Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(25)/2003
Галерэя
Юбілеі

РЫМСКІ ТРЫПЦІХ
Мастацтва

АРХАНЁЛЫ НАД БЕЛАРУССЮ
На шляху веры
Постаці

ЯЗЭП ГАЙЛЕВІЧ
Haereditas
Юбілеі

ПАКУЛЬ ШТО АДЗІНАЯ
Кантэкст
Memoria

ЖЭНЯ, ЖЭНЕЧКА, ДЗЕ ТЫ?!

ВЕРШЫ
Мастацтва

У ГОНАР МІНДОЎГА
Пераклады

ІВАН БУНІН
Постаці

ЛЯСНАЯ КАНВАЛІЯ
Архіўная старонка
Нашы святыні

ФАРНЫЯ МОГІЛКІ Ў ГРОДНЕ, 1792–1939
На кніжнай паліцы
Бібліятэка часопіса «Наша вера»

ШЛЯХ МІЖ ДЗВЮМА БРАМАМІ

Папа Ян Павел ІІ

РЫМСКІ ТРЫПЦІХ


МЕДЫТАЦЫІ

I
СТРУМЕНЬ


Ruah
         Дух Божы лунаў над вадою...

1. ЗДЗІЎЛЕННЕ
Затока лесу спускаецца
ў рытме горных патокаў,
І Ты ў гэтым рытме,
Спрадвечнае Слова.
Дзіўная тая Твая маўклівасць
ва ўсім, у чым адусюль прамаўляе
створаны свет...
які разам з затокай лесу
спускаецца кожным схілам...
тое ўсё, што нясе з сабою
срабрысты каскад патоку,
гук за гукам спадае з гары,
гнаны ўласнай напругай і моцай...
— Куды толькі ён нясецца?

Што ты кажаш мне, горны струмень?
У якім месцы мяне сустракаеш?
мяне, які прамінае —
гэтаксама, як ты...
Але — ці гэтаксама, як ты?

(Дазволь затрымацца мне тут —
дазволь затрымацца мне тут, на парозе,
гэта адно з самых простых жаданняў.)
Паток не здзіўляецца, калі падае ўніз,
і лясы маўкліва спускаюцца ў рытме патоку
— але здзіўлены чалавек!
Парог, праз які свет пераступае ў ім,
гэта парог здзіўлення.
(Некалі менавіта гэтаму здзіўленню дадзена імя
         «Адам».)

Быў ён самотны ў тым сваім здзіўленні
сярод істотаў, якія не здзіўляліся
— даволі было ім існаваць і мінаць.
Чалавек прамінаў разам з імі
на хвалях здзіўлення.
Здзіўляючыся, вырываўся заўсёды
з той хвалі, якая яго зносіла,
як бы ўсяму навакол гаварыла:
«затрымайся — тут твая прыстань»,
«ува мне — месца сустрэчы тваёй
з Прадвечным Словам» —
«затрымайся, бо ў гэтым мінанні ёсць сэнс»,
«ёсць сэнс... ёсць сэнс... ёсць сэнс!»


2. КРЫНІЦА
Затока лесу спускаецца
ў рытме горных патокаў...
Калі хочаш знайсці крыніцу,
мусіш ісці пад гару супраць плыні.
Прадзірайся, шукай, не саступай,
ведаеш, яна павінна тут недзе быць —
Дзе ты, крыніца?.. Дзе ты, крыніца?!

Ціша...
Струмень, лясны струмень,
адкрый мне таямніцу
свайго пачатку!

(Ціша — чаму ты маўчыш?
Як жа старанна схавала ты таямніцу
         свайго пачатку.)

Дазволь арасіць перасохлыя вусны
крынічнай вадою
і адчуць свежасць,
жывую свежасць.

II
МЕДЫТАЦЫI
НАД «КНIГАЙ БЫЦЦЯ»
НА ПАРОЗЕ
СIКСТЫНСКАЙ КАПЛIЦЫ

1. ПЕРШЫ, ХТО БАЧЫЎ
«У ім жывем, рухаемся і існуем» —
         гаворыць Павел на афінскім Арэапагу —
Хто Ён?
Ён, як прастора, якая ўсё абдымае —
Ён Стварыцель:
         Ён абдымае, кліча да існавання з нічога
                  не толькі напачатку, але бясконца.
         Усё ўзнікае і трывае заўсёды —
         «Напачатку было Слова і ўсё выйшла
                  са Слова».
Таямніца пачатку нараджаецца
         разам са Словам, узнікае са Слова.
Слова — адвечны вобраз і адвечнае вымаўленне.
Той, Хто ствараў, Той бачыў — бачыў,
         «што было добра»,
але бачыў іначай, чым мы бачым,
Ён — першы, Хто бачыў —
Бачыў, знаходзіў ва ўсім след свае Істоты,
         свае паўнаты —
Бачыў: Omnia nuda et aperta sunt ante oculis Eius1
Голае і празрыстае —
Сапраўднае, добрае і прыгожае —
Але бачыў зусім іначай, чым мы.
Адвечны вобраз і адвечнае вымаўленне:
«Напачатку было Слова, і ўсё праз Яго сталася»,
усё, у чым жывем рухаемся і існуем —
Слова, цудоўнае Слова — Слова спрадвечнае,
         як нябачны парог
усяго, што ўзнікла, існуе, існаваць будзе.
Як быццам Слова і ёсць той парог.

Парог Слова, у якім было ўсё невідочным,
адвечным і Боскім — за тым парогам
         пачынаецца гісторыя!

Стаю перад уваходам да Сікстыны —
Магчыма, гэта лягчэй было выказаць моваю
         «Кнігі Быцця» —
Але Кніга чакала адлюстравання —
         і справядліва. Чакала свайго Мікеланджэла.
Бо Той, Хто ствараў, «бачыў» — бачыў,
         што «было добра».
«Бачыў», значыць, Кніга чакала плёну
         «адлюстравання».
О, ты, чалавек, які таксама бачыш, прыйдзі —
Клічу ўсіх «празорцаў» усіх часоў.
Клічу цябе, Мікеланджэла!

Ёсць у Ватыкане капліца, якая чакае плёну
         твайго ўяўлення!
Уяўленне чакала вобразу.
З таго часу, калі Слова сталася целам,
         уяўленне чакае заўсёды.

Стаім на парозе Кнігі.

Гэта Кніга Быцця — Genesis.
Тут, у гэтай капліцы, стварыў яе Мікеланджэла
не словам, але багаццем
узвышаных колераў.

Уваходзім, каб спасцігаць,
ад здзіўлення ідучы да здзіўлення.

Так іменна тут — глядзім і распазнаем
пачатак, які ўзнік з небыцця,
паслухмяны стваральнаму Слову;
Тут Яно прамаўляе са сценаў.
І хіба яшчэ мацней прамаўляе крэс.
Так, яшчэ мацней прамаўляе Суд.
Суд, апошні Суд.
Гэта дарога, якою ўсе мы праходзім —
кожны з нас.


2. ВОБРАЗ І ПАДАБЕНСТВА
«Стварыў Бог чалавека на свае вобраз
         і падабенства,
мужчынам і жанчынаю стварыў іх —
і бачыў Бог, што было гэта вельмі добра,
абое ж былі голыя і не адчувалі сораму».
Ці так магло быць?
Сучаснікаў пра гэта не пытай, спытай
         Мікеланджэла,
(а можа і сучаснікаў?!)
Спытай у Сікстыны.
Як шмат сказана на гэтых сценах!

Пачатак нябачны. Усё тут на гэта ўказвае.
У гэтым буйстве, вызваленым геніем чалавека.
І крэс невідочны таксама.
Хоць адкрываецца твайму позірку, вандроўнік,
візія апошняга Суда.
Як зрабіць відавочным, як пранікнуць
         за межы дабра і зла?

Пачатак і крэс незаўважна пранікаюць да нас
         з гэтых сценаў!

Ён

«У Ім жывем, рухаемся і існуем».
Ці Ён — гэта толькі прастора тых, хто жыве?

Ён — Створца.
Абдымае ўсё, ствараючы і трымаючы
         ў існаванні —
тым дае падабенства.
Калі апостал Павел прамаўляе на Арэапагу,
укладаецца ў яго словы ўся традыцыя Запавету.
Кожны дзень завяршаўся там словамі:
«І бачыў Бог, што было гэта добра».

Бачыў, знаходзіў след свае Істоты —
Знаходзіў сябе, як у люстры, ва ўсім, што бачыў.
Спрадвечнае Слова ёсць як быццам парогам,
за якім жывем, рухаемся і існуем.


Чалавек (Я)
Чаму менавіта пра той адзіны дзень сказана:
«Бачыў Бог, што ўсё, што зрабіў, было добра»?
Ці гэтаму не пярэчыць гісторыя?
Хоць бы век наш дваццаты! І не толькі дваццаты!
Аднак аніводзін век не можа засланіць праўды
пра вобраз і падабенства.


Мікеланджэла
Калісьці з гэтаю праўдаю зачыніўся ў Ватыкане,
каб выйсці адтуль, пакідаючы
         Сікстынскую капліцу.
Бо «Стварыў Бог чалавека на свой вобраз,
на вобраз Божы яго стварыў,
мужчынам і жанчынаю стварыў іх.
Абое былі голыя,
не саромеліся адно аднаго»!
І бачыў Створца, што было вельмі добра.
Бо ці не Ён бачыць усё ва ўсёй праўдзе?
Omnia nuda et aperta ante oculis Eius —


Яны
Яны таксама на парозе гісторыі
бачаць сябе ва ўсёй праўдзе:
былі абое голыя...
Яны таксама сталі ўдзельнікамі гэтай візіі,
якую перанёс на іх Творца.
Ці не хочуць застацца такімі?
Ці не хочуць вярнуць гэту візію?
Ці не хочуць быць праўдзівымі і празрыстымі
         адно для аднаго,
такімі, як створаныя для Яго?
Калі так, то спяваюць гімн удзячнасці,
нейкі Magnifikat людской глыбіні,
і тады так глыбока адчуваюць,
што менавіта «ў Ім жывем, рухаемся і існуем» —
         Менавіта ў Ім!
Гэта Ён дазваляе ім удзельнічаць у гэтым харастве,
         якім іх напоўніў!
Гэта Ён адкрывае ім вочы.
Калісьці Мікеланджэла, выходзячы з Ватыкана,
пакінуў паліхромны роспіс, ключ якога —
         «вобраз і падабенства».
У гэтым ключы нябачнае выяўляецца ў бачным.
Прасакрамант.


3. ПРАСАКРАМАНТ
Хто Ён? Невымоўны. Самаіснае Існаванне.
         Адзіны. Творца ўсяго.
Адначасова Камунія Асобаў.
У гэтай Камуніі — узаемнае абдараванне паўнатою
         праўды, дабра і хараства.
Перадусім аднак — невымоўны.
Але ж сказаў нам пра сябе.
Таксама сказаў, ствараючы чалавека на свае
         вобраз і падабенства.
У сікстынскай паліхроміі Стварыцель
         мае чалавечае аблічча.
Ён — Усемагутны Старац — Чалавек,
         падобны да створанага Адама.
А яны?
«Мужчынам і жанчынаю стварыў іх».
Гэта ім ад Бога быў дадзены дар.
Узялі ў сябе — па людскіх мерках — той дар узаемны,
які ёсць у Ім.
Абое голыя...
Не адчувалі сораму, пакуль быў дар —
Сорам прыйдзе разам з грахом,
а цяпер трывае ўздым. Жывуць,
         усведамляючы дар,
хоць можа нават не ўмеюць таго ацаніць.
Але гэтым жывуць. Яны — чыстыя.
Casta placent superis, pura cum veste venite,
et manibus puris sumite fontis aguam2

гэтыя словы чытаў я штодзённа праз восем гадоў,
уваходзячы ў браму Вадавіцкай гімназіі.

Прасакрамант — само быццё бачным знакам
         адвечнай Любові.
А калі стануць «адным целам» —
цудоўнае паяднанне —
за яго небасхілам адкрыюцца
бацькоўства і мацярынства.
— Тады сягаюць да вытокаў жыцця, якое ў іх.
— Сягаюць да пачатку.
— Адам спазнаў сваю жонку,
а яна зачала і нарадзіла.
Яны ведаюць, што пераступілі парог
         найбольшай адказнасці!

Спаўненне — Apokalipsis
Канец гэтаксама нябачны, як і пачатак.
Сусвет узнік са Слова і да Слова вяртаецца.
Пасяродку Сікстыны майстар выявіў
         нябачны той крэс
у відочнай драме Суда —
І той нябачны канец стаў як вяршыня
         празрыстасці:
omnia nuda et aperta ante oculis Eius!
Словы, запісаныя ў Мацвея, тут замененыя
         ў мастакоўскую візію:
«Пайдзіце, благаславёныя... Ідзіце, праклятыя...»
І так праходзяць пакаленні —
Голыя прыходзяць на свет і голыя ідуць у зямлю,
         з якой былі ўзятыя.
«З праху паўстаў ты і прахам станеш».
Тое, што мела форму, абясформленае.
Што было жывым — цяпер мёртвае.
Што было прыгожым — цяпер
         брыдота спусташэння.
Але ж не ўвесь я паміраю,
Тое, што ўва мне незнішчальнае, жыве!


4. СУД
У Сікстынскай капліцы змясціў майстар Суд.
У яе сярэдзіне Суд над усім дамінуе.
Вось дзе нябачны канец стаў бачным выразна.
Канец і разам з тым вяршыня празрыстасці —
Такі шлях усіх пакаленняў.

Non omnus moriar3
Тое, што ўва мне, незнішчальнае,
цяпер становіцца вочы ў вочы з Тым, які Ёсць!
Так засялілася цэнтральная сцяна
         сікстынскай паліхроміі.

Памятаеш, Адаме? Спачатку Ён цябе пытаў
         «дзе ты?»
А ты адказаў: «Схаваўся ад Цябе, бо я голы».
«А хто сказаў табе, што ты голы?»...
«Жанчына, якую Ты даў мне», падала плод...

Усе тыя, хто засяляе цэнтральную сцяну
         сікстынскай паліхроміі,
нясуць на сабе спадчыну таго твайго адказу!
Таго пытання і таго адказу!
Такі канец вашай дарогі.


ПАСЛЯСЛОЎЕ
І менавіта тут, каля падножжа той цудоўнай
         сікстынскай паліхроміі
збіраюцца кардыналы —
супольнасць, адказная за спадчыну
         ключоў Валадарства.
Прыходзяць менавіта сюды.
І Мікеланджэла зноў атуляе іх сваім бачаннем.
«У Ім жывем, рухаемся і існуем»...

Хто Ён?
Вось стваральная далонь Усемагутнага Старца,
         скіраваная ў бок Адама...
Напачатку Бог стварыў...
Ён, Той, Хто ўсё бачыць...

Сікстынская паліхромія прамовіць тады
         Словам Пана:
Tu est Petrus4
пачуў Сымон, сын Ёны.
«Табе дам ключы Валадарства».
Людзі, якім клопат пра спадчыну ключоў
         давераны,
збіраюцца тут, дазваляюць сябе атуліць
         сікстынскай паліхроміяй,
тым відовішчам, якое пакінуў Мікеланджэла —
Так было ў жніўні, а пасля ў кастрычніку
         памятнага года двух канклаваў,
і так будзе зноў, калі ўзнікне патрэба,
пасля маёй смерці.
Трэба, каб прамаўляла да іх візія Мікеланджэла.
«Соп-clave»5: супольны клопат
         пра спадчыну ключоў,
         ключоў ад Валадарства.
Вось бачаць сябе паміж пачаткам і канцом,
паміж Днём Стварэння і Днём Суду...
Дадзена чалавеку раз памерці, а пасля Суд!
Канчатковая празрыстасць і святло.
Празрыстасць гісторыі —
Празрыстасць сумленняў —
Патрэба, каб у часе канклаву Мікеланджэла
         ўсвядоміў людзям —
Не забывайце: Omnia nuda et aperta sunt
         ante oculis Eius
.
Ты, які ўсё пранікаеш — укажы!
Ён укажа...

III
УЗГОР’Е У КРАIНЕ MORIA

1. УР У ЗЯМЛІ ХАЛДЭЙСКАЙ
Быў такі час, калі людзі
няспынна вандравалі.
Акружаныя статкамі, ішлі туды,
         куды ўраджай іх клікаў:
там, дзе зямля, як плодная маці,
была здольная пракарміць жывёлу,
там і чалавек ставіў шатры
і пачынаў жыць.

Чаму мы сёння шукаем
тое месца ў зямлі халдэйскай,
адкуль выйшаў Абрам, сын Тэраха,
з грамадою качэўнікаў, такіх жа, як ён?
Можа думаў: навошта адсюль сыходзіць?
Навошта пакідаць Ур у зямлі халдэйскай?
Ці так ён думаў? Ці адчуваў смутак расстання?
Ці азіраўся назад?
Таго не ведаем. Толькі ведаем, што чуў Голас,
які казаў яму: Выйдзі!
Абрам вырашыў ісці за Голасам.

А Голас казаў: Будзеш бацькам многіх народаў,
патомства твайго будзе так шмат, як пяску
         на беразе мора.
Але як споўніцца гэтае абяцанне? —
         думаў Абрам,
калі прырода не дала мне дару бацькоўства?
Жонка, якую ўпадабаў у маладосці,
не дала мне сына. Абое церпім з таго.
Аднак Голас казаў: Будзеш бацькам.
         Будзеш бацькам многіх народаў.
Патомства твайго будзе так шмат, як пяску
         на беразе мора.


2. TRES VIDIT ET UNUM ADORAVIT6
Хто мог так заклікаць будучыню,
далёкую і блізкую?

Хто Ён, Той Без-Іменны,
які захацеў аб'явіцца ў голасе?
Які так гаварыў да Абрама,
як гаворыць Чалавек да чалавека?

Быў Іншы. Непадобны да ўсяго,
што мог падумаць пра Яго чалавек.
Гаварыў — значыць чакаў адказу...
Неяк прыйшоў да Абрама ў госці.
Трох прышэльцаў было, якіх прымаў
з вялікай пашанай.
Бо Абрам ведаў, што гэта Ён.
Ён адзін.
Бо пазнаў Голас. Пазнаў абяцанне.
Годам пазней цешыліся з Сарай
народзінамі сына,
хоць былі ўжо старыя.

Сын — гэта бацькоўства і мацярынства.
Будзеш бацькам, Абраме, будзеш бацькам
         многіх народаў.
Адсюль імя тваё ўжо будзе «Абрагам».
У гэтым імені буду Табе благаславіць.
У гэтым імені размножу тваё патомства
аж да краёў зямлі.
А імя гэтае будзе значыць: «Той, хто паверыў
         насуперак надзеі».

Навокал людзі і народы самі сабе стваралі багоў
(як Егіпет, так Элада і Рым).
Ён, Абрагам, паверыў Таму, Хто Ёсць,
з Кім гаварыў, калі ішоў за Голасам,
перад Кім адчыняў дзверы свайго шатра,
у госці Яго запрашаў,
з Ім размаўляў.

Сёння мы да гэтых мясцінаў вяртаемся,
бо сюды прыйшоў калісьці Бог да Абрагама.
Да Абрагама, які паверыў, прыйшоў Бог.

Калі народы і людзі самі сабе стваралі багоў,
прыйшоў Той, які Ёсць.
Увайшоў у гісторыю чалавека
і адкрыў яму закрытую Таямніцу
ад заснавання свету.


3. РАЗМОВА БАЦЬКІ З СЫНАМ У КРАІНЕ MORIA
Так ішлі і размаўлялі ўжо трэці дзень:
Вось узгор'е, на якім я павінен скласці Богу
         ахвяру —
гаварыў бацька. Сын маўчаў, не смеў пытаць:
Дзе тая ахвяра? Маем агонь і дровы,
         і нож ахвярны,
але дзе ахвяра?
Бог сам сабе гэту ахвяру ўгледзіць —
так сказаў, не смеў уголас
вымавіць гэтых слоў: ахвярай, мой сыне,
         будзеш ты —
таму маўчаў.

Тым маўчаннем зноў западаў у глухамань глухую.
Чуў Голас, які яго вёў.
Цяпер Голас змоўк.
Сам застаўся са сваім імем
Абрагам: Той, хто паверыў насуперак надзеі.
Праз хвіліну збудуе ахвярны стос,
распаліць агонь, звяжа рукі Ісаку —
і тады што? Запалае стос...
Убачыць сябе бацькам ужо мёртвага сына,
якога Голас яму даў, а цяпер забірае?

О, Абрагаме, ты, што ўзыходзіш
         на гэта узгор'е ў краіне Moria,
ёсць такая мяжа бацькоўства, такі парог, якога ты
         не пераступіш.
Іншы Айцец прыме тут ахвяру свайго Сына.
Не бойся, Абрагаме, ідзі далей
і рабі, што павінен рабіць.
Ты будзеш бацькам многіх народаў,
то рабі, што павінен рабіць да канца.

Ён сам стрымае тваю руку,
калі будзе ўзнятая на ахвярны ўдар...
Ён сам не дапусціць, каб рука твая здзейсніла
тое, што ўжо здзейснілася ў сэрцы.
Так — завісне ў паветры твая рука.
Ён яе сам спыніць.
І з гэтага часу узгор'е ў краіне Moria
         станецца чаканнем —
на ім павінна споўніцца таямніца.


4. БОГ ЗАПАВЕТУ
О, Абрагаме — Той, які ўвайшоў
         у гісторыю чалавека,
Прагне толькі праз сябе адкрыць гэтую таямніцу,
         закрытую ад заснавання свету,
таямніцу, даўнейшую за свет!

Калі сёння вандруем у тыя мясціны,
з якіх калісьці выйшаў Абрагам,
дзе пачуў Голас, дзе споўнілася абяцанне,
то дзеля таго,
каб стаць на парозе —
каб дайсці да пачатку Запавету.
Бо аб'явіў Бог Абрагаму,
чым ёсць для айца ахвяра ўласнага сына —
         смерць ахвярная.
О, Абрагаме, гэтак Бог умілаваў свет,
што Сына свайго аддаў, каб кожны,
         хто ў Яго паверыў,
меў жыццё вечнае.

— Затрымайся —
Я нашу ў сабе тваё імя,
гэта імя — знак Запавету,
які заключыла з табою Слова Спрадвечнае
яшчэ да стварэння свету.
Запомні гэтае месца, калі адсюль адыдзеш,
яно будзе чакаць свайго дня —

Пераклад з польскай мовы
Дануты Бічэль


  1. Усё адкрытае і аголенае перад Яго вачыма (лац.).
  2. Тое, што чыстае, падабаецца жыхарам неба; прыходзьце чыста апранутыя і чыстымі рукамі чэрпайце крынічную ваду (лац.)
  3. Не ўвесь я памру (лац.)
  4. Ты — Пётр (лац.)
  5. З ключом; сход кардыналаў для выбараў Папы (лац.)
  6. Трох убачыў, але аднаго ўшанаваў (лац.)

Увага!
Выдавецтвам
"Pro Christo" выдадзена кніга
К. Вайтыла \ Ян Павел ІІ "ПАЭЗІЯ. ВЫБРАНАЕ \ РЫМСКІ ТРЫПЦІХ".


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY