Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(41)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці

ПАКІНУЦЬ СЛЕД НА ЗЯМЛІ

РАДАСЦЬ ДУХУ
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады

«КВЕТАЧКI» ПА-БЕЛАРУСКУ

СВЯТЫ ФРАНЦІШАК
Паэзія

ОЙЧА НАШ...
ВЕРА & CULTURA
Нашы святыні
Мастацтва
Юбілеі

З ДАВЕРАМ ДА ІСНАГА
Пераклады

БЕЛА-ЧОРНЫ СВЯТЫ

УСІМ НАШЧАДКАМ
На кніжнай паліцы

ВЫЗНАЧАНЫМІ СЦЕЖКАМІ
Практыкум

КОДЭКС СВЯТАСЦІ
Мастацтва

МАЙСТАР СВЯТЛА

ДА 750-ГОДДЗЯ СМЕРЦІ СВЯТОГА ГІЯЦЫНТА (ЯЦКА)

Мацей МЮЛЛЕР

БЕЛА-ЧОРНЫ СВЯТЫ

Ён быў першым польскім дамініканцам, вучнем самога св. Дамініка. Маючы глыбокую адукацыю, практыкуючы ўбоства, ён падарожнічаў па Польшчы, засноўваў кляштары і навяртаў паганцаў. Жыццё гэтага святога было багатае на таямнічыя здарэнні і абрасло легендамі.

 
«Звычайна яго называлі Яцкам, па-сапраўднаму ж — Гіяцынтам. Гэта добра характарызуе яго, бо праз паслухмянасць сэрца ён быў пакорліваю раслінаю, праз сціпласць цела — кветкаю, а праз сваё добраахвотнае ўбоства — пурпуровым», — так патлумачыў імя св. Яцка яго найважнейшы біёграф, які жыў у ХІV ст., Лектар Станіслаў.

Нарадзіўся будучы святы, найбольш верагодна, у 80-я гады ХІІ ст., у багатым родзе Адрованжаў. Яго найвыдатнейшы тагачасны прадстаўнік, Іва Адрованж, на пераломе стагоддзяў завёз здольнага пляменніка ў Кракаў і заахвоціў да спасціжэння навук у катэдральнай школе. Падчас навучання Яцак вырашыў уступіць у шэрагі духавенства. Дзядзька, які ў той час прыняў кракаўскае біскупства пасля Вінцэнтага Кадлубка, прызначыў яго на пасаду катэдральнага каноніка. «Можна дапусціць, што Іва рыхтаваў Яцка ў якасці свайго наступніка», — гаворыць а. Томаш Галушка, гісторык кракаўскага канвента дамініканцаў.

У 1219 г. Іва, накіроўваючыся ў Рым, уключыў Яцка ў сваю світу. У Вечным горадзе тады знаходзіўся св. Дамінік з некалькімі братамі. «Біскуп і яго таварышы сталі сведкамі цуду: Дамінік аздаравіў чалавека, які паміраў, сваяка аднаго з кардыналаў, — расказвае а. Галушка. — Іва падышоў да яго і сказаў: «Я б хацеў мець братоў дамініканцаў у Польшчы». Дамінік адказаў: “Калі дасі мне братоў славянаў, ахвотна навучу іх і адашлю да цябе”».

Ад світы кракаўскага біскупа адлучыліся Яцак, Чэслаў (таксама Адрованж, будучы благаславёны і патрон Вроцлава) і Герман. У рымскім касцёле св. Сабіны Дамінік апрануў іх у белыя манаскія габіты і чорныя капы. Яны адправіліся — пешшу і на жабрачым хлебе — у дамініканскі кляштар св. Мікалая ў Балоньі.

 
Гвардыя Касцёла

Вяртаючыся на польскія землі, св. Яцак вёз у кайстры юрыдычны дакумент. Ён атрымаў яго ад Папы Грыгорыя ІХ, вялікага заступніка дамініканцаў. Тэкст пачынаўся са словаў: «Калі на свеце запанавала беззаконне, калі любоў змерзла, Бог паслаў на свет братоў дамініканцаў, каб яны знішчалі зло ерасі і вырывалі з карэннямі кожную сапсаванасць». «Гэта была т. зв. рэкамендацыйная була — тлумачыць а. Галушка. — Яна дазваляла братам бяспечна ўваходзіць у гарады, праломваць лёд і засноўваць канвенты. Для біскупаў і прэлатаў гэты дакумент быў выразным сведчаннем: за намі стаіць Папа. Але, насуперак знешнім уяўленням, ён не даваў інквізіцыйнай улады».

У 1221 г. тры польскія браты прыбылі ў Кракаў. Дакумент, які прывёз Яцак, даў магчымасць біскупу Адравонжу пераканаць капітулу ў неабходнасці ахвяраванняў на канвент Найсвяцейшай Тройцы. Ён перадаў дамініканцам маленькі драўляны касцёл (які стаяў на месцы прэзбітэрыя сённяшняй святыні). Яцак параіў істотна развіць яго будоўлю. Гараджане-кракаўцы дапамаглі ўзвесці кляштарныя збудаванні, а Іва, верагодна, даставіў першыя кнігі ў бібліятэку. Пачаліся пакліканні.

«Прыбыццё дамініканцаў — гэта адзін з першых прыкметных выпадкаў цывілізацыйнага павароту Кракава ў Еўропу, — падкрэслівае а. Галушка. — Гэта была эліта найвышэйшага класу, папская світа і гвардыя Касцёла».

Ордэн быў створаны ў 1216 г., калі св. Дамінік дэ Гусман, канонік з Осмы, усвядоміў, што Касцёл не спраўляецца з цудоўна адукаванымі кіраўнікамі ерэтыкоў. Ён вырашыў фармаваць і высылаць у свет падрыхтаваных да складаных дыспутаў братоў прапаведнікаў. Жывучы ва ўбостве, якога св. Дамінік патрабаваў ад сябе і клеру, яны інтэлектуальна пераўзышлі шаноўных прэлатаў і канонікаў.

Св. Яцак па прыкладзе Дамініка чэрпаў сілы ў малітве. Паводле крыніцаў, ён дзяліў з Богам усялякія цяжкасці і радасці ў кантэмпляцыі. Аднойчы, неўзабаве пасля прыбыцця ў Кракаў, молячыся ў капліцы Унебаўзяцця (у месцы цяперашняй закрыстыі), ён перажыў бачанне. «Заўважыў, як з алтара праменіць святло незвычайнай моцы, у якім з’явілася Благаслаўлёная Панна і сказала яму: “Сыне Яцку, весяліся, бо твае малітвы любыя перад абліччам Сына майго, і калі што папросіш пад маім заступніцтвам, будзеш выслуханы”», — запісаў Лектар Станіслаў. «Гэта, сапраўды, адзінае аб’яўленне Марыі ў Кракаве, — падкрэслівае а. Галушка. — З таго часу атрыбутам св. Яцка стала аб’яўленая Марыя. Так паказаў яго, напрыклад, Томаш Долабелла і нават Эль Грэко.

 
Таямнічая скульптура

Св. Яцак нядоўга знаходзіўся ў Кракаве і не пажадаў заняць пасаду кіраўніка. «Ён выкарыстоўваў спецыфічную тактыку заснавання канвентаў, — гаворыць а. Галушка. — Прыходзіў у горад, збіраў некалькі братоў і жыў з імі, а сіла сведчання была настолькі моцнаю, што ў хуткім часе шматлікія ксяндзы і клерыкі прыходзілі, каб прыняць дамініканскія габіты. Тады Яцак выпраўляўся далей».

Каля 1230 г. ён выбраўся з місіяй на Русь, у Кіеў. Усход Еўропы быў тады яшчэ моцна паганскі, там расло шмат свяшчэнных гаёў, а ў іх стаялі статуі з чатырма тварамі. У гарадах пераважала праваслаўе. «Але наўрад ці Яцак займаўся празелітызмам, — усміхаецца а. Галушка. — Ён дзейнічаў тыпова дамініканскім спосабам, які заключаўся ў фармаванні тых, хто мае ўплыў на грамадства, на эліту. Гэта была хутчэй сяўба, чым навяртанне».

У ХVІ ст. узнікла легенда, якая стала настолькі папулярнаю, што сёння многія лічаць, быццам у ёй ёсць доля праўды. У 1240 г. на Кіеў напалі татары. Св. Яцак тады адпраўляў Імшу. Даведаўшыся пра тое, што адбываецца, ён схапіў манстранцыю з Гостыяй і хацеў выбегчы, але раптам пачуў: «Яцаку, Майго Сына ўзяў, а Мяне пакінеш?» Законнік вярнуўся па каменную фігурку Божай Маці, потым уцёк з горада, пераправіўся цераз Днепр і бяспечна дабраўся да Галіцыі.

Маляўнічая гісторыя знайшла шматлікія іконаграфічныя ўвасабленні. Яцка пачалі ўшаноўваць як абаронцу Марыі. Але цікава тое, што ў 1240 г. дамініканцаў у Кіеве ўжо не было, а горад ляжыць на правым беразе Дняпра — значыць, не было патрэбы перапраўляцца цераз раку. Такім чынам, паданне павінна было ўзнікнуць у месцы, аддаленым ад рускіх земляў, дзе не ведалі той тапаграфіі.

І можна было б палічыць гэтую гісторыю выдумкай, калі б у скарбніцы кракаўскіх дамініканцаў не знаходзілася таямнічая фігура. «Гэта каменная скульптура паходзіць з Галіцыі, — гаворыць а. Галушка. — Першакрыніцы сведчаць, што яе ўжо ў ХV ст. ушаноўвалі як фігуру, якую ўратаваў Яцак».

 
На капе цераз Віслу

Яцак выехаў з Кіева, напэўна, ужо ў 1232 годзе. Лектар Станіслаў запісаў, што ён замарудзіў з вяртаннем у Кракаў і па дарозе наведаў Гданьск. Гісторыкі ўпэўненыя, што ў той час св. Яцак выконваў місію ў Прусіі, сярод паганцаў. Пра яе разгортванне захавалася толькі чарговая легенда.

У ваколіцах Вышгарада Мазавецкага Яцак з таварышамі збіраўся пераправіцца цераз віслянскі брод. Аднак рака паднялася. Законнік прачытаў малітву, зрабіў над вадою знак крыжа і «сухою хадою пачаў ісці па хвалях. Браты, аднак, не адважыліся ісці ўслед за ім. Тады ён, адварочваючыся да іх, зняў капу і, разаслаўшы яе на хвалі, сказаў ім: Няхай гэта, найдаражэйшыя браты, будзе мостам (...), праз які ў імя Езуса пяройдзем. І перайшлі, а ён кіраваў капаю».

«Яцак упісаўся ў дамініканскую традыцыю плавання на капах, — усміхаецца а. Галушка. — Я чытаў, прынамсі, пра адзін такі выпадак, пра Раймунда Пеньяфорцкага, нашага вялікага юрыста».

У 1240 г. Яцак, знясілены актыўным жыццём, вярнуўся ў кляштар Найсвяцейшай Тройцы і застаўся там да смерці. Праўдападобна тое, што браты даручылі яму пасаду капітулавага прапаведніка, і ў гэтай якасці ён дапамагаў кіраваць польскаю правінцыяй ордэна. З гэтага перыяду паходзяць паданні пра чарговыя цуды: Яцак выслухаў просьбу сялянаў і ўратаваў іх збожжа ад граду, а таксама ўваскрасіў тапельца.

У 1257 г. надышоў канец зямнога жыцця першага польскага дамініканца. «Яцак занядужаў у дзень св. Дамініка, 8 жніўня, — расказвае а. Галушка. — Праз некалькі дзён, на Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі, ён прыняў сакрамэнты, паклікаў братоў і сказаў ім: «Любіце адзін аднаго ўзаемна, будзьце пакорлівыя, а вашым адзіным багаццем няхай будзе ўбоства». Потым пачаў чытаць псальм і каля трэцяй гадзіны дня памёр.

У тую хвіліну дзве асобы перажылі цудоўнае бачанне: у вавельскай катэдры біскуп Прандота (таксама з роду Адрованжаў) убачыў законніка ў белым убранні, благаславёная Браніслава ж, пазіраючы з муроў звяжынецкага кляштара нарбертанак, убачыла над дахам Найсвяцейшай Тройцы Яцка, якога праводзіла на неба Божая Маці.

 
Як пісаў у 1947 г. а. Яцак Варанецкі, перад гісторыкам не стаіць задача абмяркоўваць паданні пра цуды, а перад хрысціянінам — верыць у іх. У выпадку св. Яцка іх вядомасць тлумачыць важныя элементы яго пабожнасці: глыбокае набажэнства да Божай Маці і даручэнне свайго жыцця Богу ў малітве. «З Яцкам адбываецца прыблізна так, як з Марыяй: няшмат пра яго вядома, — гаворыць а. Галушка. — Ён быў Яе паслядоўнікам. Ціхі, някідкі, але дзейны».

«Tygodnik powszechny», № 24 за 2007 г.
Пераклад з польскай мовы Ганны Серэхан.

Гл. таксама:
:: УСІМ НАШЧАДКАМ ::
:: ПРА ЖЫЦЦЁ І ПОДЗВІГІ СВЯТОГА ГІЯЦЫНТА ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY