Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(25)/2003
Галерэя
Юбілеі

РЫМСКІ ТРЫПЦІХ
Мастацтва

АРХАНЁЛЫ НАД БЕЛАРУССЮ
На шляху веры
Постаці

ЯЗЭП ГАЙЛЕВІЧ
Haereditas
Юбілеі

ПАКУЛЬ ШТО АДЗІНАЯ
Кантэкст
Memoria

ЖЭНЯ, ЖЭНЕЧКА, ДЗЕ ТЫ?!

ВЕРШЫ
Мастацтва

У ГОНАР МІНДОЎГА
Пераклады

ІВАН БУНІН
Постаці

ЛЯСНАЯ КАНВАЛІЯ
Архіўная старонка
Нашы святыні

ФАРНЫЯ МОГІЛКІ Ў ГРОДНЕ, 1792–1939
На кніжнай паліцы
Бібліятэка часопіса «Наша вера»

ШЛЯХ МІЖ ДЗВЮМА БРАМАМІ

Ірына ЖАРНАСЕК

ЛЯСНАЯ КАНВАЛІЯ

Што нясе сучаснаму чалавеку дотык да святасці? Маю на ўвазе тую святасць, да якой нам часам шчасціць дакрануцца ў штодзённым тлумным, почасту такім заблытаным жыцці. Не часта такое здараецца. Тым больш незабыўнай будзе тая сустрэча, калі яна ўсё ж адбудзецца.

Штосьці падобнае адчувала я ў 1995 годзе, перабіраючы ды расчытваючы старыя пажоўклыя лісты, якія трапілі ў мае рукі дзякуючы святой памяці сястры Уладзіславе Таяновіч. Гэта яна перадала мне тады дзве сумкі папераў, што засталіся пасля смерці ўтоенай сястры бернардынкі Міхаэлі, якую ў свеце яе землякі больш ведалі як Ганну Дубовік. Сярод шматлікіх лістоў ксяндза Часлава Барвіцкага са сталінскіх лагераў да Ганны Дубовік і да парафіянаў лучайскага касцёла, што на Пастаўшчыне, былі таксама і лісты Ванды Банішэўскай. Асоба апошняй мяне вельмі зацікавіла, бо ў сваіх лістах ксёндз Часлаў Барвіцкі пісаў пра яе як пра незвычайнага чалавека, адоранага асаблівымі Божымі ласкамі. Гэтая выключнасць адчувалася часам і ў лістах самой Ванды Банішэўскай. Словам, пытанняў было шмат, а адказы на іх ніяк не знаходзіліся, бо ні сястра Уладзіслава, якая перадала мне гэты унікальны архіў, ні тыя, да каго я потым звярталася па дапамогу, не ведалі Ванды Банішэўскай. Адзін з іх, Часлаў Каралёнак, які цяпер жыве ў Польшчы, адказаў у лісце коратка: чуў пра яе, ведае, што гэта надзвычай духоўны чалавек, стыгматык. Яго скупое паведамленне было для мяне вялікай радасцю, бо пацвярджала тое, што напісаў пра Ванду Банішэўскую ў адным са сваіх лістоў і кс. Часлаў Барвіцкі: гэтая жанчына – стыгматык. Я ўжо даволі шмат ведала пра яе, і ўсё ж не ставала вельмі істотнага — яе жыццёвы шлях абрываўся для мяне апошнімі лістамі, датаванымі 1958 годам. Хацелася ведаць больш. Ды і з лістоў я не магла зразумець, кім яна была да таго, як трапіла ў сталінскі лагер.

Час ляцеў, а маленькія канверты з лістамі Ванды Банішэўскай заставаліся таямніцаю. І вось аднойчы, размаўляючы з сястрой ад Анёлаў Ганнай Гэй з Мінска, я зусім выпадкова (хоць, кажуць, выпадковасцяў увогуле не бывае) пачула ад яе, што іхняя супольнасць калісьці мела пляцоўкі на Віленшчыне. Я імгненна прыгадала Ванду Банішэўскую. Ну вядома ж, Пастаўшчына зусім побач з Віленшчынай і сёстры гэтай супольнасці не носяць хабітаў (!) – значыць, яна вонкава нічым магла не выдзяляцца сярод іншых вяскоўцаў. Памятаю, як ад хвалявання затрымалася паветра ў грудзях, і я, баючыся памыліцца ў сваёй раптоўнай здагадцы, асцярожліва запытала, ці не была раптам у 50-х гадах у іхняй супольнасці сястра Ванда Банішэўская. Сястра Ганна, ні аб чым не здагадваючыся, проста адказала:

— Чаму «была»? Яна і цяпер ёсць, толькі вельмі цяжка хварэе, таму сустрэцца з ёю і паразмаўляць няма магчымасці.

Я яшчэ слаба спадзявалася, што такая магчымасць усё ж знойдзецца, але жорсткая хвароба не адступалася. І вось гэтай вясною я атрымала ліст ад майго завочнага добрага знаёмага, які ў свой час шмат дапамог мне сваімі ўспамінамі, фотаздымкамі і іншымі матэрыяламі пра кс.Часлава Барвіцкага і сястру Ганну Дубовік, — Часлава Каралёнка з Польшчы. У канверце апроч ліста былі яшчэ ксераксныя адбіткі двух артыкулаў на смерць сястры Ванды Банішэўскай. Адзін з іх называўся «Памерла польская стыгматычка». І каторы раз мне сумна падумалася тады, як шмат людзей страціла наша Бацькаўшчына праз сваю балючую, горкую, часта сумбурную гісторыю. Але ў дадзеным выпадку гаворка ідзе ўсё ж не пра польскасць ці беларускасць, а пра гісторыю незвычайнага жыцця, упрыгожанага высокай духоўнасцю і верай. А яшчэ падумалася, што, мабыць, трэба было Вандзе Банішэўскай памерці, каб сваёю смерцю прыадчыніць перада мною заслону свайго загадкавага жыцця. Калі супаставіла факты з артыкулаў з лістамі ды з тым, што я за гэты час ужо даведалася пра яе, многае зрабілася зразумелым, шмат якія падзеі даўніх гадоў прамовілі на ўсю моц. Пераканана: Ванда Банішэўская – той чалавек, пра каго павінны ведаць на яе Радзіме. Асабліва тыя, хто, як і яна, належаць да паўсюднага Каталіцкага Касцёла.

Яна нарадзілася 20 мая 1907 года ў фальварку Новая Каменка, каля Наваградка. Была пятым дзіцем у сям’і.

У 1924 г. Ванда ўступіла ў супольнасць Сясцёр ад Анёлаў. Гэтая супольнасць была заснавана нашым земляком, біскупам Вінцэнтам Ключынскім, які нарадзіўся ў Шаркаўшчыне, што на Віцебшчыне. Супольнасць засноўвалася ў той час, калі Касцёл на тэрыторыі былой Расійскай імперыі цярпеў жорсткі пераслед. Таму заснавальнік вырашыў, што сёстры не будуць насіць хабітаў, каб знешне не прыцягваць да сябе ўвагі тых, каму былі ненавісныя Пан Бог і Яго Касцёл. Наўрад ці думаў тады біскуп Ключынскі, што канспірацыя заснаванага ім жаночага закону будзе вельмі карыснай не толькі ў XIX, але і ў ХХ стагоддзі.

Знешне і Ванда Банішэўская мала чым адрознівалася ад іншых дзяўчат, хіба што, малілася больш ды больш праводзіла часу ў касцёле. Непрыкметная, а да таго ж яшчэ і кволая здароўем. Але яе заўважыў сам Бог, убачыў яе шчырасць ды адданасць і адарыў незвычайнымі ласкамі...

СТЫГМАТЫ


Стыгматы на нагах сястры Ванды Банішэўскай. Здымак з архіва НКВД.
Ванда Банішэўская атрымала гэтую Божую ласку яшчэ да ўступлення ў закон. Адбылося гэта ў 1919 годзе, у часе ўрачыстасці св. Міхала, у Наваградку. Тады дзяўчына пачула раптоўны боль у руках і нагах, на месцах ранаў Хрыста. Пасля боль аціх, а ў 1922г., у той час, калі Ванда малілася Крыжовы шлях Хрыста ў Кальварыі, што каля Вільні, моцны, рэзкі боль на тых самых месцах зноў вярнуўся да яе. Крывавыя ж стыгматы з’явіліся на яе целе ў суботу перад Адвэнтам 1934 года, а асабліва выразна яны акрэсліліся 7 снежня таго ж года. У хуткім часе пры ўдзяленні сакраманту хворых раны заўважыў спавяднік сястры Ванды кс. Тадэвуш Макарэвіч, а пазней і сястра Разалія Радзевіч, якая тады даглядала хворую. Так таямніца сястры Ванды была раскрытая.

І ўсё ж з усіх сілаў яна ўтойвала ад свайго атачэння гэтую Божую ласку. Можна толькі ўяўляць, што дзеелася тады ў душы маладой жанчыны. Бог надзяліў яе сваёю ласкаю, бо ўпадобіў яе да сябе ў нясенні збаўленчага крыжа за іншых, але адначасна Ён падзяліўся з ёю і надзвычайным цярпеннем, якое чалавек па сваёй слабасці мог бы назваць і празмерным.

Мала мы ведаем пра тое, што адчуваў, як пераносіў боль ласкі стыгматаў святы Францішак з Асізі. Больш, мабыць, мы чыталі пра айца Піо, святога ХХ стагоддзя: тыя рукавічкі, якія ён адзяваў на раны, ды хустачкі, якія прыкладваў да ранаў, разыходзіліся спачатку па Італіі, а потым і па ўсім свеце як каштоўныя рэліквіі. А што адчувала яна, худзенькая жанчына кволага здароўя? Злёгку прыадкрывае заслону гэтай таямніцы кс. Ян Прышмант у пасмяротным артыкуле пра Ванду Банішэўскую, надрукаваным у польскім каталіцкім выданні «Nasz Dziennik» 6.ІІІ.2003г.: «Сястра Ванда старанна, з вялікім высілкам і ўпартасцю намагалася ўтойваць знешнія адзнакі, падобна як і ўсялякія надзвычайныя здарэнні. Зрэшты, ёй цяжка было прыняць дар стыгматаў, бо лічыла сябе нявартай той ласкі. Таму яна перажывала пастаянную ўнутраную барацьбу, выказваючыся перад Хрыстом і просячы Яго, каб не ўдзяляў ёй гэтага дару, прынамсі, бачных знешне знакаў. Толькі пасля таго, як убачыла незадавальненне Пана Езуса, на Яго выразнае жаданне яна ўсё ж згадзілася іх прыняць. Гэта ж раіў ёй і спавяднік, а таксама і яе надзвычайны спавяднік – ксёндз біскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі – настойліва параіў ёй паслухмяна прыняць гэты дар і не прасіць яго забраць. Аднак сястра Ванда ўсё ж вырашыла сціпла захоўваць таямніцу дару стыгматаў ажно да хвіліны смерці».

Cтыгматы зазвычай з’яўляліся ў яе па абедзе ў чацвер і ў пятніцу, найперш яны былі ў Вялікім Посце, а асабліва ў часе Вялікага Тыдня. Апроч пяці ранаў, на целе сястры Ванды выступаў крывавы пот, 13 меншых ранаў з’яўляліся на галаве, часам былі крывавыя слёзы, шрамы ад бічавання па ўсім целе. Апрача пакутнага болю на месцы ранаў сястра Ванда таксама ў балючых экстазах перажывала Муку Хрыста. Перад арыштам гэтыя з’явы сталі радзейшымі...

ВЯЗНІЦА ГУЛАГУ

Так, яна, гэтая кволая з выгляду жанчына, зведала і гэта – нялюдскі сталінскі лагер з усімі ягонымі жахамі.

Разам з іншымі сёстрамі яна была арыштаваная 11 красавіка 1950 года ў Прыцюнах, што за 30 км ад Вільні, за тое, што сёстры хавалі ў сваім доме ад НКВД кс.Антонія Зонбка. Вырак суда для Ванды Банішэўскай быў кароткі і жорсткі – 10 гадоў лагеру.

...Настане час, калі прадстаўнікі савецкай улады прачытаюць ёй дакумент пра тое, што яна была асуджана несправядліва, а пакуль для яе пацягнуліся доўгія дні, месяцы, гады ў няволі.

20 лістапада 1952 года яна пісала з Верхне-Уральска Чалябінскай вобласці Ганне Дубовік у вёску Круткі, на Пастаўшчыну: «Прабач, Ганя, што я даўно не пісала. Лісты тут ідуць вельмі рэдка: два альбо тры на год. Пасылкі ж і зусім не ідуць... Як там мой брат1? Калі напіша мне ліст, ты адразу мне таксама напішы... Дзе мае Рузя, Рэгіна і астатнія2? Я, як і дома, хварэю. Лячуся. Не працую. Дапамагае мне Лёня Локіс і Кальварыя, за што я і ўдзячная... Дактары мяне лечаць тут добра – розныя ўколы і розныя медыкаменты – памерці не даюць. Толькі будзе такі вынік, што на Вялікдзень я зноў буду цалкам здароваю. Калі Пан дазволіць, а калі не – няхай будзе, як Ён таго хоча...»

Яна цярпела хваробы, здзекі наглядчыкаў, а ўсё адно думалася пра тое, што засталося там, у ранейшым жыцці. «Прыцюны яшчэ стаяць альбо зусім згарэлі?.. Калі будзе Вялікдзень? Ганю! Напішы мне пра ўсё. Ад брата Чэся я атрымала ліст 23.ХІІ.53г. Дзякуй яму, я вельмі ўдзячная яму за ўсё, найбольш за memento3,» – пісала яна Ганне Дубовік 1 лютага 1954г. А ў дзённіку ўспамінаў яна з горыччу занатавала: «...у вялікім агульным пакоі для хворых я старалася несці палёгку тым, што цярпелі больш за мяне. Свае порцыі малака і масла, белага хлеба аддавала іншым, каму было яшчэ цяжэй. Супольна мы маліліся ружанец, што было сурова забаронена. Нашы ружанцы, робленыя з хлеба, забіралі і знішчалі. Але я не саступала і зноў рабіла сваё».

Пакараннем за малітву быў карцар. У лагеры сястры Вандзе давялося перажыць знявагі і пабоі, хамскае абыходжанне і побыт у камеры з псіхічна цяжка хворымі людзьмі, карцары з халоднай вадой і пацукамі, дзе яна знаходзілася ў адной бялізне, і нават электрычны шок. У выніку яна цяжка захварэла і трапіла ў турэмны шпіталь, дзе ў яе зноў з’явіліся стыгматы. Савецкія лекары не ведалі ад гэтага лячэння і ўрэшце заявілі хворай, што ёй ніякая медыцына не дапаможа. Яна, вядома, не пісала пра ўсё гэта на Беларусь у лістах, якія пільна правяраліся цэнзурай. Я прачытала пра гэта ў артыкуле яе сябра, кс. Яна Прышманта. Яму яна пазней, вядома ж, магла распавесці ўсю праўду, тым больш што жыла тады ўжо не ў Савецкім Саюзе, а ў Польшчы.


У часе перажывання мукі Хрыстовай.
У выгнанні яна шмат хварэла і падоўгу ляжала ў шпіталі. «Я пакуль што лячуся і не працую, — пісала яна Ганне Дубовік. – Быў час, калі адчувала сябе вельмі дрэнна, а цяпер па-рознаму, лепш і горш – як і дома... Вельмі моцна сумую па вас. У сне вельмі часта размаўляю з Найдаражэйшым, з братам і з табой, мілая сястра. Напэўна, і вы таксама размаўляеце з Ім пра мяне. Залаты мой браток і сястрычка! Дзякуй вам, што вы мне дапамагаеце. Хоць мы і не разам, але душы нашыя заўсёды разам. І пакуль што гэтага хапае... Хто жыве ў Прыцюнах? Любая сястрычка, калі сустрэнеш цётак Лёні і Яні, перадай ад мяне падзяку за памяць і грошы. Я заўсёды памятаю пра іх і ніколі не забуду. Абяцаю не забыць і пасля смерці...».

Яна моцна верыла ў тое, што будзе патрэбная людзям і пасля смерці. Гэта бачна з кожнага ліста, якія воляй лёсу патрапілі ў мае рукі як каштоўная духоўная спадчына незвычайна стойкіх у сваёй веры людзей. Напэўна ж, у архіве супольнасці лістоў Ванды Банішэўскай захоўваецца нашмат больш, але ўжо і з тых, што я прачытала, добра відаць, якую моцную веру мела гэтая мужная жанчына.

Гэтага не маглі не адчуваць многія, хто сутыкаўся з ёю. Ксёндз Часлаў Барвіцкі, які ў той час таксама быў выгнаннікам, пісаў са сталінскага лагеру Ганне Дубовік, жадаючы, мабыць, паспець сказаць ёй тое пра Ванду Банішэўскую, чаго яна не ведала і пра што зазвычай у нармальных умовах хрысціяне не спяшаюцца распавядаць. Але ж гэта ў нармальных варунках. Тады ж над імі завіс меч сталінскага пераследу і, хутчэй за ўсё, кс. Барвіцкі проста баяўся, што калі раптам ён загіне ў гэтай ненажэрнай малатарні, то блізкія так і не даведаюцца, які чалавек жыў побач з імі ў свой час. 23 мая 1956 года ён пісаў Ганне Дубовік: «...Ванда ж, падобна, усё яшчэ хварэе. Мабыць, я табе ніколі не казаў пра Ванду. Вось жа ўжо яна то сястра, выбраная Панам Езусам знарок дзеля таго, каб цярпець за грэшнікаў. Усё сваё жыццё яна толькі церпіць. Мае яна стыгматы, гэта значыць, такія раны на руках, нагах і ў абодвух баках, якія меў Пан Езус пры ўкрыжаванні. Пакуль яна жыве, я мала каму казаў пра тое, але табе, як маёй сястры, давяраю гэта. Зразумела, што лекары яе не вылечаць ад гэтай хваробы, бо не разумеюць гэтага. Яна мае лекарскую апеку, але не мае Св. Камуніі. Яна нічога не ела, жыла толькі Эўхарыстыяй. Цяпер жа яе кормяць штучна, бо не ведаюць, што і без ежы яна можа жыць. Але кожны прыём стравы цяпер для яе не падмога, бо арганізм адразу ўсё вяртае. Мучаецца, бядачка, і шкада мне яе невядома як. Яна мне некалі ўсё прадказала: што і я, і яна, і іншыя будзем забраныя з дому. Будучы пры ёй, я бачыў шмат цудаў».

Прыслаў ксёндз Барвіцкі некалькі лістоў і самой Вандзе Банішэўскай. Адзін з іх трапіў у архіў Ганны Дубовік, і мне пашчасціла яго прачытаць. У тым лісце ўжо праглядвала рэальная надзея на блізкае магчымае вызваленне, бо не было ўжо на свеце бацькі-Сталіна, які так люта распараджаўся іхнімі лёсамі: «Дарагая мая сястрычка Ванда! Што здарылася, што не адказваеш на мае лісты? Я вельмі непакоюся за тваё здароўе. Ты павінна быць дома, я яшчэ павінен з табою ўбачыцца. І таму прашу: беражы сябе, каб прыехаць дахаты бадзёрай. Калі вернешся? Ведаеш, даўно ўжо не бачыў цябе ў сне. Але вось два дні падрад сніў цябе і раніцою радасна чакаў чагосьці добрага, бо як убачу цябе ў сне – гэта для мяне радасная прыкмета. І вось атрымаў ліст, што Дунілавіцкі дзекан 20.ХІІ па здароўі паехаў дахаты. Больш я нічога і не жадаў, толькі гэтага. І гэта сталася. Не ведаю, як дзякаваць Вастрабрамскай за тое, што Яна выслухала мяне... Я ўвесь час чакаю, калі ты вернешся. Глядзі, каб як найхутчэй, а то досыць ужо гэтых вакацый. Тваё здароўе няважнае, дома лепш вылечышся. У маіх вачах ты вырасла на Серафіма і застанешся ім да канца. Прашу, памятай пра мяне перад Найдаражэйшым. Думаю, магу у цябе прасіць гэтага, бо вельмі высока цябе цаню».

Яна атрымала чаканую свабоду 26 жніўня 1956 года і выехала ў Польшчу. Так рабілі тады многія, хто зведаў пераслед за веру. Бо калі ўлада зачыняла святыні, ператварала іх у калгасныя будынкі, хіба маглі яны спадзявацца на тое, што іхняя асабістая свабода пасля турмаў ды лагераў будзе сапраўднай, а не адшліфаванай савецкай прапагандысцкай паказухай?

ПАСЛЯ ВЫЕЗДУ

У Польшчы яна напачатку жыла ў Беластоку, потым – у многіх іншых дамах сваёй супольнасці, у тым ліку найдаўжэй – у Чэнстахове. Яе жыццё, як піша кс. Ян Прышмант, было «адной суцэльнай пасмай надзвычай суровых цярпенняў». Стыгматы і перажыванні Мукі Панскай у стане балючых экстазаў прыносілі велізарны боль, які яна проста не змагла б вытрываць без дапамогі звыш. Апрача таго, яна перанесла шмат жорсткіх хваробаў і аперацый.

Можна было толькі дзіву давацца, як гэтая кволая з выгляду жанчына пераносіла тыя выпрабаванні. Што дапамагала ёй у гэтым? Найперш, моцная вера. Ужо эміграваўшы ў Польшчу, з Беластока яна пісала Ганне Дубовік на Пастаўшчыну: «Найперш прашу цябе не перажываць, а цалкам аддацца Езусу. Ён не пакіне цябе, можа, будзеш для Яго найбольшай радасцю. Даверся! Даверся! Даверся! Памятаю, як падтрымлівала ты мяне, калі я была ў выгнанні. Заўсёды малюся за цябе і маю надзею, што напраўду яшчэ мацней мусім злучыцца з табою ў Адзіным Вялікім Агульным Езусавым Сэрцы». А ў наступным лісце было такое: «...Праўда, што зямля наша – гэта даліна слёз, і нічога няма дзіўнага, што мы праліваем слёзы. Нават і Пан Езус, калі быў на зямлі, плакаў і нам не забараніў плакаць. Цярпеў Ён, дык і мы мусім цярпець. Затое ўжо ў Небе цярпенняў не будзе, там ужо будзе вечная радасць. Толькі будзем імкнуцца займець тое Неба. Дык, калі ласка, не губляй надзеі, аддайся ў апеку Бога і Маці Божай. Яна – Пасрэдніца ласкаў. Яна заступаецца за нас перад сваім Сынам, за нас, сваіх дзяцей... Нашыя цярпенні – гэта пэўнага роду чысцец ужо ў гэтым жыцці дзеля таго, каб па смерці мы маглі вечна цешыцца Бясконцай Любоўю».

АХВЯРА ЗА ПЕРАПРАШЭННЕ

Сваімі балеснымі цярпеннямі сястра Ванда ўсё жыццё свядома складала ахвяру Пану Богу за святароў, за законы і за сваю супольнасць. Ксёндз Ян Прышмант піша пра гэта даслоўна так: «Асаблівай увагі заслугоўваюць выказванні Пана Езуса ў візіях містычкі пра святарскую годнасць і іхнюю вялікую ролю, пра тое, як палюбіў іх Хрыстус і пра Яго боль з прычыны іхняй нявернасці, холаднасці, а таксама пра надзвычайную Яго гатоўнасць прабачаць ім. Хрыстус даручыў сястры Вандзе паклапаціцца пра намаляванне абраза з выяваю святара, які на ўзор Хрыста прыбіты да крыжа – на фоне Яго постаці. У жыцці Ванды з наймалодшых гадоў адбываліся незвычайныя з’явы: яна часта бачыла Хрыста, Маці Божую, Неба і ягоных жыхароў, асабліва свайго Анёла Апекуна, памерлых, а таксама душы ў чысцы... Пасля з’яўлення на яе целе стыгматаў яна ў некаторыя перыяды абыходзілася без ежы. Часам яна ведала пра падзеі, якія адбываліся далёка ад яе, прадказвала таксама многія будучыя падзеі».

Мілена Кіндзюк у артыкуле «Новая польская стыгматка», які быў апублікаваны ў польскім часопісе «Ksiega swietych», №4 за 2003 г., піша пра аб’яўленне Пана Езуса сястры Вандзе: «Аб’явіўся ёй Пан Езус, які скардзіўся, што «не кожны святар хоча быць другім Хрыстом», і што частка святароў «адрываецца ад крыжа (...) Тады з крыжа сочыцца кроў для кампенсацыі». Хрыстус казаў таксама сястры Вандзе пра боль, які Ён перажывае з прычыны святарскай нявернасці, іхняй холаднасці. Пераконваў яе таксама ў нейкай надзвычайнай гатоўнасці выказаць ім сваю міласэрнасць і прабачыць правіны».

Ксёндз Часлаў Барвіцкі таксама пісаў у адным з лістоў Ганне Дубовік пра тое, што сястра Ванда аднойчы, калі малілася ў лучайскім касцёле, мела аб’яўленне з Неба пра тое, што яго, кс. Часлава, чакае вязніца, але што ён вернецца з яе жывым. Магчыма, менавіта гэтае прадказанне стрымала яго ад уцёкаў пасля таго, як добрыя людзі папярэдзілі пра хуткі арышт.


Ксёндз Часлаў Барвіцкі каля першапачаткова напісанага ім абраза.


Канчатковы варыянт абраза, напісанага кс. Чаславам Барвіцкім паводле слоў сястры Ванды.

У тыя далёкія ўжо цяпер гады сталіншчыны кс. Барвіцкі не мог прадбачыць, што менавіта яму давядзецца выконваць наказ Езуса Хрыста, дадзены сястры Вандзе Банішэўскай пра намаляванне абраза. У часе адной візіі Хрыстус даручыў сястры намаляваць абраз, на якім святар быў бы прыбіты да крыжа разам з Хрыстом. «Мусіш намаляваць», – чула яна голас Пана Езуса. «Не змагу», — адказвала. «Мусіш, яшчэ тут, на зямлі». Абраз яна апісвала такім чынам: «Крывавы крыж. На крыжы – ледзьве заўважны ўкрыжаваны Збаўца. І святар. За крыжам – бліскучыя, белыя воблакі. Бясконцасць. З-пад аблокаў праменіцца дзівоснае святло, яно падае на святароў». Ксёндз Часлаў Барвіцкі, відаць, рабіў некалькі варыянтаў гэтага абраза. Захаваўся фотаздымак, на якім ён сфатаграфаваўся разам з напісаным абразом, але ў Генеральным Доме Сясцёр ад Анёлаў у Канстанціне (Польшча) захоўваецца іншы варыянт абраза, напісаны таксама ксяндзом Барвіцкім.

ПА ВЕЧНУЮ ЎЗНАГАРОДУ

Сястра Ванда Банішэўская памерла 2 сакавіка гэтага года ва ўзросце 96 гадоў.

У жалобным набажэнстве, якое адбылося ў капліцы сясцёр у Хыліцах, удзельнічалі законніцы, святары, а таксама сваякі памерлай і шмат вернікаў. Пахавальнымі ўрачыстасцямі кіраваў ксёндз біскуп Мар’ян Дусь. Быў таксама зачытаны ліст ксяндза кардынала Генрыка Гульбіновіча, у якім ён пісаў: «Сястры Вандзе я ўдзячны за многае. Яна падрыхтоўвала мяне да першай Святой Камуніі, навучыла служыць на Святой Імшы, сябравала з маімі бацькамі. Узлюбленая Богам, па-асабліваму адораная надзвычайнымі дарамі, яна адышла па вечную ўзнагароду ў небе».

...Кажуць, яна часта любіла называць сябе лясной канваліяй.

Яна верыла, што ў небе будзе мець больш магчымасцяў дапамагаць людзям і выпрошваць для іх у Пана Бога патрэбныя ласкі, зрэдку скідваючы на зямлю пялёсткі канвалій. Магчыма, дарагі чытач, калі-небудзь маленькі белы пялёстак Божай ласкі, атрыманы праз заступніцтва гэтай вялікай цярплівіцы і ахвярніцы, спадзе і на твой жыццёвы шлях. Тым больш што Ванда Банішэўская нарадзілася, як і мы з табою, на нашай шматпакутнай зямлі і сама цудоўна зведала за жыццё, што такое боль, цярпенне, горыч несправядлівасці. Усё гэта яна перамагала трывалаю малітваю. Будзем жа вучыцца ў яе высокаму ўменню заўсёды заставацца вернымі Богу і свайму пакліканню.

Ірына Жарнасек


  1. Так сястра Ванда называла пробашча лучайскага касцёла, што на Пастаўшчыне, кс. Часлава Барвіцкага, які ў той час таксама быў сасланы ў сталінскі лагер.
  2. Маюцца на ўвазе сёстры анелянкі, што таксама былі на той час у лагеры.
  3. Памяць (лац.)


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY