| 
 БІСКУПЦЫ ВЁСКА ІМЯ БІСКУПА 
памаліся Слуга Божы біскуп 
за маю з імя твайго вёску 
у нябёсах знайдзі ёй зацішную выспу 
вечнай зямліцы палоску 
 
заступіся Слуга Божы біскуп 
за душачкі таты і мамы 
у нябёсах знайдзі ім зацішаны выступ 
каля самай нябеснае брамы 
 
не спыталі ці хочам а Бог аб тым ведаў 
не хацелі мы фермаў дарог сельсаветаў 
не змаглі ад калгасаў рукамі адбіцца 
у абкрадзенай духамі злымі капліцы 
 
гэтай вёсачцы Бог даў святое імя 
ад парадкаў чужых тут парадку няма 
душы біскупаў не аддаюць свае вёскі 
перасяляюць людзей пад бярозкі 
 
6.10.2000
 НА ЗАХОДЗЕ НА ДОСВІТКУ І АПАЎНОЧЫ 
на досвітку Божая Маці хадзіла 
свяціла як сонейка ў кожнай хаціне 
збаўленчым святлом занядбанаму люду 
ці ж гэта не яўнае сведчанне цуду 
 
з Жыровіц да Любчы з Тракеляў да Пінску 
з Лагойска да Лоева Ёй было блізка 
сцяжынкі паказваў Ёй біскуп Лазінскі 
трымаў за руку як зімой было слізка 
 
бяздомных заступніца Божая Маці 
не раз начавала на воблачку ў садзе 
спадала на ельнічак лапкамі снегу 
бяздомныя маці не маюць начлегу 
 
6.10.2000
 МАЛІТВАЧКА Ў ЦІХАЙ ПАТРЭБЕ 
Божа будзь са мной у сне 
сёння заўтра і калісьці 
а сарвецца сон як лісцік 
будзь як сонейка пры мне 
 
Дух Святы ці галубок 
добрых дзён складае пер'е 
а згрызота і нявер'е 
і ўсё злое пойдзе ў змрок 
 
Божа болем не карай 
а як тварык мой завяне 
не адводзь святое ззянне 
ува мне не памірай 
 
10.10.2000
 У СМЯРОТНАЙ АДЗІНОЦЕ 
прагну шчасця ў спакоі 
невымоўнай малітвы 
чысціні вачэй Божай Маці 
ад спелай алівы 
пад апекай Яе застаюся шчаслівай 
 
прагну спрыту дзяўчаці 
які некалі мела 
як была маладою 
і духам і целам 
а пад Крыжам Адзінага Збаўцы 
ў малітве не млела 
 
а на покуце чыстым 
святых абразы 
спавіваю зялёным вянком з дзеразы 
дзеля вечнай любові 
і вечнай красы 
 
вымаўляю нічога не трэба баяцца 
найстрашнейшы страх смерці 
цвікі ў целе Збаўцы 
уміраю ў самоце 
каб чыстай застацца 
 
13.01.2001
 НАШ КРАЙ УВАСКРАСАЕ ВЯСНОЙ 
ходзіць па гурбах паранены босы 
красну вясну адчыняе Сын Божы 
Езус наш Бог адчыняе нябёсы 
 
вораг агнём падмятае стагоддзе 
нібы раслінка на тым агародзе 
зазелянела надзея ў народзе 
 
Край наш вясковы зблуканы і мілы 
веснім жаўроначкам пробуе сілы 
уваскрасае выходзіць з магілы 
 
13.01.2001
 З ДАЛОНЯЎ БОЖАГА СЛУГІ 
уначы расцвітае лілея 
далячынь ад крылцаў святлее 
п'ю малітву 
мілы святы Антоні 
з твайго брата гаючай містычнай 
далоні 
 
пабыла між азёрных трысцін 
ды не ведала як жа дайсці 
да бязлюдзелых духамі людных мясцін 
дзе шчэ болей самотны наш Божа 
адзін 
 
цяпер шукаю няспынна 
кожны дзень шукаю і ў свята 
так многа ўсім усяго вінавата 
ад здзічэлага Лоева да з'еўрапееных 
Крынак 
 
14.01.2001
 З БІСКУПАМ БОЖЫМ  ЗЫГМУНТАМ ЛАЗІНСКіМ
 ЖАНЧЫНЫ ВЁСКІ ПІНКАВІЧЫ 
на абразку касцёл мураваны 
Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны 
дык гэта з Пінску з таго касцёла 
Марыя ў нябёсы забрала анёла 
 
той Край і той час 
не спыніўся цячэ 
тры пакаленні глыбокіх вачэй 
стомленых працай сашчэпленых рук 
на фотцы пакінуў Міхась Раманюк 
 
наміткі носікі вяночкі блюзачкі 
дзяўчаткі босенькія ўсмешкі ружачкі 
дзе ж вашы душачкі ў сне 
ці то з Панам Богам ці не 
 
а мы ж не хацелі і ведае Бог 
уцёкаў з балота залітых дарог 
мы ўмелі жаць жыта палотны бяліць 
за вёску ў нябёсах нам сэрца баліць 
 
19.01.2001
 СЯБРОЎКА ІРЫНА КРЭНЬ 
Ірка – сястрыца-сяброўка 
святлее з болю твая галоўка 
у пілігрымку ў нябёсы выпраўляешся пехатою 
у нядзельку святую з малітвай святою 
 
навідавоку складаеш абновы 
Найсвяцейшай Марыі абразок папяровы 
і ні крыўды няма паміж намі ні прорвы 
бо сяброўства то срэбра высокае пробы 
 
мы не ўмелі спяваць каб пацешыць начальства 
нас выводзілі ў крык мы любілі маўчанне 
мне не спіцца ўначы 
я малюся начамі 
адмаўляю ружанец балесную частку 
у ружанчык у ружы любві спавіваю 
дзве слязіны на досвітку 
ўсё што я маю 
 
ці забраў боль сяброўкі Нявінны Баранак 
ці мы з ёй можам зноў спавядацца шторанак 
 
паміж намі зіма і нікога старонніх 
Слуга біскуп Лазінскі сяброўства бароніць 
 
23.01.2001
 AVE 
нацянькі уваходзіш 
у домік маленькі 
праз драўляныя шчыліны сценкі 
узыходзіш праменьчыкам сонца 
на лаве 
Марыя, Аve 
 
за Табою прыходзім 
з нікчэмнае смерці 
на «аўтапілоце» ў абжытыя месцы 
па пустых лабірынтах зняваг і абразаў 
вядзе да жывога святла Твой абраз 
 
Твой абраз 
Твой абраз 
абсалютнае цноты 
на містычных вышынях 
святой наіўноты 
 
28.01.2001
 ЛЯМАНТ ДУШЫ ПОЛЬНАЙ ПАЭТКІ 
паспрабавала прабрацца з хутару ў горад 
з польным снапком за душой думала хопіць 
любові цяпла на аўру містычнага плоту 
застацца сярод прафесійных забойцаў 
забіваюць цвікі забіваюць забыць забываюць 
завязніла ў камеры пажыццёва коціка шэрага 
залізваць пустэчу польныя кветкі засохлі 
адварваць ад алергіі грызні грызуноў гарадніцы 
хутаранкі ў Гародні ваўчыцы  карануюць канторы 
ягнятка за плотам містычным мастацтва 
скубае сухую былінку вачамі  колеру спелага моху 
бачыць дваццаць стагоддзяў шыхт усяго толькі 
ста пакаленняў вочы Маці Хрыста з Галілеі галактыкі 
а на хутары сцены трымаюць адагравае прымурак 
пятае пакаленне плот падае і ляжыць 
і лежачы абараняе дзяўчаты і хлопцы сходзяцца 
на шарачку прасці кудзелю стагоддзяў нябёсы 
нябёсы нябёсы нябёсы не баюся не бойся 
босенькая 
 
18.02.2001
 УСЁ ДУХОВАЕ ВЕЧНАЕ 
ад бяссоння па смерці 
у бязгрэшныя сны 
дзе калыханкі адны 
да сівых каранёў 
да ўрослых у мох каміноў 
да мокрых ад слёз камянёў 
да асірацелых статкаў 
да расіцы з зялёных градкаў 
дамоў дамоў дамоў 
 
словы духі сіроты 
ад людской наіўноты 
набіраюцца моцы 
нібы мёдзіку соты 
 
спеляцца ў цемры стагоддзя 
аж пакуль на праменьчыку 
нехта іх знойдзе 
 
14.01.2001
 МАЛІТВА АБ ХУТКАЙ 
БЕАТЫФІКАЦЫІ 
Божа 
З нашага беднага Краю 
Намеснік Святога Пятра вылучае 
слугаў Тваіх на святыя пасады 
 
з іх дапамогай праз Тваю ласку 
пазбаў ад брудных словаў чужых 
што прыйшлі з варожай навалай 
дай нам свае словы 
 
абарані ад духовай галечы 
алкагалечы 
душазайбойства і дзетазабойства 
 
вызвалі ад прагавітых абдымкаў суседзяў 
якія нас душаць сваёю няволяй 
 
няхай у святыя 
дарога будзе добрай 
як усе Твае цуды наш Божа 
 
Данута 
 
24.02.2001
 |