|
|
№
3(25)/2003
Галерэя
Юбілеі
Мастацтва
На шляху веры
Постаці
Haereditas
Юбілеі
Кантэкст
Memoria
Мастацтва
Пераклады
Постаці
Архіўная старонка
Нашы святыні
На кніжнай паліцы
Бібліятэка часопіса «Наша вера»
|
На гербе Наваградка, прынятым каралём Жыгімонтам ІІІ у 1595 г., у чырвоным полі стаіць «чорны анёл» — Арханёл Міхал. Можа таму чорны, што Наваградак быў галоўным горадам Чорнай Русі, а магчыма — ад колеру жалезных даспехаў. Але чаму сімвалам горада стаў менавіта архістратэг Міхал? Ці гэта знак ваенных заслугаў наваградскіх харугваў, ці сімвал дзяржаўнай пераемнасці ад «маці гарадоў рускіх» — Кіева, калі тут узнікала Вялікае Княства Літоўскае, што збірала пад сваю апеку Заходнюю і Паўднёвую Русь. У старажытным гербе Кіева таксама стаіць арханёл Міхал, імя якога насіў вядомы Залатаверхі манастыр XII стагоддзя, узарваны пры бальшавіцкіх уладах у 1936 г. і адбудаваны пасля абвяшчэння незалежнасці Украіны. Летапіс сцвярджае, што славянскі фарпост на мяжы з балтамі заклаў Яраслаў Мудры ў 1040 г., калі хадзіў на яцвягаў. Не выпадкова ў 1416 г. тут адбыўся царкоўны Сабор, на якім Рыгор Цамблак быў абраны кіеўскім мітрапалітам з месцазнаходжаннем у Кіеве, Наваградку і Вільні. ...Калі ў час спусташальнай вайны 1654—1667 гг. Наваградак аблажыла маскоўскае войска, гарадскія ўлады звярнуліся да яго начальніка Хаванскага з просьбай не знішчаць мястэчка. Ваеначальнік адказаў, што за Наваградак ужо заступіўся Арханёл Міхал, які з'явіўся яму ў сне і наказаў не разбураць горад. Паводле іншай легенды, у гісторыі ўдзельнічаў не сам Хаванскі, а яго падначалены Цыцыянаў, які павінен быў спаліць горад, але, уражаны абразом святога Міхала ў касцёле, адступіў ад яго і нават ахвяраваў арханёлу сярэбраную зброю1. Як сведка тых далёкіх падзей у галоўным алтары былога дамініканскага касцёла захаваўся абраз св. Міхала з накладнымі металічнымі аздобамі. Існавала мясцовае паданне, што іх зрабіў нейкі паўстанец 1831 г. у падзяку за шчаслівае вяртанне з сібірскай высылкі. Прыгожыя легенды паддала гісторыка-мастацтвазнаўчай «рэвізіі» доктар навук Марыя Каламайска з Варшавы, якая апублікавала лацінскі напіс на самай даўнейшай з аздобаў — панцыры 1662 г.: «Пры прыёры Станіславе Свідэрскім, бакалаўры святой тэалогіі, правінцыяле Белай Русі, году Панскага 1662, 19 студзеня». Яна ж распазнала герб з ініцыяламі ахвярадаўцы — Адама Мацея Саковіча, уласніка Зембіна, ваяводы смаленскага, скарбніка Вялікага Княства Літоўскага, які памёр у тым жа годзе ў Варшаве. Даследчыца мяркуе, што абраз спачатку знаходзіўся ў зембінскім кляштары дамініканцаў і быў падараваны імі ў Наваградак пасля пажару 1751 г. Яшчэ раней анёльскія цуды сталі вядомыя ў Нясвіжы, сярод святыняў якога асаблівае месца належала касцёлу св. Міхала. Спачатку на самай высокай гары непадалёку Нясвіжа ўзнікла капліца апекуна пілігрымаў Рафала. У кнізе аб цудах на гары Анёльскай Аланд апавядае, як Сіротка сам насіў камяні і мясіў гліну на будоўлі. Пасля Сіроткі апекуном і будаўніком новага вялікага касцёла стаў гетман Ян Караль Хадкевіч, а фундатарамі алтароў арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала (1635—1636 гг.) — Альбрэхт Уладзіслаў Радзівіл, яго жонка Ганна Соф'я з Зяновічаў і Соф'я Ганна Слушка2. Асабліва шанавалі арханёла Міхала Сапегі. У гонар святога Леў Сапега пабудаваў у Вільні касцёл бернардынак, які стаў пахавальняй для самога канцлера, яго жонак Дароты Фірлей і Альжбеты Радзівіл, сына Яна Станіслава, жонкі Казіміра Льва Барбары Тарноўскай. Леў Сапега атрымаў абраз у 1584 г. у падарунак ад цара Івана Васільевіча падчас пасольства ў Маскву для заключэння міру. У Маскву абраз быў прысланы ў 1510 г. з Канстанцінопаля ад патрыярха Васілія. Леў Сапега у тастаманце наказаў сыну Казіміру Льву, пабудаваць у Чарэі касцёл у гонар святога Міхала, ад якога яны абодва не раз мелі дапамогу ў розных баталіях. Памятаючы пра гэтае, маршалак ВКЛ неадкладна збудаваў прыгожую базыліку і змясціў абраз у галоўным алтары. Аднак візіта 1809 г. сцвярджае, што касцёл фундаваў сам Леў Сапега 6 жніўня 1604 г. У метрычнай кнізе, якая вялася ад 1648 г., меўся запіс, што 27 верасня 1650 г. маскоўскае войска падпаліла касцёл і ксёндз Далінскі мусіў уцякаць ажно на Палессе. Абраз з усімі срэбранымі і залатымі аздобамі дзівосным чынам быў уратаваны і змешчаны ў Белай царкве айцоў базыльянаў за возерам. Калі ён быў вернуты католікам, невядома. Міхал Юзаф Сапега, ваявода падольскі, пабудаваў новы касцёл (напэўна, драўляны), які згарэў у 1793 г. 3. Наступны касцёл, вымураваны ў 1828—1839 гг., таксама пацярпеў ад пажару ў 1859 г., але абраз ацалеў і яшчэ ў 1913 г. ён знаходзіўся ў касцёле на падвышэнні за галоўным алтаром. Калісьці ў Чарэі існавала брацтва св. Міхала, сябры якога, відаць, і ратавалі кожны раз старажытную рэліквію. На жаль, потым след абраза згубіўся: невядома, ці быў ён вывезены з Чарэі, ці загінуў у часы сусветнай вайны і рэвалюцыі. У музеях Маскоўскага Крамля захавалася «Знамя Сапегаў» з велічнай постаццю ў рост Міхала Арханёла. Слова «Арханёлы» ў перакладзе азначае «анёланачальнікі». Яны зрэдку з імёнамі, а часцей ананімна, згадваюцца ў Старым Запавеце. У Новым Запавеце яны абвяшчаюць нараджэнне Хрыста, уваскрэсенне, з'яўляюцца апосталам. Арханёл Міхал — архістратэг нябеснага войска, антаганіст д'ябла, апякун усіх вернікаў («народу Божага»). Яго імя ў семіцкай народнай этымалогіі тлумачыцца — «хто, як Бог?». Ён умацоўвае ў веры прарока Данііла (Кніга прарока Данііла, Х, 13), у Апакаліпсісе змагаецца з драконам (сатаною) у апошняй эсхаталагічнай бітве (Адкрыццё, 12, 7). Як анёл міласэрнасці, ён стаіць разам з Габрыэлем перад прастолам Божым і Хрыстом-суддзёю, нясе цела заснуўшай Маці Божай, суправаджае душы памерлых да брамаў нябеснага Ерузалема ці стаіць з вартай перад імі, запісвае імёны праведнікаў у кнігу4. Апостал Юда, дакараючы нахабных ілжэ-прарокаў, як пра ўзор сціпласці пісаў, што Міхал Арханёл, калі спрачаўся з д'яблам пра Майсеева цела, не адважваўся сам дакараць таго, але сказаў: «хай забароніць табе Гасподзь» (Пасланне апостала Юды, 9). Апокрыф раскрывае сэнс спрэчкі: д'ябал, жадаючы завалодаць целам прарока і правадыра, падгаворваў не хаваць яго ў зямлю, як усіх іншых, але пакінуць на паверхні, каб яўрэйскі народ пакланяўся яму, як Богу. Відаць, ад таго біблейскага знакавага эпізоду і бяруць пачатак дыскусіі вакол маўзалеяў з правадырамі. Апакаліптычная бітва анёла з сатаною — адзін з любімых сюжэтаў мастакоў рэнесансу і барока (ён даваў магчымасць ствараць маляўнічыя дынамічныя сцэны). У разгорнутай ці скарочанай кампазіцыі апакаліптычны сюжэт распаўсюджаны і ў старабеларускім жывапісе (абразы св. Міхала ў гродзенскай катэдры, Парахонску, Хаціславе, Пінску, Ракаве, Порплішчы і многіх іншых месцах). Такі ж іконаграфічны змест маюць і нешматлікія ацалелыя скульптурныя выявы (Ішчолна, Сцяпанкі). Нельга не заўважыць надзвычай выразныя персаніфікацыі сатаны ў выглядзе жудасных пачвараў з чалавечым абліччам, выявам якіх могуць пазайздросціць стваральнікі сучасных трылераў. Апакаліптычны сюжэт бітвы арханёла Міхала з шатанам, вельмі распаўсюджаны ў эпоху барока, захаваў сваю прыцягальнасць для мастакоў ХІХ і ХХ стагоддзяў. У празрыстым каларыце і дзіўных выяўленчых дэталях алтарнай карціны у белагрудскім касцёле (1907 г.) досыць нечакана праглядваюць рысы мадэрну. Шэра-зеленаваты д'ябал ляжыць, скурчаны, на скалістым краі бездані. Яго аголеная фігура і непрывабны чалавечы твар з незвычайнымі барановымі рагамі, крылы, падобныя на нейкія расліны як бы сімвалізуюць барацьбу з хібамі нашай грахоўнай натуры. Міхал з узнятым мячом і вагамі ледзь-ледзь датыкаецца нагой да пачвары, ужо пераможанай адным з'яўленнем нябеснага воіна. Мяркуючы па падобных іконаграфічных дэталях у алтарнай карціне з гродзенскай катэдры, існаваў нейкі тагачасны прататып, які натхняў абодвух мастакоў. На абразе «Успення» з Олтуша (1650 г.) анёл, які адсякае рукі Аўфонію, — безумоўна, сам Міхал. Цікава, што «меч гневу Божага» крыху выгнуты і нагадвае па форме шаблю, характэрную для свайго часу. «Актуалізавана» і адзенне анёла, асабліва блізкія да мясцовых жоўтыя скураныя боты і запраўленыя ў іх сінія штаны. Арханёл убраны дасканала: паверх кароткага жоўтага (што сімвалізуе золата) хітона — светла-шэры металёвы панцыр, аздоблены мальтыйскім крыжам, і зялёны плашч, сцягнуты на грудзях. Анёл толькі што зляцеў з неба, і яго крылы яшчэ ўзнятыя ўгору5. У тым жа сюжэце з Крычава (апошняя чвэрць ХVІІ ст.) анёл адсякае рукі Аўфонію традыцыйным мячом, трымаючы ў левай руцэ ножны. Адзеты ў колеры Хрыста — цёмна-зялёны хітон, расхінуты пурпуровы плашч, змацаваны на правым плячы, і разам з тым — сінія штаны і жоўтыя боты. Сцэна пакарання Аўфонія статычная, як і ўвесь абраз (хоць нагамі арханёл яшчэ толькі датыкаецца зямлі, крылы ўжо апушчаныя). Па духу абраз бліжэй да рэнесансавага мастацтва, барока ў ім не адчуваецца. Агульным высветленым каларытам «Успення» (1730 г.) з Бешанковічаў вызначаны разбелены колер салатавага хітона і залатой тунікі на амаль басаногім арханёле, які ўзняў караючы меч над Аўфоніем. На незвычайна цікавым абразе «Сыходжанне ў пекла» з Бездзежа арханёл Міхал наглядна ўвасабляе сімвалічную перамогу Хрыста над царом цемры, таму на ім не рыцарскія даспехі, а чырвоны хітон і белая туніка (адзенне колераў Хрыста). Стоячы на рагатым д'ябле, скінутым у чорную прорву, арханёл убівае ў лоб пачвары востры канец пікі. У карцінах «Страшнага суда» арханёл Міхал узважвае душу чалавека (яго добрыя і злыя ўчынкі) на ўваходзе да раю, д'ябал жа імкнецца падштурхнуць шалю вагаў на сваю карысць. Так, з узнятым мячом у правай руцэ і вагамі ў левай, св. Міхал паказаны на наваградскім абразе, алтарнай карціне ў Касцяневічах, у завяршэнні амбоны ў пінскай катэдры. Арханёл Міхал заўсёды лічыўся апекуном рыцарства і воінаў ва ўсёй Еўропе. Мяркуючы па творах, якія дайшлі да нашага часу, пасля Венскай бітвы 1683 г. распаўсюдзіліся абразы з паяснымі і пабедранымі выявамі Міхала Арханёла, іканаграфія якіх нагадвае некаторыя каралеўскія партрэты часоў Яна Сабескага і Аўгуста Моцнага. Вельмі яркі прыклад — абраз сярэдзіны XVIII ст. з магілёўскай вёскі Гарадок, дасканалы па дэкаратыўнасці, добрым малюнку і сакавітых колерах6. Больш проста выкананы абраз з франтальнай выявай арханёла ў вёсцы Лядзец (на Століншчыне). У сагнутых на ўзроўні грудзей руках Міхал трымае вялізны меч і ключ, каб заперці дракона на 1000 гадоў у прорву; у верхніх вуглах залатога фона графічна намаляваны парасткі з бутонамі кветак, што сімвалізуе рай. Нябесны воін увесь закаваны ў суцэльныя шэрыя латы (толькі спераду мастак часткова адкрыў рукі, каб паказаць чырвоны хітон). Чатыры арханёлы, сярод іх Міхал і Габрыэль, адлюстраваны на вядомым абразе «Пакроў» (1751 г.) з Пакроўскай царквы ў Маладзечне ў самым версе нябеснай сферы, над апосталамі, прарокамі і пакутнікамі абапал Маці Божай з амафорам7. Арханёлу Міхалу ў Беларусі прысвечаны старажытныя касцёлы: у Ашмянах (1387, фундатар — кароль Уладзіслаў Ягела), Слуцку (1439, вялікі князь Літоўскі Міхал Жыгмунтавіч), Гнезне (1524), Поразаве (1560), Нясвіжы (1598), Чарэі, Белагрудзе (1609), дамініканскі ў Наваградку (1624), Міхалішках (1622), Цімкавічах (1647), францішканаў у Івянцы (1702), цыстэрцыянак у Кімбараўцы (1743—45), піяраў у Лужках (1756) і інш. Святога Міхала лічылі сваім апекуном езуіты, яму прысвечаны іх касцёлы ў Оршы (1604) і Мсціслаўлі. Сярод Свята-Міхайлаўскіх цэркваў вядомы абарончы храм ХVІ ст. у Сынковічах, драўляныя цэрквы ХVІIІ ст. у Чэрску (1701) і Сцяпанках (Жабінкаўскі раён). Арханёл Габрыэль (яго імя азначае «сіла Божая», «чалавек Божы») у Святым Пісанні звязаны з добрымі весткамі, яго заўсёды сімвалізуе белая лілея ў левай руцэ і прывітальны жэст узнятай правай. У царкве яго выява знаходзіцца на царскіх варотах у «Звеставанні Марыі». У бочных дзвярах беларускага іканастаса XVIII ст. звычайна змяшчаліся арханёл Міхал і архідыякан Стэфан, у XIX ст. — Міхал і Габрыэль. На бакавых варотах царквы з Дабраслаўкі (Пінскі раён) манументальная выява арханёла Міхала належыць да позняга барока: велічная падоўжаная постаць паказана ў руху, у апушчанай правай руцэ — цяжкі меч вастрыём угару, узнятая левая двума пальцамі далікатна трымае вагі для ўзважвання чалавечых душаў. Адзенне, якое свабодна аблягае фігуру, мае мяккія празрыстыя колеры перыяду ракако. На абразе «Адзігітрыі Смаленскай» з Дубянца (Столінскі раён) — у верхніх вуглах паказаны паясныя выявы арханёлаў Міхала (у памаранчовым хітоне, як гімацій на Езусе, з цёмна-чырвонымі крыламі) і Габрыэля (у цёмна-сіне-зялёным хітоне, колеру чапца на Марыі). Падобнае і на «Адзігітрыі Ерусалімскай» — левы анёл трымае ў руках, на чырвоным палотнішчы, крыж, правы — на белым, два кап'і. На абразе Маці Божай 2-й паловы XVII ст. з мінскага катэдральнага сабора адзін з анёлаў, якія трымаюць карону, арханёл Габрыэль, мяркуючы па галінцы лілеі ў яго свабоднай руцэ. Трэці з найбольш папулярных арханёлаў, Рафал («дапамога, ацаленне Божае») — патрон паломнікаў і падарожнікаў, лекар, вядомы па біблейскай «Кнізе Тавіта». Тавіт лёг спаць за сцяною двара, не накрыўшы твар, і вераб'і, якія сядзелі на сцяне, пашкодзілі яго вочы — ён перастаў бачыць, і ніякія лекары не дапамаглі. І ад Бога пасланы быў Рафал зняць бельмы з вачэй Тавіта і даць у жонкі сыну Товію Сару, у якой сем мужоў памерлі, не крануўшы яе. Тавіт адправіў Товія па срэбра, аддадзенае на захаванне, у іншы горад, і ўвесь час яго суправаджаў анёл-страж Рафал. Па дарозе яны злавілі рыбу, жоўць якой павінна была вылечыць вочы Тавіта. Апавядальная гісторыя з арханёлам Рафалам стала папулярнай у еўрапейскім мастацтве з эпохі Рэнесанса, але ў беларускім жывапісе сустракаецца зрэдку. На невялікай алтарнай карціне XVIII ст. з касцёла ў Пелішчы (Камянецкі раён) сляпы Тавіт сядзіць у крэсле, а перад ім стаіць Товій з рыбай у руцэ і Рафал. Каля іх ног — сабачка, сімвал сямейнай вернасці. Карціна, верагодна, паходзіць з камянецкага касцёла і ўяўляе сабою рэдкі ўзор жанравага жывапісу ў тагачасным беларускім мастацтве. Напэўна, як нябесны патрон невядомага данатара арханёл Рафал разам з пакутніцай Наталляй паказаны на трыпціху-складзені з Турава (праўда, іконаграфічна падобным на Габрыэля). Басаногі арханёл стаіць на воблаку, у апушчанай левай руцэ — доўгая кветка лілеі, правая — у жэсце благаславення. У гродзенскай катэдры арханёл Рафал прызямліўся ў верхнім ярусе алтара св. Станіслава Косткі (разьбяны барэльеф). Анёл вядзе за руку юнака, аберагаючы яго ад сімвалічных стрэлаў, якія падаюць зверху міма. Малавядомы ў беларускім іканапісе «Сабор Арханёла Міхала» — сімвалізуе яго як архістратэга, начальніка ўсяго нябеснага войска. На храмавым абразе канца XVII ст. з царквы ў вёсцы Рубель (Столінскі раён) арханёлы Міхал і Габрыэль падтрымліваюць на ручніку славу з выявай Спаса Эмануіла ў цэнтры кампазіцыі. Пад ёю — вялікі серафім, які абапіраецца крыламі на прыступкі подыума. Па краях і ўверсе ўсю плошчу абраза запаўняюць яшчэ 5 арханёлаў, вядомых са Старазапаветных кніг Тавіта і Ездры: Рафал, Урыл (агонь і святло Божае), Салафіл (малітва да Бога), Іегудзіл (хвала Божая), Варахіл (блаславенне Божае) і Іерыміл (вышыня Божая), а таксама херувімы. Сярод колераў іх адзенняў пераважаюць чырвоныя і блакітныя8. У блізкім па кампазіцыі абразе 1-й паловы ХVII ст. маскоўскай школы адзенні светла-чырвоныя, цёмна-зялёныя, аліўкавыя; твары акруглыя карычневыя, фон аліўкавы9. Града воблачных клубоў унізе рубельскага абраза сведчыць, што усё гэтае воінства знаходзіцца на небе, але апякуецца яно тымі, што жывуць і церпяць на зямлі.
|
|
|