Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(2)/1996
На кніжнай паліцы
Нашы сьвятыні
Постаці
Постаці

З ВЕЧНЫХ СНЯГОЎ – У ВАШЫЯ ХАТЫ
Постаці

КСЁНДЗ БАЛЯСЛАЎ ГРАМС
Пошукі і знаходкі
Пошукі і знаходкі

НЕВЯДОМЫ СЕРГІЕВІЧ
Роздум аб веры

ШЭСЬЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Нашы сьвятыні
Пераклады
Пераклады
Вандроўкі па Беларусі
Пра самае важнае
Проза

КРЫЖ ВЕРЫ І НАДЗЕІ
Проза

СУСТРЭЧА
Паэзія

ТРОІЦА. ДУХАЎ ДЗЕНЬ
Сведчаць архівы

CУПРАЦЬСТАЯННЕ
З жыцця Касьцела
З жыцця Касьцела

Ірына ЖАРНАСЕК

СТАРОНКІ БАЛЮЧАЙ ГІСТОРЫІ

Святар і ягоныя парафіяне. Духоўная сувязь, якая лучыць іх, часта падвяргалася самым суровым выпрабаванням. Мабыць, не заўсёды яна вытрымлівала жыццёвыя нягоды. Але ёсць шмат прыкладаў, калі гэта духоўная сувязь трывала, нягледзячы на якія ліхалецці. Мы друкуем лісты вечнай памяці ксяндза Часлава Барвіцкага, які, будучы ў сталінскай турме, на этапах, у высылках лічыў сябе шчаслівым чалавекам. Бо ягоныя парафіяне з Лучайскага касцёла, што на Пастаўшчыне, не забыліся пра яго, не заняліся выключна сваімі праблемамі, а ледзьве не восем гадоў, як маглі, падтрымлівалі свайго духоўнага настаўніка – шматлікімі лістамі, пасылкамі, грашыма. Не злічыць, колькі за гэты час было напісана лістоў, колькі пасылак з прадуктамі, адзеннем, цёплымі рэчамі было адаслана з Дучайскай парафіі спачатку ў Полацк, затым – у Комі АССР, потым – у Карагандзінскую вобласць...

Да нас дайшлі многія лісты ксяндза Барвіцкага. Ён пісаў іх не толькі на знак падзякі, што было б даволі звычайнай з’явай, але святар, як мог, імкнуўся і надалей заставацца святаром для гэтых людзей. Не проста чалавекам, які церпіць несправядлівасць і якому патрэбна спагада, але менавіта святаром. Парафіяне прысылалі яму тое, што было патрэбна для адпраўлення Св. Імшы, – аплаткі і разынкі, з якіх ён рабіў віно для адпраўлення Бяскроўнай Ахвяры. Прасілі маліцца ў інтэнцыі за іх, за многіх іхніх родных, што таксама пакутавалі ў лагерах ды ссылках, за памерлых... Амаль у кожным лісце святар паведамляе аб адпраўленых інтэнцыях і, у сваю чаргу, просіць памятаць пра яго ў малітвах. Сумам па касцёле, адарванасцю ад паўнакроўнага духоўнага жыцця, клопатам аб парафіянах, пакінутых без святарскае паслугі, прасякнуты кожны ліст кс. Барвіцкага. У Лучайскай парафіі было некалькі асобаў, праз якіх ён найчасцей падтрымліваў сувязь з усёй парафіяй. Але калі нават ягоны ліст пачынаецца такім асабістым: «Дарагая Маня!», «Дарагая Ганя!» альбо «Дарагая Зося!», усё адно ягоныя думкі – пра ўсіх.

Што яшчэ не можа не кранаць – гэта ягоная трывога за лёс святарства, якое ў тыя часы цярпела гэткі моцны пераслед. Многага не мог напісаць ксёндз сваім парафіянам адкрыта. Але хто з іх не разумеў, што калі ён пытаецца пра лёс «Варапаеўскага, Мядзельскага, Мосарскага, Мёрскага, Пастаўскага» і г.д., то гэта ён пытаецца пра ксяндзоў з гэтых мясцінаў, якія ў той час былі хто – у Інце, хто – У Варкуце, хто – у Карагандзе. Шмат парафіянаў, людзей, вельмі цесна звязаных з касцёлам, таксама спазнала турмы і лагеры. З болем ксёндз заўсёды пытае пра лёс Ванды Банішэўскай (у тэксце – В.), як сябровак, якія таксама цярпелі жорсткія выпрабаванні. Няшмат ён мог сказаць у лістах. І ўсё ж, дзякуючы таму, што першыя гады яму было дазволена пісаць лісты па-польску, то ён выказаў у іх свой сум, і свой боль, і свае надзеі з трывогамі. Пасля, ужо ў Карагандзінскай вобласці, вымушаны быў пісаць па-руску, а значыць, і лісты пільней прачытваліся чыжымі вачыма. Але тады ксёндз Барвіцкі заставаўся самім сабой, хоць і вымушаны ўжо назваць касцёл не інакш як «нашым прыгожым белым домам», і часам карыстацца толькі загалоўнымі літарамі і скарачэннямі там, дзе гаворка ідзе пра Маці Божую ці Пана Езуса.

Адарваны ад сваёй парафіі, ён працягваў жыць яе праблемамі, бедамі, надзеямі. І навучаў. У сваіх пісьмовых казаннях, як мог, падтрымліваў дух пабожнасці ў парафіі, іхнюю веру, вучыў згаджацца з воляй Божай і ўскладаць надзею толькі на Бога, асцерагаў ад наступу бездухоўнасці.

У той нялёгкі час ён здолеў быць ксяндзом не толькі для парафіянаў з Лучайскага касцёла, але і для тых, хто, адарваны ад родных мясцінаў, цярпеў разам з ім пакуты ў лагерах. Заўсёды каля яго былі «дзеці», заўсёды ён заставаўсядля іх айцом – і для тых, у далёкай Беларусі, і для тых, што былі побач, сярод халодных снягоў і чужых вятроў.

Амаль восем гадоў... Яны вытрымалі гэты экзамен – і святар, і парафіяне...

Пасля лагеру ксёндз Барвіцкі на пэўны час вярнуўся ў Лучай. Пасля зноў вымушаны быў пакінуць сваю парафію. Але праз усё жыццё духоўная сувязь гэтага святара з парафіянамі Лучайскага касцёла трывала. Дзе б ён ні быў. Пацверджанне гэтаму – многія і многія лісты, паштоўкі, фотаздымкі, віншаванні са святамі...

У адным з лістоў 1959 г. ксёндз Барвіцкі напісаў: «Некалі гісторыя будзе ганарыцца, што ў гэты час, у найдалейшых закутках разам з вернымі былі таксама і святары». Гісторыя, безумоўна, павінна гэтым ганарыцца. Але да нядаўняга часу сама гэтая тэма была адарваная ад гісторыі. Забароненая. І таму цяпер мы нанова адкрываем яе з горкім пачуццём далучанасці да таго даўняга болю, той даўняй ужо трагедыі, водгулле якой баліць і яшчэ будзе доўга балець Касцёлу на Беларусі. І Касцёлу, і ўсім нам, вернікам, усім людзям нашай краіны, чый лёс усцяж ператканы болем і трагедыямі.

Шчыра дзякую ўсім, хто быў непасрэдным удзельнікам гэтай гісторыі, хто збярог пра яе памяць, як і лісты, што тут друкуюцца.

Глядзі таксама:
Ксёндз Часлаў БАРВІЦКІ. «З ВЕЧНЫХ СНЯГОЎ – У ВАШЫЯ ХАТЫ»


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY