|
|
№
1(2)/1996
На кніжнай паліцы
Нашы сьвятыні
Постаці
Постаці
Постаці
Пошукі і знаходкі
Пошукі і знаходкі
Роздум аб веры
Нашы сьвятыні
Пераклады
Пераклады
Вандроўкі па Беларусі
Пра самае важнае
Проза
Проза
Паэзія
Сведчаць архівы
З жыцця Касьцела
З жыцця Касьцела
|
Хто можа быць сябрам супольнасці? Кожны, хто згодны з яе мэтамі. Дарэчы, адзін з галоўных абавязкаў удзельнікаў – штодзённая малітва за нашу Радзіму Беларусь. Кожны сумленны грамадзянін сваёй краіны клапоціцца аб яе сённяшнім і будучым дні. Па-рознаму служаць людзі на карысць сваёй Радзімы. Адны – у палітыцы, другія – у эканоміцы, трэція – у мастацтве, чацвёртыя – у спорце... Але кожны вернік, незалежна ад роду заняткаў, можа служыць ёй малітваю. Удзельнікі супольнасці выбралі сабе за дэвіз словы «Deo et Patriae» («Богу і Айчыне»). У хвіліны цяжкасцяў, сумненняў, выпрабаванняў гэтыя, згаданыя ў сэрцы словы, павінны падтрымліваць на духу і нагадваць галоўную мэту – службу Найвышэйшаму Стварыцелю і роднай зямлі, збалелай ад ранаў. Чаму супольнасць названая «Божым шляхам»? Таму што ў дзень стварэння яе ўдзельнікі неяк адразу пагадзіліся са сваім абраным і вызначаным шляхам. Ён павінен быць з Богам! Дарэчы, гэткую ж назву меў адзін з беларускіх малітоўнікаў. Пад гэткай жа назвай выходзіў і цікавы каталіцкі часопіс «Божым шляхам», які выдавалі ў Лондане айцы-марыяне і які да гэтага часу вельмі карысны кожнаму, хто прагне ісці па жыцці разам з Богам. Сваімі апекунамі сябры супольнасці абралі Слугаў Божых Юрыя Кашыру і Антонія Ляшчэвіча, якія ў 1943 г. загінулі пакутніцкай смерцю ад рук фашыстаў у беларускай вёсцы з пяшчотнай і сумнай назвай – Росіца. Не выпадкова і тое, што супольнасць «Божым шляхам» пачала сваё жыццё менавіта 18 лютага, у дзень, калі Слуга Божы Юры Кашыра прыняў смерць у полымі агню разам з тымі, каго ён вёў да Бога. На дзень раней загінуў у полымі і ксёндз Антоні Ляшчэвіч... Гэткая вось кароткая гісторыя стварэння ў Наваполацку хрысціянскай супольнасці «Божым шляхам». У яе ўвайшлі людзі рознага ўзросту – дарослыя, моладзь, дзеці. Два разы на месяц яны збіраюцца, каб дазнацца штосьці новае, падзяліцца сваімі ведамі, уражаннямі, пытаннямі, разам памаліцца, паспяваць прыгожыя хрысціянскія песні, папіць гарбаты. У часе пасяджэнняў абмяркоўваюцца самыя розныя праблемы і падзеі, кожная з якіх прысвечаная нейкай асобнай тэме. Але ёсць ужо і традыцыі. Усе пасяджэнні супольнасці пачынаюцца малітоўным гімнам «Магутны Божа», а заканчваюцца супольнаю малітваю аб беатыфікацыі Слугаў Божых Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры. Сябры супольнасці імкнуцца сваёю малітваю наблізіць беатыфікацыю вйцоў А. Ляшчэвіча і Ю. Кашыры і адначасна спадзяюцца на іхнюю апеку справамі супольнасці ў небе. Такім чынам, мы заўсёды разам з тымі, хто любіў гэтую зямлю і верна служыў Богу і людзям. Таму і зразумела, што другое пасяджэнне было прысвечана дзейнасці на Беларусі Закону Марыянаў і Супольнасці сясцёр – служанак Езуса ў Эўхарыстыі. Бо менавіта 5 айцоў-марыянаў і 16 сясцёр эўхарыстак у 1941 г. адважна ўзялі на сябе місію несці слова Божае да людзей Усходняй Беларусі. Двое з іх трагічна загінулі ў часе гэтай місіі. Але яшчэ засталіся сведкі і непасрэдныя ўдзельнікі тых падзей. Адна з іх – сястра Ядвіга Віршута, якая цяпер, у свае 80, нясе службу Богу і людзям у Полацку. Яна і была госцем таго пасяджэння. Незвычайная ціша стаяла ў пакоі, калі сястра Ядвіга распавядала пра тое, як яны навучалі дарослых і дзяцей праўдам веры, як ішлі ад хаты да хаты, ад сэрца да сэрца па зарослых бязвер’ем сцежках са словам Божым, як разам з людзьмі з навакольных вёсак былі замкнутыя лютаўскімі днямі ў Росіцкім касцёле, як потым па просьбе ксяндза Ляшчэвіча сясцёр выпусцілі, як назаўсёды развітваўся з імі пазней той самы ксёндз Ляшчэвіч, як праз дзень паўтарыў горкія словы развітання і просьбаў малітвы ксёндз Кашыра... Такое не забываецца. Не забылася на ўсё перажытае сястра Ядвіга. Верыцца, што не забудземся і мы, якія ў той дзень, затрымаўшы ў грудзях дыханне, слухалі яе аповяд, а пасля ў адзін голас усхвалявана прамаўлялі: «Ойча Нябесны! Дзякуем Табе за дар мужнае веры, надзеі і любові, якім узнагародзіў слугаў Тваіх, святароў Антонія і Юрыя, што па ўласным жаданні прынялі смерць у полымі дзеля Твае хвалы і дзеля духовага дабра даверанага ім люду. Учыні, каб тыя, хто сваім пастырскім клопатам атуляў не толькі католікаў, але й праваслаўных і з імі разам прыняў смерць, сталіся апекунамі ўсіх вызнаўцаў Хрыста. Адары слугаў Тваіх хвалою Алтароў, мяне ж – праз іх заступніцтва – барані ад граху і ўдзялі ласку..., аб якой я з даверам і пакораю прашу Цябе сёння. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн». Напэўна ж, надоўга застануцца ў памяці сяброў супольнасці і тыя пасяджэнні, на якіх сястра Валянціна распавядала пра гісторыю набажэнства «Крыжовы шлях», а пазней цікава распавядала і пра Маёвыя набажэнствы, пра сваю паездку ў Ларэта. На пасяджэнні, прысвечаным жыццю і творчасці ксяндза Канстанціна Стэповіча, вядома ў літаратуры пад псеўданімам Казімір Сваяк, гучала шмат вершаў. Людміла Мурашка распавядала пра ягоны дзённік, ішла гаворка і пра ягоны духоўны падзвіг – малітоўнік «Голас душы». На адной з сустрэчаў здзівіў сваімі ведамі законаў геральдыкі, хрысціянскіх легендаў і паданняў Ігар Мурашка, калі распавядаў пра тое, што сімвалізуюць сабою розныя колеры, выявы кветак у хрысціянстве. А яшчэ на адным з пасяджэнняў мы зноў, затаіўшы дыханне, слухалі Ігараў расповяд пра духоўны подзвіг святога Андрэя Баболі. Так мінулі зіма і вясна. Прычакалі лета. Наша супольнасць за гэты час набрала моцы. На кожным яе пасяджэнні мы абмяркоўвалі, якой павінна быць наша сімволіка. Адразу прыйшлі да згоды, што абавязковымі яе элементамі павінны стаць крыж – знак хрысціянскага збаўлення, і агонь – знак ачышчэння, трагічнага шляху хрысціянства ва ўсім свеце, а адначасна і памяці аб тым агні, пра які пайшлі да неба нашыя апекуны... Ігар Мурашка разам з Андрэем Рэцікавым прыносілі ўсё новыя і новыя праекты, малюнкі. Наш архіў захоўвае іх. А сімвал супольнасці стаў простым, зразумелым і вельмі блізкім. На тле беоага гатычнага скляпення – выява крыжа і чырвоны след – знак агню, крыві, ачышчэння... Так узнікла і нашая першая харугва, над якою рупліва працаваў Андрэй Рэцікаў і з якою мы паехалі ў першую пілігрымку нашай супольнасці. Яна планавалася ад самага пачатку, ад таго, мабыць, пасяджэння, калі ішла гаворка пра Росіцу.
Наш першы прыстанак – Сар’я. Кожнае месца, дзе быў альбо ёсць касцёл, – гэта асобная старонка гісторыі каталіцызму на Беларусі. Гісторыі, якую мы прагнем ведаць. Якой бы яна ні была балючай. У Сар’і касцёл пабудаваны панам Лапацінскім у 1857 г. Няпросты шлях гэтай надзвычайнай прыгожай святыні. Будаваная як касцёл, яна за царскім часам, калі каталіцтва на Беларусі жорстка праследвалася, была перададзена праваслаўным. Мясцовыя ж католікі не мелі месца для адпраўлення набажэнстваў. Пасля Кастрычніцкага перавароту стала цяжка ўсім – і праваслаўным, і католікам. Храм ператварыўся ў склад, дзе жанчыны сартавалі лён, прыгожую агароджу разабралі на будову электрастанцыі. Але яшчэ ў часе вайны сюды прыязджаў адпраўляць набажэнствы ксёндз Антоні Ляшчэвіч. Кажуць, тады тут маліліся і католікі, і праваслаўныя.
Стаім перад брамай, на якой вісіць замок, і мы. Гаворым пра непаразуменні ў гісторыі, але многія з нас не могуць згадзіцца з тым, што мы, праехаўшы няблізкі свет, так і паедзем, не пабачыўшы святыню з нутры. Ідзём да мясцовага святара, просім яго адчыніць касцёл, дазволіць на некалькі хвілінаў зайсці ў яго. Айцец Васілій неспадзявана лёгка згаджаецца. І вось мы падымаемся па крутой лесвіцы на другі паверх – у царкву...Нейкі час стаім моўчкі. Молімся «Ойча наш» і выходзім. На вуліцы дзякуем айцу Васілію за дазвол – пабыць у касцёле. Развітваемся. Едзем далей.
Гэта сюды, на станцыю Бігосава, прывозілі тых, каму выпаў шчаслівы лёс выжыць у Росіцкай трагедыі. Гэта адсюль яны трапілі потым – хто ў Саласпілс, хто – у Майданэк, хто – у Асвенцым... Шчаслівы лёс? Гаротны лёс... У Бігосаве няма касцёла. Але набажэнствы адпраўляюцца ў хаце адной сям’і. Вакол хаты – шмат кветак, у хаце – чысценька, прыбрана. Толькі што адбылася Святая Імша. Дзеці ўжо разбегліся, а ксёндз Антоні Лось разам са старэйшымі парафіянамі яшчэ затрымаўся. Заходзім у хату, спяваем «Магутны Божа». Ён, Магутны, збірае сваіх верных у катэдрах і базыліках, ля зачыненых храмаў і ў былых складах, на вуліцы і ў хатах.
Шчыра зычым гэтага шчасця парафіянам, дзякуем гаспадарам за смачныя малако, печыва, цукеркі і рушым далей у дарогу.
Святая Імша ў Росіцкім касцёле святой Тройцы. У тым самым. Ягоныя сцены захавалі на сабе сляды разбурэння. Ягоныя вернікі захавалі памяць і веру. Ягоны цяперашні пробашч верна служыць тут Богу і людзям, умацоўваючы іхнюю веру. Гэтае месца асьвечана любоўю і трагедыяй. І кожны з нас не можа не чуць у душы гэтае святасці. Ксёндз Францішак у казанні распавядае мясцовым вернікам пра нашую супольнасць. Некалькі хвілінаў цішыні... Маўчым усе разам: мы, якія прыехалі сюды ўпершыню, і яны, якія дакранаюцца да гэтай балючай трагедыі штодня. Кожны думае аб сваім. І, напэўна ж, усе разам мы звяртаемся ў сваіх думках да Таго, Хто можа і мае моц апекавацца гэтай збалелай зямлёю. Напярэдадні пілігрымкі ў душы нарадзіліся гэтыя радкі:
...Сонца набліжаецца да небасхілу. Скончылася нашая пілігрымка ў Росіцу, якой усе мы вельмі чакалі. Што дала яна кожнаму з нас? Думаю, шмат. Мы яшчэ падзелімся потым паміж сабою ўражаннямі. А пакуль – дарога дахаты. У наш Наваполацк. Па дарозе заязджаем у Верхнядзвінск, слухаем расповяд ксяндза Клаўдзія пра Верхнядзвінскі касцёл, злёгку зайздросцім тутэйшым католікам, бо яны маюць свой касцёл, а ў нас яшчэ невядома калі ён будзе. Але ён абавязкова будзе. Бо ўжо ёсць касцёл жывы. Касцёл у нашых душах. Ёсць вера, якую мы беражом, паглыбляем і нясём праз нашае жыццё. Божым шляхам!..
Фота кс.Францішка КІСЕЛЯ
|
|
|