Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(2)/1996
На кніжнай паліцы
Нашы сьвятыні
Постаці
Постаці

З ВЕЧНЫХ СНЯГОЎ – У ВАШЫЯ ХАТЫ
Постаці

КСЁНДЗ БАЛЯСЛАЎ ГРАМС
Пошукі і знаходкі
Пошукі і знаходкі

НЕВЯДОМЫ СЕРГІЕВІЧ
Роздум аб веры

ШЭСЬЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Нашы сьвятыні
Пераклады
Пераклады
Вандроўкі па Беларусі
Пра самае важнае
Проза

КРЫЖ ВЕРЫ І НАДЗЕІ
Проза

СУСТРЭЧА
Паэзія

ТРОІЦА. ДУХАЎ ДЗЕНЬ
Сведчаць архівы

CУПРАЦЬСТАЯННЕ
З жыцця Касьцела
З жыцця Касьцела


 
Хто верны ў малых рэчах – той верны таксама і ў вялікіх...
(Лк 16, 10).

***

Малітва... Якой яна павінна быць? Доўгай і трывалай, як у вячэрніку? Кароткай, але гранічна шчырай, якой маліўся Езус Хрыстус да таго, як учыніць свой чарговы цуд? Альбо такою, як у Садзе Аліўным, калі падчас малітвы пот змяшаўся з крывёю? Ідуць гады, мінаюць стагоддзі, тысячагоддзі, а хрысціяне трываюць на малітве, звяраючы яе з тою, якая была нам наказана. І ўсё ж кожны, хто кленчыць прад Найвышэйшым, мае ў сэрцы трывогу: «Ці такою павінна быць малітва?» Адны сцвярджаюць, што няма малітваў нявыслуханых, і гэта значыць, што Бог пачуе кожнае нашае слова, якім бы яно ні было. Другія даказваюць, што няважная малітва без добрых учынкаў, і, напэўна ж, гэта таксама правільна. Трэція больш звяртаюць увагу на вонкавы бок малітвы, г.зн. на тое, як чалавек кленчыць, як трымае рукі, як шэпча словы... У рубрыцы «Наша малітва» мы спадзяемся пачуць і адных, і другіх, і трэціх. Было б вельмі добра, калі б у ёй пажадалі выказацца моладзь і людзі старэйшага веку, святары, законнікі і сёстры законныя, усе, для каго малітва – не механічнае прамаўленне завучаных слоў, а шчырая размова з Панам Богам. Сёння пойдзе гаворка аб Ружанцовай малітве. І для пачатку размовы мы друкуем слова святога Людвіка Марыі Грыньён дэ Мантфорта, гарачага прыхільніка Ружанцовай малітвы, які жыў у ХVІІ ст.

***

СПОСАБ МАЎЛЕННЯ СВЯТОГА РУЖАНЦА

Чысціня душы

Не працягласць малітвы па часе, але яе запал – вось што падабаецца Богу і здабывае Ягонае сэрца. Адно «Вітай, Марыя», добра прамоўленае, заслугоўвае на большае, чым сто пяцьдзесят, прамоўленых кепска.

Амаль што ўсе католікі моляцца Ружаней альбо хаця б дзесятку «Вітай, Марыя». Але тады чаму так мала тых, хто выпраўляе свае кепскія схільнасці, звычкі і робіць поступ у развіцці цнотаў? Напэўна, таму, што яны не прамаўляюць тых малітваў так, як трэба. Дык жа паспрабуем усвядоміць сабе, як трэба маліцца, каб падабацца Богу.

Той, хто моліцца Ружанец, павінен быць у стане ласкі Божай альбо, прынамсі, пастанавіць сабе выйсці са стану граху.

Бо ўся тэалогія вучыць, што добрыя ўчынкі і малітвы, споўненыя ў стане цяжкога граху, – мёртвыя справы, якія не могуць быць прыемныя Богу і здабываць заслугі на вечнае жыццё. Гэтак трэба разумець сказанае: «Непрыгожая песня на вуснах грэшніка» (гл. Сір 15, 9).

Альбо, як сказана вышэй: «пастанавіць сабе выйсці са стану граху». Калі б сапраўды было абсалютна абавязкова знаходзіцца ў стане ласкі Божай, каб нашыя малітвы былі прыемныя Богу, то з гэтага вынікала б, што тыя, хто знаходзіцца ў смяротным граху, не павінны маліцца. Але ж менавіта яны патрабуюць малітвы больш, чым справядлівыя. Гэтая памылка асуджана Касцёлам, бо калі б так было, то не давялося б раіць ніводнаму з грэшнікаў маліцца Ружанец, бо ён быў бы для яго без усялякай карысці.

Мы ж даручаем святы Ружаней усім: справядлівым – каб яны вытрывалі і ўзрасталі ў ласцы Божай, і грэшнікам – каб яны сышлі з грэшнага шляху.

Сама Найсвяцейшая Панна так вымавіла аднаму грэшніку, які верна маліўся кожнага дня святы Ружанец: «Вось як ты мне служыш!». І, прамовіўшы гэтак, паказала яму надзвычай прыгожыя плады на бруднай талерцы.

Каб добра маліцца, недастаткова выказаць нашыя просьбы найлепшым з усіх спосабаў малітвы, якім з’яўляецца Ружанец. Абавязкова патрэбна яшчэ і вялікая ўвага, паколькі Бог больш за голас вуснаў слухае голас сэрца.

Прасіць аб чымсьці Бога, маючы духоўную добраахвотную неўладкаванасць, – вялікі брак павагі, які не толькі робіць Ружанец бясплодным, але напаўняе нас грахамі.

Як можна прасіць Бога, каб Ён нас выслухаў, калі мы самі сябе не слухаем? А ў часе, калі просім гэтую Найцудоўнейшую Веліч, Каторая глядзіць на зямлю і чніць так, што яна дрыжыць, мы можам забаўляцца палётам матылька? Гэтак мы і адварочваем ад сябе благаслаўленне нашага вялікага Пана і ператвараем яго ў пракляцце, выказанае супраць таго, хто нядбайна выконвае спрву Бога: «Пракляты той, хто б выканаў справу Бога няверна» (гл. Ер 48, 10).

Безумоўна, немагчыма маліцца Ружанец без нейкай міжвольнай няўважлівасці. Больш таго, цяжка гаварыць «Вітай, Марыя», каб наша фантазія, заўсёды неспакойная, не забрала з сабой хоць бы трохі нашай увагі. Аднак жа можна маліцца без добраахвотнай няўважлівасці: мы павінны ўжыць усе сродкі, каб засяродзіцца і перамагчы сваю нядбайнасць.

Таму стаўце сябе перад прысутнасцю Божай; верце, што Бог і Яго Найсвяцейшая Маці глядзіць на вас, што ваш добры Анёл Ахоўнік збірае вашыя «Вітай, Марыя», быццам ружы, калі яны прамоўленыя так, што сплятаюць вянок Езусу і Марыі ў той час, калі сатана кружляе вакол, каб зжэрці вашыя «Вітай, Марыя» і пазначыць тыя, што прамоўленыя без увагі, пабожнасці і сціпласці, у сваёй кнізе смерці.

У жыццёрысе благаславёнага Эрмана напісана, што калі ён уважліва адгаворваў Ружанец, разважаючы яго таямніцы, яму з’явілася Найсвяцейшая Панна – уся ў сонечным бляску, незвычайнай красе і велічы. Калі ж пазней ягоная малітва стала больш абыякаваю і ён адгаворваў Ружанец паспешліва, няўважліва, аднаго разу яму з’явілася Найсвяцейшая Маці са змучаным, сумным і пахмурным абліччам. Эрман здзівіўся такой рэзкай змене, але Найсвяцейшая Панна сказала яму: «Паказваю табе, якая я цяпер у тваёй душы, бо ад пэўнага часу ты ўспрымаеш мяне як нічога не вартую і не годную ўвагі. Дзе той час, калі ты вітаў мяне з пашанай і ўвагай, разважаючы над маімі таямніцамі і дзівячыся маёй велічы?».

Ніводная малітва не мае столькі заслугаў для душы і не праслаўляе Езуса і Марыю так, як добра адгавораны Ружанец. Але гэтаксама ніводная малітва не цяжкая настолькі для прамаўлення належным чынам і не патрабуе столькі вытрываласці з прычыны няўважлівасці, якая ўзнікае пры пастаянным паўторы адных і тых жа слоў.

Калі мы гаворым іншыя малітвы, то змена і разнастайнасць словаў затрымліваюць наша ўяўленне і падтрымліваюць дух, дапамагаючы тым самым добра маліцца. Але ў Ружанцы з прычны манатоннага паўтору «Ойча наш» і «Вітай, Марыя», а таксама заўсёды аднаго і таго ж метаду прамаўлення, лягчэй падступаюцца нудота і сум, якія могуць скончыцца выбарам іншых малітваў, больш цікавых і менш сумных.

Таму дзеля вытрываласці патрэбна вялікая пабожнасць у часе Ружанцовай малітвы. Без параўнання, яна павінна быць большай за тую, якой вымагае іншая малітва. Павялічвае цяжкасць і нашае такое зменлівае ўяўленне, якое не можа быць ні хвіліны спакойным, ды злосць сатаны – нястомная ў падкідванні нам няўважлівасці і перашкоды нашай малітве.

Чаго толькі ні ўжывае сатана супраць нас, калі бачыць нашую гатоўнасць маліцца Ружанец дзеля перамогі над ягонымі спакусамі! Павялічвае нашую ляноту і нашую натуральную нядбайнасць яшчэ да таго, як мы пачнем маліцца, павялічвае нашую нудоту і ўнутраную неўладкаванасць, нашую стому ў часе малітвы, словам, нападае на нас усялякім чынам, каб потым, калі мы пасля мноства высілкаў нарэшце скончым маліцца, смяяцца з нас, кажучы: «не згаварыў аніводнага «Вітай, Марыя», якое б мела значэнне. Бо адгавораны Ружанец не мае ніякае вартасці. Лепш было б, калі б ты пайшоў працаваць, займацца іншымі справамі. Траціш свой час на малітву без увагі. Лепш было б, калі б ты прысвяціў гэты час разважанню альбо чытанню кнігі... Заўтра, калі будзеш менш сонны, будзеш маліцца больш уважліва... Адкладзі, адкладзі на заўтра рэшту твайго Ружанца».

Не слухай яго і не паддавайся, нават калі падчас усяго Ружанца ў тваім уяўленні кружляюць самыя розныя думкі, якія ты імкнешся аддаліць ад сябе, як толькі можаш. Заўваж: твой Ружанец тым лепшы, чым больш мае заслугаў, тым больш мае заслугаў, чым больш працавіты, тым больш выпрацаваны, чым менш прыемны для душы і найбольш абцяжараны нудотнымі «мушкамі» ды «казюркамі», якія лётаюць то там, то тут насуперак тваёй волі, не пакідаючы душы часу адчуць смак таго, што яна мовіць, і раскашаваць у спакоі.

Калі б ты нават змагаўся з няўважлівасцю праз увесь Ружанец, адважна змагайся са зброяй у руках, гэта значыць, настойліва молячыся, хаця і без смаку і суцяшэння розуму. Гэта страшная барацьба, але ж якая збаўленчая для вернай душы!

У супрацьлеглым выпадку, калі складзеш зброю, гэта значыць, пакінеш Ружанец, будзеш пераможаны, а д’ябал – пераможца тваёй слабасці, які цяпер пакіне цябе ў спакі, не занядбае таго, каб у дзень суда нагадаць табе аб тваёй слабасці і нявернасці. «Хто верны ў малых рэчах – той верны таксама і ў вялікіх» (гл. Лк 16, 10). Хто верны ў аддаленні найменшай няўважлівасці падчас сваёй хаця б і найменшай малітвы, той будзе таксама верны і ў аддаленні большай. Безумоўна – гэта словы Духа Святога.

Дык жа адвагі, добрыя і верныя слугі Езуса Хрыста і Найсвяцейшай Панны, якія вырашылі штодня маліцца Ружанец! Асобныя «мухі» – так мы называем няўважлівасць, якая прыходзіць да нас падчас малітвы, – няхай ніколі не здолеюць учыніць, каб вы маладушна пакінулі сяброўства з Езусам і марыяй, якое маеце ў часе Ружанцовай малітвы.

Часопіс «Ружанец», N7, 1996 г.

Пераклад з польскай Ірыны ЖАРНАСЕК


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY