|
|
№
3(41)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці
На кніжнай паліцы
Ad Fontes
Пераклады
Паэзія
ВЕРА & CULTURA
Нашы святыні
Мастацтва
Юбілеі
Пераклады
На кніжнай паліцы
Практыкум
Мастацтва
|
ДА 90-ГОДДЗЯ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ
ЯНКІ БРЫЛЯ
Літаратурны ландшафт ХХ стагоддзя немагчыма ўявіць без прыкметнай здалёк постаці Янкі Брыля, якому ў гэтым жніўні споўнілася б 90. Сапраўднага волата, светлага, мудрага, усмешлівага, цікаўнага і зычлівага, які сваёй знешнасцю радэнаўскага мысляра адпавядаў каласальнай моцы чагосьці новага ў беларускім духу, што выявілася ў яго творчасці. З Брылём у нашу літаратуру ўварваўся вялізны натоўп людскіх тыпаў, шматгалоссе беларускай гісторыі, стракаты свет сучаснага чалавецтва. За сваё жыццё ён столькі пабачыў усяго ўсякага, гэтулькі перажыў і перадумаў, што каму іншаму хапіла б на некалькі жыццяў. Уражвае ягоная чалавечая цікаўнасць да новага, падмацаваная прафесійным захапленнем збіральніка «сонечных праменняў», які дабраслаўляе ўсё існае і ўспрымае ісціну як вяршыню, куды трэба ўпарта ўзбірацца, азіраючыся час ад часу ў мінулае і кідаючы вокам наперад. Янка Брыль успрымаў жыццё як творчасць, а творчасць як жыццё. Ён ці не штодня, пакуль была змога, выходзіў у свет, які хутка змяняўся, дабраславячы яго, набліжаючыся да яго ў прыўзнятым душэўным настроі, вывяраючы сваё самаадчуванне гутаркамі з сябрамі і калегамі, якіх ахвотна наведваў у іх рэдакцыях і выдавецтвах, якім тэлефанаваў, прачытаўшы новую кнігу і жадаючы праверыць свае ўражанні ад прачытанага, напаўняючыся штохвіліны мільёнамі батаў эмацыйнай інфармацыі, якая неўзабаве пераўвасоблялася ў яскравыя вобразы і дзівосныя сюжэты. Да існага ў жыцці трэба ісці з вялікім даверам, інакш немагчыма зразумець яго веліч і глыбіню. Існае адкрываецца толькі перад тымі, у каго адкрытая і шчодрая душа, хто жыве невычэрпнаю прагаю навізны, каму невядомыя страх перад штодзённымі выпрабаваннямі і боязь перад небяспекай. У дзяцінстве Брыль разам з бацькамі з паўднёвай адэскай экзотыкі нарэшце дапаў да роднай вёскі Загора, якая стала яго радзімай, дзе ён спачатку «У сям’і» адчуў смак да ўсяго роднага, непаўторна беларускага, каб пазней яшчэ не раз угледзецца ў «Золак, убачаны здалёк». У маладосці Брыль разам з сябрам на ўсё жыццё Уладзімірам Калеснікам аб’ехаў на ровары мясціны баявой партызанскай славы, каб на свае вочы пабачыць, што адбываецца «На Быстранцы» і ці сапраўды «У Забалоцці днее». Пазней, у пару жыццёвай і творчай сталасці, Брыль выкарыстоўваў любую магчымасць, каб пабываць у блізкім і далёкім замежжы, бо толькі здалёк, на адлегласці, добра бачыцца Беларусь ва ўсёй сваёй шырыні і харастве. Няма такога кантынента, акрамя толькі бязлюднай Антарктыды, дзе не ступала нага нястомнага следапыта, які выдатна ведаў, што «Душа — не падарожніца», і напісаў радкі, вартыя самога Фламарыёна, фантаста і вандроўніка: «...Тады яе, нашай любай і страшнай Зямлі, яшчэ ніхто не бачыў зводдаль, у блакітным ззянні. Самотная, яна паволі, вусцішна круцілася ў чорнай бездані, загадкава паслухмяна і вельмі дакладна паварочвала да святла то адзін, то другі бок жывога глобуса, мокрага ад крыві і шурпатага ад руін». «Падарожжа ў найлепшае» — так называецца першая частка рамана «Птушкі і гнёзды», дзе аўтабіяграфічны герой перажывае нанава, ва ўспамінах, сваё маленства. «Нічога, што свет яго быў тады абмежаваны роднай вёскай, мястэчкам і горадам, дзе ён вучыўся, другім горадам, дзе пачалося яго жыццё, і берагам мора, якое час ад часу б’ецца ў памяці сонечна-сінім прылівам». Нездарма герой менавіта ў гэты момант згадвае славутага вандроўніка Фламарыёна, які, «паблукаўшы па розных планетах, напаіўшы душу сусветным захапленнем, вельмі шмат таямніц і хвалюючай прыгажосці знайшоў у простай гісторыі шэранькага салаўінага гнязда». Выразная паралель з яго ўласным лёсам тым больш уражвае, што Фламарыён перажываў сваю адзіноту і самоту ў космасе, а адначасова і смяротную тугу па роднай зямлі яшчэ ў дакасмічную эру. У першай палове 1970-х гадоў, сумесна з Алесем Адамовічам і Уладзімірам Калеснікам, сябрамі-літаратарамі і былымі партызанамі, Янка Брыль аб’ехаў усю Беларусь, абышоў папялішчы спаленых нямецкімі карнікамі беларускіх вёсак, выслухаў вусцішныя апавяданні апошніх сведкаў беларускага Апакаліпсісу, запісваючы іх на магнітафонную стужку, а затым яшчэ раз, па чарзе з сябрамі па пяру, слухаючы перад тым як прадыктаваць пачутае, слова за словам, радок за радком, машыністцы. Так нарадзілася дакументальная кніга «Я з вогненнай вёскі...», якая стала літаратурнай сенсацыяй, абышла ў перакладах увесь свет і «якой не магло не быць», як пісалі пазней крытыкі. Але якой насамрэч магло і не быць, каб беларуская зямля не дала свету такіх майстроў слова і такіх чулых да людскога болю грамадзянаў, як Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік. Катэгорыя адсутнасці таго, што ўжо адбылося, дапамагае гэта зразумець. Кожны з іх адольваў сваё ўтрапенне і свой боль, адыходзіў ад пачутага людскога болю па-свойму, адпаведна з жыццёвым вопытам, асабістым характарам і мастацкім талентам. Алесь Адамовіч пісаў раман «Карнікі», прагнучы «дадумаць да канца» пытанне, якое не аднойчы чуў ад людзей «з вогненных вёсак»: «Хто яны, людзі-нелюдзі?». Уладзімір Калеснік няўрымсліва шукаў сведкаў, якія ведалі, памяталі Уладзіміра Жылку, каб напісаць раман-даследаванне «Ветразі Адысея». Душа Янкі Брыля прагнула душэўнай раўнавагі, гармоніі светлага і змрочнага, добрага і ліхога, якія ён бачыў у беларусах, а ў выніку ўзнікла аповесць «Ніжнія Байдуны». У сусветнай літаратуры, з якой выдатна быў знаёмы Янка Брыль, нешта такое ўжо здаралася: французскі празаік Рамен Ралан, страшэнна змораны шматгадовай працай над цыклам раманаў «Жан-Крыстоф», адчуў патрэбу ў рэкрэацыйным, ачышчальна-творчым смеху і напісаў аповесць «Кала Брун’ён», пранізаную «гальскай весялосцю», і гэта пасля трагедый, перажытых Францыяй у гады Першай сусветнай вайны, гісторыю, расказаную вялікім фантазёрам і брахуном, веселуном і аптымістам, самім Кала Брун’ёнам «пахучай моваю», «без фігавага лістка», «з бургундскай соллю» пра тое, што такое насамрэч французскі характар. Байдуны, блазны, веселуны, гаваруны, пустабрэхі, гумарысты — частыя госці ў беларускім фальклоры, у творах беларускіх камедыёграфаў. Цэлы натоўп такіх смяшлівых байдуноў-самахвалаў і брахуноў-самасуяў высыпаў на старонкі аповесці Брыль, каб расказаць «ад першае асобы» пра сябе і свой час, не чакаючы, што нехта апярэдзіць іх саміх і раскажа, але раскажа зусім не так, як яно ўсё было ў жыцці, бо галоўнае распавесці так, каб было смешна і дасціпна. Смех — амаль па Гогалю — і ёсць галоўны герой брылёўскай аповесці. Любоў да смешнага — ў крыві ніжнебайдунцаў. Гэта рыса кідаецца ў вочы адразу і трапна выяўляе адносіны гэтых людзей да свету, у якім ім выпала доля нарадзіцца і жыць. У Ніжніх Байдунах усё вельмі лёгка і хутка ператвараецца ў смех, і няма анічога такога, што не магло б стаць аб’ектам вясёлых жарцікаў, нязлога пакеплівання, здзеклівай заўвагі, трапнага слоўца. Самае сур’ёзнае ў вёсцы, бадай што, гэта смех, «той смех, які ўвесь вылятае з светлай прыроды чалавека, вылятае з яе таму, што на дне яе знаходзіцца вечна жывая крыніца яго» (М. Гогаль). Калі ты не разумееш смеху, дык табе лепш не нараджацца на белы свет, бо цябе дастануць вынаходлівымі мянушкамі, падхопяць любое тваё слова, дададуць ад сябе і вернуць яго табе ў такім выглядзе, што ты закаешся навекі раскрываць лішні раз рот без патрэбы. Смех ніжнебайдунцаў выяўляе тое, што ў савецкія часы называлі актыўнай жыццёвай пазіцыяй, што раскрывае жыццёвыя супярэчнасці паміж знешнім і ўнутраным, зместам і формай, з’явай і сутнасцю. Смех, свабодны, нязмушаны, дапамагае вяскоўцу жыць. Смех, жарт, досціп, вясёлая прыпавесць, народны анекдот дапамагалі жыць і быць заўсёды на духоўнай вышыні і самому аўтару гэтай карнавальнай аповесці. Вось узор «з таго, што часта і весела ўспамінаецца, што добра бачыцца — адно здалёк, другое зблізку»: «Гнеды ў старога Качкі быў сляпы, з гасцінца яго трэба было паварочваць ляйчынай. А гаспадар і сам не бачыў на правае. Пра іх з канём гаварылі: «адно на двух». Цяжэй сказаць, як там яны дзялілі сваё хваляванне. Зрэшты, у тую ноч, калі на свеце гула і падвывала белая завірушная цемра, Захар Іванавіч Качко (так ён любіў называцца) вяртаўся з карчмы пехатою. Доўга ішоў з мястэчка, нялёгка, з блытаннем ног і адпаведным унутраным маналогам. Урэшце сяк-так набрыў на слуп каля павароткі і, шчасліва абняўшы яго, прытуліўшыся да сцюдзёнай драўніны аброслай шчакой, ціха, пяшчотна спытаўся: — Чы тутэй весь Дольнэ Байдуны? Спытаўся на мове тады афіцыйнай, бо гэта — з краіны майго маленства, з палавіны дваццатых, заходнебеларускіх гадоў. Колькі часу мінула, а згадваеш тое пытанне амаль кожны раз, калі маўклівы слуп на паваротцы набліжаецца да цябе, калі на яго адзіным выцягнутым драўляным рукаве зноў праяўляецца надпіс — імя нашай вёскі, ужо даўно па-свойму, як у загалоўку». У герояў Брыля дзве бацькаўшчыны: адна — гэта родны куток, дзе яны нарадзіліся, а другая — таямнічы сусвет духу, які можа пабачыць толькі ўважлівае вока пісьменніка і пачуць яго чулае вуха. Чалавек у сваіх духоўных пошуках — у мінулым з пункту погляду сучаснасці і ў сучаснасці з пункту погляду мінулага і будучыні — ажыццяўляе сваю боскую прыроду ў большай меры, чым тады, калі жыве штодзёншчынай, гаспадарчымі і побытавымі клопатамі. Праца душы Янкі Брыля здзяйснялася з таго моманту жыцця, калі ён убачыў іншага чалавека, свайго вяскоўца, бацькоў і сваякоў, шматгалосае людское мноства ў войску, у нямецкім канцлагеры, у партызанскім лесе... Чытаючы яго творы — год за годам, дзесяцігоддзе за дзесяцігоддзем — мы трапляем у іншасвет беларускага духу, які дапамагае нам спасцігнуць жыццё і лёс, трагедыю і камедыю зямнога існавання тысяч і тысяч пакутнікаў усіх часоў і народаў, якія ўзнімаліся вышэй за сваю фізічную прыроду і шукалі вышэйшую ісціну. Так працавалі духоўна і разумова многія выдатныя папярэднікі Янкі Брыля, шукальнікі, пілігрымы, філосафы, паэты. Сам Брыль выйшаў з беларускай вёскі, але рана адчуў у сабе прагу сэнсоўнага існавання, пацягнуўся да кніг, да разумных людзей, якіх шукаў і знаходзіў паўсюль, дзе жыве чалавечая прага духоўнасці. Узыходзячы, як Заратустра, у горнія вышыні, ён урэшце спускаўся ў даліну, ішоў да людзей, нёс ім тое, што было ў ім адпачатку і разгарнулася ў ходзе пошукаў. Ён нёс сваім суайчыннікам, лепшым прадстаўнікам іншых народаў і культур радасную вестку пра сваё адкрыццё чалавека ў чалавеку, пра тое, што сонечныя промні, асвятляючы хаатычнае і абсурднае зямное быццё, ператвараюць усё навокал і нагадваюць пра сэнсоўнасць існага, пра магчымасць свята. Усё, пра што апавядаў Янка Брыль, з чым прыходзіў да сваіх чытачоў, уражвае сваёй прастатой, яснасцю, сонечным святлом, святочнасцю. Ён ведаў цану чалавечаму інтэлекту, любіў філасофію зямных мудрацоў, але ў звыклай рэальнасці знаходзіў, выхопліваў з яе жыццёвыя ўзоры духоўных стасункаў з іншымі людзьмі, з прыродай, з культурай. Нябеснае ён бачыў у зямным, бясконцае — у канечным, вечнае — у мімалётным. Адсюль небывалае багацце яго назіранняў, запісаў убачанага і пачутага, малюнкаў, эпізодаў і сцэн, дыялогаў і палілогаў, людскога шматмоўя і жыццёвай шматфарбнасці. Кнігі Брыля можна разгортваць на любой старонцы і заўсёды знаходзіць патрэбнае душы, як хлеб надзённы. Гэта не проста вынік засяроджанай на з’яве думкі, сканцэнтраванай на таямніцы медытацыі, не проста імгненная фіксацыя мімалётнага на фотастужцы, а сустрэча з самім сабой, з іншым, у кім адчуваеш прысутнасць боскага. Гэта тое самае дабро, якое даецца дарам, ад душэўнай шчодрасці, бо дадзенае аддаецца. Чалавек з пункту погляду прыродазнаўчых навук (фізіялогіі, медыцыны, фізікі, хіміі, кібернетыкі) — гэта так мала, жменька попелу. Ягоная фізічная істота такая кволая — аднаго ўдару, адной кулі досыць, каб чалавека не стала. Аднак жа сусвет нездарма задуманы і здзейснены Творцам так, што, калі б формула вадароду хоць на электрон была іншай, то чалавека, разумнай істоты проста не з’явілася б у выніку касмічнай эвалюцыі і бясконцай ланцуговай рэакцыі. Ёсць чалавечая асоба і ёсць чалавечая годнасць — гэта мала і гэта шмат. Чалавечае ў свеце і сусветнае ў чалавеку выяўляюцца ў бясконцасці жыццёвых з’яваў. П’яны хацеў паказаць малым вельмі смешнае. Схапіў сабачку за хвост, разматаў вакол сябе, каб шпурнуць у раку, але выйшла наадварот — цюцька на бераг паляцеў, а дурань — у плашчы, без шапкі, пад гальштукам — у неглыбокую і гразкую ваду. Бурная радасць дзяцей». «Падумаў: “А ўсё-ткі старэю...” І пастарэў яшчэ на некалькі хвілін. Ну, дык ці ж варта думаць пра гэта?» Бабка прайшла, услед за многімі, Зямля ўсё круціцца, ідуць другія бабкі...» Гістарызм мыслення пісьменнік разумеў шырэй, чым адно цікавасць да гісторыі. Прысутнасць Вялікага Часу ён адчуваў у гістарычнасці звычайнага чалавечага існавання. Кожны пражывае ў цесным прамежку паміж мінуўшчынай і будучыняй тое няўцямнае і важнае жыццё, якое называецца цяпершчынай. Пісьменнік жа свядома імкнецца ўвесь час знаходзіцца ў мейнстрыме руху, злучыць «парваную сувязь часоў», засцігнуць рэальнасць у той міг, калі яна здзяйсняецца. У Брыля, жывога чалавека і прафесійнага літаратара, выпрацавалася дакладнае адчуванне, калі нешта сканчваецца і калі нешта пачынаецца. У адрозненне ад многіх сваіх калегаў, ён надзвычай востра адчуў хуткаплыннасць жыцця ў апошнія дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя і адэкватна рэагаваў на змены. Адна за адной выходзілі ў апошнія гады жыцця Янкі Брыля ягоныя кнігі «Вячэрняе» (1994), «Пішу як жыву» (1994), «Дзе скарб ваш» (1997), «З людзьмі і сам-насам» (2003), «Блакітны зніч» (2004), «Парастак» (2006). У першыя з іх увайшло многае, што не магло з’явіцца ў друку па ідэалагічных прычынах раней. Часцей за ўсё, гэта старонкі, прысвечаныя балючым праблемам беларускай мовы, гісторыі, літаратуры, культуры, адносінам да ўсяго беларускага асобных пісьменнікаў, тагачасных прадстаўнікоў улады, шматлікіх чыноўнікаў. Так адбывалася адкрыццё ценевага боку існавання савецкага грамадства перыяду «рэальнага сацыялізму». У гэтых кнігах значна пабольшала скрухі і сарказму, многія характарыстыкі «адмоўных герояў» свайго часу, чые імёны і прозвішчы альбо названыя, альбо досыць лёгка ўгадваюцца, гучаць надзвычай з’едліва, як прысуд самой гісторыі. У пісьменніка адна мэта: назваць усё сваімі імёнамі. Янка Брыль, якім мы яго ведалі і любілі і якім яго ведаем і любім, мае на гэта права. Творчасць Янкі Брыля насычаная глыбокім і часта горкім роздумам над сваім векам, над перажытым беларусамі. Яна вельмі асабістая і адначасова выразна грамадзянская, пазначаная гуманістычным пафасам. Слынны брылёўскі лірызм і філасафізм, ягоны гумар і досціп дапамагаюць сучаснай беларускай літаратуры выбавіцца ад псеўдапафаснасці, стылёвай напышлівасці. Яго творы сцвярджаюць маральную і эстэтычную каштоўнасць жыццёвага досведу асобы. На многія пастаўленыя ў апошніх кнігах Янкі Брыля пытанні адказаў няма і наўрад ці яны з’явяцца. Вось некаторыя з гэтых пытанняў: Якія тэмы, якія на іх павінны быць, прыйсці пісьменнікі!..» Вялікі Чытач — а ягонае з’яўленне ці не адна з самых важкіх заслугаў пісьменніка Янкі Брыля — ацэніць адзін з апошніх запісаў у гэтай кнізе:
|
|
|