|
|
№
3(25)/2003
Галерэя
Юбілеі
Мастацтва
На шляху веры
Постаці
Haereditas
Юбілеі
Кантэкст
Memoria
Мастацтва
Пераклады
Постаці
Архіўная старонка
Нашы святыні
На кніжнай паліцы
Бібліятэка часопіса «Наша вера»
|
У XIII стагоддзі пра вялікага князя Наваградскага Міндоўга гаварылі ў замках галіцка-валынскіх, мазавецкіх, менскіх, полацкіх, пскоўскіх, ноўгарадскіх князёў, лівонскіх магістраў, у ірландскіх кляштарах, рэзідэнцыях рыжскіх біскупаў і рымскіх першасвятароў. Імя Міндоўга часта сустракаецца ў беларускіх, рускіх летапісах, лівонскіх хроніках XIII—XVI стагоддзяў. Кароль Міндоўг заслужыў у народа велічныя помнікі сваёй ратнай і дзяржаватворчай працай. Менавіта таму ў Наваградку, недалёка ад велічнага замка, узвышаецца гара, якую здаўна называюць «магілай Міндоўга». Яшчэ нядаўна на ўскраіне Пінска, у прадмесці Лешч, узвышаўся курган, называны «магілай Міндоўга», які цяпер можна ўбачыць толькі на малюнку Напалеона Орды ды на старых фотаздымках. Ёсць думка, што менавіта ў Пінску ў 1263 г. сын караля Войшалк пахаваў свайго бацьку, які быў забіты разам з меншымі сынамі і жонкай. Напэўна, можна лічыць малюнак Н. Орды адной з першых праяваў мастацкага асэнсавання тэмы Міндоўга, тэмы велічнай, загадкавай, рамантычнай у айчынным выяўленчым мастацтве.
Нягледзячы на тое, што праца паказана на фотаздымку (пакуль што яна зроблена ў мяккім матэрыяле), будучы помнік пакідае яскравае ўражанне. Гэта — конная статуя. Мяркуецца, што на п’едэстале помніка чатыры барэльефы будуць адлюстроўваць жыццё і барацьбу Міндоўга за стварэнне Наваградскай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага, за незалежнасць нашага народа. Нацыянальны грамадскі аргкамітэт падрыхтаваў грунтоўную праграму святкавання выдатнай у нашай гісторыі падзеі. Яна ўключала ў сябе і выданне юбілейнага канверта з маркай, юбілейнай манеты, наданне імя караля Міндоўга праспектам і плошчам беларускіх гарадоў, у тым ліку і ў сталіцы краіны, закладку помнікаў у Наваградку, Менску. Мінгарвыканкаму было прапанавана збудаваць помнік Міндоўгу на пл. Свабоды перад гарадской ратушай, якая цяпер якраз узнаўляецца. На жаль, аргкамітэт здолеў зрабіць толькі тое, што можна было ажыццявіць уласнымі сіламі. Сумесна з Навукова-асветніцкім цэнтрам імя Ф. Скарыны быў праведзены «круглы стол» «Каранацыя Міндоўга на караля і ўтварэнне новай дзяржавы на тэрыторыі Беларусі», разам з Беларускім саюзам мастакоў была арганізавана нацыянальная выстава «Каранацыя Міндоўга», а сумесна з Саюзам беларускіх пісьменнікаў — паседжанне грамадскасці, канцэрт ды дзіцячая выстава «Кароль Міндоўг» у Скарынаўскім цэнтры. У сярэдзіне мая Нацыянальная акадэмія навук правяла ў Наваградку Міжнародную навуковую канферэнцыю. Навукоўцы Беларусі, мастакі, пісьменнікі ўнеслі вялікі ўклад у скарбонку Міндоўгіяны. Згадаем, што яшчэ ў 1990 г. Уладзімір Стальмашонак напісаў свой адметны твор «Першы і апошні каралі ВКЛ». У 1992 г. на лібрэта В. Іпатавай кампазітар А. Бандарэнка напісаў музыку да оперы «Князь Наваградскі» — музычны спектакль пра эпоху Міндоўга, галоўны герой якой — сын караля Войшалк. У 2002 г. выйшаў раман Вольгі Іпатавай «Залатая жрыца Ашвінаў» у кнізе «Альгердава дзіда». Некаторыя паэты прысвяцілі Міндоўгу свае вершы і паэмы. Нацыянальная выстава «Каранацыя Міндоўга» была галоўнай у святкаванні 750-годдзя знамянальнай падзеі. 27 мастакоў паказалі 54 творы, падрыхтаваныя пераважна да гэтай даты.
На выставе паказалі свае ўжо вядомыя творы па публікацыях у кнігах В. Сташчанюк і М. Рыжы. Самабытна і пераканаўча пададзены акварэлі трох маладзечанцаў — М. Аўчыннікава, Р. Мяжуева, У. Тамашэвіча, — якія вобразна і эпічна сказалі пра старажытную Літву і Нальшаны. Вышынёю вобразнага мыслення адметныя працы маладых мастакоў — графіка А. Скіцёва («Войска», «Сон», «Гара Міндоўга»), майстра гуашы В. Ляхара «Кароль Міндоўг», а таксама маладых скульптараў, якія плённа працуюць і з каменем, і з металам, — В. Калясінскі («Міндоўг», «Войшалк»), А. Сарокін («Карона Міндоўга»), К. Дудараў («Рыцар») і іншыя.
Новае стагоддзе і тысячагоддзе беларускія мастакі пачалі вельмі важнай канцэптуальнай выставай, якая павінна прадоўжыць ясную перспектыву аб’ектыўнага бачання айчыннай гісторыі і мастацтва. Новы час асвечаны каронай Міндоўга, і гэта сімвалічна. Няхай жа яна ззяе і асвятляе нашае жыццё. За намі — Міндоўг, перад намі — вечнасць...
Фота Г. Ліхтаровіча.
|
|
|