|
|
№
1(2)/1996
На кніжнай паліцы
Нашы сьвятыні
Постаці
Постаці
Постаці
Пошукі і знаходкі
Пошукі і знаходкі
Роздум аб веры
Нашы сьвятыні
Пераклады
Пераклады
Вандроўкі па Беларусі
Пра самае важнае
Проза
Проза
Паэзія
Сведчаць архівы
З жыцця Касьцела
З жыцця Касьцела
|
Гэтага чалавека Бог надзяліў надзвычай шырокімі здольнасцямі. Ён меў мастакоўскі талент і мог бы стаць прафесійным мастаком. У яго былі здольнасці літаратара, гісторыка-даследчыка; ён мог бы прынесці карысць навуцы і літаратуры... Ён выбраў святарства. Ксёндз Баляслаў Грамс... Ва ўспамінах многіх людзей, што ведалі яго, ён паўстае чалавекам, якому было дадзена вельмі шмат і які надзвычай шмат патрабаваў ад самога сябе. Выбраўшы шлях святара, ён не адгарадзіўся ад жыцця, не адмахнуўся ад яго праблем і боляў, але стаў непасрэдным удзельнікам шматлікіх падзей, што выпалі на долю яго пакалення. І ўсё ж: як адбыўся выбар ягонага шляху? Ці быў ён балючым для таленавітага юнака, калі цяжка аддаць перавагу таму альбо іншаму занятку? Што спрыяла ягонаму пакаленню? Усё гэта ведаў адзін ён. Можа тое, што калі ён маліўся ў дзяцінстве, яму з’яўляўся анёл? Ягоная маці распавядала законнай сястры Ядвізе Віршута, як хлопчык аднаго вечара, згаварыўшы пацеры, горка расплакаўся. Маці пабегла, пачала распытваць, а ён адказаў: «Сёння анёл чамусьці не прыйшоў». Мабыць, Баляслаў той анёл быў найдаражэйшы, бо ён выбраў сабе шлях, які атачаюць анёлы, – шлях святарства. Баляслаў нарадзіўся ў мястэчку Кублічы Віцебскай губерні на самым пачатку нашага стагоддзя. Вучыўся ў гімназіі св. Кацярыны ў Пецярбургу. Навуку не скончыў хутчэй за ўсё з прычыны Кастрычніцкага перавароту. Але ўзнавіў яе ў 1922 г. Цяпер ужо ён вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі. Скончыў. Але не захацеў развітацца з вучобай і праз нейкі час зноў вучыўся – ва універсітэце Стэфана Баторыя на тэалагічным аддзяленні. Скончыў яго са званнем магістра тэалогіі.
Апрача навуковых даследзінаў, ксёндз Грамс нёс на сабе і нялёгкую святаскую службу – прэфекта ў Свянцянах, вікарыя – у Беластоку, Вільні. Другая сусветная вайна перакруціла лёсы многіх людзей. Шмат каго яна змусіла адмовіцца ад сваіх перакананняў, ад абранага шляху, часта паварочваючы тыя шляхі ў процілеглым кірунку. Ксёндз Грамс застаўся верны свайму пакліканню. У часе вайны ён служыць капеланам у войску, бярэ ўдзел у змаганні з фашызмам. Трапляе ў палон. У лагеры працуе святаром і санітарам. Праз нейкі час яму ўдаецца ўцячы. Ксёндз Грамс прабіраецца да Варшавы і адразу ж уліваецца ў падпольную барацьбу, супрацоўнічае з падпольнай польскай прэсай, але не спыняе і святарскай паслугі, хаця і змушаны быў выконваць яе патаемна. Ды родныя мясціны клікалі да сябе. Ён зноў прабіраецца ў Вільню, дзе атрымлівае прызначэнне пробашчам у Ідолту, што на Міёршчыне. Ідолта... Вёска на Мёршчыне на беразе маляўнічага возера з гэткай жа, трохі дзіўнаватай для тутэйшага вуха назвай – Ідолта. На высокай выспе возера стаіць невялічкі стары касцёл. Яшчэ тады, у другой палове 30-х гг. тут распачалі будову новага касцёла – бліжэй да вёскі Мілашова. Новая святыня была большай па памерах і ўзводзілася даволі хутка. Гэтую нялёгкую працу нёс на сабе ксёндз Эліяш, чалавек, які карыстаўся вельмі высокім аўтарытэтам сярод парафіянаў. Вайна перапыніла будову. І завяршаць яе давялося новаму ідолцкаму пробашчу – маладому, энергічнаму ксяндзу Грамсу.
Не думаў ён пра сябе, вядома ж, і тады, калі дапамагаў тым, хто змагаўся з фашызмам у складзе Арміі Краёвай. Не думаў пра сябе, дапамагаючы сваім родным братам Юзафу і Мадэсту, якія ваявалі ў гэтай арміі. Не думаў, бкзумоўна, пра сябе і тады, калі падтрымліваў сувязь з партызанамі. І, безумоўна ж тады, калі апекаваўся групай яўрэяў, якая хавалася ад нямецкіх уладаў у далёкім Пэрхулёве. Ім ён дасылаў муку, хлеб, бульбу. За ўсё гэта, за ўменне забывацца пра сябе ён заплаціў вельмі дарагой цаной – сваім жыццём. Ёсць некалькі версій яго арышту ўласаўцамі. Адны сцвярджаюць, што яго ўзялі за братоў. Другія – што яго выдаў хтосьці з «акаўцаў», якіх ён спавядаў. Трэція – што выдала яго дзяўчына-цыганка, якую ён прывеціў разам з яе маці на плябаніі. Чацвёртыя – што ўсё гэта выйшла з-за яўрэяў, якім ён дапамагаў... Яго арыштавалі 7 чэрвеня 1944 г. Ворагі жорстка збілі святара, кінулі на павозку і павезлі – мабыць, у Полацк. Па дарозе спыніліся і ўчынілі ў вёсцы п’янку. Кажуць, ксёндз Грас спрабаваў уцячы. Яго забілі... Так скончыўся светлы, напоўнены прыгожымі, высокімі дзеямі жыццёвы шлях гэтага святара. Яго пахавалі ў Ідолце. Маладога тады ксяндза Люцыяна Паўліка нямецкія ўлады папярэдзілі, каб пахаванне прайшло ціха, без мітунгу. Мітынгу не было. Гучных прамоў, якія б кляймілі забойцаў, зразумела, таксама не было. Ды затое на пахаванні было вельмі шмат вернікаў, з чыіх вачэй ліліся шчырыя слёзы: людзі аплаквалі свайго ксяндза, душпастыра, настаўніка, чалавека, якога паспелі палюбіць. Гэта было 10 чэрвеня 1944 г. Менш за месяц заставалася да таго дня, калі апошнія фашыстоўскія фарміраванні пакінулі тэрыторыю Беларусі... Ксяндза Грамсам пахавалі на цвінтары, пры касцёле, будову якога ён скончваў. Таго самага касцёла, які ён аддаў у апеку Маці Божай на адным са сваіх абразоў, намаляваных тут жа, у Ідолце. На гэтым абразе Маці Божая трымае на руцэ маленькую выяву Ідолцкага касцёла. Чула душа ксяндза Баляслава Грамса, што гэтай прыгожай, з густам і любоўю ўзведзенай святыні патрэбна апека. А хто ж лепей можа апекавацца, як не Маці Божая? І Яна апекавалася. Касцёл вытрываў вайну, захаваўся для нашчадкаў. Захаваўся для нашчадкаў і абраз. Яго разам з другім – «Святая Імша за душы ў чысцы» – знайшоў на паддашшы касцёла ксёндз Антоні Лось, цяперашні пробашч Ідолцкай парафіі. Абразы занялі сваё месца ў святыні... ...Касцёл Маці Божай Шкаплернай у Ідолце стаіць амаль што сярод лесу. Вельмі блізка падступілі да яго задумлівыя кашлатыя елкі, высокія прыгажуні бярозы. Калі ўпершыню едзеш па дарозе з Мёраў на Друю, ён узнікае неяк раптоўна перад вачыма, як нейкі цуд і адначасна як рэальнасць. А калі падыдзеш бліжэй, паклонішся фігуры Маці Божай, якая клопатам ксяндза Антонія Лася апякуецца гэтым касцёлам, то, прыгледзеўшыся, можаш нават убачыць удалечыні той старадаўні касцёл, які стаіць на выспе, і які цяпер аднаўляецца ксяндзом Антоніем Лосем. Абедзьве гэтыя святні – сведкі трагічнага шляху Касцёла на беларусі. Сцены абедзьвюх гэтых святыняў захоўваюць у сабе памяць і пра адну вельмі яркую постаць – ксяндза Баляслава Грамса, – чый кароткі святарскі лёс яркай зоркай ззяе на небасхіле дзеяў Каталіцкага касцёла на Беларусі.
Ірына Жарнасек
Фота ксяндза Францішка Кіселя
|
|
|