметрычна падзелена кругам з разеткай папалам на два самастойныя сюжэты. Такім чынам праiлюстраваныя 16 гiсторый цудаў абраза. Кампазiцыі сцэн аднатыпныя: у самым версе, на воблачку, паказаны цудатворны будслаўскі абраз, перад якiм у малiтоўным пакланеннi застылi людзі рознага стану i ўзросту. З гэтага шэрагу выдзяляецца сцэна, на якой паказана атрыманне абраза мінскім ваяводам Янам Пацам ад папы Клімента VІІІ у Рыме. Неабходна адзначыць добрае майстэрства ілюзіяністычнага жывапісу: малюнкі ствараюць уражанне мармуровых рэльефаў.

Інвентар 1822 г. сведчыць, што быў размаляваны i купал на скрыжаваннi галоўнай навы i трансепта, схаваны пад дахам: «пасярод касцёла купал, пад дах вынесены, увесь у шэры колер з выявай Унебаўзяцця Мацi Божай у акружэннi анёлаў. Нiжэй па вуглах гэтага купала (на ветразях – А.М.) – чатыры евангелiсты з сiмваламi». Незразумелая наяўнасць, згодна з iнвентаром, у роспiсах двух груп евангелiстаў – у купале i ў паўночнай наве. Найбольш лагічным уяўляецца тлумачэнне, што купал быў размаляваны раней за 1801 год. Няма звестак пра тое, калi роспiсы купала былi забелены цi затынкаваны (безумоўна, варта было б пры рэстаўрацыі зрабiць пробныя раскрыццi).

Мастак Казiмiр Анташэўскi – пакуль што невядомая фiгура ў гiсторыi беларускага мастацтва. «Slownik artystow polskich» са спасылкай на віленскую перыёдыку сярэдзіны мінулага стагоддзя падае iмя Антонiя Анташэўскага – мастака, верагодна, ХVІІІ ст., адзначанага як стваральнiка роспiсаў у мінскім катэдральным касцёле. «Роспiсы тыя спачатку адноўлены Валасевiчам, былым настаўнiкам Вiленскай гiмназii. Рэстаўратар дакампанаваў арнаментальныя роспiсы на сценах i фiлярах. У сярэдзiне ХІХ ст. абразы аднавiў вельмi пасрэдны мастак Таргонскi» 6. Аб размаляваннi скляпенняў катэдры ў 1798–1800 гг. па заказе бiскупа Якуба Дадэркi мiнскiм мастаком Антажэўскiм са слоў Адама Шэмеша пiсаў Уладзіслаў Сыракомля ў вядомым нарысе пра Мiнск: «усе скляпеннi ва ўсiх трох навах ён (Дадэрка – А.М.) загадаў замаляваць карцiнамi i сiмваламi з Новага Запавету, сярэдзiну займае купал з калонамi, але яны так невыразна адмаляваны, што нi на кога не робяць нiякага ўражання. Усе гэтыя малюнкi на сценах выканаў мастак Антажэўскi, найлепшы на той час у Мiнску» 7. Уладзіслаў Сыракомля таксама паведамляе, што Антажэўскi выканаў адзiн з абразоў «Крыжовага Шляху Хрыста», паўтарыўшы кампазiцыю i каларыт Дамiнiхiна.

У нядаўна выдадзеным М. Радванам апісанні Мінскай дыяцэзіі паведамляецца, што ў паезуіцкім касцёле св. Тадэвуша апостала коштам Тадэвуша Ваньковіча, падчашага мінскага і калятара касцёла, сцены і пяць алтароў былі пакрыты маляваннем «на оптыку» аўтарства Анташэўскага, які пакінуў пасля сябе многа роспісаў, у асноўным фрэсак, у розных касцёлах Мінскай дыяцэзіі. У галоўным алтары знаходзілася скульптура «Укрыжаванне», у бакавых – абразы «Звеставанне», а таксама абразы св. Антонія, св. Ганны і св. Тадэвуша. Хрысцільня і гроб Хрыста таксама былі выкананы «на оптыку» 8. На жаль, нядаўна лучайскія роспісы былі цалкам перамаляваныя. Як гаварылася вышэй, аўтар тэкста пра Будслаў у «Гiсторыi беларускага мастацтва» (Л. Лапцэвiч) прыпiсвае будслаўскiя фрэскавыя алтары працы А. Анташэўскага.

Сцiплыя архiўныя i лiтаратурныя крынiцы не дазваляюць пакуль што ўстанавiць, цi маем мы справу з рознымi мастакамi аднаго прозвiшча (магчыма, сваякамi), цi гэта адзiн i той жа Анташэўскi фiгуруе пад рознымi імёнамі. Дзіўна, што «найлепшы ў Мiнску мастак» застаўся невядомым Эдварду Раставецкаму, аўтару першага «Słownika malarzów polskich» (Warszawa, 1850). Аднак нядаўна Ул. Дзянісаву пашчасціла знайсці архіўную звестку пра хрышчэнне ў 1825 г. у мінскай катэдры мастаком Казімірам Анташэўскім сына, што пацвярджае яго мінскую прыналежнасць і імя, вядомае з хронікі кляштара.

Для iдэнтыфiкацыi асобы Анташэўскага ўяўляецца каштоўнай iнфармацыя з кляштарнай хронiкi пра тое, што ён быў мастаком пры двары пана Лапацiнскага, мсцiслаўскага «капiтана» (найчасцей так называлi на лацiне кашталянаў). Сярод досыць разгалiнаванага роду Лапацiнскiх няма мсцiслаўскiх кашталянаў, хоць iх радавы маёнтак Лапацiна знаходзiўся ў Мсцiслаўскiм ваяводстве; два з iх у канцы ХVІІІ ст. былi мсцiслаўскiмi старостамi, а ў Княстве Лiтоўскiм старосты мелi годнасць нават ваяводы 9. З 1772 г., як вядома, Мсцiслаўскае ваяводства было ўжо далучана да Расiйскай iмперыi, i апошнi мсцiслаўскi староста (з 1767 г.) кавалер ордэна св. Станiслава i Белага Арла Ян Нiкадзiм Лапацiнскi (1747–1810) захаваў свой тытул пажыццёва. Ён быў двойчы жанаты (з Аленай i Юзэфай Агiнскiмі), апрача дзедзiчнага маёнтка Дрысвяты, набыў двор Шаркоўшчыну. Вядома, што там у пачатку ХІХ ст. штыхавалi гравюры з выявамi святых, пазней дошкi знаходзiлiся ў лагойскiх зборах Тышкевiчаў 10. Таму, магчыма, Казiмiр Анташэўскі ў час малявання будслаўскiх роспiсаў жыў якраз у недалёкай ад Будслава Шаркоўшчыне. Падобна да таго, што пазней ён пераехаў у Мiнск – магчыма, пасля смерці свайго апекуна Яна Нікадзіма Лапацінскага (1810 г.). Калі Казіміру Анташэўскаму належаць усе будслаўскія роспісы, то нельга не заўважыць стылёвыя перамены ў яго працы. Магчыма, мы маем справу з працай двух мастакоў.

У любым выпадку шматслойны комплекс роспiсаў будслаўскага касцёла з'яўляецца без перабольшання унiкальным па захаванасцi сярод твораў беларускага манументальнага жывапiсу i надзвычай цiкавы ў гiсторыка-мастацкiх адносiнах як помнiк пераходнай ад барока да класiцызму эпохi.

Глядзі таксама:
РОСПІСЫ БЕЛАРУСКІХ КАСЦЁЛАЎ


  1. Жывапіс Беларусі ХІІ–ХVІІІ стагоддзяў. № 13.
  2. Збор помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусi. Мiнская вобласць. Кн.2. Мн., 1987, с. 70.
  3. Гiсторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 3. Мн., 1989, с. 104, iл. с. 103 (аўтар тэксту Л.Лапцэвіч).
  4. Sanktuarium na Białorusi Budsław ... ks.-mgr. Władysław Zawalniuk. Мн. 1993.
  5. Compendium Omnium Documentorum Conventus Budensis ad S. MARIAM Assumptam in Eremo Fratru Min. Obserw. Аддзел рукапісаў Бібліятэкі АН Літвы. F. 4, рук. 170.
  6. Аддзел рукапiсаў Навуковай бiблiятэкi Вiльнюскага дзяржаўнага універсітэта, F. 4, А-2112). Тамсама. F. 4, A-2197.
  7. Сыракомля Ул. Добрыя весці. Мн., 1993, с. 332.
  8. Ignacy Borejko Chodźko. Diecezja Miłska okolo 1830 roku. С. 164.
  9. Illustrowana Encykłopedja Trzaski, Everta i Michalskiego, t. V, s. 181–182.
  10. Pomniki rytownictwa krajowego. Wilno, 1858.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY