Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(41)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці

ПАКІНУЦЬ СЛЕД НА ЗЯМЛІ

РАДАСЦЬ ДУХУ
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады

«КВЕТАЧКI» ПА-БЕЛАРУСКУ

СВЯТЫ ФРАНЦІШАК
Паэзія

ОЙЧА НАШ...
ВЕРА & CULTURA
Нашы святыні
Мастацтва
Юбілеі

З ДАВЕРАМ ДА ІСНАГА
Пераклады

БЕЛА-ЧОРНЫ СВЯТЫ

УСІМ НАШЧАДКАМ
На кніжнай паліцы

ВЫЗНАЧАНЫМІ СЦЕЖКАМІ
Практыкум

КОДЭКС СВЯТАСЦІ
Мастацтва

МАЙСТАР СВЯТЛА

Ала СЯМЁНАВА

ВЫЗНАЧАНЫМІ СЦЕЖКАМІ

«Душа наша чакае Пана:
Ён — наша дапамога і абарона» (Пс 33, 20).

«Зраблю цябе мудрым і пакажу дарогу,
якою ты павінен ісці; я дам табе параду,
над табою будзе Маё вока» (Пс 32, 8).

Так, чакае душа людская высокай увагі і высокай ласкі. І высокай навукі. Вызначэння шляху жыццёвага.

...Меса Грыга, што была мрояй, і згадкай — гукі, якія можна было пачуць толькі тады, калі за арган мясцовага касцёла сядаў ксёндз Каятан, — гукі «ўзляталі высока», «у вышыню нябёсаў»... І згадваючы менавіта гэтую месу, юнак Бялыніцкі-Біруля адчуў «вялікую ўладу колераў і ўладу святла», «быў і здзіўлены і акрылены». І ці не менавіта тады вызначыўся яго жыццёвы шлях? Шлях мастака? Паводле знаку Звыш...

Віктар Карамазаў. Антон.
Аповесць-эсэ ў стылі рэтра.
Мн., 2006, выдавецтва
«Pro Christo».
І адчуў у пэўны момант такі ж знак нябёсаў хлопчык з вёскі Шчыглоўка, пазней — вучань Вітольда Бялыніцкага-Бірулі — Антон Бархаткоў. «...у тое лета адчуў, што ёсць воля вышэйшая. Яна ўсё рэзка змяняе».

І слынны сёння мастак Гаўрыла Вашчанка некалі пачуў гук трубы свайго анёла, арханёла Габрыэля, «магутнага і найдабрэйшага анёла». З цягам часу мастак спрабуе ўвасобіць гэта на карціне: «...нізка — зямля, высока — неба, пагоркі ў сівой мроі, над імі ў той самай сівізне блакіт паветра і ўжо ў залацістым ззянні раніцы, у глыбозным чыстым небе ляціць па-над зямной прасторай анёл са срэбнаю трубою».

...Кантрапунктна вызначае гэты момант навяртання, духоўнага ўзвышэння, паяднанасці з Богам у герояў сваіх кніг пісьменнік Віктар Карамазаў, аўтар аповесцяў-эсэ «Крыж на зямлі і поўня ў небе» (пра Вітольда Бялыніцкага-Бірулю); «Антон» (пра Антона Бархаткова), аповесці «Брама» (пра Гаўрылу Вашчанку).

Віктар Карамазаў — ці не адзіны беларускі празаік, які выпрабаваў сваё пяро ў жанры белетрызаванай біяграфіі майстроў выяўленчага мастацтва, дзе аб’ядноўваюцца і канкрэтыка фактаў жыцця, і мастацтвазнаўча-аналітычны і лірычны-філасофскі роздум. Аб’ядноўваюцца ў мастацкай тканіне твора.

Напісана Віктарам Карамазавым яшчэ і кніга пра Станіслава Жукоўскага, аднаго з самых вытанчана-паэтычных майстроў пэндзлю, неабвержна чароўнага ў сваёй настальгіі па рамантыцы фальваркаў і маёнткаў ХІХ стагоддзя. Праца чакае выдання.

Пра кожнага са згаданых мастакоў Віктар Карамазаў піша па-свойму, маючы на ўвазе і творчую манеру, і свядомасны ўхіл, і ментальнасць, і факты біяграфіі. І канкрэтыку сваіх суадносінаў з персаналіямі твораў. Часавую дыстанцыю і пэўную «ўнармаванасць», даследчыцка-мастацтвазнаўчую вызначанасць Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. І добрае знаёмства, сяброўскія адносіны — малодшага са старэйшым — з Антонам Бархатковым. І — няпростае спасціжэнне таямніцаў творчасці Гаўрылы Вашчанкі. У спосабе вызначыць для сябе і іншы сэнс яго карцін і манументальных твораў. У сузіральным вывучэнні, асабістых дыялогах, назіраннях, фактах.

Тут, у часопісе «Наша вера», у межах вызначанага фармату выдання і яго творчага кірунку і структурных асаблівасцяў, размова пойдзе пра кнігі «Антон» (рэдактар К. Лялько, мастацкі рэдактар І. Бархаткоў, тэхнічны рэдактар А. Глекаў) і «Брама» (рэдактар Л. Карамазава, дызайн К. Вашчанкі, тэхнічны рэдактар А. Глекаў).

Брама. Аповесць. Мн., 2006, выдавецтва «Кнігазбор».
...Прыязна-таварыская, з павагай да майстра і веданнем пытання, прадмета — гаворка пра Антона Бархаткова. Пра творчасць мастака. Пра сумесны ўдзел у пленэрах (Віктару Карамазаву не чужыя штудыі з пэндзлем). Пра адданасць мастака Антона Бархаткова школе перасоўнікаў: «На ўсё жыццё».

«Пісаць трэба з натуры, бо толькі ў прыродзе складанае ды гарманічнае асвятленне, усе дачыненні святла і формы...» Або: «...пейзаж адчуй душою і адчуванню свайму падпарадкуй усё — фігуры, лініі, прасторы, колеры». Так згадваў Антон Бархаткоў тых, у каго ён вучыўся. Прынамсі, тут — цытуючы А. Саўрасава.

І ўвесь час Антон Бархаткоў будзе згадваць Вітольда Бялыніцкага-Бірулю: «Гэтак і вучыўся — адразу ў дзвюх вучэльнях. Чатыры гады ў сурыкаўскай, а ў Бірулі — ўсё жыццё». Тымчасам Віктар Карамазаў заўважыць: «...школа перасоўнікаў не толькі расійская ці маскоўская, як імпрэсіяністы не адны французы. У Маскве была яе штаб-кватэра, а каранілася яна ў мастацкім мысленні ды адчуванні ўсяго ўсходнеславянскага свету». Ад сябе дадам — і заходнеславянскага — таксама.

... Калі глядзець на карціны Бархаткова, асабліва і найперш на пейзажы, нават толькі на рэпрадукцыях, багата пададзеных ў кнізе, дык бачым: так, школа Бірулі, школа перасоўнікаў. Добрая школа... А вызначыць гэта ў кнізе словам Віктар Карамазаў так: «... бялюткі снег, шэрыя хаты ультрамарынчык адбіваюць, далёкі ў сіняй мроі лес — колеры арганічныя, а сіні колер неба яднае зямное з нябесным, усе, якія тут і там, настроі, робіць зямны свет сусветам. Такая маладая напрадвесні мякката, сакавіцкая сінізна на хатах, платах, у слядах жывёлы, чалавека...» Віктар Карамазаў адчуе і пазначыць гэтае, са школы перасоўнікаў, школы Бялыніцкага-Бірулі: «... сіні колер, напружаны, мажорны, у багацці трапяткіх нюансаў, і нідзе не гучыць знарочыста, па-за разумнай мерай...» Углядацца ў карціны можна доўга, можна і доўга цытаваць Віктара Карамазава. Аднак хацелася б падкрэсліць, што і робіць пісьменнік: не толькі ў манеры пісьма адчуваецца школа перасоўнікаў. Яна і ў стаўленні да творчасці, да працы. Антон Стафанавіч (у кнізе Віктар Карамазаў, паводле беларускай традыцыі і завядзёнкі ў атачэнні мастака, называе яго дзядзькам Антонам, бацькам, Антонам), дык вось, Антон Стафанавіч абураецца запланаванай мітуснёю пленэра — «ад чаркі, ад скваркі да скваркі». «...на што змянялі мастацтва...» «Хіба гэта жывапіс?» «...няма часу душою адчуць матыў...» І рашуча абвяшчае: «Нікуды я не паеду». Школа Вітольда Каятанавіча Бялыніцкага-Бірулі. Якія мерапрыемствы? Ёсць — творчая праца.

Віктар Карамазаў пазначыць на тытульным лісце: «аповесць-эсэ ў стылі рэтра». Што ён тут меў на ўвазе? Ісці сцежкаю мастака — традыцыя, рэалізм, вернасць «натуры»? Вернасць тымчасовай манеры літаратурнага пісьма?

Так ці інакш — аповесць напісана ясна, даступна, так, каб было многім зразумела. Пісьменнік імкнецца выявіць, высветліць творчую і чалавечую адметнасць Антона Бархаткова. Яго цэласную, прыцягальна-светлую натуру, працавітасць, жыццёвы гарт — вясковы хлопчык, які рана страціў бацьку (айчымы не вельмі песцілі, ды і ад маці вялікай ласкі не бачыў), — дык вось гэты хлопчык дзе даехаў, дзе дайшоў — да навукі, да адукацыі. Адчуў прызванне — яшчэ там, у родных ваколіцах. Вось тое самае — моц Вышэйшай сілы. Даехаў да Масквы. Вучыўся. Працаваў. Вярнуўся на радзіму — наладжваў выставу беларускіх мастакоў у Маскве, ладаваў музей Вялікай Айчыннай вайны... Ствараў сваё... На роднай Бесядзі... На Міншчыне... У розных кутках радзімы... Мальберт, фарбы — і на пленэр... І так да апошніх дзён зямнога жыцця...

А ўвогуле... Акт жывапісу. Твор... Складаны момант...

Мастак спалучае, наслойвае, арганізоўвае ў сваім матэрыяле процьму задумаў, схільнасцяў, уяўленняў, вызначэнняў, пераўтварэнняў... Жывая і дзейсная шматзначнасць...

Розныя мастакі. Рознае светаўспрыманне. Розныя творчыя школы. Калі Антон Бархаткоў — прыхільнік толькі і выключна працы з натуры, дык Гаўрыла Вашчанка — майстр іншага стаўлення да творчасці, чалавек іншай мастацкай і жыццёвай ідэі, іншай мастацкай мовы. Як даводзіць аўтар кнігі пра Гаўрылу Вашчанку Віктар Карамазаў: «Пісаў з натуры, але пісаў і тое, што не ўкладалася ў канкрэтныя абрысы . Абстрактны роздум. У ім шукаючы ачышчэнне ды прасвятленне».

І шукае сваю сцежку празаік Віктар Карамазаў. Як высловіць сваё ўяўленне ад выявы? У іншай знакавай сістэме, у іншай, слоўнай, сістэме вобразаў? Улас Дарашэвіч, крытык таленавіты і іранічны, згадваў, што і Венеру Мілоскую можна апісаць так: «Дефектов в сложении не имеется, грудь развита нормально и, к сожалению, не хватает рук».

Патрэбна эстэтычнае чуццё. А і здольнасць прамовіць пра свае ўражанні. І канкрэтныя веды. І ўменне расшыфраваць, расчытаць мастацкі код — ярка, вобразна, цікава. Адчуць думку і эмоцыі. Стварыць постаць мастака, паказаць асобу, распавесці пра таямніцы творчасці, вызначыць канкрэтныя выявы, карціны, спалучыць размову пра духоўнае жыццё мастака і яго працу, дзе так блізка і філасофія, і інтэлектуальны пошук, і эмацыянальнае напружанне, і фізічныя высілкі, часам — цяжкія. Як сваё ўменне, свой духоўны і творчы вопыт, свае здольнасці вызначыць у сістэме каардынат іншага творчага вопыту, шукаць мастацкі сэнс у вышыні духоўных здзяйсненняў, у іманентнасці імправізацый, у жорсткай дысцыпліне прафесіяналаў? У фактах біяграфіі — знешніх і ўнутраных, свядомасна вызначаных?

Як? Гэта трэба чытаць аповесць-эсэ «Брама» — мастацкі роздум аб прыродзе творчасці, аб узаемазалежнасці і незалежнасці ўнутранага і знешняга вопыту. Аб духоўных вытоках і генетычных каранях паклікання мастака — пра гэта ў кнізе прамоўлена паэтычна, але на той ноце, што не саслізгвае ў ненатуральную патэтыку, шукае раўнавагу паміж узнёсласцю роздуму і выверанай канкрэтыкай фактаў.

Мы даведаемся і пра паляшуцкія карані Вашчанкі, і пра яго штудыі ў Кіеве і Львове. І пра яго настаўнікаў. І пра Гаўрылу Вашчанку — настаўніка і мастака адначасова. «Я вучыў маладых, а яны вучылі мяне», — працытуе Віктар Карамазаў словы мастака. І пазначыць — зноў словамі Вашчанкі — тую неаспрэчнасць інтуіцыі і прафесійных ведаў, натхнення і разліку. «Ваш ідэал — мастацкая інтуіцыя, і вы спасылаецеся на Мікеланджэла? Так, гэта геній інтуіцыі... І вы не бачыце ўсюды дакладна разлічаных формаў і кампазіцый?.. Шасціметровы гігант «Давід» стаіць стагоддзі на каркасе адной інтуіцыі?»

... Пісьменнік Карамазаў красамоўна апісвае з’яўленне і стварэнне многіх твораў Гаўрылы Вашчанкі. Знакамітыя «Цыкламены». Не вельмі шанаваны ў пару яго стварэння жанр — нацюрморт. Але ж быў атрыманы медаль. І карціну набыла Траццякоўка. Віктар Карамазаў дасць нам адчуць стыхію творчасці, палон натхнення, чар, одум фарбаў, палёт думкі і фантазіі, дзе пануюць жывыя колеры, «адчуванні вясны», тое, што ад «улады свайго ўнутранага зроку». «Самапартрэт душы» мастака.

Віктар Карамазаў не толькі адчувае, але і зрокава перадае сэнс твораў Гаўрылы Вашчанкі, іх водар, настрой... Перад намі паўстаюць жывапісныя палотны «Сакавік», «Жніво», «Маё Палессе», «Хлеб»... Роспіс «Асветнікі» ў Доме настаўніка ў Мінску... І пісьменнік пазначыць: Вашчанка — мастак, мысляр, асветнік... А яшчэ — дойлід і прараб. А бывае — чорнарабочы...

І — сейбіт. Змагар. Той, што скідае маску за маскай з магутнага «падцарка», падсвечваючы на гадзінніку на карціне сапраўдныя колеры часу будучыні. Той, які пазначыць, што народ і пушча — узрушаная вайной стыхія. Той, што пабачыць кругі бяды вясковай жанчыны...

І — чалавек — вандроўнік. Улюбёны ў Беларусь. У яе зямлю, яе краявіды. Яе неба. Улюбёны ў роднае Палессе.

Віктар Карамазаў пакажа нам падарожжа мастака па родным краі — з жонкай і сынам. Згадае па-мастацку пра роднасць душаў, памкненняў, спакойную неадменнасць адносінаў.

...Палессе — вечная дума і вечная радасць беларуса... Палымнеючае хараство Быцця. Карціна «Брама». І вечны боль — «Зорка Палын». І думкі... Роздум... Парыванні... Адчуванні... Як на гэтай выяве, дзе «молада-гарачыя, у чырвона-белым вольным ветры... постаці коней. Самой прыроды»... Тоеснай прыродзе мастака Гаўрылы Вашчанкі, якую адчуў і перадаў чытачу мастак Віктар Карамазаў, пазначыўшы сваю размову пра мастакоў думкай пра еднасць чалавека і прыроды, пра адказнасць таленту, пра вызначанасць творчага шляху... «Навучу цябе і пакажу табе сцежку...»

А і мы пакрочым тымі сцежкамі... Сцежкамі хараства... Вызначанымі Вышэйшай Воляй.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY