Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(41)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці

ПАКІНУЦЬ СЛЕД НА ЗЯМЛІ

РАДАСЦЬ ДУХУ
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады

«КВЕТАЧКI» ПА-БЕЛАРУСКУ

СВЯТЫ ФРАНЦІШАК
Паэзія

ОЙЧА НАШ...
ВЕРА & CULTURA
Нашы святыні
Мастацтва
Юбілеі

З ДАВЕРАМ ДА ІСНАГА
Пераклады

БЕЛА-ЧОРНЫ СВЯТЫ

УСІМ НАШЧАДКАМ
На кніжнай паліцы

ВЫЗНАЧАНЫМІ СЦЕЖКАМІ
Практыкум

КОДЭКС СВЯТАСЦІ
Мастацтва

МАЙСТАР СВЯТЛА

Брат Юрый КУЛАЙ OCD

КОДЭКС СВЯТАСЦІ

Бог хоча, каб усе людзі збавіліся, а святасць — гэта неабходная ўмова для збаўлення. Без яе няма і не можа быць збаўлення. Святасць — паняцце вельмі складанае, але адначасова і вельмі простае. Гэта яднанне чалавека з Богам, удзел чалавека ў боскім жыцці Трыадзінага Бога: Айца і Сына, і Духа Святога. Гэта імкненне чалавека пазнаць і зразумець Божую волю адносна сябе і, з Божай дапамогай, адкрыцца ёй, прыняць яе і здзейсніць у сваім жыцці. Інакш кажучы, весці святое жыццё — значыць уключыцца ў жыватворны круг Божага жыцця, Божай любові, паверыць у яе, навучыцца любіць іншых так, як Бог палюбіў нас. Гэта значыць даць месца Богу ў сваім сэрцы, каб у кожным з нас і праз нас Ён мог любіць і служыць іншым: нашым бліжнім, нашым братам. Але як выглядае сённяшняя рэальнасць? Наўрад ці ёсць яшчэ адно такое слова і паняцце, якое было б так абясцэнена і скрыўлена, як слова «святасць», «святы».

Для многіх людзей святасць — гэта нешта такое, што не мае нічога агульнага з рэальным штодзённым жыццём, а святыя — гэта пакрытыя пылам, пачарнелыя ад старасці і дыму свечак фігуры і абразы ў касцёлах, якія сённяшняму «прагрэсіўнаму» чалавеку ні пра што не гавораць. У іх разуменні святы — гэта або абмежаваны, нясцерпны фанат, які ненавідзіць свет і людзей, або дзівак, які выклікае пагарду ці спачуванне. Страшна, што часам такі вобраз святасці малююць і тыя людзі, якія лічаць сябе годнымі і справядлівымі хрысціянамі. Яны не разумеюць, што святасць не дасягаецца ўцёкамі ад свету. Святасць — гэта не шматслоўныя механічныя малітвы, пасты або ахвяры, а любоў. Усё наша рэлігійнае жыццё павінна падпарадкавацца ёй. Няма нічога вышэйшага і важнейшага за любоў. Адзіным заданнем нашых рэлігійных практыкаў і рытуалаў з’яўляецца служэнне любові, каб навучыць нас ёй, каб прывесці да яе. Любоў — гэта мэта. Усё астатняе — гэта толькі сродкі. Любоў павінна быць завяршэннем усяго.

Вельмі важнымі ў гэтых адносінах з’яўляюцца словы апостала Паўла: «Калі я гавару мовамі людзей і анёлаў, а любові не маю, я станаўлюся, як медзь звонкая або гулкія цымбалы. І калі маю дар прароцтва, і спазнаў усе таямніцы, і маю ўсякія веды і паўнату веры, каб перастаўляць горы, а любові не маю, то я — нішто. І калі раздам усю маёмасць сваю і аддам цела сваё на спаленне, а любові не маю, няма мне з гэтага ніякай карысці» (пар. 1 Кар 13, 1–3). Любоў валадарыць усім. Дзе няма любові, там няма і не можа быць святасці. 1500 гадоў таму святы Аўгустын напісаў такія глыбокія словы: «Для сябе стварыў Ты нас, Божа, і неспакойнае сэрца нашае, пакуль не суцешыцца ў Табе» (Споведзь, 1 кніга, 1 раздзел).

Быць супрацоўнікам Хрыста ў гэтым свеце, значыць несці спакой, несці Божае Валадарства тут, на зямлі, і гэта найвышэйшы ідэал для кожнага мудрага, адказнага і справядлівага чалавека. Гэта павінна быць мэтай, шчасцем і сэнсам кожнага сапраўднага вучня і паслядоўніка Хрыста. Бог хрысціянаў — гэта Бог любові і спакою. На жаль, мы не заўсёды пра гэта памяталі, не заўсёды малявалі такі вобраз тым, хто Яго не ведаў, хто не хацеў пра Яго чуць.

 
Пяцікніжжа складаецца з некалькіх збораў законаў і запаведзяў. У Кнігу Левіта ўваходзяць Тора ахвяраў і Тора чыстасці, а яе 17–26 раздзелы з’яўляюцца асобным кодэксам, які называецца Кодэксам Святасці. Ён напісаны вельмі спецыфічнай мовай, што таксама сведчыць пра яго асаблівасць. Гэта не толькі збор законаў, але свайго роду прамова, якая заклікае да захавання запаведзяў. Кодэкс ахоплівае шырокі дыяпазон тэмаў: пададзены прадпісанні культу, законы этыкі, а таксама грамадскія і карныя законы. Матыў святасці з’яўляецца імператывам да захавання закону.

 
Закон Ізраэля развіваўся доўгі час. Спачатку яго перадавала сям’я, пазней ролю законатворцаў перанялі каралі. Вялікую ролю ў развіцці закону адыгралі таксама прарокі. Казуістычныя фармулёўкі, хутчэй за ўсё, былі запазычаны, а ападэктычныя, характэрныя для Святога Пісання, паходзяць з традыцыі Майсея, развітай прарокамі. Экзэгеты падкрэсліваюць вялікае падабенства Кодэкса Святасці да навучання прарока Эзэхіэля.

 
Кодэкс Святасці можна падзяліць на шэраг частак, вельмі лагічна звязаных паміж сабой. Яны прысвечаныя прадпісанням адносна месцаў культу (17 раздзел), маральным прадпісанням (18–20), рытуальным (21–22), а таксама літургічным (23–25). Усё завяршае спіс благаслаўленняў тых, хто будзе захоўваць прадпісанні, і пракляццяў і пагрозаў для незахоўваючых. Можна таксама вылучыць пэўныя асаблівасці Кодэксу Святасці1:

• Ягвэ прамаўляе ў першай асобе;

• адсутнічае аднясенне да часоў Майсея, што выступае ў папярэдніх раздзелах;

• падаюцца не толькі прадпісанні культу, але таксама этычныя правілы і юрыдычныя прадпісанні, якія рэгулююць грамадскае жыццё;

• прасочваецца вельмі лагічны расклад матэрыялу.

Закон Кодэксу Святасці мае трайную форму. Тут мы знаходзім распаўсюджаны на Усходзе спосаб казуістычнага фармулявання прадпісанняў. Ён уяўляе з сябе ўмоўны перыяд і паказвае велічыню пакарання, якая адпавядае канкрэтнай правіне. Другой формай наказаў з’яўляецца ападэктычная форма, форма запаведзяў, якая звернута да абавязанага пры дапамозе займеннікаў «ты», «вы», «ён», «яны». Яна ўласцівая толькі Бібліі і сведчыць пра аўтарытэт Заканадаўцы, падкрэсліваючы асабовыя адносіны Бога да чалавека. Можна сустрэць таксама змешаную форму, у якой спалучаюцца элементы абедзвюх. Сённяшні варыянт з’яўляецца творам рэдактара.

 
Законы Кнігі Левіта бяруць пачатак з Запавету на гары Сінай, дзе Ізраэль стаў «народам святым», г.зн. аддзеленым ад іншых народаў і прысвечаным Пану (пар. Зых 19, 6). Святасць Ізраэля — гэта вынік ласкі Божай, дабравольны дар Бога. Хоць народ і быў уласнасцю Ягвэ, аднак павінен быў асвяціць сябе, будучы паслухмяным Божай волі. Бог спадзяваўся, што тыя, каго Ён учыніў святымі, імі застануцца і не будуць рабіць нічога, што магло б парушыць гэты стан, а маральныя і культавыя правілы мелі на мэце паказаць ім, якім чынам яны могуць зберагчы сваю святасць. Святасць — гэта дамінуючая тэма ўсёй кнігі. Бог святы, а Ягоная святасць у найвышэйшай ступені дынамічная і дзейсная2. З той прычыны, што Бог ззяе святасцю на ўсё, што знаходзіцца ў Ягоным акружэнні, усё, што было прысвечана або кансэкравана Богу, павінна быць вылучана са штодзённага ўжытку. У дачыненні да істоты — гэты выраз з’яўляецца першапачатковым азначэннем слова «святы» ў адносінах да месцаў, рэчаў альбо асобаў, звязаных з культам. Скінія, у якой прысутнічаў Бог, ахвярны алтар, а таксама дні, прысвечаныя для пашаны Бога, былі святымі, падобна як і шаты, якія служылі для літургічных дзеянняў, алей для намашчэння, а таксама складаемыя дары і ахвяры. Ніхто не дакранаўся і не набліжаўся да гэтых святых рэчаў, хіба што выканаў акрэсленыя ўмовы рытуальнай чысціні. Асабліва святымі лічыліся святары, абавязкам якіх было здзяйсненне асвячальных абрадаў і навучанне людзей шляху святасці (пар. Зых 10, 10). Святары былі асабліва блізкімі Богу, бо самі набліжаліся да алтара, прыносілі да яго складаемыя ахвяры. Наступная пасля святароў ступень святасці належала левітам. Ім хоць і было забаронена складаць ахвяры, аднак яны маглі спажываць асвячоныя порцыі, прызначаныя для святароў.

Асаблівая ўвага звяртаецца на тое, што людзі бясконца далёка аддаленыя ад святога Бога і цалкам нягодныя стаяць перад Ім. Вызначальным фактарам з’яўляецца таксама глыбокае пачуццё розніцы паміж дасканалай справядлівасцю Бога і грэшнасцю чалавека. Бясконца святы Бог, аднак, не спыняецца ў пошуку дарог для асвячэння грэшных стварэнняў. Сярод тэкстаў, якія славяць трансцэндэнцыю Бога, кніга Левіт вучыць, што святы Бог прагне прыцягнуць да сябе ўсе стварэнні і адарыць іх той праўдзівай якасцю, якая з’яўляецца прывілеем самога Бога: святасцю. З той прычыны, што Бог сам святы, магчымасць дасягнення святасці стварэннямі і ступень, у якой яны могуць яе дасягнуць, залежаць ад Яго асвячальнага дзеяння. Таму Бог кажа людзям: «Я — Пан» і «Я — Пан, які вас асвячае» (20, 8). Нягледзячы на тое, што ў асвячэнні людзей прадугледжваецца ўдзел Бога, зроблены таксама акцэнт і на ўдзел чалавека. Асвячэнне мае два аспекты: дзеянне Бога і дзеянне чалавека. Паводзіны кожнага чалавека Запавету павінны адлюстроўваць жыццё самога Бога (20, 7). Людскія дзеянні і паводзіны павінны мець за ўзор чыстасць Бога і Яго маральную дасканаласць, таму гэта наказ Бога ізраэльцянам. «Будзьце святымі, бо Я святы, Пан, Бог ваш!»3 стаў першым наказам, які павінен кіраваць людскімі паводзінамі. Гэты наказ тычыцца не толькі культавай чыстасці, але таксама заключае ў сабе праўдзівую чыстасць, якая праяўляецца ў сямейным, грамадскім і эканамічным кантэкстах. Звярнуўшы ўвагу на клопат аб рэгуляванні законам усялякай людской актыўнасці, Кодэкс звяртае ўвагу перадусім на тое, што кожны чалавек Запавету павінен жыць, каб стаць сапраўды святым. Ізраэльцяне таксама павінны шанаваць як святое ўсё асвячонае Богам, напрыклад, суботу. Бог асвяціў гэты дзень, таму быў абавязак захоўваць яго святасць, устрымлівацца ад усялякай працы (23, 3). Такім чынам, святарская тэалогія паказвае два аспекты святасці, якія на першы позірк здаюцца спрэчнымі. Бог выказвае жаданне ўдзяліць Ізраэлю Божую святасць, але адначасова зайздросна сцеражэ яе. Святасць з’яўляецца дарам Бога, а не вынікам людскіх намаганняў, таму людзі павінны быць уважлівымі, каб не прыпісваць сабе таго, што цалкам з’яўляецца дарам з вышыні. Адначасова ў Кодэксе ў дачыненні да Божага люду злучаюцца паняцці «павінен» і «з’яўляецца». Святасць патрабуе цалкам прысвяціць жыццё і ўсе намаганні чалавека служэнню Богу, таму Ізраэлю няспынна нагадвалася, што ён святы і павінен застацца святым, прызначаным для служэння Богу. Гэтая святасць асягаецца дзякуючы справядлівай дзейнасці і пакорнаму прабыванню з Богам4.

Супрацьпастаўленнем святасці з’яўляецца нячыстасць, пад якой разумеецца як нябачная, таямнічая і амаль матэрыяльная субстанцыя, якая часам пакрывае людзей альбо рэчы. Дакрананне да астанкаў, цярпенні, прычыненыя ўсялякага роду хваробамі скуры або спажыванне забароненых страваў — усё гэта спрычыняецца да таго, што чалавек становіцца нячыстым. Як святасць, так і нячыстасць разумеліся старажытнымі ізраэлітамі як дынамічныя рэчаіснасці, г. зн. станы, якія могуць пераносіцца на іншых людзей альбо прадметы. (...)

Смерць і нячыстасць увогуле звязаныя паміж сабой, бо з’яўляюцца супрацьлегласцю жыцця і святасці. Тут мы дакранаемся да сферы tabu, якая змяшчае ў сабе паняцце небяспекі і інтэрдзікту5. Аднак у характарыстычным габрэйскім развіцці канцэпцыі святасці гэтаму прымітыўнаму разуменню нячыстасці, якое габрэі падзялялі з іншымі народамі, нададзена перадусім этычная пазіцыя. У выніку гэтага пераносу са сферы рытуальнай на маральную стан нячыстасці — гэта не толькі вынік міжвольна існуючых прычын, але таксама вынік рашэнняў, якія падлягаюць кантролю чалавека; так адбываецца тады, калі людзі парушаюць нейкую мяжу, вызначаную Богам. Абавязкам святароў было захаванне рытуальнай чыстасці Ізраэля і яго святыні праз здзяйсненне рытуалаў, якія здымаюць усялякія сляды нячыстасці з цела і свядомасці вернікаў. Гэта адносіцца не толькі да паасобных людзей, але таксама да народа як цэласнасці. Ачышчэнне ад граху ўсяго народа бачыцца патрэбным у маляўнічым апісанні цырымоніі выгнання ў пустыню ахвярнага казла ў Дзень Перапрашэння.

Як ужо было ўзгадана, галоўнай тэмай Кодэксу Святасці з’яўляецца святасць. Святасць людзей паходзіць ад Бога, бо Ён асвячае. Святасць ізраэлітаў заключаецца ў тым, што яны будуць аддаваць пашану выключна Богу Ягвэ, святкаваць суботу, складаць ахвяры паводле прадпісанай формы і толькі ў адным санктуарыі. Святасць не абмяжоўваецца толькі складанем ахвяраў і рытуальнай чыстасцю. Патрэбная святасць у маральным значэнні. Усе сферы жыцця павінны знаходзіцца пад уплывам рэлігіі. Святасць базуецца перадусім на захаванні запаведзяў. Ізраэльцяне павінны паступаць справядліва, шанаваць хворых, слабых і бедных. Убогім пакінуць тое, што засталося на полі альбо ўпала ў вінаградніку. Трэба сумленна плаціць найміту. Сярод ізраэлітаў не могуць утварацца класы багачоў, таму яны не будуць збіраць ліхвярства і працэнтаў. Зямля і дамы павінны вярнуцца ўладальніку ў год шабату, таму прададзенага ў няволю павінны выкупіць брат альбо нехта з родных. Права забараняла таксама распаўсюджваць паклёпы сярод родных, пасягаць на жыццё бліжняга, шукаць помсты і насіць абразу ў сэрцы. «Любі бліжняга свайго, як самога сябе» (пар. Мц 19, 18). Нават чужых і падарожных трэба любіць, як саміх сябе.

Калі будуць захоўвацца гэтыя запаведзі, Бог будзе ім благаслаўляць: дасць ураджай, спакой, свабоду, поспех. Бог будзе блізкім народу, паселіцца сярод яго. Пасрэднікамі паміж Богам і людзьмі з’яўляюцца святары. Яны адыгрываюць асаблівую ролю ў здзяйсненні культу і складанні ахвяраў. Яны павінны адрозніваць, што святое і што свецкае, нячыстае і чыстае. Яны дбаюць пра тое, каб нячыстасць не пляміла грамадства. Святаром не можа быць чалавек з нейкімі фізічнымі адхіленнямі, але вымагаецца таксама і маральная чыстасць, і тым большая, чым вышэйшая годнасць святара6.

У семнаццатым раздзеле Кнігі Левіта падкрэсліваецца важнасць адзінага месца культу. Забіццё ахвяры можа адбывацца толькі ў святыні, бо ў іншым выпадкаў ахвярадаўца будзе вінаватым у праліцці крыві. Гэта было звязана з тэалогіяй крыві, у якой увасоблена жыццё. Таму нельга яе спажываць, а вылітая на алтар, яна з’яўляецца перапрашэннем за жыццё чалавека — жыццё за жыццё.

Наступная частка Кодэксу датычыць сексуальных правінаў. Гэта вельмі арыгінальныя прадпісанні, якія ахоўваюць сям’ю ад выраджэння. У параўнанні з іншымі заканадаўствамі, трактуючымі гэтыя праблемы як прыватныя альбо як праступкі супраць публічнага ладу, Кодэкс Святасці падкрэслівае, што праступкі ў сексуальнай сферы з’яўляюцца абразай Бога, віной асобнага чалавека і цяжарам для ўсёй супольнасці.

У дваццатым раздзеле Кнігі Левіта апісаны кары за грахі супраць святасці, а ў наступным гаворыцца пра святасць святароў. Асаблівым чынам падкрэсліваецца іх святасць з прычыны блізкасці да Божых справаў.

У дваццаць другім раздзеле знаходзім прадпісанні пра адносіны да святых дароў. У Кодэксе пададзены таксама каляндар святаў, каб народ трываў у вернасці. Гаворка ідзе пра Шабат, свята Тыдняў, свята Месяца, Дзень Паяднання і свята Намётаў.

Прадпісанні пра лямпы, пакладныя хлябы, кары за блюзнерства, пабоі і забойства, а таксама прадпісанні адносна шабатавага і юбілейнага гадоў, якія датычаць зямельнай уласнасці і выкупу нявольнікаў, заканчваюць гэты збор законаў. Абяцанні і пагрозы, якія пададзены ў канцы, своеасабліва санкцыянуюць Закон Святасці. Пасля прадказання выгнання і спусташэння краіны падаецца прадказанне міласэрнасці для пакутуючых.

Кодэкс Святасці ўводзіць гармонію паміж запаведзямі адносна культу і маральнасці, паміж ахвярамі і жыццём, якое павінна адрознівацца ад жыцця язычнікаў. Таму ўзвышэнне народу і яго абранасць з’яўляецца не толькі гонарам, але і абавязкам. Кодэкс вучыць, што незахаванне закону вядзе да пакарання, але апошнімі яго словамі з’яўляецца, як мы ўжо згадвалі, прадказанне прабачэння для пакутуючых.

Семіцкі тэрмін qodes, «святая рэч», «святасць», наводзіць на думку пра аддзяленне ад таго, што з’яўляецца profanum7. Святыя рэчы — гэта тыя, да якіх нельга дакранацца альбо набліжацца, не захаваўшы ўмовы рытуальнай чысціні. Яны вызначаюцца асаблівым дынамізмам, таямнічасцю і веліччу, якія сведчаць пра іх звышнатуральнасць. Святыя рэчы выклікаюць змешаныя пачуцці здзіўлення і захаплення, што дазваляе чалавеку ўсвядоміць сваю мізэрнасць.

Біблійнае паняцце святасці з’яўляецца намнога багацейшым. Біблія гаворыць пра аб’яўленне самога Бога і такім чынам акрэслівае святасць ад самых яе крыніц, у Богу, ад якога і паходзіць усялякая святасць. З гэтай прычыны менавіта Біблія ставіць нас перад праблемай прыроды святасці, і ў рэшце рэшт, гэта праблема таямніцы самога Бога, праблема ўдзялення Бога людзям. Гэтая святасць становіцца рэчаіснай і набывае ўнутраны характар дзякуючы ласцы самога Духа Святога8.

Паводле Кодэксу Святасці, Ізраэль не павінен паддацца звядзенню канаанскіх народаў: ізраэліты не павінны заключаць сужэнствы з іншаземкамі; яны павінны знішчыць анафемай усё, што магло б іх спляміць. Моц гэтага народу заключаецца не ва ўзброеных жаўнерах ці спрытнай дыпламатыі, але ў веры ў Ягвэ, святога Ізраэля. Менавіта Ён дае народу не толькі тое, што адрознівае яго ад іншых народаў, але таксама поўнае пачуццё бяспекі, гонару і, урэшце, непераможнага даверу9.

 
Такім чынам, святыя — гэта не тыя, хто ўцякае ад свету і людзей. Гэта не рэшткі грамадства, якія не ўмеюць прыстасавацца да рэальнага жыцця, бо не могуць знайсці сабе ў ім месца. О не, праўдзівыя святыя — гэта людзі, якія разумеюць дабро і прыгажосць, якія вядуць наперад, ідуць у першых радах. Святыя — гэта тыя, хто не палохаецца ўласнага ценю альбо «маючых уладу», альбо «грамадскай думкі». Яны маюць адвагу выступіць у абарону праўды, слабых і пакрыўджаных, і, калі трэба, цярпець і мучыцца за гэта. Ім можна давяраць. Гэта не тыя, хто схлусіць. Святыя — гэта цвет і аздоба чалавецтва. Гэта тыя, хто ўвасабляе ў сабе ідэал такога чалавека, якога хацеў бачыць Стварыцель. Яны найбольш дасканала адлюстроўваюць той «вобраз і падабенства Божае» на зямлі. Святыя ствараюць прысутнасць Бога і Хрыста сярод нас. Яны з’яўляюцца тым святлом для свету, соллю для зямлі, пра якія казаў Хрыстус і дзякуючы якім наш свет увогуле развіваецца, рухаецца наперад і існуе.

Сапраўдныя святыя пакінулі пасля сябе незнішчальныя сляды, пакінулі адбітак свайго духу цэлым стагоддзям. Яны разам з вучонымі, пісьменнікамі, вынаходнікамі таксама кіравалі працэсам развіцця чалавецтва — толькі з той розніцай, што ўплыў першых вельмі часта прыводзіў выключна да матэрыяльнага прагрэсу, тады як уплыў святых уздзейнічае на духоўную прастору. Яны былі нястомнымі рухавікамі чалавецтва наперад да святла, да вышыняў, да ідэалаў. Яны стварэнням з чалавечым тварам прышчыплялі і чалавечае сэрца, і чалавечую душу. Святыя — гэта найвялікшыя прыклады цноты чалавецтва. Няма большых рэалістаў, якія былі б так блізка да свету, як сапраўдныя святыя. Яны церпяць разам з тымі, хто церпіць, але і з вясёлымі весяляцца, без зайздрасці і крыўды радуюцца шчасцю і поспехам іншых. Яны не ўцякаюць ад свету, бо для іх свет — гэта месца асвячэння. Яны не абясцэньваюць свет, ні яго прыгажосць, ні веліч, бо хто так паступае, той абясцэньвае і яго Стварыцеля. Яны з’яўляюцца супрацоўнікамі Божымі ў справе пераўтварэння свету, каб ён быў больш дасканалым, больш блізкім да таго, якім запланаваў яго Бог, якім ён выйшаў з Божых рук, пакуль яшчэ грэх не апаганіў яго. Для іх законам у адносінах да свету з’яўляюцца словы Апостала Паўла: «...усё вашае... Вы ж — Хрыстовы, а Хрыстус — Божы» (1 Кар 3, 23).

 


  1. Wstęp do Starego Testamentu, ks. Lech Stachowiak, Pallotinum, Poznań, 1990, ss. 125–126.
  2. Międzynarodowy Komentarz do Pisma Świętego, Verbinum, Warszawa, 2001, ss. 366–377.
  3. Библия, издательство «Жизнь с Богом», Брюссель, 1989.
  4. Orędzie Starego Testamentu, tom II, ks. Tomasz Jelonek, Wydawnictwo M, Kraków, 1992, s. 34.
  5. Klucz do Biblii, Wilfrid J. Harrington, PAX, Warszawa, 1995, ss. 112–113.
  6. Najtrudniejsze stronice Biblii, Zenon Ziółkowski, PAX, Warszawa, 1989, ss. 15–16.
  7. Słownik teologii biblijnej, Xavier Leon-Dufour, Pallotinum, Poznań-Warszawa, 1985, ss. 972–973.
  8. Тамсама, с. 973.
  9. Тамсама, с. 973.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY