Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(25)/2003
Галерэя
Юбілеі

РЫМСКІ ТРЫПЦІХ
Мастацтва

АРХАНЁЛЫ НАД БЕЛАРУССЮ
На шляху веры
Постаці

ЯЗЭП ГАЙЛЕВІЧ
Haereditas
Юбілеі

ПАКУЛЬ ШТО АДЗІНАЯ
Кантэкст
Memoria

ЖЭНЯ, ЖЭНЕЧКА, ДЗЕ ТЫ?!

ВЕРШЫ
Мастацтва

У ГОНАР МІНДОЎГА
Пераклады

ІВАН БУНІН
Постаці

ЛЯСНАЯ КАНВАЛІЯ
Архіўная старонка
Нашы святыні

ФАРНЫЯ МОГІЛКІ Ў ГРОДНЕ, 1792–1939
На кніжнай паліцы
Бібліятэка часопіса «Наша вера»

ШЛЯХ МІЖ ДЗВЮМА БРАМАМІ


Правая частка дыптыха. 1430-я гг. Дрэва, алей. Эрмітаж, Санкт-Пецярбург.
Валеры БУЙВАЛ

РОБЭР КАМПЭН. «МАДОННА З ДЗІЦЕМ КАЛЯ КАМІНА»

Высвятленне імя нідэрландскага мастака першай паловы XV ст., які пакінуў шэраг выдатных твораў на рэлігійную тэму і з’яўляўся адным з першых майстроў побытавага жанру і партрэта на Поўначы Еўропы, — важная перамога еўрапейскай мастацтвазнаўчай навукі. Няма нічога больш сумнага ў гісторыі мастацтва за вызначэнні «невядомы мастак», «невядомы сюжэт», «партрэт невядомага». Стылістычны аналіз твораў і карпатлівая праца спецыялістаў у архівах дазволілі ў другой палове мінулага стагоддзя ідэнтыфікаваць творцу, доўгі час вядомага пад умоўным імем Майстар Флемальскага алтара, як патрыярха нідэрландскага Рэнесансу Робэра Кампэна (каля 1380—1444). Сучаснік гіганта нідэрландскага жывапісу Рэнесансу Яна ван Эйка, Кампэн ішоў уласным шляхам, але разам гэтыя мастакі і іхнія паслядоўнікі вызначылі пачатак новай эпохі ў нацыянальным мастацтве. Нідэрланды (да канца ХVI ст. так называліся правінцыі пад уладай аўстрыйскіх Габсбургаў на тэрыторыі цяперашніх Галандыі і Бельгіі) — маленькая краіна ў параўнанні і з Вялікім Княствам

Літоўскім, і з сучаснай Беларуссю. Але нідэрландскі народ валодаў агромністым культурным патэнцыялам. Такая дэталь: у гарадах гістарычных Нідэрландаў няма мастацкіх музеяў, роўных па неабсяжнасці Луўру або Эрмітажу, але ў кожным правінцыйным музейным зборы, у многіх каталіцкіх святынях можна ўбачыць цэлую нізку шэдэўраў аўтарства лепшых майстроў мінуўшчыны. Краіна багатых гарадоў і портаў, гандлёвы бераг далёкіх плаванняў, Нідэрланды на працягу стагоддзяў зрабілі вялікі ўнёсак у скарбонку еўрапейскай культуры.

Эрмітажны дыптых — работа сталага майстра. У некаторых іншых алтарах і кампазіцыях Кампэн стварыў партрэтныя выявы данатараў —заказчыкаў твора. Безумоўна, дыптых таксама быў намаляваны на заказ і павінен быў служыць як алтар для малітвы ў пакоях заможных гараджанаў. Ён зусім невялічкі — кожная са створак мае памер 34 х 24,5 см. Складны алтар можна было браць з сабой нават у няблізкае падарожжа. Такім чынам нідэрландскія алтары суправаджалі купцоў, арыстакратаў і вайскоўцаў ды апыналіся далёка па-за межамі краіны: у Партугаліі, Іспаніі, Польшчы, Італіі. Дыптых адлюстроўвае хрысталагічную тэму, і абедзве ягоныя часткі (нягледзячы на малыя маштабы) увасабляюць складаную тэалагічную праграму. У левай частцы мастак дэманструе Богачалавечую сутнасць Хрыста. Кампазіцыя Тройцы з Богам-Айцом, які трымае цела знятага з крыжа Езуса, і з голубам, які сімвалізуе Святы Дух, мае традыцыйны, чыста сімвалічны характар. Выява тэматычна і па каларыце (дамінанта блакітнага і чырвонага) неадрыўна звязана з правай часткай дыптыха.

Але «Мадонна з Дзіцем каля каміна» — гэта ўжо зусім іншы вобразны лад і абсалютна новы погляд на тэму.

Робэр Кампэн перанёс выяву Мадонны з Дзіцем у інтэр’ер бюргерскага дома, трактаваў яе з трапяткой жыццёвасцю і рэалізмам. Маці з Дзіцем на каленях — безумоўна, партрэтныя вобразы канкрэтных асобаў, добра знаёмых мастаку. У правай частцы дыптыха раскрываецца чалавечая сутнасць Хрыста. Кола тэмы замыкаецца, і паўстае сінтэтычны, багаты асацыяцыямі вобраз, у якім мяжуюць готыка з яе ўмоўнай іерархіяй выяваў і жывапіснай прасторай (левая частка) і рэнесансавае наватарства (правая частка). Мастак любіў свет, у якім жыў, назіраў яго ўважліва і з захапленнем. Сентыментальныя адносіны да кожнай дэталі, факусаванне ўвагі на, здавалася б, малазначных прадметах стала з гэтага часу характэрнай рысай нідэрландскага і ў цэлым паўночнага светаадчування. Такі твор уяўляецца далікатнай канструкцыяй з многіх частак, зусім малых і трошкі большых, якія жывуць у суладдзі і ствараюць непаўторную атмасферу і настрой. Кожны з гэтых фрагментаў — рэч у сабе, больш, чым проста нацюрмортны дадатак да асноўнай тэмы. Робэр Кампэн з гонарам дэманстраваў сваю здольнасць перадаць прыроду матэрыялу. Яркімі блікамі адліваюць медныя прадметы: таз і збан. Ручнік на сцяне радуе беллю чысціні. На створках аканіцаў чытаецца кожны цвічок, а праз паўрасчыненае акно бачна неба з лёгкімі аблокамі і фрагмент гарадскога будынка з характэрным вострым завяршэннем даха і флюгерам. Адчуваецца, што Кампэн маляваў з натуры і паказаў інтэр’ер або свайго дома, або жылля заказчыкаў дыптыха. Гарадскі краявід пакуль яшчэ няўпэўнена, але дамагаўся роўных правоў сярод іншых жанраў, што стане адной з заваёваў паўночнага мастацтва. «Адчуванне прыгажосці з’яваў жыцця робіць Робэра Кампэна паэтам з надзвычай чыстымі і светлымі адносінамі да свету. Моцай свайго мастацтва ўсё штодзённае ён пераўтварае ў нешта ўзвышанае, з наіўнай радасцю адкрывае ў будзённым найвышэйшую прыгажосць», — напісаў пра гэты твор Мікалай Нікулін, шматгадовы захавальнік нідэрландскага аддзела ў Эрмітажы1.

Гарадскі патрыятызм Кампэна — з’ява не толькі творчага плану. Цяпер бы мы сказалі, што мастак займаў актыўную грамадскую пазіцыю. Народжаны ў горадзе Валансьене, ён да канца жыцця працаваў у горадзе Турнэ, дзе не раз апынаўся ў віры палітычных падзеяў. У 1423 г. Кампэн браў актыўны ўдзел у паўстанні супраць патрыцыята Турнэ, пасля перамогі дэмакратычных сілаў абіраўся ў гарадскую раду, быў дэканам гільдыі жывапісцаў. У 1428 г. пасля чарговага перавароту спазнаў рэпрэсіі. Ягоная майстэрня стала школай для шэрагу мастакоў. Найбольш вядомымі ягонымі вучнямі былі Жак Дарэ і асабліва Рогір ван дэр Вэйдэн (у карцінах апошняга вобраз нідэрландскага горада паўстае ўжо «ў поўны рост»).

Толькі няхай не падманвае нас ілюзія, якую імкнуліся прышчапіць гісторыі мастацтва тэарэтыкі-марксісты: маўляў, вось які дэмакратызм выявы, за якім губляецца рэлігійны сэнс карціны... Усё зусім не так проста, як хацелася б перакананым матэрыялістам. У еўрапейскім мастацтве зацвердзіўся бясконцы шэраг сімвалаў, за якімі хаваецца глыбокі рэлігійны сэнс. Так, умывальнік (збан і таз на зэдліку) і белы ручнік сімвалізуюць чысціню Дзевы Марыі. Каларыт таксама мае сімвалічнае гучанне. Шмат стагоддзяў чырвань (колер ахвяры) і блакіт (колер неба) былі неад’емнай прыкметай адзення Марыі, і ў рабоце Кампэна гэтая яркая гама дамінуе ў цэнтры кампазіцыі сярод значна больш стрыманых фарбаў інтэр’ера. У эфектных шырокіх складках адзення Мадонны, вострых, часам ламаных лініях адчуваюцца рэмінісцэнцыі готыкі, а таксама ўрокі мініяцюрнага жывапісу. Турнэ быў важным цэнтрам стварэння ілюмінаваных манускрыптаў. Кампэн валодаў мініяцюрай, прырода якой была вельмі блізкая яму, аднак, робячы першыя крокі ў засваенні лінейнай перспектывы, мастак рухаўся яшчэ няўпэўнена і наіўна. Прастора інтэр’ера арганізавана супярэчліва. Кампэн «не даў рады» выяве падлогі. Пліткі шахматнага малюнку ў розных частках выявы паказаны ў розных праекцыях. Тое ж самае здарылася з выявай умывальніка. У розных праекцыях жывуць збан і таз. Але мы адзначаем гэтыя рысы, не заніжаючы ацэнку мастаку. Ён дыктаваў сваё вымярэнне прасторы, сваё бачанне — не капіраваў рэчаіснасць. Кампэн імкнуўся перадаць прастору і святлацень. Створкі аканіцаў, якія можна расчыняць, рэгулюючы плынь святла (гэтак будуць рабіць усе нідэрландскія жывапісцы), ручнік кідаюць на сцяну падвойныя цені. Мастак вызначыў тонкі пераход ад асветленых профіляў каміна да цемры ў яго глыбіні.

Усё гэта хараство штодзённага жыцця служыць атачэннем выяве Мадонны з Дзіцем. Яна збіраецца спавіваць Сына і працягвае руку да полымя ў каміне, каб халодным дакрананнем не нашкодзіць Дзіцяці. Які чалавечны і жывы вобраз! Маладая Маці пяшчотна глядзіць на Дзіця, а Яно жвава рухае ручкамі. Нідэрландскі ідэал падкрэслена некласічны. У гэтым непаўторнасць і характар паўночнага мастацтва. Праз 200 гадоў рэалістычная трактоўка хрысціянскай тэмы дасягне вяршыні ў творчасці Рэмбранта. Мастакі маленькай краіны ўбачылі прысутнасць Боскага ў сваёй сучаснасці. Іхнія творы вучаць гэтаму і нас.


  1. Никулин Н. Н. Искусство Нидерландов XV—XVI веков. Л., 1987, с. 13.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY