Простым пяром апісаць намагаюся справы святыя:
Шмат пра цябе я чытаў і хачу хоць крыху распавесці,
Боскі, святы Гіяцынт! Умацуй мае кволыя сілы,
Мною кіруй і дазволь, каб народ твой чытаў пра ўсё гэта.
5 Слава смяротных табе не патрэбна была, не імкнуўся
Ты да людское хвалы, а цяпер у Нябеснай сядзібе
Плату сваю атрымаў за зямную вялікую працу.
Дай прыгадаць мне пра ўсё, што ўчыніў ты калісьці, бо гэта
Вельмі патрэбна для тых, каго зводзіць са шляху аблуда,
10 Грэх легкадумства, — яны хай пабачаць, якое значэнне
Мае твой след на зямлі, гэты плён, што для нас ты пакінуў.
Дай ім узор чысціні між віхурамі нашага часу.
Трэба, каб душы ўсіх тых, што загразлі ў бяздонні і змроку,
Ясна спазналі, як ты ў Божых словах нёс Боскае свету.
15 Можа, твой голас, які ажыўляў нават мёртвых, а хворым
Хутка палёгку даваў ды лячыў усялякую немач, —
Можа, кране ён, кажу, тых няшчасных, якіх ліхаманка
Апанавала цяпер, на пагібель народу… Вар’яты!
Рвуцца і прагнуць яны аж дашчэнту ўсё знішчыць навокал!1
20 Хай бы твой голас хаця б выбіў шалы з галоваў палякаў,
Каб ад суседзяў сваіх не набраліся пошасці гнюснай!
Ім бы захоўваць мацней у душы непахіснай і чыстай
Тое, чаму ад цябе навучыліся нашыя продкі! <…>
Родам з Апольскай зямлі, Гіяцынт па крыві быў палякам.
Родны маёнтак яго быў ад камня названы, а значыць,
40 Там ад айчыны сваёй мог і сам называцца Каменскім2.
З гербу славутага быў, ад змяі з абадранаю скурай
Назва паходзіць яго3. Гэты дом, дастаткова заможны,
Вельмі выдатны, здаўна быў у польскай дзяржаве вядомы.
Ён вылучаецца славай вялікіх мужоў знакамітых,
45 Большы заслугамі род, больш адметны наўрад ці мы знойдзем.
Хто багацейшы за іх, у каго яшчэ столькі пашаны?
З самых юнацкіх гадоў Гіяцынт прывязаўся да дзядзькі,
Стрыя Івона, і так успрымала юнацкае сэрца
Звычаяў добрых узор, сваяка і настаўніка нораў.
50 Славіўся цнотай Івон, абазнаны ў шматлікіх навуках,
Важкі ў дабротах сваіх, вельмі годны і мудры. А быў ён
Кракаўскі біскуп. Калі ён заўважыў пляменніка розум,
Парасткі чыстай душы, ды шляхетнасць, разважнасць і талент,
Строгасць, цярплівасць яго не па ўзросце, прыняў Гіяцынта
55 Біскуп ва ўлонне братоў. Ды не нейкая кроўная блізкасць
Стала нагодай таму, не сваяцтва, якое, вядома,
Часта ўзвышае таго, хто не мае шляхетнасці ў сэрцы, —
Вынік, што праўда, адзін: для душы яшчэ горшая згуба, —
Ён падтрымаў юнака, бо ў ім рэдкую цноту заўважыў,
60 Думак яго чысціню. Забяспечыўшы сродкамі сціпла,
Сам да замежжа Івон пасылае яго ў навучанне.
Там Гіяцынт спасцігаў несупынна святую дактрыну,
Вострым сваім пачуццём ён ахопліваў Боскія справы,
Ночы не спаў, каб засвоіць у сэрцы вышэйшыя веды,
65 Каб усвядоміць асновы людскіх і нябесных законаў.
Мудрым, вучоным адтуль ён вярнуўся, з вялікім фаворам,
Стаўся вядомы ў народзе, а хутка й да Рыма патрапіў
Разам са стрыем, куды той прыбыў па патрэбах Касцёла.
Шчырая цнота яму напаўняла юначае сэрца.
70 Боскі тады ж Дамінік4 распачаў сваю важную справу:
Рымскі сталец ён жадаў больш магутным зрабіць, уплывовым,
Вельмі хацеў, каб Касцёл кіраваўся законнай уладай,
Сам распаўсюджваў яе па шырокіх прасторах сусвету.
Доказам цноты яго адзін выпадак быў паказальны:
75 Сталася ў Рыме няшчасце, пляменнік памёр кардынала, —
Аж Дамінік ажывіў яго сілай магутнага слова.
Зведаўшы гэта, Івон, верны пастыр, пра свой абавязак
Помнячы добра, прыйшоў да святога айца. Шчыра просіць
Даць некаторых братоў, каб маглі разам з ім у айчыне
80 Ордэн святы заснаваць. Дамінік яму кажа: «Не маю
Гэткіх братоў. Абяры са сваіх суайчыннікаў вартых,
Іх пасвяці, навучы, калі знойдзеш прыдатных і будзеш
Пэўны, што стануць яны даспадобы вялікаму Богу».
Кажа Івон: «Яны тут. Ці ж не думаў ты, ойча, што сам я
85 З роднага краю прыбыў у бязбожным якім атачэнні?
Колькі ж усіх мае быць?» Той адказвае: «Трое, не болей!»
Тут дабрачынны Івон прызначае траіх на абранцаў:
Першым Часлава і Германа, з імі яшчэ Гіяцынта.
Споўніўся тысяча дзвесце семнаццаты год ад Народзінаў
90 Панны Марыі Святой, калі трое мужоў ахінулі
Чолы свае капюшонамі чорнымі — знакам святарства.
Вось апрануў іх святы5, заахвоціў да велічнай справы.
З добрай навукай Івона ды з ведамі нормаў закону
З вечнага горада іх ён адправіў у тым самым годзе.
95 Выйшлі яны, каб пасеяць насенне свяшчэннага слова.
Новая справа тады ўсхвалявала народы шырока:
Боскае слова ляціць і на вуснах гарыць красамоўных.
<Чэслаў, Герман і Гіяцынт засноўваюць кляштар у горадзе Фрызаку (цяпер — Фрызах, горад у Аўстрыі, у федэральнай зямлі Карынтыя). Герман застаецца там у якасці пробашча. Чэслаў і Гіяцынт прыбываюць у Кракаў, дзе будуюць касцёл. Гіяцынт вядзе надзвычай суровы лад жыцця, аддае сваё цела на шматлікія пакуты.>
Так у маленнях чувае, што часта па днях малітоўных
Цэлыя ночы яшчэ несупынныя модлы прыносіць.
110 Нават не ўспомніць тады пра патрэбу пітва або ежы,
Часу на іх не стае, бо трывае ў нястомным служэнні.
Гэткі меў звычай: калі ён няшчаснага бачыў, нябогу,
Хворага ці жабрака, ці гаротніка, што лямантуе, —
Плакаць і сам пачынаў, аддаляўся пад шаты святыні, —
115 Так, каб адбегчы далей ды хутчэй там сам-насам застацца.
Пільна агледзіць касцёл, каб знайсці патаемнае месца,
Потым укленчыць і там пачынае стагнаць утрапёна.
Слёзы ліюцца ракой, сам жа моліць узвышняга Бога:
«Глянь з паднябесных муроў ды ад цяжару горкага лёсу
120 Дай міласэрна палёгку, спыні невыносныя енкі», —
Ціха й пакорна прасіў суцяшэння таму чалавеку.
Гэткім заступнікам быў для шматлікіх людзей перад Богам.
Цэлыя ночы без сну, потым цэлыя дні на малітвах…
Божае слова тады пранікала да сэрцаў народа.
<У ноч на дзень Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі да Гіяцынта з’яўляецца Багародзіца і абвяшчае яго ўлюбёным абраннікам Хрыста. Гіяцынт творыць шматлікія цуды: ажыўляе Пятра з Прошава, які патануў у Вісле, ацаляе спаралізаваную жанчыну.
Чэслаў накіроўваецца ў Прагу, дзе фундуе кляштар, а потым пасяляецца ў Вроцлаве, дзе і завяршае свой зямны шлях. Гіяцынт выпраўляецца ў Мазовію.>
Потым адтуль адышоў, вандраваў па шматлікіх краінах.
Шлях скіраваў да народаў, якім быў ён блізкі па мове,
Крочыў нястомнай хадой, перасёк нават плынь Барысфена6
Там, дзе Раксанія ўся распасцёрла ўрадлівыя нівы.
215 Мноствам падзей гэты край быў багаты. Прыйшоў ён у Кіеў.
Кляштар з касцёлам заклаў ды братоў свайго ордэна верных
Там пасяліў. І цяпер набывае ўсё новыя сілы
Вера, якую ўзнавіў ён. Бо гэты народ, што трымаўся
Словаў апостала Паўла7, яшчэ дасканаліўся ў веры,
220 Боскай навукі святло там нядаўна заззяла, — і казань
Мужа святога тады загучала над гэтай зямлёю.
Хісткія душы людзей не заўсёды здаволяцца словам —
Цудамі ён мацаваў, загартоўваў трываласць у веры.
Хутка па цэлай зямлі разыходзіцца чутка пра мужа,
225 Божыя словы народ успрымае аддана і прагна.
Так аж чатыры гады навучаў ён старанна і пільна.
Бачыць, што добрай і моцнай зрабілася вера ў народзе,
Боскіх святыняў дамы адзываюцца спевам імшалу.
Вырашыў ён, што цяпер адысці можа ў край свой айчынны.
230 Што ж, не хацела краіна з духоўным айцом развітацца,
Плакалі ў горкім адчаі, баяліся дня, што настане,
Бо зразумелі яны, што не будзе ў іх больш абаронцы.
Толькі малітва яго ім надзею на мір падавала,
Хоць навісаў над народам суровы, бязлітасны вораг.
235 Свой запавет Гіяцынт пакідае тады развітальны
Людзям і верным братам: не забыцца прынятай навукі,
Моцна трымацца таго, што ім столькі гадоў прапаведваў.
Так адышоў, разам з імі пакінуўшы брата Гадзі2на.
Нават і ў нашы часы некаторыя помнікі стрэнеш —
240 Там Гіяцынта імя ў надзвычайнай хвале і пашане,
Хросты святыя нярэдка агучаны імем славутым.
Можна было ў яго час там пабачыць нямала святыняў
З мноствам багатых дароў, са шматлюднай прыгожай Імшою.
Лепей далей прамаўчу пра ўсё тое, што там учыніў ён:
245 Справы айчынныя мне пакрысе распавесці належыць.
Большасць тых звестак чытаць у надзейных крыніцах патрэбна.
Гэтыя дзеі народ пераказвае ў вусных паданнях,
Добра вядомых падчас і ў аддаленых самых краінах.
Гора! Цяпер Гіяцынт забыццём шматгадовым пакрыты.
250 Гэтак звычайна не цэняць любога прарока ў айчыне.
Сталася так і з Хрыстом, і не дзіўна, што ўжо не шануюць
Нават пакорных цяпер. Легкадумства бацькоў нас бянтэжыць.
Хай хоць у нашы часы справядлівасць пануе нарэшце,
Каб не таемна — адкрыта ў малітвах сваіх ухвалялі
Гэтую яўную моц. Хай узносяцца спевы ў святынях,
Хай загучыць у Імшы, што так доўга было прыхавана8.
<* * *>
Хрыстус у свет наш прыйшоў як пасланнік з высокага неба.
Велічна творачы цуды для ўсіх паасобных народаў,
520 Так і не змог да канца іх павесці дарогаю праўды,
Хоць настаўляў на шляхі, што Айцец наш нябесны акрэсліў.
Толькі чаму ж? Бо вучыў Ён нязвыклым для свету парадкам.
Так, за адным Чалавекам пабеглі ўсе разам, калі Ён
Слодыч даваў спажываць ды паказваў ім мёд, што змагае
525 Горкае жоўці брыду, і калі ім было зразумела,
Што на пачатку было, што ў канцы адбывацца павінна…
Можа, й не ўсё, што было, нам цяпер падабаецца — толькі
Тое, што Лютэр прыдумаў, нам не падабаецца яўна.
Ясна, што часта гандляр перамешвае з добрым благое.
530 Толькі без сэнсу, кажу, ды без поспеху. Што за вар’яцтва:
Кінуць старое хутчэй ды схапіцца за новае. Страшна!
Жахам ахоплены я, прадчуваю нядобрае ў сэрцы.
Здарыцца можа бяда: прынясе сапсаваная вера
Большы яшчэ заняпад, супярэчнасці вырастуць комам,
535 Будуць буяць бадыллём ды ўмацуюцца ў цэлым сусвеце.
Лепш бы нам звычай стары прывязаць вельмі крэпкай вяроўкай,
Чым за прывідам якімсь квазі-лепшым бязглузда ганяцца,
Чым напрастоўваць шляхі для таго, што пазней і пагубіць:
Жорсткі, бязлітасны гвалт перакуліць магутную варту.
540 Глянь, недалёка ад нас ганаруюць вужоў і ахвяру
Дрэвам высокім ліюць ды кідаюць плады аж у рэкі, —
Боства рачное сваё так шануюць няшчасныя людзі, —
Потым глядзяць, як кругі і віры тое боства закруціць.
Гэта табе не гульня, не падумай, — яно ўсё не жартам!
545 Голас жахлівы лунае, мармыча над водамі штосьці…
Вераць у бога фартуны, што ён толькі шанцам кіруе,
Вераць, што статку прырост ад яго, несумненна, залежыць.
Лепей маўчаць бы было пра шаленствы такога народа.
Горай яшчэ, што яны гэты звычай захочуць пакінуць
550 Нашым нашчадкам! Тады больш не будзе, канешне, і следу
Нашых касцёлаў святых. І не будзе ніколі ў святынях
Проста нічога з таго, што душу чалавеку хвалюе,
Вочы лагодзіць, — таго, што шануе народ працавіты.
Мы ж дазваляем іконы, арганы, касцёльныя спевы,
555 Гучны, на многа ладоў шматгалосы харал. Боскаю песняй
Марныя вушы свае мы лагодзім. І ўсё гэта трэба
Дзетачкам нашым — няхай прывыкаюць да Бога з маленства,
Веры пачаткі яшчэ з малаком сваёй маці засвояць,
Будуць дужэць, падрастаць, — гэтаксама акрэпне і вера.
560 Залататканыя шаты і келіх святы ганаруем:
Золата вабіць душу, аж пакуль не сфармуецца ў сэрцы
Вера ў збавенне, пакуль не асядуць там Боскія словы, —
З часам і плён, і плады прынясе дабрадатнае семя.
Гэтак і Хрыстус калісь вабіў цудамі род чалавечы,
565 Быццам бы целу спрыяў, а душу фармаваў адначасна;
Справы зямныя любіў далучаць да нябесных праяваў,
То супакойваў душу жыватворнай ласкавасцю слова,
То лютым страхам яе абцяжарваў, бянтэжыў і часта
Мноства Яго ўзнагарод чаргавалася з жудаснай карай.
570 Прыкладам справаў зямных Ён для нас усе Боскія рэчы
Добра тлумачыў, і Сам асцярожна кранаў нашы душы
Тысячай спосабаў, каб не збурыць, не збянтэжыць — паціху.
З вучнямі рупіўся Ён, каб пранікнуць у самае сэрца,
Лепшую форму навукі паказваў выразна і яўна.
575 Ён выступаў абаронцам для тых, хто хацеў у святынях
Многа чаго захаваць ад амаль непатрэбных абрадаў, —
Гэта для тых, хто яшчэ дастаткова не вырас духоўна:
Могуць слабым саступіць дасканалыя людзі ў мізэрным,
Хрыстус звычайна любіў больш малых, чым вялікіх, вядома.
<* * *>
Як пахваліць мне цябе, Жыгімонце кароль, як уславіць?
Ты — як у моры скала, што магутных вятроў не баіцца,
Моцна трываеш у шторме ды гоніш высокія хвалі,
715 Тыя, што сэрца тваё сваім пошумам блізкім турбуюць.
Пастырам моцным стаіш, непахіснай цвярдыняй народу.
Справай падданых сваіх заклапочаны ты, — ды не толькі!
Мір беражэш для народаў, магутнага ворага з карка
Скідваеш моцнай рукой, бо, аслеплены прагай спажывы,
720 Хоча ён нашай крыві… Пра дабро паспалітае дбаеш,
Розных падданых сваіх на аднолькавых шалях ты важыш.
Гэтак шляхетна для нас ты й нябесныя рэчы пільнуеш,
Сочыш, каб бліжні сусед не завёў твой народ у аблуду.
Зманных вучоных-пісак праганяеш ад межаў дзяржавы:
725 Вучаць яны раскрадаць залатую аздобу касцёлаў,
Боскія спевы глушыць ды скідаць прамяністыя свечкі.
Ты ж зацікаўлены ў тым, каб захоўваць убранства святыняў,
Сам аздабляеш іх так, каб багацці далёка памножыць, —
Гэткім касцёлам народ будзе ў сэрцы сваім захапляцца,
730 Гэтак у душах дзяцей умацуецца вера святая.
Тыя ж, вар’яты, крычаць: «Не нясіце святых у касцёлы!»,
Нават загадваюць нам абразоў старажытных пазбыцца.
Ты ж нават новых святых для касцёлаў даеш, дзякуй Богу,
Праўду бароніш — яны ж крывяць праўду ў аблудлівых словах.
735 Колькі ўчыніў Гіяцынт розных цудаў, ты Рыму засведчыў9,
Зноў раскрываеш для ўсіх дзеі брата свайго Казіміра10,
Самых дастойных з людзей да нябеснага воінства ўносіш.
Шчыра малю, хай заўжды насупроць крыкунам ліхадзейным
Гожасцю дзіўнай сваёй нас твае захапляюць касцёлы,
740 Гэта зусім не таму, што адна са святыняў сусвету
Богу мілей і важней за душу, што пазбылася грэху,
Чыстаю стала, о не! У душы хай будуе святыню
Той, хто падзяку складаць пажадае, захоча зрабіцца
Годным малітвы да Бога. Святыні ж — прыстанкі, дзе кожны
745 Можа збаўлення шукаць. Іх такія майстры будавалі!
Столькі стагоддзяў стаяць! Ці ж не гэта ўсім доказ найлепшы?
Гэта мацуе ў душы нават кволыя парасткі веры.
Што ж за дарадца ліхі прапануе змяніць усё гэта?
«Годзе цяпер нам, — крычаць, — літургію прывычную правіць.
750 Што за патрэба ў святых? Павыносіць іх трэба!» — Бязглуздасць!
Бог наш для слугаў сваіх учыняе шматлікія справы
З ласкай бязмежнай, праз іх навучае сусвет, каб імёны
Гэтых вялікіх святых годным прыкладам велічных дзеяў
Марных смяротных вялі тым жа шляхам, які мы спрадвеку
755 Хочам знайсці для сябе, каб да іх нам наблізіцца разам,
Разам спасцігнуць усю найвышэйшую праўду Хрыстову.
Хочацца святасці цуд ахапіць сваім розумам кволым,
Хочацца ўзняцца вышэй праз апеку святых, абарону.
Іх для жыццёвых патрэб нам прызначыў сам Бог міласэрны,
760 Той, Хто нябёсы стварыў і зямлю, ды ўсё іншае ў свеце,
Потым напоўніў сусвет разнастайнасцю рэчаў шматлікіх,
Бачачы гэта, мы ўсе захапляемся шчодрасцю Бога.
Ён так разліў сваю моц, каб любое стварэнне пад небам
Чымсьці хоць неяк магло чалавечаму роду прыдацца:
765 Гэткага ў свеце няма, што не мае ніякай карысці.
Зоркі на небе гараць і зямлю асвятляюць здалёку
Скрытым таемным святлом, так што хочацца ўспомніць імёны
Самых маленькіх свяцілаў… Нам дарункі прыносяць і птушкі,
Рыбы, таксама звяры; гэткім мноствам пладоў і металаў
770 Добрая маці-зямля земляробам спрыяе паўсюдна;
Дрэва дае сваю моц, дыяменты змяняюць свой колер
Мноствам адценняў жывых; нават самая сціплая краска,
Зёлка падвялая ўсё ж маюць права на месца ў прыродзе,
Вабяць сваім хараством, апранаючы гожасцю нівы,
775 Плацяць падзякай заўжды тым, хто дбае пра іх клапатліва.
Не, немагчыма ўявіць, каб хоць штосьці было непатрэбным,
Штосьці, што б даць не магло чалавеку бясспрэчнай карысці.
Тое ж — анёльскі сабор! Разважайма яшчэ раз пра гэта.
Тыя, для шчасця якіх усё ў свеце ўчыніў Бог Узвышні,
780 Тыя, каго Ён здаўна адарыў найвышэйшаю сілай,
Самі сабе памагчы сваёй шчырай малітвай не могуць,
Толькі адно павядзе за сабою Нябесныя Моцы:
Тыя, хто разам з Хрыстом сталі целам адным непадзельным.
Ён дзеля іх і прыйшоў, і спусціўся з высокага неба,
785 Трыццаць гадоў працярпеў для Сябе недастойныя рэчы,
Каб забяспечыць для іх найвышэйшыя гонар і славу.
Свету ўсяму паказаў Свае рукі на дрэве пакутным,
Члены, цвікамі працятыя, узнёс да журботнага неба.
Там, дзе ўзнікае паветра, якое зямлю абцякае,
790 Сонца злучылася з цемрай, зямля, здрыгануўшыся страшна,
Горы раскідала ўшчэнт ды разбіла высокія скалы
З жудасным грукатам, потым у попел рассыпала мармур.
Гэтак спазнала зямля на сабе Кроў святую Хрыстову,
Гэтак адчула, што Цела вышэйшага Творцы памерла
795 Разам з ліхімі зладзеямі. Сталася гэта папраўдзе,
Збыўся той дзень, а цяпер мы здзіўляемся з гэтага — толькі!
Самі ж не здольны цярпець, пачынаем у зайздрасці нашай
Гнацца за чымсьці ліхім, што не можа прынесці карысці.
Чэзлы лісток крапівы не падасць успамогі ў хваробе
Большай, чым Маці Хрыста нам дае сваёй велічнай ласкай,
З Ёю — усе, ад каго мы заўжды толькі добрае бачым.
<…>
Гэтага я і хацеў: расказаць пра святых хоць нямнога,
Колькі змагу, ды яшчэ, каб не шкодзілі тут Гіяцынту
Хоць бы ў святынях яго, што нямала для нас ён пакінуў,
Першым фундатарам быў… Дык уславім яго мы шматгучна:
Раз найвышэйшы наш Бог яму вечную славу прызначыў,
Будзе й народ наш заўжды яго помніць, — ці ж хто запярэчыць?
Славу і гонар здабыў ён ад даўняга прошлага часу,
Значыць, ніколі ў вяках не змарнее ягоная веліч! <…>
Пераклад з лаціны
Жанны Некрашэвіч-Кароткай
|