Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(2)/1996
На кніжнай паліцы
Нашы сьвятыні
Постаці
Постаці

З ВЕЧНЫХ СНЯГОЎ – У ВАШЫЯ ХАТЫ
Постаці

КСЁНДЗ БАЛЯСЛАЎ ГРАМС
Пошукі і знаходкі
Пошукі і знаходкі

НЕВЯДОМЫ СЕРГІЕВІЧ
Роздум аб веры

ШЭСЬЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Нашы сьвятыні
Пераклады
Пераклады
Вандроўкі па Беларусі
Пра самае важнае
Проза

КРЫЖ ВЕРЫ І НАДЗЕІ
Проза

СУСТРЭЧА
Паэзія

ТРОІЦА. ДУХАЎ ДЗЕНЬ
Сведчаць архівы

CУПРАЦЬСТАЯННЕ
З жыцця Касьцела
З жыцця Касьцела

Часлаў БАРВІЦКІ

З ВЕЧНЫХ СНЯГОЎ –
У ВАШЫЯ ХАТЫ

ЛІСТЫ СВЯТАРА

 

5.04.1949 г.

Дарагая Ганя!
Дзякую табе за тое, што доўгія месяцы я не быў галодны. Столькі ты мела дарог! Няхай табе П.Ез. адплаціць. Праўда, на Б. Нараджэнне пасылкі ў Полацку не атрымаў. На Вігілію наша камера не мела ані сухарыка...
М.Б. Вастрабрамская прынесла цябе ў Воршу. У самы час. Увесь вагон глядзеў праз вокны, як ты дрыжэла на холадзе, прасіла кожнага начальніка перадаць у цягнік перадачу. Нарэшце злітаваліся – прынялі. Але той ліст, які ты напісала мне, не дайшоў. Бо тая кабета збаялася і выкінула яго. (...) Трэба значыць было скласці і гэтую ахвяру... Малюся, каб Вастрабрамская адплаціла табе за труды. Маліся за мяне.
Айцец.

 

Божае Цела, 1949 г.

Дарагія парафіяне!
Сёння ва ўсім каталіцкім свеце радуюцца сэрцы вернікаў, бо сярод іх ёсць Пан над Панамі, сам Бог, Езус. Магутны і вялікі, моцны і дужы. І такі блізкі, нібы ў Бэтлееме. А шчэ больш утоены. Бо і Дзіцяці не відаць. Толькі валак аплатка. Якое вялікае паніжэнне! Жадаў Езус, каб і Ягоныя вызнаўцы былі паніжаныя. Як кожны бацька ідзе паперадзе сваіх дзяцей, так і каплан Езус, які любіць нас, увесь час ёсць з намі і вядзе нас, каб падтрымаць наш дух.
Сярод абраных Езуса я ёсць таксама. Вельмі моцна паніжаны. У Полацку быў сярод чатырох мокрых сценаў падвала, без вакна, без паветра. Маё жытло было на некалькіх дошках. Кавалак хлеба, які прынесла мне (неразборл. – І. Ж.) падзяліў з нейкай кабетай, якая сядзела насупраць і прасіла ўвесь час дзяжурнага, каб хоць што-небудзь даў з’есці, бо вельмі галодная. Рэшту ў мяне сцягнулі (неразборл. – І. Ж.). У мяне адабралі акуляры. Затым кінулі ў другі падвал: там я апынуўся з хлопцамі.
На першым допыце адразу даведаўся, хто на мяне нагаварыў. Допыт быў вельмі кароткі, бо стала зразумела, што нагавор той – няпраўда. Думаў выпусцяць, але мне змянілі «стаццю» і прышылі рэлігійную прапаганду. Сказаў ім, што маю права гаварыць аб рэлігіі, бо я – ксёндз і самі ж улады мяне і рэгістравалі. Нічога не дапамагло. Сказалі, што Святы Айцец ідзе насуперак ім, а паколькі я слуга Святога Айца, то і я ім вораг.
Суд быў – адзін смех. Далі адваката Шульмана. Выбралі яго яны самі, да суда мы нават не сустрэліся. Толькі на судзе. Адвакат заміж таго, каб абараняць, яшчэ больш мяне абвінавачваў, чым пракурор. Убачыў я, што нічога з гэтага добрага не выйдзе, і даручыў свой лёс самаму ўлюбёнаму майму Пракурору – Езусу Хрысту.
Вывезлі ў Воршу, адтуль – у Пячору, з Пячоры – на Варкуту. Асобныя дні шляху былі такія цяжкія, што ўжо не спадзяваўся вытрываць. Але вашыя малітвы, дарагія парафіяне, відаць, дайшлі да Найвышэйшага Пана, бо ўсё вытрываў. І сёння ў лагеры я нават усцешаны, што Пан Езус закінуў мяне сюды.
У першым лагеры знайшоў некалькі хлопцаў – і палякаў, і ліцвінаў, – якія пяць гадоў не бачылі ксяндза. Якая ж была нашая радасць, калі якраз на Вялікдзень мы атрымалі ў пасылцы ўсё патрэбнае для Св. Ім. Паспавядаліся і прынялі св. Камунію. Цешыліся, як малыя дзеці.
Цяпер я ў новым лагеры. І тут ёсць некалькі католікаў. нядаўна са шпіталя прыехаў Курыловіч з Чорнага (каля Варапаева). Таксама з намі. Як жа мы цешыліся, што можам разам і памаліцца! А на св. Антонія было двое з гэтым імем, дык яны таксама прыступілі да св. Камуніі.
Бачыце, дарагія парафіяне, усё выйшла на добрае. Яны тут, бедныя, таксама прагнуць суцяшэння. За тое і маліліся. І ўсе шчыра вераць, што вернуцца дахаты. Але каб гэта хутчэй сталася, прашу вас і надалей гаварыць пацеры за мяне і за шсіх вязняў.
З плачам чытаю кожны ваш ліст і атрымліваю кожную вашую пасылку. Дужа цешуся, што вашыя сэрцы такія шляхотныя. (...) Маіх рэчаў, якія ў мяне забралі, я не шкадую – Бог даў, Бог і ўзяў. Усё гэта можна набыць, калі Езус паблагаславіць. Чакаю той хвіліны, калі змагу вярнуцца да вас і падзякаваць усім, хто мне дапамагаў. Вельмі ўмацоўваецца мой дух, калі чытаю, што за мяне адпраўлялася св. Імша, што хтосьці за мяне прымаў Св. Камунію, а дзеткі таксама шэпчуць за мяне пацеры. Мой Божа! (неразборл. – І. Ж.). А калі каму прынёс прыкрасць альбо штосьці дрэннае ўчыніў, то на каленях прашу прабачэння. Для мяне добра, што цярплю тут, бо тым самым кшталтую сваю душу. Цяпер лепш бачу, якім я быў і якім павінен быў быць. Стакроць дзякуй вам за ўсё. Старых даручаю св. Язэпу і св. Тадэвушу, мацярок даручаю св. Ганне, бацькоў – св. Антонію, дзяўчат даручаю Беззаганнай, хлопцаў – св. Андрэю Баболю. Дзяцей жа даручаю самому Езусу. Каб сам Езус вёў вас!..

Ваш айцец.

 

25.ІХ.1949 г.

Дарагая Ганя!
Сёння атрымаў тваю пасылку з яблыкамі. Дайшлі вельмі добра, толькі адзін сапрсуўся. Твае лісты вельмі чулыя. Напраўду ж, ты анёлак, які суцяшае мяне, няшчаснага. Пан Езус вельмі любіць тых, хто дбае аб святарах, бо яны – пасрэднікі паміж небам і зямлёй. Калі іх бракуе, на зямлі робіцца сумна, цяжка, цёмна і безнадзейна. Паколькі яны – святло свету, таму мусяць усюды быць першымі, нават у пакутах. Таму яны цяпер і мучаюцца, і плачуць, і туляюцца па свеце, бо тут ім няможна застацца. Усё гэта патрэбна ў Божых планах.
Твае пацеры за нас – гэта пярліны, якія П. Езус збірае і ўпрыгожвае імі мае скроні. Цешуся гэтым. Няма на зямлі прыгажэйшага занятку, як маліцца за святароў. (...)
Медалік дайшоў. Але яго адразу сцягнуў мой Міхась і адзеў на сябе. Тут людзі з усяго свету, найбольш, праўда, рускіх. Але яго адразу сцягнуў мой Міхась і адзеў на сябе. Тут людзі з усяго свету, найбольш, праўда, рускіх. Але шмат такіх, якія не вераць у Бога і плятуць, што Яго няма, але як убачаць крыжык ці медалік, то адразу хочуць займець сабе. І кажуць тады, што толькі гэта можа яшчэ іх адратаваць.
У нас усё белае. Шмат снегу. Некаторых павезлі на новае месца. Куды я патраплю, альбо застануся тут, не ведаю.
Калі хто будзе ў Вільні, то можа б, набылі прыгожых абразкаў П. Езуса і М. Божай. У мяне былі ў мяху, але, відаць, ужо згінулі. А вельмі хацелася б раздаць на памятку.
З адзення высылаць нічога не трэба, бо можа прапасці. Калі б хто мог пару цёплых шкарпэтак зрабіць, то быў бы вельмі ўдзячны, бо свае разадаў маім босым дзецям.
Ганя, дарагая! Няхай за ўсё ўзнагародзіць цябе Беззаганная. Як толькі даведаешся адрас якога-небудзь к-дза, то адразу напішы. Другую палову ліста аддай Галіне Літвінёнак.

Айцец.

 

1.Х.1949 г.

Дарагая Ганя!
Маці Божая Ружанцовая інакш яшчэ называецца М.Б. Пераможнай, бо яна перамагла шатана і шмат ворагаў.
Прыгожы гэты месяц Марыі! Прыгожыя сем’і, калі яны перад абразом Марыі ўвечары пры дзвюх свечках паўтараюць «Вітай, Марыя... Святая Марыя...». Увесь час адзін і той жа заклік, нібы сваім зямным голасам хочуць прабіць нябёсы і дайсці да самага Сэрца Беззаганнай.
Скажы харысткам, што вельмі прашу іх, каб ахвяравалі таксама і за нас, святароў-вязняў, частачкі Ружанца. Будзем блізка адзін аднаго. Бо Марыя будзе слухаць і вас, якія прамаўляеце да Яе ў сваіх хатах, і нас, кінутых за тысячы кіламетраў у вечныя снягі.Будзем чуць сябе дзецьмі адной Маці, якія хаця і далёка адзін ад аднаго, але якіх Яна ведае, любіць і пра якіх клапоціцца.
Перажылі мы рознае ў жыцці, але, дзякуючы Яе апецы, суцяшаем нашых дзяцей, і нават даем разграшэнне, і нават удзяляем св. Камунію. Ці гэта не цуд? Каб гэтак далёка Езус уваходзіў у сэрцы бедных вязняў! Дзівосна Ён кіруе намі! На пэўны час Ён пакінуў прыгожыя святыні, найпрыгажэйшыя набажэнствы, цудоўныя ўрачыстасці і прыйшоў у месца вечнай зімы, каб разаграваць тут чалавечыя сэрцы. Да нас прыходзяць дзеці іншых айцоў, распытваюць пра нашу веру, пра Езуса. Вось тут успыхваюць і сваркі, хаця й паволі, але ўсё ж засяваецца пачатак Божай любові. Цікавае гэтае нашае апостальства. Усюды маглі ехаць місіянеры, толькі не сюды, але Пан Езус знайшоў спосаб і прыслаў сюды місіянераў. Хаця і праз боль гэтых місіянераў, ды любоў да Яго пашыраецца. Няхай жа Ён будзе за ўсё благаславёны!
Нам патрэбна дапамога. Бо сілы нашыя слабыя. Праўда, Езус з намі і дапамагае, але Ён хоча, каб усе былі апосталамі. Калі моліцеся за святароў і дапамагаеце ім, то гэта азначае, што і вы апосталы. Якая ж прыгожая супольнасць! Жадаю, каб той Ружанец, які прамаўляеце ў сваіх хатах, яднаў нас у гэтым агульным апостальстве.
Атрымаў з Вільмі некалькі медалікаў і крыжакаў. Іх адразу разабралі. Асабліва тыя, што не былі католікамі. Просяць, каб яшчэ даў, бо не ўсім хапіла. Таму, калі будзе хто ў Вільні і дастане колькі медалікаў ды крыжыкаў, то ласкава прашу прыслаць мне ў якой-небудзь пасылцы.. Няхай гэты крыжык нагадвае ім, што Езус цярпеў і за іх. Гэта будзе дапамагаць ім несці іхні цяжар. Толькі праз крыж можна збавіцца.
Набліжаецца ўрачыстасць св. Тадэвуша. Прашу вас, дарагія харысткі, на працягу дзевяці дзён мовіць Навэнну, каб гэты Апякун ад неспадзяваных бедаў, вярнуў нас у святыні. Ён можа паправіць нават безнадзейныя рэчы. Памятайце, як маліліся мы за кс. Рамэйку? Выслухаў нас і вярнуў яго ва ўлонне Айчыны. У часе Навэнны старайцеся быць лепшымі. Калі не ўдасца прыступіць да св. камуніі, то духам прагніце, каб Езус увайшоў у вашыя сэрцы.
Набліжаецца і Дзень Задушны. Ідзіце на могілкі. Зрабіце там парадак. Нашы наймілейшыя хочуць, каб і на іх не забываліся. Ачысціце магілы, скасіце траву, горача маліцеся за іх, каб як найхутчэй дайшлі яны да Хвалы вечнай.
У нас тут могілак не відаць. Дзесьці напэўна ж ёсць. Але хто памятае пра душы? Нашых легла тут тысячы. І за іх памаліцеся Анёл Панскі.
Не маеце капланаў – самі будзьце капланамі. Падтрымлівайце дух пабожнасці. Дарагая Ганя! Тваю пасылку, а таксама пасылку Лаўгіноўскіх, Пяткевічаў атрымаў. Выслаў ім лісты. Бог узнагародзіць за ўсё.

Адданы ў Хрысце – Часлаў.

 
На здымку: (злева направа) кс. Часлаў Барвіцкі, кс. Генрык, а. Ян і а. Пётр.

5.Х.1949 г.

Дарагая Ганя!
Напісаў табе ліст, але яшчэ і праз Соню пару слоў напішу. Найперш хачу паведаміць, што пакуль што сяджу на ранейшым месцы, і адрас мой той жа. Пішыце заўсёды на маё прозвішча. На пасылкі і лісты адразу адказваю. Калі ж ад мяне няма адказу, то не перажывайце, бо тут пошты на месцы няма, часам даводзіцца вельмі доўга чакаць.
Сумна мне ад паведамлення пра Віцю. Напішы, ці Мёрскі на месцы, альбо таксама з Віцем? З Пагоста пісалі мне, што там таксама няма... Вельмі хацеў бы ведаць, дзе з Порплішча. Калі выпадкам даведаешся ягоны адрас – накрэслі мне адразу. (...) Твой ліст з Полацка чытаю і перачытваю. Цешуся, што ты гэтак пасвячаешся дзеля нас, і сумую, што зашмат маіх братоў ужо наведалі гэты горад (размова ідзе пра турму НКВД у Полацку, дзе ўтрымліваліся вязні да суда. Праз яе прайшлі многія святары з былой Заходняй Беларусі – І. Ж.). Няхай споўніцца воля Неба!
Прывітай усіх дарагіх харыстак і скажы ім, што я заўсёды памятаю пра іх. Прашу памятаць пра мяне ўдзельніц Трэцяга Закону. Яны мілыя Езусу, бо шмат моляцца. Усё, што прысылаеце, добра. Вельмі смачна. Вельмі патрэбныя цыбуля, часнок альбо штосьці з зеляніны. Няхай св. Ганна мае цябе ў сваёй апецы.

Адданы Хрысту – айцец.

 

15.IV.1950 г.

Дарагая Маня!
Атрымаў ад цябе паштоўку. Сардэчна дзякую за пацеры каля падножжа Вастрабрамскай. Веру, што яна і чула, і выслухала. Цешуся, што ты трохі адпачыла там душой. Чырвонае яечка, якое ты прыслала, было вельмі прыгожае і вельмі патрэбнае – падзяліцца. (...)
Вялікдзень правёў прыгожа. Есці было што. Большасць дзяцей прынялі св. Камунію. На супольныя малітвы цяпер не збіраемся, але на адзіноце ніхто не забараняе памаліцца.
Працую як і раней – на будоўлі дамоў. На святы пашанцавала на пару дзён вызваліцца ад працы. Цешуся, што зноў на ранейшым месцы. Бо два тыдні быў сярод вельмі страшных людзей. Але М.Б. вярнула мяне назад. Напісаў Зосі, каб пачакалі з пасылкамі, бо не ведаў, дзе буду. Цяпер, слава Богу, адрас той жа. У вас ужо і птушкі прыляцелі, цёпла... А ў нас снег. Вясна трохі чуваць, бо ўжо няма вялікіх маразоў, але ўсе ходзім у зімовай апратцы, як і зімой.
Калі ў пасылку кладзеце табаку, то можна пару рублёў пакласці паміж лістамі, і тыя лісты склеіць. Альбо запячы ў чорны сухар. А калі гэта не ўдасца, то можна паспрабаваць пакласці знарок зверху і ў картцы напісаць, што выслана столькі-то рублёў. Падзякуй усім за апеку нада мной. Кладу разам і картку для Канстанціна. Перадай яму, калі ласка. Прывітанне сям’і.

Айцец.

 

31.VII.1950 г.

Дарагая Зося!
Хутка ляціць час. Розныя думкі прыходзяць у галаву. Найчасцей пра тое, як мы павінны дзякаваць Богу за ўсё. Здавалася, што на гэткім вялізным аддаленні, дзе я апынуўся, чалавек мусіць згінуць, як муха. Але Вастрабрамская чувае над сваім абраным. Хаця мая родная маці і далёка, але ў парафіі знаходзяцца людзі, якія і суцяшаюць вязня, і кормяць. Гэта Яна шэпча ў вашыя душы, каб любоў да бліжняга была на практыцы. Фотаздымак Лучайскай Беззаганнай вісіць над маімі нарамі. Штодня малюся да Яе за вас, бо вы цяпер для мяне самыя дарагія людзі. Штодня малюся да Яе за вас, бо вы цяпер для мяне самыя дарагія людзі. Часта ўяўляю сябе тады ў нашым прыгожым касцёле і шчыра веру, што, можа, ужо і незадоўга прыйдзе тая хвіліна, калі буду і я адпраўляць набажэнства падзякі.
Дарагая Зося! Усе вашыя малітвы за святара Беззаганная запісвае ў сваім Сэрцы. Гэта большае багацце, чым золата і срэбра. Усе мы рыхтуемся да Суда Божага. О, як жа лёгка будзе там душы, якая штосьці добрае зрабіла на зямлі! Захавайце свае душачкі асабліва для Беззаганнай. Няхай вашыя сэрцайкі будуць заўсёды крышталёва чыстыя – гэта большы скарб і багацце, чым брудная раскоша.
Жнівень прысвечаны Сэрцу Беззаганнай Марыі. Жадаю, каб гэтае Сэрца як найлепей узяло вас пад сваю апеку і прынесла вам шмат радасці.
Будзь ласкава, другую картку аддай Мані. Прывітанне сястрычцы і ўсіх харысткам, парафіянам.

У Хрысце – Часлаў.

 

16.VIII.1950 г.

Дарагая Марыся!
Учора, у дзень Унебаўзяцця Н.П.М., атрымаў тваю пасылку. У ёй быў эліксір. Паглядзелі на налепку і аддалі. Найгорай, што там былі лісты, а цяпер лісты з пасылак не аддаюць. Забралі і мае. Вельмі цікава, ад каго яны былі. Напішы абавязкова па пошце.
Вельмі ўдзячны за дапамогу і ўжо назаўтра адправіў св. Імшу за ахвярадаўцаў гэтай пасылкі. Дзякуючы Богу і вашай дапамозе, я не галодны. І нават дзякуючы эліксіру, магу штодня прымаць у сэрца Наймілейшага Збавіцеля.
Заміж двух меў толькі адзін тыдзень адпачынку. Дык учора, у дзень Унебаўзяцця Н.П.М., асабліва маліўся да Яе. Узгадаў, як два гады таму я меў апошняе казанне ў нашым Лучайскім касцёле. Сыходзіў з амбоны, а ў душы штосьці казала, што апошні раз я мовіў тут. На трэці дзень бычу: у касцёл прыйшоў той чалавек, што сачыў за мной. Ён зазвычай бываў толькі на святы. Адразу нібы хтосьці штурхнуў мяне: зразумеў, што павінна нешта адбыцца. А ён пайшоў і патэлефанаваў, што я дома. Па мяне прыйшоў адзін начальнік, паклікаў у сельсавет, і я зразумеў, што, мабыць, не вярнуся. Пакінуў яго ў хаце, выйшаў на двор, паглядзеў у поле: усе на жніве. Мільганула думка паспрабаваць уцячы. Але перажагнаўся і сказаў: «Будзь воля Твая».
Цяпер і мая мама плача...
Мабыць, мая ахвяра была патрэбная для св. Касцёла. Некалькі гісторыя будзе ганарыцца, што ў гэты час, у найдалешых закутках разам з вернымі былі таксама і святары. Калі б я толькі аднаго свайго таварыша па вязніцы падтрымаў і суцешыў ягоны дух, то ўжо і тады выканаў бы сваю ролю.
А колькі магчымасці для парафіі адчуць, як мы робімся адной сям’ёй! І малітвы, і дапамога – усё гэта не застанецца без узнагароды. За кубак вады, пададзены бліжняму, Езус абяцае неба. Што ж казаць аб такой дапамозе, якую я атрымліваю цяпер ад парафій? Цешуся, што вы прыносіце столькі радасці Езусу і Беззаганнай. Жыццё нашае нядоўгае. А тое, што паспеем зрабіць добрае, усё будзе запісана ў нябесных кнігах. (...)
Духова трымаюся моцна. І хаця напярэдадні Унебаўзяцця прыйшоў мне адказ, у якім напісана, што просьба, якую вы пасылалі, не прынята пад увагу і ў памілаванні мне адмоўлена, для мяне гэта толькі азначае, што Усемагутны Езус знойдзе іншыя спосабы вярнуць мяне да вас. Няхай Ён сам гэтым распараджаецца.
Накрэслі мне, што там чуваць. Як там мае апякункі ў шпіталі? Калі спаткаеш Мосарскага – перадай яму прывітанне ад мяне. Даручаю цябе, нашых ахрыстак, усю парафію апекунам Лучайскага касцёла.

Айцец.

 

6.Х.1950 г.

Дарагая Ганна!
Надыйшоў кастрычнік. Мы разам з некалькімі маімі дзецьмі штодня молімся Ружанец. Думаю, і парафія памятае аб гэтым прыгожым набажэнстве. Маці Божая Ружанцовая іначай называецца Пераможнай. Праз Ружанец усё можна выпрасіць у Яе. Мне ўсё здавалася, што я павінен хутка вярнуцца дадому, але гэта залежыць ад таго, ці прыйшоў на гэта час у планах Марыі. Можа, гэтае вяртанне было б нядобрым. Дык няхай будзе Яе святая воля! Няхай Яна сама вызначае тэрмін. Адно ведаю цвёрда: калі Яна захоча – не загіну. Цяпер я задаволены з тае прычыны, што сяджу тут, разумею і сваю тут патрэбу. А што парафія без святара – гэта,вядома ж, вельмі сумна. Але, мабыць, патрэбна было для нейкай Божай мэты.
Цяпер прыехаў адзін (неразборл. – І. Ж.) і прывёз з сабой старадаўнюю кніжачку – Евангелле. Вечарамі група хлопцаў слухае, як мы чытаем словы Езуса, дзівяцца, што так усё прыгожа, па-святочнаму. Кажуць, зусім інакш уяўлялі гэтую навуку, пра якую ім заўсёды казалі толькі дрэннае. Цешыць мяне і тое, што гэтыя хлопцы калі чаго не разумеюць, то пытаюцца ў мяне. Калі хоць адна душа штосьці з гэтага скарыстае, то ўжо дзеля аднаго гэтага я тут патрэбны. Бо П. Езус, безумоўна, любіць гэты народ, які змагаецца з Богам...
Няхай жа дзеецца воля Неба!

Айцец.

 

20.Х.1950 г.

Дарагая Маня!
Вялікі дзякуй за разынкі.
Праўда, мусіў імі трохі падзяліцца. Бо непадалёк ад мяне ёсць адзін ксёндз. Мы не былі з ім знаёмыя – ён з Пружанаў (каля Бярэсця). Даведаўся пра мяне і папрасіў, каб я пераслаў яму св. Камунію. Дыя я і паслаў яму ўсё, што патрэбна для адпраўлення св. Імшы. Вельмі дзякаваў за гэта. Аплатак пакуль што мне хопіць, Канстанты яшчэ прыслаў. (...)

Айцец.

 

26.VІІІ.1951 г.

Дарагая Маня!
(...) Цяпер ужо ведаю, да якой Лёні мне не пісаць. Можа, яна вярнулася дадому? Ох, гэтае наша жыццё!..
Памятаю, ты хацела быць у Вастрабрамскай. Ці ўдалося? Ці пішаш ты да Р.? Я да яе паслаў два лісты. Цікава, чаму ні В., ні Ліля нічога не пішуць? Дзе яны могуць быць? Можа, хто-небудзь ведае штосьці пра іх? (...)
Калі спаткаеш Валодзю з Дукаў, то запытай, як там трымаецца кс. Ян? Ці піша ён што? Цікава, дзе Пастаўскі? Ён і так быў слабы на здароўе... Не маюць яны ягонага адрасу? Бо на той, які яны мне калісьці давалі, адразу не атрымаш.
Некаторыя з маіх тутэйшых прыяцеляў павыязджалі на новае месца працы. Я пакуль што застаўся.
Прашу і надалей памятаць мяне ў пацерах. Даручаю цябе апецы Сэрца Беззаганнай.

Айцец Часлаў.

 

20.І.1952 г.

Дарагія Зося і Ганя!
Вастрабрамская Пані, напэўна, так захацела, каб я ў сваім жыцці хоць трохі спазнаў таго, што прайшоў наш найміласэрнейшы Збавіцель. Перанесла Яна мяне з Поўначы на сярэдзіну Азіі. Навокал пустэльня, нідзе ані дрэўца не відаць. Зімы тут халодныя, леты гарачыя. Як міла ўспамінаецца цяпер наш умеранны клімат, ад якога нам тут гэтак цяжка адвыкнуць. Прыехаў сюды са сваімі дзецьмі, прывыклі адзін да аднаго за гэты час. Ды раптам трэба было раз’ехацца ў розныя бакі. І зноў Вастрабрамская пажадала ахвяры. Шмат было плачу. Пакуль што застаўся я з адным дзіцем. Яно і апякуецца мной. З дя на дзень чакаю, што і мяне адправяць на нейкія работы. Таму не высылайце мне пакуль ніякай дапамогі. Калі буду на новым месцы – падам адрас. Але пісаць прашу. Лісты для мяне – вялікая радасць. Ён ведае нашы думкі і пачуцці... Ужо тры месяцы сяджу тут, а меў толькі пару лістоў ад вас. Адзін ад Зосі і адзін – ад Гані. Не ведаю, можа, і мае гэтак жа дрэнна даходзяць да вас? Ад маёй мамы зусім не маю вестак. Прашу цябе, Зося, як спаткаеш Галю Пяткевіч, дык папрасі, каб пішучы да сваёй сястры, яна паведаміла і маёй маме, што я жывы і здаровы. У Галі ёсць адрас маёй мамы. А калі сама будзеш пісаць Мальчэўскім, то таксама папрасі перадаць маёй маме, што я заўсёды памятаю пра яе і пры выпадку сам ёй напішу.
Ведаю, Найміласэрнейшаму Езусу падабаецца нашае жыццё. Ён цяпер з большай, чым раней, чуласцю глядзіць на яго. Лепш чуе нашыя жаданні і спадзяванні. Ён пранікае цераз нас. Гэта не мы ўздыхаем. Гэта Ён нанова праходзіць Кальварыю, але цяпер ужо – праз нашыя сэрцы і душы. Усё, што адбываецца з намі, усё дзеецца з Ягонае волі. Так хоча Езус. Калі захоча іначай, то не супрацівіцца Яму нават увесь свет, бо Ён мацнейшы і Ён – над светам. Ведаю, некаторыя надломваюцца цяпер у сваіх сэрцах. Яны не могуць зразумець гэтай таямніцы цярпенняў. Праўда, гэтыя цярпенні так супярэчаць нашай натуры, што мы ажно часам плачам. Але трэба вытрываць. Ягонае Валадарства – не толькі над нашымі душамі ў небе. Ён хоча валадарыць і на зямлі, у нашых сэрцах. Гэта нічога, што цяпер у нашым касцёле пуста. Няхай кожная пабожная душа будзе касцёлам, які ходзіць па зямлі. У чыстай душы жыве ўвесь Езус, уся Тройца. Як жа цешыцца неба, калі святая Тройца мае дзе жыць. Хацелася б, каб у нашай парафіі не было ніводнай душы, дзе б не знаходзілася ўся святая Тройца. Хацелася б, каб дзеці, моладзь і старыя разумелі гэта і цешыліся, што яны абраныя дзеля таго, каб сам Бог жыў у іх.
Здавалася б, варункі, у якіх мы тут знаходзімся, такія цяжкія, што людзі будуць праклінаць усё на свеце. Але для некаторых гэта аказалася і сапраўданай школай. Я знайшоў тут маладых людзей, якія дома былі недавяркамі, а цяпер, угледзеўшыся ў сябе, пазналі, што яны штосьці малое, бяссільнае, і суцяшэнне можна зведаць толькі ад кагосьці, хто стаіць па-над гэтым нэндзным светам. Яны запэўніваюць, што да смерці будуць цяпер адданымі вернікамі. Людзі распытваюць мяне аб розных праўдах веры, і гэтак прабягае наш час. Я ж пакуль маю магчымасць складаць Бяскроўную Ахвяру. Безумоўна, гэта для мяне вялікае шчасце. Заўсёды ў гэтыя хвіліны памятаю пра вас: і пра харыстак, і пра дзяцей, і пра бедных старых, якія не могуць дайсці цяпер да касцёла. Пра бацькоў і мацярок, што клапоцяцца аб сваіх дзетках, пра кожную вёскую, пра кожны засценак і хутар. Веру, што Вастрабрамская заносіць гэтыя малітвы свайму Сыну, а Ён Яе чуе, бачыць і благаслаўляе вас. Прашу вас усіх і пра мяне памятаць у вашых малітвах. Калі св. Пётр быў у вязніцы, то верныя безупынна маліліся за яго, і анёлы вывелі св. Пятра. Веру, надыдзе гэтакі час і для мяне, калі толькі вы будзеце жадаць гэтага ў сваіх малітвах. Даведаўся і вельмі цешуся, што адна асоба, калі была пры М.Б. Вастрабрамскай, замовіла там св. Імшу за мяне. Гэта для мяне найдаражэйшы падарунак.
Адзін хлопец з нашай парафіі прыслаў мне свой фотаздымак, дык я ледзьве пазнаў яго. Вельмі узмужнеў і змяніўся. Гэтаксама ж і астатнія дзеці. Дзеці мяняюцца, растуць. Гэта наша будучыня. Мы ж мала мяняемся. А зрэшты, каб нам толькі сабрацца разам, і ўсе мы пазнаем адзін аднаго. Мой выгляд гэткі ж, як і раней. А тое, што валасы пасівелі – дык то дробязь.
Ці бывае цяпер хто ў Вострай Браме? Як яна выглядае? Гэтаксама, як і раней? Ці аднаўляецца хоць трохі мой горад? Ці шмат яшчэ ёсць там адчыненых касцёлаў? Пішыце мне як найчасцей, па-руску. Пакуль што мой адрас той жа, які і даваў. Буду на новым месцы – прышлы новы.
Ці чуваць што пра дзекана? Пра Варапаеўскага, пастаўскага, Мядзельскага, Жодзішскага? Вельмі мне іх шкада. Бо і хваравітыя, і слабыя. Малюся, каб Вастрабрамская дала ім сілы і моцы. Пра Андрэя і Мосарскага маю весткі, што трымаюцца няблага. Спаткаў колькі чалавек, якія былі разам з імі. Яны тут дзесьці непадалёк ад ямне, але я з імі не спаткаўся.
Якой жа сумнай мусіць быць фігура Беззаганнай у нашым касцёле, бо каля яе няма нашых прыгожых спеваў! Якое сумнае Сэрца Езуса, што не бачыць цяпер нашых прыгожых урачыстасцяў! Але не будзем сумаваць. Яны ў небе той жа моцай любяць нас. Яны не страцілі сваёй сілы. Усё гэта ад вякоў было прадвызначана. Яшчэ нас не было, а неба ўжо ведала, што будзе на гэтай зямлі ў гэтым часе (неразборлдів. – І. Ж.).
Усіх вас вітаю. Вітаю прыгожы касцёл. Вітаю наш могільнік і малюся за ўсіх, хто ляжыць на ім. Вітаю кожную хаціну, палі і лясы, вітаю кожную сцежку. Вітаю кожнае птушанё, якое весяліць сялянскую душу. Вітаю кожны прыдарожны каменьчык і ўсё, што міла вашаму сэрцу.
Напішыце, што ведаеце пра В. альбо пра яе блізкіх? Як здароўе ўсіх? Чакаю вестак.

Адданы ў Хрысце – айцец.

 

23.VІІІ. 1952 г.

Дарагая Маня!
Твае лісты атрымліваю рэгулярна. Адзін ліст быў ад маёй мамы. Не ведаю, што сталася з астатнімі. І гэтага (неразборл. – І. Ж.) ліст таксама не дайшоў. Зрабі ласку, высылай лісты па-руску.
Як прыгожа ты пішаш пра мае імяніны. Я ажно плакаў, чытаючы. Няхай табе Вастрабрамская за ўсё аддзячыць. Да парафіянаў напішу пры выпадку. Цяпер магу пісаць толькі два разу на месяц.
Як я рады, што наш цудоўны касцёл адчынілі! Адразу адапрвіў св. Імшу за парафіянаў, каб знайшоўся ксёндз. Шкада, што ніхто не прыехаў, хаця вы гэтак прыгожы хацелі яго спаткаць. Ліста ад Віці я яшчэ не атрымаў. Адрас В. атрымаў. Напісаў ёй, але адказу няма. Напішы В. і папрасі, каб яна і для мяне картку напісала. Падзякуй цёці, што дала для мяне 100 р. Добра, што ты астатнія пакінула для Лілі. Напішы мне, калі ласка, ейны адрас. Вельмі мне шкада яе. Пішыце, дарагія мае, хаця я і не магу гэтак часта пісаць. Вашыя лісты – радасць.
Веру, што моліцеся, каб я хутчэй вярнуўся. І я таксама вельмі сумую па вас. Так хочацца аддзячыць чым-небудзь вашым добрым сэрцам! Ды пакінем гэта Вастрабрамскай. Яна ведае час. Калі будзе на тое воля Божая, тады я вамі, у нашым прыгожым касцёле. Бачу, як там чыста, як вы падрыхтаваліся, каб там жыў Сын Марыі. Пакуль жа дачакаецеся Яго, то хаця і так скажыце Беззаганнай і Сэрцу Е., што і я хацеў бы разам з вамі спяваць прыгожыя песні.
Віншую ўсіх парафіянаў? кожнае дзіця, моладзь, бацькоў і мацярок.
Шануй, калі ласка, здароўе. Пытаеш, што мне трэба? Ты і сама ведаеш. Усё добра, нават папяросы здагадалася прыслаць. Грошы поштай не пасылай, лепш у пасылцы. Цяпер аддаюць з пасылкі.

Адданы ў Хрысце – айцец.

 

24.V.1953 г.

Дарагая Маня!
Тваё добрае сэрца часта цешыць нас. Цяпер вось атрымаў у тваім лісце і два лісты ад маёй матулі. Мой сябар таксама шле табе прывітанне, ён дзякуе за паведамленне пра ягоную сям’ю. Чакаем ад цябе новых лістоў.
Што новага ў вас? Напэўна, у сувязі з амністыяй шмат вярнулася дахаты? Усіх іх віншую. Цікава, які прэзэнт атрымала Ванда? Можа, і яна ўжо дома? Як даведаешся – напішы. Шкада, што я так і не атрымаў ад яе ліста за столькі гадоў. Ці піша яна табе?
У дзень св. а. Баболі памяташ пра ўсіх вас у св. імшы. спадзяюся, што ў маі і чэрвені будзеце памятаць мяне. (...) Вельмі сумую па ўсіх вас. Так хочацца як найхутчэй спаткацца з вамі, каб разам спяваць нашыя прыгожыя песні і хваліць усё прыгожае, чыстае і самае цудоўнае. Але ці закране мяне амністыя, пакуль што не ведаю. Спадзяюся, што так. (...) Цікава, як там Дунілавіцкі і Варапаеўскі? Што яны пішуць? Мабыць, у Дунілавіцкага ўжо іншы адрас. Калі б ты бачыла цётку Яніну, то запытала б, дзе мой сябар Грасевіч. (...) Шаркаўшчынскі дзесьці паблізу, але я не ведаю ягонага адрасу. Здаецца, ён павінен хутка вярнуцца дахаты.
Скажы галі Пяткевіч, што яе паштовую картку я атрымаў. Яна пытае, ці атрымаў я пасылку, якую высылаў мне параф. камітэт. Мабыць, атрымаў, але не ведаю, які там быў зваротны адрас, дык не магу сказаць дакладна. (...)

Ваш айцец.

 

28.ХІ.1954 г.

Дарагія мае дзеці в.в. Грэйцава і Гінёва В.
Сёння пачаўся адвэнт, а з ім і чаканне прыгожага свята – Нар. Бож. Самае цяжкае для душэўнага стану – чаканне.
Калі я паехаў ад вас, то ўсе мае дні выдаюць адвэнтавымі, таму што з года на год усё чакаю ды чакаю. Гэты сум – самае пакутлівае.
Я здаровы. Не галадую. Але думкі і сэрца блукаюць паблізу Укрыжаванага, паблізу Беззаганнай і паблізу усіх вас, мае дарагія, з успамінам, калі ўсе мы былі разам у нашым бялюткім доме. Я ўсіх вас любіў, але яшчэ не быў выпрацаваны жыццём, дык, можа, да кагосьці і дрэнна ставіўся. Цяпер я прайшоў цудоўную школу. Яна мяне шмат чаму навучыла. Цяпер я больш усіх люблю, чым раней. І больш цяпер разумею вас.
Ужо сёмы год, як я адлучаны ад вас. Паступова людзі забываюць нават сваіх бацькоў, калі яны даўно памерлі. Мне здавалася, пройдзе год-два, і ніхто з вас да мяне і слова не напіша. Але я памыліўся. Пайшоў сёмы год, а мае дарагія дзеці памятаюць мяне. Самае каменнае сэрца павінна быць удзячна за гэткае. Таму кожны дзень у св. Імшы я памятаю вас. Няхай сама Беззаганная аддзячыць вам. Тое, што вы не забыліся на бліжняга, сведчыць, што вы не забыліся на Збавіцеля. Гэта мяне цешыць. Нават не ведаю, як дзякаваць Беззаганнай за тое, што вашыя сэрцы любяць Яе Сына.
Яшчэ прашу: любіце адзін аднаго. Дзеці няхай моцна любяць сваіх бацькоў, бацькі няхай вучаць добраму сваіх дзяцей. Суседзі няхай ніколі не крыўдзяць адзін аднаго. Самае лепшае слова, якое вымаўляе чалавек, – любоў. З любові – і шчасце.
З любові да нас на зямлю прыйшоў Збаўца. З любові да нас Ён памёр за нас. З любові да нас Ён застаўся з намі ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Калі вы будзеце дзяліцца бялюткім аплаткам, то і я духам буду з вамі. А калі заспяваеце прыгожую калядную песню, то адзін куплет і за мяне праспявайце. Магчыма, некалі мы ўбачымся. Тады я кожнаму аддзячу. Пакуль жа цалую ўсіх дзетак, шлю ўсім у Грэйцаве, Гінёве В. і Каўзах сардэчны паклон і віншаванні са святамі. Адначасна дзякую ўсім з Мацураў і Крутак, усім, хто дапамагае мне. Трэба было б назваць тут кожнае імя і прозвішча, але ж і паперы не хопіць. Таму: віншую, мае дарагія, з Божым Нараджэннем і з Новым Годам! Шчасця вам!

Ваш айцец.
Усе інтэнцыі, пра якія піша Ганя, будуць адпраўленыя.

 

Св. Тадэвуша, 1955 г.

Дарагія мае парафіяне!
Калі набліжаецца нейкае свята нашага прыгожага Лучайскага касцёла, мае думкі ў гэты час пераносяцца да прыгожых алтароў: Укрыжаванага, Сэрца Е., Беззаганнай, св. Антонія, св. Тадэвуша. Св. Тадэвуш ратуе нас ад самых цяжкіх неспадзяванак, ад усялякіх непамыслотаў. І ў маё сэрца прыходзяць упэўненасць, што калі над намі ёсць гэткі апякун, то нічога страшнага з намі не станецца. Веру, Ён прывядзе мяне да вас. Колькі яшчэ пройдзе часу нашага расстання – не ведаю, але, безумоўна, і тут я некаму патрэбны.
О, Сэрца Збавіцеля! Шкадую кожную душу, якая прагне прыгажосці. Я знаходжуся сярод бедных душ, якія ніяк не могуць знайсці, што прыгожае, шляхотнае, добрае і святое. Вы хоць пару разоў на год маеце магчымасць быць там, дзе дзеецца цуд, перамяняецца хлеб у Цела Збавіцеля. Вы можаце з’яднацца са Стварыцелем. Хто разумее гэтае шчасце на зямлі, той ужо мае адчуванне раю ў душы. Жыццё прамінае хутка. Старыя адыходзяць у вечнасць, дзеці нараджюцца. Трэба карыстаць святыя дні ў жыцці.
Святыя апекуны дапамагаюць нам. Трэба толькі і нам выказаць ахвоту да гэтай дапамогі і добрую волю. Шчаслівыя мы яшчэ і таму, што памятаем адзін пра аднаго. У кожнай св. Імшы я даручаю вас апецы Неба. Прашу і вас, асабліва ў дзень св. Тадэвуша, згаварыць за мяне пацеры.
Найбольш мне шкада дзяцей. Гэта галінкі, якія можна схіліць на розныя бакі. Любіце сваіх дзяцей. Кожны бацька і кожная маці – святар у сваім доме. Няхай кожная хата будзе святыняй, у якой пануюць любоў, згода і шчасце.
У дзень св. Тадэвуша адпраўлю св. Імшу за ўсіх парафіянаў. будзем памятаць і нашых памерлых. Памятайце пра памерлых і ў Дзень Задушны. Я таксама адпраўлю св. Імшу за шсіх памерлых з Лучайскай парафіі, дзе б ні ляжалі іхнія косткі: на Лучайскіх могілках альбо дзесьці далёка ад родных мясцінаў.
Свет хрысціянскі вялікі. Усе шчырыя хрысціяне вельмі шануюць памяць аб памерлых і пабожна абыходзяць Дзень Задушны. Ідзіце на могілкі, зрабіце там парадак, памаліцеся.
За ўсе зямныя труды, цярпенні, сум, трывогі, болі нас чакае цудоўнае Неба. Людзі ўзнагароджваюць адны другіх. Але як жа шчодра мусіць узнагародзіць Збавіцель сваіх слугаў! Гэта навука не новая. Старая, як свет, і пацвердзіў яе П. Езус, калі быў на зямлі.
Шчаслівыя вернікі. Яны больш значаць для Бога, чым найвышэйшыя вучоныя, якія не прызнаюць Стварыцеля. Сапраўдны мудры – гэта той, які карыстае сваё жыццё па-божаму.
Усім парафіянам зычу шмат здароўя, радасці і адвагі.

Айцец.

 

24.ХІ.1955 г.

Дарагая Ганя!
Сёння атрымаў пасылку і 100 р. Усім дабрадзеям вельмі ўдзячны. Інтэнцыі адправіў. Пасылка вельмі каштоўная, асабліва таму, што якраз цяпер ёсць са мной колькі маіх дзяцей ажно з Варшавы. Усіх іх пачаставаў. Заўтра яны ад’язджаюць. Хаця і былі мы разам нядоўга, але перанеслі шмат добрых хвілін, якія будзе прыемна ўзгадаць. (...)
Дзякую Навасёлкам за ахвяры. У хуткім часе адпраўлю інтэнцыі. Будуць адпраўлены таксама інтэнцыі Мацураў, Ясінскіх і Лаўніковічаў, а таксама за ўсю парафію. (...)
Пытаеш, што мне трэба з адзення альбо з якіх прадуктаў. Вельмі мяне кранае ваш клопат, але баюся ім злоўжываць. Калі ж хопіць грошай, то, можа, купіце мне якія-небудзь чаравікі, № 41. Гэта на той выпадак, калі Вастрабрамская дазволіць мне вярнуцца да вас. Тут штосьці купіць вельмі цяжка. Але глядзіце, мае дарагія, каб вы сябе не крыўдзілі. Бо мне, вязьню, мала трэба. Фотаздымак Ірці з сынам атрымаў. Дзякуй, вельмі ён мяне ўсцешыў. Шкада, што кс. дзекан яшчэ не на сваім месцы, так хочацца быць ля яго і хоць чымсьці суцешыць старога. Варапаеўскі мне пісаў, што яму не дазволілі застацца на ранейшым месцы, дык шукае іншага. Барташэвіч працуе дзесьці пад Гародняй.
Мала каго засталося паблізу вас, але нічога. Гэта чысцец. Гэта ўсё ж не пекла. З чысца заўсёды ідуць да неба. Не дай Божа застацца няверуючым, адысці ад усяго святога, ад Стварыцеля. Вось гэта ўжо тады і будзе пекла. Яно азначае – змарнаваць час жыцця на зямлі і да таго ж – страціць неба. Таму я вельмі рады, што вы маліліся ў касцёле на Дзень Усіх Святых. Няхай святыя маюць усіх вас у сваёй апецы. Цешыць мяне, што бацькі давялі сваіх дзяцей да першай Св. Камуніі. Гэта вялікая радасць для Неба.
Атрымаў ліст ад Рузі. Піша, што некалі быў ёй ліст ад Ванды. Ванда хварэе, і найбольш з таго, што няма для яе цяпер Св. Камуніі. Яна толькі і жыла Эўхарыстыяй, а цяпер ёй вельмі самотна. Як дзіўна вядзе Езус сваіх дзяцей па розных шляхах! Няхай Ён з усяго мае хвалу! Усіх-усіх вас даручаю апекунам Лучайскага касцёла.

Айцец.

 

28.ІІІ.1956 г.

Дарагая Ганя!
Атрымаў твой ліст і пасылку, у якой было 50 р. Усім дабрадзеям сардэчны дзякуй. Дзякуючы вашай дапамозе, буду мець прыгожыя святы. Праўда, маіх дзяцей тут меншае, бо шмат ад’язджае дахаты. Але яшчэ чалавек пятнаццаць збярэцца на Рэзурэкцыю, затым разам сядзем за стол. (...)
Вельмі радасна было б, калі б на святы быў хтосьці ў нашым касцёле, але што ж: бачу, гэта вельмі трудна даецца. Цяжка мне знайсці словы ўдзячнасці за тое, што некаторыя парафіяне па хатах спявалі «Песні жальбы», пры гэтым памятаючы мяне. Хрыстус усё гэта бачыў, усё запісаў Ён дзеля узнагароды і на зямлі, і ў вечнасці. На першы ж дзень Вялікадня адпраўлю св. Імшу за ўсіх парафіянаў. (...)
Учора мяне зарэгістравалі на выезд у Польшчу. Праўда, летась таксама рэгістравалі, але не вывезлі. Можа, і цяпер гэтак жа будзе.
Мая сітуацыя такая: калі буду працаваць, як і дагэтуль, і не захварэю, то недзе, можа, напрыканцы лета і вызвалюся. І прыеду да вас. Калі ж мяне павязуць у Польшчу раней, то суцешу там сваю маму, і ўсё ж буду імкнуцца вярнуцца да вас.
Вы мне падаравалі столькі свайго сэрца! Зведаў вашыя залатыя характары і хацеў бы назаўсёды застаецца з вамі, у Лучайскай парафіі. Няхай споўніцца воля Вастрабрамскай! Будзем памятаць узаемна у малітвах.

Айцец.

 

Вялікдзень, 1956 г.

Дарагія мае парафіяне!
Я знаходжуся далёка ад вас. Сумую па нашым прыгожым касцёле, па нашай вясне, якой тут вельмі не хапае, сумую па вашых хатах, бо тм жывуць людзі, дарагія самому Хрысту.
Алелюя! Гэтае слова ў габрэйскай мове азначае радасны вокліч на хвалу Бога. няхай Бог будзе благаслаўлёны! Алелюя! Гэта наймацнейшае слова, якое здольна суцешыць самотнае сэрца. Хрыстус Бог хадзіў па зямлі. Бедныя, хворыя, убогія – усе Яго шукалі. Бо без Бога цяжка, вельмі цяжка на зямлі. І гэтага Хрыста банда грэшнікаў замучыла, укрыжавала. Хрыстус сам, добраахвотна аддаў сябе ў рукі той смерці. Але якія ж брудныя мусілі быць рукі і сэрцы тых, хто ўкрыжаваў нявінную чалавечнасць. Горкімі слязамі плакалі першыя хрысціяне, даведаўшыся пра смерць Пана. Але Бог, хаця Ён і прыняў чалавечае цела, мае моц не толькі стварыць першы атам, матэрыю, жыццё. Ён мае моц над смерцю. І Ён сам сябе ўваскрасіў з памерлых.
Алелюя! – радасна крычалі першыя хрысціяне. Гэткага Бога яны і чакалі! Цяпер яны яшчэ мацней верылі ў тое, што Ён казаў, паверылі, што Хрыстус – не толькі Чалавек, але яшчэ і Бог. Той самы, які стварыў сусвет. Ён адкрыў нам закрытае неба. Цяпер ужо ўсе, хто верыць у Яго і захоўвае Божыя запаветы, усе тыя ідуць да Яго. Неба чакае ўсіх, хто любіць Збавіцеля.
Алелюя! Штогод святы Касцёл адзначае цуд Уваскрасення. Алелюя! Хрыстус паказаў нам, як моцна Ён палюбіў чалавека, што аддаў за яго апошнія кроплі сваёй крыві. Няхай Ён будзе за гэта благаславёны!
Алелюя! Ужо амаль дзве тысячы гадоў прайшло з часу Уваскрасення Хрыста, а пабожныя хрысціяне паўтараюць гэтае слова.
Алелюя! Гэтае слова памножыла лічбу хрысціянаў. Цяпер іх сотні мільёнаў! Алелюя! З гэтымі словамі ішлі на смерць першыя хрысціяне на працягу першых трохсот гадоў, калі ім не дазвалялі вызнаваць Хрыста. Гэтае ж слова і ў пазнейшыя часы не дазволіла ім адрачыся свайго Бога.
Цяпер няма на зямлі такога краю, дзе пад раніцу не гучаў бы на Вялікдзень голас святара, які заклікае аддаць хвалу Хрысту, заклікае да радасці. – Алелюя!
Сёння хрысціянства моцнае. Навука Хрыста стаіць на першым месцы адносна іншых навук. У акадэміях і універсітэтах напісана незлічонае мноства працаў і кніг пра гэтае слова – «Алелюя!».
Якія ж мы шчаслівыя, мае дарагія парафіяне, што належым да гэтай агромністай сям’і! Хрыстус – наш Правадыр, наш Настаўнік, наш Збаівцель і Бог. Ягонае Валадарства пашыраецца, у Ягоную навуку паглыбляюцца тысячы вучоных. Калі ж часам у нейкім народзе альбо нейкая асобная душа не разумее Яго, не хоча аддаць Яму пашану і хвалу альбо нават праследуе Яго, то гэта ж не нова. Чалавек мае вольную волю. За тых людзей трэба маліцца, і Хрыстус тады пашле ім ласку, каб і яны палюбілі Яго.
Навука Хрыста не ведае спадману. Гэта навука праўды, любові Бога, любові чалавека, справядлівасці і святасьці. Яна заўсёды перамагае. Жада. аднаго: каб як найхутчэй наблізілася тая хвіліна, калі ўсе людзі на цэлым свеце загукаюць на Вялікдзень: Алелюя! Тады і настане адна аўчарня і адзін пастыр.
Дарагія парафіяне! Умацоўвайцеся духам у часе Вялікодных святаў. Хрыстус не спіць. Ён ведае кожны удар сэрца старых і маладых, праведнікаў і грэшнікаў. Ён любіць усіх і не хоча кары для грэшнікаў, але хоча, каб яны навярнуліся і разам з іншымі чулі свае сэрцы вольнымі, моцнымі, радаснымі. Алелюя!
Усім вам, дарагія парафіяне, дасылаю свае святочныя пажаданні.

Айцец.

 

31.VІІ.1956 г.

Дарагія мае!
Прыкладна 20 жніўня мы павінны ўжо спаткацца з вамі. Таму не пішыце мне болей лістоў. Вялікі дзякуй за шматгадовую апеку. Прашу памятаць мяне ў пацерах. – каб шчасліваю была дарога да вас. Усіх вас сардэчна віншую.

Айцец.

 
Паважаныя чытачы! Калі выпадкам хтосьці ведае святароў, якіх вы бачыце на здымку, просім паведаміць аб іх у рэдакцыю. А таксама просім адгукнуцца тых, хто ведаў удзельнікаў гэтай гісторыі, – кс. Часлава Барвіцкага, кс. Віктара Завадскага, с. Ванду Банішэўскую, с. ганну Дубовік. Дзякую законнай сястры Уладыславе Таяновіч і нашаму земляку, які цяпер жыве ў Польшчы, Чаславу Каралёнку, за дапамогу пры падрыхтоўцы гэтай публікацыі.

Глядзі таксама:
Ірына ЖАРНАСЕК. «СТАРОНКІ БАЛЮЧАЙ ГІСТОРЫІ»

Да друку падрыхтавала
Ірына Жарнасек


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY