Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(2)/1996
На кніжнай паліцы
Нашы сьвятыні
Постаці
Постаці

З ВЕЧНЫХ СНЯГОЎ – У ВАШЫЯ ХАТЫ
Постаці

КСЁНДЗ БАЛЯСЛАЎ ГРАМС
Пошукі і знаходкі
Пошукі і знаходкі

НЕВЯДОМЫ СЕРГІЕВІЧ
Роздум аб веры

ШЭСЬЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Нашы сьвятыні
Пераклады
Пераклады
Вандроўкі па Беларусі
Пра самае важнае
Проза

КРЫЖ ВЕРЫ І НАДЗЕІ
Проза

СУСТРЭЧА
Паэзія

ТРОІЦА. ДУХАЎ ДЗЕНЬ
Сведчаць архівы

CУПРАЦЬСТАЯННЕ
З жыцця Касьцела
З жыцця Касьцела

ПАКУТНЫЯ ПСАЛЬМЫ

АНТЫФОНА

Не зважай, што мы з грахамі,
Божа наш ласкавы;
Не карай Ты нас з бацькамі
За благія справы!
 

ПСАЛЬМ 6

Ня судзі мяне, мой Божа,
І ня будзь мне мсьцівы:
Міласьць кару хай адложа –
Будзь мне літасьцівы!

Вельмі косьці штось трывожа
Бачыш Ты – я хворы:
Аздароў мяне, мой Божа,
І ратуй у горы!

І душа страшэнна ные
У ліхой трывозе;
Ты дакуль мяне пакінеш
На благой дарозе?

Абярніся! Толькі глянеш,
Літасьцівы Божа:
І душа мая паўстане.
Даць ратунак можаш.

Бо ці-ж будуць між памёршых
Бога славіць людзі?

І хто ў пекле з тых найгоршых
Хвалу несьці будзе?

Я змарыўся ў стараньні.
Штоноч, мой Ты Божа,
Абальюся я сьлязамі
Так абмыю ложа.

Варагі былі наўкола –
Згінуць я ўжо маўся;
Жудасьць вочы прапалола –
Я аж састарэўся.

Адступеце, злыя людзі –
Што мне зло трывалі:
Бог мой плач прыймаці будзе –
Досыць вы грашылі!

Бог пачуў маё прашэньне
І прыняў ласкава,
Бог уважыў на маленьне –
Вось якая справа!

Ты, мой вораг, застыдайся –
Страх ідзе, трывога;
Навярніся, пакарайся
І ўбойся Бога!

Будзь Айцу і Сыну хвала –
З Сьвятым Духам вечна,

Як цяпер і як бывала,
Так і безканечна.
 

ПСАЛЬМ 31

О, сапраўды той шчасьлівы –
Чалавек такі,
У каго былі – на дзіва –
Змыты ўсе грахі.

Хто ня меў у сэрцы здрады
Ні благіх грахоў
І хто слухаў Божай рады –
Проста хто ішоў.

Я маўчаў, а косьці нылі –
Аж зусім змадзеў;
Клікаў цэлы дзень што сілы
Я аж абамлеў.

Бог мяне і днём і ночай
Ціснуў і прыгнуў;
Адчыніў я свае вочы,
Цернь твой як пачуў.

Спавядаў Табе правіны –
Аб’явіў Табе, –
Не таіў грахоў прычыны –
Абвініў сябе.

Я кажу: – я абвініўся –
Дрэнь суджу сваю.
Прад Табою пакаруся –
Здымеш злосьць маю.

Ды пабожныя ўсе будуць
Бегчы да Цябе:
Хочуць добрыя ўсе людзі
Адмаліць сябе.

А хоць воды ўсіх патопаў
Хай шумяць наўкруг,
Тых аднак-жа не захопяць,
Ў каго моцны дух!

Радасьць – Ты, мая заслона,
Ў бедах захавай,
Ад паганых – абарона –
Згінуць мне не дай!

Бог твой – Я! дам сьвет у ночы
Праўду Я скажу:
Над табою Мае вочы –
Шлях твой пакажу.

Вы ня будзьце так, як коні,
Ці як мул нямы,
Што і розуму не мае
І жывець дурны!

Людзі іх кілзаць умелі,
Кіраваць уздой,
Пакарыцца каб хацелі
Пад тваёй рукой.

О, шмат розаг выпадае
На людзей ў грахох!
Хто надзею ў Бога мае –
Міласэрны Бог.

Справядлівы, пахваліся,
З Богам што хадзіў;
Сэрцам простым весяліся
І што з Богам жыў!

Будзь Айцу і Сыну хвала –
З Сьвятым Духам вечна,
Як цяпер і як бывала,
Так і безканечна.
 

ПСАЛЬМ 37

Ах, мой Божа, ня турбуйся
І ня будзь мне мсьцівы:
Не карай, але зьмілуйся –
Будзь мне літасьцівы.

Стрэлы зь неба пранікаюць
Мне у сэрца злосна,
І рука твая цяжкая
Так згнятае моцна!

Я ад гневу твайго страціў
Ўсё сваё здароўе
І ў касьцях сваіх убачыў
Грэх і безгалоўе.

Галаву грахі абселі
І растуць страшэнна:
Я пад цяжарам слабею –
Так са мною дрэнна!

Загніліся, ныюць раны –
Аж мне дух займае:
З таго розум падараваны –
Я ўжо ледзь трываю!

Так я скручаны, папсуты –
Да канца мізэрны,
Так сумую за пакуту,
Што ня быў я верны!

Косьці ў сьцягнах размадзелі
І ўсё цела хвора:
Боль і раны так заелі –
Гора, адно гора!

Так я бедамі прашыты –
Галасіць мне трэба:
Грудзі стогнуць як прабіты –
Рэха йдзе да неба.

Божа! Жаль мой прада мною –
Цяжка ўздыхаю
І адкрыў я прад Табою
Ўсё, чаго жадаю.

Сэрца вельмі стурбавана,
Сіла выйшла зь цела:
Вока, душа стала цьмяна –
Сьветласьць пацямнела.

Хто быў мілы, хто быў родны,
Тыя сталі блізка:
Акружылі мяне згодна
І схілілісь нізка.

А суседзі уцякаюць,
Збоку пазіраюць,
Ці душы маей шукаюць,
Сілай пагражаюць.

Ці благоцьця мне жадаюць –
Мовяць глупства ў злосьці,
Ці ў думках разважаюць,
Каб зрабіць мне штосьці.

Я-ж глухі стаў, я ня чую,
Што яны гамоняць:
Анямеў я і маўчу я –
Хай зубамі звоняць!

Як аглохлы, я ня слухаў –
Ня меў апраўданьня:
Як ня ведаў, міма вуха
Ўсе пусьціў пытанні.

Да Цябе іду – малюся,
наймілейшы Божа;
Ты пачуеш, спадзяюся,
І ўсё даць мне можаш.

Я кажу: – Хоць я мылюся
Вораг хай ня скача,
Ці ў дарозе пахіснуся,
Хай супроць ня крача!

Бо на розгі я гатовы –
Боль мой прад вачамі:
Бог сячэ мяне як дровы –
Плачу я часамі.

Аб’явіць мой грэх мяркую –
Хай жа знаюць людзі!
Аб грахох сваіх сумую –
Хай мне стыдна будзе.

Вораг ёсьць, і ён зацяўся –
Нельга адагнаці,
А у злосьці так заўзяўся –
І верх хоча ўзяці.

За дабро так ненавідзіць –
Я аж зьнемагаю:
І мяне за тое брыдзіць,
Што дабра шукаю.

Ах, мой Божа добры, мілы
Ты не адступіся:
Сам не маю болей сілы –
Ты не адлучыся.

Пасьпяшы на успамогу,
Бог мой вельмі мілы:
Дай збаўленьне на дарогу
І прыдбай мне сілы!

Будзь Айцу і Сыну хвала –
З Сьвятым Духам вечна,
Як цяпер і як бывала,
Так і безканечна.
 

ПСАЛЬМ 50

Нада мною зжалься, Божа,
Ў сэрцы міласэрным:
Згладзіць грэх Ты толькі можаш,
Хоць я быў няверным.

Змый зь мяне ўсё благое,
Што было нячыста:
Аскарбі ўсё старое,
Абатры на чыста!

Я пазнаў сваё паганства –
Заўжды прада мною
Грэх – маё такое хамства!
Стыдна прад Табою...

Грэшны вельмі прад Табою
І хадзіў я крыва:
Слова ўсё Тваё сьвятое –
Судзіш справядліва.

Я ў грахох на сьвет зьявіўся
Буду гараваці –
Так пачаўся, нарадзіўся
З сваей роднай маці.

А Ты толькі праўду любіш
І мне аб’яўляеш;
Вечнай мудрасьці ня згубіш –
Ключ таёмны маеш.

Акрапі мяне гізопам –
Бельшы сьнегу буду
І абмыты ад балота
Прад вачамі люду.

Дай-жа радасьць майму слуху –
Сам прыйдзі у госьці:
Дай вясельле майму духу –
Аж зайграюць косьці!

Ад маіх грахоў паганых,
Божа, адвярніся!
Каб ачысьціць грэх і плямы,
Божа, прыхіліся.

Сэрца чыстае настроіш
На абраз свой Божы;
Дух старэчы ўвесь адновіш –
Просты і прыгожы.

Духа добрага Сьвятога,
Божа, не адклоніш;
Ад аблічча дарагога
Свайго не прагоніш.

Вернеш радасьць для збаўленьня
Валадарным духам.
Умацуй маё сумленьне,
Каб Цябе я слухаў.

Навучу хадзіць нягодных
Па Тваіх дарогах.
І навернецца бязбожны,
Як пазнае Бога.

Спраў крывавых, Збаўца – Божа
Мне не дай тварыці.
Справядлівасьць тваю зможа
Мой язык хваліці.

Божа, вусны мне разьвяжаш,
А твайму я люду
Хвалу Божую, як скажаш,
Аб’яўляці буду.

Жэртваў, колькі зажадаеш,
Даў-бы з тваей воляй,
Ты аднак аб іх ня дбаеш
І ня любіш болей.

Вось ахвяра – дух пакутны –
Бог яе прыймае:
Сэрцам скрушаным і смутным
Бог не пагарджае.

На Сыёне будзе шчасьце –
З добрай волі Божай:
Ў Еразоліме пакласьці
Сьцены Бог паможа.

Там наносяць на ахвяру –
Шмат цялят наложаць:
Жэртву праўду і ўсе дары
Прыймеш, добры Божа.

Будзь Айцу і Сыну хвала –
З Сьвятым Духам вечна,
Як цяпер і як бывала,
Так і безканечна.
 

ПСАЛЬМ 101

Божа, выслухай маленьне –
Твой слуга гамоніць,
А мой голас у прашэньні
Гучным клічам звоніць.

А калі ў бядзе паклічу,
Скорэнька паслухай;
Кажны раз зьвярні аблічча,
Прыхілі мне вуха!

Шмат чаго мне будзе трэба
Штодня дакучаю,
А Ты шыбка дай мне зь неба,
Я што выпрашаю.

Дні мае так нікнуць скора,
Як дым расплывуцца,
Сохнуць косьці мае з гора,
Як вуглі так труцца.

Я – трава, што была сьцята,
Сэрца бьецца вяла,
Хлеба ў будні, ці у сьвята
Горла не прыймала.

Я стагнаў – так мне балела,
Што аж косьці нылі,
Аж прысохлі скрозь да цела –
Так мяне змарылі.

Адзінокі, бяз нікога –
Пелікан ў пустыні,
Як цень пудзіла начнога,
Як сава ў руінах.

Дзе-ж мой сон, дасюль глыбокі?
Вельмі я сумую;
Варабей так адзінокі
На страсе начуе.

Цэлы дзень да познай ночы
Вораг славу псоціў:
Друг, што перш хваліў у вочы,
Прысягаў супроціў.

Еў я попел замест хлеба,
Піў ваду з сьлязою,
Мусіць гэта так і трэба
Цяжкаю парою?

А Ты з жару, з абурэньня
І з сьвятога гневу
Зьняў мяне із падвыжшэньня
І прагнаў налева.

Дні мае, як цень, мінаюць,
Высах я, як сена,
Як трава, што ў стог кідаюць,
Як у печ палена.

Божа, Ты трываеш вечна –
З роду ў род заўсёды
І жывеш так безканечна –
Бяз ніякай шкоды.

Над Сыёнам Ты паўстанеш,
Міласьць нам пакажаш,
Бо прыйшоў час зьмілаваньня –
Слова ласкі скажаш.

Слугам Божым у спадобе
На Сыён каменьні:
Вось яны у гэтай пробе
Плачуць аб зьнішчэньні.

Божа Імя страшна будзе
Шсім людзям на сьвеце:
Пакарацца Яму людзі
І цары як дзеці.

Бо Сыён сам Бог збудуе –
Ўставіць сваё Імя:
І пакорных пашкадуе –
Не пагардзіць імі.

І на прышласьць у сумленьні
Ўпісана ўсё будзе:
Бога ў новым пакаленьні
Славіць будуць людзі.

З вышыні сьвятой сталіцы
Глянуў Бог ласкавы
І зірнуў на дол зямліцы
І на ейны справы.

Каб пачуў плач вязьняў Бог –
Волю даў народу,
Каб сыном пабітых мог
Дараваць свабоду.

Каб зьвясьцілі на Сыёне,
Божа, Тваё Імя, –
Славу Божую народу
У Ерузалеме.

Як зьбяруцца грамадою
Людзі ў адну дружбу
І цары перад Табою
На сьвятую службу.

У дарозе ён адкажа
Моцна, з цэлай сілы:
«Дні кароткія пакажаш
Мне, мой Божа мілы».

І ня кліч мяне адгэтуль
У днёў палавіне.
Зроду ў род твайго тут сьвету –
Век твой не загіне.

Ты зямлі паклаў фундамент
У пачатку дзела;
Палажыў рукой фірмамэнт
Творыш неба цэла.

А хоць неба устарэе,
Ты на век трываеш.
Як адзежа, ўсё збутвее,
Ты вякі трымаеш.

Як адзежу пераменіш –
Ўсё другое будзе,
А Сябе ты не адменіш –
Вечна Богам будзеш.

Слуг тваіх сыном вядзецца –
З Богам шчасьце маюць:
Іх насеньне не зьвядзецца,
Як вякі трываюць.

Будзь Айцу і Сыну хвала,
З Сьвятым Духам вечна,
Як цяпер і як бывала,
Так і безканечна.
 

ПСАЛЬМ 129

З глыбіні я клікаў, Божа,
Голас мой паслухай,
І уваж мяне прыгожа –
Прыхілі мне вуха!

Бо як зважыш на правіны,
Божа, хто стрымае?
Міласэрны Ты, адзіны –
Я ў Табе трываю.

Я-ж на Бога спадзяюся,
На ягона слова:
У надзеі той малюся –
Вось душа гатова.

Больш як стораж на сьвітаньне
Ізраэль чакае –
На Гасподне зьмілаваньне
Ён надзею мае.

Выбаўленьне ёсьць у бога –
Ізраэля збавіць,
Хоць правінаў вельмі многа,
Міласэрнасьць справіць.

Будзь Айцу і Сыну хвала,
З Сьвятым Духам вечна,
Як цяпер і як бывала,
Так і безканечна.
 

ПСАЛЬМ 142

Божа, просьбу маю слухай
Ты адзін праўдзвы!
Прыхілі мне сваё вуха,
Божа справядлівы!

Не ўваходзіць на суд з слугою,
Бо мне дрэнна будзе,
Бо хто зьдзержыць прад Табою
На тым страшным судзе?

Гнеў душу маю няшчасну
Вораг вельмі злосны
І асобу маю ўласну
Топча ён нязносны.

Асадзіў у цемру горла
Як перадумёршых –
Аж мне дух страшэнна спёрла –
Ў сэрцы страх найгоршы!

Дні даўнейшы ўспамінаю –
Разважаю ў мысьлі,
Твае справы размысьляю,
Што з Тваіх рук выйшлі.

Рукі ўзношу, сэрца сьмягне,
А душа галодна –
Піць з крыніцы Божай прагне,
Як зямля бязводна.

Божа, выслухай, схіліся!
З гэтай прорвы скора.
Падымі, не адвярніся,
Бо душа ўжо хвора,

Рана дай пазнаць ласкавасьць,
Бо надзею маю;
Божа, выпрастай няправасьць –
Шляху я шукаю.

Божа, вырві, прыбягаю
Я з сваёй бядою –
З рук варожых уцякаю,
Жыць хачу з Табою.

Дух мяне Твой добры ўводзіць
У край справядлівы;
Жыцьцё ў праўдзе амалодзіць.
Бог мой літасьцівы.

І душу маю з уціску
Вывядзеш на волю.
А варожыя ўсе сьпіскі
Расстрасеш па полі.

Божа, выгубі нягодных,
Што мяне ўціскаюць;
Я – слуга Твой, выкінь шкодных
Бога хай-жа знаюць!

Будзь Айцу і Сыну хвала,
З Сьвятым Духам вечна,
Як цяпер і як бывала,
Так і безканечна.
 

АНТЫФОНА

Не зважай, што мы з грахамі,
Божа наш ласкавы:
Не карай Ты нас з бацькамі
За благія справы!

Глядзі таксама:
Юры ТУРОНАК. «ЯЗЭП ГЕРМАНОВІЧ – СВЯТАР І ПІСЬМЕННІК»

Пераклад вершам
а. Язэпа Германовіча MIC


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY