Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(16)/2001
Дакументы
Мастацтва

ЦУДАДЗЕЙНЫ І СТАРАЖЫТНЫ

РОСПІСЫ БЕЛАРУСКІХ КАСЦЁЛАЎ

РОСПІСЫ БУДСЛАЎСКАГА КАСЦЁЛА
Сведчаць архівы
У свеце Бібліі

ТАЯМНІЦА СТВАРЭННЯ
Юбілеі

БЕЛАРУСКІ ЗНАК ЦЁТКІ

НАД НЁМАНАМ
Проза

АПАВЯДАННІ

АПОШНІ ПЕРШЫ СНЕГ
Нашы святыні

НАША «ЕЗУІЦКАЕ» БАРОКА
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Пераклады

ВЕРШЫ
Кантрапункт
Постаці

ВЯРТАННЕ
Мастацтва

Данута БІЧЭЛЬ

НАД НЁМАНАМ

Да 160-годдзя з дня нараджэння
Элізы Ажэшкі

Жыла ў Гародні пані Эліза Ажэшка, «малодшая сястра Адама Міцкевіча», «гродзенская самотніца, стражнічка крэсаў», «духовая маці ўсіх бедных, змеценых у жмені лёсу, усіх прыніжаных і прыгнечаных», – так пра яе казалі сучаснікі, а пазней і даследчыкі.
Загаварыць з нашымі сучаснікамі, то кожны нешта ведае пра яе, бачыў, чуў, як бы яна і цяпер жыве ў тым доме, які ў 70-я гады разбурылі і пабудавалі нанова, але не з дрэва, а з блокаў, перанеслі ўглыб да Гараднічанкі і нават па памерах змянілі, а ўнутры ўвогуле нібыта той жа балкон і дэталі разьбы па дрэве ў ганку.
Творчасць Элізы Ажэшкі высока ацэнена чытачамі, літаратуразнаўцамі, больш як стагоддзем часу. У нашы дні літаратура – іншая. Лікавая форма пазнавання свету, шастанне па інтэрнэце, а кнігі даражэйшыя за алкаголь... Літаратура сёння больш дынамічная, проза больш востра-сюжэтная і крутая, цэніцца болей публіцыстыка, а не жывое апісальніцтва. Але не ўсе маюць магчымасць жыць хуткімі тэмпамі. Некаму трэба пешкі спускацца з высокага берага да Нёмана, хадзіць па сцежках, не па дарозе. Некаму трэба пачытаць томік Ажэшкі, паразглядаць графіку яе гербарыяў – яна навучылася засушваць зёлкі, бо дзядзька, да якога Эліза прыязджала на канікулы, быў батанікам; але яна засушвала і словы, і духі наваколля.
Па беларускіх назвах раслінаў, святаў, хваробаў і іншых тэрмінах беларуская даследчыца творчасці Ажэшкі Глагоўская абараніла ў Гданьску доктарскую дысертацыю. Даследчыца паказала, што Ажэшка апавядала палякам пра культуру беларусаў над Нёманам.
Калі перачытвала нядаўна творы зямлячкі, найбольш актуальным падаўся нарыс «Людзі і кветкі над Нёманам» у беларускім перакладзе...
Дзіўна любіла Ажэшка людзей вясковых, як сваіх, заўсёды недарослых, няўдалых дзяцей, якія не ўмеюць ні лічыць, ні зарабляць грошы.
Пра сябе напісала ўсё сама. Была невысокага росту. Была моцная. Але ў лістах па-жаночы каму-небудзь давяралася – не каханая!
Нарадзілася 6 чэрвеня 1841 г. у маёнтку Мількаўшчына каля Скідля, другая дачка ў Паўлоўскіх, ахрышчана іменем Эльжбета 21 чэрвеня ў касцёле ў Каменцы. Той касцёл згарэў у 1908 годзе, на яго месцы стаіць неагатычны.
Бацька Бенядзікт Паўлоўскі памёр, калі дзяўчынцы было тры гады, перад тым у лістападзе 1844 г. перапісаў маёнтак дочкам Клементыне і Эльжбеце. У маёнтку было яшчэ тры вёскі – Грабелькі, Залесна, Ханевічы – усяго 2390 дзесяцінаў і 500 душ.
Маці хутка выйшла замуж. Дзяўчат выхоўвалі бабуля і гувернантка. Сястра Клементына памерла 12 лютага 1851 года. Бацька, дзядзька і сястра пахаваны ў Пузынавічах на могілках каля фамільнай капліцы. Калі ехаць дарогай з Мількаўшчыны да Каменкі, помнікі відаць справа ад дарогі на пагорку.
У Мількаўшчыне старэйшыя людзі захавалі жывы ланцужок успамінаў. 70-гадовы чалавек паказаў нам здалёк клёны былой сядзібы Паўлоўскіх, сказаў, што на могілкі ў Мількаўшчыне ехаць не трэба, бо нічога там няма. Нюра Петушок была служанкай у паноў Мазалеўскіх, якія купілі Мількаўшчыну ў 1908 г. Нюры цяпер 82 гады. Яна сказала, што клёны былі такімі ж і тады, калі яна нарадзілася, паказала нам панскі хлеў, свіронак і студню, каля якой стаяў дом. На полі і цяпер шмат абломкаў цэглы.
Эліза вучылася ў пансіянаце сакрамэнтак у Варшаве ў 1852–57 гг., а 21 студзеня 1858 г. яе выдалі замуж за багатага, значна старэйшага за яе шляхціца Пятра Ажэшку. Шлюб адбыўся ў Гродне, жылі маладыя ў маёнтку Людвінава на Палессі (цяпер гэта вёска Попіна ў Драгічынскім раёне). У Закозеллі стаіць вельмі прыгожая капліца, якая тады належала Ажэшкам.
Усіх трох братоў Ажэшкаў – Фларыяна, Пятра і паралізаванага Браніслава пасля паўстання 1863 г. выслалі. Пятро вярнуўся з Пермі ў 1867 годзе, яму не дазволілі спыніцца дома. Памёр пры сёстрах у Варшаве ў 1874 годзе – пакрыўджаны Элізай Ажэшкай: яшчэ ў 1864 годзе пісала ў лістах, што яе муж памёр у высылцы. І лісты гэтыя друкаваліся.
Восенню 1867 года падала заяву ў кансісторыю Віленскага біскупства аб скасаванні касцельнага шлюбу, справа зацягнулася ажно да ліпеня 1869 года, расходы склалі 6000 рублёў. Пакінула Эліза ад першага шлюбу літаратурнае прозвішча.
Дом Элізы Ажэшкі ў Гродне. Паштоўка пачатку XIX cт.
У тым жа 1869 годзе справамі яе маёнтка заняўся Станіслаў Нагорскі. Сяброўства іх закончылася шлюбам у Фарным касцёле ў Гродне. Было гэта пасля смерці жонкі Нагорскага ў 1894 годзе. Ці стала Ажэшка з ім шчаслівая? Станіслаў Нагорскі памёр у 1896 годзе, пакінуў ёй свой прыгожы дом, які цяпер усе называюць домам Ажэшкі, і ў якім пасля яе смерці і да вайны 1941 года ўсё захоўвалі так, як быццам гаспадыня некуды паехала, а не памерла. А ў вайну зберагчы ўсё тое ўжо не змаглі.
Да пажару 10 чэрвеня 1885 г. у Ажэшкі быў свой дом на вуліцы, якая цяпер называецца Сацыялістычнай. Пасля пажару Ажэшка дапамагала гродзенцам адбудавацца, але сама жыла на прыватных кватэрах. Улетку жыла ў вёсках.
Вёскі Квасоўка, Гнойніца, Міневічы, Багатырэвічы, Сухая Даліна, Путрышкі, мястэчка Лунна, маёнтак Свіслач давалі натхненне і матэрыял для творчасці.
Палац у маёнтку Свіслач, дзе Э. Ажэшка працавала летам 1879 і 1880 гг. Цяпер кантора калгаса.
У Свіслачы ў яе былі сяброўка і старыя палякі Анэльця і Адам, там яна надта добра сябе адчувала – і ў палацы, і ў садзе над рачулкай Свіслач. Уставала на досвітку маладой і шчаслівай. Пісала ноччу. У 1881–89 гг. цёплыя месяцы праводзіла ў Міневічах-Багатырэвічах... З натуры пісала аповесць «Над Нёманам». Працавала яна ад красавіка да кастрычніка, а зімой адпачывала.
У 1884 годзе рэдактар «Тыгодніка Паўшэхнага» Мар'ян Гавалевіч заказаў ёй аповесць пра канфлікт пакаленняў на крэсах. Доўга не бралася за яе. Пісала цяжка, але хутка.
Бераг Нёмана каля Багатырэвічаў парослы кустамі, вельмі круты і высокі. Вёска пачынаецца ад Крыжа – ад надмагільнага помніка Яну і Цэцылі. Лесвіца ад Крыжа да Нёмана ператварылася ў крутую сцежку. Зарасла. Дом Багатырэвічаў знік. У вёсцы пра такі дом ніхто нічога не ведае. Засталіся ў вёсцы дзве каталіцкія сям'і.
За Багатырэвічамі праз малы прагал пачынаюцца Міневічы, вуліца над кручай, хаты ў адзін рад, у большасці пустыя. Калгас называецца «Сорак год БССР».
Толькі ў канцы Міневічаў бераг робіцца роўным. Пачынаецца лес. Бераг зноў падымаецца, парослы лесам.
У тым лесе стаяў крыж на магіле паўстанцаў. У 1993 г. Саюз палякаў паставіў на тым кургане металічны крыж і знак арла на камені. Легенда пра вёску Багатырэвічы такая. У Яна і Цэцылі, якія выбралі гэтае месца і занялі вольны абшар зямлі, было 6 дочкаў і 6 сыноў. Зыгмунт Аўгуст падараваў ім шляхецтва. Краязнаўца Ядкоўскі знайшоў, што Багатырэвіч Мотуз, татарскі толмач, атрымаў ад князя вёску...
Помнік Яну і Цэцылі каля вёскі Багатырэвічы.
На магіле заснавальнікаў Яна і Цэцылі захаваўся ад старажытнасці драўляны помнік: Езус Хрыстус нясе Крыж. Пад яго выявай унізе на слупе прыбіты Укрыжаваны Езус, а на другім баку слупа – гарэльеф Маці Божай. Дата – 1549. Словы – memento mori. Не захаваліся, вядомыя па апісанні, фігуры святых з каменя і гліны. Каля крыжа – два старыя, з вострымі канцамі камяні, на іх – нечытэльныя знакі... Ад 1549 года драўляны помнік шмат разоў перараблялі нанова, капіравалі. Ажэшка ўспамінала разьбяра Якуба, старога і ўжо здзяцінелага. Ядноўскі займаўся рэстаўрацыяй помніка ў 1935 годзе. Старшыня Стральцоўскага сельсавета сякерай пашкодзіў помнік: хацеў, каб жанчыны не хадзілі на ружанец, а толькі ў калгас працаваць. У старшыні пасля гэтага падкурчыліся ногі. У сярэдзіне васьмідзесятых гадоў новую скульптуру з дрэва зрабіў гродзенскі скульптар Аляксандр Ліпень.
Ад маёнтка Панямунь, дзе Эліза Ажэшка працавала ў 90-я гады, захаваліся капліца, дом і стайня. Мосцік, на якім пісьменніца па вечарах размаўляла з высокім госцем Уладзіславам Рэймантам, знік. Усе будынкі выкарыстоўваюцца гаспадарчымі службамі горада Гродна, усе ў вельмі запушчаным стане, у капліцы знаходзіцца склад, у доме – кватэры.
У 1908 і 1909 гг. ужо хворая Эліза Ажэшка праводзіла летнія месяцы ў гасцях у Браніславы і Тадэвуша Бохвічаў у маёнтку Фларыянава (цяпер Ляхавіцкі раён). Лісты, якія яна пасля прыезду ў Гродна напісала Бохвічу, склалі цэлы асобны том.
Пад канец жыцця ў 1909 г. ёй правялі тэлефон і яна наведала кінематограф, аб чым можна прачытаць у лістах.
Памерла Ажэшка ў сваім доме 21 мая 1910 г. Жалобная імша адбывалася ў Фарным касцёле. З нашых знаёмых на пахаванні была Зоська Верас, вучаніца прыватнай гімназіі. У святочнай форме, са снапкамі кветак дзяўчаты стаялі ўздоўж вуліцы замест паліцыі, калі выносілі пісьменніцу з дома і з касцёла.
Надмагільны помнік С. Нагорскаму і Э. Ажэшцы на старых могілках у Гродне.
Пахавана Ажэшка побач са сваім мужам. Недалёка ад яе магілы, з правага боку цэнтральнай алеі, 1 лістапада 1878 года была пахавана маці Элізы Францішка Відацка з Каменскіх.
Калі перачытваеш цяпер аповесці, асабліва лісты Элізы Ажэшкі, такое адчуванне, што яна не мела часу працаваць над стылем. Цяжка лавіць думку, цяжка зразумець, чаму палякі называлі яе мову «залатапшчолай пальшчызнай».
Зрабіла такую ашаламляльную літаратурную кар'еру таму, што жыла на крэсах...
Вакол імені пісьменніцы надта шмат міфаў – было, ёсць і ствараюцца новыя.
«Міф – не тое, што ёсць, але тое, што здаецца нам, што ёсць, і тое, што мы хочам, каб так было... Свядомае сканструяванне свету, нягледзячы на факты, а нават насуперак ім...» (Яцак Кальбушэўскі, «Крэсы», Вроцлаў, 1998 г.).
Можа і праўда, Ажэшка першай абула туфлі без абцасаў, апранула світку і пайшла да хворых яўрэяў, у вясковыя бедныя хаты, а за ёю служанка несла кошык з лекамі ды булкамі з крамы... Можа, яна першай прыдумала, што творца павінен служыць народу. Можа, яна не была ні першай, ні апошняй, але была крайняй – карэннем Польшчы, якое прарасло не ўглыб, а ўбок – на крэсы.
Была крайняй, але не «выпадала ў асадак», як Жэромскі альбо Прус.
Варшаўскія пазітывісты выхавалі пакаленне патрыётаў – чынавенства, афіцэрства, асаднікаў. За гэта яе без чаргі друкавалі ў вядучых часопісах, плацілі высокія ганарары, вылучалі на Нобелеўку.
Да таго ж быў у модзе фемінісцкі рух! А яна была жанчынай і амаль ўсё жыццё без мужчынскіх плячэй.
Адмовілася ад Нобелеўкі зноў жа як патрыётка, бо яна пісала крэсовую лакальную прозу, а Сянкевіч ствараў глабальную літаратуру. ...
У канцы жыцця Марыя Канапніцкая склала верш «Рота», а Эліза Ажэшка стварыла сентыментальную патрыятычную аповесць «Gloria victis».
Няўжо для палякаў гэта раўназначныя творы?!
Пісала крэсовую літаратуру, дапамагала бедным народам каля Нёмана, бараніла іх права на жыццё ў іх вясковых хатах...
Няўжо не магла ўзняцца над дробнымі праявамі дабрыні тады да таго ўзроўню, да якога ўзняліся пазней Станіслаў Цат-Мацкевіч і яго брат Юзаф, Ежы Гедройц ды Чэслаў Мілаш? Ці хоць бы застацца крыху больш нейтральнай, як паэтка Казімера Ілаковіч?
Вёскі над Нёманам, у якіх шукаюць слядоў Ажэшкі краязнаўцы, даўно стаміліся ад цікавасці да яе, – і ўсе, як змовіўшыся, адпіраюцца, што тут ніякіх палякаў няма, а жывуць беларусы.
Крэсовыя палякі былі беднымі па польскіх мерках, а па беларускіх мерках яны былі багатымі. Былі палякі, якія збеларуселі. У іх на падворку быў парадак, у беларусаў – гной. Цяпер тут усе палякі збеларуселі.
«Сёння турысты, якія едуць з Польшчы, едуць не на крэсы, а на былыя крэсы. Пераступаюць граніцу чужых дзяржаваў, вітаюць іх то жорстка, то ветліва беларускія, літоўскія і ўкраінскія пагранічныя службы; калі нават вядзе іх настальгія па дарагіх сцежках, не едуць да сябе на крэсы, а на Літву, Беларусь, Украіну...» (Яцак Кальбушэўскі, «Крэсы», Вроцлаў, 1998 г.).
Край над Нёманам сёння належыць Рэспубліцы Беларусь з 10 мільёнамі людзей. Мясціны, якія належалі Элізе Ажэшцы, або ў якіх яна знаходзіла цяпло, натхненне, сваіх герояў, легенды, словы, зёлкі і ўсё, што трэба было ёй пры жыцці, – цяпер залежаць ад эканомікі, свядомасці, культуры гэтага Краю.
«Нёман можа і не быць польскай ракой, але аповесць Элізы Ажэшкі «Над Нёманам» застаецца назаўсёды адным з шэдэўраў польскай літаратуры» (Яцак Кальбушэўскі, «Крэсы», Вроцлаў, 1998 г.).
Цалкам згаджаюся з гэтай думкай.

Фота Юрыя Каласкова
і Аляксандра Ліпеня.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY