|
|
№
3(25)/2003
Галерэя
Юбілеі
Мастацтва
На шляху веры
Постаці
Haereditas
Юбілеі
Кантэкст
Memoria
Мастацтва
Пераклады
Постаці
Архіўная старонка
Нашы святыні
На кніжнай паліцы
Бібліятэка часопіса «Наша вера»
|
Старыя каталіцкія могілкі ў Гродне, якія называюцца яшчэ фарнымі, заснаваныя ў 1792 г. Пасля Росаў у Вільні і могілак Лычакоўскіх у Львове яны з’яўляюцца трэцяй некрапо- ліяй на ўсходзе Рэчы Паспалітай. Побач з магілай Элізы Ажэшкі спачываюць землеўладальнікі, афіцэры некалькіх еўрапейскіх армій, прэзідэнты Гродна, чыноўнікі, настаўнікі, лекары, артысты, уладальнікі крамаў і вялікіх прадпрыемстваў, — пакаленні жыхароў наднёманскага горада. Фарныя могілкі сталі месцам уплываў культур і рэалізацыі эстэтычных густаў шматнацыянальнай грамадскасці горада на працягу амаль двух стагоддзяў. Надмагільныя ансамблі, якія стваралі польскія, беларускія, габрэйскія і іншыя архітэктары і майстры, адлюстроўваюць мноства стыляў сакральнага мастацтва — ад класіцызму ХVІІІ стагоддзя праз эклектызм і сецэсію да функцыянальных формаў паміжваеннага часу. Надмагільныя статуі, помнікі, стэлы і крыжы высокай мастацкай вартасці на гродзенскіх могілках не сустракаюцца так часта, як на віленскіх, львоўскіх, але ёсць вартыя працы Шыткевіча, Забароўскага, Кутаса, Качаноў ці дэ-Веккі, прывезеныя з Кіева. Нядрэнна захаваліся металічныя помнікі: рашоткі з кузні Сіліневічаў, капліца фундацыі Казіміра Судніцкага 1822 г., якую спраектаваў Кароль Вільгельм Багемуль, архітэктар, што прыехаў з двара прускага караля. Надмагільныя надпісы па-польску зроблены з арфаграфічнымі і стылёвымі крэсовымі адхіленнямі ад нормы. Захаваліся эпітафіі на лаціне, нямецкай, расійскай, французскай, чэшскай, літоўскай мовах. У нашай працы цытаты падаюцца з захаваннем правапісу арыгінала... Гісторыя гродзенскіх каталіцкіх могілак З пахавальных кніг гродзенскага фарнага касцёла можна даведацца, што памерлых у Гродне хавалі на прыкасцельных могілках да мая 1792 г. У маі 1792 г. пачалі хаваць на могілках за горадам (exter urbem). Там пахавалі 20 нябожчыкаў. У снежні там ужо спачывала каля двухсот. У жніўні запісана 46 пахаванняў. Лічбы гавораць пра тое, што каталікі першымі са шматканфесійнага насельніцтва Гродна даволі хутка прынялі звычай адпраўляць сваіх памерлых за мяжу горада. Вялікі каронны маршалак Станіслаў Любамірскі ў 1770 г. патрабаваў ад касцельных уладаў выносіць могілкі за гарадскія межы. 18 лютага 1792 г. Камісіяй паліцыі абодвух народаў быў выдадзены Заканадаўчы Універсал для вольных гарадоў адносна могілак і бойняў. У ім магістрам гарадоў было загадана дамовіцца з касцельнымі ўладамі пра стварэнне могілак за гарадской мяжой за кароткі тэрмін — тры месяцы. Рэалізаваць гэты Універсал не маглі з-за недахопу сродкаў і з-за агульнай сітуацыі ў краі. Акцыя перанясення могілак за гарадскія межы была праведзена толькі ў пачатку ХІХ ст. Але ў Гродне рашэнне адміністрацыі было выканана ў тэрмін, і таму гродзенскія фарныя могілкі старэйшыя, чым кракаўскія Ракавіцы, якія ўзніклі ў 1801 г., і толькі на два гады маладзейшыя за варшаўскія Павонзкі. У Вільні Росы былі закладзены ў 1796 г. Патрэба ў могілках за мяжой горада ў Гродне ўзнікла ў 1783 годзе. За год перад гэтым фарны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны пашкодзіў пажар. У касцёле было небяспечна маліцца і таму парафіяльныя набажэнствы перанеслі ў езуіцкі касцёл, у былым жа фарным засталіся толькі магілы. Ініцыятарам могілак за горадам быў пробашч ксёндз Юзаф Мучынскі, канонік Смаленскі, доктар тэалогіі. (памёр у 1793 г., меў паслядоўнікаў). У 1801 г. была створана складчына з кнігамі прыходу і расходу. Аб’ектам, які прайшоў па гэтых кнігах, быў Крыж, пастаўлены ў маі 1792 г., калі заснавалі могілкі. У 1805 г. гродзенскія касцёлы наведаў біскуп Касакоўскі. Ён пабыў на могілках і быў здзіўлены некаторымі помнікамі, асабліва на магіле панны Такарэўскай, якая памерла з роспачы на 22-м годзе жыцця. Першыя могілкі ў Гродне існавалі пры першым парафіяльным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны, які працаваў з 1392 года. У памяць пра першага фундатара касцёл называюць Фарай Вітаўта. У 1584—1587 гг. з фундацыі Стэфана Баторыя святыню перабудавалі ў готыка-рэнесансную базыліку... ...Цвінтар з касцёлам у Сярэднявеччы быў цэнтрам жыцця, замяняў форум. Касцёл быў месцам публічным, меў прывілей прытулку: жывым абяцалася зямная апека, памерлым, якія давяралі Богу сваё цела, — апека духовая. У межах муроў і жывыя, і памерлыя спазнавалі Божы спакой... Графіня Ганна Патоцкая з Тышкевічаў, якая знайшла сродкі на ўмацаванне касцёла і цвінтара пасля пажару 8 мая 1782 г., у 1795 г. зрабіла малюнак: два крыжы, пашкоджаны будынак касцёла, далакопы, святар, постаці, што нясуць крыж, тут і там над магіламі хутчэй задуменныя, чым заплаканыя... Ці гэта замалёўка з натуры, ці рэалізацыя мастацкай фантазіі?.. Цвінтар пры касцёле Вітаўта быў чынны да 1804 г. Фарныя могілкі за горадам так і называюцца фарнымі, зрэдку — фарскімі. Часам іх называюць бернардзінскімі, таму што ксяндзы парафіі касцёла, які да 1853 г. належаў бернардзінцам, а пасля таго як кляштар зачынілі стаў парафіяльным, хавалі сваіх памерлых парафіянаў на тых жа каталіцкіх могілках. У 1840 г. была шумная справа «аб захопе гродзенскіх могілак бернардзінамі», аб чым і пісаў занепакоены ксёндз-адміністратар Бальчэўскі біскупу Віленскай дыяцэзіі Клягевічу. З 1792 г. касцёл св. Францішка Ксаверыя — галоўная святыня, якой належаць і могілкі. Манументальны будынак дамінуе ў панараме горада. Касцёл быў фундаваны праз Са- муэла і Канстанцыю Лозаў у 1678—1700 гадах. Праз пяць гадоў кансэкраваны ў прысутнасці Аўгуста ІІ і Пятра І. Фасады ўпрыгожваюць статуі Пятра і Паўла, Францішка Ксаверыя (аўтар — Георгій Гіс, 1768 г.). Прэзбітэрый мае 21 метр вышыні, яго аўтар — Ян Шмідт. Кампазіцыя з дрэва і штучнага мармуру з трох ярусаў. У ніжнім — статуі 10-ці апосталаў і фундатараў. 12 алтароў спраектаваў Кшыштаф Пэўнер. Арган прывезены з Крулеўца. Вежа 1750—1752 гг. пабудавана Крысціянам Бурманам. З пазнейшых твораў скульптуры варта назваць помнік Антонію Тызенгаўзу, старосту гродзенскаму. Сын Антонія Тызенгаўза камер’юнкер Канстанты і яго сын Райнольд не здолелі паставіць помнік, але ўнучка Марыя з Тызенгаўзаў Пшаздзецка ў 1886 г. замовіла помнік львоўскаму скульптару Тамашу Дыкасу — абеліск з шэрага лабрадору, постаць плачкі, якая трымае два лісткі пальмы, медальён з бюстам Тызенгаўза, пад ім — табліца з надпісам:
starosta grodzieński, podskarbi W.Ks.L. 1773—1785 Maria Tyzenhauzów Aleksandrowa hr Przeździecka spełniając wolę ojca i brata pomnik ten wzniosła Графіня не дачакалася помніка. Яе сын Канстанты граф Пшаздзецкі ў лісце да гродзенскага губернатара пісаў у 1893, што маці памерла, а ён мае намер паставіць заказаны ёю помнік. Восенню 1894 г. граф прасіў дазволу ў Віленскай кансісторыі змясціць помнік у гродзенскім фарным касцёле ў капліцы св. Міхала, а таксама прасіў дазволу паменшыць алтар капліцы за свой кошт. Дазвол атрымаў. Але сам помнік быў гатовы толькі ў 1896 г. Праца па ўстаноўцы праводзілася ў 1896—1900 гг. Каваную агароджу зрабіў гродзенскі каваль Ігнат Сіліневіч. На пачатку ХІХ ст. у памяць пра Антонія Тызенгаўза на могілках з’явілася драўляная капліца. Была яна 10 локцяў даўжыні, 10 шырыні, 5 вышыні. Да 1836 г. у Гродзенскай губерні ўжывалі старыя меры. Локаць літоўскі раўняўся 64,96 см. Капліца ў плане квадрата мела бакі 6,5 м, вышыню 3,25 м. На пачатку ХІХ ст. на гродзенскіх могілках было шмат пустога месца. Стаяла некалькі дзесяткаў надмагільных помнікаў (некаторыя з іх захаваліся). Не было яшчэ сямейных склепаў (яны з’явіліся праз паўстагоддзя). Могілкі пачалі наносіць на тапаграфічныя карты ў 1812 г. На карты французскай арміі яны былі нанесены як могілкі, на расійскіх картах 1810 г. на тым месцы змяшчаўся форт вялікіх памераў... Гарадскія ўлады зачынілі гродзенскія каталіцкія могілкі ў сярэдзіне 1970-х гадоў. Афіцыйна яны не лічацца гістарычным помнікам. У 1992 г. капліцу адрамантавалі. Асобнымі магіламі апякуюцца ахвярныя, добрыя людзі.
Каменныя сады Баляслава Шышкевіча Гродзенскія каталіцкія могілкі маюць пэўную гістарычную вартасць таму, што тут яшчэ стаяць надмагільныя помнікі скульптара Баляслава Шышкевіча. Сваю дзейнасць у Гродне таленавіты, і што немалаважна, прадпрымальны скульптар распачаў у атмасферы зайздрасці. Яго майстэрня знаходзілася ў доме Сідэльскага на вуліцы Ерузалемскай. Спачатку Шышкевіч не меў памочнікаў. Мастацкі ўзровень надмагільных помнікаў скульптара быў нашмат вышэй узроўню працы гарадскіх рамеснікаў, якія належалі да цэху муляраў ды каменячосаў. Шыльда на яго майстэрні калола вочы. Неўзабаве канкурэнты знайшлі спосаб нашкодзіць таленавітаму мастаку, які адразу стаў вядомым у наваколлі. У сакавіку 1886 г. Гродзенская палата рамеснікаў падала на Б. Шышкевіча скаргу ў Губернскую ўправу: паводле заканадаўства кожны рамеснік павінен быў уваходзіць у цэх па прафесіі і быць шляхціцам. Палата лічыла, што праца скульптара не далёка адышла ад працы муляра, а паколькі ў Гродне няма цэху скульптараў, то няхай Шышкевіч здасць экзамены і паступіць у цэх муляраў, тады ён будзе мець права ставіць кляймо на помніках і вывешваць шыльду са сваім прозвішчам. Пакуль скарга дайшла да губернскай управы Шышкевіч звярнуўся з заявай да губернатара, у якой даказаў, што мае веды як скульптар. Дзед скульптара Юзаф Шышкевіч быў гербаваным шляхціцам без прыгонных, што засведчана ў спі- се шляхты Ваўкавыскага павету за 1836 г. У Юзафа, які нідзе не служыў, было трое сыноў — Антон, Ян і Канстанцін, усе дзяржаўныя служачыя. Ян Шышкевіч, калежскі сакратар, бацька Баляслава. Баляслаў Шышкевіч нарадзіўся ў 1864 годзе. У 1874—1878 гг. вучыўся ў Ваўкавыскай павятовай школе. У 1877 г. не перайшоў у наступны клас і праз год яго выключылі са школы як кепскага вучня. Атрымаў цікавае пасведчанне: «Баляслаў, сын Яна Шышкевіча, са шляхты, рыма-каталіцкага веравызнання, 13 гадоў, вучыўся ў Ваўкавыскай павятовай школе ад 19 чэрвеня 1874 да 18 чэрвеня 1878. Пакінуты на трэці год у 2 класе. Выключаны са школы з-за непаспяховасці. Заняткаў не прапускаў. Паводзінаў прыкладных». Невядома, дзе ён далей вучыўся. З заявы на імя губернатара, якою Б. Шышкевіч абараніўся ад нападак Рады рамеснікаў, вынікае, што яго кваліфікацыю пацвердзіў адпаведны дакумент. Пра геніяльнага самавука хадзілі легенды. Супраць іх сведчыць дасканалае свядомае разуменне надмагільнага мастацтва і прафесійнасць. Самабытнасць Б. Шышкевіча лёгка заўважалася на могілках у Гродне. Яго працы з поспехам маглі б увекавечваць памяць памерлых у кожнай некраполіі канца ХІХ ст. Дапускаем, што яго помнікі захаваліся таксама ў Вільні на Росах. Дваццацічатырохгадовы мастак ажаніўся з маладзейшай на год Раманай Марыяй Пратасовіч. Шлюб маладым у гродзенскім фарным касцёле 25 кастрычніка 1887 г. удзяліў ксёндз Аляксандр Дабрасельскі. Фірма Шышкевіча набывала вядомасць, заказаў было шмат. Уладальніку надалі тытул спадчыннага Ганаровага грамадзяніна горада Гродна. Але мала скульптар пацешыўся шчаслівым шлюбам, квітнеючай фірмай і павагай людзей. Ён памёр ад сухотаў праз 5 гадоў па шлюбе. На могілкі яго праводзіў ксёндз Яцунскі. Б. Шышкевіч спачыў у сямейным склепе сярод помнікаў, на якіх стаіць яго прозвішча. Вось так у правінцыйным горадзе споўнілася старажытнае Ars longa, vita brevis. Асіраціў трохгадовую дачушку Ядвігу, рана аўдавела Рамана, якая трымала фірму да 1907 года. Адзін з апошніх помнікаў з кляймом Р. Шышкевіча быў пастаўлены на магіле Кунцаў. У актах 1908 г. успамінаў аб фірме Шышкевічаў ужо няма. Рамана памерла 25 лютага 1912 г. на Сувальшчыне, пахавана ў Гродне. Далей пра Шышкевіча апавядаюць яго надмагільныя ансамблі. Да найбольш эфектных належаць помнікі ў форме стылізаваных, бязладна нагрувашчаных скалістых грамадаў, завершаных крыжамі, якія ствараюць уражанне сукаватых ствалоў дрэваў. Стаяць на нізкіх падстаўках у выглядзе пахілых дахаў. На галоўнай адшліфаванай паверхні найбольшага каменя — надмагільны надпіс. Вышэй, пад крыжам, сярод «засаджаных» долатам скульптара ў шчыліны між камянямі папаратнікаў, змешчаны эмблемы, характэрныя для мінулых часоў: дагараюць схіленыя ўніз паходні; вянкі з бяссмертніку, пераплеценага з ружамі; якары; распяцці без упрыгожанняў... Раслінныя элементы з’яўляліся і пад галоўнай плітой, напрыклад, на помніку Трускоўскім, што знаходзіцца крыху справа ад капліцы. Як і ў прыродзе, «расце» тут язычнік звычайны. Гэта «галінка з языкападобнымі кароткахвостымі скурастымі лісцямі, ... расце ў цяністых вільготных лясах на скалах». Побач вяне букет ружаў, яго стужкі сплываюць на цокаль. Надмагільнік Трускоўскіх з пячаткай майстроўні Шышкевіча цікавы і з той прычыны, што ён двухбаковы. Успомненыя раслінкі выраблены на аверсе. Рэверс апрацаваны больш ашчадна, пад галоўнай гранню цокалю з правага боку змешчана пячатка майстра. На камені, на ўзроўні вачэй, — эпітафія з інфармацыяй пра нараджэнне і смерць Геранімы і Эдварда Трускоўскіх. Крыж, аплецены павілінай, стварае ўражанне бярозавага. Тлумачэнне фларыстычнай надмагільнай сімволікі можна знайсці ў Манфрэда Люркера: у старажытнасці верылі, што душа чалавека пераходзіць у кветку, куст або дрэва. Кветкі, дрэвы на магілах з’яўляюцца пасмяротнай постаццю памерлага, яго зматэрыялізаванай душой. Б. Шышкевіч добра ведаў каноны надмагільнага мастацтва і добра адчуваў густы сваіх кліентаў. Скульптар выкарыстоўваў папулярныя тагачасныя эмблемы, але замест старажытнай чужой змяшчаў на камені выявы роднай прыроды. Ужываны ўсюды акант з добрым эфектам замяняецца язычнікам, крыжы абвівае не плюшч, а павіліна, каменны крыж часцей нагадвае бярозку. Такі выгляд мае помнік цесцям скульптара — Пратасовічам Марцаліне і Аўгустыну, які знаходзіцца недалёка ад магілы самога Б.Шышкевіча. Крыж, які напамінае сукатую елку, змешчаны над скалістаю пячорай, з перакладзін крыжа звісае вянок з ружаў, ля асновы выраблены папаратнікі, паходня, якая дагарае... Цікавая алея, дзе каля мужа Станіслава Нагорскага спачывае пісьменніца Эліза Ажэшка. Калі ісці ад гэтай магілы ў бок Нёмана, дойдзем да магілы Баляслава Шышкевіча. Па левым баку ад алеі Ажэшкі — помнік Вавэрну, абгароджаны чатырма каменнымі слупкамі, злучанымі жалезнымі прутамі. Цокаль складаецца з двух камянёў, вышэйшы, крыху скошаны, трымае крыгу з крыжам, а ля асновы нагрувашчаны дулы гарматаў, падушка з ордэнамі, шабля, скрыжаваная з похвай, шлем кірасіра, упрыгожаны плюмажам... На скалу абапіраецца каменная табліца з гербам, які цяжка ідэнтыфікаваць. На табліцы па-польску чытаем, што Вільгельм Вавэрн, генерал-лейтэнант артылерыі расійскіх войск, пражыў 63 гады і памёр 28 студзеня 1888 г. Сто гадоў з лішкам павіліка аплятае скалу, імкнецца закрыць герб, надпіс, але так вырабіў мастак, што на таблічку спускаецца адзін лісток. З-пад правага ніжняга вугла табліцы «вырастаюць» жытнёвы колас і дубовая галінка. Крыж нагадвае бук, вянок з ружаў, бяссмертніку і папаратніку. На перакрыжаванні выраблены медальён з Езусам Хрыстом у цярновым вянку. Ніжэй, на камені паміж грудаў скал, сярод дубовых галінак дагарае паходня, з якой ідуць клубы дыму. Уся кампазіцыя вытрымана ў стылі memento mori, не ў апафеозе ваенных подзвігаў — такое ўражанне ад нязначнага пашкоджання на помніку. Не час зрабіў пашкоджанне, а скульптар. З другога боку алеі падобны помнік стаіць на магіле Гольснэра. На скале — крыж, да скалы прымацавана табліца без герба з надпісам, што С. П. Станіслаў Гольснэр, палкоўнік усуюжскага палка, пражыў 51 год, памёр 7 сакавіка 1895, «Прабач яго віну, Пане». Там, дзе на папярэднім помніку знаходзіліся вайсковыя прадметы, тут ляжыць вянок з ружаў, лаўраў і казялцу... Кветкі казялцу засланяюць левую частку табліцы да першай літары прозвішча. Паходня дагарэла, дыміць, падтрымлівае вянок, які ляжыць на моцна нахіленым камені. Уражанне, што ўсе прадметы ляжаць даўно. Здаецца, што камень падае, паходня згасае, табліца разбіваецца аб востры край каменя... на аголенай з рэквізіту скале застаецца толькі крыж. Так задумаў майстар. Гэты крыж самы прыгожы на могілках. Сасновую перакладзіну аплятаюць павіліка і ланцуг якара, якар абапіраецца на камень пад крыжам сярод буйнай расліннасці. З помніка Вавэрна глядзіць перапоўнены болем Твар Збаўцы. На перакрыжаванні ў авальным медальёне Хрыстус — філосаф, ахвярны Баранак і Кароль сусвету. Дзве інтэрпрэтацыі матываў Ecce Homo. Матыў нашага Збаўцы развівалі ў мастацтве найслаўнейшыя творцы таго часу... Помнікі Вавэрну і Гольснэру з’яўляюцца ўзорам найбольш рафінаваных кампазіцый з майстроўні Шышкевіча на гродзенскіх могілках... Статуя Маці Божай са скрыжаванымі на грудзях рукамі стаіць над магіламі Дабжанскіх. Мадонна топча паўзучага па зямным шары гада над склепам Кунцаў... Анёл — над склепам Брушэўскіх... Найпрыгажэйшая кампазіцыя Б. Шышкевіча са статуяй на скалах знаходзіцца на праваслаўных могілках, на магіле Якава Антонавіча Памяранскага, які памёр у 1886 г. Здаецца, гэта самы таленавіты твор аўтара. Маладая, прыгожая, сумная жанчына з апушчанымі вачыма, схіленай галоўкай. Хвалістыя валасы злёгку ўскудлаціў вецер. Напаўпрыкленчыла. Прыгнула левую нагу, якая ўся схаваная ў складках доўгай сукенкі, пяткай правай нагі датыкаецца краю абрыву — правым плячом дакранаецца струхлелага пня. У апушчанай руцэ трымае лаўровы вянок, паходню, якая дагарае. У левай руцэ, што ляжыць на каленях, — снапок ружаў, бяссмертніку, званочкаў. Зелле і пшанічка вырастаюць з трухлявага дрэва. Сукенка-туніка зашпілена на грудзях на тры гузікі. Плачка выразна індывідуалізаваная (напэўна, гэта сучасніца скульптара). На ўзроўні нагі дзяўчыны быў змешчаны медальён з тварам нябожчыка. Сёння ўжо разбіты... Кляймо з левага боку, знізу. Баляслаў Шышкевіч сам спраектаваў сабе надмагільны помнік. Сямейны ансамбль зроблены ў памяць аб Шышкевічах, у тым ліку і тых, чые магілы знаходзяцца ў іншых месцах. Рамантычнае барока са своеасаблівым драматызмам людской прыгажосці і цярпення на ўлонні прыроды, якая пульсуе спрадвечнымі рытмамі жыцця і смерці... саступіла месца класічнай кампазіцыі. Пліта, на ёй — агароджа з 8 каменных слупкоў, злучаных жалезнымі прутамі. На кожным — латунны зніч у форме вазы... У агароджы знаходзіцца высокі цокаль, на якім са светлага пясчаніку высечана статуя Каліопы (ужо безгаловая) — музы паэзіі, філасофіі і рыторыкі. На грудзях змешчаны таблічка і разец. З-пад свабоднай сукенкі відаць босая правая нага. Левую, злёгку сагнутую, стройную ножку аблягае сукенка. Каліопа ў руху, што адчуваецца ў далікатна выцягнутай лініі правага бядра, складках сукенкі і нахілу ўперад усёй фігуры... Маленькія крылцы мелі істотнае значэнне ў кампазіцыі, каб утрымаць раўнавагу. Наступны крок Каліопы ўжо быў бы ў прасторы — муза з распрасцертымі крыламі павінна вось-вось узляцець у бок ракі. Напрамак яе ўяўнага лёту вызначае позірк скульптара — яго барэльеф змешчаны на цокалі ў медальёне. Барэльеф і статуя ствараюць адзін сюжэт і выкананы з таго самага матэрыялу. Медальён упрыгожваюць з-пад нізу пальмавыя галінкі, звязаныя стужкай. Ніжэй прыкручана табліца з таго ж пясчаніку:
Баляслаў Шышкевіч, мастак скульптар, жыў 29, памёр 4 верасня 1893». Пад табліцай змешчана вершаваная эпітафія. Мастак глядзіць з медальёну на Нёман. Хто ведае, ці не ўлічваў ён замацаваных у культуры ад часоў Герадота сімвалічных значэнняў рэкаў, калі выбіраў сабе месца для вечнага адпачынку? Напэўна, і восем знічаў маюць не толькі эстэтычны, але і філасофскі сэнс. У кампазіцыі камень і метал злучаны агнём. Як у вершы Дыягена:
Каля падножжа цокалю высечаныя інструменты скульптара — малаток, долата, разцы, — абвязаныя стужкай. Усходняя сцяна апавядае пра бацькоў: бацька Ян Шышкевіч жыў 74 гады, памёр 4 кастрычніка 1897 г., маці Казімера Шышкевіч з Сарасекаў, жыла 72 гады, памерла 6 студзеня 1902 года... Заходняя сцяна апавядае пра сястру мастака Амелію Шышкевіч, якая пражыла 18 гадоў, памерла 8 красавіка 1872 г. у Ваўкавыску і там пахавана. Магчыма, Баляслаў Шышкевіч вучыўся ў Вільні ў Блажэйчыка, які высякаў статуі на скалах з расліннымі элементамі імітаванымі пад сукаватыя дрэвы крыжамі. Але віленскія помнікі не маюць кляйма. Таму меркаванне, што гродзенскі мастак вучыўся ў Вільні ў майстэрні Блажэйчыка, пра якога ў сваю чаргу апавядаюць толькі надмагільныя помнікі на славутых Росах, — застаецца толькі меркаваннем.
Яцак РОЗМУС, Юры ГАРДЗЕЕЎ
Пераклад з польскай мовы
Фота аўтараў
|
|
|