Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(25)/2003
Галерэя
Юбілеі

РЫМСКІ ТРЫПЦІХ
Мастацтва

АРХАНЁЛЫ НАД БЕЛАРУССЮ
На шляху веры
Постаці

ЯЗЭП ГАЙЛЕВІЧ
Haereditas
Юбілеі

ПАКУЛЬ ШТО АДЗІНАЯ
Кантэкст
Memoria

ЖЭНЯ, ЖЭНЕЧКА, ДЗЕ ТЫ?!

ВЕРШЫ
Мастацтва

У ГОНАР МІНДОЎГА
Пераклады

ІВАН БУНІН
Постаці

ЛЯСНАЯ КАНВАЛІЯ
Архіўная старонка
Нашы святыні

ФАРНЫЯ МОГІЛКІ Ў ГРОДНЕ, 1792–1939
На кніжнай паліцы
Бібліятэка часопіса «Наша вера»

ШЛЯХ МІЖ ДЗВЮМА БРАМАМІ

Уладзімір КОНАН

ЭСХАТАЛАГІЧНЫЯ МАТЫВЫ Ў ПАЭЗІІ ЯКУБА КОЛАСА

"І ўгледзеў я Новае Неба і Новую Зямлю;
бо ранейшае неба і ранейшая зямля
ўжо мінулі…"
(Ап 21, 1)

Савецкая атэістычная навука (па сутнасці язычніцкая, баялася і па-гэтаму замоўчвала ўсё, што ёсць вечнае, трансцэндэнтнае) вызначала эсхаталогію (ад грэцкага eschatos - апошні + logos - вучэнне, паняцце) як рэлігійнае вучэнне пра канец свету. Праўда, былі спробы пашырыць змест гэтага паняцця, уключаць у яго навуку пра завяршэнне нашага сусвету і жыцця асобных людзей, бо са смерцю кожнага чалавека для яго канчаецца гэты свет. Але савецкая ідэалогія "не заўважыла" заключныя раздзелы Апакаліпсісу, дзе надзвычай ярка і вобразна раскрываецца другі, не разбуральны, а творчы аспект эсхаталогіі - духоўнае абнаўленне Космасу. Настане Новае Неба і Новая Зямля, тады "абатрэ Бог кожную слязу з вачэй іх, і смерці ўжо не будзе, ані плачу, ані галошаньня, ані болю больш не будзе, бо гэта ўжо ўсё мінула"( Ап 21, 4).

Эсхаталагічнае перажыванне быцця ад даўніх часоў было ў полі зроку мастацкай творчасці - фальклору, паэзіі, музыкі, тэатра, генетычна звязаных з біблейскімі і міфалагічнымі архетыпамі. Апакаліптычнай, або катастрафічнай канцэпцыі эсхаталогіі папярэднічала ўяўленне пра старэнне і дэградацыю "вякоў" зямнога быцця, адлюстраванае ў паэме Авідыя (43 г. да н.э.- каля 18 г. н.э.) "Метамарфозы"1. Гэты ж матыў арыгінальна развіваецца ў беларускіх казках, легендах, паданнях. Сацыёлагі XIX-XX ст ст. М. Данілеўскі, К. Лявонцьеў, О.Шпенглер перанеслі эсхаталагічную праблематыку на гістарычны лёс народаў, нацыянальных дзяржаваў і тэрытарыяльных імперыяў. Прынцыпова новыя ідэі абгрунтавала тут беларуская класічная літаратура і філасофская публіцыстыка: па-першае, перанесла акцэнты з касмічнага апакаліпсісу на сацыяльна-гуманістычную праблематыку; па-другое, распрацавала канцэпцыю нацыянальна-культурнага і дзяржаўнага адраджэння, што аказалася навуковай экстрапаляцыяй хрысціянскага вучэння пра другі акт эсхаталогіі - духоўнае пераўтварэнне быцця, - звярнула пільную ўвагу на гістарычны лёс народа, нацыі, нацыянальнай дзяржавы.

Прапанаваны нарыс ёсць развіццё ранейшых даследаванняў хрысціянскіх матываў і архетыпаў у беларускай класічнай літаратуры. Зразумела, нельга ахапіць спадчыну Якуба Коласа (Канстанціна Міцкевіча, 1982-1956) у кароткім нарысе. Гутарка пойдзе пра пачатак і вяршыню яго лірыка- эпічнай творчасці - раннія вершы, што ўвайшлі ў кніжку "Песні-жальбы" (1910) і эсхаталагічную паводле назвы паэму "Новая зямля".

Першы паэтычны зборнік паэта мае праграмны загаловак: ягоныя раннія вершы - гэта ўзнесеныя да неба і людзей жальбы пра пакутлівы лёс беларусаў, пра Беларусь, метафарычна пазначаную сялянскаю вёскаю. Ключавыя вобразы і метафары гэтых твораў: песні-жальбы; смутная гаворка; бедныя нівы Богам забытыя; жаласныя крыкі льюцца над зямлёю; вецер дажджлівы панура спявае; птушкі ў Божым небе плачуць пад табою; гнешся ты, як крыж у полі; твае песні - стогн пакутны...". Гэтыя вобразы мінорнай танальнасці ў "Песнях-жальбах" узмацняюцца, пераходзяць у матывы памірання, пазначаныя курганамі, магіламі, пахіленымі да зямлі крыжамі: "Што ж на вас дыхнула // Холадам магілы [...]. Дзе ж так сумна ветры веюць, // Точаць дол пяшчаны, // Дзе чыесьці косьці тлеюць, // Чый то прах схаваны [...].На прыгорку ў аддаленні; // Насып, крушнямі каменьні, - // Сумна крыжыкі стаяць. // А ў нізу, пад іх нагамі // Спаласканыя сьлязамі // Косьці родныя ляжаць. // Плачуць ветры над магілай [...]. Крыж хваёвы пры дарозе, // Кучка топаляў сухіх...// Сумна, нудна, як у вастрозе, // Як на могілках якіх [...]. Смерць дзяцей, хвароба злая // Тут знайшлі прытульна кут! [...] Могілкі ў полі адны-адзіноткі, // Праслы гнілыя на зямлю ляглі, // Крыж пахіліўся, як кветка ў боры [...]. Крыж хваёвы, знак пакуты, // Тут і там чарнее [...]. Божа, Божа, твая воля! // (Хоць і можа гэта грэх) [...]. Покі жыць ты прыбярэшся, // Уміраць ужо пара [...]. Чую прычытанне // Чую плач я нейчы // Скончыўся заране // Век твой чалавеча! (З цыклаў "Родныя вобразы" і "Мужыцкае жыццё" зборніка вершаў "Песні-жальбы". - Выдзелена мною - У. К.).

Павярхоўная крытыка бачыла ў гэтых эсхаталагічных матывах этнаграфічныя замалёўкі; эмпірычную фіксацыю беднасці і "цемнаты" дарэвалюцыйнай вёскі. Але ж этнограф або сацыёлаг, публіцыст абазначылі б некалькі тыпаў сельскіх гападаркаў пачатку XX ст.: беднякоў, сярэднякоў, заможных сялянаў, засцянковай і фальваркавай шляхты, багатых паноў. У паэзіі і драматургіі Янкі Купалы ёсць якраз такое кантрастнае супастаўленне Лазара Беднага і ягонага багатага брата, хутчэй - антаганіста. Сялянскі бедны Лазар у "Песнях-жальбах" Я. Коласа набыў значэнне сімвала калоніі Расійскай імперыі - Беларусі; яна сваімі пакутамі засведчыла быццё ў свеце. Яна сказала багатым і вольным краінам паэтычным голасам сваіх песняроў: - Я пакутую - значыць я жыву!

Паэтычная кніга "Песні-жальбы" Якуба Коласа - гэта элегічная экспазіцыя, пачатак выяўлення эсхаталагічнага перажывання быцця. Пазней, у паэтычным эпасе "Новая зямля", гэтая тэма развівалася ў процілеглыя і ўзаемапавязаныя матывы жыцця і смерці, красавання і адцвітання, адзінства быцця і небыцця, пакутніцтва і смерці кожнага дыхання на зямлі. Як ужо адзначалася, хрысціянскае паняцце эсхаталогіі змяшчае не толькі катастрафічнае завяршэнне нашага Космасу, але і яго духоўнае пераўтварэнне, дакладна абазначанае стараславянскім словам преображение. Вобраз духоўна пераўтворанага быцця Нябесны Настаўнік паказаў сваім вучням на ўзвышшы (сімвал Неба): "Затым па шасці днях узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата яго, і завёў іх асобна на высокую гару. І перамяніўся перад імі, і аблічча Яго зазьзяла як сонца, а адзеньне Яго сталася белым, як сьвятло" (Мц 17, 1-2).

Духоўнае перамяненне Космасу ёсць завяршальная падзея апакаліптычнай драмы - пачатак райскага царства. Рай і Пекла - гэта не толькі полюсы трансцэндэнтнага быцця; яны ёсць у душы і сэрцы кожнага чалавека. Вялікія прарокі, паэты, мастакі бачаць зямное жыццё ў яго райскім і пякельным аспектах. Нярэдка - у дынаміцы ўзаемапераходу гэтых полюсаў у грэшным зямным быцці. На такіх кантрастах і ўзаемапераходах грунтуецца класічная музыка санатна-сімфанічных жанраў. Лірычная і эпічная паэзія генетычна і структурна павязана з музыкай і карыстаецца яе выяўленчымі сродкамі.

Прыкметы гэтых кантрастных тэмаў ёсць у першай паэтычнай кніжцы Якуба Коласа. Поруч з элегічнымі песьнямі-жальбамі гучаць мажорныя галасы, светлыя матывы. Тады жыццё бачыцца ў вобразах вясенняга абуджэння і летняга росквіту. Напрыклад, у вершы "Вясной":
І перша жаваранка Божа
Запела ціха аб вясьне,
Паліўся срэбрам спеў прыгожа
У далёкай, сіняй вышыне...

Глядзіць прыветна з неба сонца,
Як бы матулька да дзяцей.
І лёгка, лёгка так бясконца
І б'ецца сэрца весялей
2.

Як дакладна напісаў Уладзімір Самойла ў філасофскім эсэ "Гэтым пераможаш!" (1923): "Жыццё ёсць нічым не абгрунтаваны, арганічны аптымізм"3. Ёсць ён у вершы паэта "Усход сонца": "На ўсходзе неба грае// Дзіўным блескам жару,// Залацісты сноп купае// У полыме пажару.// Чуць-чуць дрогне, праліецца// Чырвань на ўсходзе;// Гэта неба ўсміхнецца людзям і прыродзе.// Убірае залатую// Сонейку дарогу,// Паліць свечку дарагую// Прад алтарам Бога..." Нават ноч - традыцыйны сімвал змяркання жыцця - набыла сэнс духоўнага заглыблення: "Ночачка мая ты,// Воблеск глыбіны!// Ты душу чаруеш// Сьпевам цішыны ("Ноч").

Лірыка-эпічная паэма Якуба Коласа "Новая зямля" і "Сымон-музыка" - два ўзвышшы беларускай паэзіі, яе ўзыходжанне на вяршыні еўрапейскай літаратуры. Непасрэдны ўплыў польскай класічнай літаратуры менш закрануў аўтара гэтых шэдэўраў, чым ягонага равесніка Янку Купалу. Але на стварэнне беларускага эпасу Кастуся Міцкевіча (Якуба Коласа) натхніў аўтар "Пана Тадэвуша" Адам Міцкевіч. Паэтыка Якуба Коласа, ягоныя сацыяльныя арыентацыі і светапогляд, урэшце, сістэма каштоўнасцяў моцна адрозніваюцца ад творчага метаду і светапогляду яго славутага аднафамільца з роду Міцкевічаў. Сваю этычную паэму А. Міцкевіч назваў "шляхецкай гісторыяй 1811-1812 гадоў у 12-ці кнігах" (раздзелах). Там дамінуюць вобразы-карціны шляхецкага Раю нашай Наваградчыны. Рупячыся пра беларускую літаратуру, сялянскі сын Якуб Колас стварыў ідэальныя карціны сялянскага ладу жыцця, кантрастна выдзеленыя поруч з драматычнымі і трагічнымі падзеямі ў "Новай зямлі". Другая, лірыка-эпічная паэма "Сымон-музыка" - паэтычная гісторыя пра тое, як сялянскі сын, гэты вясковы Лазар Бедны, стаў беларускім Арфеем - стваральнікам мастацкай культуры.

"Новая зямля" спалучыла мастацкую тэматыку Міцкевічавага эпасу - паэмы "Пан Тадэвуш" і драматычнай паэмы "Дзяды", дзе ўспаміны аб райскай гармоніі дзіцячага і юначага жыцця кантрастуюць з драматычнымі матывамі страчанага Раю і пякельных пакутаў. Гібель Рэчы Паспалітай, расправа царызму з асветніцкім рухам студэнтаў-філаматаў, параза паўстання 1830-1831 гг. успрымаецца героямі драмы як Апакаліпсіс.

Пры відавочнай розніцы паэтыкіі і філасофіі двух Міцкевічаў ёсць у іхніх творах агульныя падыходы да творчасці: спалучэнне хрысціянскай этыкі з традыцыйнай народнай культурай, празрыстасць прататыпаў, гістарычных і этнаграфічных рэаліяў. Героі "Дзядоў" - блізкія да паэта людзі, аднакурснікі; урэшце, там "прысутнічае" сам паэт; там - гісторыя ягонага жыцця - райскіх і пякельных перажыванняў. Якуб Колас у "Новай зямлі" нават не памяняў імёнаў сваіх прататыпаў - бацькаў, братоў, сясцёр, суседзяў па роднай Стаўбоўшчыне, урэшце самога сябе - Кастуся. Творы абодвух паэтаў яднае наяўнасць хрысціянска-адраджэнскіх і эсхаталагічных матываў.

У ранейшых публікацыях ужо звярталася ўвага на біблейскія - райскія і эсхаталагічныя матывы самой назвы Коласавага эпасу "Новая зямля"4. Апошняя біблейская кніга Апакаліпсіс пачынаецца разбурэннем старога, грэшнага Космасу, а канчаецца тварэннем Новага Неба і Новай Зямлі. Назва паэтычнага эпасу "Новая зямля" ўзята з гэтай прарочай кнігі: выхаванец Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі ведаў Святую гісторыю, штудыяваў Новы Запавет. Беларускі паэт быў свецкім пісьменнікам, не пераказваў біблейскія сюжэты, як гэта зрабіў аўтар паэмаў "Страчаны рай" (1667) і "Вернуты рай" (1671) Джон Мільтан. Райскія і пякельныя матывы набылі ў "Новай зямлі" адэкватныя для беларускай паэтычнай традыцыі кантэкст і сімволіку.

Райскія і эсхаталагічныя матывы ў "Новай зямлі" кампазіцыйна выдзелены раздзеламі гэтага твору. Прыгажосць, гармонія сялянскага ладу жыцця апяваюцца ў першых трох раздзелах ("Лесніковая пасада", "Раніца ў нядзельку", "За сталом"). Раздзелы чацвёрты ("На першай гаспадарцы"), пяты ("Пярэбары"), шосты ("Каля зямлянкі") адлюстроўвалі штодзённыя клопаты лесніка Міхала, ягонага брата-селяніна Антося, гаспадыні вялікай сям'і Ганны. Тут ёсць вобразы квітнення жыцця - і надмагільныя крыжы, сімвалы яго хуткаплыннасці. Сёмы раздзел "Дзядзька кухар" - эпічнае скерца, жартоўная рэпрыза да першай, райскай тэмы. Гэтыя матывы вар'іруюцца, пераходзячы ў драматычныя апазіцыі ляснік - ляснічы, селянін - пан у раздзелах "Новы ляснічы", "Дзедаў човен", "Дарэктар", "Вечарамі", "Зіма ў Парэччы", "Каляды", "Дзядзька ў Вільні", "На замкавай гары".

На фоне эпічнай паэтызацыі разнастайнасці і красы роднага краю кантрастна выдзяляюцца сюжэты тры смерці. Яны - аб трагічным абрыве жыцця на яго высокім узлёце. Паміралі тут не так, як біблейскія патрыярхі - "насыціўшыся жыццём", з надзеяй далучыцца ў вечнасці да сваіх продкаў. Паміралі знянацку, падсечаныя няшчасным выпадкам, цяжкаю працай, хваробай. Раздзелы "Смерць ляснічага", "Воўк" і фінальная частка "Смерць Міхала" падсвечаныя эсхаталагічным вечаровым святлом. Тут - роздум паэта пра трагічны канец усяго жывога на зямлі. Паэт развіваў вопыт сусветнай літаратуры - ад Гамэра і Шэкспіра да А. Міцкевіча і Л. Талстога. Гучаць элегічныя матывы беларускай абрадавай песні, баладаў, пахавальных галашэнняў.

Ёсць у "Новай зямлі" цікавыя аналогіі з раннім апавяданнем Л. Талстога "Тры смерці"(1859) і пазнейшымі яго аповесцямі "Халстамер" (1886) і "Смерць Івана Ільіча" (1886). Гэтыя творы - пра тое, як паміраюць дрэва, працавіты, заўсёды пакрыўджаны стары конь, хворы кучар, маладая барыня і багаты чыноўнік5. Агульным эпітэтам да гэтых твораў магло б быць старадаўняе выслоўе disсe mori - вучыся паміраць. Аказалася, што гэта - самая цяжкая навука на зямлі. Лёгка і мірна памірае дрэва; цяжэй - нашыя "меншыя браты" жывёлы; найцяжэй - чалавек. Чым больш высокі ўзровень індывідуальнасці, асабістасці і ўсведамлення каштоўнасцяў жыцця, тым цяжэйшае развітанне з ім. Асабліва для чалавека эмансіпаванага, богапакінутага.

Эсхалатычная тэма "Новай зямлі" пачынаецца з раздзела "Смерць ляснічага", раскрываецца на кантрастных фонах квітнення жыцця ў папярэдніх сцэнах. Увага акцэнтуецца на спрадвечным наканаванні для чалавека - нечаканай катастрафічнасці смерці. Аб ёй разважае гаспадыня лесніковага хутара:
Так, гэта так, пане Ксаверы!
Ужо загатаваны паперы
Для часу нашага сканання
Рукою Божага ўзыскання,
І ходзіць смерць, як цень, за намі, -
Сказала Ганна са слязамі...

Пахавальная вячэра адбываеццана на фоне па-сялянску зладжанай гаспадаркі. "Але ў машыне гаспадарскай,// Бы ў хітрай штучыне слясарскай,// Згубілась шруба - стоп, машына!// Няждана выпала пружынка".

На памінальнай вячэры хваляць нябожчыка. У адпаведнасці з выслоўем: пра нябожчыка - добрае або нічога. З трывогай гадаюць пра "новую мятлу": "Назначаць гэтакага ката,// Тады запахне свая хата". Тады ж у Міхала засела неадчэпная думка: "Купіць зямлю, прыдбаць свой кут,// Каб з панскіх выпутацца пут".

Вульгарна-сацыялагічная крытыка доўга практыкавалася на выкрыцці "хутаранскай мары" героя "Новай зямлі". Між тым у гэтым творы выспявала зерне беларускай нацыянальнай ідэі. Бо пераход зямлі ў рукі беларускага сялянства - носьбіта нацыянальнай мовы і культурнай традыцыі, якое ў канцы XIX - пачатку XX ст. складала каля 75% усяго насельніцтва краіны, стварэнне моцнага класа заможных вяскоўцаў-фермераў заклала б сацыяльна-эканамічныя і палітычныя падставы беларускага нацыянальнага адраджэння.

Тайна смерці, сузіранне прорвы небыцця выклікаюць не толькі страх. Яны прыводзяць чалавека да Бога. Па кантрасце гэтае перажыванне стымулюе экстатычную прагу жыцця, выклікае так званы сарданічны смех над смерцю, стыхійны карнавальны настрой. На падпітку панскі фурман Рыгор з гарэзлівымі прыпеўкамі пайшоў у скокі. Каб адпрэчыць думкі пра смерць, удзельнікі трызны настройваліся на карнавальны лад жартоўнымі песнямі: "Будзе мяне жонка біць,// Няма каму бараніць! [...]. Добра мера, хоць без грошай,// Абы празнічак харошы!"

Сімвалічнай рэпрызай да эсхаталагічнай тэмы ёсць раздзел паэмы "Воўк". Раптоўная смерць гэтага разумнага звера намалявана на фоне суровай прыгажосці зімовага лесу, па кантрасце з марамі Міхала пра свой хутарскі рай і ўспамінамі пра тапельцаў, што зніклі там, "дзе Нёман, выгнуўшыся дужкай, абводзіць лес прыгожай стужкай". Там сустрэўся ўзброены ляснік з воўкам. Але стрэл не адбыўся: воўк барахтаўся ў палонцы Нёмана, ратуючыся ад смерці: "А бедны воўк, вадой падцяты,// Скрабе па лёдзе кіпцюрамі.// І носам рые, як зубамі,// І ўвесь пружыніцца і рвецца,// Але нічога не ўдаецца,// І ўсё слабее ў воўка сіла [...]. І ўскінуў погляд на Міхала,// Вачыма злосна ўжо не косіць,// Глядзіць, як бы ратунку просіць [...]. Яшчэ раз бедны воўк рвануўся,// На спіну раптам павярнуўся,// Завыў жалобна і каротка// І - шу пад лёд той, як калодка!//. І знікла ўсё: жыццё, змаганне// І прагавітасць палявання".

Сцэна пагібелі воўка - як кашмарны сон. Прэлюдыя да смерці героя "Новай зямлі" ў поўдзень ягонага жыцця. Матыў канца жыцця вар'іруецца ва ўводнай частцы заключнага раздзелу. Спачатку - медытацыя пра два процілеглыя сэнсы паняцця канец, завяршэнне: творча-сцвярджальны - і інфернальны, пякельны. На маю думку - адзін з найлепшых твораў эсхаталагічнага зместу ў беларускай і сусветнай паэзіі:
Канец... Як проста гэта слова
І многазначна, заўжды нова!
Як часта мы пад крыжам мукі
У тамленні духу ўзносім рукі
І вочы, поўныя гарэння,
І прагнем мігу вызвалення!
Шчаслівы міг, бо палі путы!
Канец - і нейкі круг замкнуты
У небыццё ідзе і гіне,
Каб месца іншай даць часіне;
І вера ў той канец няўхільны
Знішчае тлен гнілы, магільны.

Гэта - выратавальны, творча-вітаіскі канец, шчаслівае завяршэнне грамадскай або прыватнай праблемы. Часам мы празмерна захапляемся ўдачай, багаццем, кар'ерай, шчасцем, забываючы пра эсхаталагічнае завяршэнне чалавека, грамадства, дзяржавы, урэшце жыцця зямнога і касмічнага. Звычайны чалавек перад безданню вечнасці ўсё яшчэ больш язычнік, чым хрысціянін, бо забывае пра Апакаліпсіс - свой уласны і ўсеагульны. Пазбягаючы эсхаталагічных перажыванняў, ён не вельмі цэніць шчасце самога жыцця на зямлі, яго унікальнасць, непаўторнасць. Прарочыя творы паэтаў, мастакоў, музыкаў напамінаюць нам: нават абяцаная вечнасць, жыццё на тым свеце ў абліччы анёлаў не ёсць вяртаннем да нашага зямнога, пакутлівага, але цёплага быцця. Як у паэме Якуба Коласа:
Канец! Як многа разважання
І засмучонага пытання
У гэтым простым страшным слове.
Пры іншым з'явішчы і ўмове,
Калі астатняю мяжою
Канец кладзецца між табою
І тым, што дорага і міла,
Што душу грэла і хіліла
І сэрца моцна парывала...

Смерць падкралася да Міхала напярэдадні здзяйснення ягонай мары - набыцця зямлі і свайго кута. Хвароба адабрала ад яго сціплыя радасці селяніна:

"І вочы выцвілі і мутны,// У глыб душа глядзіць гаротна,// Глядзіць тужліва і гаротна.// І горка гэта сузнаванне,// Што ад жыцця ты ўжо адсечан..." Паэт дакладна перадае душэўны стан смяротна хворага чалавека, вобраз нябыту:
Але што ёсць там за заслонай,
За гэтай сцежкаю замкнёнай?
Няўжо пустэлі мрок разліты?[...].
Ох, страшна гэта ноч-пустэля!
Яна ў пякельны мрок засцеле
Яго жыццё і гэты свет...

Апошняя сцэна памірання героя намалявана сюррэалістычнымі вобразамі. Свядомасць героя раздвоілася, узнік прывід двайніка:
Глядзіць Міхал...Што за хвароба?
Ён не адзін - іх дзве асобы:
Адзін Міхал - нядошлы, млявы,
Другі - здаровы і рухавы!
Адзін ляжыць, другі вандруе,
Ідзе па лесе, у вус не дуе...

Другі двайнік у доўгім чорным балахоне праз хвіліну набыў вобраз ваўкалака - пярэваратня:
Ой, ой - стрыжэнь! Ён - гоп туды!
Ніяк не вылезе з вады.
Капут... Міхал-воўк прападае,
Пад лёдам знік, як мыш рудая...

Паміраючы, Міхал перажывае апакаліптычныя відмы, запісаныя ў Адкрыцці Яна Багаслова: "І раптам нейкая заслона //Чыёюсь страшнаю рукою,// Сінь неба лучачы з зямлёю,// Усё пасуваецца бліжэй,// У грудзях дыханне забівае,// І ноч- заслона націскае,// І светлы круг, прамень пустыні,// Вось-вось у багне-цьме загіне..."

Апошнія словы Міхала - даручэнне брату Антосю апекавацца асірацелай сям'ёю, здзейсніць мару пра Новую Зямлю на тым "прасторным шляху", які ўсё ж некалі закрасуе на Радзіме. Дзе, паводле слоў паэта, "так панадна свеціць сонца, дзе думкі тчэ свае красёнцы, каб новы свет жыцця саткаць"... І - песня-эпітафія. Для кожнага, хто жыве на гэтай зямлі:
У полі, полі
Пры дарожаццы
Пахіліўся крыж
Над магілаю.
Беглі сцежачкі
У свет шырокенькі,
Прывялі ж яны
К той магілачцы!..

Паэтычны эпас - гэта нацыянальны космас народу. Шмат у ім драматычных сюжэтаў і трагічных сцэнаў, але раней завяршаўся ён, як правіла, шчаслівым канцом. Пераможцамі вяртаюцца героі "Іліяды" на радзіму. Шмат пакутаваў Адысей у бясконцых прыгодах, але ўсё ж прыплыў на свой востраў Ітаку. Першы вялікі паэт з роду Міцкевічаў стварыў сваю шляхецкую адысею "Пан Тадэвуш" пасля паражэння паўстання 1830-1831 гг. у былой Рэчы Паспалітай, але закончыў твор шчаслівым фіналам, бо трагічная развязка разбурыла б цэласнасць паэмы-ідыліі, супярэчыла б эстэтыцы класічнага эпасу.

Наш паэт Кастусь Міцкевіч пачынаў і закончыў "Новую зямлю" ў эпоху, калі паэзія абнаўлялася мадэрнісцкімі плынямі. Літаратура і філасофія дваццатага стагоддзя спасцігалі незавершанасць зямнога жыцця, яго непазбежны трагічны фінал. Спасцігалася вялікая праўда Бібліі, Новага Запавету, Апакаліпсісу. Бо толькі ў гэтым святле, у полі зроку вечнасці адкрываецца бясконцая каштоўнасць жыцця, унікальнасць яго красы і вялікая місія культуры - духоўнае пераўтварэнне чалавека, грамадства, космасу.

Лірыка-эпічная паэма "Новая зямля" ад яе загалоўка, экспазіцыі райскіх карцінаў першых раздзелаў і пазнейшых рэпрызаў гэтай тэмы да трагічнага фіналу і заключных матываў - закліку да тварэння "новага свету", "шырокага шляху" - спалучае хрысціянскія Веру, Надзею і Любоў з хрысціянскай жа эсхаталогіяй.


  1. Овидий. Собр. соч., т. II - СПб.,1994. С. 12.
  2. Колас Якуб. Песьні-жальбы. Вільня, 1910. С.13.
  3. Беларуская думка XX стагоддзя: філасофія, рэлігія, культура (Анталогія). - Варшава. 1998. С. 106.
  4. Конан Ул. Вобразы і матывы зямнога Раю ў паэзіі Адама Міцкевіча// Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры: Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Мінск, 7-11 верасня 1998г.) - Мн., 1998. С. 220-225; Яго ж: Райские мотивы в поэзии Адама Мицкевича.// Всемирная литература. Минск, 1998, № 12. С. 140-150; Яго ж: Беларуская класічная літаратура ў кантэксце хрысціянскай цывілізацыі.// Хрысціянства і беларуская культура: Матэрыялы III Міжнароднага кангрэса беларусістаў. - Мн., 2000. С.28.
  5. Толстой Л. Собр. соч.: В 22-х т. - Т. З. - Мн., 1978. С. 70-71; т. 12.- М., 12. - М., 1978. С. 54-107.
  6. Колас Я. Новая зямля. Пер. на рус. С. Гарадзецкага і інш.; Пер. на польск. Ч. Сенюха.- Мн., 2002. С. 89.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY