Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(25)/2003
Галерэя
Юбілеі

РЫМСКІ ТРЫПЦІХ
Мастацтва

АРХАНЁЛЫ НАД БЕЛАРУССЮ
На шляху веры
Постаці

ЯЗЭП ГАЙЛЕВІЧ
Haereditas
Юбілеі

ПАКУЛЬ ШТО АДЗІНАЯ
Кантэкст
Memoria

ЖЭНЯ, ЖЭНЕЧКА, ДЗЕ ТЫ?!

ВЕРШЫ
Мастацтва

У ГОНАР МІНДОЎГА
Пераклады

ІВАН БУНІН
Постаці

ЛЯСНАЯ КАНВАЛІЯ
Архіўная старонка
Нашы святыні

ФАРНЫЯ МОГІЛКІ Ў ГРОДНЕ, 1792–1939
На кніжнай паліцы
Бібліятэка часопіса «Наша вера»

ШЛЯХ МІЖ ДЗВЮМА БРАМАМІ

Данута БІЧЭЛЬ

ПАКУЛЬ ШТО АДЗІНАЯ

Упалі з грудзей Пана Бога,
Парваўшыся, пацеркі зор...
М. Багдановіч
Да 90-годдзя выдання кнігі Максіма Багдановіча «Вянок»

Першая і адзіная кніга Максіма Багдановіча «Вянок» святкуе сваё 90-годдзе. Яна была выдадзена ў канцы 1913 г. у Вільні «Беларускім выдавецкім таварыствам», якое адчыніў Вацлаў Іваноўскі, надрукавана ў друкарні Марціна Кухты накладам 2000 асобнікаў. Кнігай апекаваўся Вацлаў Ластоўскі, ён і прапанаваў назву «Вянок», а ўнізе пакінуў аўтарскую назву — «Кніжка выбраных вершаў». Вокладку ўпрыгожыў дзіцячым малюнкам, які меў у сваёй калекцыі. На шмуцтытуле змясціў герб Завішаў — лебедзь у вянку — на знак удзячнасці фундатарцы Магдалене Радзівіл. На асобным лісце дапісаў прысвячэнне — «Вянок на магілу С. А. Палуяна (8 красавіка 1910)».

Так «непасрэдна вырасла з кнігі жыцця, увасабляючы адзінства паэзіі і лёсу» (Т. Чабан), кніжка «...зусім маладая, склееная мною летам 1912 р(оку)» (М. Багдановіч).

Пералічваць яе даследчыкаў не хопіць месца, а выдаўцы «выпраўляюць» памылкі першага выдання.

Кніга «Вянок» — гэта не проста зборнік вершаў. Складаецца яна з трох раздзелаў: «Малюнкі і спевы», «Думы», «Мадонны», вершаў 93 і 2 паэмкі. На 120 старонках. У лістах да выдаўцы былі меркаванні дапоўніць «Мадоннаў» нізкай «Каханне і смерць» (13 вершаў) і да 5 перакладаў з нізкі «Старая спадчына» дадаць 22 пераклады з Поля Верлена, утварыць раздзел «З чужой глебы». Кніга выйшла без дапаўненняў і без пасляслоўя «Ізноў пабачыў я сялібы» да паэмы «Вераніка».

У поўным зборы вершаў М. Багдановіча 1992—1995 гг. выдаўцы «выправілі» страты і гэтым парушылі гістарычную праўду.

Я думаю так: цнатлівыя віленчукі свядома не надрукавалі ў першай кнізе маладога аўтара вершаў пра нараджэнне чалавека праз боль і смерць. Пашкадавалі «сціплы просты народ». Па гэтай жа прычыне не ўключылі эротыку Поля Верлена.

Вацлаў Ластоўскі, пэўна, уявіць не мог, што першая ластаўка таленавітага паэта можа стаць яго адзінай кнігай. З кароткіх спатканняў у Вільні летам 1911 г., з перапіскі і друку бачыў творцу вялікага патэнцыялу, філосафа, гісторыка, які ішоў у літаратуру праз сусветную спадчыну і хрысціянскую духовасць.

Калі вяртаўся з Вільні, натхнёны родным краем, Максім будаваў «каркас» кнігі, на які пачаў нажыўляць «мяса». Планаваў раздзелы і нізкі універсальнага томіка для народа з беднай спадчынай, — як хто захоча, будзе мець узор для вучобы.

Сплятаўся «Вянок» канцэнтрычна, закруглена, завершана, але гнутка, як з жывых кветак. Калі верш не клаўся ў нізку, не меў шанцаў трапіць у кнігу.

З «давіленскіх» вершаў засталося не больш за 30. Была гатовая нізка «Згукі Бацькаўшчыны», рэляцыі ад чытання фальклору. Найболей «давіленскіх» вершаў трапіла ў нізку «У зачарованым царстве» — 15 з 26.

Толькі ў паэзіі «такой поўнай гармоніі паміж думкай ці пачуццём і формай — будовай і падборам гукаў» (Ант. Навіна) можна абняць усё жыццё ўсяго Краю, які згубіўся ва ўсім свеце і ў галактыцы.

«Жыццём напоўнены ўвесь мрок» — дрыгва дыхае, лес пяе, вадзянікі, гады, «гаспадары» (духі ці жывыя?) ад бяздонных глыбіняў, у якіх тонуць самнамбулы, да вышыняў, пад якімі павукі снуюць дажджы, ад нараджэння да спрадвечнага сну, які страшней за смерць. У кожным вершы іначай будуюцца вобразы, рытміка, памер. Паэт стварае свой чыставы малюнак і сваю цёплую песню. Так яго апякун біскуп Максім з Рыэз, які памёр 27 лістапада 460 г., дбаў пра чысціню евангелізацыі. Так у Максіма «...нацыянальнае стаецца агульналюдскім праз укрытую ў ім чыстую красу» (Ант. Навіна).

7 вершаў нізкі «Старая Беларусь» малююць кароткую гісторыю Беларусі. У прадметах і постацях ад Магілёва да Гданьска, куды даплыла бутэлька з адчаем аб катастрофе. Адно вядомае імя — «Скарына, доктар лекарскіх навук, у доўгай вопратцы на вежы сочыць зоры», астатнія без імёнаў: летапісец піша, а перапісчык малюе гісторыю, паднявольныя ткачыхі ткуць паясы, млынар знімае скруху сэрца, а няхібкі ў латах стары ідзе па ўрослай кустамі і барамі краіне, чытае кнігу слядоў зямлі і ведае, якім «словам» уратаваць людзей ад зводу. Верш «Па ляду ў глухім бары» — гэта прарочы гімн Краю, ратунак якога ў поўнай занядбанасці і здзічэнні.

Кульмінацыйны верш «Кніга» — як малітва, як гісторыя, як твор мастацтва.
Псалтыр, пакрытую няжорсткай бурай кожай,
Я ўзяў і срэбныя засцёжкі адамкнуў...
Вось псальма слічная. «Як той алень шукае
Крыніцы чыстай, так шукаю Бога я»...

Нізка «Места» дапаўняе папярэднія і завяршае раздзел «Малюнкі і спевы». Места — «дачка каменняў», па вулках цокаюць пегасы, утульна хлопчыку са шкляначкай і бяздомнаму паэту, які дачытаў газету «да імені выдаўцы» і заснуў на далёкай лаўцы. Кантраст безнадзейнасці і багацця.

Раздзел «Малюнкі і спевы» Максім будуе па музычных законах з уверцюрай — уступам «Вы, хто любіце натрапіць», сімфоніяй нябёсам і хвораму сэрцу.

Калі ў 80-я гады з’явілася фраза: «Не пішыце палітычных вершаў, яны хутка старэюць», то аўтар да слова «палітычных» меў эпітэт «дрэнных». Цэнтральны раздзел «Вянка» «Думы» быў складзены Максімам як адраджэнскі, найбольш блізкі да тагачаснай і сучаснай добрай беларускай паэзіі, асуджанай на грамадзянскасць. Максім не верыў, а ведаў, што Беларусь будзе суверэннай і незалежнай. Але ад нацыянальных змагароў адрозніваўся тым, што бачыў Беларусь не ізаляванай, а далучанай да еўрапейскай духоўнай культуры. Таму побач з імёнамі беларускіх песняроў узнікаюць імёны сусветнай гісторыі. Максім ставіў задачу адраджэння касмічна — ад нічога да ўсяго. Таму Ус. Ігнатоўскі назваў яго «Гасцём з высокага неба». У лісце ад 27 лістапада 11 г. аўтар тлумачыў, чаму ён стварыў нізку «Старая спадчына» — «своеасаблівую выставу класічных формаў верша» (Т. Чабан), «...маючы на ўвазе не толькі іх красу, не толькі палепшанне версіфікатарскай снароўкі пры працы над імі, але і жаданне прышчапіць да беларускай пісьменнасці здабыткі чужаземнага паэтычнага труда, памагчы атрымаць ёй больш еўрапейскі выгляд... Хацеў я давесці здатнасць нашай мовы да самых строгіх вымог вяршоўнай формы...»

Але адраджэнскі раздзел «Думы» атрымаўся менш дынамічным, чым эмацыйныя «Малюнкі і спевы».

Трэці раздзел «Мадонны» — духоўны, складаецца з паэмак «У вёсцы» і «Вераніка» і завяршае «Вянок» светла, нябёсна.

...Святар у казанні апавядаў, як адзін апостал шукаў на нябёсах Божую Маці і не знайшоў. Божая Маці была на зямлі, дзе людзі ўвесь час просяць у Яе заступніцтва.

Каб аддаць Адзінага Сына дзеля адкуплення свету, Богу не трэба другой Божай Маці. Але трэба любові, дабрыні, пакоры і ахвярнасці жывых жанчын, усіх маці.

«Той выгляд мацеры ды з воблікам дзяўчыны», якая памерла 4 кастрычніка 1896 г. (нар. 22 лютага 1869) ад скарацечнай чахоткі, пакінуўшы іх чацвёра, быў у думках і пачуццях Максіма пры стварэнні паэмкі «У вёсцы». Але вясковая нянька нагадала яму Божую Маці:
А можа не краса была ў дзяўчынцы той, —
Дзяўчынцы ўпэцканай і хілай і худой, —
А штось вышэйшае, што Рафаэль вялікі
Стараўся выявіць праз Маці Божай лікі.

Гэтак жа ў старым садзе ў красе сваёй вясны, падобную да ляснога «цвятка», Паэт убачыў Вераніку, якая натхніла яго на паэзію. Болем. Шчасцем.

Кніга паэзіі «Вянок» пакуль што адна такая ў беларускай культуры. Яна ўліваецца ў сусветную культуру, і ніякія памежныя службы яе не стрымаюць...


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY