|
|
№
1(2)/1996
На кніжнай паліцы
Нашы сьвятыні
Постаці
Постаці
Постаці
Пошукі і знаходкі
Пошукі і знаходкі
Роздум аб веры
Нашы сьвятыні
Пераклады
Пераклады
Вандроўкі па Беларусі
Пра самае важнае
Проза
Проза
Паэзія
Сведчаць архівы
З жыцця Касьцела
З жыцця Касьцела
|
Рыхтуючы гэты матэрыял, я ўважліва перачытваў усё, што змог знайсці ў архівах і бібліятэках і што тычылася нашага славутага земляка, жывапісца і графіка, беларуса-віленчука Пётры Сергіевіча. Так, хоць ён і нарадзіўся на Беларусі, у вёсцы Стаўрова, над Богінскім возерам на Браслаўшчыне, але ўсё сваё сталае мастацкае жыццё правёў у Вільні. Там ён вучыўся, там была яго майстэрня і кватэра і нават заслужаным дзеячам мастацтва ён быў менавіта «Літоўскай ССР», а не БССР. Пры ўсёй сваёй бясспрэчнай беларускасці. Перачытаў Арсеня Ліса, Янку Шутовіча, Генадзя Сакалова, Льва Мірачыцкага, Яўгена Сахуту, Алеся Траяноўскага, літоўскіх аўтараў, даваенныя і пасляваенныя публікацыі ў віленскіх польскамоўных выданнях. І нідзе не сустрэў ніводнай згадкі пра адну галіну творчасці Сергіевіча, якая нямала гадоў займала ў яго дзейнасці вялікае месца і па размаху задачаў, і па працаёмістасці, і нават па тэрыторыі.
***
Хрэстамацыйныя звесткі: жывапісец і графік, выдатны партрэтыст (каля сотні графічных і алейных партрэтаў), майстар гістарычнага жанру (ягонымі героямі былі Усяслаў Полацкі, Францішак Скарына, Кастусь Каліноўскі). Але ж і выдатны манументаліст, аўтар шматлікіх касцёльных роспісаў, абразкоў, кампазіцый на біблейскія тэмы!
***
Чаму ж ніхто з даследчыкаў, біёграфаў мастака не пісаў пра гэта? Прачытаў, мяркую, некалькі. Па-першае, у міжваеннай Вільні рэлігійная тэматыка была звычайнаю з’яваю ў творчасці мастакоў і ніхто з мастацтвазнаўцаў на гэтым увагу не засяроджжваў. У 50-ыя ж гады, у савецкай Літве, наўрад ці заплюшчвалі б на гэта вочы і партыйныя функцыянеры, і органы КДБ, і нават некаторыя калегі па Саюзе мастакоў. Таму ўсе, хто пісаў, пазбягалі гэтай тэмы, каб не зашкодзіць мастаку. Ды і сам Сергіевіч не афішаваў сваіх творчых дачыненняў з Касцёлам. Інерцыя такога падыходу да творчасці мастака дакацілася да нашых дзён. Сведчаннем гэтага з’яўляецца той факт, што нават сучасныя выданні па гісторыі мастацтва, якія пабачылі свет ужо пасля смерці мастака, ні адным словам не згадваць пра Сергіевіча манументаліста. Вазьміце, да прыкладу, 4-ы том «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва» або 5-ы том «Гісторыі беларускага мастацтва» – ані слова. Што гэта: «саўковы» стэрэатып мыслення ці няведанне? А гэта ж дзейнасць мастака працягвалася не год і не два. 30-ыя і, відаць, 40-ыя гады – перыяд найбольш актыўнага і плённага супрацоўніцтва Сергіевіча з Касцёлам. Самыя раннія працы яго, як удалося акрэсліць, звязаныя з касцёльнай тэматыкай, змешчаны ў каталозе штогадовай выставы Віленскага таварыства незалежных мастакоў, сапраўдным сябрам якога (былі яшчэ і кандыдаты), з’яўляўся Сергіевіч. І гэта – 1933 год. У каталозе – партрэт кс. Глякоўскага і «Праект паліхроміі касцёла». Паліхроміямі мастак называў роспісы. Якога касцёла – каталозе не сказана, але на тых каляровых эскізах, што захаваліся, дзякуючы нашаму рупліўцу Яўгену Куліку, заўсёды на адвароце, рукою аўтара – дакладная анатацыя, г.зн. месцазнаходжанне касцёла, год, назва сюжэта. І тут мы маем 1934 год, вёска Солы ў Смаргонскім раёне. Уражвае геаграфія манументальных працаў Сергіевіча (гэта значыць, і ягоная папулярнасць у тыя гады). Вільня, Павільніс, Гародня, Жодзішкі, Смаргонь, Міцкуны, Солы, Рэша, Малыя Салечнікі, Поразава, Шарашова, Карэц на Украіне. Гэта толькі тое, што дакладна вядома па запісах, зробленых рукою аўтара і што пацверджана фотадакументальна. Магчыма, падобных адрасоў было і значна болей. У гэтых кароткіх нататках я знарок не ацэнтую ўвагі на біяграфіі мастака, бо старэйшыя, мяркую, ведаюць і памятаюць, а маладзейшыя могуць прачытаць у любой беларускай энцыклапедыі. Магу толькі яшчэ раз згадаць, што вучань Ф. Рушчыца і студэнт Кракаўскай акадэміі мастацтваў здолеў, хоць і нядоўга, пабыць нават у Італіі, якая на працягу апошніх стагоддзяў з’яўляецца Меккай для сапраўдных мастакоў. Гэта – наконт прафесіяналізму Сергіевіча. Візуальны матэрыял, якім мы валодаем, на жаль, вельмі сціплы. Гэта дзесятак выцвілых, моцна пашкоджаных аматарскіх фотаздымкаў, на якіх зафіксаваныя (можа, нават самім Сергіевічам) інтэр’еры ці фрагменты ўжо выкананых роспісаў. І гэта некалькі каляровых эскізаў, падабраных з бруду і пылу ва ўжо напаўзнішчанай віленскай кватэры мастака. Невядома, што і ў якім стане захавалася з тых далёкіх 30-ых гадоў. Вядома, што рэлігійныя творы (фрэскі, скульптуры, абразы) маюць уласцівасць жыць стагоддзямі. Але ж была жудасная вайна, і быў паваенны камуністычны рэжым з ягонай сістэмай вынішчэння беларускай культурнай спадчыны, асабліва нашай самабытнай архітэктуры і найперш касцёльнай, сакральнай. Можа, знойдзецца які малады энтузіяст мастацтвазнаўца ці проста аматар мастацтва, чалавек зацікаўлены, які возме на сябе клопат праехаць па згаданых вышэй гарадах, мястэчках і вёсках, паглядзець на месцы, зафіксаваць на фотаплёнцы ці паперы захаванае. Зразумела, на гэта патрэбны і час, і здароўе, і грошы. Варта было б звярнуцца і да касцёльных уладаў, чые архівы заўсёды вылучаліся захаванасцю і дакладнасцю. Жадаю поспехаў!
|
|
|