|
|
№
3(41)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці
На кніжнай паліцы
Ad Fontes
Пераклады
Паэзія
ВЕРА & CULTURA
Нашы святыні
Мастацтва
Юбілеі
Пераклады
На кніжнай паліцы
Практыкум
Мастацтва
|
Святы Францішак Асізскі (сапраўднае імя Джавані Бернардонэ) займае асаблівае месца ў гісторыі еўрапейскага хрысціянства. Яго любоў да чалавека і да Бога, яго месіянерства, яго клопат пра чысціню веры адразу знайшлі водгук у сэрцах мноства прыхільнікаў. Захавалася некалькі жыццяў святога, якія пачалі ствараць ці не адразу пасля яго смерці (самыя вядомыя належаць пяру Тамаша Чэланскага (Тамазо да Чэлана), але, бадай, найбольшую народную любоў атрымалі «Кветачкі», невялікія апавяданні з жыцця святога Францішка і яго паплечнікаў. Гэта пераклад, зроблены невядомым аўтарам, хутчэй за ўсё тасканскага паходжання, арыгінальнага лацінскага тэксту Actus beati Francisci et sociorum eius, напісанага ці, прынамсі, як лічаць даследчыкі, распачатага францішканінам Угаліна з Монтэджорджа на мяжы ХІІІ і ХІV стагоддзяў. Сам жа тэкст на італьянскай мове даследчыкі датуюць канцом ХІV ст. У яго назве — I Fioretti — падкрэсліваецца, што гэта florilegio — анталогія, збор эпізодаў з жыцця святога Францішка, падабраных з пэўнай скіраванасцю. На думку даследчыкаў, аўтар па сваіх поглядах быў блізкі менавіта да першапачатковай ідэі беднасці, якую і спавядаў знакаміты святы. Ідэя перакласці «Кветачкі» святога Францішка не адзін год лунала ў беларускім паветры, і асабіста мне яна здалася прывабнай не толькі таму, што гэты твор мае рэлігійную, гістарычную і літаратурную вартасць, але яшчэ і таму, што і постаць святога, і месца яго нараджэння пакінулі ў мяне незабыўнае ўражанне яшчэ падчас самага першага наведвання Італіі. Больш за тое, калі ў выніку землятрусаў 1997 года разбуралася Верхняя базыліка, я знаходзілася ў непасрэднай блізасці ад Асізі і ўсе штуршкі адчувала ўласнай скурай.
Згаданыя падзеі падштурхнулі мяне да вывучэння жыцця і літаратурнай творчасці святога Францішка, а таксама да роздумаў пра сапраўдныя каштоўнасці. Менавіта гэтаму ў першую чаргу сучасны чалавек можа навучыцца ў святога Францішка. А яшчэ — любові да свету і да людзей. І ўдзячнасці Богу за сваё жыццё і за тое, што чалавек мае. Бо, напэўна, адна з найгоршых заганаў чалавека — няўдзячнасць. Безумоўна, не ўсе здольныя ісці па шляху святога Францішка, не ўсе здольныя адмовіцца ад зручнасцяў цывілізацыі, урэшце, у кожнага свая місія ў гэтым свеце, але, напэўна, трэба проста памятаць, што ёсць галоўнае, а што другаснае. І старацца дапамагаць тым, хто побач, як гэта рабіў святы Францішак. Асоба «слаўнага нябогі Хрыстовага» прываблівала многіх інтэлектуалаў і дзеячаў мастацтва. Над роспісам дзвюх базылікаў у Асізі працавалі найлепшыя мастакі таго часу: Джота, Чымабуэ, Сімоне Марціні і іншыя2. Дантэ прысвяціў святому Францішку адзінаццатую песню Раю «Боскай камедыі», дзе адлюстроўваў сваё бачанне яго жыццёвага шляху і той ролі, якую ён адыграў у аднаўленні Касцёла: У мінулым стагоддзі святы Францішак стаў адным з герояў кінематаграфічных стужак, знятых Л. Кавані і П.-П. Пазаліні. Увогуле, можна было б прысвяціць асобны артыкул філасофскім і мастацкім тэкстам, прысвечаным падзвіжніку з Асізі, аднак эсэ Гілберта Кійта Чэстэртана (1874–1936) «Святы Францішак», урывак з якога ў перакладзе Надзеі Кандрусевіч таксама прапануецца чытачам, заслугоўвае асаблівай увагі. Яго аўтар — англійскі хрысціянскі мысляр, журналіст і пісьменнік — спачатку належыў да англіканскай царквы, але ў 1922 г. перайшоў у каталіцтва. Г. К. Чэстэртанам напісана каля некалькі сотняў вершаў, двухсот апавяданняў, чатырох тысяч эсэ, п'есы, раманы, а таксама шэраг рэлігійна-філасофскіх трактатаў. У эсэ, прысвечаным cвятому Францішку, аўтар засяроджвае ўвагу на актуальнасці вучэння святога, яго сугучнасці гуманістычным ідэалам сучаснасці, дапамагае глыбей зразумець яго асобу. Спадзяюся, што пераклад «Кветачак» святога Францішка на беларускую мову дапаможа беларускім чытачам бліжэй пазнаёміцца з гэтым легендарным чалавекам і прасякнуцца духам той любові, якую святы Францішак нястомна нёс людзям. Тым больш што акурат сёлета адзначаецца 800-годдзе навяртання святога Францішка.
Гл. таксама:
|
|
|