Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(25)/2003
Галерэя
Юбілеі

РЫМСКІ ТРЫПЦІХ
Мастацтва

АРХАНЁЛЫ НАД БЕЛАРУССЮ
На шляху веры
Постаці

ЯЗЭП ГАЙЛЕВІЧ
Haereditas
Юбілеі

ПАКУЛЬ ШТО АДЗІНАЯ
Кантэкст
Memoria

ЖЭНЯ, ЖЭНЕЧКА, ДЗЕ ТЫ?!

ВЕРШЫ
Мастацтва

У ГОНАР МІНДОЎГА
Пераклады

ІВАН БУНІН
Постаці

ЛЯСНАЯ КАНВАЛІЯ
Архіўная старонка
Нашы святыні

ФАРНЫЯ МОГІЛКІ Ў ГРОДНЕ, 1792–1939
На кніжнай паліцы
Бібліятэка часопіса «Наша вера»

ШЛЯХ МІЖ ДЗВЮМА БРАМАМІ

Карнэліус ВІЛЬ

ПРА АЎТАРА МАЙНЦКАЙ ХРОНІКІ

Заканчэнне. Пачатак у НВ № 2 за г. г.

У трох булах — менавіта да караля Міндоўга, біскупа Дзітрыха Наўмбургскага і самога біскупа Хрысціяна Літоўскага (Potthast, Reg. Pontif. No. 15508, 9 i 18) — Папа Інакенцій ІV кожны раз ясна называе апошняга «fratrem presbiterum hospitalis sancte Marie Theutonicorum» (з лац. Братам прэзбітэрам шпіталю Святой Марыі Нямецкага ордэна). Адсюль вынікае, такім чынам, што сану святара Нямецкага ордэна надавалася асаблівае значэнне. Таму мы мяркуем, што да назвы «presbyter» у загалоўку Хронікі трэба, уласна кажучы, дадаць словаспалучэнне «hospitalis sancte Marie Theutonicorum» і што нават без гэтага дадатку ўжыванне аднаго толькі слова «presbyter» сведчыць пэўным чынам пра характар аўтара. Аднак ён мог абмежавацца гэтым дадаткам, тым больш што адрасаваў свой твор пэўным асобам, якім ён быў добра вядомы. Ва ўсялякім разе, указанне на сан «presbyter» у самахарактарыстыцы аўтара — не зусім звычайнай і прызначанай, напэўна, для перадачы значэння, супрацьлеглага значэнню «milites» (рыцары), — выдатна стасуецца з нашым святаром Нямецкага ордэна Хрысціянам, вікарным біскупам Літоўскім як аўтарам Chronicon Moguntinum.

Аднак тое ж самае яшчэ ў большай ступені тычыцца, напэўна, і выразу«episcopali nomine indignus». Калі згодна сказанаму вышэй няма ніякай падставы лічыць, што гэты дадатак нібыта сведчыць пра тое, што названы такім чынам біскуп ужо страціў свой сан, то мы, тым не менш, знаходзім у гэтым словаспалучэнні далёка не цьмяны намёк на тое, што з санам біскупа, які называе сябе «episcopali nomine indignus», не ўсё так проста; напрошваецца меркаванне, што гэты выраз не з'яўляецца адным толькі сведчаннем сціпласці і пакоры. Аднак такая незвычайная акалічнасць у сувязі з ягоным біскупскім санам ёсць фактам у біяграфіі Хрысціяна Літоўскага, паколькі Папа, нягледзячы на тое, што Хрысціян Літоўскі ўжо прынёс прысягу арцыбіскупу Нямецкага ордэна Адальбэрту Ліфляндскаму і Прускаму, прымусіў яго прысягнуць на вернасць самому Папу праз спецыяльна ўпаўнаважанага на гэта біскупа Дзітрыха Наўмбургскага, як мы паказалі гэта вышэй. Патрабаванне Папы, выказанае ім з усёй катэгарычнасцю, выклікала, напэўна, рашучы супраціў з боку арцыбіскупа Адальбэрта, а біскуп Хрысціян падпарадкаваўся зневажальнаму для яго патрабаванню з вялікай неахвотай. Не выключана, што паміж гэтымі двума апазіцыйнымі адзін да аднаго суб'ектамі, Папам і Нямецкім ордэнам, стаяў мітрапаліт Нямеччыны, і паколькі ён павінен быў прадстаўляць справу Апостальскага Пасаду, то непазбежна атрымалася так, што ён наклікаў на сябе варожасць біскупаў Нямецкага ордэна. Гэтым тлумачыцца і тое, што Хрысціян прынёс клятву вернасці Папу не перад арцыбіскупам Майнцкім, а перад вікарным біскупам Наўмбургскім. Гэтаксама і рымскія легаты, якія павінны былі адстойваць правы Папы ад дамаганняў біскупаў Нямецкага ордэна, напэўна, выклікалі антыпатыі апошніх і іхняе незадавальненне.

Гэтая камбінацыя, якая, на нашу думку, лёгка выводзіцца з фактычных абставін, у любым выпадку вельмі прыдатная для таго, каб даць дасканалае ўяўленне пра мэту і галоўныя моманты нашага Chronicon, якія мы падрабязна паказалі вышэй. Хутчэй за ўсё, менавіта на глыбокай варожасці да майнцкага мітрапаліта Герхарда і да апостальскіх легатаў, якіх біскупы Нямецкага ордэна, магчыма, лічылі рухальнай сілай таго, што з папскага боку рабілася супраць іх скіраваных на дасягненне самастойнасці памкненняў і ўяўных правоў, грунтаваўся дакумент, для ўсяго тэксту якога характэрна вялікая злосць на рымскіх легатаў увогуле 1, і вастрыё гэтай злосці было скіравана асабліва супраць легатаў Гуга і Генрыха, якія з 1251 года распараджаліся ў Нямеччыне і, атрымаўшы, па чутках, у якасці подкупу 200 марак, дапамаглі арцыбіскупу Герхарду атрымаць Майнцкі арцыбіскупскі пасад. Гэта дазваляе меркаваць і пра варожае стаўленне біскупа Нямецкага ордэна Хрысціяна да абодвух памянёных апостальскіх легатаў, а таксама да арцыбіскупа Майнцкага Герхарда, і ўлік гэтых стасункаў мог бы стаць трывалай падставай для пераканання, што менавіта наш вікарны біскуп Хрысціян Літоўскі сапраўды з'яўляецца аўтарам Chronicon Moguntinum.

Цяпер, пасля таго як мы столькі даведаліся пра асобу і сферы дзейнасці Хрысціяна, нам, напэўна, будзе дазволена пытанне, ці меў наш вікарны біскуп здольнасці, неабходныя для напісання такога дакумента, якім мы лічым Chronicon Moguntinum. Для таго, каб адказаць на гэтае пытанне, спачатку неабходна падкрэсліць, што Хрысціян, якому было даручана далучэнне караля Міндоўга да Касцёла і якога Міндоўг, а таксама арцыбіскуп Нямецкага ордэна і Папа палічылі годным сану біскупа, меў ва ўсялякім выпадку дастаткова ведаў і ўмельства, каб напісаць касцельна-палітычны тэндэнцыйны дакумент з гістарычным падмуркам. Для яго, чалавека, які з місіяй пасланца хрысціянскай веры дзейнічаў сярод паганскіх народаў у сталым мужчынскім веку прынамсі у адной далёкай ад даследавання майнцкай гісторыі і ад літаратурных заняткаў сферы, памылкі і хібы гэтага дакумента павінны лічыцца хутчэй заслугай. Аднак пра тое, што Хрысціян быў чалавек наогул інфармаваны і — калі мне дазволена будзе сказаць — дасведчаны прынамсі ў кніжнай мудрасці, адназначна сведчыць Папа Інацэнт ІV, які хваліць яго ў буле ад 21 жніўня 1253 года да арцыбіскупа Адальбэрта як «vir utique litteratus» (Муж, сапраўды адукаваны) (Bunge, Urkundenbuch I, Nr. 254). У выніку адпадае вышэй адзначаная неабходнасць, па-першае, даказваць, што тыя чатыры асобы, якім адрасавалася Chronicon Moguntinum, належалі да Нямецкага ордэна, і, па-другое, дэманстраваць, што ідэнтычнасць дзвюх названых найперш асобаў — менавіта Theodoricus abbas (абата Дзітрыха) і Ludowicus prior (прыёра Людвіга) — выяўляецца з дастатковай верагоднасцю.

Theodoricus de Gruningin, Gryningen ці Groninge (Дзітрых Грунінгенскі) быў Прускім ланд-магістрам Нямецкага ордэна з 1239 па 1259 год (Kopp, Histor.-geneal. Atlas, c. 228) і Нямецкім магістрам з 1254 па 1256 год (Voigt, Geschichte des deutschen Ritterordens, c. 647; Hennes, C. d. ord. Theut. No. 121; Wyß, Hessisches Urkundenbuch I, Nr. 79 i 152)2. Але правізарам Дзітрыха з 1250 па 1255 год быў Ludovicus de Queden (Людвіг Кведанскі) (Корр, тамсама). У працы Hennes, Cod. Dipl. ord. Theut. I, 138, пералік шэрагу сведкаў у адной з грамат Эбергарда фон Зайна за 1251 год пачынаецца так: Fratres nostres Ludovicus provisor Prussie... (— браты нашыя Людвіг правізар прускі...). Гэтым канстатуецца надзвычай важны момант — час, калі абат Дзітрых і прыёр Людвіг займаюць у Нямецкім ордэне адметныя пасады, і гэта дакладна той самы час3, калі павінна была быць напісана Chronicon Moguntinum, менавіта 1252—1253 гады. Што датычыць ужывання імёнаў «Ёган» і «Рудольф» з дадаткам «fratribus» (братам), то тут, натуральна, узнікае спакуса суаднесці іх з братамі нейкага манаскага ордэна, аднак далейшы дадатак, «sacerdotibus» (Святарам), сведчыць аб тым, што на ўвазе маюцца святары Нямецкага ордэна, паколькі сярод іх зварот frater sacerdos (Брат святар) быў зусім звычайны — каб пераканацца ў гэтым, дастаткова зазірнуць у Hennes, Cod. Dipl. ord. Theutonicorum ці I Wyß, Hessisches Urkundenbuch I (Кніга актаў Гэсэнскай вобласці Нямецкага ордэна) або ў іншыя Кнігі актаў Нямецкага ордэна.

Адносна дадатку «prior» да імя Людвіга можна з пэўнасцю меркаваць, што ён не толькі ўжываўся на канвентах братоў-святароў Нямецкага ордэна, але і быў ганаровым тытулам, з якім «спалучаліся пэўныя перавагі і, магчыма, пэўныя прывілеі». Да гэтага тлумачэння Фойгт (Geschichte des deutschen Ritterordens І, 285) дадае заўвагу: «Мы ўсё яшчэ не маем дакладных звестак пра чын прыёра». Ілюстрацыяй гэтай апошняй заўвагі служаць найперш дзве папскія булы, адна з якіх была напісана Папам Грыгорыем ІХ 12 студзеня 1240 (Potthast, reg. Pontif. No. 10839). У ёй пазначана: «Dilecti filii magister et Fratres /…/ eius humiliter oberdirent» (Умілаваныя сыны майстра і браты Ерузалемскага шпіталя паведамілі нам, што калі, слаўнай памяці, Папа Цэлестын, наш папярэднік, пажадаў з бацькоўскай чуласцю паклапаціцца пра іхні ды ваш супакой і мір, то пастанавіў, каб ваш дом з астатнімі, яму падлеглымі, заставаўся цалкам у падпарадкаванні і распараджэнні прыёра ці майстра таго ж шпіталя, які будзе на той час, але так, каб ён ставіў з немцаў прыёра і адпаведных прыслугоўваючых для тых, якія Хрыстовым убогім адказвалі б на іхняй мове і прыслугоўвалі ва ўсім неабходным, а таксама з пакораю падпарадкоўваліся б, як іншыя браты, памянёнаму прыёру ці майстру). (Strehlke, Tabulae ordin. Theuton., с. 355). У другой буле, ад 4 студзеня 1246 года, Папа Інацэнт ІV гаворыць: «...statuentes, ut in tali casu, /…/ beneficium impendatur» (…пастанаўляючы, каб у такім выпадку, калі толькі не варта будзе шукаць апекі старэйшага, ласка адпушчэння вашым братам удзялялася праз вашага прыёра, які, як мы чулі, павінен быць прэзбітэрам). (Potthast, I. c. No. 11980 з памылковым аднясеннем да 2 студзеня /Strehlke 365/.

У першай з іх «прыёр» цалкам атаесамляецца з «майстрам», г. зн. «комтур» з «лянд-майстрам». На тым, наколькі гэтае атаесамленне абгрунтаванае ці памылковае, мы спыняцца не будзем, аднак зробім з яго прынамсі выснову, што калі б «прыёр» азначала тое самае, што «лянд-комтур», то ён павінен быў быць асобай не духоўнай. Калі Папа Інацэнт у памянёным месцы булы ад 4 студзеня 1146 года гаворыць: «per priorem vestrem /…/ esse debet» (…праз вашага прыёра, які… павінен быць прэзбітэрам), то абмежавальная агаворка «sicut audivimus» (…як мы чулі) вельмі аслабляе сэнс таго, пра што гаворыцца ў сказе «presbiter esse debet» (…павінен быць прэзбітэрам), гучыць непараўнальна менш пэўна — здаецца нават, быццам гэтае абмежаванне паказвае магчымасць дапушчэння супрацьлегласці таго, што сцвярджаецца ў сказе. Аднак Папа Інацэнт ІV у буле ад 4 траўня 1259 г., адрасаванай братам Марбургскага Нямецкага ордэна ( Wyß, Hessisches Urkundenbuch I, 84), з абсалютнай яснасцю дае зразумець, што прыёры Нямецкага ордэна не заўсёды павінны былі быць і святарамі — ён без агаворак адзначае: «…per priorem vestrum /…/ beneficium impendatur.» (…праз вашага прыёра, калі б ён быў прэзбітэрам, удзялялася ласка адпушчэння вашым братам).

У дзвюх даравальных граматах для Марбургскай правінцыі Нямецкага ордэна ад 13 і ад 18 студзеня 1252 года ( Wyß, Hessisches Urkundenbuch I, 91 і 92) у спісе сведкаў на другім месцы, адразу пасля камендатара стаіць «frater Heinricus de burbach prior» (Брат Генрык з Бурбаха, прыёр), без усялякага дадатку, з чаго можна зрабіць выснову, што той быў свецкім. Аднак, калі б лічылася дакладна засведчаным, што прыёр Нямецкага ордэна абавязкова павінен быў быць святаром, — што мы, аднак, аспрэчваем, — то і ў гэтым выпадку заставалася б верагоднасць, што Людвіг Кведанскі быў святаром і апрача правізарату меў і прыярат, бо абедзве годнасці не з'яўляюцца ўзаемавыключальнымі, бо няма сумневу, што святар мог быць правізарам Дому Нямецкага ордэна. Ужо ў акце Вялікага майстра Нямецкага ордэна Германа ад 1225 года ў якасці сведкі пазначаны «Absalon sacerdos et provisor domus nostre in Langhel» (Абсалён святар і правізар нашага дому ў Лянгелю) (Wyß, Hessisches Urkundenbuch I, 14). Аднак калі, з другога боку, згодна з нашай думкай, прыёр Дому Нямецкага ордэна мог быць свецкім, а тым самым Людвіг Кведанскі, намеснік лянд-майстра Нямецкага ордэна, мог мець і як асоба не духоўная тытул «прыёр»4, то тут ужо напрошваецца і далейшае дапушчэнне — што Дзітрых Грунінгенскі, які сам быў лянд-майстрам, таксама па аналогіі з годнасцямі некаторых манаскіх ордэнаў жадаў, каб яго называлі ганаровым тытулам «abbas» (з грэц. Айцец; абат). У гэтых адносінах вышэй памянёныя адрасаваныя Нямецкаму ордэну булы Папы Інацэнта ІV ад 4 студзеня 1246 года і ад 4 траўня 1250 года маюць у найвышэйшай ступені інструкцыйны характар, паколькі ў іх гаворыцца: «...Canonica constitutione /…/ adhibenda» (Кананічная норма ўстанаўлівае, што мніхі і канонікі рэгулярныя, якія паб'юцца між сабою, не адсылаюцца да Апостальскага Пасаду, а паддаюцца пакаранню згодна з рашэннем і ўладаю свайго абата. Калі ж рашэння абата недастаткова для іхняга выпраўлення, то неабходна ўжыць уладу дыяцэзіяльнага біскупа) і г. д. (Strehlke 365 i Wyß 84). Тут пад «monachi et canonici regulares» (мніхі і канонікі рэгулярныя) належыць разумець, відавочна, братоў-святароў Нямецкага ордэна, хаця нам пра розніцу паміж манахамі Нямецкага ордэна і канонікамі вядома не больш, чым — па Фойгту — пра пасаду прыёра. Але ж аўтарытэтная асоба, двойчы названая «abbas», ніяк не можа быць некім іншым, чым «комтурам» або «прыёрам». Бо што больш натуральна, чым тое, што камендатар, магістр або прэцэптар, брат Нямецкага ордэна, называецца «abbas», калі fratres (братоў) называюць «monachi»?

Трэба адзначыць, што рыцараў Нямецкага ордэна звычайна называлі яшчэ і пабожнымі («religiosi»). Так, у грамаце ландграфаў Генрыха і Германа Цюрынгенскіх ад 6 лістапада 1234 года (Wyß, тамсама, 45) спіс шэрагу сведак са шматлікіх рыцараў, першым з якіх пазначаны «frater Heinricus de Honlo praeceptor domus Teutonicorum per Alemanniam» (брат Генрык з Гонла, прэцэптар дому Нямецкага ордэна ў Алеманіі), пачынаецца словамі «religiosi vero» («пабожныя ж»). Папа Ганорый ІІІ у буле ад 3 лютага 1223 года, у якой ён просіць усіх вышэйшых духоўных асобаў узяць братоў Нямецкага ордэна пад сваю ахову, залічвае іх да безумоўна «пабожных», адзначаючы: «Etsi apostolice /…/ specialiter adesse tenemur.» (Хоць абавязак апостальскага служэння чыніць нас па праву даўжнікамі ўсіх, але мужам законным і найбольш тым, якіх праз прывілеі Апостальскага Пасаду абдаравалі большай вольнасцю, мы абавязаныя дапамагаць асаблівым чынам) (Strehlke 318). Булу ад 16 студзеня 1223 года Папа Ганорый ІІІ пачынае так: «Paci et quieti /…/ sollicitudine providere» (Нам належыць дбаць пра супакой і мір пабожных мужоў, братоў Ерузалемскага шпіталя святой Марыі Нямецкага ордэна) і г. д. (Strehlke 325, Wyß, тамсама, І, 45) — Друкаваныя выданні граматы ляндграфаў Генрыха, Конрада і Германа з такімсама зместам адзначаюцца ў Wyß. Тамсама. Заўвагі. Параўнай таксама Anderson, Gesch. Der Deutschordenscommende Griefstadt. 12; Gudenusß, c. d. IV, 87. «Пазней, — гаворыць Фойгт (тамсама, 120), — мы знаходзім у многіх дамах Франкскага краю таксама братоў-святароў, якія адначасова былі комтурамі, — так, у прыватнасці, у Шпаеры, Майнцы і інш.».

Калі пры падабенстве пабудовы Нямецкага ордэна з манаскімі ордэнамі той факт, што назвы звёнаў і кіраўнікоў першага з гэтых двух відаў аб'яднання часта былі пазычаны ў другога, мог і не здзіўляць, то ў дачыненні да назвы ланд-магістра слова «abbas» гэта, відаць, не было звычайнай з'явай і служыла хутчэй доказам пачцівай адданасці. А для гэтага адрас або прысвячэнне такога дакумента, які з'яўляецца перад Chronicon Moguntinum, давалі найлепшую магчымасць. Апрача таго, паколькі ён, напэўна, быў сапраўды надзвычай шанаваным і дзейным чалавекам, Папа Інацэнт ІV 18 лютага 1251 года дае майстру Якабу, свайму капелану, якога ён як умелага дыпламата накіраваў у Германію, наступнае заданне: «quatinus assumpto /…/ illustri efficaciter inducere satadas» (Каб, узяўшы з сабою брата Тэадорыка, майстра дому Нямецкага ордэна ў Прусіі, які ведае нямецкую мову, ты пайшоў да князёў, маршалкаў і графаў Імперыі, заклікаў да адданасці Касцёлу і прывёў іх да васальнага падпарадкавання найдаражэйшаму ў Хрысце нашаму сыну Вільгельму, найяснейшаму Рымскаму каралю). (Hennes 136.) Тут трэба яшчэ адзначыць, у якім мностве кантэкстаў прынята было ўжываць, пачынаючы з ранняга Сярэднявечча, назву «abbas» з улікам яе першапачатковага значэння «бацька». Назавем толькі abbates laici, seculares, milites5 (абаты свецкія, дачасныя, рыцары) і дазволім сабе выказаць здагадку, што з апошнімі надзвычай добра стасуюцца milites ordinis Theutonici (рыцары Нямецкага ордэна). І, нарэшце, няхай нам будзе дазволена ўказаць яшчэ на адну, няхай сабе трохі аддаленую, тым не менш даволі прыдатную на гэтым месцы паралель. У адной з грамат яганітаў ад 1188 года ў якасці сведкі сустракаецца frater Martinus (брат Марцін) з «зусім нязвыклай у ордэне назвай» praepositus (прэпазіт). (Параўнай Herquet /Герке/, Chronologie der Großmeister des Hospitslordens. 23). Чаму б тады нельга было ўжыць аднойчы і ў дачыненні да комтура Нямецкага ордэна нязвыклае ў ордэне азначэнне «abbas»?

Дзякуючы нашаму доказу, што менавіта для валадароў Нямецкага ордэна прызначалася Chronicon Moguntinum, само сабою адпадае пытанне пра тое, да якога кляштара маглі належыць абат Дзітрых, прыёр Людвіг і абодва святары — Ёган і Рудольф, а дапушчэнне Раймера ў M. G. SS XXV, 236, быццам гэты дакумент прызначаўся для абата Дзітрыха Ольдзіслебэнскага ў Цюрынгіі, Майнцкая епархія, павінна разглядацца як памылковае, тым больш што да гэтага часу не знойдзена ніякіх слядоў нейкага прыёра Людвіга, які б знаходзіўся ў 1252 і 1253 гадах у Ольдзіслебэне. Куды больш прывабным падаецца меркаванне пра абата Дзітрыха і прыёра Людвіга з Прэманстратэнзерскага кляштара ў Арнштайне на Лане; першы з іх згадваецца ў граматах з 1225 года і да 23 красавіка 1250 года (Gudenus, C. d. II, 43; Kremer, Orig. Nass. II, 268 і 282). Пераемнік Дзітрыха Ортвінус упершыню згадваецца ў адной з грамат у ліпені 1255 года, як мне ласкава паведамілі дзяржаўныя архіварыі д-р Гер- ке з Аўрыха, які займаецца выданнем зборніка Арнштайнскіх грамат, і д-р Заўэр з Вісбадэна. Прыёр Людвіг Арнштайнскі засведчваецца граматамі 1233—1247 гадоў, пра што я даведаўся ад дзяржаўнага архіварыя д-ра Бэкера з Кобленца — у бліжэйшы час ён апублікуе ў 16-м томе Аналаў гісторыі Насаў Арнштайнскі некралог, з сігнальным экзэмплярам якога дзеля маёй мэты ласкава пазнаёміўся пан прафесар Грым з Вісбадэна. Параўн. таксама Гісторыю графаў Насаўскіх Гэнэса (Hennes, Gesch. D. Grafen von Nassau, 229) — на адпаведнае месца ў ёй ласкава звярнуў маю ўвагу барон фон Шэнк, старшыня Дармштацкага Прыдворнага і Дзяржаўнага архіва. Што датычыць святароў Рудольфа і Ёганэса, то, як запэўніваюць Герке і Бэкер, у сярэдзіне ХІІІ ст. у Арнштайне не знаходзіцца ніякіх іхніх слядоў. Вынік адпаведных пошукаў у Вісбадэнскім архіве, якія планаваліся на нядаўні час, мне пакуль што невядомы.

Дарэчы, як нам падаецца, у сутнасці зусім немагчыма зразумець, чаму біскуп ці арцыбіскуп павінен быў адрасаваць дакумент такога кшталту, як наш, кіраўнікам і двум манахам нейкага кляштара. І, нарэшце, неабходна асабліва адзначыць таксама шэраг месцаў хронікі, з якіх вынікае, што прызначалася яна для людзей, якія жылі на далёкай адлегласці ад Майнца і не ведалі ні гэтага горада, ні ягоных ваколіцаў. Так, у адным месцы гаворыцца: «Accidit, ut in vigilia Johannis /…/ sic enim dicitur, se locaret» (Здарылася, што ў вігілію свята Яна Хрысціцеля пасля снядання з нейкага горада Бінгі ён прыйшоў да места Майнцкага і размясціўся, як кажуць, у замку мніхаў каля муроў места пры [кляштары] святога Якуба на прыгожай гары). (Jaffe, Mon. Mog. 688). У дакуменце, прызначаным для нейкага кляштара, што належаў Майнцкай епархіі, як Ольдзслебэнскі, або для кляштара, што знаходзіўся на адлегласці аднаго дня падарожжа ад Майнца, як Арнштайнскі, было б не так лёгка дастасаваць да вядомага горада Бінгена дадатак «quodam oppido» (з лац. Нейкага горада), а да агульнаўжывальнай назвы кляштара св. Якуба пад Майнцам з «mons speciosus» (прыгожая гара) — тлумачэнне «sic enim decitur» (як кажуць).

Той факт, што наша Chronicon хутчэй за ўсё была разлічана на жыхароў мясцовасці, аддаленай ад рэйнскіх земляў, выдатна стасуецца таксама з верагодным вынікам нашага даследавання: аўтарам Chronicon Moguntinum, адрасаванай братам Нямецкага ордэна Дзітрыху Грунінгемскаму, лянд-комтуру Прускаму, Людвігу Кведанскаму, прыёру Нямецкага ордэна і ягонаму правізару, а таксама двум братам Нямецкага ордэна, святарам Ёгану і Рудольфу, быў вікарны біскуп Нямецкага ордэна Хрысціян Літоўскі.

Дзякуючы літаратурным крыніцам па гісторыі Нямецкага ордэна, якія ў такой колькасці сталі вядомыя галоўным чынам толькі ў нашы дні, мы можам, напэўна, спадзявацца, што цьмяная здагадка, да якой прыйшоў Удзінус яшчэ ў канцы ХVІІ стагоддзя, а пасля яго — ужо толькі ў 1820 годзе — Даль адносна аўтарства Chronicon Moguntinum, набыла цяпер пэўныя абрысы. Калі нават можа скласціся ўражанне, што мэтай нашага даследавання былі вонкавыя моманты, то нават і яны таксама могуць паслужыць маштабам для годнага ўшанавання гістарычных запісаў ХІІІ стагоддзя, якія тут разглядаліся, могуць паспрыяць разуменню гэтых запісаў і дапамогуць вярнуць ім у адпаведнай ступені першапачатковую ўнутраную вартасць, якая з часу іх стварэння неаднаразова пераацэньвалася.

Але нават у тым выпадку, калі вынікі нашага даследавання знойдуць ухваленне спецыялістаў толькі ў бібліяграфічным або літаратурна-гістарычным аспекце, нам будзе дастаткова і гэтага прызнання ў якасці ўзнагароды за нашу працу — тым больш што і ў гэтым сэнсе апошнія па часе выдаўцы Chronicon Moguntinum ставіліся да яе занадта неласкава, і таму запаўненне гэтага прабелу павінна разглядацца як вельмі пажаданае.

Uber den Verfasser des Chronicon Moguntinum von Cornelius Will.
S. 367—387.

Пераклад з нямецкай мовы Валянціны Выхоты
і Галіны Скакун.
Пераклад з лацінскай мовы
Алеся Жлуткі.


  1. Мы не можам не адзначыць тут, што папскія нунцыі не сказаць каб рэдка ўступалі ў канфлікт з правінцыямі Нямецкага ордэна, паколькі яны «пад выдуманай падставай грашовай дапамогі для рымскага Касцёла патрабавалі і вымагалі ад Ордэна то чацвёртую, то пятую або дзесятую ці дваццатую частку ягоных даходаў». Voigt, Geschichte des Deutschen Ritter-Ordens I, 366. Параўн. таксама Potthast, reg. Pontif. No. 14161.
  2. У: Bunge, Liv.-, Esth.- und Churland. Urkundenbuch I ён адзначаецца як Livoniae magister або praeceptor, Prussie praeceptor, magister in Prussia et Curonia, нарэшце як Commendator Alemanniae i magister Theodoricus praeceptor in Alemannia (Майстра Лівоніі альбо прэцэптар, прэцэптар Прусіі, майстра Прусіі і Куроніі, Комтур Алеманіі і майстра Тэадорык, прэцэптар у Алеманіі).
  3. Час напісання нашай Хронікі вызначаецца даволі дакладна: яна пачынаецца са зняцця Генрыха І з пасады арцыбіскупа ў 1153 годзе, і паколькі ў самым пачатку зроблена заўвага «Scripturus itaque vobis /…/ eccelesia Maguntinensis» (Такім чынам, я напішу вам пра страты і ўціск, ад якога ўжо сто гадоў як пачаў руйнавацца Майнцкі Касцёл), то тым самым у якасці часу напісання Хронікі можна прыблізна вызначыць 1253 год. Аднак пры гэтым неабходна яшчэ прымаць пад увагу, што аўтар памылкова лічыць, што арцыбіскуп Генрых быў зняты з пасады ў 1151 годзе, у адпаведнасці з чым стагоддзе з «пачатку заняпаду Майнцкага Касцёла», пра якое пішацца ў Хроніцы, таксама павінна было б завяршыцца да 1253 года. Таму прыведзеная вышэй храналагічная інфармацыя не была б супярэчнасцю, калі б у якасці часу напісання Хронікі дапускаўся ўжо 1252 год, тым больш што ўжо тады, безумоўна, панавалі абставіны, пад уплывам якіх, па нашаму меркаванню, мог быць напісаны гэты дакумент.
  4. Дзеля аналогіі мы тут напомнім пра назву прыёр у шпітальераў ці ёганітаў, якія ўжывалі яе як адназначную з магістр, прэцэптар, правізар, пракуратар.
  5. Прысвечаны яму артыкул у Du Cange пачынаецца так: «Abbates, Milites, /…/ protectionem et tuitionem tenebantur» . А трохі далей гаворыцца: «Ex quibus perpicuum /…/ in iis gaudent» (Абаты рыцары у некаторых акцытанскіх (лангедоцкіх) дакументах названыя свецкімі рыцарамі, валодалі пэўнымі маёмасцямі абацтваў і кляштараў і ад іх імя абавязаныя былі да апекі і клопату пра іхнія касцёлы. З гэтага відавочна, што абаты рыцары - гэта тыя ж, якія называліся ў пазнейшыя стагоддзі абатыярамі… альбо проста абатамі ў дакументах касцёлаў Лукі, Савіну (Савіньяку?); і св. Пятра Генэрскага. А свецкія - гэта тыя, якія мелі дзесяціну касцёлаў і валодалі адносна іх правам патранату).


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY