Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(25)/2003
Галерэя
Юбілеі

РЫМСКІ ТРЫПЦІХ
Мастацтва

АРХАНЁЛЫ НАД БЕЛАРУССЮ
На шляху веры
Постаці

ЯЗЭП ГАЙЛЕВІЧ
Haereditas
Юбілеі

ПАКУЛЬ ШТО АДЗІНАЯ
Кантэкст
Memoria

ЖЭНЯ, ЖЭНЕЧКА, ДЗЕ ТЫ?!

ВЕРШЫ
Мастацтва

У ГОНАР МІНДОЎГА
Пераклады

ІВАН БУНІН
Постаці

ЛЯСНАЯ КАНВАЛІЯ
Архіўная старонка
Нашы святыні

ФАРНЫЯ МОГІЛКІ Ў ГРОДНЕ, 1792–1939
На кніжнай паліцы
Бібліятэка часопіса «Наша вера»

ШЛЯХ МІЖ ДЗВЮМА БРАМАМІ

Алена ВАСІЛЕВІЧ

ЖЭНЯ, ЖЭНЕЧКА, ДЗЕ ТЫ?!

Калі б я была мастаком, я адмовілася б надаваць партрэту Жэні Янішчыц падкрэслена ўяўную значнасць асобы. Адмовілася б і ад традыцыйных атрыбутаў, якімі здаўна — не толькі вялікіх — вянчаюць абраннікаў паэтычнага Алімпа. Муза з Лірай у вешчых пярстах. За спіной крылы, што ўзносяць у паднебныя вышыні натхнення...

Я намалявала б зусім іншы Жэнін партрэт.
Не воблачка, а проста аблачынка
Загадкава плыве над галавой.
Смяюся я: вясёлая дзяўчынка,
Як матылёк, ляціць над кладкай той...
Як добра ёй журыцца беспрычынна!
Да твару ёй і лета і зіма...
Ўсміхнуся я: яшчэ бяжыць дзяўчынка
Па кладцы той, якой даўно няма.

...Бяжыць, а насустрач ёй раскрывае абдымкі бясконцы, акрылены свет хараства, дабрыні, людскога даверу і спагады. І свет гэты ў грудзях дзяўчынкі смяецца, спявае, журыцца. І кладзецца, складаецца ў радкі вершаў. Яшчэ толькі смутна адчутых, толькі-толькі здзіўлена вымаўленых услых... Ім таксама хочацца жыцця і свету!

...І першай пачуе іх, вядома ж, маці. Маці спачатку падзівіцца са свае разумнае дачушкі. Пацешыцца, якая яна ў яе здольная... Ды, не маючы вельмі часу слухаць, што там яшчэ прыйшло ў бесклапотную галаву, яшчэ і насварыцца:

— От, як абы-што выдумляць, лепей памажы мне на агародзе. Работы вунь — мора!

...Быў, вядома ж, поспех і гонар у школе. На розных раённых алімпіядах. Такіх вершаў не пісаў ніхто не толькі з вучняў, але не чутно было, каб і самі настаўнікі...

Пасля самых першых публікацый у «ЛіМе» і ў рэспубліканскіх часопісах сталічныя крытыкі таксама ў адзін голас абвясцілі нараджэнне маладога адметнага паэтычнага таленту... Так па-юначы акрылена і радасна ступіла ў беларускую літаратуру Жэня Янішчыц. Лёс не пашкадаваў ёй ні вядомасці, ні гучнай славы, ні стрэч і дарог, пра якія можна было толькі марыць. І зайздросціць. Асабліва сябрам і добрым таварышкам-сяброўкам... Не размінулася, не абышла бокам яе і доля: паслала-падаравала ёй бяздоннае каханне. Праўда, гэтак жа, як шчодра сыпала з поўнага прыполу, гэтак, па-жаночы зайздросцячы, і адбірала, расчароўвала, развейвала яго па вей-ветру. Як нажом, да крыві, рэзала. Разбівала на адчайнай хвалі лодачку...
Што за вогненнае шчасце:
Скошан лёс, як сенакос.
Да цябе мне не прыпасці —
Прыпадаю да нябёс.

...Вершы Жэні Янішчыц, як і сама яна, былі мне вельмі блізкія. І зразумелыя. Яна была з тых маіх паэтаў, чые кнігі заўсёды ляжаць на маёй «угалоўнай» тумбачцы — для зручнасці, для позняга вячэрняга чытання. Іх перачытваю я па некалькі разоў. Потым адкладваю, адыходжу ад іх, адвыкаю... Даю ім таксама адпачыць ад сябе... А потым — па часе — вяртаюся да іх зноў, з такім адчуваннем, нібыта мне зноў прызначана спатканне, якога я даўно чакаю.

У такія познія вечары — у тыя гады я жыла на Паркавай магістралі, жыла адна, а Жэня з сынам жыла на Ульянаўскай, 4 — у нас былі даволі частыя, доўгія тэлефонныя стрэчы.

— Добры вечар! Прабачце... Ці не позна — у поўнач стукаюся ў Вашу хату?..

— Добры вечар, Жнечка! Якраз самы найлепшы час — для летуценнікаў і тых, хто позна не спіць.

(Божа, як усё мяняецца — і час, і жыццё! Як мала іх засталося — у маім жыцці — і званкоў прыветных, уцешных... Адыходзяць, як і не было іх ніколі, і «паўночы» тыя, сагрэтыя колішняй чулай увагай і патрэбай сказаць і пачуць у адказ жаданыя патрэбныя словы... Як змянілася я сама!..)

...Часам у Жэні была неабходнасць прачытаць новыя свае вершы. Якія яшчэ толькі прараслі ў яе душы і на паперы яшчэ пакуль не заўсёды знаходзілі сваё адзіна неабходнае месца... Паэтам абавязкова патрэбны слухачы! Я была ўдзячнай слухачкай.

Часам я і сама ўспамінала нешта, адпаведнае нашаму агульнаму настрою. Таксама нечыя радкі з вершаў.

Агульны настрой быў невыпадковы. Жанчына жыве адна. Жанчына гадуе дзіця. (Пагадавала ўжо дзяцей...) Жанчыне адной цяжка. А калі жанчына яшчэ і зусім маладая... Ёй цяжэй непараўнальна! І адзінае выратаванне ў яе (калі распятая яна лёсам на крыжы паэзіі) — вершы! Яны рэжуць душу па-жывому. Але яны ж і нясуць ёй лекі.
О ты, хто падарыў
Мне толькі гром і вецер,
Ты самы лепшы быў
З усіх, хто ёсць на свеце...
........................................
Ты шэптам шчыраваў
Па-над маёй маркотай...
Пайшоў. Адмаяваў.
Адлетаваў. Адлётаў.

Няхай бяда прыб’е
Скразной слязой вяковай —
Мая душа табе
Была невыпадковай.

...І гэтай душы («Сказаў: «Жыві адна»...) трэба было штодня спальваць сябе на папялішчы нязгаслага кахання, трэба было плакаць і спяваць вершамі. І вершамі жыць!

І гадаваць адной сына.

...Перагортваю Жэніны кнігі. Па многу разоў вяртаюся і перачытваю радкі, якія помню і люблю. Нешта, пэўна, блізкае і сугучнае знаходзіла, адчувала і яе душа на маіх уласных старонках.

«Мілая Алена Сямёнаўна, дай Бог здароўя, бо жаль наш несканчоны. Дзякуй лёсу, што ёсць Вы і Ваша глыбокае сэрца. Ваша творчасць!!!

Ваша Жэня Янішчыц».

Надпіс на кнізе лірыкі «Пара любові і жалю». На франтыспісе кнігі ў авале — мілы яе партрэт. Не прыгажуня. Хутчэй — загадка. Нечым няўлоўным вельмі падобная на Цётку. Ведаю, — вельмі блізкую яе ўласнаму духоўнаму свету.

Жывучы ў гады замужжа ў Празе — адтуль, напэўна, займела яна непадкрэслены, нязмушаны шарм — еўрапейскі — ва ўменні апранацца і выглядаць заўсёды элегантна. Адтуль некалі — у свой яшчэ не самы безнадзейны юбілей — атрымала я, нечакана зусім, у Ялту і адметную паштовачку-візітку з нешматслоўным, сардэчным вітаннем. За подпісам: «Жэня — Сяргей...»

...У кастрычніку восемдзесят пятага года я лячылася ў «Прыдняпроўскім» (пад Рагачовам) санаторыі, і да мяне дайшла чутка, што ў Жэні вельмі цяжка захварэў сынок. (Ці я не ведала, колькі важыць матчына пакута над хворым дзіцем?..) Ведаючы, што шчырае слова спагады і падтрымкі, калі і не паможа, то хоць гаюча павее на збалелае сэрца, я тут жа напісала Жэні ліст. А неўзабаве атрымала і ад яе адказ.

«Мілая Алена Сямёнаўна, добрага Вам здароўечка! Дзякуй Вашаму адзыўліваму шматпакутнаму сэрцу, дзякуй за ўсе харошыя пажаданні!

Сапраўды было жахлівае становішча: тры «хуткія дапамогі» за ноч... Яны нічым не дапамаглі, а потым яшчэ цэлыя суткі ў дзіцячай клінічнай бальніцы на Курасоўшчыне ставілі ўсё капельніцы і знімалі таксікоз, аж пакуль разліўся гной, і такім чынам быў устаноўлены дыягназ пры тэмпературы 40,50!.. Божа, Божачка, думала, што не вытрываю! Адны толькі сцены і ведаюць маё галашэнне, мае малітвы. Цяпер Андрэйку перавялі з рэанімацыйнага ў гнойнае аддзяленне (так напісана на кошыку для перадач). Тэмпература спала, але ў жывоціку яшчэ дрэнажная трубка. Мяне ж туды не пускаюць, але ўжо абдумала, як мне туды прарвацца. Званю кожны дзень урачу і два разы на дзень нашу сыночку яду — усё працёртае, лёгкае. І пішу яму аптымістычныя запіскі, праз боль у сэрцы. Становішча, як цяпер сказалі, сярэдняй цяжкасці. А таму і не ведаю, калі наступіць нейкае адхланне. Баюся, каб хаця спаек не было. Малюся малітвамі-радкамі за яго здароўе. Павінна ж вымаліць, калі ёсць хто сардэчны на небе... Праўда, ён п’е ўжо морсік, булён, можна кефір.

Шчырую, як умею! І стомы мне няма пакуль што, хоць сутак колькі і не ела і не спала. Можа, потым хіба адчуецца. Але гэта не так страшна, абы Андрэйка хутчэй акрыяў. Цяпер у мяне толькі адно — падняць малога саколіка, выстаяць, выжыць! Дасць Бог, і неўзабаве пасвеціць сонейка і ў нашу хату. Ці ж я настолькі правінілася перад Богам?

Мілая Алена Сямёнаўна! Яшчэ раз дзякую Вам за Вашу дабрыню. Няхай будуць здаровыя Вашы дзеці і ўнукі. І Вы папраўляйцеся!

Цалую і сардэчна абдымаю

Ваша Жэня Янішчыц».

...Перачытваю старонкі таго даўняга Жэнінага пісьма, і здаецца, і сёння, як жывую, бачу яе, укленчаную перад сынавым ложкам, над спалатнелым любым тварыкам... Чую роспачны голас-маленне да дактароў, да Бога: «Выратуйце!.. Злітуйся, Усявышні, над маім сыночкам!»

...Знямелая Муза нячутна пакідае бальнічную палату. Застаецца адна Маці. Сам-насам са сваёй Любоўю, Надзеяй і Верай.

Вершы вернуцца да яе потым.

Пра вершы Жэні Янішчыц пісалі і яшчэ напішуць. Іншыя.

Я ведала Жэню не толькі як Паэтэсу. Я ведала — Маці і Жанчыну.

***

Калі Жэня атрымала новую кватэру і пераехала ў белы, як чароўны карабель, дом — цераз Свіслач, нашы вокны глядзелі вочы ў вочы... Я і зараз, як прымоўкне, як суцішыцца тлумны горад, як упадуць і запалаюць у люстры Свіслачы прывідныя агні з акон Жэнінага дома, я і зараз гляджу на іх са свайго акна і міжволі — каторы ўжо год — паўтараю адно і тое ж самотнае пытанне:

Жэня, Жэнечка, дзе ты?!

Куды ты пайшла?..

Няма адказу.

P.S.
Памяці Жэні Янішчыц
Вокны Жэні Янішчыц глядзяцца ў Свіслач...
Кожны вечар маўкліва гляджу я на іх.
Дзе твой позірк шчымлівы?
Твой голас крынічны?
Я і сёння не веру,
Што патух ён. Што сціх...
Што спаткнуўся, зламаўся
Пад цяжарам лёсу
Малады, як павеў, лёгкі крок...
І ад плачу знямелі, счарнелі нябёсы.
Нават сонца свой страціла зрок.
...А вясна зноў гукае ў зялёных абновах.
Свіслач гушкае хвалю усплёскам вясла.
І плыве твой Радок.
І звініць тваё Слова!..
Жэня, Жэнечка, дзе ты?
Куды ты пайшла?..

Глядзі таксама: Яўгенія Янішчыц - "ВЕРШЫ"


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY