| 
15 чэрвеня 1992. Менск
 
Святочная 
Дуга завету Божага 
услед магутнае залеве 
па надвячорка чыстым ззянні  
пра моц і вернасць Слова 
напомніць паспяшае тым, 
хто шчыра жджэ, 
нібы з каўчэга Ной адданы, 
знямогі морак змогшы, 
у сіл таемных ратунку – 
на беларускае гаротнае 
зямельцы, шыпшынавым 
адзначанай і кветам 
і цярном...
 
6.07.92. Дараганава
   
 ***  
Нам, спадкаемцам Садома й Гаморы, 
упэўненым у сіле чароўнага мастацтва, 
жыццёвае шчадроце хараства й прыгажосці, 
мо і ўдасца выбавіцца з гора – 
Усявышняга спрадвечнай ласкай 
хоць бы аднаму-адзінаму пустэльніку, 
чужому свету гульняў і забаў, 
далёкаму спакус сцявярджэння.
 
Трымае цвердзь Нябёсаў 
самотны малітоўны дар. 
   
 ***  
Увосень на плёсах рачных 
страсаюць сурова вятры 
ускраек нябёс і зямлі – 
жалудамі саспелымі. 
Іх прагна плынь паглынае... 
Іх ласкава зямелька прымае 
да карэньчыка рухам 
аднойчы нябёсам вяртае... 
Так лёсу людскога імгненні 
знікаць у вірах паспяшаюць або 
святлом у Сусвет прарастаюць...
   
 ***  
Стомленаму на пралётах 
між паверхамі – 
з веры ў веру, 
нашэптвае вораг 
пра тое – як позна, 
што кінуты ўжо 
насаўсім ты 
Бацькоўскаю ласкай, 
і перацята дыханне, 
і страчаны сілы 
для руху – угору, 
што й шлях твой – 
апалае лісце ўвосень, 
чыясьці памылка й усё. 
Шэпча вораг, 
а побач – 
смуткуе і плача
			ХРЫСТОС.
 
14.03.95
   
СЫНУ
 
Змяркання дрогкі чын 
плыве ў вечных строях... 
Самоціцца сасна на ўзлеску 
пад неба зменлівым абрусам...
 
Сцежка колераў таемна ўецца... 
Мігціць узнёсла акварэль. 
«Чамусьці зноў сутонне...», – 
здзіўляецца мастак услых.
 
Што ж рана так нязбытная туга 
людской сябрыны кволай – 
сваёй сябе тут пачувае...
 
6.02.94
   
ВЕРУЮ
 
І ў непазбежную пару адчаю, 
калі па рэштках крыла й зярняці 
распазнаецца адно пункцірна 
траекторныя руху душы 
і аглушальна гучыць 
маўклівы крык пачатаку – 
тады, шчэ мацней, чым калі, 
па наслані шчыльнай імглы 
мушу вераваць у паратунак – 
чарговае ацаленне жыцця	цудам.
   
ЧАЦВЁРТАГА ЛІПЕНЯ 
Дануце Т.-Ш.
 
Лагодзіла ружы паціху вада, 
пялёсткі ва ўпругае сіле 
шчэ тайну сваю зберагалі... 
Запавольвала рух самалёта 
няйначай чаканне здаля... 
З тэатральнага сквера абцасы 
філфакавак юных чутны. 
Перарывісты такт ва унісон – 
услед па жыццю з перасадкай. 
Бывала, пазніўся трамвай, 
а часу ставала на ўсё – 
упругая сіла душы 
спяшалася дзеяю стаць... 
Лагодзіла ружы паціху вада – 
чаканне гукала здаля.
 
5.07.94
   
 ***  
«Па ўсведамленню залежнасці 
слабой тваёй існасці 
ад Сілы Гасподняй, 
што зменіцца наўкола, 
палёгка якая пашлецца, 
ну, асабіста табе?»
 
...Спакуслівы прыцемкаў шал, 
спрадвечнае здрады сіло.
 
Сэнс: 
Гаючая сіла вяртання 
да Першакрыніцы – Хрыстова Крыжа. 
Гасподняй расплаты Сабою.
  |