Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(25)/2003
Галерэя
Юбілеі

РЫМСКІ ТРЫПЦІХ
Мастацтва

АРХАНЁЛЫ НАД БЕЛАРУССЮ
На шляху веры
Постаці

ЯЗЭП ГАЙЛЕВІЧ
Haereditas
Юбілеі

ПАКУЛЬ ШТО АДЗІНАЯ
Кантэкст
Memoria

ЖЭНЯ, ЖЭНЕЧКА, ДЗЕ ТЫ?!

ВЕРШЫ
Мастацтва

У ГОНАР МІНДОЎГА
Пераклады

ІВАН БУНІН
Постаці

ЛЯСНАЯ КАНВАЛІЯ
Архіўная старонка
Нашы святыні

ФАРНЫЯ МОГІЛКІ Ў ГРОДНЕ, 1792–1939
На кніжнай паліцы
Бібліятэка часопіса «Наша вера»

ШЛЯХ МІЖ ДЗВЮМА БРАМАМІ

Франц СІЎКО

СВЕТ ВЫРАТУЮЦЬ НОВЫЯ ДАМІНІКІ

Час ад часу ў свеце назіраецца ўсплеск цікавасці да містыкі. Акультызм, тэасофія, уфалогія — плыні, з дапамогаю якіх людзі імкнуцца ўцячы ад рэальнасці, пазбавіцца ад паўсядзённых праблем. Асабліва характэрная такая з’ява на пераломных гістарычных этапах, у пару рэзкае змены звыклага ладу жыцця. Ці заўсёды захапленне імі — гэта тое, што чалавеку патрэбна, каб зрабіць шчаслівым сябе і сваіх блізкіх? Што такое секты і як належыць да іх ставіцца? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае пробашч віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага а. сальватарыянін Тадэвуш Дабравольскі.

— Айцец Тадэвуш, якія кірункі містыцызму найбольш характэрныя для сённяшняга дня?

— У сучасным свеце існуюць два кірункі развіцця рэлігійнага жыцця наогул. Першы — гэта секулярызацыя, ён найбольш адчувальны ў Заходняй Еўропе. Другі — звязаны з паўторным адкрыццём рэлігіі, рэлігійнасці і духоўнага жыцця. У пэўнай ступені абодва сведчаць пра распаўсюджанне моды на рэлігійнасць, што цалкам супярэчыць прагнозам сацыёлагаў 50-х гадоў аб павольным знікненні рэлігіі і рэлігійных памкненняў з жыцця наогул. Яркім прыкладам пошукаў сучасным чалавекам задавальнення сваіх рэлігійных патрэбаў з'яўляецца плынь New Age — найбольш характэрная і распаўсюджаная, не звязаная з традыцыйнымі рэлігіямі. Агулам New Age можна разглядаць як плынь культуралагічную, вытокі якой палягаюць у заходнім эзатэрызме ХІХ стагоддзя. Аснову яе складае зварот да астральнага міфу пра Вадзяніка. Плынь атрымала найбольшае распаўсюджанне ў другой палове ХХ стагоддзя. Яе галоўная ідэя грунтуецца на ўяўленні, што на парозе 2000 года чалавецтва ўвойдзе ў новую эру — эру адметнай духоўнай свядомасці, якая агорне ўсю планету, эру гармоніі і святла. Некаторыя прадстаўнікі гэтай плыні гавораць пра набліжэнне другога прыйсця Хрыста, энергія якога ўжо ўздзейнічае на нас, акумулюючыся ў разнастайных формах духоўных шуканняў ці нават рэлігійных рухах.

Пад штандарам New Age выступае шмат самых розных рухаў, таму не так проста адназначна акрэсліць яго дактрыну. Усе гэтыя рухі, аднак, грунтуюцца, як правіла, на агульным культурным падмурку, і гэта дае магчымасць вызначыць іх агульныя, цэнтральныя ідэі. Адна з іх сцвярджае, што космас з'яўляецца арганічнай цэласнасцю, якую ажыўляе Энергія, тоесная Боскаму Духу. Прыхільнікі New Age вераць у пасрэдніцтва духаў, у пераход чалавека ў іншыя, нябачныя вышэйшыя сферы, а таксама ў мажлівасць кантралявання свайго жыцця пасля смерці. Важная рыса іх духоўнай арыентацыі — вера ў існаванне «Адвечнай мудрасці» як найстарэйшай і найдасканалейшай за ўсе рэлігіі і культуры.

Пра актуальнасць асэнсавання дзейнасці New Age сведчыць з'яўленне ватыканскага дакумента «Езус Хрыстус — даўца жывой вады. Хрысціянская рэфлексія на тэму New Age».

— З чым звязана такое шырокае распаўсюджанне ідэй New Age?

— Зсекулярызаваны свет не ў стане забяспечыць усіх патрэбаў сучаснага чалавека, адказаць на ўсе яго пытанні. І атрымліваецца, што часта чарговая хваля рэлігійнасці развіваецца па-за традыцыйнымі Цэрквамі. Гэта небяспечна і для Касцёла, і для духоўнасці наогул.

— Ці распаўсюджаныя ідэі New Age на Беларусі?

— У пэўнай ступені — так. Прыкладам іх папулярызацыі з'яўляюцца кніжкі пра Гары Потэра, рэсурсы Інтэрнэта, мноства груп і асяродкаў, сярод якіх вылучаецца ўтвораны ў 1990 годзе Беларускі фонд Рэрыхаў. У краінах, дзе доўга падаўлялася традыцыйная рэлігія, у час яе адраджэння заўжды назіраецца моцны наплыў розных рухаў і сектаў, і недасведчанаму чалавеку няпроста адэкватна ацаніць іх дзейнасць, таму ён і прымае на веру што заўгодна.

— А ці бываюць секты канструктыўнымі?

— Секты звярнулі на сябе ўвагу шырокай грамадскасці найперш негатыўнымі з'явамі. Найбольш гучная з іх — самазабойства 900 членаў секты «народны Храм» у Гвіяне ў лістападзе 1978 года, самазабойствы ў Швейцарыі і Канадзе, збройны чын у ЗША секты «Ветвь Давидова», падчас якога загінула 90 чалавек. «Храм Сонца» прывёў да самазабойства 25 сваіх вызнаўцаў. Шмат таксама і іншых прыкладаў: інцыдэнт у такійскім метро, арганізаваны сектай «Аум Сінрыкё», сексуальныя злоўжыванні «Сям'і Любові», дзейнасць Белага Брацтва на Украіне. Дадамо сюды і безліч асабістых драм людзей, якія на ўласным вопыце зведалі ўсё тое, да чаго прыводзіць сектанцтва. Так што пра нейкі канструктывізм казаць не выпадае. Тым больш, калі мець на ўвазе секты таталітарныя...

— А што такое таталітарныя секты? Якія іх практычныя прыкметы?

— Міжнародны Звяз Згуртаванняў Абароны Сем'яў і Адзінства (UNADFI) акрэсліў наступныя прыкметы, паводле якіх можна вызначыць прыналежнасць менавіта да таталітарнай секты:

  • прапанова простых (а то і надта простых) адказаў на складаныя жыццёвыя пытанні (жыццё, смерць, хвароба і інш.);
  • выкарыстанне актуальных, модных тэм (экалогія, медытацыя, будучыня чалавецтва, псіхааналіз, энергія і інш.) з мэтаю завербаваць да сябе;
  • захвальванне («ты інтэлігентны», «маем у табе патрэбу» і інш.);
  • абмежаванне да мінімуму асабістай свабоды чалавека;
  • прышчапленне пэўных навыкаў маўлення (трэба казаць так, а не гэтак);
  • заахвочванне да спынення вучобы;
  • прапанова выезду за мяжу (напрыклад, на стажыроўку);
  • схіленне да разрыву з сям'ёй, сябрамі;
  • крытыка грамадства, супрацьпастаўленне яму Настаўніка як адзінай асобы, здольнай прывесці людзей да шчасця;
  • пераконванне ва ўласнай адкупленчай місіі;
  • абяцанне хуткага і лёгкага заробку.

Група, дзейнасць якой грунтуецца на такіх метадах працы, хутчэй за ўсё і будзе таталітарнаю. Нам можа здавацца, што паддацца яе ўплыву немагчыма. Маўляў, каму заўгодна такое пагражае, але не мне... Але ж такія секты дзейнічаюць і нярэдка — навідавоку. Прыкладам секты, якая з часам ператварылася ў таталітарную, з'яўляецца секта Сведкаў Еговы. Цяжка на першы погляд западозрыць гэтых элегантна апранутых людзей у таталітарных памкненнях, але ж гэта толькі выгляд дзеля таго, каб заваяваць давер.

— Нярэдка людзі, якія кепска арыентуюцца ў сістэме хрысціянскіх канфесій, лічаць манаства таксама праяваю сектанцтва...

— Быў нават прэцэдэнт: пэўная арганізацыя, кіруючыся добрым намерам засцерагчы ад уплыву сектаў, залічыла да іх адзін з каталіцкіх рухаў. Гэты выпадак яшчэ раз пацвярджае неабходнасць правільна арыентавацца ў такой складанай сферы, як рэлігійнае жыццё. Усё, што не з'яўляецца публічным, заўсёды ўзбуджае цікавасць і часам параджае ў людзей розныя недарэчныя думкі. Не дзіўна, што са з'яўленнем на Беларусі розных законных супольнасцяў у людзей узнікаюць пытанні наконт іх паходжання, дзейнасці, мэтаў і г. д. Галоўнае, што адрознівае законныя супольнасці ад сектаў, — свабода выбару тых, хто звязаў з імі свой лёс. Людзі, якія ідуць у кляштар, каб служыць Богу, робяць гэта свядома, арыентуючыся толькі на ўласныя духоўныя патрэбы. Тым, хто сумняваецца, магу параіць наведаць кляштар і самім ва ўсім пераканацца.

— Вядома, што там, дзе разбураюцца асновы традыцыйнай веры, пышным цветам расцвітаюць забабоны. Чалавек, застаючыся падсвядома вернікам, пачынае бачыць Боскі пачатак у рэчах і з'явах, якія тлумачацца значна прасцей...

— Прырода не церпіць пусткі, і чалавек, які страчвае веру, рана ці позна замяняе яе чымсьці іншым. Большасць забабонаў паходзіць з паганскіх звычаяў ці нават вынікае з гісторыі. Напрыклад, лічба 13 мае вельмі дакладнае значэнне і пэўны сэнс. Яе гісторыя пачынаецца ад дванаццацірычнай сістэмы лічэння, якая доўгі час паўсюль выкарыстоўвалася. Лічба 12, апошняя лічба той сістэмы, уяўлялася шчаслівай, а наступная, невядомая, выдавала чымсьці страшным. І пасля «ўзаконення» трынаццатай людская свядомасць стварыла цэлую гаму забабонаў, звязаных з ёю.

Катэхізм Каталіцкага Касцёла вызначае забабоны як вычварэнства адносна Аб'яўлення. Там, дзе Вера перастае быць асабістым спатканнем з Богам, адбываецца вяртанне да паганскіх уяўленняў пра свет і Бога.

— Здараецца такое: адчыняе чалавек паштовую скрыню, а там — «святое пісьмо», бязглузды набор фраз з «просьбаю» перапісаць яго колькі разоў і даслаць сваім знаёмым, сваякам і г. д. Пры гэтым называецца месца, дзе гэтае пісьмо нібыта ўпершыню з'явілася, згадваюцца прыклады бедстваў ды няшчасцяў, што напаткалі людзей, якія паставіліся да яго безуважліва (папросту — выкінулі). І міжволі, паддаўшыся страху, задумваецца чалавек: што рабіць? А сапраўды — што?

— Тое, што робіць большасць нармальных людзей, — выкінуць у сметніцу, як мы часта робім гэта з рознымі рэкламнымі лісткамі, нягледзячы на тое што яны абяцаюць зрабіць наша жыццё лягчэйшым і шчаслівейшым. Зазначым толькі, што ў такіх выпадках вялікую ролю адыгрывае момант пераканання: тое, што дагэтуль не мела ніякага значэння, раптам пачынае ўяўляцца важным і значным, асабліва калі сапраўды ёсць нейкія праблемы. Адзінае, што можна тут параіць: рэальна глядзець на рэчы і верыць Богу, а не тым, хто, карыстаючыся нашай часовай слабасцю, узяўся вяшчаць ад Яго імя.

— У чым вам асабіста бачыцца паратунак ад сектанцтва і ілжэвучэнняў?

— Цікавым прыкладам паспяховага змагання з распаўсюджаннем сектаў і фальшывых ідэй з'яўляецца святы Дамінік. Паспяховага — таму што яму ўдалося не толькі супрацьстаяць ім аргументамі тэалогіі, але і сведчаннем жыцця. Грунтуючыся на яго досведзе, можна сцвярджаць, што паратункам ад фальшу і паняволення, якія нясуць у сабе секты і ілжэвучэнні, з'яўляецца наша жывая Вера. Калі нашае жыццё змяняецца да лепшага ў выніку спаткання з Хрыстом, то мы і самі робімся тымі, хто можа прынесці волю і праўду іншаму чалавеку. Не секты і псеўдавучэнні выратуюць свет, а новыя Дамінікі.

Гутарыў Франц Сіўко.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY