|
|
№
2(16)/2001
Дакументы
Мастацтва
Сведчаць архівы
У свеце Бібліі
Юбілеі
Проза
Нашы святыні
Паэзія
Пераклады
Кантрапункт
Постаці
Мастацтва
|
Вінцэнты Ключынскі. Ён нарадзіўся 30 верасня 1847 г. у маленькім правінцыйным беларускім гарадку – Шаркоўшчыне, які раскінуўся па абодвух берагах маляўнічай ракі Дзісёнкі. Ягоны бацька Адольф працаваў пісарам у гміне, маці Францішка паходзіла з роду Корсакаў. Бацька рана памёр, і сям'я апынулася ў вельмі цяжкім становішчы. Давялося аднаго сына выправіць на выхаванне сваякам у Дынабург. Гэтым дзіцем і стаў Вінцэнты. Пасля заканчэння там шасці класаў гімназіі ён накіраваўся ў 1865 г. у Віленскую духоўную семінарыю. Вінцэнты выбіраў для сябе нялёгкі шлях: у той час Касцёл на нашых землях перажываў далёка не лепшыя часы, бо менавіта тады вялася расправа над удзельнікамі паўстання 1863–1864 гг. Касцёл, як вядома, не быў убаку ад паўстання і таму караючая рука Мураўёва не магла яго прамінуць. Расправа была жорсткаю: зачыняліся касцёлы, ліквідоўваліся кляштары, святароў і законнікаў арыштоўвалі, а часам і прыгаворвалі да пакарання смерцю. У такі вось складаны, крывавы час Вінцэнты ідзе вучыцца ў духоўную каталіцкую семінарыю. Гэта быў мужны крок. Лепшае таму пацверджанне тое, што ён аказаўся адзіным клерыкам у семінарыі. І быў толькі адзін выкладчык у той семінарыі – ксёндз Даўкша. І ўсё ж семінарыя існавала, і ў ёй трывала навучанне. З цягам часу з'явіліся там і клерыкі, і выкладчыкі. Вінцэнты праявіў сябе здольным навучэнцам, і ў 1867г. яго накіравалі на далейшую вучобу ў Пецярбургскую духоўную акадэмію, якую ён закончыў у 1871 г. са ступенню магістра тэалогіі. У Вільню Вінцэнты вяртаецца дыяканам і ў хуткім часе ў Коўне атрымлівае святарскае пасвячэнне. Сваю прыміцыйную імшу Вінцэнты адправіў у Вострай Браме, пасля чаго неўзабаве і пачалася ягоная выкладчыцкая дзейнасць у той самай семінарыі, у якой яшчэ зусім нядаўна вучыўся і сам. 28 гадоў прафесар Вінцэнты Ключынскі выкладаў дагматыку, Святое Пісанне, маральную тэалогію. З першых жа дзён працы Ключынскі трапіў у няміласць да расейскіх уладаў. Стасункі з расейскаю ўладаю ў Ключынскага складваліся не лепшым чынам. Ён не мог пагадзіцца з многімі дзеяннямі чыноўнікаў, напрыклад, з патрабаваннем увесці расейскую мову ў дадатковыя набажэнствы. Добра разумеў, што з дапамогай расейскай мовы царызм ажыццяўляў сваю вялікадзяржаўную палітыку, у дадзеным выпадку рабілася стаўка на тое, што праваслаўе з дапамогай мовы па-крысе будзе пранікаць у каталіцызм ды ўплываць на ментальнасць тутэйшага люду. У 1897 г. рэктар семінарыі ксёндз Стэфан Звяровіч становіцца віленскім біскупам. Касцельныя ўлады прапанавалі на вызваленую пасаду кандыдатуру Ключынскага, але расейскі ўрад гэтае прапановы не падтрымаў. Неўзабаве Вінцэнты Ключынскі быў пераведзены ў Пецярбург як дэлегат Віленскай гімназіі. Напачатку ён займаў пасаду асэсара духоўнай калегіі, а з 1906 г. – члена рыма-каталіцкай калегіі. У Пецярбурзе Ключынскі атрымаў званне доктара тэалогіі. А ў штодзённым жыцці працягвалася актыўнае супрацьстаянне царызму, які часам у сваіх абвінавачваннях каталіцызму даходзіў да абсурду. Напрыклад, у кнізе ксяндза Ф. Руткоўскага згадваецца такі факт: Ключынскаму давялося абараняць біскупа Данішэвіча толькі за тое, што ён нібыта прайшоўся па вуліцы ў капелюшы ў той час, калі ў праваслаўнай царкве адбывалася набажэнства. Дакучлівае змаганне з царскім чыноўніцтвам стамляла, да таго ж адчувальна пагоршылася здароўе. Каб трохі адпачыць, ксёндз Ключынскі выпраўляецца ў няблізкае падарожжа – у Святую Зямлю. Яму як былому выкладчыку Святога Пісання была асабліва карысная гэтая вандроўка, але наведванне Святой Зямлі прынесла найперш вялікі плён у духоўным плане. Тады ж Ключынскі наведаў і Паўночны Егіпет. 7 красавіка 1910 года. Папскім дэкрэтам ксёндз Вінцэнты Ключынскі менаваны магілёўскім арцыбіскупам. У нядзелю, 16 траўня 1910 г., у касцёле святой Кацярыны адбылася ўрачыстая кансэкрацыя. Зазначым, што катэдра магілёўскіх арцыбіскупаў знаходзілася ў Пецярбурзе. На той час гэта была найвялікшая ў свеце мітраполія, якая ахоплівала практычна ўсю тэрыторыю Расейскай імперыі, а магілёўскі мітрапаліт з'яўляўся кіраўніком каталіцкага Касцёла ў былой імперыі. Ён жа адначасна прызначаўся і адміністратарам Мінскай дыяцэзіі. Безумоўна, ад мітрапаліта патрабавалася шмат мудрасці, духоўнай сталасці, разумення няпростай сітуацыі, у якой знаходзіўся тады Касцёл у Расеі. Новы арцыбіскуп звяртаецца да свайго духавенства з просьбай, каб святары ва ўсялякіх складаных сітуацыях ставіліся да яго з поўным даверам. Адначасна ён асцерагае святароў ад непрадуманых крокаў, якія маглі б нанесці шкоду Касцёлу. У жніўні 1910 г. ён разашле духавенству, настаўнікам рэлігіі лісты, у якіх зверне ўвагу на пытанні, што тычыліся не толькі публічнай дзейнасці, але і прыватнай. Гэтыя лісты выклічуць у некаторых асобаў неадназначную рэакцыю, бо яны западозраць, што духоўная ўлада следам за свецкай таксама імкнецца ўзмацніць над імі свой кантроль. Пачыналіся шэпты пра паліцэйскі нагляд з боку касцельнае ўлады. Праўда, былі і такія святары, якія зразумелі лісты арцыпастыра Ключынскага як спробу зблізіцца з імі, бліжэй пазнаць іхнія праблемы, але гэтых, на жаль, было менш. Ключынскага не магло не засмучаць тое, што яго няправільна зразумелі, але ён і ў наступных сваіх кроках не адступаўся ад шляху даверу. Процістаянне з уладамі доўжылася, і арцыпастыр быў вымушаны пастаянна дбаць пра тое, каб умяшанне чыноўнікаў у справы духоўнага жыцця католікаў не заходзіла далёка і не рабіла свайго негатыўнага ўплыву. Адным з русіфікатарскіх метадаў было, напрыклад, патрабаванне, каб каталіцкая школьная моладзь наведвала праваслаўныя набажэнствы, прысутнічала на розных урачыстасцях у цэрквах, а таксама слухала лекцыі рэлігіі, якія праводзілі праваслаўныя выкладчыкі. Усё гэта супярэчыла «талерантнаму маніфесту» 1905 года. Зрэшты, яшчэ ў 1897 г. быў выдадзены царскі ўказ, які забараняў прымусовыя патрабаванні да католікаў наведваць праваслаўныя набажэнствы. Але, як бачым, указы ўказамі, а ў штодзённым жыцці ўсё было значна складаней. І таму 4 лютага 1914 г. арцыбіскуп Ключынскі выдаў для духавенства ліст, у якім зазначалася недапушчальным змушаць моладзь наведваць праваслаўныя набажэнствы, лекцыі рэлігіі і г.д., таму што гэта «супярэчыць навучанню каталіцкага Касцёла, а таксама не адпавядае літары і духу названага царскага ўказа». Арцыбіскуп прыкладаў шмат намаганняў, каб дасканала ведаць, у якіх варунках знаходзяцца католікі ягонай агромністай архідыяцэзіі. Як ні складана гэта было, ён правёў візітацыі на Міншчыне ў 1912 і 1913 гг. і на Віцебшчыне ў 1914 г. Надарванае цяжкой працай здароўе ўсё больш і больш нагадвала пра сябе. І арцыбіскуп прыняў мужнае рашэнне: звярнуўся да Святога Айца з просьбай дазволіць яму скласці з сябе абавязкі мітрапаліта. Свой неспадзяваны для многіх зыход ён патлумачыў сталым векам, слабым здароўем і шматлікімі цяжкасцямі, што напаткалі яго на гэтай службе. Другі ліст з просьбай аб адстаўцы быў накіраваны расейскаму ўраду. 21 ліпеня 1914 г. Апостальская Сталіца паведаміла мітрапаліту, што прымае ягоную адстаўку, і Вінцэнты Ключынскі неўзабаве перадаў свае паўнамоцтвы біскупу суфрагану Цепляку. Апостальская Сталіца менавала яго тытулярным арцыбіскупам, тым самым дазваляючы захаваць высокую касцёльную годнасць. Арцыпастыр аказаўся выбітым з каляіны: планаваў паездку ў Рым, падумваў і пра кляштар. Але распачалася першая сусветная вайна, якая пераблытала ўсе планы. Да таго ж здароўе пагоршылася настолькі, што арцыбіскуп вымушаны быў паехаць у Крым, каб падлячыцца. Зімой 1915–1916 гг. пабываў у Пяцігорску, летам пераехаў у Алупку. Тут 11 лютага 1917 г. Вінцэнты Ключынскі адышоў у Валадарства Вечнасці. Так завяршыўся жыццёвы шлях гэтага арцыпастыра. У апошнія гадзіны і хвіліны свайго жыцця Ключынскі маліўся за Вільню і яе дыяцэзію, за горад, якому ён аддаў лепшыя гады свайго жыцця, прасіў пахаваць яго менавіта ў Вільні. Гэты запавет было неверагодна складана выканаць. Але ён выкананы, няхай сабе і праз шмат гадоў: дамавіна з парэшткамі Вінцэнта Ключынскага была дастаўлена ў Вільню ажно ў 1929 г., праз дванаццаць гадоў пасля смерці святара. Рэлігійнае жыццё на Беларусі адраджаецца. І сярод мноства каталіцкіх супольнасцяў, якія зноў вярнуліся да жыцця, ёсць супольнасць сясцёр ад анёлаў, тая самая, якую заснаваў Вінцэнты Ключынскі ў Вільні ў 1889 г. Сёстры супольнасці не носяць хабітаў. Менавіта гэта і дапамагло паўстаць новаму ордэну ў надзвычай складаных умовах пераследу каталіцызму. Новая манаская супольнасць вельмі хутка пашыралася, яе пляцоўкі былі ў Вільні, Слоніме, Пецярбурзе, Кальварыі пад Вільняй, Менску, Васілішках, Наваградку, Пскове. Актыўна працуе гэтая супольнасць і сёння. Сясцёр ад анёлаў можна сустрэць цяпер не толькі ў Польшчы, Беларусі, але, напрыклад, і ў Афрыцы. Яны рыхтуюць дзяцей і дарослых да святых сакрамантаў, апякуюцца каталіцкімі школамі, ствараюць малітоўныя групы, займаюцца медыцынскай працай, прымаюць і даглядаюць хворых, арганізуюць для дзяўчат курсы крою і шытва... Іх працу можна ахарактарызаваць словамі маці Тэрэсы з Калькуты:
Любоў да бліжняга пачынаецца сёння. Так што, справа Ключынскага жыве ў Касцёле і свеце. Цяпер вядзецца працэс беатыфікацыі, і калі на тое Божая воля, Вінцэнты Ключынскі будзе залічаны да супольнасці благаславёных. А я, як ягоны зямляк, цешу сябе думкай, што некалі, магчыма, у невялікім гарадку Шаркоўшчына, дзе нарадзіўся святар, з'явіцца вуліца, якая будзе насіць ягонае імя. Ды яшчэ хочацца верыць у тое, што некалі на ўроках гісторыі настаўнікі будуць называць яго імя сярод тых, хто праславіў гэты гарадок.
Аляксандр АДАМКОВІЧ,
супрацоўнік музея мастацтва і этнаграфіі Язэпа Драздовіча, в. Германавічы Шаркоўшчынскага раёна.
|
|
|