Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(41)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці

ПАКІНУЦЬ СЛЕД НА ЗЯМЛІ

РАДАСЦЬ ДУХУ
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады

«КВЕТАЧКI» ПА-БЕЛАРУСКУ

СВЯТЫ ФРАНЦІШАК
Паэзія

ОЙЧА НАШ...
ВЕРА & CULTURA
Нашы святыні
Мастацтва
Юбілеі

З ДАВЕРАМ ДА ІСНАГА
Пераклады

БЕЛА-ЧОРНЫ СВЯТЫ

УСІМ НАШЧАДКАМ
На кніжнай паліцы

ВЫЗНАЧАНЫМІ СЦЕЖКАМІ
Практыкум

КОДЭКС СВЯТАСЦІ
Мастацтва

МАЙСТАР СВЯТЛА

Вольга БАЖЭНАВА

IНТЭР’ЕР АРХIКАТЭДРАЛЬНАГА КАСЦЁЛА
IМЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫI У МIНСКУ

Будаўніцтва і ўпрыгожванне інтэр’ера мінскага касцёла выпала на самы актыўны перыяд развіцця стылю барока, і можна, без сумнення, параўноўваць яго былое ўбранне з самымі знакамітымі віленскімі святынямі ХVІІІ стагоддзя: касцёламі святога Казіміра, святога Яна, святога Георгія. Пра тое, як выглядаў інтэр’ер касцёла ў ХVІІІ–ХІХ стагоддзях, можна меркаваць толькі па архіўных апісаннях, дзе захаваліся звесткі пра алтары, абразы, аздобленыя шатамі, прыгожы, перавезены з Нясвіжа, жывапісны цыкл стацыяў Крыжовага шляху, рэліквіі капліцаў і г.д.

Усе вядомыя звесткі пацвярджаюцца рэстаўрацыйнымі работамі, якія праводзяцца ў касцёле з 1994 года. Дзве вялікія падзеі звязаны з імі: значнае навуковае адкрыццё і здабыццё святога абраза. Была знойдзена паліхромія ХVІІІ стагоддзя, якая значна ўмацоўвае пазіцыі нашай культуры ў еўрапейскай прасторы: менш за дзесятак помнікаў такога роду захавалася на Беларусі, і мінскія размалёўкі лепшыя з іх. Адна са сцэнаў здаецца прарочай: ачышчэнне храма або, згодна з евангельскім апавяданнем, выгнанне Хрыстом гандляроў з Ерузалемскай святыні. Згадаем, што будынак касцёла ў Мінску каля паўстагоддзя да яго рэстаўрацыі выкарыстоўваўся не па прызначэнні: ён быў пераабсталяваны пад спартыўную залу. Таму размалёўкі, адкрытыя рэстаўратарамі, не толькі ідэнтыфікуюць яго старажытнасць, але і заклікаюць адчуць іх выкананне як цуд здабыцця святога вобраза. (Такім жа чынам у ХVІІ стагоддзі ў Кракаве ў касцёле на Пясках адкрыўся намаляваны на сцяне абраз Маці Божай, які да сённяшняга дня славіцца цудамі.)

Раскрыццё размалёвак праводзяць вопытныя рэстаўратары з трыццацігадовым стажам працы — майстры А. Тарасік, У. Нікіцін (вучань С. Шацілы), аб’яднаныя ў брыгаду пад кіраўніцтвам А. Шпунта. Чым больш рэстаўратары знімаюць шматлікія пласты пабелкі і замалёвак, тым больш яскрава касцёл зацвярджаецца ў статусе самага старажытнага і прыгожага з храмаў, якія захаваліся ў Мінску. Засталося дачакацца заканчэння работы ў 2007 годзе, каб убачыць касцёл адзіным старажытным мастацкім ансамблем, упрыгожаным размалёўкамі глыбокага сакральнага зместу.

Паслядоўна ў розныя дзесяцігоддзі ХVІІІ стагоддзя чатыры мастакі ў Мінску стваралі цэласны па змесце і форме манументальны ансамбль, працягваючы і ўдасканальваючы традыцыі еўрапейскага перспектыўнага жывапісу. Паліхромія мінскага касцёла з’яўляецца прыкладам еўрапейскага жывапісу барока і класіцызму ХVІІІ стагоддзя. Яна належыць да тыпу квадратурных панарамных вобраза-твораў, вядомых з эпохі Адраджэння і даведзеных да дасканаласці майстрамі ХVІІ–ХVІІІ стагоддзяў Рубенсам, Пусэнам, Картана, Поца, Ц’епала ў Рыме, Балоньі, Антверпене, Парыжы, Мадрыдзе.

Размалёўкі галоўнай навы адпавядалі ідэі тытула касцёла ў 1710–1798 гады — Імя Хрыста, Марыі і святой Барбары. Яны ўключаюць сцэны «Выгнанне гандляроў з храма», «Унебаўзяцце Дзевы Марыі», аб’яднаныя намаляваным купалам. Кожная сцэна раскрывала адну з названых тэмаў. Часткі адрозніваліся толькі тэхнікай выканання і індывідуальнымі прыёмамі жывапісу.

Гэтыя сцэны былі дапісаныя і ўключаныя ў 1750-я гады ў адноўлены інтэр’ер касцёла, які спатрэбілася ствараць у сувязі з пабудовай новага галоўнага алтара. Унутранае ўбранне касцёла пасля гэтых зменаў стала нагадваць касцёлы Вільні таго ж самага часу: скляпенні, пілястры, сцены ўпрыгожылі магутныя дэкаратыўныя завіткі ракайля на ружовым фоне і размалёўкі тэматычнага зместу. Тады ж было завершана аздабленне капліцы Езуса, якую з сярэдзіны ХІХ стагоддзя і па сённяшні дзень называюць капліцай святога Феліцыяна. Да 1780-х гадоў гэты інтэр’ер некалькі разоў панаўлялі, захоўваючы і паўтараючы ўсе выявы на сценах і скляпеннях.

У 1798–1800 гады ў інтэр’еры касцёла зноў адбыліся змены. Менавіта тады ён быў асвячоны як катэдра мінскага біскупа па тытулам Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Мастакі змянiлі ружовы ракайльны колер і арнамент, але захавалі ўсе сюжэтныя размалёўкі і дадалі новую сцэну «Сыходжанне Святого Духа на апосталаў» над галоўным алтаром. Барочны дэкор быў зменены на класіцыстычны арнамент: упрыгожванні сценаў, слупоў, пілястраў сталі нагадваць манументальны жывапіс Старажытнага Рыма. Уся гэта работа выконвалася Казімірам Анташэўскім, найбольш вядомым тады мінскім мастаком. Адначасова ў касцёл прывезлі з Нясвіжа серыю стацый Крыжовага шляху і некалькі алтарных абразоў на палатне.

Маштабны рамонт касцёла ў 1854 годзе прывёў да панаўлення ўжо існуючага ансамбля размалёвак. Умяшальніцтва было няўдалым, што выклікала непахвальную ацэнку мастацкіх якасцяў інтэр’ера Уладзіславам Сыракомлем у яго знакамітым нарысе «Мінск» (1857). Пісьменнік прыняў панаўленне сярэдзіны ХІХ стагоддзя за працу мастака Анташэўскага канца ХVІІІ – пачатку ХІХ стагоддзя, так што дасталося папрокаў і заказчыку, біскупу Я. Дадэрку. Рэстаўрацыйныя работы дазваляюць разабрацца ў даволі складаных пытаннях датавання і вырашыць многія гістарычныя непаразуменні. На працягу другой паловы ХІХ стагоддзя інтэр’ер касцёла некалькі разоў рамантавалі, жывапіс панаўлялі. Пасля закрыцця касцёла ў 1934 годзе ўсё, што было можна, з яго вынеслі. У гады вайны для правядзення св. Імшы вернікі былі вымушаныя выкарыстоўваць тэатральныя дэкарацыі. У 1951 г. касцёл быў перабудаваны пад спартыўную залу, з 1993 г. ён зноў дзейнічае.

Сярод найбольш вядомых сценапісаў Беларусі (Нясвіж, Гродна, Магілёў, Мсціслаў) мінская паліхромія — гэта своеасаблівы комплексны зрэз усёй беларускай гісторыі манументальнага жывапісу: яна ўключае ўзоры самых ранніх і самых позніх размалёвак ХVІІІ стагоддзя, дазваляе зразумець дынаміку, асаблівасці развіцця насценнага жывапісу гэтага часу. У барочна-ракайльным з класіцыстычнымі дэталямі ансамблі інтэр’ера святыні яскрава выявіліся асаблівасці нацыянальнай мастацкай школы і духоўнай культуры Беларусі ХVІІІ стагоддзя.

Гл. таксама:
:: КАБ ЗАСТАЦЦА НЕВЯДОМЫМ... ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY