Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(25)/2003
Галерэя
Юбілеі

РЫМСКІ ТРЫПЦІХ
Мастацтва

АРХАНЁЛЫ НАД БЕЛАРУССЮ
На шляху веры
Постаці

ЯЗЭП ГАЙЛЕВІЧ
Haereditas
Юбілеі

ПАКУЛЬ ШТО АДЗІНАЯ
Кантэкст
Memoria

ЖЭНЯ, ЖЭНЕЧКА, ДЗЕ ТЫ?!

ВЕРШЫ
Мастацтва

У ГОНАР МІНДОЎГА
Пераклады

ІВАН БУНІН
Постаці

ЛЯСНАЯ КАНВАЛІЯ
Архіўная старонка
Нашы святыні

ФАРНЫЯ МОГІЛКІ Ў ГРОДНЕ, 1792–1939
На кніжнай паліцы
Бібліятэка часопіса «Наша вера»

ШЛЯХ МІЖ ДЗВЮМА БРАМАМІ

Тамара ГАБРУСЬ

СВЯТЫНІ ОРДЭНА ПРАПАВЕДНІКАЎ


Касцёл Міхала Арханёла ў Наваградку. Сучасны выгляд галоўнага фасада. Фота М. Новікава.

У артыкулах «Наша езуіцкае барока» («Наша вера», 4 (14) 2000; 1 (15) 2001; 2 (16) 2001) і «Тут гучала малітва Францішка з Асізі» («Наша вера», 1(19) 2002) мы паслядоўна разглядалі архітэктурную спадчыну, пакінутую народу Беларусі каталіцкімі манаскімі ордэнамі езуітаў і францішканцаў. Не менш значны след у гісторыі айчыннай культуры пакінуў і ордэн дамініканцаў, які спаборнічаў з езуітамі ў сферы адукацыі моладзі, а з францішканцамі — у пераканаўчасці Боскай пропаведзі і аскетызме жыццёвых прынцыпаў. Гэты ордэн заснаваны св. Дамінікам (1170—1221 гг., кананізаваны Каталіцкім Касцёлам у 1234 г.), які паходзіў з багатай кастыльскай сям’і дэ Гусман. У сувязі з тым, што 4-м Латэранскім саборам 1215 г. забаранялася ствараць новыя манаскія ордэны, статут ордэна дамініканцаў, зацверджаны булай Папы Ганорыя Ш у 1216 г., быў заснаваны на статуце святога Аўгустына Аўрэлія (354—430 гг.). Ордэн дамініканцаў меў строгі жабрацкі характар, аднак з канца ХV ст. яго прадстаўнікам дазвалялася валодаць маёмасцю і мець крыніцы пэўнага прыбытку.

Ідэалагічная праграма дамініканскага ордэна была жорстка артадаксальная, таму ў гісторыі рэлігіі ён адметны правядзеннем інквізіцыі, актыўнай барацьбой з ерасямі і рэфармацыйным рухам. Галоўным сродкам духоўнага ўдасканалення дамініканцы абралі хрысціянскую пропаведзь. Шматлікія прадстаўнікі ордэна засталіся ў гісторыі як выключна таленавітыя прамоўцы і прапаведнікі, напрыклад, Альберт Вялікі і Саванарола. Асаблівае месца ў гэтым шэрагу займае самы славуты з дамініканцаў, гонар ордэна, геніяльны філосаф і тэолаг, святы Тамаш Аквінскі (кананізаваны ў 1323 г.). У 1567 г. ён быў абвешчаны «пятым настаўнікам Касцёла», а ў 1879 г. вучэнне Тамаша Аквінскага прызнана Папам Львом ХШ «адзіна сапраўднай філасофіяй каталіцызму».

Многія дамініканцы займалі кафедры сярэднявечных універсітэтаў, апекавалі філасофскія навукі і рыторыку, але адначасова далі вялікі стымул для развіцця прыродазнаўчых навук і тэхнікі Новага часу. Свае святыні дамініканцы звычайна будавалі самі, што неаднойчы адзначаецца ў старажытных інвентарах. Гэты факт, з аднаго боку, сведчыць, што для іх немалаважную ролю адыгрывала архітэктурная адукацыя і практыка, але з другога - ускладняе вызначэнне даты пабудовы святыні, таму што з прычыны эканамічных цяжкасцяў і абмежаваных уласных працоўных рэсурсаў будаўніцтва касцёлаў і кляштараў вялося надзвычай марудна.У выніку паміж датамі заснавання місій ордэна і кансэкрацыі святыняў існуюць значныя храналагічныя інтэрвалы, часам у некалькі стагоддзяў, таму іншы раз больш дакладную дату будаўніцтва святыні даводзіцца вызначаць ускоснымі сродкамі, з дапамогай мастацтвазнаўчай атрыбуцыі.


Касцёл св. Тамаша Аквінскага і кляўзура дамініканцаў у Мінску. Выгляд з боку алтарнай часткі і фасаду. Здымкі канца 1940-х гг.

План касцёла св. Тамаша Аквінскага ў Мінску.

Самая ранняя місія дамініканцаў на беларускіх землях (пасля Вільні) з’явілася ў Астраўцы (1474 г.) па запрашэнні і на ахвяраванні ваяводы кіеўскага Марціна Гаштольда, але мураваная святыня ордэна ў гэтым мястэчку была ўзведзена толькі ў канцы ХVІІІ ст. Наступныя місіі былі асаджаны каралевай Бонай, прыхільніцай гэтага ордэна, у каралеўскіх эканоміях - Пінску (1542 г.) і Гродне (1553 г.), аднак, зноў жа, выдатныя архітэктурныя ансамблі мураваных касцёлаў і кляштараў дамініканцаў былі пабудаваны тут значна пазней. Першай мураванай святыняй дамініканцаў на Беларусі стаў, магчыма, касцёл св. Тамаша Аквінскага ў Мінску, куды манахі прыбылі ў 1600 г. з Вільні, дзе мясціліся пры касцёле Св. Духа. Як заўважыў заснавальнік беларускага мастацтвазнаўства М.Шчакаціхін, яны прынеслі новы стыль, які толькі што нарадзіўся (маецца на ўвазе стыль барока).

Першая фундацыя кляштара дамініканцаў у Мінску звязана з імем жонкі ваяводы вяндэнскага Крыштофа Слушкі - Зоф’і (з Завішаў). Гісторыя будаўніцтва касцёла насычана шматлікімі датамі і дадзенымі, якія з цяжкасцю складаюцца ў паслядоўную схему. Яна пачынаецца з 1605 г., калі мінская шляхта ў гонар перамогі над маскоўскім войскам сабрала ахвяраванні, якія атрымалі назву «капыткоўскі збор» і пайшлі на адбудову рэзідэнцыі дамініканцаў. Вядома, што пазней у інтэр’еры касцёла знаходзілася восем гербавых картушаў ініцыятараў збору. Але ў 1615 г. гэтыя будынкі, верагодна, драўляныя, знішчыў пажар. Да названага часу належыць фундацыя, ажыццёўленая стольнікам Вялікага Княства Літоўскага і старостам рэчыцкім Пятром Тышкевічам. Існуе архіўны дакумент ад 1623 г., дзе дамініканскі касцёл вызначаецца як «нядаўна закладзены». Апошні фундуш на будаўніцтва святыні датуецца 1640 г., з чаго вынікае, што яно завершана ў асноўным у 1-й палове ХVІI ст.

Узвядзенне кляштарных муроў скончылася толькі ў 1703 г., а ў 1709 г. пачалася частковая рэканструкцыя касцёла, у першую чаргу, яго галоўнага фасада. Апошняя перабудова касцёла адбылася ў канцы XVIII ст. Існуе кантракт 1781 г. паміж пробашчам кляштара Бенедыктам Рыбчынскім, мінскім бурмістрам і старшынёй цэха муляраў Андрэем Макарэвічам на выкананне будаўнічых работ, выяўлены ў 1930-я гг. Э.Лапацінскім. Мінскі кляштар дамініканцаў быў зачынены пасля паўстання 1830-1831 гг., як амаль усе дамініканскія кляштары. У 1845 г. ён быў перададзены каталіцкай семінарыі (РДГА г. Санкт-Пецярбург, ф. 821, воп. 4, спр. 1343), але пасля паўстання 1863-1864 гг. з 1869 г. выкарыстоўваўся пад вайсковыя казармы. Ансамбль кляштара і касцёла моцна пацярпеў у 2-ю сусветную вайну, што зафіксавана фотаздымкамі і абмерамі Дзяржбуда БССР, пасля чаго ў 1950 г. цалкам зруйнаваны. Засталіся падмуркі на рагу вуліц Інтэрнацыянальнай і Энгельса (былой Дамініканскай).

Касцёл св. Тамаша Аквінскага ўяўляў класічную трохнававую базыліку без трансепта з прамавугольным прэзбітэрыем. З паўночна-ўсходняга боку да прэзбітэрыя прылягала прамавугольная закрыстыя, зробленая ў адну лінію з бакавой навай, з процілеглага — выцягнуты трохпавярховы кляштарны корпус, дзе келлі манахаў размяшчаліся з аднаго боку калідора. У архітэктурным вырашэнні гэтай святыні спалучаліся рысы рэнесансу і ранняга барока. Па баках галоўнага фасада, які меў ярусную будову, сіметрычна размяшчаліся прыгожыя капліцы з васьміграннымі светлавымі барабанамі, завершанымі самкнутымі барочнымі купаламі з ліхтарыкамі. Цэнтральная частка фасада мела нетрадыцыйнае для беларускага барока вырашэнне: вось сіметрыі падкрэслівалася не ярусамі праёмаў, як звычайна, а прасценкамі паміж імі, што надавала мінскаму касцёлу дамініканцаў адметнасць. На адлегласці перад галоўным фасадам стаяла незвычайная ўваходная брама, якая складалася з дзвюх сіметрычных трох’ярусных вежаў-званіцаў з арыгінальным завяршэннем у выглядзе чатырох дыяганальна размешчаных магутных валютаў, увенчаных барочнымі сігнатуркамі. Вежы злучаў уваходны порцік, вырашаны накшталт трыумфальнай аркі. Інтэр’ер святыні вызначаўся пышнасцю і багаццем дэкаратыўнага аздаблення, быў размаляваны фрэскамі, уключаў 13 стукавых і драўляных разьбяных алатароў, цудоўны арган, які мясціўся на музычных хорах над уваходам.


Касцёл св. Казіміра (па-дамініканскі) у Стоўбцах. Фасад і галоўны алтар. Здымкі 1930-х гг.

Кашталян мінскі Аляксандр Слушка з жонкай Зоф’яй (з Зяновічаў) асадзіў дамініканцаў у Стоўбцах. Даты іх першых фундацый, па розных крыніцах, тычацца 1621 і 1623 гг. Да 1640 г. быў, як лічыцца, узведзены мураваны касцёл, які моцна пацярпеў падчас вайны 1654—1667 гг., пасля адноўлены і кансэкраваны пад тытулам св. Казіміра ў 14 снежня 1675 г. віленскім суфраганам Мікалаем Слупскім. Даследчыкі архітэктуры Заходняй Беларусі ў 1930-я гг. па-рознаму ацэньвалі мастацкія адметнасці гэтай святыні. Вядомы гісторык мастацтва Марыян Маралёўскі пісаў, што касцёл змураваны ў «стылі гатыцкім аб дзвюх вежах». Пры гэтым ён адзначаў, што ўнутры святыні багата аформленыя стукавым арнаментам сцены і аркі, а таксама купал бакавой капліцы, якая матывамі нагадвае капліцу св. Казіміра ў Вільні, работы архітэктара Вазаў Канстанціна Тэнкала. Краязнаўца Уладзіслаў Абрамовіч, наадварот, сцвярджаў, што стыль збудавання ўяўляў «найпрыгажэйшае чыстае барока з ракаковай аздобай інтэр’ера». На самай справе, вонкавае аблічча гэтай святыні толькі імітавала суровы дух Сярэднявечча. Гэта адпавядала ідэалогіі сарматызму, рыцарскага менталітэту, што панавалі ў асяроддзі шляхты Рэчы Паспалітай.

Па сваёй архітэктоніцы стаўбцоўскі касцёл св. Казіміра шмат ў чым нагадваў мінскі касцёл св. Тамаша Аквінскага, з якім быў рэгіянальна блізкім і меў агульны час пабудовы. Гэта таксама была трохнававая базыліка без трансепта з выцягнутым прамавугольным прэсбітэрыем, але яе бакавыя навы падзяляліся мураванымі сценамі на асобныя неглыбокія капліцы. Рэнесансныя купальныя капліцы на галоўным фасадзе тут адсутнічалі, іх замянілі дзве высокія вежы, якія да самага верху мелі пастаяннае квадратнае сячэнне. Але з паўднёвага боку прэсбітэрыя размяшчалася адна вялікая квадратная ў плане мемарыяльная капліца св. Фабіяна, перакрытая самкнутым купалам са светлавым ліхтарыкам. Стукавая аздоба капліцы ўражвала пластычным багаццем і майстэрскім выкананнем. Яна з самага пачатку прызначалася для пахавання прыёра кляштара Фабіяна Малішэўскага, які памёр у 1644 г. і пазней быў кананізаваны.

Скляпенні галоўнай навы і аздоба купала капліцы св. Фабіяна ў касцёле св. Казіміра ў Стоўбцах. Здымкі 1930-х гг. Амбона касцёла св. Казіміра. Здымак 1930-х гг.

З калекцыі фотаздымкаў касцёла св. Казіміра ў Стоўбцах, выкананых віленскім Таварыствам аматараў навук у 1930-я гг., можна бачыць, якую мастацкую каштоўнасць меў цудоўны інтэр’ер гэтай святыні. У яго аздабленні выразна спалучаліся рысы розных этапаў развіцця беларускага барока. Фігурныя ляпныя кесоны скляпенняў, характэрныя для ранняга барока, суседнічалі з вытанчанай манахромнай нізкарэльефнай пластыкай амбоны ў стылі ракако. Але аснову мастацкага афармлення інтэр’ера стваралі магутная дынамічная пластыка дзевяці стукавых алтароў, сакавіты ордэрны дэкор міжнававых аркадаў, мажорная паліхромія, уласцівыя сталаму барока. Сакральнае начынне касцёла дапаўнялася геральдычнай і вайсковай эмблематыкай. У ім знаходзіўся тыпова «сармацкі» партрэт фундатара А. Слушкі ў аблямоўцы пышнага ракайльнага картуша са штучнага мармуру - цікавы ўзор мастацкай эвалюцыі і захавання традыцый.


План касцёла св. Казіміра ў Стоўбцах.
У 1868 г. тады ўжо парафіяльны касцёл св. Казіміра быў перададзены праваслаўным і перабудаваны пад царкву. Над масіўнымі прызматычнымі вежамі надбудавалі яшчэ адзін ярус чацверыкоў, завершаных пукатымі купаламі з цыбулепадобнымі галоўкамі. Дах цэнтральнай навы зрабілі больш нізкім і адпаведна змянілі форму франтона на паўцыркульны «какошнік». Змянілі таксама абрыс купала капліцы св.Фабіяна. У выніку перабудовы аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю святыні ўвянчалі ажно шэсць псеўдарускіх цыбулепадобных галовак, што можна бачыць на фотаздымку Яна Балзункевіча пачатку ХХ ст. У 1921 г. храм зноў вярнулі католікам і знялі ўсе псеўдарускія напластаванні, але ў 1960-я гг. велічны касцёл св. Казіміра ў Стоўбцах быў зруйнаваны дашчэнту.

З намаганнямі роду Слушкаў звязаны таксама фундацыі касцёлаў дамініканцаў у Клімавічах (1626 г.) і Рэчыцы (1634 г.), ад якіх ужо ў пачатку ХХ ст. не заставалася ніякіх слядоў. Апрача Слушкаў апекуном дамініканцаў у 1-й палове ХVІІ ст. выступаў буйны магнацкі род Сапегаў. Пры парафіяльным касцёле Св.Тройцы ў Ружанах, змураваным у 1615—1617 гг. па фундацыі Льва Сапегі, яго сын Казімір Леў Сапега заснаваў кляштар дамініканцаў. У мястэчку Дзярэчын, непадалёку ад Ружанаў, дамініканцы аселі па фундацыі, зробленай у 1618 г. кашталянам мсціслаўскім Канстанцінам Палубінскім. Да яго фундацый на карысць кляштара з 1629 г. далучылася жонка Зоф’я (з Сапегаў), у 1637 г. пры ім быў адчынены шпіталь на 12 хворых. Мураваны касцёл «структуры вспонялай, ордэра гатыцкага», як пазначана ў інвентары пачатку ХХ ст., пачалі будаваць у 1690 г. на сродкі кашталяна Вялікага Княства Літоўскага Міхала Сапегі, дзеля чаго быў запрошаны архітэктар-італьянец. У 1744 г. святыню ў гонар Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі кансэкраваў віленскі біскуп М. Зянковіч.

Па сваёй архітэктоніцы дзярэчынскі касцёл дамініканцаў амаль цалкам паўтараў вышэй разгледжаныя святыні: трохнававая базыліка без трансепта з прамавугольным прэзбітэрыем. Галоўны бязвежавы фасад упрыгожвалі плоскасны ордэрны дэкор і разнастайныя фігурныя праёмы. Унутры сцены і скляпенні былі размаляваны фрэскамі «італьянскай школы» на біблейскія сюжэты, пілоны аркадаў аздаблялі стукавыя алтары св. Антонія Падуанскага, св. Вінцэнта, св. Тамаша Аквінскага і св. Анёлаў-ахоўнікаў. Насупраць амбоны знаходзілася мармуровае надмагілле фундатара — князя М. Сапегі. У першай палове ХІХ ст., пасля закрыцця кляштара ў 1832 г., фасад касцёла быў перароблены ў стылі класіцызму, што можна бачыць на малюнку Напалеона Орды 1877 г. Пазней былы кляштарны комплекс дамініканцаў у Дзярэчыне знішчыў пажар (яго рэшткі таксама зафіксаваны абмерамі і фотаздымкамі віленскага Таварыства аматараў навук ў 1930-я гг).

Да мецэнацтва Сапегаў належаў яшчэ адзін на сённяшні дзень амаль забыты помнік дойлідства ранняга барока — касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі ордэна дамініканцаў у Гродна, змураваны ў 1630–1635 гг. па фундацыі падкаморыя віленскага Фрыдрыха Сапегі і яго жонкі Хрысціны (з Пацаў) і асвечаны ў прысутнасці караля Уладзіслава ІV Вазы. У старажытным архіўным дакуменце пад назвай «Кніга інвентарная Гродзенскай эканоміі з апісаннем Каралеўскага замка, драўлянага замка на Гарадніцы і г. д.» за 1650–1651 гг. ёсць запіс: «ОО. дамінікане ў 1635 року надзелены панам Сапегай старостам гродзенскім 11 з паловай валокамі зямлі» (НАГБ г. Гродна. Ф. 875, воп. 2, спр. 20, арк. 9 адв.). З прывілею караля Уладзіслава ІV ад 12 верасня 1643 г. вядома, што кляштар дамініканцаў у Гродна, размешчаны па вуліцы Віленскай, валодаў 198 пляцамі. У фамільным архіве шляхецкага роду Быхаўцаў, які вёўся з 1511 г., пад 1651 г. пазначаны фундушовы запіс Яна Быхаўца гродзенскім дамініканцам на зямлю (НГАБ г. Гродна, ф. 8, воп. 1, спр. 82). У бок ад Віленскага тракта адыходзіла вуліца Яўрэйская, на якой знаходзіўся двор айцоў дамініканцаў з садам. Ужо ў 1712 г. кляштарны шпіталь займаў два мураваныя будынкі-«камяніцы», хаця жылы корпус для законнікаў быў яшчэ драўляны (НГАБ г. Гродна. Ф. 875, воп. 2, спр. 18).

Па сваёй архітэктоніцы гродзенскі касцёл дамініканцаў адрозніваўся ад разгледжаных вышэй трохнававых базылік з прамавугольнымі выцягнутымі прэзбітэрыямі, затое ён меў шмат агульных рысаў з суседнім касцёлам брыгітак, змураваным у 1634–1642 гг., верагодна, на ўзор крыху больш ранняга дамініканскага. Гэта быў кампактны аднанававы будынак з паўцыркульным алтарным завяршэннем і бязвежавым галоўным фасадам. Даволі значны пралёт навы перакрываўся двума вялікімі крыжовымі скляпеннямі (над алтаром — конхавым з распалубкамі), падзеленымі падпружнымі аркамі і накрытымі высокім двусхільным дахам.

Пазней па баках галоўнага фасада касцёла, у адну лінію з ім, былі пастаўлены двухпавярховыя кляштарныя карпусы, накрытыя дахам той жа вышыні, але з барочным заломам, што стварала выразны святлаценевы эфект. Пластычныя лініі даха кляштарных карпусоў роўна пасярэдзіне прарэзваў маляўнічы франтон касцёла, што надавала агульнай кампазіцыі цэласнасць і гарманічнасць, хаця адзін з карпусоў, Г-падобны, быў пабудаваны ў 1735–1737 гг. прыёрам кляштара Тамашам Ганусевічам, а другі — у 1780–1786 гг., вядомым архітэктарам-дамініканцам Людвікам Грынцэвічам. Пры кляштары дзейнічалі шпіталь і вучылішча для юнакоў шляхецкага паходжання (зачынена ў 1832 г.), пазней ператворанае ў павятовае. Гродзенскім губернскім архітэктарам Міхаэлісам у 1834 г. быў зроблены план комплексу, дзе бачна, што кляштарныя карпусы мелі не калідорную, а анфіладную сувязь. У 1853 г. быў заключаны кантракт на знос дамініканскага кляштара (НГАБ у Гродна. Ф. 8, воп. 1, спр. 913). У 1865 г. касцёл пераабсталявалі ў праваслаўную царкву Ямбургскага ўланскага палка, дзеля чаго зрабілі абмерныя чарцяжы ўсяго комплексу, на якіх бачна, што частка кляштара на той час ужо разбураная. У 1874 г. былы дамініканскі комплекс быў цалкам зруйнаваны.

Адначасова з гродзенскім, у 1630–1635 гг., па фундацыі Зоф’і Быхавецкай (па іншых крыніцах Бухавіцкай), з’явіўся касцёл дамініканцаў у Брэсце, але спачатку ён быў драўляны. Мураваны касцёл, кансэкраваны ў гонар св. Сафіі ў 1696 г., знеслі разам з іншымі святынямі Брэста пры будаўніцтве ваеннай крэпасці ў 1830-я гг. Яго аблічча вядомае па абмерных чарцяжах, выкананых з гэтай нагоды Расійскім ваенным ведамствам (РДВГА, ф. 349, воп. 4, спр. 7901). Архітэктанічна гэта было аднанававае збудаванне з характэрным для храмабудаўніцтва дамініканцаў ХVІІ ст. строгім прамавугольным прэсбітэрыем. У мастацка-стылёвых адносінах у ім увасобіліся прыкметы мясцовага «сармацкага» барока, якое расквітнела ў часы праўлення караля-«сармата» Яна ІІІ Сабескага.


Франтальны фасад касцёла і кляштара дамініканцаў у Брэсце. Абмерны чарцёж. 1830-х гг.

Па баках галоўнага фасада, у адну лінію з ім, размяшчаліся прызматычныя аб’ёмы з вітымі ўсходамі ўнутры, што рабіла яго больш шырокім за наву і падобным на тэатральную заслону, якая закрывае ад гледача агульную кампазіцыю збудавання. Фасад-куліса быў аздоблены класічным ордэрам у барочнай інтэрпрэтацыі і па ўсёй шырыні завяршаўся фігурным атыкавым франтонам з буйнымі валютамі. Даволі аскетычную архітэктуру збудавання ўзбагачалі размешчаныя сіметрычна па баках навы вялікія квадратныя ў плане капліцы з пластычнымі купаламі і светлавымі ліхтарамі ўверсе. Падобныя мемарыяльныя купальныя капліцы былі папулярнымі ў рэнесавай архітэктуры Кракава, Львова і Вільні (капліцы Ягелонаў і Вазаў на Вавелі, св. Казіміра ў віленскай катэдры), а пазней, як бачым, доўгі час захоўваліся ў будаўніцтве дамініканскага ордэна на Беларусі (Мінск, Стоўбцы, Брэст).


Касцёл Міхала Арханёла ў Наваградку са званіцай. Пасляваенны стан. Здымак канца 1940-х гг.


Здымак 1970-х гг.


Сучасны выгляд з алтарнай часткі.


Скляпенні бакавой навы.
Да патранату над дамініканскім ордэнам у 1-й палове ХVІІ ст. прычыніўся яшчэ шэраг славутых магнацкіх родаў Вялікага Княства Літоўскага. У 1624 г. віленскі ваявода Хрыстафор Хадкевіч фундаваў кляштар дамініканцаў у Наваградку з драўляным касцёлам у гонар Міхала Арханёла — нябеснага апекуна краю. У 1639 г. Адам Хадкевіч, ваявода мсціслаўскі, фундаваў у Вільні другую ў горадзе (пасля касцёла Святога Духа) дамініканскую святыню, кансэкраваную ў гонар святых апосталаў Якуба і Піліпа (абедзве гэтыя святыні перабудаваны ў 1740-я гг. у стылі віленскага барока архітэктарам І. К. Глаўбіцам). У 1649 г. у Оршы па фундацыі князя Гераніма Друцкага-Сакальніцкага былі ўзведзеныя мураваныя касцёл св. Іосіфа і кляштар дамініканцаў.

Яшчэ большы росквіт чакаў дамініканскі ордэн у 2-й палове ХVІІ ст., пасля руска-шведска-польскай вайны 1654–1667 гг., якая прывяла да поўнага заняпаду рэфармацыйнага руху і прымусовай міграцыі праваслаўнага насельніцтва ВКЛ у Маскоўскую дзяржаву. У гэты час адзін толькі Станіслаў Казімір Радзівіл заснаваў дамініканскія кляштары ў Ельні, Палонцы, Слоніме, Клецку і Нясвіжы, якія мелі ў асноўным мураваныя касцёлы. Сярод іх асаблівым багатым аздабленнем вылучаўся нясвіжскі касцёл, размешчаны ў цэнтры радзівілаўскай ардынацыі. У год заканчэння вайны Андрэй і Дарота Абнорскія фундавалі дамініканскі кляштар у Ашмянах. Кальвінскі збор ХVI ст. у мястэчку Рыконты ў 1668 г. быў перададзены канцлерам ВКЛ Марціянам Агінскім дамініканцам. У тым жа годзе мясцовы мастак Ян з Янавічаў прыгожа размаляваў барочнымі фрэскамі сцены гэтай готыка-рэнесанснай святыні, пра што сведчыў надпіс на тынкоўцы. Шырока вядомы кальвінскі збор у Заслаўі, пабудаваны ў канцы ХVІ ст. (цяпер праваслаўная Спаса-Праабражэнская царква), у 1681 г. быў ператвораны ў дамініканскі касцёл Міхала Арханёла. Кляштары ордэна існавалі таксама ў Васілішках, Шумску, Хатаевічах, Ружанастоку (былы Сакольскі павет). Новую фундацыю ад полацкай ваяводзіны Лукрэцыі Марыі Стозен-Копцавай у 1678 г. атрымалі пінскія дамініканцы. У гэты ж час аднаўляліся разбураныя падчас вайны шматлікія дамініканскія комплексы 1-й паловы ХVIІ ст. Тыя з іх, якія першапачаткова будаваліся з дрэва, цяпер станавіліся мураванымі, больш манументальнымі і трывалымі.


Касцёл Міхала Арханёла ў Наваградку. Галоўны алтар.
Эканамічнае і ідэалагічна-асветніцкае апірышча дамініканцаў на шляхту «рыцарскага стану» спрыяла станаўленню ў стылістыцы святыняў ордэна прапаведнікаў рысаў мясцовага «сармацкага барока» — адметнай разнавіднасці сусветнага стылю тагачаснага хрысціянскага храмабудаўніцтва. Суровы аскетызм і лапідарнасць вонкавых архітэктурных формаў спалучаліся ў іх з пышным пластычным аздабленнем інтэр’ераў у тэхніцы стуку, што сублімавала рэлігійнае пачуццё, нават экзальтаванасць. Касцёлы ў літаральным сэнсе нагадвалі кастэлі — маленькія крэпасці з прызматычнымі абарончымі вежамі, глухімі паверхнямі фасадаў, амаль пазбаўленымі класічнага архітэктурнага ордэра. З імі рэзка кантраставалі ляпныя фігурныя кесоны скляпенняў, магутныя архітэктанічныя алтары, выкананыя з штучнага мармуру, складаныя дэкаратыўна-семантычныя кампазіцыі з вайсковай і геральдычнай атрыбутыкай, гербавымі картушамі і партрэтамі фундатараў. У гэтым кірунку дамініканцы ішлі поруч з аўгустынцамі, якія стварылі першыя ўзоры «сармацкага барока» (касцёлы св. Пятра і Паўла на Антокалі ў Вільні і Міхала Арханёла ў Міхалішках), але іх святыняў было менш. Прынцыпы архітэктанічнага формаўтварэння міхалішскага касцёла аўгустынцаў і клецкага касцёла дамініканцаў вельмі падобныя (Габрусь Т. Духоўныя абаронцы Айчыны. Наша вера № 3 (17) 2001. – С. 40–47).


Касцёл дамініканцаў у Клецку. Здымак 1930-х гг.
Пры агульнай занядбанасці і вялікіх стратах архітэктурнай спадчыны Беларусі ў цэлым менавіта святыні дамініканскага ордэна чакаў найбольш трагічны лёс. Яны руйнаваліся доўга і мэтанакіравана на працягу двух стагоддзяў: спачатку ўладамі Расійскай імперыі, потым савецкай атэістычнай ідэалогіяй. За актыўны ўдзел законнікаў гэтага ордэна ў паўстанні 1830–1831 гг. усе дамініканскія кляштары былі зачынены дэкрэтам 1832 г. Касцёлы засталіся парафіяльнымі. Але пасля паўстання 1863–1864 гг. іх пачалі масава перадаваць і рэканструяваць пад праваслаўныя цэрквы. У першыя гады савецкай улады многія з іх прыйшлі ў заняпад, падчас Вялікай Айчыннай вайны былі яшчэ больш пашкоджаны, а пазней канчаткова зруйнаваны. З вялікай колькасці згаданых кляштарных комплексаў, заснаваных у ХVII ст., да нашага часу захаваліся толькі касцёлы дамініканцаў у Клецку і Наваградку і тое амаль што выпадкова. Мне асабіста давялося прычыніцца да выратавання абодвух і даваць заключэнні аб іх гісторыка-культурнай каштоўнасці ў вышэйшыя органы ўлады БССР. Як старшыні секцыі архітэктуры Мінскага абласнога савета Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры мне доўгі час давялося дабівацца высялення вытворчага цэха станкабудаўнічага завода з былога клецкага касцёла дамініканцаў. Яшчэ больш старажытны за дамініканскі парафіяльны касцёл у Клецку быў зруйнаваны да падмуркаў у 1960-я гг.

Упершыню ўбачыць дамініканскі касцёл Міхала Арханёла і іншыя помнікі дойлідства Наваградка, першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, радзімы Адама Міцкевіча, мне давялося ў 1968 г., калі група студэнтаў-мастакоў, архітэктараў і фізікаў пад кіраўніцтвам мастацтвазнаўцы Элеаноры Вецер накіравалася ў вандроўку па роднай Беларусі. Гэтая першая сустрэча прынесла незабыўныя ўражанні і адкрыцці, якія вызначылі для многіх з нас далейшы жыццёвы шлях. У той час у былым дамініканскім касцёле, парафіянамі якога была сям’я Адама Міцкевіча і ён сам, размяшчаўся мэблевы склад. Сярод хаосу і занядбання, пылу і бруду, у двухпавярховай заходняй закрыстыі мы знайшлі некалькі вельмі каштоўных готыка-рэнесансных разьбяных скульптур святых, якія пазней перадалі Мастацкаму музею Беларусі. Ішоў час і святыня ўсё болей руйнавалася, з’явіліся аварыйныя расколіны і адпаведна — жаданне чыноўнікаў пазбавіцца ад праблемы аховы, рэстаўрацыі і выкарыстання помніка. Вось змест пададзенага мною на запыт Вярхоўнага Савета БССР «Заключэння аб гісторыка-культурнай каштоўнасці дамініканскага касцёла св. Міхала ў Наваградку:

Гістарычныя звесткі пра Міхайлаўскі касцёл у Навагрудку прыведзены ў шматлікіх польскіх і рускіх краязнаўчых і архітэктурных даследаваннях. З іх вынікае, што драўляны кляштарны комплекс тут быў заснаваны ў 1624 г. па фундацыі віленскага ваяводы Хрыстафора Хадкевіча. Мураваны касцёл быў пабудаваны «праз 100 гадоў самімі дамініканцамі», гэта значыць, прыблізна ў 1724 г. Пры ім з 1797 па 1831 г. існавала школа, дзе вучыліся Адам Міцкевіч і Ян Чачот. У 1829 г. пабудавана мураваная званіца і зроблены рамонт са зменамі вонкавага дэкора ў стылі класіцызму.

Архітэктурныя характарыстыкі збудавання даюць падставы лічыць, што мураваны касцёл быў пабудаваны не праз 100 гадоў пасля заснавання рэзідэнцыі ордэна, а, хутчэй за ўсё, у 2-й палове ХVІI ст. Па аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі навагрудскі Міхайлаўскі касцёл - трохнававая базыліка без трансепта з плоскім бязвежавым фасадам. Гэты архітэктурны тып быў уласцівы будаўніцтву дамініканцаў, як адзначаў яшчэ М. Шчакаціхін. Цэнтрам яго распаўсюджання была Вільня. Напрыклад, у Мінск гэты архітэктурны тып быў прынесены з Вільні ўжо ў самым пачатку ХVII ст. Акрамя гэтага, у XVII ст. дамініканцы вялі найбольш актыўнае будаўніцтва, параўнальна з іншымі ордэнамі, і звычайна прытрымліваліся азначанай схемы. На карысць датавання гэтага помніка XVII ст. сведчыць таксама характар праёмаў, вонкавай дэкаратыўнай пластыкі і скляпенняў у інтэр’еры. Лінеарны геаметрычны арнамент ляпных кесонаў скляпенняў мае аналагі ў шэрагу помнікаў архітэктуры 1-й паловы XVII ст., але адначасова ён унікальны і непаўторны.

Зыходзячы з вышэй адзначанага, ёсць падставы лічыць Міхайлаўскі касцёл у Навагрудку каштоўным помнікам беларускай архітэктуры XVII ст. Выразнае архітэктурнае аблічча, удалае горадабудаўнічае размяшчэнне стымулююць да ўключэння яго ў ансамбль гістарычнага цэнтра горада пасля адпаведнай рэстаўрацыі.

Загадчык рэдакцыяй мастацтва і культуры
Беларускай Савецкай Энцыклапедыі
Габрусь Т.В.
20 сакавіка 1979 г.»

Гэта было 24 гады таму, але і сёння я адчуваю радасць дачынення да выратавання гэтага помніка. Аднак вернемся да разгляду яго архітэктурна-мастацкага аблічча. Адпаведна з горадабудаўнічай сітуацыяй святыня павернута да цэнтральнай плошчы горада галоўным паўночным фасадам, а алтарнай часткай — на поўдзень, што робіць незвычайным яе святлоценявы выгляд. Асаблівасцю архітэктонікі касцёла, параўнальна з больш раннімі дамініканскімі святынымі, з’яўляецца надзвычай выцягнуты прэсбітэрый з паўкруглым алтарным завяршэннем, па даўжыні амаль роўны цэнтральнай наве базылікі, з якой ён накрыты агульным дахам. Магутная пластыка і маналітнасць формаў надае святыні выгляд шматпалубнага карабля. Вядома, што касцёл пацярпеў ад пажару ў 1751 г., але хутка быў адноўлены. У яго інвентары ад 23 снежня 1804 г. даецца апісанне шыкоўнай аздобы інтэр’ера: разьбяных алтароў, стукавай лепкі, падлогі з мармуровых плітак (НГАБ г. Мінск, ф. 1781, воп. 27, спр. 570). Пасля пажару ў 1831 г. і рамонту помнік набыў рысы позняга класіцызму: больш пакаты дах і спрошчаны трохвугольны франтон. Галоўны фасад падзелены антаблементам па гарызанталі на два ярусы на ўзроўні карнізаў бакавых наваў, што надае яму візуальную важкасць і прысадзістасць. Сціпласць і сухаватасць малюнка моцна змененага фасада кантрастуюць з брутальнай барочнай сакавітасцю інтэр’ера. Над уваходам размешчаны хоры з драўлянай балюстрадай, дзе мясціўся «арган з 11 галасамі і 3 мяхамі», які ёсць і сёння.

Прастора цэнтральнай навы перакрыта цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі на адзінкавых падпружных арках. Такі характар скляпенняў быў уласцівы каталіцкім святыням, пабудаваным на мяжы XVII—XVIII стагоддзяў. Асаблівую цікавасць уяўляе ляпная аздоба крыжовых скляпенняў левай (усходняй) навы ў выглядзе геаметрычнага арнамента, характэрная для помнікаў рэнесансу і ранняга барока (касцёлы ў Чарнаўчыцах, Крамянцы, Міхайлаўскага ў Вільні і іншых). Са сціплай раннебарочнай аздобай скляпенняў арганічна спалучаецца вытанчаная познебарочная пластыка трох велічных прысценных алтароў, сярод якіх асабліва вылучаецца галоўны алтар з цудатворным абразом Міхала Арханёла. Архітэктанічная кампазіцыя галоўнага алтара разлічана на стварэнне характэрных для позняга барока ілюзіяністычных эфектаў сродкамі архітэктурнага ордэра, жывапіснай перспектывы, выразнасці ляпной пластыкі і аб’ёмнай скульптуры. Абраз «Сэрца Езуса», размешчаны ў міжнававай аркадзе, аформлены прыгожым ракайльным картушам. З поўночнага захаду да касцёла прылягаў П-падобны двухпавярховы кляштарны корпус, у якім размяшчалася дамініканская школа. У 1853 г. кляштар быў зачынены, касцёл перароблены ў парафіяльны (яго выгляд зафіксаваны на паштоўцы ў 1930-я гг.). У наш час, пасля шматгадовага занядбання, гэты выдатны помнік беларускага сакральнага дойлідства адноўлены і дзейнічае па прызначэнні.


НГАБ — Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, г. Мінск і г. Гродна.
РДГА — Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў, г. Спб.
РДВГА — Расійскі дзяржаўны ваенна-гістарычны архіў, г. Масква.

Працяг >>


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY