Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(25)/2003
Галерэя
Юбілеі

РЫМСКІ ТРЫПЦІХ
Мастацтва

АРХАНЁЛЫ НАД БЕЛАРУССЮ
На шляху веры
Постаці

ЯЗЭП ГАЙЛЕВІЧ
Haereditas
Юбілеі

ПАКУЛЬ ШТО АДЗІНАЯ
Кантэкст
Memoria

ЖЭНЯ, ЖЭНЕЧКА, ДЗЕ ТЫ?!

ВЕРШЫ
Мастацтва

У ГОНАР МІНДОЎГА
Пераклады

ІВАН БУНІН
Постаці

ЛЯСНАЯ КАНВАЛІЯ
Архіўная старонка
Нашы святыні

ФАРНЫЯ МОГІЛКІ Ў ГРОДНЕ, 1792–1939
На кніжнай паліцы
Бібліятэка часопіса «Наша вера»

ШЛЯХ МІЖ ДЗВЮМА БРАМАМІ

Крыстына ЛЯЛЬКО

ЧВЭРЦЬ ВЕКУ НА ПЯТРОВАЙ СТАЛІЦЫ

«На сваёй высокай касцёльнай пасадзе ён і настаўнік, і суддзя, і пастыр; ён і заканадаўчая, і выканаўчая, і судовая ўлада, і няма намеснікаў у намесніка Хрыста на зямлі», – так напісаў пра сённяшняга Рымскага Папу яго біёграф Тэд Шульц у кнізе «Ян Павел ІІ».

Слушнасць гэтых слоў пацвярджае «Кананічнае права» ў раздзеле «Вярхоўная ўлада ў Касцёле», дзе пералічаны асноўныя разнавіднасці адзінай улады Папы, а сярод іх – вярхоўная, поўная, непасрэдная і універсальная. Аднак у выкананні свайго служэння вярхоўнага Пастыра Рымскага Касцёла Пантыфік заўсёды (як нагадвае кан. 333 § 2) «звязаны (...) з іншымі біскупамі, хоць яму і належыць права вызначаць вобраз гэтага служэння і супраць яго рашэнняў альбо дэкрэтаў немагчымая апеляцыя ці скарга».

У хрысціянскай веры і маралі Папа з'яўляецца Настаўнікам, і калі ён асабіста (ex se) ці на Саборы (in Concilio) вызначае афіцыйна і канчаткова (ex cathedra) найвышэйшыя ісціны веры і маралі, ён надзелены беспамылковасцю (infallibilitas), як устаноўлена Дагматычнаю канстытуцыяй Pastor Aeternus (РА) ад 1870 г. і пацверджана на ІІ Ватыканскім Саборы (LG, 18).

Папа ажыццяўляе сваё асаблівае служэнне народу Божаму праз пропаведзь ісціны, заключанай у Святым Пісанні, і праз настаўленні, якія складаюць цэнтральную частку афіцыйнага Настаўніцтва (Magisterium) Касцёла.

Гэтае Настаўніцтва – пісьмовае, калі яно падаецца ў дакументах: канстытуцыях, дэкрэтах, дэкларацыях Сабора, энцыкліках і іншых актах Святога Пасаду. Настаўніцтва можа быць таксама вусным, калі яно ажыццяўляецца ў афіцыйных зваротах Папы, у пропаведзях вышэйшых іерархаў Касцёла ў часе касцёльнай службы.

Такія выступленні Святога Айца друкуюцца ў выданні Insegnamenti di Giovanni Paolo II («Настаўленні Яна Паўла ІІ»). Паказальны аб'ём тэкстаў гэтых выступленняў, які дасягае 3-4 тысяч старонак у год. І калі ўжо ісці за статыстыкаю, то трэба сказаць, што за 25 гадоў служэння на Пятровай Сталіцы Ян Павел ІІ выдаў 14 энцыклік, 13 апостальскіх адгартацый, 11 апостальскіх канстытуцый, 42 апостальскія лісты, шматлікія булы, дакументы moto proprio і шмат іншага. Такім чынам Папа ажыццяўляе сваю «найвышэйшую, поўную, непасрэдную і паўсюдную душпастырскую ўладу» ў Касцёле; выконвае наказ, дадзены Хрыстом Пятру: умацоўваць сваіх братоў у веры. Папа тлумачыць праўды веры Каталіцкага Касцёла, закранае грамадскія і сацыяльныя праблемы гэтага свету і дапамагае людзям знайсці маральныя і духоўныя арыенціры.

Ян Павел ІІ здолеў надаць папскай паслузе і навучанню універсальны сэнс. Ён заўсёды знаходзіць тое, што яднае людзей, ставячы на першае месца годнасць чалавека і яго правы. Для мільёнаў людзей Папа з'яўляецца найвышэйшым маральным аўтарытэтам і разам з тым кімсьці вельмі блізкім, бо дасканала разумее ўсе праблемы і імкнецца дапамагчы рэалізаваць мары пра лепшы і больш справядлівы свет.

Ужо яго першая энцыкліка Redemptor hominis («Адкупіцель чалавека») ясна акрэсліла вобраз хрысціянскага гуманізму, вельмі блізкі сэрцу Папы. Ад самага пачатку Пятровай паслугі ён не стамляецца нагадваць, што Хрыстус выходзіць насустрач чалавеку кожнай эпохі, каб несці яму сапраўдную волю, угрунтаваную на праўдзе.

Вельмі актуальнымі і нязменнымі для Яна Паўла ІІ на працягу ўсяго пантыфікату з'яўляюцца праблемы сям'і, каштоўнасці чалавечага жыцця і годнасці асобы. Абвешчаная ў 1995 г. энцыкліка Evangelium vitae – яскравае таму пацвярджэнне.

Папа не стамляецца захапляцца творчым багаццем чалавечага духу, які наказвае нам больш «быць», чым «мець». Можа, менавіта таму Ян Павел ІІ з такім болем заўважае, што сучасны свет, асабліва Еўропа, культура якой заўсёды натхнялася хрысціянскімі каштоўнасцямі, на пераломе стагоддзяў пачынае ісці ў зусім іншым кірунку, а еўрапейцы прагнуць жыць так, як быццам Бога няма. (Адгартацыя Ecclesia in Europa.)

Свет, захоплены тэхнічным прагрэсам, усё менш звяртае ўвагі на духоўныя каштоўнасці, спадзеючыся толькі на навуку і розум. Папа імкнецца прапанаваць гэтаму свету больш плённы кірунак пошукаў, падкрэсліваючы, што «вера і розум – як два крылы, на якіх дух чалавечы ўзносіцца да кантэмпляцыі праўды» (энцыкліка Fides et ratio).

У энцыкліцы Redemptoris missio, якую многія лічаць самаю важнаю ў навучанні Яна Паўла ІІ, Папа зазначае: «Думаю, што надышоў момант уключэння ўсіх касцёльных сілаў у новую евангелізацыю і місію сярод народаў. Ніхто, веруючы ў Хрыста, ніякая касцёльная ўстанова не можа ўхіліцца ад гэтага, найбольш сур'ёзнага абавязку: абвяшчэння Хрыста ўсім людзям». І найперш ён сам, Папа Ян Павел ІІ, стаў для свету нястомным пілігрымам і місіянерам, які евангелізуе гэты свет, несучы Добрую Навіну ў самыя аддаленыя яго куточкі. З пачатку пантыфікату Святы Айцец здзейсніў 102 пастырскія пілігрымкі за межы Італіі і 142 у Італіі. Як Біскуп Рыма правёў візітацыю 334 італьянскіх парафій. Больш за 16700000 пілігрымаў удзельнічалі ў яго агульных аўдыенцыях, не лічачы ўсіх іншых аўдыенцый, рэлігійных цырымоній і самых розных сустрэчаў: з дыпламатамі, прэм'ер-міністрамі, прэзідэнтамі...

Ян Павел ІІ абвясціў 1310 благаславёных і 469 святых. За час пантыфікату ён правёў 8 кансісторыяў, на якіх менаваў 201 кардынала...

Спрабуючы падкрэсліць хоць бы самыя асноўныя моманты гэтага пантыфікату, такога адметнага і важнага ў гісторыі Каталіцкага Касцёла, нельга не сказаць пра яго выразную экуменічную скіраванасць. Яна Паўла ІІ часта і справядліва называюць пілігрымам паяднання і дыялогу, які імкнецца выканаць волю Хрыста, каб усе былі адно. Менавіта так называецца яго энцыкліка, апублікаваная ў 1995 г. – Ut unum sint. У энцыкліцы Ян Павел ІІ падкрэслівае, што экуменізм – гэта шлях Касцёла, а не часовая мода, бо падзелы сярод вучняў Хрыста перашкаджаюць абвяшчэнню свету Добрай Навіны аб збаўленні.

Папа прыкладае ўсе намаганні, каб гэтых падзелаў станавілася менш. Яго пілігрымкі ў такія праваслаўныя краіны як Румынія, Грэцыя, Балгарыя, Грузія сталі сапраўды гістарычнымі і незабыўнымі падзеямі для ўсяго хрысціянскага свету.

13 красавіка 1986 г. Ян Павел ІІ, як першы ў гісторыі Біскуп Рыма, пераступіў парог рымскай сінагогі. «Папа разам з вялікім рабінам Эліё Тааффам запісаў новыя старонкі ў гісторыю сустрэчаў дзвюх вялікіх рэлігій. Прывід народу, вінаватага ў смерці Хрыста, змалеў ва ўсмешцы двух рэлігійных іерархаў», – напісаў пра гэты незвычайны візіт адзін з папскіх біёграфаў. У год Вялікага Юбілею хрысціянства Наступнік св. Пятра пілігрымаваў па Зямлі Хрыста. Яго малітва пры Сцяне Плачу – яшчэ адзін важны момант у гісторыі дыялогу хрысціян і габрэяў.

Папа сярод прадстаўнікоў іншых рэлігій... Гэта ўжо стала звыклаю з'яваю. Плячо ў плячо з мусульманамі, будыстамі, індуістамі. Вікары Хрыста – ініцыятар сустрэчаў з тааістамі, шынтаістамі і анімістамі, якія ўшаноўваюць духі продкаў... Гістарычныя сустрэчы ў Асізі, што распачаліся ў 1986 г. і мелі свой працяг у студзені 2002 г., распачалі новую старонку ў дыялогу Каталіцкага Касцёла з іншымі рэлігіямі. Маральны аўтарытэт Папы даўно ўжо пераступіў межы хрысціянскага свету. Ян Павел ІІ перакананы, што ў рэлігіях заключаны вялікі патэнцыял дабра, які (асабліва ў свеце падзелаў і нянавісці) можна скіраваць на карысць міру і паяднання. Менавіта гэта і намагаецца рабіць Святы Айцец на працягу двацацці пяці гадоў свайго служэння на Пятровай Сталіцы.

Пантыфікат Яна Паўла ІІ мае асаблівае значэнне таксама і для Каталіцкага Касцёла на Беларусі, для яго адраджэння. Славянін Папа добра ведае пакутную гісторыю каталіцтва ў нашым Краі, разумее ўсе мінулыя і сённяшнія праблемы Касцёла ў Беларусі, які называе «ўмілаваным і блізкім» яго сэрцу.

10-16 лютага 2003 г. каталіцкія біскупы Беларусі здзейснілі другі ў гісторыі Касцёла нашай краіны візіт «ad limina Apostolorum», г. зн. візіт да грабніцаў святых Апосталаў і сустрэліся з Папам Янам Паўлам ІІ. Згадаўшы першае спатканне з біскупамі Беларусі ў красавіку 1997 г., Святы Айцец адзначыў: «Тады былі ўсе падставы для глыбокай радасці, выкліканай вясной аднаўлення касцёльнага жыцця ў вашай краіне, якая надышла пасля зімы гвалтоўнага пераследу, што цягнуўся некалькі дзесяцігоддзяў». Святы Айцец заўважыў, што цяпер у Касцёле на Беларусі «працягваецца станоўчы, натхняльны ўздым».

Звяртаючыся да праблемаў і планаў на будучыню, ён падкрэсліў: «Першае месца тут займае сям'я, якая таксама і ў Беларусі, на жаль, перажывае сур'ёзны і глыбокі крызіс. (...) Перадайце сем'ям Беларусі мой заклік, з якім я ўжо звяртаўся да ўсяго свету: імкніцеся, каб Евангелле стала фундаментальным правілам сям'і, і каб кожная сям'я стала старонкай Евангелля, што пішацца ў нашыя часы».

Пантыфікат Яна Паўла ІІ часта называюць пераломным. Упершыню за 450 гадоў Наступнікам святога Пятра абраны не італьянец, упершыню за ўсю гісторыю папства Святы Пасад узначаліў славянін, больш за тое – прадстаўнік Касцёла з сацыялістычнай краіны. Менавіта гэтаму Папу наканавана было ўвесці Касцёл у трэцяе тысячагоддзе. Менавіта ён скінуў покрыва таямніцы і недаступнасці, якое стагоддзямі ляжала на вобразе Папы, ён зрабіў Апостальскі Палац сапраўдным «домам Пятра» і пастаянна заклікае ўсіх людзей добрай волі: «Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!»

Тыя, да каго звяртаецца Папа, адчуваюць, што ў яго асабістай веры і малітве ёсць досвед чалавека, які шмат перажыў, шмат ведае, разумее і пастаянна размаўляе пра ўсё гэта з Богам. Папа не хавае ад свету свайго вялікага цярпення. Разважаючы над яго сэнсам, ён кажа: «Існуе Евангелле, можна сказаць, «найвышэйшае»: Евангелле цярпення, якое трэба аб'яўляць, каб рыхтаваць будучыню».

Сённяшні Папа – гэта тэолаг, філосаф, паэт. У Беларусі вядомыя яго кнігі, выдадзеныя на беларускай мове: «Пераступіць парог надзеі» (1996), «Дар і Таямніца» (1998), энцыкліка «Fides et ratio» (2000), асобныя артыкулы і вершы, якія друкаваліся ў каталіцкіх і свецкіх выданнях.

У мінулым годзе, нечакана для ўсіх, Святы Айцец напісаў вялікі паэтычны твор «Рымскі трыпціх», пацвярджаючы тым самым, што і надалей застаецца «Папам-неспадзяванкам». Гэты паэтычны твор ён упершыню падпісаў сваім пантыфікальным імем: Ян Павел ІІ. Як піша ў пасляслоўі да «Трыпціха» вядомы польскі пісьменнік і сябра Папы Марэк Скварніцкі, новы твор Святога Айца – гэта «выяўленне думак і пачуццяў аўтара, які на гэты раз не прамаўляе моваю Настаўніцтва, але моваю чалавека, што раскрывае свае асабістыя думкі і перажыванні».

Мы з радасцю прапануем «Рымскі трыпціх» нашым чытачам у перакладзе на беларускую мову і паведамляем, што да юбілею пантыфікату, які будзе адзначацца 16 кастрычніка, упершыню ў Беларусі ў выдавецтве «Про Хрысто» выходзіць кніга паэзіі Караля Вайтылы, пераствораная па-беларуску.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY