Гэта падзея сталася адной з самых важных у гісторыі адраджэння Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Апошні Сінод, які памятае тутэйшы Касцёл, быў скліканы Слугою Божым біскупам Лазінскім у 1929 г. у Пінскай дыяцэзіі. Пасля, як вядома, было парушана нармальнае духоўнае і рэлігійнае жыццё ў краіне, перарвана жывая тысячагадовая традыцыя – пачалася эра ваяўнічай атэізацыі і выхавання жорсткага нігілізму ў адносінах да хрысціянскай веры і Касцёла...
І таму гэты, першы за столькі дзесяцігоддзяў Сінод – Найбольш яскравае сведчанне адраджэння Касцёла, найбольш грунтоўнае пацвярджэнне таго, што рэлігінае жыццё на беларусі ўваходзіць нарэшце ў сваё нармальнае звыклае русла. Бо саборнае вырашэнне актуальных праблемаў, якія ставіць перад Касцёлам час, – характэрная вызначальная рыса яго жыцця з самых пачаткаў хрысціянства.
Статут жа гэтага Сіноду, раскрываючы яго мэту, адзначае, што ён павінен “акрэсліць заданне абедзвюх дыяцэзіяльных супольнасцяў праз распазнаванне знакаў часу ў святле навучання Каталіцкага Касцёла пасля Другога Ватыканскага Сабору на парозе трэцяга тысячагоддзя хрысціянства”.
Сама ж інаугурацыя Сіноду праходзіла надзвычай урачыста. Ніколі яшчэ старажытная Мінская катэдра за апошнія дзесяцігоддзі не прымала ў сваіх сценах гэтулькі святароў і гасцей.
Сваё апостальскае благаславенне, “як знак шчодрасці святла з неба” ўсім удзельнікам Сіноду даслаў Святы Айцец Папа Ян Павел ІІ.
Да прысутных з прывітальным словам звярнуўся Яго Высокапраасвяшчэнства Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі. Ён у прыватнасці зазначыў: “Сёння перад абліччам секулярнага свету, які ад рэлігійнай абыякавасці ўсё больш імкнецца да адкрытага або тайнага багамольства, Царква Хрыстова паклікана дзеля Імя Божага і славы Яго захоўваць і памнажаць адзінства духу ў саюзе міру”.
Думаецца, што слова галавы Праваслаўнай Царквы было ўспрынята ўсімі прысутнымі як крок да дыялогу “нашых Цэркваў-сёстраў”, як знак развіцця экуменічных адносін на Беларусі.
Урачыстая інаугурацыя Сіноду стала сапраўднай падзеяй у жыцці вернікаў, а сам Сінод будзе працаваць на працягу амаль двух гадоў. І дай, Божа, каб надзеі Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка на тое, што Сінод гэты “павінен ажывіць веру людзей, іх хрысціянскую актыўнасць, дапамагчы вернікам лепш зразумець Евангелле і наблізіць яго да жыцця”, цалкам спраўдзіліся.
Фотаздымкі з інаугурацыі Сіноду
З.Сордыль і У.Суцягіна.