|
|
№
3(41)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці
На кніжнай паліцы
Ad Fontes
Пераклады
Паэзія
ВЕРА & CULTURA
Нашы святыні
Мастацтва
Юбілеі
Пераклады
На кніжнай паліцы
Практыкум
Мастацтва
|
Гэтыя купалаўскія радкі з хрэстаматыйнага верша, вядомыя сёння амаль кожнаму беларусу, хоць і выяўляюць хрысціянскі светапогляд паэта, але ў розны час і рознымі аўтарамі тлумачыліся супрацьлегла. Эстэтычныя погляды Янкі Купалы фармаваліся ў перыяд пострамантызму пад значным уплывам ідэй і прынцыпаў не толькі яго вялікіх рамантычных папярэднікаў, але і сучаснікаў-сімвалістаў. І тыя, і другія надавалі велізарнае значэнне па-за зямному свету, містычным, ірэальным сілам і з’явам. Місію паэта ў народным жыцці яны лічылі выключнай, абранніцкай. Але Купала як сапраўдны арыгінальны творца ніколі не наследаваў готовых формаў і эстэтычных канцэпцый. Паводле іх асновы ён ствараў сваё, новае, бачанне свету. У дачыненні да прарочай місіі паэта — народнага збаўцы і правадыра — гэта заўважна па тым, што Янка Купала не падкрэслівае надзвычай істотны для рамантыкаў і для іх паслядоўнікаў прынцып менавіта Боскай (хрысціянска-рэлігійнай) абранасці творцы і не імкнецца «зраўняцца» з Богам, уступіць у палеміку з Ім, як рабілі гэта А. Міцкевіч ці С. Пшыбышэўскі. Адносіны Купалы да рэлігіі, хрысціянства грунтаваліся на рэальнай аснове хатняга беларуска-каталіцкага выхавання, якое ў сваіх вытоках супадала з той рэлігійна-хрысціянскай выхаваўчай традыцыяй, што ўзгадавала польскамоўную школу беларускага рамантызму. Аднак новыя гістарычныя абставіны дыктавалі Купалу не столькі іншую інтэрпрэтацыю месца Паэта (Божага выбранніка) у свеце, колькі фармавалі адметныя светапоглядна-эстэтычныя прынцыпы вызнання сваёй веры. Ужо з першых крокаў у літаратуры Янка Купала выступае глыбока веруючым чалавекам, і пра гэта сведчыць самы ранні з вядомых нам вершаў паэта, напісаны на польскай мове, які называецца «Modlitwa» («Малітва») і датаваны 1903 годам.
Твор гэты быў напісаны неўзабаве пасля вялікай трагедыі, якая напаткала сям’ю будучага паэта: 14 мая 1902 года памёр яго бацька Дамінік Луцэвіч, а праз паўгода позняй восенню загінулі ад шкарлятыны адзіны брат Казімір і дзве сястры — Сабіна і Гэля. Пачуцці і думкі, якія перапаўняюць спакутаваную душу юнака, арганічна і натуральна выліваюцца ў словы ўзнёслай малітвы. Ён шукае ратунку і дапамогі не сярод людзей, а ў Бога, у яго Прачыстай Маці — Дзевы Марыі. Верш «Малітва» абвяргае думку не толькі пра стыхійны купалаўскі атэізм, але і пра пэўную індэферэнтнасць паэта ў адносінах да Бога. Варта сказаць, што падставы для падобных меркаванняў былі. Звязана гэта найперш з асабістым выказваннем Я. Купалы ў аўтабіяграфічным лісце да Л. М. Клейнбарта, датаваным 23 лістапада 1927 года. Паэт расказвае біёграфу пра інцыдэнт, што адбыўся падчас пахавання сясцёр, якія памерлі на тыдзень пазней за брата Казіміра: за пахавальную Імшу, прыгадваў Купала, мясцовы ксёндз запатрабаваў двайную плату. «Я запротестовал, потому что его труд был ни больше, ни меньше, чем при похоронах одного брата. На что ксёндз ответил, что там он брал плату за одну голову, а тут за две головы. После этого, хотя я до названного случая не был очень верующим, но этот торг «духовника» выбил из меня все остатки веры». І ўсё ж гэтаму выказванню пярэчаць творы Янкі Купалы: польскамоўныя і беларускія вершы, напісаныя пазней за гэтае прыкрае здарэнне. Найперш ужо згаданая «Modlitwa»(1903), а яшчэ: «Leć, piosenko...», «W noc majową», «Ze wspomnień», «Ziemio…» (1906), а таксама творы на беларускай мове: «Разлад» (1907), «З маіх песень» (1905–1907), «Сяўцу» (1905–1907), «Любімось, мае суседзі» (1905–1907) і іншыя.
Так, як сапраўдны вернік, пісаў паэт у 1909 годзе ў вершы «Вялікдзень». А праз год, у 1910-м, з’яўляецца невялікая паэма «Святы Андрэй Баболя. Мучанік беларускі за веру», дзе апавядаецца пра жыццё і пакутніцкую смерць святога. Заканчваецца твор тыпова хрысціянскім спадзяваннем на заступніцтва святога Андрэя Баболі:
Такім чынам, на падставе толькі гэтых твораў немагчыма паверыць, што Янка Купала быў атэістам. Выказванне паэта ў лісце да Клейнбарта і супярэчнасць сітуацыі, якая з яго вынікае, у значнай ступені тлумачыць дата напісання ліста — 1927 год. Гэта другі аўтабіяграфічны ліст Купалы да Клейнбарта, першы напісаны быў у 1910 годзе, і там згаданы эпізод адсутнічае. Другая аўтабіяграфія пісалася паводле просьбы Клейнбарта, які, відаць, падрыхтаваў для паэта адпаведныя пытанні-заданні. Купалаўскія адказы падзяляюцца на 3 часткі, кожная з якіх у сваю чаргу дзеліцца на пункты. У першай частцы іх — 13, у другой — 9, у трэцяй — 17. Гэтыя пункты, напэўна, адпавядаюць нумарам пытанняў. На пачатку ліста, звяртаючыся да Клейнбарта, Купала просіць прабачэння за тое, што так доўга не мог выканаць «задання». Інцыдэнт з ксяндзом, апісаны ў першым пункце ІІІ часткі, хутчэй за ўсё, з’яўляецца Купалавым адказам на пытанне пра яго адносіны да рэлігіі. У атмасферы ваяўнічага атэізму іншага адказу быць не магло, таму няма нічога дзіўнага ў тым, што купалаўскія творы, і дарэвалюцыйныя, і пазнейшыя, не толькі не пацвярджаюць гэтую заяву пра рэлігійную абыякавасць паэта, а хутчэй абвяргаюць яе. У адрозненне ад паэтаў духоўна-клерыкальнага кірунку (Казіміра Сваяка ці Андрэя Зязюлі) Янка Купала быў чалавекам свецкім, і вызнанне хрысціянскіх пастулатаў веры ў яго адбываецца апасродкавана, як арганічнае адлюстраванне светапоглядных арыенціраў лірычнага героя. Лірычны герой паэта, з аднаго боку, у сваім матэрыяльным і метафізічным існаванні натуральна ўключаны ў сферу абрадаў і святаў хрысціянскага літургічнага года. Ён паслядоўна і шчыра выконвае гэты спрадвечны рытуал, захоўваючы тым самым сваю гарманічную злучанасць са светам матэрыяльнай прыроды і іншасветам Духа, Найвышэйшага Творцы — Бога.
Паказальна, што тут, як і ў іншых сваіх вершах, дзе так ці інакш Янка Купала выкарыстоўвае хрысціянскую сімволіку, гэтая сімволіка суадносіцца з канкрэтнымі праблемамі грамадскага жыцця, нацыянальна-палітычнага вызвалення («Тканне намёткі», «Крыжы», «Сяўцу»). Лірычны герой ніколі не падвяргае сумненням факт існавання Вышэйшай Сілы, Бога, які стварыў гэты свет і кіруе яго праявамі, прадвызначае ўсё, што было, ёсць і будзе:
Хаос, бязладдзе і несправядлівасць, што пануюць на зямлі, абумоўленыя першародным грахом чалавека, а таксама дзейнасцю цёмных д’ябальскіх сілаў. Паказальны ў гэтым сэнсе знакаміты верш «Разлад» (1907), які пачынаецца афарыстычнымі радкамі: «Куды ні глянеш — людзі, людзі, // Куды ні глянеш — шэльмы, шэльмы…», дзе тагачасны свет і чалавек у ім паказаны ў духу экзістэнцыяльнай безвыходнасці:
Аднак заключная страфа, дзе гаворыцца пра вясёлага чорта, які «зубы скаліць», бо «такі разлад — яго работа», вяртае твору аптымістычную перспектыву. Больш за тое, у некаторых творах Купала нават называе шляхі, што дапамогуць вярнуць страчаную гармонію ў свеце. Самы першы і асноўны з іх, які вынікае з ключавога хрысціянскага пастулату «Бог — ёсць любоў», гучыць у вершы «Любімось, мае суседзі!» (1905–1907):
Жыццёвая пазіцыя купалаўскага лірычнага героя арганічна спалучана з духоўнымі нормамі хрысціянскага вучэння. Часцей за ўсё, яго герой выступае ў вобразе беднага селяніна (мужыка). І гэты мужык, падкрэсліваючы сваю роўнасць з іншымі людзьмі, найперш з багатымі, акцэнтуе ўвагу на тым, што яны «браты, // як лічыць з Адама», нагадваючы духоўна ці матэрыяльна больш багатаму і адукаванаму супляменніку пра яго большыя абавязкі перад грамадствам: «Ці ж на тое табе Бог // Даў багацця болей, // Каб ты бедных душыць мог, // Як быкоў у полі?» Як бачна тут і ў іншых творах падобнага плану, Янка Купала не толькі адкрыта выказвае свае адносіны да Хрыста, але не аднойчы ад імя свайго лірычнага героя звяртаецца да Бога як да самага галоўнага найвышэйшага суддзі ў рахунках зямнога чалавека з грамадствам і светам.
Не дапаможа ні енк, ні скарга — Да цябе ўзношу свой погляд, Прачыстая, Каралева нябёс, маці Хрыста! Панна!..
Будзь пахвалёна, Святая Пані!
О! Не адкідвай Унебаўзятая!
|
|
|